Прырода верная заўсёды

ЛЕС

Стаміўся ад чытання зрок

Ці дакучае адзінота,

Іду ў суседні свой лясок,

Хоць і асенні, без лістоты.

Лес густалісты свой убор

Як дар, рассыпаў мне пад ногі.

Ды ён жыве, ён не памёр,

Хоць сумны больш і больш убогі.

Ён больш загадкавы цяпер,

І больш маўклівы, задуменны,

Табе, лес, поўны мой давер,

Люблю твой выгляд летуценны.

Такой цішы няма нідзе,

І прыгажосці, асалоды.

Прырода нас не падвядзе,

Прырода верная заўсёды.

У ЛЕСЕ, НІБЫ Ў ГРАМАДЗЕ ЛЮДСКОЙ

Дрэвы — як людзі,

такія розныя.

Рыгор Барадулін

У лесе, нібы ў грамадзе людской,

Так розняцца паміж сабою дрэвы.

Тут існуе лад і парадак свой,

Тут дабрыня, тут і праявы гневу.

У лесе, нібы ў гарамадзе людской,

Дуб-волат падпірае кронай неба,

А пад яго агромністай страхой

Яшчэ малыя дрэўцы корміць глеба.

У лесе, нібы ў грамадзе людской,

Бярозкі скрозь, як стройныя паненкі,

Красуюцца з расплеценай касой

І вабяць белай шлюбнаю сукенкай.

У лесе, нібы ў грамадзе людской,

Асвенцімаў тут многа і Майданкаў,

Відаць тут крэматорыяў разбой,

Дрэў абгарэлых скрозь тырчаць астанкі.

У лесе, нібы ў грамадзе людской,

Не толькі бурамоліць скрозь вятрыска.

Шмат дрэваў акалечаных вайной,

Яны стаяць вакол, як абеліскі.

У лесе, нібы ў грамадзе людской,

Народзяцца, растуць, пасля канаюць.

Магчыма, толькі з розніцай адной —

Тут, стоячы, заўсёды паміраюць.

ВОСЕНЬ, ВОСЕНЬ

Іду далінаю між гор,

Праз маляўнічы лес густы.

Пад ногі сцеле мне віхор

Агніста-жоўтыя лісты.

І цешыць вока прыгажосць,

І незвычайны каларыт.

Ды вось і суму першы госць —

Лісты збіраюцца ў нябыт.

У тоўстай засені снягоў

Задрэмлюць дрэвы да вясны.

І будуць безупынна зноў

Сніць аб лістоце новай сны.

Шкада, шкада мне вас, лісты.

Збярог бы вас, каб толькі мог...

Не сыпцеся, як дождж густы,

Не трэба лашчыцца да ног.

НАШ ЛЕС

У лясных дрымучых нетрах

Столькі ўцехі і красы!

Зранку чыстае паветра

Поўняць птушак галасы.

Паміж меднастволых соснаў

Разаслаўся дываном

Каляровы свет дзівосны,

З рознай ягадай, грыбом.

Тут каханая жанчына

У кустах брыдзе густых

І збірае мне маліны,

Жмені поўняцца штоміг.

Быццам сэрца на далоні,

Мне нясе барвовы дар.

Я наблізіўся сягоння

Да здзяйснення лепшых мар!

СВЯТЫНЯ НАША І БАГАЦЦЕ

З палёгкаю ў лясныя нетры

Мы едзем з душных гарадоў

Да яшчэ чыстага паветра,

Што з пахам ягад і грыбоў.

Ды гэты ж лес сячэм на дровы,

Паперу, мэблю і дамы.

А потым пра лясоў ахову

Друкуем тоўстыя тамы.

Лес, пішам, — нашае багацце,

Святыня наша, прыгажосць,

Ды неразумна лес той трацім,

Сячэм, нібы сабе на злосць.

Нат і ў апошнюю хвіліну,

На грані вечнага ўжо сну,

Ссякаюць нам на дамавіну

Найпрыгажэйшую сасну.

БЯРОЗА І САЛДАТ

У баі бязлітасным граната

Пяд бярозай раніла салдата.

Кроў яго, што пульсавала ў вене,

Увабрала спакваля карэнне.

А з галін параненай бярозы

Пацяклі на твар салдата слёзы.

Наталілі нечакана смагу

З ціхаю надзеяй за адвагу.

БУСЛЫ

Дзе буслы водзяцца,

гром не ўдарыць.

(Народная пагаворка)

Жыццё мяняецца няспынна,

Не верыць прыказцы народ.

На клуні, у гняздзе бусліным

Паставілі громаадвод.

І правялі балот асушку,

Як быццам бы буслам на здзек.

З бусламі жабы-весялушкі

Свой аджылі кароткі век.

Стаяць буслы ў нямой журбоце,

Цяжкія змены ў іх жыцці:

Хоць вешайся на громадроце

Ці ў вырай назусім ляці.

ГЕВАНТ

Ля Геванту жыву я,

Ля Геванта зімую,

І ён мяне заўсёды так палоніць.

І мне здаецца, быццам

Спіць невядомы рыцар

На неба затуманенага фоне.

Штодзень брыду няспынна

Я Белага далінай,

Спыняю крок ля самага падножжа.

Ці на ўхваход ёсць шанцы?

Зіма лядовы панцыр

Накінула на рыцара-вяльможу.

Аднак ізноў вясною,

На рыцара без зброі

Накінуцца нахабныя турысты.

Патопчуць беспардонна,

І ён, безабаронны,

Пад крыжам шэптам скажа:

Jezu Chryste.

НА ГДАНЬСКІМ УЗБЯРЭЖЖЫ

Мяне на Гданьскае ўзбярэжжа

Міхась, мой верны друг, прывёз.

Пляж задрамаў пад снегам свежым,

На ім іскрыцца ўжо мароз.

Няма на моры зыбкай хвалі,

Як люстра вадзяны прасцяг.

Маячыць цьмяна судна ў далі,

Што выплывае ў водны шлях.

А лебедзі, як снег той белы,

Агромністаю чарадой

Стаяць маўкліва, анямела,

Над мора зімняга вадой.

Спакойныя яны надзіва

І не ўзрушаюцца нічым,

Чакаюць на сваю спажыву,

Што людзі прынясуць мо ім.

Ныраюць лебедзі за нечым,

Сцякае з іх вады струмень,

І не баяцца халадэчы,

Нібыта ззяе летні дзень.

Настрой тут радасна-прыўзняты,

Хоць я хвілінны толькі госць.

Не маем фотаапарата

Увекавечыць прыгажосць.

НОЧ НАД МОРАМ

Выплыў з вадзяной прасторы

Жоўты месяц залацісты.

Выкупаўся ў цёплым моры,

Вось і стаў крыштальна чысты.

І завіснуў у паветры

Быццам лямпа Аладзіна.

Заглядае ў мора, светлы,

І цікаўны, як жанчына.

Заблішчэлі зор каралі,

Астывае пляж да ранку,

І ціхутка мора хвалі

Зашумелі калыханку.

Засынае ўсё навокал

У начной марской старонцы.

Толькі месяц адзінокі

Выглядае ў небе сонца.

НА ПЛЯЖЫ

На сагрэтым сонцам пляжы,

Ля бурлівых хваляў мора

Людзі ўцешна целы смажаць

Перад воднаю прасторай.

Аб адным яны тут мараць

І клапоцяцца заўзята:

Каб з карычневым загарам

Да сваёй вярнуцца хаты.

Праліваюць моры поту,

Цела вымучаць да стомы,

Каб з задавальненнем потым

Зайздрасць выклікаць знаёмых.

І таму ляжаць упокат

На пясочку жоўтым целы.

Пільна сочыць сонца вока,

Каб ніхто не быў тут белы.

КРАСУЕ ЛЕС МОЙ ЗАЛАТЫ

Красуе лес мой залаты,

Нібыта ў казцы я, здалося.

Пад ногі сцелюцца лісты,

Калі іх пафарбуе восень.

Яна ідзе на мой парог

І астаецца дамаседам.

Больш у жыцці маім дарог —

За мною восень крочыць следам.

Мяне ўжо з восенню, відаць,

Ніхто ў жыцці не раз’яднае.

Калі мне з ёю сябраваць —

Заўжды хай будзе залатая.

ЛЕТНІ РАНАК

Парвалася покрыва ночы,

І вёска сустрэла світанне.

Прамыўшы расой свае вочы,

На сонейку грэецца раннім.

Бяроза расчэсвае косы

Грабеньчыкам хісткага плоту.

Стары журавель з доўгім носам

Стаіць і чакае спякоту.

Над хатай, раскінуўшы рукі,

Спакойна стаіць вяз-старэча.

Плыве па вясковым бруку

Мора кароў і авечак.

У хатах жанчыны-даяркі

Надой ужо цэдзяць багаты.

Дымяць каміны, як цыгаркі,

Што кураць вясковыя хаты.

СТАРЫ САД

З бацькам мы дрэўцы садзілі

Амаль паўстагоддзя назад.

Гады адплылі, быццам хвілі,

І вось пастарэў ужо брат.

Калі я заглянуў з дарогі

Сюды, даўні тут гаспадар,

Мне яблык з галіны пад ногі

Упаў, як удзячнасці дар.

Каторы ўжо год спеліць восень

Духмяныя ў садзе плады...

Пад кронамі дрэў мне здалося,

Што я тут ізноў малады.

Бацькоў смерць забрала руплівых,

Няўзнак пастарэў і мой брат.

І з пошумам нейкім тужлівым

Спакойна ўмірае наш сад.

ПАЛЯВАЯ ГРУША

Калісь, на бацькавых загонах,

Каля дарогі невялічкай,

Расла з разложыстаю кронай

Ігруша палявая, дзічка.

Яна абдорвала гасцінна

Усіх салодкімі пладамі,

А іх у вёсцы беспрычынна

Сяляне звалі шведаўкамі.

З сям’ёю бацька мой, Мікіта,

Шукаў пад грушай ахалоды,

Калі сярпамі жалі жыта

У спёку летнюю заўсёды.

Дупло ігрушы стогадовай

Ва ўсіх цікавасць выклікала,

Грамадка пастушкоў вясковых

Там вогнішча сваё расклала.

Стаяла восеньская суша.

Таму з агромністаю кронай,

Са спелымі пладамі груша

Шугала полымем чырвоным.

А неўзабаве груша тая

Ужо дымела вугалькамі.

Ды ў снах маіх яна вітае

Мяне з пладамі шведаўкамі.

ГОРЫ, ГОРЫ

Горы, горы,

прадкажыце,

што там

на маёй арбіце?

Што рыхтуюць

мне нябёсы?

І што суджана

мне лёсам?

Што жыццё

мне абяцае?

Можа, славу

прадракае?

Мо, пасля

майго сканання,

нат не будзе

ўспамінанняў?

Ды стаяць

маўкліва горы.

Гора, гора...

ЯДНАННЕ З ПРЫРОДАЙ

У старэнькай калысцы

З надмагільных карэнняў

Вырастала калісьці

Не адно пакаленне.

Пакаленні ўміралі,

Хто старым, а хто юным,

З праху іх вырасталі

Зноў калыскі і труны.

МАЯ ТЫ ВОСЕНЬ, НЕ СПЯШЫ

Прайшла вясна, мінула лета.

Мая ты восень, не спяшы!

Яшчэ ж і песня не дапета,

Яшчэ вясна ў маёй душы.

Я ж у гарэнні, не ў знямозе,

Яшчэ ў мяне юначы ўздым.

Я ўсё знаходжуся ў дарозе,

Я ўсё нястомны пілігрым.

Усё яшчэ збіраю вопыт

І пазнаю шырокі свет.

На рубяжах старой Еўропы

Хачу пакінуць сціплы след.

Зашмат зрабіць мне не ўдалося.

Яшчэ ж не выгарэў да дна!

Дык не спяшы, мая ты восень,

Калі ў душы маёй вясна!

Загрузка...