Гэты тэкст прыгатаваны без заправы,
каб пазбавіцца алергічнай рэакцыі.
Адносіны з Прагай склаліся досыць дзіўна і складана, кшталту кароткатэрміновага варʼяцкага каханьня, якое пакінула шнар у выглядзе нарцыса пад ніжнімі рэбрамі.
1.
Дарога заставалася і застаецца сымбалем жыцьця, нейкага сакральнага дзеяньня; асабліва гостра гэта адчуваецца тады, калі па ёй крочыш.
Дарога, напрыканцы якой чакае сьфінкс; і калі ты дасі адпаведныя адказы на ягоныя пытаньні і здагадаешся пра ўсе ягоныя загадкі, ён давядзе табе сэнс пройдзенага шляху.
Але мая дарога яшчэ на пачатку здрадзіла мне, стаўшыся халоднай ракой, у якой пот, сьцякаючы струменямі па целе, распушчаўся ў вільгаці, ператвараючыся ў H2O.
Я рыба, я нават не паўчалавека, ужо ня кажучы аб тым, што я не пісьменьнік, я — рыба, пра што сьведчыць мой марфалягічны склад.
Праплываючы побач з жоўтай субмарынай, адпраўленай у Прагу празь беларускія і польскія рэкі, я павольна сабе плыў, згадваючы прыемнасьці самотнага існаваньня, разбаўленага думкамі асэнсаваньня сваёй новай постаці.
Дзякуй Богу, што рыбы час ад часу могуць маўчаць і размаўляюць толькі па сваім жаданьні.
Дзякуй Богу, рыбы могуць ня чуць, калі ім гэтага хочацца. Таму мой слых на працягу ўсяго воднага падарожжа быў прызначаны збольшага для адной функцыі, унутранай — сачыць за рэхам сэрцабіцьця.
Наперадзе варшаўскія воды, гарэлкавая вільгаць трымціць па-над вадою, жоўтая субмарына набірае хуткасьць, у вокны выглядаюць рыбакі, рыба дзівіцца ім, але яшчэ ня ведае, што рыбакі будуць паляваць на такіх, як яна.
Засынаючы на беразе чэскай Влтавы, памятай пра абяцаньне вярнуцца дамоў...
2.
Кафка знаходзіўся акурат пад старым ліхтаром на бруку. Было цёмна і цёпла, і дождж нечакана ласкава казытаў карпавыя плаўнікі, вада з кожнай хвілінай падымалася вышэй, і калі яна амаль па шыю схавала ўсе помнікі на Карлавым мосьце, Кафка споўз са сьпіны мужчыны, які яго насіў, плюхнуўся ў ваду і разам з рыбамі ператварыўся ў Ісусаў з папяровымі крыжамі за плячыма. Усе пакрочылі да Пражскага Граду, зацягнутага дажджавой смугой. Пад нагамі мякка давіліся сьлімакі. Адвечныя градавыя лябірынты прыадчынялі свае ўваходы, кафкіянства заманьвала туды.
Жыцьцё няўмольна цягнула ўгору, а потым, калі Град быў дасягнуты, наляцелі моцныя хвалі і, падхапіўшы Хрыстовыя целы, панесьлі вадаспадам праз пралёты лесьвіц уніз, празь вінаграднікі, дамы шаснаццатага стагодзьдзя з аблупленай тынкоўкай, наслоенай шматсантымэтрамі адна на адну, і празь сярэднявечныя кавярні. Гэтым істотам нічога не заставалася, як, скінуўшы абліччы Ісусаў, ператварыцца зноў у рыб і несьціся вадаспадам да прыступкаў граду.
Кафка па дарозе прамовіў рыбе:
- Ведаеш, рыба, у гэтым горадзе зьявілася такая традыцыя: тут сорамна пісаць усялякую лухту. Тых, хто спрабуе псаваць паперу, па начох наведвае Голэм і адрывае ім рукі, і кідае іх у раку, а сам зьнікае ў адвечных калідорах чэскіх будынкаў, — Кафка працаваў плаўнікамі, і ягоны карпавы рот працягваў: — Так здарылася, што адзін паэт-недарэка яшчэ ў ХVІІ стагодзьдзі замяніў Голэму паперку на мэталёвую манэту з выбітымі словамі. І цяпер кожны вечар Голэм зьдзяйсьняе тое, што яму выбіта, і кожным вечарам у розных кутках Прагі чуюцца пакутлівыя крыкі людзей, якія згубіліся ў літарных прасторах, заблыталіся ў дзеясловах ды наўпрост спарахнелі ўнутры, што калі нават муза будзе рэзаць вены замест іх, каб натхніць на шэдэўр, гэта ніякім чынам не адлюструецца на іхных непатрэбных паперах...
Бойся, рыба, гэтага, табе яшчэ плыць дамоў празь сьлівовіцкую вільгаць, празь піўную раку.
Карпавая луска Кафкі бліснула пад струменем маладзіка; рыба ўгледзелася ў небасхіл, але нічога не пабачыла; пачулася, як вінт жоўтай субмарыны неўзабаве праплыў недзе побач.
Намагаючыся быць больш-менш падобным да хома сапіенса, рыба, апынуўшыся на беразе, папаўзла ў невядомым кірунку. Вада зь неба ліла безь перапынкаў, нагадваючы пра парасоны, папяровыя крыжы і самаадданасьць Хрыста. Час падштурхоўваў да прыгод, вада ватова сьцялілася пад нагамі; калі б ня вільгаць, можна было б пачувацца прыстойней, але на дадзены момант было толькі смутнае адчуваньне сваёй сутнасьці кшталту вычварэністай ахвяры.
Новы шлях, новы лёс, новы сьвет.
3.
Месца дзеяньня: Oleznica.
Wiborcowa гарэлка разьлітая па стале, струменямі сьцякае на падлогу, яе немагчыма спыніць, пакой напаўняецца вясёлкаваю вільгацьцю, рыбнае цела ўжо ў вадзе, алькаголь праз жабры трапляе ў страўнік.
З-пад дзьвярной шчыліны гарэлка прасочваецца ў калідор і па лесьвіцы сьцякае на першы паверх; рыба чакае пэўнай хвалі і, калі дзьверы ўжо не вытрымліваюць ціску, спускаецца па воднай лесьвіцы ў возера на першым паверсе, дзе на рэцэпцыі сядзяць колькі рыб.
Побач з рэцэпцыяй жоўтая субмарына выплёўвае ў прастору рыбакоў, якія павольна займаюць свае месцы на канапах, крэслах, зэдліках, размотваюць вуды, сеткі, донкі і па чарзе пачынаюць лавіць спачатку адзін аднаго, а потым рыб.
Хрыстос сказаў: ідзіце за мною, і я навучу вас лавіць "чалавекаў". Але рыбакі лавілі літаратараў, падаграецца вада, хутка будзе юха.
Рыба, мінаючы пэўныя кручкі і блёсны, усё-ткі трапілася на вуду, і калі яна была падхоплена і даволі прафэсійна выкінута на бераг, то пачула:
— Эх, нейкая малая рыба мне патрапілася, да ўсяго яшчэ мо' слабенькая, зь яе нават немагчыма высмактаць ніякай патрэбнай і якаснай літары, не тое што сказа, пэўна нават у яе целе замест крыві цячэ гарэлка, а гэта кепска для маёй кніжнай бесьсьмяротнай спадчыны. Бо я ўжываю толькі празрыстае, чыстае і непаўторнае, — прамовіў рыбак і скрывіў сваю дзюбу.
Рыба моўчкі паглядзела на рыбака, але, ведаючы, што няма ніякага сэнсу нешта адказваць альбо спрачацца, што яе словы нічога ня зьменяць, моўчкі ляснула хвастом па стале, на які трапіла, і плюхнулася ў ваду.
З субмарыны выйшла піянэр-важатая, пільна прасачыла за падзеямі вакол, праверыла вуды, асадкі, дала паперы ды падкарміла маленькіх рыбаў, а рыбакам дазволіла зварыць з адной зь іх юху. Піянэр-важатая час ад часу падкормлівала ўсіх, але яе адной не хапала, каб трымаць ідэальную атмасфэру ў субмарыне, таму юха з адной рыбы у дзень была неблагім выйсьцем, кшталту ахвяры дзеля добрай справы. Матыль скончыўся, рыбалка таксама, рыбакі пакрочылі напрасткі праз раку ў субмарыну, рыбы павольна сачылі за іх рухамі.
Жыцьцё разам з водным паветрам працягвала паглынацца жабрамі...
4.
Дзе і якім чынам чалавек можа празрыста асэнсаваць самога сябе, зазірнуць у сваю існасьць?
Нехта падумае, што ў дадзеным выпадку самае лепшае выйсьце — гэта самота альбо часовае знаходжаньне далёка ад дому, і пажадана, каб за мяжой. Але, хутчэй за ўсё, усе гэтыя рамантычныя выпадкі не спрацоўваюць, і сэнс нашага існаваньня апантана прыходзіць да нас далёка ня ў самых прыстойных месцах і момантах, кшталту прыбіральняў, альбо калі мы, напрыклад, калупаемся ў пазногцях на нагах, падчас прагляду порнафільма, альбо падчас таго, калі зварʼяцелая і пастарэлая прастытутка, адсмоктваючы, раптам пачынае ванітаваць і прабачацца, так бы мовіць, гераін храновы трапіўся. І ты, ледзь ня плачучы, раптам разумееш, наколькі ты мізэрны вычварэнец у гэтым мізантрапічным сьвеце...
Сэнс, экзістэнцыя, спасьціжэньні сваёй сутнасьці — гэта часта падобна да мастурбацыі ўласных мазгоў, але да мастурбацыі без шчасьлівай кульмінацыі. На жаль, бяз дадзенага мастурбацыйнага рытуалу чалавеку будзе самотна на гэтай Плянэце, бо ён мае быць разумным, разважлівым, шукаючым.
Нехта можа запытацца: тыя істоты, якія не сутыкаюцца ў жыцьці з падобнымі сытуацыямі, значыцца, ня маюць шанцаў адкрыць для сябе сэнс жыцьця? Але ў дадзеным выпадку я дадам, што такія істоты ў прынцыпе бываюць трох відаў: дзеці, манашкі (пра манашак нават можна было б паспрачацца) ды псыхічна хворыя.
Людзі, якія насамрэч не сутыкаюцца па жыцьці ні зь якімі пагранічнымі сытуацыямі, заўжды маюць сваё плацэба, кшталту соскі, якую ўсё жыцьцё трымаюць у роце ды сьвята вераць у сапраўдную сэнсавую "амэгу" жыцьця, і ня дай ім Божа пачаць займацца перакладамі, гісторыяй альбо літаратурай — такія людзі дзіка, нахрапам, але выдзяўбуць сваю сраную думку і выдадуць яе за апошнюю ісьціну, якая можа выйсьці ў адкрыты космас і даляцець да сусьветнай гісторыі...
Рыба заўважыла, што пачала надта часта мастурбаваць свае мазгі.
5.
Бахарэвіч быў падобны да сама, але, у адрозьненьне ад рыбы, быў няголены і зь люлькай; разам зь ім плыла ягоная сямʼя. Спатканьне яго з рыбаю адбылося па дарозе ў Вімпэрк, куды таксама накіроўвалася жоўтая субмарына, заглынуўшая рыбакоў.
Скрозь пірацкую настойку рыба даплыла да замку Вімпэрк, у якім старажытнымі часамі затрымліваліся рознымі вычварэнцамі краснапёркі Геніюшы, і спынілася перавесьці дух.
Бахарэвіч-сом адзначыў, што рыба стала крыху падобнай да вугра, і гэта яго крыху зьдзівіла. Але рыба патлумачыла, што яшчэ ня ведае дакладна, хто яна і які сэнс у яе жыцьці, таму форма ейнага цела і душы час ад часу мяняецца. Люлька кіўнула ў знак разуменьня і згоды і невялікімі струменьчыкамі выпусьціла мяккі тытунёвы дымок, ахутаўшы прастору чароўным пахам.
Невялікія струменьчыкі пірацкай настойкі, што крынічкамі білі ў розных месцах зямлі, раптам зьліліся ў адну вялікую раку і, падхапіўшы пэрсанажаў, вадаспадам панесьліся згары ўніз, да падножжа, дзе статычнае возера ператваралася ў мора, якое патапляе навакольле. Мора прыняла рыб з урачыстасьцю і цеплынёю... Сом разьвітаўся і адплыў да сямʼі, заўтра іх з рыбай чакала новая сустрэча.
Рыба засталася, і паток вынес яе ў адкрыты акіян, дзе яна захраснула ва ўласных успамінах, якія перарываліся натужлівым голасам краснапёркі Геніюш, якая не была прызвычаенаю да такой канцэнтрацыі пірацкай настойкі ў вадзе, таму хутка змоўкла і пайшла на дно, яе дух вярнуўся ў сьцены Вімпэрку.
Маленькія рыбы не жывуць у вялікай вадзе...
6.
Рыба ўжо звыклася з прысутнасьцю субмарыны, зразумела, што ў дадзеным выпадку гэтае суседзкае існаваньне зьяўляецца сакральным сэнсам жыцьця, біялягічным ланцугом, у якім субмарына пажырае рыбакоў, а рыбакі рыб, а рыбы жывуць ва ўласным пошуку тых, каго можна паглынаць, але часьцей за ўсё натыкаюцца на такіх жа, як і яны, рыб і спрабуюць займацца канібалізмам, але літаратура трывае нават гэта, таму водна-літарная прастора ў сваіх закутках хавае косткі ўсіх істот, нават тых рыбакоў, што перайшлі на донкі і сеткі, іх таксама час ад часу падʼядаюць якія рыбёхі.
Аднойчы чэрава субмарыны нарадзіла Адамовіча-ката. Ён павольна выйшаў, трымаючы ў адной руцэ цьвік, а ў другой — сусьветны розум, які кожны мог удыхнуць празь дзірку ў бутэльцы. Поўсьць Адамовіча-ката хавала ў сабе пах гэтага самага сусьветнага розуму, усьмешка шырока расьцягвалася, як у Буды, бляскам сваім палохаючы начную цемру. Кот час ад часу паляваў на розных падазроных мышанят, якія жылі ў субмарыне і спрабавалі выдаваць сябе за рыб. Яшчэ кот праглынаў па рыбіне... Ягоны чырвоны бляск вачэй прадказваў будучыню.
Рыба Д, што плавала паблізу, цягнула свае плаўнікі ўгору ды рабіла занатоўкі аб жоўтай субмарыне, бо загад піянэр-важатай быў такі: прасачыць падзеі калясубмарынных падарожжаў, хто каго спрабуе зьесьці альбо падмануць. З цягам часу, улічваючы, што распаўсюджанай ежай станавіліся толькі рыбы, якія нават самі сябе спрабавалі на смак, падарожжа мусіла выйсьці з-пад кантролю, таму па гадзіне ў дзень уводзіўся аўтарытарны рэжым, якім запраўляла важатая, і камусьці пачувалася крыху лягчэй жыць, але, вядома, ня ўсім, а хутчэй большасьці з рыбакоў і рыб.
Час быў вячэрні, рака Влтава падымалася, выходзіла са сваіх берагоў, Кафка чакаў рыбу на адным з дахаў, але рыба, падкраўшыся ззаду, ператварылася ў крумкача і пачала склёўваць мазгі карпа-Кафкі. Ён быў ня супраць падзяліцца розумам.
На даху Бахарэвіч-сом павольна дыміў люлькай, дажджавыя кроплі з бляскам сьцякалі па ягоным целе, кот, цьвіком прыгваздаўшы мышаня, разважліва глядзеў у неба, зацягнутае аблокамі, наступіла ноч, прывіды Карлавага мосту, трымаючы ў руках крыжы і шаблі, назіралі дзіўныя падзеі, якія адбываліся на іх вачах, колеры дамоў сьцякалі струменьчыкамі ў калектар. Дамы станавіліся шэрымі... Голэм, седзячы на даху старой Старонавай сінагогі, недалёка ад даху, на якім сядзелі рыбы і кот, грыз пазногаць яшчэ цёплай адарванай рукі аднаго з чэшскіх пісьменьнікаў, які жыў у Празе 6.
Да раніцы было яшчэ далёка, і паветра зацягнула смугою — сусьветны розум пачаў пахнуць паленаю травою.
Бахарэвіч-сом разьвітаўся і па вадасьцёку сплыў да сямʼі.
Мухі, як заўжды, танчылі мадэрновы палёт разам з матылямі каля жоўтых ліхтароў, ноч ім не перашкаджала займацца мастацтвам.
Кот замяўкаў: "О мае рознакаляровыя воды ад Граду да Ростылы, о мае воды зямныя..."
І была цемра, мазгі Кафкі бардовым колерам сьвяціліся на вуснах рыбы-крумкача.
7.
Сьвяты Віт, сумна ўтаропіўшыся ў брукаванку Карлавага моста, спрабаваў не прыкмячаць таго, што на ім адбывалася. Была раніца; жоўтая субмарына, вільнуўшы хвастом, зьнікла ў кірунку Прагі 8, пакінуўшы рыбу ў адзіноце; дзень набываў тэмп; мост запаўняўся рознымі целамі, якія мэтанакіравана спрабавалі зьнішчыць горад і не пакінуць на ім нават камянёў і падмуркаў.
Горад задыхаўся ад урбанізацыі і перанаселенасьці. Восы — сымбаль Прагі — высоўвалі свае джалы і ўтыкалі іх у целы вычварэнцаў і прывідаў Карлавага моста, і прыпухласьці ад джалаў станавіліся пухлінамі, а джалы — пікамі. Але гэта нікога ня стрымлівала ад руйнаваньня гораду, не спыняла працэсу міжнацыянальнага сукупленьня, працэсу перараджэньня.
Акрамя Сьвятога Віта на мосьце было яшчэ шмат розных счарнелых істот, якія на сваіх узвышаючых прыступках былі сьведкамі таго, як паступова гвалціўся іх горад, істоты, маючы адзін аднаго ў розныя дзіркі, нараджалі шматнацыянальнасьць, якая паступова, па каменьчыку, руйнавала горад. Восы пакутавалі, іх мёртвыя целы ўсейвалі мост, нічога не дапамагала. Семя сьцякала ручаямі ў раку і зьмешвалася са сьлівовіцай. Сьвяты Віт пакутаваў, каля яго зьбіраліся розныя блазны і пачыналі танчыць, каб атрымаць бласлаўлёнае здароўе...
Усё, што належала краіне і гісторыі, адначасова ёй не належала... Карп-Кафка нэрвова паліў у куце.
Сьвяты Віт выцягваў сваю каменна-чорную манумэнтальную постаць да неба і, быццам расьліна, прарастаў каранямі з брукаванкі, якая падсілкоўвалася семенем.
Рускія вычварэнцы ваявалі на кірмашы, чорныя афрыканцы гандлявалі наркотыкамі, віетнамцы распрадавалі культурную спадчыну ў выглядзе брыдотных магніцікаў...
Бахарэвіч кажа, што вельмі любіць гэты горад, але ён надта пералюднены, рыба пагаджаецца зь ім. Кафка кажа, што гэты горад навявае на яго смуту і дэпрэсію, але раней такога не было, раней ён вельмі добра адчуваў пульсацыю думкі.
Ад раніцы да вечара ідзе працэс адваёўваньня тэрыторыі, ідзе працэс вычварэнізацыі, сукупленьня, блядзкасьці, фатаграфаваньня адных і тых жа месцаў... Чэшскі народ невядома дзе жыве, але ня ў Празе.
У Влтаву ўпадаюць тры ракі: ромавая, піўная і сьлівовая, рыба баіцца патануць, сом-Бахарэвіч дадае мужнасьці, так проста рыба не патоне, хутчэй зь яе зварыць суп які рыбак з субмарыны. Рыба абірае ромавую раку, каб даплыць да Глобуса сьвету.
Сьвяты Віт з кожным днём становіцца ўсё вышэй і вышэй, ягоныя карані ўжо спусьціліся ў раку, прывіды і вычварэнцы не даюць яму спыняцца ў росьце...
8.
Бар, у якім ліецца віно, разбаўленае мінэралкай. Порнапісьменьніца кажа:
- Уздоўж беларускіх дарог і рэк — пустэчы, няма ні людзей, ні дамоў...
Яна не разумее, што рэкляма і гіпэрмаркеты, крамы і дамы ўздоўж дарог, як, напрыклад, у Польшчы, горш за палі і лясы, як у Беларусі. У беларусаў няма такой традыцыі — брудзіць дарогі, яны жывуць падалей ад іх.
Рыба глядзіць на пісьменьніцу празь мінэралкавае віно і спрабуе забіць зрокам.
Літаратурная зорка Чэхіі раптам зьнікае зь небасхілу бара і рыбнай сьвядомасьці і зьнічкаю трапляе ў кілішак сьлівовіцы, і толькі струменьчык дыму нагадвае пра яе былое існаваньне.
Бахарэвіч выпівае сьлівовіцу.
9.
Прага — горад будынкаў і татальнасьці архітэктуры, горад самоты, якая хаваецца ў кутах, самоты, якая зьдзекліва паказвае на цябе пальцам і сьмяецца, сьмяецца, сьмяецца.
І асабліва самотнасьць адчуваецца, калі ты выяўляеш сябе рыбаю сярод рыбакоў...
Сярод усяго гэтага архітэктурнага і гістарычнага багацьця рыба губляецца. Ад гэтай разгубленасьці яна пачувае сябе нікому не патрэбнаю, і ў дадзеным выпадку, калі яна не трымаецца асяродзьдзя, калі яна не далучаецца да грамадзкасьці альбо да суполак рыбакоў ці рыб, альбо да суполак вычварэнцаў, да суполак помнікаў і прывідаў, яна мэханічна, непрыкметна ад усіх накіроўваецца да моста самагубцаў, папулярнага месца — чарговай гістарычнай каштоўнасьці, але якой(!) — самагубскай.
"З усяго на сьвеце магчыма рабіць каштоўнасьці", — разважала рыба; адчай варушыўся недзе пад ніжнімі рэбрамі, вымалёўваючы на скуры абрыс нарцысу...
10.
Рыба сплыла, вярнулася туды, адкуль пачынала падарожжа, і недзе ў рацэ Сьвіслач бляскам лускі нагадала аб сваім існаваньні. Вяртаньне было ў выніку балючым і самотным, з пэўным пачуцьцём свайго лёсу, з пэўнай даросласьцю, з пэўным асэнсаваньнем жыцьця.
Рыбу сустрэла цішыня.
08.08. — 15.08.2010
Прага — Менск