Дзедаўская хата
Поўна экспанатаў.
З карэнняў калыска,
Гліняная міска,
Драўляная лыжка,
Двайная гладышка,
Святыя іконы,
Круглы серп зублёны,
Вялікія кросны,
Кадаўбец дзівосны,
Каменныя жорны,
Дзяжа на хлеб чорны,
Стары калаўротак,
Са сноўніцай мотак,
Гладкая качалка,
Крэсіва-запалка...
У нябыце хата
І ўсе экспанаты.
Арнаментальны вышываны ўзор
Заўсёды бытаваў у нашай хаце.
Шэдэўры рук умелых і фальклор —
Народа шматвяковае багацце.
А сёння атрыбуты даўніны
З сяліб вясковых выціскае горад.
Са сцен ручнік спаўзае ільняны
І песні заглушае гул матораў.
Воз, трактар, матацыкл, веласіпед,
І нават бот гумовы селяніна
Штодзённа дзіўны пакідаюць след
На ўсіх дарогах, сцежках, каляінах.
Вандрую я сярод палёў, лугоў,
І ўсюды бачу мноства ўзораў свежых.
Арнаменты сыходзяць з ручнікоў
На пасмы палявых дарог і сцежак.
Агулькі, агулькі,
Народныя песні.
Спявалі бабулькі
Іх з подыхам веснім.
Красуні-дзяўчаты
Цудоўна спявалі
На лаўках ля хаты,
Бывала, сядалі,
І песні-вяснянкі
Ліліся па вёсках,
Да самага ранку
Плылі адгалоскі.
А дзе ж вы, агулькі,
Дзе песні-вяснянкі?
Памерлі бабулькі,
Старыя сялянкі.
Бабулькамі сталі
Пявуні-дзяўчаты
І ўжо задрамалі
Ля печак у хатах.
Дзе моладзь вясковая
З голасам звонкім?
Яна песні ловіць
Сучасныя з плёнкі.
Не хоча фальклору,
Народнае песні,
Яе не паўторыць
Ужо на прадвесні.
І будзе такое:
Адыдуць бабулькі,
І возьмуць з сабою
Навечна агулькі.
Памяці бабулі
Калі прыйшло дахаты ліха,
Хвароба кінула у ложак,
Тады, вядома, Малешыха
У кожным выпадку паможа.
І памяць добра захавала
Шмат успамінаў хлапчуковых:
Як нада мной яна шаптала
Свае дзівосныя замовы.
Замоваў тых было без ліку:
І ад спалохаў, і ад ранаў.
Найбольш дык ад хвароб шматлікіх,
Хварэлі людзі пастаянна.
А як бабулю, несумненна,
Усе цаніць яе павінны.
Не аднаму тут пакаленню
Яна вязала пупавіны.
Бабулі нашае не стала.
З сабой забрала ўсе замовы.
Цяпер у хаце родзяць мала,
Замовы ў нас — пустыя словы.
Змяніўся побыт наш вясковы,
І ў новым свеце мы адчулі:
Былі патрэбны і замовы,
Былі патрэбны і бабулі.
Ганчары прыехалі, ганчары!
І так стала весела на двары.
— Гладышы купляйце ды збанкі...
І бягуць за возам хлапчукі.
А які ў збаноў пузатых звон!
Вабіць да сябе вяскоўцаў ён.
Колькі іх, збаноў і гладышоў,
Панясуць жанкі сабе дамоў!
І пад спраўнай матчынай рукой
Зацурчыць у посуд сырадой.
Колькі ж выклікаў дзіцячых мар
З гладышамі звонкімі ганчар!
Паўзе ў глухі горад ноч чорнаю кошкай,
У зрэнках свіціцца агонь.
Рамізнік стары дрэмле ў вулцы на дрожках,
І дрэмле рамізніцкі конь.
Так мроіца ім: пасажыраў хоць трошкі
І грошыкаў трошкі ў далонь.
Чакае рамізнік, чакаюць і дрожкі,
Чакае рамізніцкі конь.
А побач машыны снуюць, нібы мошкі,
І звоняць трамваі: дзынь-дзонь.
Сумуе рамізнік, сумуюць і дрожкі,
Сумуе рамізніцкі конь.
Дадому? І конь не спяшае ні трошкі,
На козлах дзядуля Лявонь.
Апошні рамізнік, апошнія дрожкі,
Апошні рамізніцкі конь.
За вёскай, у полі, на ўзгорку,
Дзе ўецца гасцінец-бальшак,
Аб долі задумаўся горкай
Стары, спарахнелы вятрак.
„Найбольш адзінокі на свеце,
Аджыў, як відаць, я свой век.
З мяне насміхаецца вецер,
Пакінуў мяне чалавек.
Не рвуцца ў палёт мае крылы,
Іх шуму мне больш не пачуць.
Не хопіць, напэўна, мне сілы,
Каб жорны хоць з месца крануць”.
У латах шэрыя шатры
На доўгіх вазах драбінястых,
І начныя на лузе кастры
Мне ўспамінаюцца часта.
І песні пад бух-барабан,
Ды сумныя гукі гітары,
Спяваў барадаты цыган,
З асветленым полымем тварам.
І тыя, з дзяцьмі на руках,
У дзіўным адзенні цыганкі,
Якія па картах і снах
Прадказвалі шчасце сялянкам.
Ад’ехала ўсё іх дабро,
І гора, і дзетак слёзы,
І тое пустое вядро,
Што гайдалася пад возам.
Мы не паходзілі з вяльмож,
Аб іх не снілі ў снах.
Хадзілі летам басанож,
Зімою — ў пасталах.
Стары, бывала, і малы
Вясковы ўвесь народ,
Абуты быў у пасталы,
Насіў іх з года ў год.
З абуткам клопат быў, машын
Няшмат тады было,
Як і старых гумовых шын
Для нашых пасталоў.
Усё ж не шанаваў той час
Абутку нашых сёл.
Была нат пагаворка ў нас:
Дурны ты, як пастол.
Пад новы плён араў загон
Мой працавіты тата.
У глебу ён пасеяў лён,
Бліскучыя зярняты.
І рос лянок, рос даўгунок,
Матуля даглядала,
Як васілёк, цвіў, песціў зрок,
Даспельваўся памалу.
Рвалі лянок, а вецярок
Дбала прасушваў жмені.
Клалі ў вазок, звязлі на ток,
Прачом стаўклі насенне.
Пазней лянок плыў у ставок,
Каб мокнуць у вадзіцы.
Там доўга мок, і на лужок
Зноў выплываў сушыцца.
Чарэн прыпёк — стагнаў лянок
У церніцы зубастай.
Наступны крок — на кадлубок —
Трапачкай білі часта.
Прадзе, прадзе з кудзелі ніць
Раўнюткую матуя.
Крутая ніць з рукі бяжыць
На калаўротка шпулю.
Снуе, снуе матуля ніць
На сноўніцы крылатай.
А сноўніца скрыпіць, рыпіць
І крыжыць з ёю хата.
Туды-назад, туды-назад
Рука імчыць чаўночак.
Матуля кужаль тчэ, варштат
Туркоча ўдзень і ўночы.
На луг са мной ішла вясной
Бяліць палотны мама.
Я па дарожцы ільняной
Бег босымі нагамі.
Каторы год ужо мінуў...
Пасля мая матуля
З калісьці вытканага льну
Даношвала кашулі.
Малаткі на бабках,
Як буслы клякочуць,
І плыве па вёсцы
Звон сталёвых кос.
І з расой выходзяць
На сыходзе ночы
На лугі сяляне —
Будзе сенакос!
У руках жылістых
Засвісталі косы,
Вострыя, як брытвы,
Голяць твар лугоў.
Лёг дыван квяцісты
Роўненька ў пракосах;
Млеюць, млеюць травы
Па слядах касцоў.
Выпесціла сонца
Безліч сцяблін кволых
І сухое сена
Пахне быццам мёд.
Едзе на калёсах
Лепшы скарб жывёлы.
Водар паху ў клуні
Будзе цэлы год.