БАЛЬНІЦЫ


Самае галоўнае для хлопчыка (да таго, як ён перасячэ мяжу ад дзяцінства да хлапецтва) — пасьпець перахварэць на паратыт: перанесьці, ператрываць так званую завушніцу. Гэта самае істотнае, бо калі пачынаеш хварэць у больш сталым узросьце, можаш сказаць сваім будучым дзецям "да пабачэньня". Паратыт — гэта апухлыя да неверагодных памераў сьлінныя залозы, падбародзьдзе нагадвае сьмешную пысу парсюка. Ня надта вясёлае ўскладненьне на твае спэрматазоіды, што пагражае твайму роду апухлымі яйкамі. Я захварэў на паратыт якраз у вёсцы ў бабулі, перадаў яго брату, кузэну й кузіне; карацей, усе былі радыя, што дзеці пасьпеюць перахварэць да патрэбнага ўзросту. Але ж на мой конт бацькі памыліліся. Вядома, што пры хваробе сэкс забаронены, але мне, дванаццацігадоваму, ён быў і непатрэбны. Вялікі відэамагнітафон "Электроніка", зьмешчаны на такім жа агромністым тэлевізары, паглынаў праз касэтапрыёмнік, які адчыняўся з рыпеньнем і помпаю, усе порнакасэты, якія меліся ў калекцыі мужа маёй другой цёткі, нават нягледзячы на тое, што яны спэцыяльна хаваліся ў пакункі з-пад іншых відэакасэт і забароненае відэа нават пісалася зьверху на старыя фільмы, дзесьці на сярэдзіну стужкі, каб дзіцёнак, уключыўшы, пабачыў спачатку фільм, які яму даўно ўжо нецікавы, і ня стаў працягваць прагляд.

Так, сэксу не было, але мастурбацыя мела месца... шмат мастурбацыі... і праз тры тыдні я ўжо ляжаў у лякарні зь левым яйкам... яго хацелі адрэзаць, каб захаваць правае. Мы не пагадзіліся, апухласьць зьнялі мазьзю Вішнеўскага, я папіў невядомыя пігулкі й праз два тыдні быў дома... а потым праз паўгода патрапіў з правым яйкам ужо ў інфэкцыйную бальніцу.

Да таго як у інфэкцыйку патрапіў я, там ужо два тыдні ляжаў Андрэй, мой сябра зь дзяцінства. Яго я спачатку пасьпеў заразіць паратытам, а потым ён, таксама зь яйкамі, трапіў у бокс, дзе ізалявана трымалі па адным падлетку.

Мне падабалася ляжаць у інфэкцыйным боксе: цішыня, самота, ежа праз акенца, пігулкі таксама, тры разы на дзень кварцаваньне памяшканьня... Я вельмі шмат чытаў, з музыкі слухаў цяжкі мэтал і кожную раніцу чакаў майго лекара, маладую прыгожую доктарку, якая ведала ўсе песьні гурта "Арыя". Яна акуратна мацала мае яйкі, сачыла за тым, як праходзіць працэс лячэньня. Пакуль яна глядзела маю апухласьць з правага боку, я пасьпяваў узбудзіцца, і як толькі яна мяне пакідала, я, помнячы яе дакрананьні, прыгожы рот і вочы, сакавітыя вусны, якія танютка пасьміхаліся, бег у прыбіральню і амаль адразу канчаў, не пасьпеўшы пачаць.

У інфэкцыйнай бальніцы я быў самы кепскі па паводзінах. Я сьцізорыкам адчыняў акно, вылазіў вонкі, адчыняў боксы іншым хворым юнакам і дзяўчатам, і мы сядзелі па вечарох на вуліцы, пілі піва, шампанскае, гарэлку, карацей, усё тое, што нам прыносілі нашыя сябры. Усе, каго я адчыняў, хварэлі на розныя небясьпечныя захворваньні, якія перадаваліся паветрана-кропельным шляхам. Я нават адчыніў і напаіў чорнага хлопчыка з Ганалулу, які хварэў на нейкую экзатычную хваробу, якая на слых гучала, як містычнае заклінаньне.

Больш за ўсё мне падабалася адчыняць сваю суседку Марыю, якой было ўжо пятнаццаць, і яна праз колькі месяцаў мусіла ўжо па ўсіх правілах ляжаць у дарослай бальніцы. Яна была пякельная, сэксуальная і вельмі дарослая. Любіла мяне па-сяброўску цалаваць і ўдзячна абдымаць за волю, хоць і кароткачасовую, і, вядома, за тыя алькагольныя напоі, што я ёй шчыра прыносіў. Рамантыка, хворая інфэкцыйная рамантыка. Днямі я сноўдаў вакол бальніцы і, начытаны энцыкляпэдыі па біялёгіі, зьбіраў кузюрак і кветкі, шукаў чарвякоў і глядзеў на лічынак... а па вечарох ператвараўся ў злоснага шкодніка.

Мяне празь месяц выпісалі, але да гэтага ў нашай кампаніі адбыліся дзьве вялікія падзеі.

Аднойчы ноччу я, хлопец, які хварэў на вятранку, і Марыя выправіліся ў мясцовы морг. Цемра, ясна, зоркі зьзяюць, як маленькія сонечныя пацеркі, мы паўзем маруднаю хадою праз змрочныя будыніны боксаў... Нарэшце трапляем да жаданага месца. Аднапавярховы дом з чырвонай цэглы зачынены, вокны — матавыя, але адно акно толькі да паловы матавае — верх празрысты, таму мы, падсаджваючы адно аднаго, зазіраем па чарзе... І нічога, нічога такога, каб уразіцца: мэталічны стол халодна блішчыць, крывасьцёкі чыстыя, вакол пануе пакой і стэрыльнасьць, кафля на сьценах бліскучая, у цемры падаецца сіняй, падлога цёмная, амаль чорная, але ўдалечыні я заўважаю халадзільныя камэры для мерцьвякоў... Тут раптам Марыя ўскрыквае, пабачыла дзесьці сьвятло: напэўна, вартаўнік ідзе.

Ліхаманкавы бег, мае паплечнікі па "начной справе" вельмі лёгка й хутка кінуліся наўцёкі, я ня быў такім хуткім, таму, вагаючыся, я на ўдачу пабег да найбліжэйшых дзьвярэй, якія мог пабачыць у цемры.

Я бег нядоўга, пакуль выпадкова не натыкнуўся на дзьверы, якія нават не адчыніліся, а праглынулі мяне, быццам ня я шукаў паратунку, а яны, дзьверы, шукалі мяне... Праглынуты, як Іёна, я апынуўся перад лесьвіцай, што вяла ўніз і, нават ня думаючы, мацаючы сьценкі, асьветленыя аварыйным сьвятлом ад уваходу, пасьпяшаўся ўніз і яшчэ, і яшчэ... Здавалася, лесьвічных пралётаў тут — бясконцая колькасьць.

Я быў апрануты, як сапраўдны начны злодзей: чорная саколка, чорныя штаны, чорныя боты й чорная кепка, перавернутая брылём зь лягатыпам "Мэталікі" назад, якая хавала мае доўгія сьветлыя пасмы. Я спыніўся перад чорным калідорам, калі пачуў, як бразнулі тыя самыя дзьверы, што праглынулі мяне, і зразумеў: мяне бачылі. Гамон! Вырашана было бегчы ў чорны калідор; адзінае спадзяваньне, што мяне, апранутага ва ўсё чорнае, не заўважаць.

Я зрабіў каля пятнаццаці таропкіх крокаў, па дарозе натыкнуўшыся на нейкі ці то стол, ці то ложак. І адразу прысеў долу й скруціўся, схаваўшы твар у каленях, стаўшыся цалкам чорным.

Спачатку былі чутны дзіўныя гукі, як быццам хтосьці цяжка дыхае й скрыпіць, кульгае, рыпіць і цяжка й гучна хрыпіць... крррп, крррп, скрыып, рррып, крррп... Гукі набліжаліся, рыпеньне станавілася гучней, дыханьне мацней і быццам бы марудней...

Раптам мяне ўсяго спрэс працяла невыносна белае сьвятло і адразу рэзка згасла, пачулася ррррыыыпеньне, і сьвятло зноў запалілася, потым скрып сьціх і сьвятло згасла, потым цяжкі ўздых — і зноў рыпеньне, і запалілася сьвятло. Я адчуў усім сваім целам, як хтосьці падышоў да мяне настолькі блізка, што зрабі ён яшчэ крок — спатыкнецца аб мяне...

Я вырашыўся на адчайны крок і крыху падняў галаву. Нада мною ўзвышаўся тоўсты, мажны мужчына, каля пяцідзесяці год, з трайным падбародзьдзем, у сіняй кашулі, пранятай потам. У ягоных руках была дзіўная прылада, падобная да вялікага ліхтара; збоку ён гэтую прыладу з рыпеньнем круціў, ліхтар загараўся роўна на лічаныя сэкунды і згасаў, пакуль новае скавытаньне спружыны й мэталічнай ручкі не запалялі яго. Вартаўнік мяне ня ўбачыў і, затрымаўшыся яшчэ колькі часу, марудна пайшоў назад. Я пстрыкнуў запальнічкай і заўважыў, што апынуўся на складзе, на якім месьціліся каробкі зь лекамі, мазямі, пігулкамі, сыропамі, з усімі тымі фармацэўтычнымі рэчамі, якія ня трэба было трымаць у халадзільных камэрах. На той час я дакладна ведаў пра існаваньне дымедролу і штосьці чытаў пра сыропы ад кашлю, таму зразумела, што менавіта я там адшукаў і з чым патрапіў у свой бокс, не падзяліўшыся ані з кім, пакрыўджаны ці то на тое, што ўсе зьбеглі безь мяне, ці то на тое, што марудзіў сам.

Рэшткі ночы завяршыліся самотным спатканьнем з дымедролам, а прачнуўся я якраз на агляд. У роце быў вельмі гідкі прысмак лекаў, якія мне а шостай раніцы ў рот паклала мэдсястра, не дабудзіўшыся. Я напіўся вады з-пад крана, пасьпеў пачысьціць зубы, памыць чэлес, праверыць на яйках бінты з мазьзю, як адразу ўвайшла мая любімая доктарка, і я пасьпяшаўся без прапановаў на ложак, скінуўшы штаны й майткі. Мяккія, шаўковыя дакрананьні рук гэтай чароўнай жанчыны-дзяўчыны-доктаркі, якая ведае ўсе песьні рок-гурта "Арыя", толькі мяккія дакрананьні...

Якім чынам было вырашана мяне з бокса перакласьці да хлопца, які хварэў на тую ж хваробу, падалей ад свайго атачэньня, бліжэй да каманды вельмі суворых мэдсёстраў? Якім чынам было так вырашана?! Вось якім.

Быў вечар, як звычайна мы сядзелі каля сваіх боксаў на вуліцы, вокны лёгка пагойдваліся пад летнім ветрам. Марыя, закінуўшы ногі на парэнчы, паліла, я наліваў віно. З намі быў той самы чорны хлопец, яшчэ адно маленькае дзяўчо, маленькае, але дужа ганарыстае й панкаватае: у свае адзінаццаць выдатна пускала цыгарэтным дымам колцы і піла партвэйн з бутэлькі. Ад кагосьці зь дзяцей у далёкіх боксах запозна вяртаўся пʼяны мужчына. Ён ішоў і глядзеў сабе пад ногі, пакуль не пачуў залівісты сьмех Марыі, падняў вочы й пабачыў, што на другім паверсе сядзяць расчырванелыя падлеткі, пʼюць віно й нахабна паляць.

— Здароў, а чаго гэта вы тут, ня ў боксах? — запытаўся мужчына.

— А табе якая справа?! — злосна адказала Марыя й жорстка паглядзела зьверху ўніз.

— Да ладна табе, малая, чаго ты такая злосная?! Хочаш гарэлкі? — мужчына паспрабаваў усьміхнуцца, але атрымалася толькі расьцягнуць вусны.

— А давай! — адказала Марыя.

— А давай! — адказаў я.

— А давай, — адказаў чорны хлопец і дадаў: — Тут у плоце недалёка ёсьць нашая самаробная лесьвіца, падымешся па ёй!

Мужчына вярнуўся, прынёс гарэлку, і тут пачалося: за паўгадзіны мы ўсе былі неверагодна пʼянымі. Я, каб не ванітаваць на людзях, пралез у сваё акно й зьнік у прыбіральні, загадзіўшы ўсё навокал, і паснуў, абдымаючы ўнітаз.

Прачнуўся, як звычайна, з напаўраспушчанымі шасьцігадзіннымі ранішнімі пігулкамі ў роце, якія паклала мне мэдсястра, не дабудзіўшыся... Лячэньне... яно такое...

Я пасьпеў толькі падняцца й выйсьці вонкі ў пакой, калі з грукатам і пад крыкі мэдсястры "Заходзіць у інфэкцыйныя боксы забаронена!" уварваўся міліцыянэр.

Марыя была згвалтаваная. Знайшоў яе непадалёк ад бальніцы нейкі хлопец, які раніцою выгульваў сабаку ў суседнім парку. Марыя ціхенька спала на лаўцы аголеная... Другая дзяўчына, малая, тая самая аматарка партвэйну, у шоку сядзіць у сваім боксе, нікога не пускае, нічога не распавядае. Дзе чорны хлопец з Ганалулу — невядома...

Са мною яшчэ нармальна абышліся, перавёўшы да суседа й памяняўшы мне мэдсёстраў, якія цяпер мусілі пільнаваць мяне кожныя паўгадзіны, а мая доктарка больш ня мацала мой чэлес зь яйкамі, яна толькі прасіла апусьціць майткі й здалёк аглядала. Дзякуючы ёй мяне ўсё-ткі далячылі да самага канца.

Усе лячэньні-намаганьні скончыліся маім дзіўным трэцім падарожжам у бальніцу, я цяпер ужо быў фэномэнам... Дактары сказалі, што абодва прыдаткі апухлі й "ускладніліся" пад самы корань... Фэномэн! Дакладна — апэрацыя!

Трэцім разам я патрапіў у самае жахлівае аддзяленьне, і калі з суседняй палаты адносна малады мужчына трапіў у рэанімацыю, якому праз гангрэну спачатку ампутавалі ногі па лыткі, потым па калені, потым па сцёгны, а потым ампутаваць ужо не было чаго, ён пакутаваў, гадзіў пад сябе страшэнна, з такім гнойна-мярцьвяцкім пахам, што не трываў увесь паверх, гэта нагадвала сьмерць, і ўсе яе баяліся. Мэдсёстры ня мелі сілы ані падняць гэтага хворага мужчыну, ані зварухнуць яго. Яны абышлі ўсіх пацыентаў, якія маглі трымацца на нагах, але ніхто не згадзіўся дапамагчы адвезьці хворага ў аддзяленьне рэанімацыі, бо гэта быў жах. Мужчына разумеў, што яму канец, але ніяк не хацеў суцішыцца: ён скідваў зь сябе прасьціны й усе бачылі гэтыя ампутацыі, гэтую засохлую кроў з гноем, гэтае гаўно й ссакі. Ніхто гэтага не трываў, ніхто ня мог гэта бачыць.

Я падышоў і, спачатку апэцкаўшыся, але здужаўшы, перанёс разам са старшай мэдсястрою гэтае пакутлівае сутаргавае цела на насілкі, і мужчыну адвезьлі ў рэанімацыю. Праз тры гадзіны ён памёр, і я бачыў яго сямʼю, вялікую сямʼю, якая сядзела ў залі наведнікаў і плакала ўсеагульнымі сьлязьмі канчатковай страты... Той ноччу я моцна плакаў, калі ўсе суседзі па палаце глядзелі на маленькім тэлевізары "Чырвоную сьпякоту" каторы раз запар. Адвярнуўшыся да зялёнай сьцяны зь сінімі лушпінамі ад старой фарбы, з пракалупанымі пазногцямі крэйдавымі ямкамі, я плакаў і быў гатовы плакаць аж да самай раніцы, пакуль ня зьнікне пах памерлага мужчыны з маёй бальнічнай кашулі.

Праз колькі год мяне зноў чакала бальніца, але ўжо па іншай справе — апухлі міндаліны. Жах: гаварыць і есьці немагчыма, горла быццам напампавана бітым шклом і кожным разам, калі я намагаюся зглынуць сьліну, гнойныя міндаліны аддаюцца дзікім болем па ўсёй галаве... Аддзяленьне, у якое я патрапіў, абʼядноўвала хворых на пакутлівыя болі ў горле, таму ўсім нам, няшчасным, давалі па тры разы на дзень дымэдрол, каб мы спалі й папраўляліся. Ніхто з маіх у палаце ня піў дымэдрол, лічачы яго занадта санлівым, але мне гэта было толькі на руку: штодзень кожны з маіх суседзяў па палаце тройчы падыходзіў да мяне й прыносіў пігулкі, якія я спраўна зьбіраў у пакет, чакаючы выпіскі і шчасьлівых дзён разам зь Юлем, півам і дымедролам. Радавацца жыцьцю мне заміналі толькі міндаліны, якія кожную раніцу па-фашыстоўску разьдзіралі мэдсёстры. Перавязачны габінэт, я разяўляю рот, каб прапусьціць да налітых гноем міндалінаў, мэдсястра засоўвае ў рот спэцыяльныя нажніцы, якія на канцах вострыя й расплюшчаныя, як лапаткі, гэтымі канцамі яна пратыкае міндаліну й рассоўвае нажніцы, атрымліваецца жорсткі звышпакутлівы разрыў, і гной цячэ ў глотку, я плачу, крычу, мне моташна, але трэба ўжо ісьці паласкаць рот вадкасьцю, жоўтай, салёнаю, якая на смак нагадвае мачу. Палашчу горла, выплёўваю жоўта-чырвоную вадкасьць з карычневымі мутнымі кавалачкамі... Лягчэй не становіцца, іду ў палату, пʼю дымэдрол... засынаю...

Доктар прапанавала адрэзаць міндаліны, бо інакш яны мяне будуць часта турбаваць, але я адмовіўся, бо зьнікненьне міндалінаў магло паўплываць на імунітэт. Так і жыву зь імі, маімі даражэнькімі фашыстамі, якія аднойчы катавалі мяне два тыдні.

Усе мае бальніцы заўсёды ўспрымаліся мною лёгка, так бы мовіць — аптымістычна, бо першым, праз што я прайшоў адзінаццацігадовым, была дзіцячая псыханэўралёгія. Ейны будынак трымаў вельмі дзіўных дзяцей і падлеткаў, якія раніцамі ішлі ў сталоўку сьнедаць, і палова не даходзіла: нехта падаў непрытомны, нехта — спаралюшаны, таму падлога па дарозе ў сталоўку была выкладзеная старым сьмярдзючым дывановым пакрыцьцём карычневага й чырвонага колераў. Пацыенты былі дзіўныя і размаітыя: хтосьці быў нэўротыкам, хтосьці — зь цягаю да суіцыду, хтосьці проста ляжаў у куце й не варушыўся, а хтосьці быў дзікім шызафрэнікам і падчас прыступаў хаваўся пад ложак і суткі там спаў... Буйных не было, іх трымалі на паверсе вышэй. У мяне прыступ быў такі: я пачынаў бачыць, як увесь сьвет рэзка зьмяншаецца ў памерах і таксама вельмі імкліва павялічваецца — я, быццам Гулівэр, падарожнічаў па прасторы, але вельмі хутка й па-варʼяцку. Зьнешне падчас прыступу я выглядаў жудасна, мяне працінаў паралюш, я мроіў, містычна штосьці бачыў, я гаварыў нязьвязныя словы, маці вельмі пужалася й плакала.

Я акрыяў, пабыў на стацыянары тры гады й мяне выпісалі. Толькі калі я спрабаваў прайсьці мэдагляд ва ўнівэрсытэт, у паліклініцы выплыла на паверхню мая старая хвароба. З такім дыягназам забаронена кіраваць машынаю, нават калі зьняты са стацыянару. Дактары да гэтага часу ня ведаюць, ці вяртаюцца такія рэчы, як у мяне (запаленьне крывяносных сасудаў левай скроні), ці зьнікаюць назаўжды. Мне асабіста дапамаглі дзесяць даляраў, каб пазбавіцца ў маёй на той час яшчэ дзіцячай мэдычнай картцы запісаў аб хваробе, а праз паўгады я ўжо меў новую мэдкнігу зь перапісанымі са старой аналізамі, прышчэпкамі й хваробамі. Не хапала толькі аднаго пункту, але гэта ўжо было не істотна: я пераступіў мяжу юнацтва й пачынаў жыць дарослым.

6.07.2012

Трэнчын. Pohoda

Загрузка...