Спаўняю запавет матулі

РОЗДУМ

Пражыла мама век свой у Моры,

Ды марскіх не ўбачыла хваль.

Пражыла ўсё жыццё мама ў горы,

Гор не ўбачыла мама, на жаль.

Дарагая і крэўная вёска

І хаціны, што збіліся ў рад,

А за імі лугі і палоскі —

Гэта мамін увесь кругагляд.

А калі я матулю наведаў

І на выезд даў нейкі намёк,

Адказала: — Куды я паеду?

Лепей сам ты паездзі, сынок.

Сёння я ўжо вандрую няспынна,

Імкнучыся пазнаць гэты свет.

І выконваю, нібы павіннасць,

Я матулі сваёй запавет.

НІКОЛІ Ў ГЭТА Б НЕ ПАВЕРЫЎ

Калі б мне нехта ў маладосці

Сказаў, што я, вясковы хлопец,

У вёсцы буду толькі госцем,

Што буду ездзіць па Еўропе,

Што ў горадзе я апынуся,

Пакіну вёску, мабыць, першы,

Што землякам я, беларусам,

Чытаць усюды буду вершы,

Што буду мець дыпломы вузаў,

І працу слаўную ў краіне,

Што мне мая ўлюбёнка муза

Ужо не здрадзіць, як жанчына,

Што будзе жыць яна са мною

У стольным горадзе ў кватэры —

І сам, прызнацца, у такое

Раней ніколі б не паверыў.

МАРЫ

Калі я пасвіў ля чыгункі

Кароў маленькім хлапчуком,

Дык не было мне паратунку:

Пад’ехаць марыў цягніком.

І мара гэтая збылася:

Жыць нельга ўжо без цягнікоў.

Аб’ехаць змог у хуткім часе

Шмат і краін, і гарадоў.

Па моры плаваў я „Баторым”,

Вазіў мяне балтыйскі флот.

Мяне ў паднебную прастору

Не раз выносіў самалёт.

Яшчэ жыву я марай гэтай:

Пасля маіх зямных дарог,

Каб хоць адзін разок з ракеты

Зірнуць на шар зямны я мог.

ПРАЦОЎНАЯ МАСКВА

Штодзень я раніцай па звычцы

Бягу на станцыю метро.

Як паласос тут электрычка:

Усіх усмоктвае ў нутро.

І з-пад зямлі няспынна потым

Плыве людскі жывы паток,

Усе спяшаюць на работу,

Ва ўсіх нервовы спешны крок.

Работа скончыцца — няспынна

Людскі паток плыве ізноў

Да прадуктовых магазінаў,

Адтуль з пакупкамі — дамоў.

І так наўкола, так штодзённа,

Так безупынна з года ў год

Плыве ракою шматмільённай

Масквы працоўнае народ.

ЛЯ ПОМНІКА МІЦКЕВІЧУ

Стаіць у Бургасе Міцкевіч,

Ля шумнай паркавай алеі.

Шумяць над ім заўсёды дрэвы,

Праходзяць розныя падзеі.

Тут жыў калісьці, поўны болю,

Аб вызваленні Польшчы марыў,

Жадаў, каб атрымалі волю

І жыхары яго — балгары.

Паэт у памяці народаў

Жыве, натхнёны і вялікі.

Пра гэта сведчаць тут заўсёды

Бела-чырвоныя гваздзікі.

БАЛАТОН

Венгерскае мора —

Слаўны Балатон.

Адпачынак дорыць

Тут турыстам ён.

Паўднёвае сонца

Песціць цеплынёй,

Бронзавіць бясконца

Целы над вадой.

Што дапамагае

Зразумець мадз’яр?

Дабрыня, якая

Асвятляе твар.

І таму турыстаў

З чатырох старон

Сонечны і чысты

Вабіць Балатон.

ЛЯ ПОМНІКА ШАЎЧЭНКУ

У сонечнай сталіцы свайго краю

Стаіш ты, як жывы сярод жывых.

І, быццам бы з жывым, я размаўляю

З табою, геній, сейбіт мар людскіх.

У задуменні ты стаіш і чуеш,

Як новае жыццё бурліць кругом,

Як пад табою сіні Днепр бушуе,

Як твае песні льюцца над Дняпром.

Спакойны будзь, праходзяць хай стагоддзі,

Не выстудзяць яны змаганняў жар.

Як у сваім, так і ў маім народзе

Жывым ты застанешся, наш кабзар!

ДВА МОРЫ

Два моры даў ласкавы лёс, два моры,

І з імі я зрадніўся назаўсёды.

Калі не бачу іх, ды проста хворы,

Прыстанішча яны мне, асалода.

Зялёнае ты Мора маладосці,

Што ў засені садоў стаіш духмяных.

Хоць я цяпер тут толькі рэдкім госцем,

Жывеш ты ў маім сэрцы пастаянна.

Гасціннае балгарскае ўзбярэжжа,

Прастора неабдымная, натхненне.

Які ж прывабны мора подых свежы,

Як прыгажосці многа ў хвалях з пенай!

Калі на Чорным моры сваю стому

Губляю я па працы і турботах,

Дзяцінства Мора мроіцца, вядома,

Туды імкнуся думкамі з ахвотай.

А на Бургаскай вуліцы ў Варшаве

Я мару аб бургаскім узбярэжжы,

Аб Чорным моры, цёплым і ласкавым,

І аб тым Моры, што пад Белавежай.

МЯНЕ ПАКЛІКАЛА ДАРОГА

Мяне паклікала дарога,

Хоць і не тыя сталі крокі.

Ды ад бацькоўскага парога

Я так далёка, так далёка.

Што ж, лёс усюды нас кідае,

Мы то ў цясніне, то на строме,

І тужым мы па родным краі

І па бацькоўскім тужым доме.

Ніяк не можам мы пазбыцца

Тугі і горкай адзіноты.

Начамі нам радзіма сніцца,

Яе жыццё, яе турботы.

Мяняем месцы часта, многа,

Мы пералётныя, як гусі.

Ды да бацькоўскага парога

Я зноў вярнуся, зноў вярнуся.

Загрузка...