40
У суботу і ў нядзелю, як закон, Драгун ішоў у бібліятэку. Гэта былі самыя спорныя яго дні, бо пасля васьмігадзіннага рабочага дня не вельмі што з сябе выціснеш.
— Людзі адпачываюць, гуляюць з дзецьмі, а ты ўсё ў бібліятэку,— гаварыла сярдзіта Вера.
— Адпачываць мне яшчэ рана. Трэба нешта зрабіць, а потым ужо думаць пра адпачынак.
— Ай, ты нешта робіш, а той работы і не відаць...
— Ты хацела, каб адразу, чыстаганам прыносіў? Так выходзіць толькі ў зладзеяў і ў адной катэгорыі... жанчын.
— Перастань... Дык калі цябе чакаць? — пыталася Вера ўжо трохі лагодней.
Драгун выскаляўся:
— Мо сёння, а не — дык заўтра. Але не пазней.
Вера адразу хмурнела, сціналася. Ды што на гэта глядзець? Драгун жа ішоў не гуляць, нешта хоча зрабіць, і мо не толькі для сябе. Вось пачаў новую аповесць, а ўжо калі ён за што браўся, то тады ўсё астатняе для яго прападала. Тут ён меў бацькаў характар: калі бацька што рабіў, то ўвесь уваходзіў у работу і страшэнна злаваў, калі яго адрывалі. Ён нават ні за што ні пра што мог аблаяць матку, калі тая клікала яго палуднаваць ці вячэраць.
Драгун у нядзелю часцей за ўсё вяртаўся дадому ў гадзін пяць вечара ці нават пазней, бо раніцай, покуль тое, покуль гэта — і ўжо адзінаццаць. А покуль яшчэ заехаць. Але затое, увайшоўшы ў азарт, Драгун рабіў за гэты час немалы кавалак работы. Часам з бібліятэкі заходзіў яшчэ ў Дом афіцэраў глядзець кіно, калі была цікавая карціна. Стомлены, але задаволены, што дзень прайшоў добра, вяртаўся дадому. Абедаў і вячэраў зараз, потым садзіўся з меншаю дачкою глядзець тэлевізар. Старэйшая бавілася ўжо сама. Вера ўсё нешта вязала: то шапкі дзецям, то рукавічкі, то світры. А калі не падабаўся фасон, раскідала, пачынала нанава. Была маўклівая, роўная, без ранейшай жывасці і ўсмешкі, без жарту і гульні. А калі Драгун прыходзіў позна, дзеці ўжо спалі, толькі Вера ляжала ў пасцелі з кніжкай. І не было выпадку, каб яна, не дачакаўшыся яго, заснула. Затое як толькі ён заходзіў у спальню, яна клала кніжку на тумбачку, адварочвалася да сцяны і тут жа засынала.
І ніколі яна не папракнула Драгуна за тое, што ён позна прыходзіць дадому. Здаецца, толькі ўсяго адзін раз.
Тады Драгун вярнуўся дадому позна. Дарэчы, Вера ведала, дзе ён. Драгуна запрасіла на імяніны яго ранейшая знаёмая, цяпер ужо даволі вядомая паэтэса Люся Здановіч. Калісьці між імі была ўзаемная, а хутчэй аднабаковая сімпатыя. Драгун хутка пасля таго ажаніўся, а Здановіч жыла незамужняю, з маткай.
Можа, выпадкова, а мо і не, але яна знайшла яго на рабоце і запрасіла зайсці, неяк забыўшы пра яго жонку, а Драгуну было няёмка пра гэта нагадваць. Яна назвала яшчэ некалькіх чалавек, пераважна паэтаў, якія абяцалі прыйсці.
Калі Драгун сказаў Веры, што яго запрасіла на імяніны паэтэса Людміла Здановіч, жонка катэгарычна адрэзала: «Не пойдзеш!» Тады Драгун так жа катэгарычна сказаў: «Пайду!»
І ён такі пайшоў, хутчэй з-за прынцыпу, бо вялікага жадання бачыць Здановіч ён не меў. Купіўшы каробку цукерак, ён паехаў да яе на кватэру. Знарок спазніўся на паўгадзіны, каб не быць першым, але калі падышоў да таго дома (яна жыла на першым паверсе), то праз завешаныя вокны заўважыў, што ніякіх гасцей там не чуваць і не відаць. Ён яшчэ пахадзіў па вуліцы з паўгадзіны, спадзеючыся, што за гэты час нехта ўсё-такі прыйдзе. І рашыў так: калі там будзе многа гасцей, не пойдзе зусім.
Аднак і гэты раз у кватэры стаяла цішыня, не чуваць было ніякіх галасоў, не заўважалася ніякага руху. Драгуну стала шкада жанчын — і не так самую Люсю, як яе матку. Яны тут рыхтаваліся, чакалі гасцей, а тыя мо нават і абяцалі, а вось няма нікога. І ён зайшоў.
Сапраўды, ён быў першы... Яго ўразіла, як узрадаваліся маці і дачка яго прыходу, як ажылі іх твары, як рупна сталі завіхацца ля стала, на якім і так ужо ўсё стаяла гатовае. Ён сядзеў, а яны ўсё нешта перастаўлялі, усё папраўлялі, але Люся была ўвесь час як на іголках: яна ўздрыгвала пры кожным кроку на лесвіцы, чуйна прыслухоўвалася да ўсяго, што робіцца на вуліцы,— відаць, чакала яшчэ гасцей. Хутка прыйшоў яшчэ адзін «ідэаліст» — паэт Ляўковіч, вясёлы і таварыскі хлопец. Драгун ведаў яго яшчэ студэнтам.
Гутарка адразу ажывілася. Ляўковіч за словам у кішэню не лез: праз хвіліну-другую ўсе былі вясёлыя, смяяліся і жартавалі, асабліва ажыла сама імянінніца. Яна, аднак, па-ранейшаму ўсё яшчэ прыслухоўвалася да крокаў на лесвіцы, некалькі разоў выходзіла на двор, але болей ніхто не прыходзіў.
— То, мусіць, пара, дачушка, садзіцца за стол,— сказала маці вінаватым голасам і з асцярогай глянула на дачку.
Тая ўздыхнула і пачала запрашаць гасцей за стол. Спачатку павіншавалі Людмілу Іванаўну з днём нараджэння, пажадалі здароўя і добрых поспехаў.
Ужо недзе ўсярэдзіне вечара зайшоў яшчэ адзін госць — паэт Марушка. Яго буйны бліскучы твар быў як прыгожа аформленая вітрына. Ды і за вітрынай, дзякуй богу, было не пуста, што не так і часта здараецца. Марушка быў вясёлы і трохі нават развязны: паспеў ужо выпіць. Сыпаў жартамі, рыфмамі, расказваў анекдоты і смяшыў усіх. Ён ведаў безліч гісторый, у якіх калі не ўдзельнічаў сам, то галоўным героем быў яго сябра Дубровіч. Не раз яны пілі разам у адной кампаніі і траплялі ў забаўныя пераплёты.
У той час як цвярозы ён гаварыў разумна, быў памяркоўны і выклікаў да сябе сімпатыю, п’яны траціў раўнавагу, рабіўся з’едлівы і нават грубы. У яго была паранена левая рука — адбіты ўсе пальцы і знявечана далонь, ён чамусьці — знарок ці незнарок — увесь час трымаў яе перад сабою, нібы выстаўляючы напаказ.
— Што ты, Костусь,— звяртаўся Марушка чамусьці да Драгуна,— так паспяшаўся ажаніцца? Чым табе кепская была б жонка? — ківаў ён буйнай кучаравай галавою на маладую гаспадыню.— Была б свая паэтэса, у вершах праславіла б цябе і тваё каханне...
Драгуну была трохі непрыемнай такая ўвага да свае персоны, ён неяк ненатуральна ўсміхаўся, паглядваў то на Ляўковіча, то на Люсю, як бы просячы ў іх дараваць Марушку за такія словы.
Люся чырванела таксама і адбівалася жартамі, што позна ўспомніла пра хлопцаў, занадта захапілася паэзіяй.
А калі Марушка пачаў нейкую спрэчку з Ляўковічам, яна нахілілася да Драгуна — яны сядзелі цераз рог стала — і спыталася ў яго шчыра, нібы нават сарамліва:
— Ну, як, Косця, жывеш? Ты шчаслівы?
Драгун не ведаў, што адказаць.
— Жыву звычайна, мо нават цяжка, але не скарджуся і не каюся. Такая ўжо, відаць, мая доля. А ці шчаслівы, дык нешта не задумваўся. Хутчэй за ўсё, што не надта.
— Чаго ж так? Хіба няма кахання?
— Яно ёсць, але нейкае калючае, няласкавае...
Люся дакранулася да яго рукі, уздыхнула.
— А ты мне так падабаўся, Косця... Так ты мне падабаўся,— паўтарыла яна са скрухай — і добра, што хоць у мінулым часе.
Драгун, апусціўшы галаву, маўчаў. Хоць і быў п’яны, а не мог таго ж сказаць Люсі — гэта была б няпраўда.
Добра, што іх размову перабілі: Марушка і Ляўковіч сталі дужацца на рукі, вызваліўшы для гэтага край стала. Марушка, чырванеючы сваім буйным тварам, прайграваў, страшэнна злаваў, даказваючы, што Ляўковіч няправільна бярэцца. Яны паўтаралі ўсё спачатку некалькі разоў, і ўсё роўна перамагаў Ляўковіч, малады і моцны ў руках гарманіст. Марушка раззлаваўся не на жарт, але іх разнялі гаспадыні і Драгун.
Марушка стаў абдымаць і цалаваць Драгуна, нават сказаў фразу, якая як агнём апякла яго: «Калі я чытаю твае апавяданні, я плачу»,— але, здаецца, за мітуснёй ніхто не пачуў яе, апроч Драгуна, і гэта яго трохі супакоіла.
Час ішоў непрыкметна і хутка. Толькі недзе а трэцяй гадзіне агледзеліся, што позна. Усе былі добра п'яныя, асабліва госці. Сталі збірацца дадому, развітвацца, расцалавалі гаспадынь, маладую і старую, нагаварылі капу п’яных кампліментаў і, трохі хістаючыся, пайшлі. Марушку ўзялі пасярэдзіне, трымаючы за рукі. Ісці было далёка, заставалася адно — злавіць таксі. Стаялі, гаманілі, шумелі, спрачаліся. Марушка захацеў пабарукацца з Драгуном. На выгляд ён быў мажнейшы за Драгуна і мо дужэйшы, але цяпер, п’янага, Драгун лёгка пабароў яго. Марушка зноў разышоўся, стаў лаяцца, скрыгітаць зубамі і біць сябе пакалечанай рукой у грудзі, паўтараючы:
— Я — сталінградзец!.. Я — сталінградзец!..
Урэшце ён трохі супакоіўся, але, памацаўшы ў кішэнях, сказаў, што згубіў ключы ад кватэры. Яны ўсе сталі поўзаць ракам па асенняй зямлі, усыпанай лісцем, шарылі рукамі, свяцілі запалкамі, але нічога не знайшлі. Нарэшце ўдалося злавіць таксі. Марушку ледзь пасадзілі — яго ўжо зусім развязло, ён нават не сказаў, куды ехаць. На шчасце, Ляўковіч ведаў, у якім доме жыве Марушка. Прыехалі хутка, але павалаводзіліся, покуль высадзілі Марушку з таксі: ён ужо размясціўся тут, як дома — сабраўся спаць. Раскатурхаўшы, неяк выбавілі з машыны, пастаялі трохі, адсапліся і павялі па лесвіцы. Ён жыў недзе на чацвёртым ці пятым паверсе, Ляўковіч добра не памятаў, а ў Марушкі нельга было нічога дапытацца. Ён толькі скрыгітаў зубамі і ўсё бубніў сабе пад нос:
— Я — першы паэт! Ну, яшчэ — Дубровіч... Астатнія — нішто: тля, пыл. Што яны адкрылі? Што сказалі свету? Людзям? Нічога ніколі! І не скажуць, не чакай ад іх... вешчага слова. Не чакай! Рыфмачы, пустабрэхі, пустацветы...
Потым ні з таго ні з сяго стукнуў Драгуна па вуху.
Драгун закіпеў, схапіў яго загрудкі, але біць не паднялася рука — ён паважаў Марушку.
— Шчасце тваё, што ты п’яны! Я б табе паказаў! — сказаў ён толькі груба Марушку.
Яны з Ляўковічам схапілі яго за рукі, заламалі назад і, як куль саломы, папхнулі ў тыя дзверы, дзе, па разліках Ляўковіча, павінен жыць Марушка.
Сталі званіць — раз, другі, трэці. Пачуліся крокі, нехта падышоў да дзвярэй. Заспаны мужчынскі голас спытаўся, чаго трэба.
— Ці тут жыве Марушка? — спытаўся Ляўковіч.
— Які Марушка? Ідзіце да д’ябла! Цэлае насланнё з гэтым Марушкам... Ён паверхам вышэй!
Хлопцы, усё так жа трымаючы Марушку перад сабою, як таран, рушылі па сходках, прамчалі яго па пляцоўцы. Марушкавы ногі ледзь паспявалі за тулавам.
Зноў сталі званіць, доўга за дзвярыма не было ніякага руху. Але вось зашлэпалі ногі па падлозе.
— Хто там? — спытаўся жаночы голас.
— Тут жыве Марушка? — як пароль, зноў спытаўся Ляўковіч.
— Тут... А што такое?
Рука за дзвярыма пстрыкнула засцерагальнікам замка.
— Прымайце свайго Марушку,— сказаў жанчыне Драгун.— У тым, што ён п’яны, мы не вінаваты.
Марушкава жонка таксама пачала лаяцца, але яны, як скінуўшы гару з плеч, з палёгкай пайшлі ўніз.
Цяпер яны стаялі амаль што ў цэнтры горада, кватэра ў аднаго ляжала на захад ад іх, другога — на ўсход. Туды і туды было каля чатырох-пяці кіламетраў. Спяшацца ім не было ніякага сэнсу, і што адпусцілі таксіста, яны таксама не шкадавалі. Яны пахадзілі яшчэ па бязлюдным ціхім праспекце, праводзячы адзін другога, а потым, дайшоўшы зноў да сярэдзіны, разышліся. Было прыемна, што яны аднолькава думалі і аднолькава зрабілі, хоць і насуперак жончынай волі, бо і Ляўковічава жонка таксама не пускала яго аднаго. Дзіўна, як падобны жонкі і як падобны мужчыны-мужы!
Драгун прыйшоў дадому ў чатыры гадзіны, але Вера не спала. Скандал быў магутны, аднак Драгун не пакаяўся, прызнаў толькі віну ў тым, што позна прыйшоў. І віна тут не яго, бо нельга было кідаць п’янага чалавека. Але ніякія апраўданні не памаглі, Вера стаяла на сваім — што Драгун зрабіў несумленна, што так прыстойныя мужчыны сябе не паводзяць. Хутчэй за ўсё, яна не паверыла, што ён гаварыў праўду.
Але пасля таго выпадку, як здалося Драгуну, Вера спакайней страчала яго спазненні, якія не здараліся так ужо і часта. Драгун тут нават хітраваў: часам знарок пазніўся, заходзіў у кіно на апошні сеанс, каб жонка «прывыкала». Ды яна, як паказаў час, ніяк да гэтага не змагла прывыкнуць — такі ўжо быў у яе характар.
...Аднойчы вечарам у суботу Драгун вяртаўся з бібліятэкі. Якраз на прыпынку падышоў амаль што пусты тралейбус, бо перад гэтым іх прайшло цэлых тры, набітыя бітком: яны хадзілі неяк статкамі, як сланы. Драгун сеў на крэсла, пасунуўся да акна, бяздумна пазіраў у шыбу. На другім прыпынку ў вагон зайшло некалькі пасажыраў, і праз хвіліну ля яго села маладая жанчына ў карычневай сукенцы, з прыгожымі загарэлымі рукамі, прывабная, з адкрытым загарэлым тварам і чорнымі завітымі валасамі. Ён толькі акінуў яе позіркам і стаў зноў глядзець у акно, падумаўшы сам сабе, што з такою кабетай не грэх было б і пазнаёміцца. Падышла кандуктарка, Драгун сеў роўна і першы падаў ёй дзесяцікапеечную манету, бо яго суседка яшчэ не паспела знайсці сваіх грошай.
— Вам два? — спыталася кандуктарка.
— Адзін,— буркнуў Драгун.
Суседка ўсміхнулася, дастала з сумачкі манету і ўзяла білет, а потым неяк проста, як да знаёмага, сказала да Драгуна:
— А што, каб вы і мне ўзялі?
— Нічога. Толькі вы маглі б пакрыўдзіцца, абазваць мяне нахабным за тое, што набіваюся ў знаёмыя ці намякаю, што ў вас няма грошай.
— Гэта праўда... Але я чамусьці чакала, што вы возьмеце два білеты — і не пакрыўдзілася б.
— Каб жа я ведаў вашы думкі! Я ўзяў бы хоць дзесяць...
Нешта падмывала яго гаварыць з ёю. Тралейбус каціў па праспекце, яны гаварылі. Урэшце яна схамянулася, узялася рукою за парэнчу пярэдняга сядзення.
— Мне выходзіць...— сказала яна.
— Мне таксама.
Праўда, Драгун ужо праехаў свой прыпынак, на якім звычайна сыходзіў, але і з наступнага, вось гэтага, яму дадому было таксама блізка. Яны сышлі з тралейбуса, сталі і стаялі, адчуваючы, што нешта яшчэ, самае важнае, яны не сказалі адно другому.
— А вам тут блізка? — спытаўся ўрэшце Драгун, бо яна зрабіла выгляд, што збіраецца ісці.
— Не, я тут не жыву. Я да знаёмых...
— Вось што...
— Я жыву ў другім канцы.— Яна назвала вуліцу, якой Драгун нават не чуў.
— А дзе гэта?
— Хіба вам цікава?
— Цікава...— Драгун апусціў вочы. Яго цягнула, як у вір.— Я хацеў бы з вамі сустрэцца...— Драгунова сэрца стукала ў грудзях, як молат.
Жанчына стала сур’ёзнай, нешта думала, пазірала ў неба. Потым сказала, глянуўшы Драгуну ў самую душу сваімі цёмнымі праніклівымі вачыма:
— Давайце дамовімся... Праз месяц. Сёння другога... Роўна праз месяц на гэтым месцы.
— У колькі? І чаму праз месяц?
— У дзевяць вечара... Я вам потым усё растлумачу.
— Добра...— Драгун кіўнуў галавою.— А як вас завуць?
— Марына,— адказала яна.