...чым далей прасоўваецца гэты аповед,
тым болей я яго адчуваю невычэрпным.
Ён бясконцы, як сама эвалюцыя сьвету.
І ўяўляе зь сябе вывяржэньне ўсяго таямнічага,
падарожжа ў самых неверагодных шыротах —
пакуль у нейкай кропцы раптам не пачнеш разумець, што тое,
што апавядаецца, ня так істотна, як сам аповед.
Два гады запар я наведваў рэпэтытара па біялёгіі, які рыхтаваў мяне да мэдычнага ўнівэрсытэту. Рэпэтытар была старой жанчынай, выкладчыцай катэдры біялёгіі, насіла парык і брала стос даляраў за гадзіну. Бацька тады зарабляў дастаткова.
Экзамэны прайшлі, я не дабраў да бясплатнага навучаньня аднаго бала, мой лёс мусіў вырашыцца на паўплатным навучаньні. Быў агульны сход абітурыентаў. Пад канец агучылі маё прозьвішча й яшчэ дзьвюх дзяўчат. Абіралі аднаго між намі трыма, хто будзе вучыцца на паўплатным. Абралі дзяўчо зь нейкай вёскі, яна, да таго ж, была сіратою, яе гадавала бабуля.
Я, вядома, ня супраць такіх ільгот, але калі абіраюць паміж гарадзкімі й вяскоўцамі, звычайна больш шанцаў у вяскоўцаў. Чаму так?.. Таму, што ў іх горшая школьная адукацыя? Мне здаецца, па ўсёй краіне настаўнікі аднолькавыя. Гэта ж нейкая пастка, калі вяскоўцы, троечнікі, вучацца ў галоўным ВНУ краіны, а гарадзкія часта выцесьненыя на пэрыфэрыю! Я быў абураны й шакаваны, пакрыўджаны й зьнішчаны... Праз тыдзень я здаў іспыты ў цалкам іншую галіну дзейнасьці, мне было наканавана зь пераменным посьпехам шэсьць год вучыцца на культуроляга на факультэце міжнародных адносінаў у БДУ.
Першы курс быў цьмяны й пасіўны... я амаль не цікавіўся студэнцкім жыцьцём, у мяне была дзяўчына на сем год старэйшая за мяне, з Паўночнай Карэі, лялечная, прывабная... я захапляўся ёю.
Першыя два сэмэстры былі перамяшаныя й скамечаныя, усе студэнты толькі пачыналі разварушвацца, толькі прайшло пасьвячэньне ў новае жыцьцё, але некалькі дэканаў ужо былі мною пакрыўджаныя й абураныя маімі паводзінамі... Добра, што яны мяне больш ніколі ня бачылі з бутэлькаю партвэйна й самакруткай у зубах каля Палацу спорту на вечарынах з нагоды Дня студэнта, інакш, напэўна, пазналі б.
Я атачаўся сябрамі — панкам, алькаголікам, шызафрэнікам, мізантропам і шлёндрай. Мы больш часу бавілі каля нашага зялёнага вучэбнага будынка (называлі яго — хлеў), распальвалі ў кустах агонь (кусты тады былі вялікія й буйныя, сьцяною хавалі пустэчу, якая потым абрасла двума блёчнымі шматпавярховікамі), пілі, распавядалі адно аднаму нейкія гісторыі, спрачаліся, гутарылі пра філязофію й літаратуру, елі танныя бутэрброды з салам, сялёдкай і цыбуляю, пілі пладова-ягаднае з суседняй крамы, якая была нам як маці родная... ванітавалі, спалі... палілі... Мы былі купкай сучаснай моладзі, якая апынулася на ўскрайку, у пэўным маргенэзе (моладзь, не задаволеная жыцьцём, сучаснасьцю й дадзенай свабодай), мы былі яскравымі прадстаўнікамі чагосьці апакаліптычнага, быццам чорныя вершнікі хаосу... Але нам гэта падабалася. Мы верылі ў сябе, у сваю моц, у тое, што мы здольныя на вялікія справы, здольныя скалануць гэтыя антычныя калёны застою й савецкасьці, мы мянялі сьвет, але ён чамусьці не мяняўся. Мы пачыналі зь сябе.
Выкладчыкі на лекцыях звычайна пазіралі на нашу кампанію недаверліва, быццам мы прыйшлі не туды. Мы сапраўды існавалі ня ў тым месцы, кожнаму з нас было наканавана зьдзейсьніць у жыцьці іншае.
Шызафрэнік часта бажыўся, што будзе новым прэзыдэнтам, лез у нейкую палітыку, піў, пакуль яго на трэцім курсе, на якім ён вучыўся ўжо чацьвёрты раз, не пасадзілі на восем год у турму. Але ён нават адтуль дзіўным чынам намагаўся раз на месяц тэліць загадчыку катэдры й распавядаць пра свае грандыёзныя пляны, пытацца пра справы.
Шлёндра раптам апынулася вельмі файным, таленавітым фатографам.
Панк стаў буйным мастаком і дызайнэрам, ён пазбавіўся сваёй доўгай барады й ажаніўся.
Нязьменнымі засталіся алькаголік і мізантроп... Яны часта бачыліся са мною, але з кожным разам я губляў да іх цікавасьць. Напрыканцы навучаньня яны амаль перасталі для мяне існаваць, акрамя як у памяці, якая таксама ня мела пэўнае гарантыі на доўгія тэрміны.
Аднойчы, калі ўжо другім разам надышлі зімовыя іспыты, я з алькаголікам зьбіраўся здаваць нейкую Тэорыю. Якую менавіта — цьмяна памяталася нават на той час, але мы прыйшлі. Алькаголік, зьмерзшы, прытуліўся да батарэі, не здымаючы паліто, сеў на падлогу й дастаў з унутранай кішэні бутэльку, я пасунуўся да яго, мы занялі сваю чаргу ў габінэт. Пачалі піць, каб сагрэцца, каб мазгі пачалі варушыцца... Мінула тры гадзіны, мы нават пасьпелі зьлётаць яшчэ па адну, і я пасьпеў саснуць, як раптам, расплюшчыўшы вочы, не знайшоў побач алькаголіка... І тут праз драўляныя дзьверы з габінэту пачуўся страшэнны лямант... Выкладчык крычаў, каб хтосьці вымятаўся вонкі, каб не зрываў экзамэн... Я сьцяміў, што сёньня нам не дачакацца посьпеху на іспыце... Празь імгненьне з габінэту вылецеў мой аднагрупнік, спатыкнуўся й расьцягнуўся на падлозе, зь левай рукі ў яго выпала плястыкоўка з гарэлкай і кавалачкам цытрыны.
Так, дарэчы, гэта быў іспыт па тэорыі літаратуры... Алькаголік вырашыў замест адказу на пытаньні білета распавесьці пра сваю тэорыю "Памаранчавых дрэваў". Дастаў дзьве плястыкоўкі, наліў у іх гарэлкі, кінуў па кавалачку цытрынкі, парэзанай сьцізорыкам паўмесяцамі, і прапанаваў выпіць выкладчыку, кандыдату філялёгіі... Гвалт, сварка, спрэчка, але... восем у залікоўцы. "Як яно? Га? ― пытаўся ён у мяне потым і ўздымаў чарговы кілішак за такі посьпех. — Талент, мазгі!" Тое самае адбывалася й з астатнімі экзамэнамі.
На вышэйшую матэматыку мы хадзілі па традыцыі нецьвярозыя, пісалі матрыцы, на іспыце чакалі таксама іх, матрыц... але чамусьці настаўніка пацягнула распавесьці нам пра такую загадку, як матэматычна немагчымую рэч для вылічэньня — абгоніць Ахілес чарапаху альбо не... Ну хто яго цягнуў за язык?!
У нас пачаліся бяссонныя ночы, алькаголік разам са мною спрабаваў вылічыць, знайсьці формулу, мы шалелі й у такім брудна-кепскім стане прыцягнуліся на экзамэн... Ледзь стоячы на нагах, мой сябра Юля крэйдай штосьці пісаў, настаўнік сядзеў і глядзеў доўга, пільна і штосьці занатоўваў на сваёй паперцы... Потым адвёў яго ўбок і сказаў: "Табе будзе залік, але не спрабуй болей трапляць мне на вочы ў такім стане, іначай не дарую!" Ён сказаў гэта ціха, але цьвёрда, алькаголік нават апрытомнеў...
Яшчэ быў такі дзіўны пэрсанаж, які выкладаў тэорыю кіно й тэатру... Лекцыі ў яго былі — цуд, нейкае дзіва, усе туды хадзілі, акрамя нас... Неяк я завітаў да яго на апошнюю лекцыю разам з панкам. Студэнтаў было шмат: хтосьці стаяў, хтосьці сядзеў на падлозе. Выкладчык адразу пачаў мяне катаваць пытаньнямі, але я сьцяміў пра мэтафару касьцюма й вопраткі, пра цытацыю літаратурнага твору ў тэатры й кіно... Карацей, мы зь ім амаль усю лекцыю прагутарылі й праспрачаліся, пасьля чаго ён сказаў, што больш за ўсё яму шкада, што ўвесь гэты год я не хадзіў да яго на лекцыі, бо так было сумна безь мяне... На экзамэн я нават не пайшоў, усё роўна ў залікоўцы ўжо стаяла дзевяць.
Здаецца, у нас усё атрымлівалася занадта файна й лёгка, але насамрэч гэта было ня так. Дзьве выкладчыцы моцна варушылі нас на сваіх лекцыях. Яны кожны раз трымалі нашае падсьвядомае ў сваіх рукох. Мы, быццам падлеткі, заляцаліся да іхных ведаў, мы хадзілі на лекцыі з трымценьнем, кожны раз адкрываючы для сябе новае... Менавіта гэтыя дзьве выбітныя выкладчыцы, сапраўдныя прафэсіяналы, якіх мы вельмі паважалі й баяліся, зрабілі з нас тых, хто мы ёсьць, яны заклалі падмурак, на які мы ўжо надбудавалі ўсё астатняе... Яны шмат чаго нам даравалі, яны нас разумелі й шмат у чым дапамагалі, выцягвалі нас з палітычнай і адміністрацыйнай багны... Яны былі нашымі інтэлектуальнымі мамамі, і мы стараліся не апусьціцца ў іхных вачах... Але збольшага мы так і заставаліся студэнтамі-ёлупнямі з прэтэнзіямі на літаратуру.
...вечар, самотны шапік ля гастранома... над адчыненым акенцам цьмяна сьвеціцца лямпачка.
— цыгарэты Magna у мяккім пачку, калі ласка, — зьвяртаецца ў акенца доўгавалосы чалавек зь няголеным тварам.
— magnʼы няма.
— ну, тады Winston. тры пачкі.
рука зь нястрыжанымі й бруднымі пазногцямі забірае цыгарэты, і шыракаплечы сылуэт скіроўваецца за рог суседняй крамы, дзе яго чакаюць...
М. падыходзіць да дзьвюх пэрсон і моўчкі кідае пачкі цыгарэт у торбу да некалькіх бутэлек...
— хадзем на дах, — кажа А., таксама доўгавалосы... ён прапаноўвае гэтае месца, бо лепшага няма ў сьвеце... там, на даху, праходзіць амаль усё іх жыцьцё... гэта дах дома, у якім жыве М., а М. жыве на дзявятым паверсе, таму на дах ён ходзіць часьцей, чым на вуліцу... а ўзімку выгульвае там сабаку, пасьля чаго ўвесну дах ператвараецца ў памыйную яму і там няма дзе ступіць, пакуль да лета ўсё ня высахне... Гераня раней ня мог нават уявіць, што ад сабакі можа за зіму назьбірацца столькі лайна... але да лета было яшчэ далёка, на вуліцы панавала восень, і гэтым людзям не цярпелася патрапіць на дах.
— а што я казаў, там сапраўды сядзіба сатаністаў! — паказаў М. на суседні дах.
тры галавы высоўваюцца з-за сьцяны на даху, у кожнай зь іх па цыгарэце ў роце... яны зь дзіцячай цікаўнасьцю разглядаюць чорныя незразумелыя надпісы, фігуры, пэнтаграмы й крыжы... мурашкі па скуры, ім жахліва й цікава... два мужчыны цягнуць на вяроўцы сабаку памерам з аўчарку... сабака скуголіць і спрабуе вызваліцца...
...адзін з патлатых з усёй моцы бʼе жывёліну нагою, абутаю ў бот "доктар Марцінз", сабака падае ад удару, скуголіць і круціць галавою...
...доўга не разважаючы, Гераня бяжыць да выхаду з даху...
...цяпер яны з М. і А. ператвараюцца ў сузіральнікаў, ці, калі так магчыма сказаць, "падглядальнікаў"... яны любяць з дапамогай бінокля зазіраць у чужыя вокны, сачыць за мінакамі, што шпацыруюць па ходніку... яны неаднойчы траплялі на розныя цікавыя інтымныя рэчы: неяк злавілі мужчыну, які стаяў на гаўбцы й мастурбаваў! ён адчайна торгаў сваёю праваю рукою... увесь тросься, чырванеў... спачатку сяброў такое відовішча шакавала, і яны сачылі, моўчкі ўтаропіўшыся ў біноклі, і толькі праз колькі хвілінаў А. пачаў сьвістаць ды падбадзёрваць мужыка, і мужчына раптам падняў галаву й заўважыў, што на суседнім даху сядзяць нейкія валасатыя хлопцы... мастурбатара гэта відавочна ўзрадавала, і ён накінуўся на свой чэлес з новым імпэтам, з бліскучай усьмешкай на твары... сябры зразумелі, што іх толькі што маральна трахнулі...
...наступіла лета, і гарачы дах больш ня вабіў. яны перабраліся ў суседні парк, што раней быў габрэйскімі могілкамі, а цяпер — футбольным полем з надмагільнымі плітамі вакол, якія служылі лавамі... гэтыя могілкі з дапамогай мясцовых ператварыліся ў месца адпачынку й пʼянства... толькі помнік, клапатліва збудаваны ля парку субратамі загінулых, яшчэ нагадваў пра сапраўдную гісторыю... помнік гэты напалову хаваўся ў высокай траве, якая была вельмі дарэчы для моладзі, бо выдатна хавала іхныя паседжаньні...
...літаральна празь дзьве хвіліны Гераня апынуўся на суседнім даху, дзе са сьценаў на яго абрынуліся жудасныя надпісы й пэнтаграмы... тут ён пабачыў двух мужчын і зразумеў, што сілы няроўныя, але няшчаснага сабаку трэба было ратаваць... ён, доўга не разважаючы, пабег у іх бок, кожную сэкунду набіраючы тэмп... ён не ўяўляў, што рабіць, калі ногі прынясуць яго да гэтых хлопцаў, у яго ня толькі не было пляну, але і да галавы не прыходзіла ніводнай думкі, толькі дынаміка руху цягнула ў бойку... падбягаючы, ён вырашыў з усёй моцы наляцець на таго, хто зьлева, ён целаскладам быў большы... і, дабраўшыся да пункта прызначэньня, ён паваліў яго на сьпіну... у правай руцэ мужчыны бліснула каляровым бляскам лязо, але ён не пасьпеў яго ўжыць, праз сэкунду нож ужо быў у руках Герані, і ён, доўга не разважаючы, усадзіў яго да самай рукаяткі ў левае вока... але мужчына ня толькі не супраціўляўся, але нібы спэцыяльна ляжаў паслухмяна і ўсьміхаўся... другі, той, што стаяў з правага боку, раптам паваліўся тварам уніз — да яго ірвануўся выратаваны сабака...
"я гэта зрабіў дзеля сабакі, ён быў вышэйшы за гэтых людзей, істотнейшы, мудрэйшы", ― у галаве Герані гучалі галасы, але ён ня надта прыслухоўваўся, бо яшчэ ня ведаў, як іх слухаць...
...ён раптам усьвядоміў, што зусім голы ляжыць на незнаёмым даху, спрэс сьпісаным пэнтаграмамі... ён трымае ў руках нейкія лекі, а побач бегае і цяўкае мопсік...
...пасьля галюцынацый на даху ён прыйшоў дамоў, захутаны ў брудны й падраны шэры плед, яго зваліла на падлогу, і ўсё, на што хапіла моцы, ― гэта дабрацца да матраца ў цёмным куце пакоя, які замяняў канапу...
...ён быў у стане комы, ня еў, ня думаў, ня піў, толькі ляжаў і бачыў мноства яркіх фарбаў, якія зьмянялі адна адну ўсімі неймавернымі адценьнямі...
...ён ляжаў дзень, другі, трэці... яму не хацелася спаць... сабака, цвэркшнаўцэр, соль зь перцам, якога ён знайшоў і прывёў дадому, ляжаў у суседнім куце і таксама амаль не ўставаў, толькі зрэдку сікаў у калідоры... на чацьвёрты дзень ён прачнуўся ад нясьцерпнага голаду й амаль сырымі зьеў усе макароны, якія кінуў у кіпень і адразу дастаў...
...ён вельмі палюбіў гэтага сабаку, і яны пачалі сябраваць і разам праводзіць усе дні за гутаркамі й экспэрымэнтамі. сабака апынуўся даволі разумным і цікавым суразмоўцам... Гераня часта выводзіў сабаку на двор, і яны разам гулялі вакол заводаў і фабрык, атручваючы арганізмы брудным паветрам... і ў іх была любімая гульня, яны знаходзілі які-небудзь мост праз аўтатрасу і, стоячы на сярэдзіне, кідалі маленькія каменьчыкі ўніз і потым, чуючы візгат тармазоў, уцякалі... сабака Смайл удала ўпісваўся ў ягонае жыцьцё, калі не лічыць таго, што ён быў занадта пажадлівы й спрабаваў згвалціць усё, што трапляла ў поле зроку... і калі Смайл пастарэў, яго зусім адолеў маразм — ён гвалтаваў нават складкі на незасланым ложку, гвалтаваў мяккія цацкі й нават котак на вуліцы... а потым аднойчы ён сеў у фатэль побач з Геранем, адкаркаваў бутэльку піва і пачаў цытаваць "Вайну і мір"...
...па дарозе ён заскочыў да М., які ўжо месяц хварэў на бяссоньне і перасоўваўся па кватэры як мумія, паўтараючы, што вельмі хоча заснуць, але ня можа, таму што бачыць яшчарак... а ўсё пачалося з рамонту ў суседзяў, распачатага два месяцы таму... і пэрфаратар грыз іхныя сьцены нястомна, нават начамі, бо ягоны сусед закадзіраваўся й ня ведаў, куды падзець вольны час... рамонт апынуўся для яго выратаваньнем... сусед сьвідраваў і сьвідраваў, М. пакутаваў і варʼяцеў...
...вечар набіраў рухі, ужо на прыпынку ў Герані зьявілася адчуваньне дэжа вю, што калісьці ўсё гэта ўжо адбывалася, яны стаялі ўпяцёх, усе як адзін на сваёй хвалі, і чакалі аўтобуса... час цягнуўся, як і стары аўтобус, які праз геамэтрычную форму называўся "труной"...
...прабел...
...праз шэсьцьдзесят дзьве гадзіны ў кватэры больш-менш усё наладзілася, Гераня сядзеў у фатэлі, закінуўшы ногі на пуфік, у руцэ ён трымаў кнігу Фрыдрыха Ніцшэ "Нараджэньне трагедыі з духу музыкі", зьбіраўся чытаць... у канцы пакоя на ложку ляжаў нейкі сьмярдзючы панк, у вопратцы і з баявым іракезам, побач ляжала такая ж, як і ён, дзяўчына, але напаўголая, хто яны, невядома, жывыя яны ці памерлыя, таксама невядома... на кухні, за сьцяной, насупраць якой сядзеў Гера, нейкі пажылы субʼект ва ўсю стагнаў ад сэксу з малалеткай, якая таксама не забывалася выдаваць стогны й стукаць рукамі ў сьцяну... пад кайфам сэкс заўсёды незразумела доўгі й цяжкі... па тэлевізары ішоў Adult Channel, якраз паказвалі фільм, у якім дзесяць чалавек ябалі адно аднаго ва ўсё, што нават хоць крыху нагадвала дзірку ў целе... Гераня палічыў фільм даволі марудным, крыху зацягнутым па сюжэце... ён піў маленькімі порцыямі, паліў і чытаў Ніцшэ, яшчэ ніколі ягоны мозг ня быў такі чысты й сьветлы, яшчэ ніколі ён так яскрава ня ўсмоктваў інфармацыю... гэта было прасьвятленьне, з вачэй цяклі пʼяныя сьлёзы шчасьця, ён упершыню расшыфроўваў кожнае слова... у гэтым чортавым месцы, у асяродзьдзі бруду, ён знайшоў тую нітку ісьціны, якую шукаў...
...Гераня адклаў кнігу, каб зьесьці трамадолу, павярнуў галаву ў бок стала, які стаяў справа ад яго, як раптам у суседнім фатэлі ўбачыў мужчыну. ён пільна глядзеў на Гераню й шырока ўсьміхаўся з-пад кусьцістых вусоў, адначасова моршчачыся, нібыта кожную сэкунду яго мозг нараджаў неверагодныя ідэі... Фрыдрых сабраў са стала некалькі пігулак фэназэпама, кінуў іх у рот і праглынуў, не запіваючы...
...сябры запарылі кавы — дзесяць лыжак на паўшклянкі гарачай вады — жудасны тонік, страўнік адразу скручвае, пякотка забівае ўсе астатнія імпульсы ў целе... куды ім трэба было сыходзіць, ніхто ня ведаў...
...думаў Гераня й перабіраў у кішэні швайцарскі сьцізорык... калі будзе кепскі адказ, ён парэжа сабе ўсе падушачкі пальцаў... адказ, адказ, адказ, колькі пытаньняў, колькі?!
...у адзін зь вечароў за вялікай будоўляй на Нямізе, побач зь вялізным катлаванам, які нагадваў пашчу пекла, яны сустрэлі цікавых субʼектаў... было паміж дванаццацьцю й гадзінаю, цемра апраметная, але ў гэтым месцы было сьветла, нібыта днём... ішла начная зварка, сьвятло кожную хвіліну гасла, чарговы бязглузды гандлёвы цэнтар выпаўзаў з нетраў зямлі, і ў дадатак да зваркі вакол чулася музыка, нешта сярэдняе паміж клясыкай і пахабным шансонам... у гэтым атачэньні зваркі, вогнішча й музыкі яны ўцямілі, што лепшага месца для дэкадэнтаў не прыдумаеш. яны хутка зладзілі стол — бутэлька, шклянкі й некалькі бутэрбродаў... і не пасьпелі выпіць, як на іх натрапілі некалькі будаўнікоў, якіх яны пачаставалі сьпіртным у абмен на салёныя агуркі й бутэрброд зь вяндлінай... будаўнікі паказвалі ім свае грубыя рукі і гаварылі, што ў іх ад гэтай дзікай працы ўжо нават валасы на далонях растуць, жывёламі на будоўлі становяцца, сьвету белага ня бачаць... Гераня і Юля, калі разглядалі вялізныя валасатыя далоні гэтых мужчын, думалі, што гэта проста галюцынацыі... раптам зь цемры выпаўз яшчэ адзін будаўнік, і ў яго сьвяціліся блакітным вочы... "я — новы этап разьвіцьця чалавека, дайце выпіць, калі ласка..."
...было каля пяці раніцы, ёсьць яшчэ час у "Хутка-смачна" — набыць піва й златку...
...сябры выйшлі з двара, пакінуўшы валасатых сам-насам, і накіраваліся ў бок цэнтральнага скрыжаваньня, але як толькі яны дайшлі да дарогі, іх паклікалі. Юля першым заўважыў, як да іх бягуць... сябры спыніліся й пачалі махаць рукамі з радаснымі крыкамі, упэўненыя, што гэтыя ці то байкеры, ці то мэталісты вырашылі зь імі выпіць... агульная радасьць ахапіла абодвух, бо яны нават ужо не спадзяваліся, што сёньня будзе цікавы працяг раніцы... цяпер яны як сапраўдныя гарэзы ці бітнікі і цяпер будуць наладжваць кантакт з прадстаўнікамі контркультуры...
— прывітаньне Анёлам Пекла!!!
— што за анёлы пекла, га? што за хуйня? вы што, нас разьвесьці хацелі!? хто вы, блядзь, такія?!
— гэта мы вас так назвалі, таму што вы падобныя да Анёлаў Пекла, гэта, як вам сказаць, э-э-э, камплімэнт...
— мы з рыцарскага ордэну!!!
...Гераня адчуў на скуле кулак... побач цела Юлі грымнулася на асфальт, на яго абрынуліся адразу чатыры нагі, якія білі зь вялікім імпэтам, трапляючы, куды пашчасьціць: па галаве, шыі, грудзях, сьпіне, па баках... Юля толькі ляжаў, скурчыўшыся, прыкрыўшы твар рукамі, прыціснуўшы локці да грудзей... Гераня вытрымаў удар, збольшага дапамагла маса цела, збольшага ён яшчэ памятаў спартовыя навыкі... ён схапіў валасатага за галаву за імгненьне да таго, як ягонага сонечнага спляценьня мусіла крануцца варожае калена... Гераня выпрастаўся, утрымліваючы пʼянага субʼекта за валасы, і з усёй моцы працяў яго па носе... той хістануўся й тварам стукнуўся аб слуп сьветлафора... гэта было эфэктна, кроў пырснула ў розныя бакі... з роту выпаў кавалак зуба, на дарозе адразу зьявіліся мудрагелістыя ўзоры ў стылі Джэксана Полака... нос скасабочыўся, брыво расьсеклася, валасаты трымаўся за рот, напаўлежачы на асфальце, ягоны імпэт пакрысе сьціх, у вачах сьвяцілася штосьці кшталту сабачага бляску ўдзячнасьці... добра, што ў гэты час вуліцы Менску вольныя ад машын... Гераня скарыстаўся момантам і кінуўся на дапамогу Юлі, якога да гэтага працягвалі зьбіваць...
...вакол уздымаўся вецер... Юля страціў прытомнасьць... пачаў кружляць мяккі й пухнаты сьнег... ён падаў буйнымі ватовымі сьняжынкамі...
...пакуль міліцыянэр падыходзіў, Гераня падскочыў да сябра, схапіў яго за руку й падняў з асфальту, Юля быў непрытомны, але прынамсі крыві відаць не было....
- прабачце, калі ласка, гэта наш сябар, ён зашмат выпіў і паваліўся і... э-э-э... мы яго падымалі...
- як гэта вы яго падымалі? нагамі?!
Гераня моўчкі стаяў, трымаючы Юлю, ён гатовы быў пагадзіцца з чым заўгодна, абы зьнікнуць адсюль!
...яму рэзала вока тое, як выдзяляліся з агульнага кантэксту два чалавекі, якія ледзь трымаліся на нагах, абдымаючы адзін аднаго... адзін зь нейкімі барвова-сінімі валасамі, абодва ў кашулях і пінжаках, падобныя да выкладчыкаў, брудных, сьпітых выкладчыкаў... раптам ён заўважыў, што навокал пайшоў сьнег, зьбянтэжыўся, вырашыў, што гэта дурасьць нейкая...
- от, блядзь, сьнег — і ў ліпені! ідзіце вы адсюль, пакуль усіх не пазабіраў у малпоўню! раніца ўжо! хутка нармальныя людзі на працу паедуць, а тут вы, гандоны зьбітыя, швэндаецеся...
...яны йшлі моўчкі й разважалі пра сваю дурную наіўнасьць, нейкую ахвярную веру ў людзкое асяродзьдзе... іх ідэалізацыя рэчаіснасьці, іх мары і тое, што яны чыталі ў кнігах, ніяк не праецыруецца на празаічную рэальнасьць... яны зайшлі занадта далёка, і адсюль няма выйсьця, каб не ахвяраваць меркаваньнямі, поглядамі й думкамі... Юля расплюшчыў вочы, і зь ягоных вуснаў вылецелі першыя марудныя словы пра Хаос і Армагедон, пра заняпад і сьвятога палага анёла... яны паехалі дадому... селі ў першы тралейбус, злавіўшы цяжкія й змрочныя погляды тых, хто рана ехаў на працу. "так, гэта мы — брудныя, пакамечаныя, стомленыя, дзікія, як пустазельле. але мы сапраўдныя й шчырыя!" — Гераня паглядаў на ўсіх, намагаючыся забіць зрокам...
Сэмэстры даўно скончыліся, трэці курс патануў у партвэйне, залікоўка размокла й ператварылася ў хлебную мякіну. Мы больш нікуды не імкнуліся, нам нічога ня трэба было, мы стаміліся. Мэдыюм — справа нудная, сэмінары й канфэрэнцыі спрэс нецікавыя й доўгія, мы вымушаныя піць сыропы ад кашлю. Мы абіраем шлях супраць хваляў, і няхай нас ліжа вільгаць, няхай пена бурліць вакол нас, мы ператворымся ў гладкія камяні, і з нас сьцячэ што заўгодна — вада, бруд, сьмецьце, сьліна, сікі, алей... Мы крочым наперад, туды, дзе няма паваротаў, скрыжаваньняў, ісьці трэба толькі напрасткі, крыху ўгору, зь вялікім каменем наперадзе, цяжкім каменем, але сваім, звыклым, цёплым, незаменным.
Я зьехаў у Лёндан, Юля лёг у "Навінкі", дакладней, наадварот: спачатку Юля патрапіў у "Навінкі"...
Выбары... Плошча, намёты... Першы вечар з намётамі прайшоў удала, другі таксама, сам я ў гэтыя намёты ня лазіў, мы зь Юлем бадзяліся вакол... Трэці вечар засьпеў мяне дома, калі я стомлена ляжаў на канапе... Тэліць Юля, заве далучыцца да людзей у намётах, я адмаўляюся, маўляў, на сёньня зь мяне хопіць усіх гэтых боек і палітычных гульняў. Недзе так а пятай раніцы я атрымліваю смс: "мяне забралі, намёты раскідалі, еду ў аўтазаку"...
Усю раніцу я кружляў па горадзе, на Акрэсьціна я яго так і не пабачыў... толькі пазьней, краем вока, калі яго з залі суда пераводзілі ў машыну, нават не пасьпеў аддаць яму пачак цыгарэт... Яго адразу перавялі ў Жодзіна.
Сем сутак.
Вечар, амаль ноч, усіх арыштаваных выпускаюць толькі ноччу... што ім рабіць ноччу ў незнаёмым горадзе?! Я сяджу за стырном сваёй "капейкі", ззаду наш агульны сябра й дзьве бутэлькі шампанскага, гарэлка й закусь... дзьверы адчыняюцца, і з зоны пачынаюць выпускаць палітвязьняў, ноччу, каб бязь сьведкаў... мы выскокваем з машыны й гарлаем, адкаркоўваючы шампанскае, якое, грымнуўшы, пеніцца ў розныя бакі... Ніхто, акрамя нас, так не сустракае зьняволеных!
Імчымся ў Менск, ззаду ідзе поўнай хадою жлукценьне, я ня пʼю, машына без тэхагляду, без працоўных габарытаў і чырвоных стопаў, адна фара ледзь гарыць... калі які даішнік — гамон.
На задніх месцах Юлю й Ш. на гэта напляваць, і нас спыняюць перад уездам у горад, я кідаю машыну на супрацьлеглым баку ўзбочыны, сам накіроўваюся да даішнай машыны, будуючы ў галаве праўдзівую прамову, чаму аўто ў такім храновым стане...
- Разумееце, лейтэнант, я на гэтай машыне ня езджу, але сёньня ў сябра памерла бабуля ў Жодзіне, ён быў такі сумны, скрушны, я вырашыў рызыкнуць, адвезьці яго, цяпер вось з пахаваньня дамоў едзем, я ж, вы бачыце, ня піў.
Я лапачу без супыну, даішнік разам з таварышам, які сядзіць на заднім месцы, хістаюць галовамі, нібыта разумеючы, і нарэшце яны вырашаюць, што справа сапраўды вартая таго, каб рызыкнуць і заплюшчыць вочы на штраф, а таму "я мушу аплаціць толькі дзесяць адсоткаў"... кажа лейтэнант і пазірае на мяне, напэўна, у яго самога хтосьці са сваякоў нядаўна памёр.
І тут раптам на ягоных вачах дзьверы маёй машыны адчыняюцца ў розныя бакі, і дзьве цалкам пʼяныя пачвары выпаўзаюць з салёна й пачынаюць ссаць на дарогу, на колы машыны, адначасова трымаючы ў зубох запаленыя цыгарэты — у адной руцэ пэніс, у другой па бутэльцы шампанскага. Я так і самлеў у даішнай машыне, дупаю адчуў, як пот прасачыўся скрозь поры па ўсёй скуры.
"Казёл ты, Юля, — нэндзіў я, — столькі грошай адваліць на штраф! Добра, што вас яшчэ не забралі на пятнаццаць сутак!" Я зноў сядзеў за стырном і вёз усіх дамоў, у салёне аўто было ціха й самотна, усе палілі, і толькі я час ад часу паўтараў сваю скаргу: "Казёл ты, Юля, столькі грошай адваліць на штраф! Добра што вас яшчэ не забралі на пятнаццаць сутак!"
Пасьля падзеяў з намётамі Юлю затрымалі з рэцэптам, на які ён у начной аптэцы хацеў набыць сэдатыўных пігулак... Мужчыны ў штацкім на такіх менавіта ноччу каля аптэкі й палююць... Юля вырашыў, каб пазбавіцца "хіміі", легчы ў "Навінкі", бо тэрміны даўнасьці па артыкуле заканчваліся праз два месяцы. Мне засталося глядзець за яго кватэрай, гэта значыцца жыць там. Участковы амаль кожную раніцу заходзіў у госьці, бо абвык, што кватэра дзіўна-цікавая, як маскарад... Котка ела толькі сырыя сьвіныя ныркі. Я, ня ўцяміўшы, што іх, каб сабе смажыць, трэба спачатку мыць, еў разам з коткай... Ныркі аддавалі пахам і на смак мачою... але нічога, калі шмат перцу й солі...
Выкладчык па іўрыце нас люта ненавідзеў, але калі мы зь ім перастрэліся ў пэўных колах і месцах, дзе стаялі намёты, ён да нас прыязна паставіўся, нават дзяліўся ўлёткамі... Але надышла летняя сэсія, я ледзь усё здаў і ўсё лета бавіў то ў кватэры Юлі, то наведваючы яго ў лякарні, дзе ён зьбіраў па хворых для мяне пігулкі, якія мы разам пілі ў залі прыёму наведнікаў і сядзелі так некалькі гадзін, ловячы Вясёлкавы Мост, гуляючы па ім разам з Одынам, Торам, Локі і Уільямам Бэроўзам...
А потым панеслася: Юля вылятае з унівэрсытэту (яго прымушаюць падпісаць паперы яшчэ да сэсіі, палітыка...), запой Юлі, потым ён ужо студэнт Літінстытуту ў Маскве, напісаў уступны эцюд на сто балаў з ста ― упершыню ў інстытуце за апошнія дванаццаць год... Я — у Лёндан... Я адлічаны з унівэрсытэту, ангельска-беларускі драйв цягам трох месяцаў... Татальная зьмена жыцьця... Вяртаньне ў стан студэнта...
Паўзьці да самага канца вучобы было цяжка й марудна, я ўжо пасьпеў адчуць сябе сасьпелым да чагосьці буйнога, што з майго боку было вялікім глупствам, якое скончылася толькі праз два гады, якія для мяне падаюцца цьмянымі, непрыемнымі, сорамнымі, я на той час вырашыў, што мае тэксты чагосьці вартыя, і паказваў іх паўсюды, так, я сам сабою даволі ўпарты чалавек і часта не спыняюся, пакуль сапраўды не пабачу выніку, але я пабачыў, выпадкова, калі праз год узяў сваю першую кнігу апавяданьняў у рукі і мяне працяў жах, вусьціш пачала кружляць нада мною, як я пасьмеў гэта выдаць! Ёлупень! Уільям Голдынг аднойчы, празь некалькі дзясяткаў год, адшукаў сваю першую кнігу, выкупіў яе за шмат фунтаў у нейкай маленькай букіністычнай краме ў ангельскай вёсцы, выйшаў вонкі, парваў яе й кінуў у сьмецьце. Што казаць... мне нават не спатрэбілася так доўга чакаць, хапіла году, і я быў ня Голдынг.
Я паступіў у асьпірантуру, якую хутка закінуў, бо літаратура, фэсты, падарожжы, нямецкая стыпэндыя (я ўпершыню быў грантаваны), на той час я ўжо пасьпеў узьненавідзець навакольле, і мяне пасьпелі таксама ўзьненавідзець, карацей, у мяне былі свае рахункі з пэўнымі істотамі, і нашая нянавісьць была ўзаемнаю й песьцілася намі, працінаючы сэрца наскрозь, але гэта таксама было збольшага па нявопытнасьці й юнацтве, пазьней я навучыўся проста не прыкмячаць навакольле й ворагаў, яны ўсе атрымалі ад мяне сьпіну, павернутую да іх, і гэтага было дастаткова — я ня воін, мне зброя не патрэбная, калі што, я здольны ўзяць асадку й накалоць на яе вочы ворагаў.
Я заканчваю свой аповед, які, па сутнасьці, ніколі ня мусіць скончыцца, кожны радок тут абганяе папярэдні, сьпяшаецца з новымі падзеямі, словамі, сказамі, і абзацы ўжо імкнуцца далей нагрувашчвацца, а мне, шчыра кажучы, ужо так карціць пачаць жыць далей, па-за межамі гурткоў, клясаў, сэмэстраў... я мушу імкнуцца... мушу пакінуць гэтую прастору, якая для мяне даўно ўжо стала надта ўтульнаю й роднаю. Калісьці мы былі купкай сучаснай моладзі, якая апынулася на ўскрайку, мы былі яскравымі прадстаўнікамі чагосьці апакаліптычнага, мы верылі ў сябе, у сваю моц, але на той час мы толькі пачыналі жыць, ня ведаючы, што з кожным годам вера будзе слабець, патрапіўшы ў палон узросту, калі з кожным новым крокам сталасьць ператвараецца ў старасьць, якая не дае больш веры нікому й ніякім ідэям і падзеям, ніякім тэрмінам і рэлігіям, яна здольная толькі, паглядаючы з вышыні на свае гады, філязофстваваць... няўдала, але...
25.09. — 20.10.2011
Менск