"Глядзіце мне проста ў вочы. Вашае жыцьцё мяняецца. Вы адпускаеце ўвесь боль, які быў з вамі", — Кашпіроўскі глядзеў зь нязграбнага пукатага тэлевізара, які перадаваў выяву шматлікай колькасьцю маленечкіх каляровых квадратаў, чырвоных, зялёных і сініх. Кашпіроўскі не міргаў ужо пятнаццаць хвілін, яшчэ крыху — і мая бабуля больш ніколі ня вернецца. Кашпіроўскі зусім не міргае, ягоныя вейкі быццам прыклеіліся да броваў, яшчэ крыху — і ў яго цалкам высахнуць вочы й вочныя яблыкі павыпаўзаюць на шчокі.
"Пільна глядзіце мне ў вочы, вы расслабленыя, вы забыліся на ўсё гора й няшчасьці, іх больш не існуе", — і тут раптам мой малы брат штосьці пачынае мармытаць, гуляючыся з драўлянымі кубікамі, бабуля не вытрымлівае й спачатку шыкае на ўнука, які зусім не разумее, што адбываецца па тэлевізары, але ўжо праз хвіліну яна, як звычайна, усчыняе сварку:
— Што гэта такое! Як так магчыма, сьмерці маёй хочаце, перадачу адзіную — і тую не даюць глядзець, а Божачкі! — калі яна ўжо завялася, гэта як мінімум на гадзіну, абавязкова з моцнай лаянкаю ў бок маёй маці, спробы біцца з татам, а мы з братам назіраем за гэтым штодзённым тэрорам, за гэтымі нэрвовымі зрывамі, шызафрэнічнымі варʼяцтвамі.
Мама спачатку бярэ высокія ноты, але потым здаецца... Тата ўвогуле застаецца не пры справах, быццам бы нічога не адбываецца, а толькі падлівае сабе таннай гарэлкі на кухні, паглядаючы ў іншы стары тэлевізар, які стаіць на лядоўні, па ім якраз паказваюць модны амэрыканскі блокбастар...
— Панараджала дзяцей, то яны мне статуэткі бʼюць, цудоўныя былі зайчыкі ў мяне, то не даюць глядзець майго Кашпіроўскага!!! Усе людзі як людзі, кватэры будуюць, пераязджаюць, а ты што, ужо дзесяць год на чарзе стаіш, жывеш у пакоі на дзевяць квадратных мэтраў з мужам і дзецьмі! Фу! Сорамна мусіць быць!!! — мая маці штосьці ёй адказвае, перапыняючы крык, але тая ня чуе: — А я насяру! Насяру на твае "немагчыма"! Я вунь усё змагла, непаваротлівая ты скаціна! Я ў твае гады трох дзяцей гадавала ва ўласнай кватэры!
Мы з братам стараемся сядзець як мага цішэй у зачыненым пакоі, мы навучаныя, што, калі голас павышаецца, нам трэба бяжаць з залі і ніякіх там тэлевізараў, абы толькі бабуля спыніла сваю лаянку, выпіла валярʼянкі, зачыніла залю й лягла спаць.
Сваркі, грэбаныя сваркі, бойкі, нянавісьць, брудныя словы, забруджаныя раты, вочы палаюць нянавісьцю — і ўсё гэта так несправядліва да маёй маці... Яна прыходзіць у наш пакой, плача, бацька ўсё яшчэ пʼе на кухні й робіць выгляд, што нічога не адбываецца. Па тэлевізары ў залі Кашпіроўскі ўсё яшчэ спрабуе ўнушыць людзям постсавецкага асяродзьдзя, што ўсе мы шчасьлівыя і ў нас няма ніякіх праблем...
Грэбаная псыхадэлічная сямʼя: дзядзька пастаянна крадзе й шыраецца, сядзіць-выходзіць, цётка — рэлігійная фанатка, сэктантка, у храмах замаўляе на маю маці малітвы, каб тая на яе не варажыла... бабуля — гэта абзац... бацька пʼе й нават не жыве, так, існуе, недзе лётае ў прастрацыі. Маці цяжка працуе й кожны дзень па вечарох слухае лаянку і сваркі; яна плача, спрабуе прымусіць дзядзькаву "жанчыну" хаця б прыкрываць грудзі, калі яна напалову раскумараная выпаўзае з суседняга пакоя ў прыбіральню, ідзе ў адных майтках і ўся марудна-сонна чухаецца, яна заўсёды чухаецца, калі ўколатая...
І на фоне гэтай каляровай карціны маё дзяцінства было дзіўна вясёлым і радасным... Мы з братам хадзілі па нядзелях у баптысцкую царкву, слухалі біблейскія гісторыі, сьпявалі гімны, на каленях маліліся, бацька час ад часу таксама мовіў казані. Аднойчы ў царкве мы вельмі доўга маліліся. Я, укленчыўшы, усё чакаў і чакаў канца малітвы, а бацька, замест таго каб прасякнуцца зваротам да Бога, расплюшчваў вочы, бачыў, што я не малюся й вачыма лыпаю па навакольлі, гаркаў на мяне, каб маліўся... А я, да ўсяго, яшчэ ніяк ня мог стрымацца і пачаў пукаць, ня надта гучна, але сьмярдзюча... Бацька ўжо нават не заплюшчваў вочы, ён толькі глядзеў на мяне, сувора глядзеў, пакуль усе астатнія прыхаджане, спраўна ўкленчыўшы, прасілі Бога пра тое-сёе... Пасьля гэтага я зразумеў, што рэлігія патрабуе толькі аднаго — маліцца з заплюшчанымі вачыма й ня пукаць падчас гэтай сьвятой таямніцы... Нядзельную школу я кінуў, і тут нават не дапамаглі ані Кашпіроўскі са сваімі "забудзьце ўсё кепскае, вы шчасьлівыя", ані маміны сьлёзы, якая на той час думала, што толькі баптысты паставяць мяне на правільную сьцежку ў жыцьці.
Жахліва ўсё гэта, неяк ня так, як мусіць быць у людзей, у чалавечых істотаў, і калі, здаецца, ніякіх параўнаньняў ужо больш не знайсьці, горш і быць ня можа, цётка мая ўзяла і ўладкавалася ў бюро пахаваньняў, маладая, прыгожая...
Усё было, але дзіўным чынам прайшло, мінула, адбылося... Цяпер у мяне ёсьць выдатны дзядзька, які займаецца рыбацтвам, сваім лецішчам, гадуе двух прыгожых сыноў, маіх братоў, маіх кузэнаў...
Усё мінае... Бабуля прабачаецца й шкадуе, што ў свае маладыя гады была такою неадэкватнаю...
Усё падаецца несапраўдным і марным, асабліва калі мінае столькі год і мы ўсе ўжо даўно жывем паасобку.
5.07.2012
Трэнчын. Pohoda