Як толькі ехаў цягніком дахаты,
Знаёмых сустракаў я пастаянна.
І саступалі месца мне дзяўчаты,
Што ставіліся да мяне з пашанай.
Я адмаўляўся найчасцей, дарэчы,
Як малады яшчэ ў той час мужчына.
І з вершамі я ездзіў на сустрэчы,
Дзе з маладымі сустракаўся чынна.
На жаль, не стаў паэтам я славутым,
Хоць на зыходзе век мой чалавечы.
Мне ў цягніках, аўтобусах маршрутных
Даюць дзяўчаты месца, як старэчы.
Вясне жыцця
Не ведаюць аб гэтым нашы дзеці:
Яны найбольш шчаслівыя на свеце.
У іх вясна заўсёды маладая,
Здаецца, ёй канца не будзе, краю.
Не ведаюць, калі ім бестурботна,
Што іх дзяцінства пройдзе беззваротна.
Ім прыйдзецца даведацца пра гэта,
Калі вясну ў жыцці заменіць лета.
І скажуць: як прыгожа нам жылося, —
Калі ў жыці іх загасцюе восень.
Колькі ж салёнага поту
За цяжкай у полі работай
Бацькам праліць было трэба,
Каб вырасціць бохан хлеба!
Таму мо і чэрствая луста,
Як соллю пасыплеш густа,
Халоднай пальеш вадою,
Здавалася смачнай такою.
Бабулька ляжыць на мурогу,
Да зямлі прытуліўшыся вухам.
На твары няпэўнасць, трывога.
Намагаецца быццам паслухаць,
Што чуваць пад ёю, глыбока,
У бяздонні зямелькі айчыннай,
Куды ў часе ўжо недалёкім
Адысці назаўсёды павінна.
Заблытанае нашае жыццё,
Дойдзем аднак жа да сваёй мы мэты.
І расплывемся ўсе ў небыццё,
Пакуль пазнаем нашу планету.
Таму я ў дваццаць першы век
Перасылаю просьбу-таямніцу:
Каб мог у сваім вершы чалавек
З прасторы вечнай апісаць зямліцу.
Як час наш уцякае скора...
Дажджлівым і халодным днём
Мяне старэнькі бацька з Мора
Вёз на цягнік старым канём.
Змяняе вёска свой характар.
Змяняецца сялянства лёс.
Брат пасадзіў мяне на трактар
І на паўстанак ім адвёз.
Раптоўна адышоў паэт
Туды, адкуль няма звароту.
І пасмутнеў раптоўна свет,
І пачаліся тут турботы.
Калі паэт — у небыцці,
Жывых кранула на хвілінку:
Не ацанілі пры жыцці
Такую здольную адзінку.
Мясцовы актывіст з улад
Пачаў тут дамагацца цвёрда,
Каб хутка вынесці загад:
Паэту прыдзяліць крыж-ордэн.
Ці ёсць тут, можа, сэнс? Які ж?
Што нешта ўсё-такі зрабілі?
Памёрламу паэту крыж
Сям’я паставіць на магіле.
Як вогнішча ўначы жыццё людское:
Спачатку цепліцца іскрынкай кволай.
Агеньчык доўга поўзае змяёю —
І полымем успыхвае вясёлым.
Яно гарыць сабе спакойна потым,
І прытухае на вачах лагодна,
Патлее так, скаванае лянотай,
І попелам становіцца халодным.
Аж кружыцца галава,
Пульсуе мацней кроў у венах:
Так пахне, так пахне трава,
Калі становіца сенам.
Аж блякне нябёс сінява,
Што ціша навокал такая:
Ціхутка, ціхутка трава
На скошаным лузе ўмірае.
Калі ўсё жыццё перамолата,
Калі ўсе хвіліны растрачаны
Ты часу не купіш за золата,
Не атрымаеш у спадчыну.
Жыццё на зямлі ў нас адзінае,
Жыць трэба разумна, напружана.
Увогуле, кожнай хвілінаю
Больш даражыць, чым жамчужынай.
Калі ж у наш гасцінны дом
Нам госця прывядуць багі —
Ён любы нам, як весні гром, —
І залаты, і дарагі.
Як толькі пару дзён міне,
Не залатых, папраўдзе, дзён, —
Наш госць паменшае ў цане,
Раптоўна срэбрам стане ён.
А запаволіць бег свой час —
З трывогай лічым мы дзянькі:
Калі ж пакіне, ўрэшце, нас
Госць, як жалеза, нам цяжкі?
У хатах з бярвенняў
Лясных, смаляных
Жылі пакаленні
Ў стагоддзях былых.
А ў век наш дваццаты
Спяшаемся мы
З драўлянае хаты —
У гмахі-дамы.
І птушка з балкона
Глядзіць, як на здзек:
У клетцы з бетону
Жыве чалавек.
Мне птушка помніцца на плоце,
Што мела жоўценькі жывоцік.
А я, гарэзлівы хлапчына,
У тую птушку кіем кінуў.
Я думаў: толькі напужаю —
Яна ж упала, нежывая...
І доўга мёртвую ўжо птушку
Я на сваёй далоні гушкаў,
Нябогу лашчыў я рукою
І паліваў яе вадою...
На жаль, усе мае турботы
Не ажывілі птушкі з плоту.
Прыемна мне, што ў родным асяроддзі
Пасля гадоў я апынуўся зноў,
На скрыжаванні двух тысячагоддзяў,
На скрыжаванні дваццаці вякоў.
І хоць мяне запаланіў зноў горад,
Аднак жа гэта — родны Беласток.
Адтуль рукой падаць у вёску Мора,
Што, як агеньчык, свеціць мне здалёк.
Знаходжуся я ў вёсцы частым госцем,
Раней бываў з нагоды нейкіх свят.
Бацькі ўжо спяць сном вечным на пагосце,
Свой дажываюць век сястра і брат.
А іх даўно дарослыя ўжо дзеці,
Пасля сканчэння усялякіх школ,
Лятаюць птушкамі па свеце,
Як моладзь з іншых беларускіх сёл.
На двух тысячагоддзяў скрыжаванні,
На скрыжаванні дваццаці вякоў,
З найлепшым і сардэчным пажаданнем
Звяртаюся да родных землякоў.
Ужо мне семдзесят мінула,
Табе, дачышка, толькі восем.
У твар табе вясна зірнула,
А у мяне ўжо толькі восень.
Я перажыў, дачушка, многа,
Узлётаў шмат было, упадкаў.
Я — пры канцы жыцця дарогі,
Ты — толькі у яе пачатку.
Перад табою шлях навукі,
Даволі доўгі і складаны.
Патрэбны розум твой і рукі,
І вытрыманасць, і адданасць.
У творчым будзь заўсёды ўздыме
І здабывай упарта веды.
Жыві ў карысць сваёй радзіме,
На радасць свайму бацьку Шведу.
Нам часам робяць юбілеі
І лічаць нашыя гады,
А юбіляр жыве надзеяй,
Што ўсё яшчэ ён малады.
Што ў творчым ён яшчэ гарэнні,
Што ў сэрцы весні неспакой,
Як дрэва, запусціў карэнне
І лісце апрануў вясной.
Што не вядзе яшчэ падлікаў
Здзяйсненняў пройдзеных гадоў,
І хто б куды яго ні клікаў,
Ідзе, пакуль не стыне кроў.
Хоць лічаць нам у юбілеі
Гады, што мчаць у небыццё,
Мы не старэем, мы сталеем,
І ўдасканальваем жыццё.
Калі жыцця сумую шлях
У сваю восень, на змярканні,
На яве мару я і ў снах,
Каб споўніліся пажаданні.
Каб я, сівенькі галубок,
Пісаць не адвучыўся вершаў
І каб паставіў яшчэ крок
У век наступны — дваццаць першы.
Каб надыходзячы той век
Шчаслівы быў і быў спакойны,
Каб больш ніколі чалавек
Не знаў галечы, гвалту, войнаў.
Каб сцвердзіў ён, што Віктар Швед
На гэтым свеце жыў нядарам:
Людзям пакінуў сціплы след
У сваіх вершах з сэрца жарам.
Ад шумлівай маёй Белавежы,
Ад хаціны сасновай бацькоў
Шмат прайшоў у жыцці сваім сцежак,
І гатовы ў дарогу ізноў.
На складаных людскіх каляінах
Я шукаў цеплыні, дабраты,
І знайшоў іх у родных мясцінах,
І таму гэты кут мне святы.
А калі мае стомяцца ногі,
Я згару ад жыццёвых трывог,
Хай апошняя сцежка-дарога
Прывядзе на бацькоўскі парог.
У маіх вершах — сэрца насцеж,
Праўдзівасць пройдзенага, дум,
У маіх вершах — маё шчасце
І ў перамежку боль і сум.
У маіх вершах — мае слёзы,
Ад шчасця, ад трывог, бяды.
Бо і на возе, і пад возам
Мае імчаліся гады.
Бурліць у вершах безупынна
Мая гарачая любоў
І да народа, да айчыны,
І да бацькоў, і да сяброў.
У мае вершы пераліта
Як кроў у вены, пачуццё,
Усё, што мною перажыта, —
Усё-усё маё жыццё.