Сіні і чырвоны, два маленькія плястылінавыя кубікі губляюць сваю квадратную форму, расьцякаюцца, як тлушч на патэльні, на распаленай калодзежнай страсе. Сонца няўмольна пячэ. Ты катаеш гарачы плястылін у ручках, ён астывае і прыліпае да пальчыкаў, непрыемнае адчуваньне толькі напачатку, але калі ён становіцца амаль халодным, то яго гнуткасьць і цягучасьць становяцца меншымі. Ты любіш гуляцца з плястылінам, хоць за гэта і сварыцца бабуля, што, маўляў, саколка ўся ў тлустых плямах. Але хіба цябе гэта хвалюе?
Сіні і чырвоны колеры зьмяшаліся ў адну брудна-фіялетавую масу. Ты глядзіш, як яна ляжыць у цябе на далонях. Фу, зараз атрымалася гадасьць нейкая! Ты паварочваешся ўбок хаты, і маленькія ножкі зь дзіцячай лёгкасьцю і непасрэднасьцю нясуць цябе на пошукі невядомага... і раптам ты спатыкаешся аб сабаку, які ляжыць у трох мэтрах ад ганку. Ты клічаш бабулю. Яна прыходзіць і зьдзіўлена хітае галавой, маўляў, і чаго гэта наш зусім малады сабака здох? Ты налічваеш на левым баку мёртвага Тобіка ажно зь дзясятак зялёных люцылій, сярод якіх, самотна склаўшы крылцы, як быццам далонькі ў малітве, яркай плямкай сядзіць білан, выдатны матылёк, які сваёю постацьцю адбівае навакольле.
Ты плачаш, табе шкада сабачку, асабліва калі дзядуля, абыякава ўзяўшы яго за заднюю лапу, валачэ цела на сьметнік...
Гэты мёртвы сабака з самага дзяцінства будзе перасьледаваць цябе ў снах і ў кожнай новай мёртвай жывёліне нагадваць пра тагасьветнае існаваньне.
Ты прачынаешся, запальваеш, вылазіш з ложка, гультаявата паўзеш рабіць каву, на гадзіньніку чатыры, дзень амаль прайшоў.
Думкі зьбіраюцца з розных кавалкаў у адзін вялікі камяк падобны да плястыліну. Ты ўзгадваеш яе. Тую самую. Яна нават у моманты тваіх ілюзорных каханьняў сумнеўных сяброўстваў уласных варʼяцтваў заўсёды надавала моцы жыць існаваць. Ты так і ня выканаў ні аднаго абяцаньня дадзенага ёй. Маленькае худзенькае цела вялікія вочы і фрызура нагадваюць японскае анімэ. Сябар знаёміць цябе зь дзяўчынай. Ты глядзіш на яе і адчуваеш як сэрца ўтульна хутаецца ў цяпло. Цябе чалавека неверагодна бурлівага жыцьця жыцьця на мяжы і толькі на мяжы адольвае сэнтымэнтальнасьць і самае дзіўнае ты гэтаму не толькі не супраціўляешся але і рады. Табе становіцца вельмі лёгка дыхаць і ты разглядаеш яе малочную скуру вачыма кранаючы яе валасы ты адчуваеш яе пах гэты асаблівы водар які будзе перасьледаваць усё жыцьцё. Гэты пах будзе здавацца за вугламі дамоў у розных месцах зямлі... Гэты яе водар... Гэты незвычайны чалавек разбурыць твой ілюзорны патасны сусьвет. Цябе запаліла жаданьне схапіць яе і моцна абдымаючы ніколі не адпускаць і ўсё гэта адбылося яшчэ да таго як рэчы былі названыя да таго як сам барʼер паміж вамі быў разбураны фармальным абменам інфармацыяй у выглядзе назвы сваіх імёнаў. Была зіма але ў вечар вашага знаёмства лёгкая адліга. Мокрага сьнегу было шмат ён ляжаў на вуліцы шэры і брудны як алькаголік. Вы ўтрох накіраваліся ў выпадковы рэстаран таму што любімая кавярня была запоўненая чалавечымі целамі. Холадна волка вакол адзін сьнег яшчэ толькі дванаццаць а падаецца што тры ночы. Узімку складана адчуваць час. Ты сядзіш побач зь ёю на лаве абсыпанай мармуровымі плямкамі але вам усё адно дзе і на чым сядзець. Ты ў доўгім паліто яна ў доўгай куртцы. Піва ўжо перастала грэць алькаголь паступова выпарыўся...
Слухай а ў цябе ногі ня змоклі пытаешся ты гледзячы на яе балеткі відавочна апранутыя не па сэзоне.
Мокра адказвае яна і вымаўляе гэта неяк ня так як гавораць усе вакол а па-свойму ты потым яшчэ доўга будзеш прывыкаць да яе спэцыфічнай манэры размаўляць.
Давай памяняемся шкарпэткамі.
Не ня трэба яе вочы з падзякай глядзяць на цябе.
Яна такая тонкая і загадкавая такая каханая і любая відавочна не належала гэтаму зласьлівага і абсурднага сьвету. Факт быў наяўны як аксіёма.
Мы ішлі пехатою ад самай кавярні у цябе відаць сапраўды мокрыя ногі гэта нават не абмяркоўваецца ты настаяў.
Вы разбуліся ты зьняў са сваіх ног карычневыя шкарпэткі з ангельскімі ромбамі цёплыя і сухія яна свае белыя з чорнай і чырвонай палоскамі мокрыя як усё навокал. Дзеля яе ты гатовы быў на любыя ахвяры ў гэтым сьвеце нават на ахвярапрынашэньні і праз хвіліну ты сядзеў побач у ейных наскрозь мокрых шкарпэтках. А праз гадзіну вы былі ў яе пакоі ў інтэрнаце. Вы ўдала прабраліся нікім не заўважаныя і заваліліся на ложак. Яе суседкі не было — неверагодна пашчасьціла. Вы размаўлялі да самай раніцы пілі піва і гарачую гарбату з сушкамі і толькі напачатку дня паклаліся спаць. Заснулі вельмі хутка. Табе было пʼяна і добра. Ёй цёпла. Яна была падобная пэўна ад холаду да маленькай сіняй птушачкі. Потым вы пачалі жыць разам і звычайныя дыялогі перад сном былі кшталту:
— Пачытай мне, калі ласка...
— Хочаш услых працяг "Дон Кіхота"?
— Так.
— А можа, лепш казкі Уліцкай?
— Так.
— А можа, "Маленькага прынца"?
— Так.
— А! Дарэчы, давай тады Віяна дачытаем!
— Так!
— "Так" на што менавіта, на якую кнігу?
— На якую гавару, значыць і "так"!
— Ок, згодны...
Празь некалькі хвілін яна скруціўшыся ў клубочак як кацяня засынала ў цябе пад пахай. Ты дачытваў чарговае апавяданьне Букоўскі... Дзень скончаны дыялог таксама. А потым калі яна зьехала назусім яна неяк патэлефанавала... Яна тады была ў гасьцях у бацькоў. Вы пра многае так і не змаглі пагутарыць занадта шмат хацелася сказаць занадта шмат чаго адбылося вы доўга слухалі дыханьне адно аднаго і толькі потым ты спытаў яе пра шкарпэткі апынулася што яе-твае шкарпэткі хутка працерліся і на памяць засталіся толькі гумкі а твае-яе шкарпэткі дагэтуль цэлыя. Ты пытаешся ў яе: "Чаму так несправядліва ўсё ў жыцьці?" Ты пытаешся ў яе чаму яна не захацела застацца ў гэтым горадзе. Яна кажа што ня ўсё залежыць ад яе. Ты моцна сьціскаеш слухаўку і калі чуеш доўгія гудкі бʼеш яе аб сьцяну вочы запаўняюцца сьлязьмі адчаю лёгкія балюча сьціскаюцца... Самае прыемнае ў жыцьці гэта ўмець гарманічна разам маўчаць чуючы адно аднаго зусім у іншым сьветаўспрыманьні ўмець жыць у іншым вымярэньні. Яна падаравала табе пачуцьцё неабходнасьці і адказнасьці. Ты побач зь ёю адчуў сябе мужчынам і менавіта яна зрабіла галоўнае — дапамагла табе зразумець што ты моцны і ў тваіх руках цэлы сьвет і што тваё прызначэньне быць для яе абаронай. Але яна гэтага ўжо не пабачыла. Больш за ўсё ты любіў як яна крыўлялася. Яна рабіла гэта прафэсійна і што асабліва прыемна гэта выглядала ня проста прыгожа ці сьмешна а чароўна. Раней ты наогул шмат што ў ёй не заўважаў і дагэтуль думаеш як яна здолела распазнаць у табе такім адасобленым ад грамадзтва чалавеку каханага і адзінага. Ты неяк паехаў да яе ў госьці. Гэта было дзіўна ты ўбачыў унікальныя месцы яе дзяцінства. Вучэльня... Базіліка... Драўляныя хаткі... Бедныя хаткі... Катэджы... Хаткі-скрынкі... Самотныя хаткі... Масты... Ходнікі... Крамы... Дамы... Ты атрымліваў асалоду ад архітэктуры прыроды і ад яе хоць гэта і было ўзімку і холад са сьнегам псавалі краявід і настрой але ўсё адно там было выдатна... зь ёю... каля яе... Тады ты ўпершыню паверыў ва ўнікальнасьць і сілу гарадоў ты адчуў іх магутнасьць і гісторыю і менавіта тады ты пазнаёміўся зь яе карцінамі. Ты яшчэ хацеў адну карціну забраць сабе тую на якой быў космас чалавек і плянэты невядома ці правільна ты запомніў сюжэт. Сам дух карціны выходзіў у касьмічную прастору а чалавек намаляваны на ёй быў поўны смутку але ягоны погляд усё роўна быў з надзеяй можа на гэтыя плянэты вакол а можа і на сьвет у цэлым. Табе тады так хацелася каб такая ж надзея была і ў цябе. Гэты дзень у яе ў гасьцях запомніўся на ўсё жыцьцё і ежа якую яна гатавала і бутэлька віна... І ейныя шаўковыя малочныя рукі... Чорныя валасы... Вочы... Акно з пакоя вуліца ў акне і сьнег сьнег сьнег сьнег... Гэта пачуцьцё каханьня падзякі і маўчаньня — усё гэта засталося з табою ў тваім сэрцы. Пару разоў яна прыязджала да цябе і ты здымаў кватэру на суткі тады вы рабілі салаты з капусты і елі крабавыя палачкі запіваючы півам. А аднойчы атрымалася зьняць кватэру амаль пад самай Акадэміяй навук. Пад тым самым філіялам у якім ты потым падзарабляў і штораз калі праходзіў каля дому зазіраў у знаёмыя вокны як быццам мог яе ўбачыць... А потым яна не прыязджала цэлы год... За гэты год ты знайшоў кватэру ў новым мікрараёне і жыў сабе шчасьліва кожны дзень напіваючыся працуючы на кампутары чытаючы кнігі губляючы розум выходзячы ў адкрыты космас запрашаючы да сябе гасьцей зьмяняючы сталых ды маладых жанчын дзіўлюся як у тваім ложку яшчэ не апынуліся падлеткі і хлопцы. І тады калі ты ўжо мусіў зьехаць з гэтай кватэры прыехала яна а за ёю цэлы шэраг старых успамінаў і асацыяцый ад акустычнага альбому СПЛИН да фотаздымкаў на фотаапарат ФЭД-3 ты яе сустрэў і ўбачыў як яна зьмянілася. Яе вочы казалі пра нейкую ўнутраную журботнасьць і стрыманасьць ты глядзеў у іх і бачыў колькі ўсяго рознага вы абодва перажылі на адлегласьці. Яна стала больш спакойнай і ціхай менш усьміхалася. Ты разумеў што беспаваротна страціў яе. Ты разумеў як балюча і цяжка адбіўся на ёй гэты год як яна шчыра чакала сустрэчы і як гэта яе зламіла. Твая віна была ў тым што ты не паехаў за ёю. Абяцаў але не паехаў. Ты тады быў прывязаны да гэтых мясьцін як зрэшты і цяпер... Перад табою стаіць яна і ты ўжо ня ведаеш што рабіць. Тваё асабістае "я" засталося тут і яно дагэтуль ня ведае які якар і які баляст трымае яго ў дадзеным горадзе замінае нарэшце ўсё кінуць і паехаць за ёю зрабіць тое што мусіў зрабіць! Людзі мяняюцца па-рознаму ніхто ня ведае як ты можаш зьмяніцца як на цябе могуць паўплываць тыя ці іншыя падзеі ў жыцьці. Мінуў год а вы толькі зрэдку стэлефаноўваліся і дасылалі адно аднаму смс зрэдку ты атрымліваў яд яе паштоўкі. У дзень яе прыезду ты зразумеў што быў безнадзейна дурны немагчыма кахаць на адлегласьці. Гэта было як удар у сонечнае спляценьне і ты ледзь не задохся. Некалькі дзён яна гасьцявала ў цябе гэта былі апошнія вашыя агульныя дні. Тады вы хадзілі на выставу Шагала пілі вермут — гэта было як разьвітаньне назаўжды. Менавіта з тых рэдкіх сустрэч ты захаваў пра яе памяць і ўсё найлепшае што было і пэўна не забудзецца ніколі.
1 — 15.02.2010
Менск