У сямʼі дзеці й сабакі заўсёды ведаюць усё,
асабліва тое, пра што ня кажуць.
1.
Жуйкі "Turbo", "Tipi-tip", "Love is..." з фанцікамі, печыва "Wagon Wheels", цыгарэты "HB", таннае віно "Крыжачок", гульні ў фішкі й бутэлечку, налепкі з Чарапашкамі-ніндзя, круглыя кардонкі з голымі цёткамі, якія трэба было мачыць у вадзе (мы іх сьлінілі языком), тады станік на іх раствараўся — і ты меў некалькі сэкундаў, каб пабачыць сыліконавыя грудзі. Першыя прыстаўкі "Sega Mega Drive — 2", першыя гульні на іх, якія доўжыліся па некалькі сутак: "Super Mario", "Jurassic Park 1, 2, 3", "Mortal Kombat", "Golden Axe", "Sonic", і, вядома, рознага кшталту стратэгіі, да прыкладу "Doom" ці такія гульні, як "Зорныя войны". Якасьць гульняў была вельмі нізкая, нават сучасны калькулятар мае больш функцыяў і выглядае прывабней, але ў тыя часы гэта нікога не турбавала. Нават той факт, што тэлевізар "Віцязь" быў здольны паказваць прыстаўкавыя гульні толькі чорна-белымі, таксама ня меў значэньня. Пасьля "Тэтрысу" гэта было наступнае захапленьне ў дзяцінстве.
Жыцьцё, якое падавалася тады досыць бесклапотным, цяпер бачыцца цалкам іншым. Я памятаю, як бацькам было цяжка з грашыма, калі Перабудова скончылася, калі тата вымушаны быў працаваць па некалькі зьмен запар на аўтазаводзе, і ён пачаў піць, і ў свае дваццаць восем стаўся майстрам гэтае справы. Я ў сямʼі быў раньнім дзіцём, і я трохі разумеў становішча бацькоў. Матуля таксама днямі працавала. І мяне дагэтуль зьдзіўляе, якім чынам яны знаходзілі вольны час і грошы, каб адвесьці мяне ў гурток альбо ў чарговую творчую школу. Мае бацькі рана пачалі сямейнае жыцьцё й не пасьпелі атрымаць пэўнай адукацыі, з усёй моцы імкнуліся даць мне ўсе магчымасьці для самарэалізацыі, таму, пачынаючы з чатырох гадоў і да дзевятнаццаці, я спрабаваў у жыцьці амаль усё.
Краіна вызвалілася ад савецкай улады й атрымала незалежнасьць, але цуд дзяцінства хаваецца ў тым, што яно не заўважае такіх дробязяў, як Перабудова, Рэвалюцыя альбо аўтарытарызм. Дзяцінства выдатна памятае першы замежны ровар-"горнік", першую рагатку, першы пацалунак з дзяўчынкай, першую цыгарэту, першае віно, першае каханьне, першае хобі, першыя фанцікі й жуйкі. Тое, што краіна магла разваліцца, а культура зьнікнуць, было неістотна. Нашае пакаленьне толькі пачынала жыць, і нам хацелася ўсяго таго, што мы бачылі ў новых каляровых тэлевізарах, усяго, што прапагандавала рэкляма й прадавалі шапікі ― ад модных цыгарэт да "сьнікерса". Хацелася жыць, як Мішкі Гамі альбо Дональд Дак, у цудоўным сьвеце "Уолта Дыснэя", які ствараў новую прастору, робячы нас няўдалым пакаленьнем зь незразумелымі разьбітымі марамі, з надзеямі й пʼянымі жаданьнямі ўсяго яскравага й замежнага, усяго таго, чаго бракавала ў шэрыя крызісныя часы. Мы імкнуліся кімсьці быць, мы імкнуліся да назапашваньня навыкаў і ведаў, якія ў будучыні разабʼюцца аб сьцены непаразуменьня й непатрэбнасьці. Хоць цяпер выходзь на вуліцу з апытаньнем, і кожны з нашага пакаленьня апынецца няўдалым эканамістам, бухгалтарам, юрыстам, тым самым адукаваным варʼятам, які ахвяраваў свае школьныя і ўнівэрсытэцкія гады на нікчэмную адукацыю, каб потым ня мець магчымасьці кудысьці ўладкавацца на працу, бо патрэбны вопыт, альбо ты проста той самы чарговы чалавек з пакаленьня "бэбі буму", з пакаленьня Перабудовы, і вас такіх зашмат на адно працоўнае месца. Так, зашмат вас, тых самых, з пакаленьня ружовых мараў, з пакаленьня першых каштоўных фанцікаў з-пад жуек і першых гульнёвых прыставак, у часіны, калі краіна амаль сканала, як той сабака...
2.
Калі я патрапіў у спартовую залю па барацьбе дзюдо, мне адразу гэтае месца дзіка не спадабалася, бо ад матаў, якія зьмякчалі падзеньні барцоў, моцна й канцэнтравана пахла потнымі нагамі, і ня проста потнымі нагамі, але МУЖЧЫНСКІМІ потнымі нагамі, бо, як я адразу пабачыў, дзяўчат там не было, акрамя адной прыблуднай, якая цалкам выдавала на задзірлівага хлапчука.
Дык вось, маё знаёмства са спортам пачалося менавіта з гэтых матаў, якія анучай мыла прыбіральшчыца, прыціснуўшы мяне да сьцяны сваёю тоўстаю дупаю. Мыла яна маты і прыгаворвала: "Вось паскуды, пяску нанесьлі! Дзе яны тут пясок знайшлі?!" Міма яе велізарнага цела паціху пачалі прашчэмлівацца дзюдаісты, кіруючыся ў распранальню.
Падышоў настаўнік, і мама, узяўшы мяне за руку, прамовіла:
— Добры дзень, Ігар Юліянавіч, я вам тэлефанавала наконт майго сына, ці ёсьць у вас магчымасьць і вольнае месца для яго? — і мама павярнула галаву ў мой бок, прамовіла. — Павітайся ж з настаўнікам!
— Добры дзень, Ігар Ю-ю-вю-ве-ва-валяр... — крыху зьбянтэжыўся я, — мяне клічуць Гераня.
— Добры-добры, але, прабачце, я яго не вазьму. Колькі ж яму год? — адвёў ад мяне вочы настаўнік.
— Цяпер чатыры, але хутка будзе з паловай.
— Я ж вам яшчэ па тэлефоне сказаў, што ён замалы, я бяру дзяцей з шасьці-васьмі год.
— Але, шаноўны майстар-настаўнік, у вас тут усходнія адзінаборствы, і вы мне кажаце пра ўзрост? Хіба філязофія барацьбы ня кажа пра тое, што дзюдо мусяць займацца з нараджэньня?
З мамай цяжка было спрачацца, асабліва калі яе зацікаўленасьць у нечым была надта высокай. У выніку мяне запісалі на трэніроўкі, а празь некалькі тыдняў бацькі недзе дасталі сапраўднае кімано з выяваю Бруса Лі на сьпіне, які нагою бʼе ў падбародзьдзе жудаснага тыгра. Я быў у захапленьні й нават не пытаўся, адкуль кімано, адкуль гэтая раскоша, калі ў нас часта не было нават гарбаты і тата раніцою вымушаны быў піць разбаўленае кіпнем сочыва, а на працу браць кавалак хлеба, сала й цыбулю. Адкуль кімано? Адтуль, адкуль усё астатняе, што ў мяне выпадкова зьяўлялася. А мама і тата працягвалі піць кіпень з сочывам і насіць даўно вынашаныя паліто ды касьцюмы. Адну сваю спадніцу мама насіла амаль пятнаццаць гадоў, але я ніколі ня чуў ад яе папрокаў, яна заўсёды пасьміхалася з гэтага.
У першы дзень, калі я ступіў босымі нагамі на маты, я падхапіў даволі непрыемны грыбок, але потым ён альбо кудысьці зьнік, альбо я да яго абвык, ня ведаю.
Першыя заняткі былі пакутлівымі, бо, акрамя таго што мы доўга-доўга сядзелі на каленях, больш нічога не адбывалася. Настаўнік хадзіў вакол нас альбо сядзеў, як і мы, з заплюшчанымі вачыма і распавядаў пра тое, як варта, паводле філязофіі барацьбы, трымаць у сваім целе моц і энэргію за кошт мэдытацыі й маўчаньня, за кошт уменьня канцэнтраваць і назапашваць энэргію сусьвету ў добрых мэтах празь веру ў сябе, а не празь фізычную моц, і нават калі мы ўступаем у бойку, галоўнае, што ня мы бʼемся, а спрабуем энэргію й злосьць суперніка скіраваць супраць яго самога. Часта ў такія гадзіны, слухаючы манатонны голас, я засынаў, куляўся на маты й спаў, і настаўнік мяне не чапаў, а ціхенька накрываў яшчэ адным кімано, каб я не прастудзіўся й не захварэў.
Ігар Юліянавіч быў маленькі й хударлявы чалавек, без валасоў на галаве, бяз броваў і вейкаў, ён відавочна не галіўся, бо не было што галіць. Таксама я заўважыў, калі мы ўсёй групай траплялі ў душавую, што і на ягоным целе таксама нідзе не было расьліннасьці. Але настаўнік Ігар Валярʼянавіч (дарэчы, яго нават дарослыя спартсмэны толькі так і называлі, бо хуткім прамаўленьнем літары "юлі" зьмяняліся на "вал"...), трэнэр, меў апошні дан па дзюдо, і гэта было неверагодна.
Аднойчы мы, седзячы на каленях, слухалі з заплюшчанымі вачыма легенду пра тое, як надышла зіма і ўвесь лес накрыўся тоўстым пластам сьнегу, і хвоя зь елкаю спрабавалі вызваліцца з-пад гэтага цяжару, але елка казала, што яна спакайнютка вытрымае гэты сьнег і дачакаецца, калі ён сам зваліцца, а хвоя нахілялася з шапкаю сьнегу долу, нахілялася ўсё ніжэй і ніжэй, пакуль ня скінула сьнег і не вярнулася ў свой звыклы стан, а елка, так і не датрываўшы, зламалася амаль ля каранёў і высахла. Дык вось, у дзюдо вы мусіце быць падобнымі да хвоі, якая замест трываньня разважала шырэй і шукала больш зручнага выйсьця з сытуацыі. Я не дачакаўся, калі трэнэр скончыць, і ціхенька пачаў пасопваць.
І тут упершыню мяне ніхто не накрыў зьверху кімано. Я прабудзіўся ад таго, што Ігар Валярʼянавіч прымусіў усіх устаць з каленяў і пачаць актыўныя трэніроўкі, шматмесячная перадпадрыхтоўка была скончана, мы мусілі пачынаць станавіцца сапраўднымі дзюдаістамі.
Трэніроўкі былі варʼяцкія. Мы клаліся на сьпіны, і трэнэр бегаў па нашых жыватах, і праз колькі дзён я адчуў, як маё невялікае дзіцячае пузіка налілося сьвінцовым прэсам. На шпагат мы таксама станавіліся дзіўна: настаўнік падкрадаўся да цябе ззаду ў час тваіх намаганьняў сесьці, браў цябе за плечы і з усёй моцы націскаў уніз, пакуль ты цалкам ня сядзеш долу, што было страшэнна балюча. Але самым пакутлівым быў футбол на каленях, калі мы, патрэніраваўшыся, мелі колькі вольнага часу. Мы часта да крыві зьдзіралі скуру аб маты, але ніхто ня скардзіўся, бо футбол — гэта яшчэ й весела, і я заўсёды з захапленьнем бег да брамаў, калі атрымліваў мяч, але забіваў чамусьці заўсёды сваёй камандзе, і мяне за гэта часта білі, а настаўнік матляў галавою й сыходзіў. Ну адкуль я мог ведаць, дзе чые брамы, усе аднолькава белыя ў кімано, і таму футбольны час бавіў часьцей ля вакна альбо ў распранальні, зьбіраючыся дахаты. У мяне яўна нічога не атрымлівалася з барацьбою.
Аднойчы празь некалькі гадоў маіх маўклівых і сумных змаганьняў зь дзюдо, я стаяў у пары са старэйшым за мяне хлопцам (мы вывучалі ўнутраную падсечку) і замест таго, каб падсекчы ягоную нагу, я акурат пяткаю патрапіў яму ў прамежнасьць. Божачкі, як ён крычаў, як ён пакутаваў, бо падсечку я рабіў зь вялікім стараньнем і моцаю — я ўжо быў дзюдаістам са стажам. Хлопца забрала хуткая. Мама потым увесь вечар маўчала. Калі б я гэтага хлопца дзе-небудзь пабачыў, дык абавязкова прабачыўся б, спадзяюся, што ён жывы-здаровы і ў яго шмат прыгожых дзетак.
Пакрысе я пачаў адчуваць увесь сэнс гэтай барацьбы, я пачаў разумець філязофію дзюдо, нават перамог у некалькіх чэмпіянатах і атрымаў жоўты пояс, і калі надышоў час змаганьня за памяранцавы, а потым, калі атрымаецца, за зялёны, мяне проста ня выклікалі на татамі, бо мне было ўжо дзесяць год і я нечакана пачаў таўсьцець. Для таго, каб прымаць удзел у чэмпіянаце, спачатку трэба ўзважыцца ў адных майтках. Дык як я мог, амаль голы і такі тоўсты, пайсьці на вагі? Каб усе пабачылі мяне й пачулі маю сапраўдную вагу? Такім чынам я прапусьціў свой зорны час.
І толькі амаль праз год у мяне была другая спроба на зялёны пояс. І вось першы двубой. Я стаю на татамі й чакаю, калі выйдзе супернік, а яго няма, і я аўтаматычна перамагаю ў першым раўндзе. І тут даведваюся, што мой супернік, калі разьмінаўся перад чэмпіянатам, зламаў пазногаць. Адразу ўзгадваю, што на разьмінку абраў сабе ў партнэры нейкага выпадковага хлопца, які, калі спрабаваў трэніраваць на мне кідок церазь бядро, зламаў аб маё кімано пазногаць.
Другі двубой я выйграў, зрабіўшы складаны прыём — "млын". Я атрымаў зялёны пояс, і там, на гарызонце, узьніклі сіні, карычневы, чорны. І хто яго ведае, моʼ там, за чорным поясам, мяне ўжо чакалі даны? Але празь некалькі тыдняў я атрымаў ускладненьне на галаву пасьля грыпу і патрапіў у дзіцячую псыханэўралёгію.
3.
Мой брат, мама, тата і я — уся наша сямʼя шмат гадоў, амаль да майго дваццацітрохгодзьдзя, пражылі ў дзевяцімэтровым пакоі. Кватэра была трохпакаёвай, але жыло там людзей больш, чым шмат: бабуля часта ўсчынала сваркі, цётка працавала, яшчэ нехта прыходзіў і сыходзіў... Мы спрабавалі жыць...
Гэта былі часы, калі ўсё, што адбывалася ў сямʼі, было навідавоку ня толькі для чальцоў сямʼі, але й староньніх, суседзяў, мінакоў. Мы жылі адчайна, жахліва, але я ў школе казаў, што жыву недалёка, у трохпакаёўцы, нас там толькі чацьвёра, і мне верылі. Я шмат чаго выдумляў, бо мне хацелася жыць інакш, каб наша сямʼя жыла ў сваёй кватэры і мы былі з грашыма і бестурботнымі. З часам пытаньне з кватэрай было вырашана, але гэтаму мала хто ўзрадаваўся, бо мама цяжка захварэла. Мы з братам сталі дарослымі, а тата страціў надзею дачакацца гэтай хрэнавай кватэры. І вось яна, новая кватэра, трымайце, нарэшце!
Залежнасьць ад неабходных для жыцьця рэчаў — паскудства, і трэба мець апошняе скурвелае грамадзтва, каб чалавек быў вымушаны жыць на дзевяці мэтрах учацьвярых, альбо каб чалавек мусіў даваць грошы за прыбіральню ў горадзе, альбо плаціць за адукацыю. Хіба падаткі не для гэтага прыдумалі? Але мы жылі й працягваем жыць. Калі было неймаверна цяжка, нашу сямʼю ратавала маці, менавіта яна была тым самым падмуркам цэласнасьці, калі я цяжка хварэў, калі граў на клярнэце так, што суседзі зьверху вешаліся, і калі тата піў і здраджваў, і калі брат кепска вучыўся і зьнікаў начамі зь невядомымі сябрамі... Усё трымалася на маме, і нават калі аднойчы яна сышла ад бацькі, усё адно штовечар прыходзіла да нас, а праз паўгода зноў вярнулася дамоў. Яна зразумела, што няма дараваньня бацьку за здрады і пʼянства, але мы — сямʼя... Тады ў бацькоў быў другі мядовы месяц, яны на адлегласьці наноў пакахалі адзін аднаго і зьехалі на месяц у Крым. Ці варта казаць, што гэта значыла для нас з братам, падлеткаў! Акрамя таго што бацькі памірыліся, нас пакінулі сам-насам, без нагляду, на месяц, толькі час ад часу наведвала жанчына з дачкою, каб пабачыць, як мы тут жывем... Сумленная баптыстка, якая ў чысьціні выхоўвала дачку й шмат малілася... Аднак пакуль яна ня бачыла, мы з братам паказвалі ейнай дачцэ, якая ўпершыню бачыла тэлевізар, порнафільмы на касэтах,.. але гэта ўжо іншая гісторыя.
Дык вось, нашыя трываньні на дзевяці мэтрах спрыялі нашым з братам імкненьням стаць кімсьці, каб выкараскацца з гэтага ганебнага жыцьця. Каб, напрыклад, мама магла мець сваю кватэру й грошы на падарожжы. Таму я ніколі не супраціўляўся новым прапановам у адукацыі, у наведваньні новага гуртка. Такім чынам, акрамя клятваў у любові, я мусіў для мамы яшчэ й дзейнічаць — вучыцца, разьвівацца (мой брат, дарэчы, таксама быў і ў кузьні і ў млыне: скрыпка, акардэон, нядзельная школа).
І вось чарговы гурток, я стаю ў вялікай залі, якая ўся запоўненая люстэркамі й страйнюткімі дзяўчынкамі і хлапчукамі, мне мала год, і я мушу пачынаць вучыцца танцам, ды не абы-якім танцам — бальным!
Полька, мазурка й ча-ча-ча яшчэ, дзякуй Богу, прайшлі някепска, але замінкі пачаліся, калі я закахаўся ў дзяўчынку і ўвесь час сачыў за ёю, а яна штораз, каб танчыць у пары, абірала аднаго і таго ж хлопца. Ці варта казаць, што ў той час мы мусілі вывучаць розныя пазыцыі наскоў і пятак — 1-я, 2-я, 3-я, 4-я, 5-я, 6-я, 7-я, 8-я, 9-я, і хто яго ведае, якая там наступная... Мае ногі закручваліся ў вузел ужо на пятай. Але кропкаю ў вывучэньні бальных танцаў стала нават не каханьне ці немагчымая "пазыцыя", кропкаю стаўся вальс.
Божухна, як я роў, як я скуголіў і зваў маму! Мяне прымусілі абдымаць за талію дзяўчынку. Я, вядома, быў яшчэ маленькі, каб нешта цяміць пра сэкс і адносіны, але я інтуіцыйна адчуваў, што проста так мацаць дзяўчынку — кепска.
Мяне забралі з танцаў.
Упершыню я абняў дзяўчынку праз год, яе звалі Вольга Белая, але яна гэтага нават не пасьпела заўважыць... Была трэцяя кляса, я кахаў яе, але яна была надта прыгожаю, таму я саромеўся да яе набліжацца, а на занятках фізычнай культуры неяк бег за мячом і "выпадкова" сутыкнуўся зь ёю і абняў...
І, шчыра кажучы, дадзены "прыём" я выкарыстоўваю час ад часу нават будучы дарослым, але мне цяпер ня трэба бегчы за мячом, каб абняць дзяўчыну, усё стала складаней — спачатку будуецца пэўны плян дзеяньняў. І тут толькі адзіная паралель знойдзецца для чытача: усё, што геніяльнае — простае. Паспрабуйце ўспомніць свае "выпадковыя" абдымкі, сутыкненьні, спатканьні, пацалункі... Проста так нічога не адбываецца, і нават, шчыра кажучы, мая жонка В. аказалася са мною ня дзякуючы лёсу, а толькі таму, што я моцна хацеў, каб яна была побач, і я дзейнічаў, браў ініцыятыву на сябе і, быццам выпадкова, сутыкаўся зь ёю, быццам выпадкова знаходзіў для нас агульныя справы... Пакуль мы ня зьехалі на вандроўку ў Нясьвіж...
Дарэчы, бальнымі танцамі я больш ніколі не займаўся, да гэтага часу ня танчыў анічога такога.
4.
Зразумела, што я, як і ўсе дзеці, любіў маляванкі ды іншыя дзіцячыя забавы, але ніколі ня думаў, каб да маляванак ставіцца неяк больш сурʼёзна. Ды лягчэй пайсьці ў гурток, чым пераканаць бацькоў.
У мяне ніколі не атрымлівалася нешта ляпіць з гліны альбо цеста з сольлю, мае фігуры альбо былі незразумелымі, альбо ў печы набывалі плоскі выгляд, быццам не скульптуры, а нейкія магніты на лядоўню.
З колерам таксама ўсё было складана, акрамя таго што я кепска адрозьніваў птушак, напрыклад сароку ад грака, я няўдала працаваў з адценьнямі. У выніку ня толькі істоты, падобныя да птушак, але й кветкі, і шмат што яшчэ пакутавалі ў маіх малюнках.
Плястылін мне таксама здраджваў, але ён хаця б лёгка прыліпаў да сьцен і валасоў, ды ўвогуле быў унівэрсальным у сэнсе розных дурасьцяў.
Аднойчы на адным з заняткаў, які прысьвячаўся вывучэньню паняцьця графікі й тушы, я стаўся зоркай! Настаўніца не магла нацешыцца тым, як файна я малюю ў графіцы, і гэта не залежала ад таго, чым я карыстаўся — алоўкам ці пяром.
Я выпадкова знайшоў сябе, і настаўніца пачала надта часта весьці прыватныя размовы з мамаю, якая па мяне прыходзіла. Усё шэпча нешта й шэпча, а мама глядзіць у мой бок і ўсьміхаецца.
Такім чынам, я пачаў часьцей бачыцца з настаўніцай па мастацтве, і раней за алфавіт вывучыў паняткі пабудовы карціны, гарызонту, спалучэньня колераў, і, вядома, усе віды пёраў былі ў маім уладаньні.
І сталася так, што мяне не ўзялі ў шэсьць гадоў у школу, дырэктар параіў пачакаць наступнага года. У той дзень, калі мяне прывялі на "прагляд", каб я паказаўся і па загадзе палічыў ды агучыў хаця б палову алфавіту, пацягнула мяне да плястыліну, наляпіў я яго не шкадуючы на галаву, а адляпіць ад валасоў ня здолеў, падставіць пад гарачую ваду галаву — не дацяміў... Я знайшоў нажніцы й пакрамсаў сваю сьвежую фрызуру.
І калі паўстаў ва ўсёй прыгажосьці перад дырэктарам школы, падобны да закатаванага дзіцёнка — валасы плешшу, і ў розныя бакі высоўваюцца даўгія пасмы, дык мяне й прасіць ня сталі нешта там палічыць альбо адгадаць загадку, было вырашана чакаць наступнага года й майго сёмага лета.
З гэтым не зьмірыліся бацькі, бо, як зразумела, я ж такі разумнічак, самы лепшы ў сьвеце, і мяне было наканавана аддаць на іспыты ў мастацкую школу, там, як сказала маці, мяне ўсе зразумеюць.
І сапраўды, людзі там не зьвярталі на мяне ўвагі, я са сваімі валасамі быў проста ніхто, бо дзеці, якія прыйшлі здаваць свой першы ў жыцьці іспыт, былі ня толькі са сваімі самастойнымі фрызурамі, але і адзеньне на іх было нейкім мастацкім. Карацей, мяне чакала сапраўднае выпрабаваньне.
У той час наша сямʼя шчыльна сябравала зь сямʼёй мастакоў, нельга сказаць, што тое былі кепскія альбо выдатныя мастакі, проста — мастакі, і зь іхным сынам я хадзіў у мастацкі гурток, і мы былі аднаго ўзросту. Менавіта гэтая сямʼя мастакоў параіла аддаць мяне ў неардынарную школу.
Надышоў час, нам раздалі паперу фармату А4 і папрасілі ўсіх намаляваць што-небудзь з "Казкі пра курачку Рабу".
Я сядзеў разам з Валодзем, так звалі таго хлопца, я паглядзеў на яго, а ён хуценька ўжо нешта вымалёўваў. У мяне быў толькі аловак і акварэль, і я памятаў, што мне раіла настаўніца спачатку намаляваць усё алоўкам, бо гэта я здолею, а потым, як маляванку, размаляваць.
Я пабудаваў геамэтрычныя прамыя, так бы мовіць, зрабіў плян, каб маляваць трохмерна, што ўжо адразу давала мне форы, бо такое ва ўзросьце шасьці гадоў мала хто выкарыстоўваў. Дзед, баба, курачка, хатка, яйка на падлозе пабітае — сюжэт быў нескладаны, я вытрымаў усе правілы пабудовы фігур. Я быў задаволены і яшчэ больш узрадаваўся, калі пабачыў, што мой супернік, Валодзька, сынок мастакоў, такую халеру намаляваў, што нават з павелічальным шклом не разгледзіш, хто і што там у велічэзным будынку, які нагадвае хатку, а яйка наадварот было завялікім, большым за чалавечыя фігуры...
На наступны дзень нам патэлефанавалі й паведамілі, што сын, гэта значыцца я, не прыняты.
А Валодзька пасьпяхова прайшоў іспыт, і мама мне аднойчы сказала, калі я сумна сядзеў у пакоі й разважаў над тым, што ўжо ў шэсьць гадоў "праляцеў", як дэбіл, празь дзьве школы... гэта ў такім малым узросьце й адразу празь дзьве школы!.. Яна сказала, што тая сямʼя сябруе з дырэктарам мастацкай школы, а ў мяне быў сапраўды найлепшы малюнак.
Мастацкі гурток я больш не наведваў, але празь пяць год выпадкова апынуўся ў сьценах таго будынка, дзе ён знаходзіўся. Я тады па дарозе забег у прыбіральню, бо сьпяшаўся ў музычную школу, да якой было далёка. І як толькі я апынуўся ў знаёмым калідоры, раптам заўважыў, што на сьценах пад шклом вісяць тры мае графічныя малюнкі.
Я зазірнуў у прыбіральню й зьнік, больш ніколі не зьяўляўся ў тым будынку, але ў сэрцы заўсёды трымцела жаданьне зноў паглядзець на свае дзіцячыя малюнкі, гэта ўсё-ткі была мая першая і адзіная выстава, прычым доўгатэрміновая.
5.
Клярнэт — гэта катастрофа, гэта штодзённае забойства часу. Гэтая эбанітавая трубка, зусім непрыгожая й непрыкметная, выклікае тужлівы настрой, як толькі яе ўбачыш! І яшчэ выгляд майго клярнэта сапсаваны шасьцю вялікімі лічбамі на баку, намаляванымі фарбай для падлогі. Такімі лічбамі пазначаюць школьную ўласнасьць, гэта значыць, што клярнэт належыць ня мне.
Праз два тыдні — вакацыі ў абедзьвюх школах, і ў музычнай, і ў агульнаадукацыйнай. Трэба здаць іспыты па сальфэджыа і па клярнэце — і я вольны. А да верасьня яшчэ тры месяцы...
У верасьні — чацьвёртая кляса ў школе й другая ў "музыкалцы". Не люблю я настаўніка па музыцы, ён надта малады, і ў яго вялізная ніжняя губа брыдкага ружовага колеру, гэта ад таго, што ён штодзень трымае ў роце муштук клярнэта, і гэтая губа такая непрывабная, што я нават бачу яе ў жахлівых снах. Настаўнік па клярнэце зусім пануры...
І такое даводзіцца трываць тройчы на тыдзень!
Мне завуч сказала, што ў верасьні будзе новы настаўнік. А мне ўсё роўна. Новы, стары — аднолькава ня хочацца вучыцца граць на клярнэце.
Але не пасьпеў я нацешыцца адпачынкам улетку, як прыйшоў верасень, і я зноў стаяў з клярнэтам у руках і знаёміўся з новым настаўнікам, Акапджанянам Лявонам Рубэнавічам. Ён зь першых хвілін моцна ўразіў мяне: вялікі, сівы, пузаты, з чорнымі вачамі й шэрымі вачніцамі, ягоная ніжняя губа была цёмна-сіняга колеру, а верхнія разцы былі зусім сьцёртыя муштуком. Ён быў вельмі імпульсіўным мужчынам з бліскучай плешынай і нястрыжанымі на скронях і патыліцы валасамі. Лявон Рубэнавіч прадстаўляў сапраўдны армянскі тып мужчыны сталага веку. Я амаль адразу адчуў ягоны прафэсіяналізм, ягоную моц й энэргію.
І калі мінуў толькі першы месяц вучобы, я значна прасунуўся ў музычнай тэхніцы і быў вельмі шчасьлівы з гэтае нагоды. Я ўпершыню разумеў клярнэт, музыку, я пачынаў гэта любіць, нягледзячы на тое, што музычная школа палохала сваімі старымі й шэрымі клясамі, у якіх па ўсіх кутках чуліся дзіўныя шоргаты й іншыя гукі, ад чаго бегалі мурашкі па сьпіне. Час ад часу я нават бачыў пацукоў ці мышэй, ня ведаю: кожны раз было цяжка вызначыць праз эканомна-змрочныя саракаваткі, самотна разьмешчаныя на кожных дзесяці мэтрах доўгіх калідораў. Я бачыў іх толькі мімаходзь...
Год вучобы праляцеў непрыкметна, у актыўных трэніроўках па некалькі гадзінаў на дзень. Гэты пажылы армянін абудзіў ува мне жаданьне пісаць музыку. Я з задавальненьнем слухаў яго пахвальбу на мой адрас, у яго былі пляны наконт мяне. Ён разгледзеў ува мне талент. Дома я ствараў маленькія пʼескі й потым запісваў іх на касэту.
Аднойчы ўвесну, калі я ўжо трэці год займаўся музыкай, здарылася адна падзея...
У вокны клясы ярка сьвяціла сонца, ад ягонага цяпла я зусім разамлеў і не хацеў граць, а Лявон Рубэнавіч, пасмоктваючы валідол пасьля пяціхвіліннага крыку й шпурляньня алоўкаў і асадак у розныя бакі, супакоіўся ад стрэсу й задрамаў. Я думаў, што мне далей рабіць: чакаць, калі ён прачнецца, ці сыходзіць дадому. І раптам Акапджанян расплюшчыў вочы й сказаў:
— Хлопчык мой, Гераньчык, я цябе на каленях прашу, ня горбся й не разьдзімай шчокі, і не запінайся, грай, добра грай! — яго голас гучаў спакойна. — Ідзі, калі ласка, да шафы, стань да яе сьпінаю, зрабі сьпінку роўнай-роўнай і грай! — голас трохі раздражняўся, яго відавочна дастала, што я ня мог сабрацца й добра адыграць пʼесу Шумана "Мроі".
І я пачаў граць усё, што ведаў, нават усе існыя гамы, сьпіна была ідэальная, шчокі не разьдзімаліся, але здрадліва пачалі падступаць сьлёзы. І мне стала так крыўдна! Так крыўдна, невыносна крыўдна! І сьлёзы, нарэшце, пацяклі самі сабою, яны струменіліся па шчаках і капалі на вопратку, а я ўсё граў і граў, зь неверагоднай злосьцю й так віртуозна, як ніколі ў жыцьці...
— О-о-о! Так! Гэта зусім іншая справа, гэта вельмі добра, хлопчык мой, гэта шык, кляс! Паміж небам і зямлёю! — настаўнік ад задавальненьня мружыў вочы й падскокваў у такт на крэсьле ад захапленьня.
І тут нечакана пачуўся стук у дзьверы. Настаўнік спытаў хто і запрасіў заходзіць. На парозе стаяла сьціплая жанчына зь дзіцем. Яна прыйшла пабыць на ўроку й паказаць сыну, каб зацікавіць яго музыкай.
— Мадам, паглядзіце на гэтага вучня, — зьвярнуўся да яе Лявон Рубэнавіч й паказаў пальцам у мой бок — дыямант! Плача, але грае! Талент!
У хлопчыка і ў ягонай маці вочы сталі квадратныя ад аднаго майго выгляду ў сьлязах. Яны самі прынялі неверагодна жаласны выгляд і быццам уціснуліся ў дзьверы, намагаючыся выйсьці.
Пазьней, у наступным навучальным годзе, я гэтага хлопчыка бачыў каля кабінэту цымбал. Мяне расьсьмяшыла, што ён абраў цымбалы. І я падумаў, які ж ён дурны — губляць настаўніка, які быў сябрам Шастаковіча й Хачатурана.
— Мне Шастаковіч прысьвяціў музычнае сачыненьне з партыяй клярнэта, я першы гэта сыграў! Там так й напісана: "Лявону, які першым сыграў! " У мяне гэты рукапіс дома ляжыць! — і вочы яго вільгатнелі. — А цяпер, цяпер я ў задрыпанай музычнай школе нумар 1897665789, і гэта справядліва?! — "задрыпаны" было ягонае ўлюбёнае слова, настаўнік з кожным днём станавіўся ўсё больш мітычным й загадкавым.
— Не, несправядліва, — адказваў я.
— Але галоўнае, што ёсьць ты, будучы вялікі музыка! Ты будзеш вучыцца ў кансэрваторыі!
Часта ён зьнянацку пачынаў распавядаць, як абедаў з Хачатуранам, і, гледзячы яму ў вочы, я бачыў свайго настаўніка маладым, гарачым душою чалавекам, які быў шалёна ўлюбёны ў музыку...
Лявон Рубэнавіч трапіў у Беларусь у савецкія часы, тады ён быў на вышыні папулярнасьці, граў на самых вядомых сцэнах сьвету ў ГДР, Парыжы, Армэніі, СССР, яго запрасілі ў аркестар БССР, ён пагадзіўся, потым краіна распалася, і на яго ўсе забыліся, кожны стаў яму ворагам, беларускія "музыкі" й дырыжоры ня бралі яго нікуды, не выпісвалі "заслужанага дзеяча", каб ён атрымліваў нармалёвую пэнсію, бо аднойчы ён меў нахабства параіць савецкаму беларускаму дырыжору, як трэба дырыжыраваць, а потым яшчэ дадаў, што любы аркестар абыдзецца без дырыжора, але без таленавітага музыкі — ні ў якім выпадку... Савецкі дырыжор потым заняў высокую пасаду пры ўладзе й закруціў усе шрубы вакол Акапджаняна, і той захрас напаўбедны на беларускай зямлі... Лепей, як ён часта казаў, каб ён у савецкія часы зьбег у аркестар ФРГ, які яго не аднойчы запрашаў да сябе...
Я адвучыўся неабходныя пяць гадоў на клярнэце і мусіў чакаць два гады да кансэрваторыі. Лявон Рубэнавіч дамовіўся, каб мая вучоба доўжылася сем год замест пяці, бо хацеў падрыхтаваць мяне да паступленьня. Я прымаў удзел у конкурсе "Юныя дараваньні", мне далі нават дыплём, што я менавіта такі — "Юнае дараваньне". Але я, адвучыўшыся шосты год, прыйшоў да яго ў верасьні, калі быў ужо ў дзявятай клясе агульнаадукацыйнай школы, і заявіў, што не хачу далей вучыцца, сыходжу.
Трэба сказаць, што я тады ўжо цікавіўся мэдыцынай, нягледзячы на тое, што выдатна граў і хутка засвоіў храматычную гаму — прэлюдыю да засваеньня сачыненьня "Палёт чмяля" Рымскага-Корсакава. Маё рашэньне было не ад расчараваньня ў музыцы, проста я не хацеў быць бедным музыкам, пры тым што я вельмі паважаў Настаўніка.
Лявон Рубэнавіч пашарэў й на маіх вачах паменшыўся ў памерах, стаў невыносна жаласьлівы. І толькі праз год я зразумеў, што быў яго адзінай надзеяй у жыцьці. Бо ягоныя ўнук і сын жылі ў Гішпаніі, пакінуўшы яго тут, з голай сракай і старэючай жонкай. Яму было восемдзесят, дзевяноста, сто год — ня ведаю.
— Я для цябе, хлопчык мой, месца ў кансэрваторыі знайшоў, без іспытаў цябе бяруць, бо ты мой юны талент... — ня скончыўшы фразу, Настаўнік павярнуўся да акна, усім сваім выглядам даўшы зразумець, што ён не жадае далей размаўляць. Так я й сышоў ад яго, не пачуўшы канца фразы, не распавёўшы яму пра свае мэты й не прабачыўшыся.
Калі мне было ўжо дзевятнаццаць і я вучыўся ва ўнівэрсытэце, я сустрэўся зь ім на вуліцы. Я быў зьдзіўлены, як хутка, усяго за тры гады, ён пастарэў: і сьледу не засталося ад ранейшага імпульсіўнага армяніна. Мне стала вядома, што ў яго памерла жонка, а дзеці год як не тэлефанавалі й не наведвалі. Я паабяцаў, што ў суботу ўвечары зайду ў музычную школу, пагутарыць і выпіць гарбаты, няхай чакае.
Але я не зайшоў, я забыўся. Мне сорамна, але я забыўся пра яго, будучы тым вечарам у гасьцях у сябровак, дзе было шмат каньяку й сэксу. Я зусім ня думаў пра яго.
Потым, празь некалькі месяцаў, я ўбачыў яго яшчэ раз. Убачыў са сьпіны, ён ішоў па вуліцы, зьлёгку кульгаючы, але, як заўжды, выразна й прама, як быццам у той момант ён музыцыраваў. У мяне не хапіла духу падысьці да яго, я ня ведаў, што яму сказаць. Так я яго і захаваў у сваім сэрцы — экспрэсіўнага армяніна, генія й сябра, яму тады было... шмат яму было, восемдзесят, дзевяноста, сто, а можа і некалькі соцень год.
6.
Колькі памятаю дзяцінства, заўсёды бачу сябе на баскетбольных пляцоўках. Яны не былі заасфальтаванымі, таму ўжо празь некалькі хвілін цяжка было адрозьніць, хто за каго гуляе, бо пясок і пыл раўнамерна пакрывалі як адзеньне, так і скуру, але я ніколі не спыняўся гуляць, нават калі пясок захрасаў у горле й носе.
Мяне моцна прыцягваў гэты спорт, асабліва калі я непадалёк ад дома знайшоў пляцоўку, дзе баскетбольны кошык вісеў надта нізка і я мог забіваць мячы зьверху, павіснуўшы ў паветры.
Мы зь сябрамі часта сутыкаліся з панкамі, тады я ня быў яшчэ ані мэталістам, ані панкам, таму нас яны віталі нявесела і часьцей за ўсё псавалі нам гульню тым, што ўсчыналі бойку, і ўсё сканчалася аднолькава: мае сябры давалі дзёру з пляцоўкі, а я заставаўся сам-насам зь імі, бо ня мог я зьбегчы на вачах сваёй дзяўчыны альбо, што яшчэ горш, кінуць яе адну. Таму атрымліваў некалькі разоў у вока... Праз колькі часу нас перасталі чапаць, але для сваёй сяброўкі я ўжо пасьпеў стаць тым самым безнадзейна слабым хлопцам, якога могуць адлупцаваць нават нейкія там панкі з вайсковымі папругамі ў рукох, з бліскучымі зоркамі на мэталічнай спражцы, якая глядзела вонкі й часта цэліла ў твар... Я зь ёй не спрачаўся, а толькі крыўдаваў на зьбеглых сяброў.
Аднойчы я нарэшце вырашыў далучыцца да якой-небудзь падлеткавай баскетбольнай раённай каманды й разам зь імі трэніравацца, бо гэта бясьпечна й надае больш практыкі ў зімовы час. Такім чынам, я на тры гады патрапіў у спартовы баскетбольны клюб, дзе трэнэр знаходзіла мяне надта пасьпяховым у далёкіх кідках. Я бываў на ўсіх спаборніцтвах, мяне выпускалі на пляцоўку толькі ў другім тайме, бліжэй да канца. Я не прымаў удзелу ў разыгрываньні мяча пад кашом, бо з ростам мэтар шэсьцьдзесят сем гэта нейкае глупства, я проста чакаў пасаў каля трохлічбавай рыскі і, калі атрымліваў мяч, хуценька забіваў. Мы някепска рухаліся, перамагаючы розныя каманды, і нават мусілі змагацца на гарадзкіх спаборніцтвах у наступным годзе, але чамусьці школьныя заняткі перанесьлі зь першай на другую зьмену, і зразумела, што, калі ідзеш на заняткі а палове трэцяй дня, ніякага часу на штосьці іншае не застанецца, і калі б я прапускаў па тры дні на тыдні й бавіў час на баскетбольных трэніроўках, я б страціў нават пачатковую адукацыю, але я не Ламаносаў і ня Бродскі, каб такое вырабляць, таму было вырашана заканчваць адзінаццатую клясу...
Такім чынам, прамяняўшы трэніроўкі на школу, я пачаў шукаць выйсьце і знайшоў яго. Адзін сябра-баскетбаліст прапанаваў перайсьці ў іншы клюб, што падыходзіў па часе. І мы разам туды пайшлі.
На парозе нас сустрэў трэнэр, і першымі ягонымі словамі былі:
— А ты что, тоже баскетболист, что ли, или так, мячики подаёшь? Да ты же с метр ростом!
Шчыра кажучы, я падазраваў, што ростам я не для гэтага віду спорту, але каб мне вось так, у твар такое сказалі? Ды ніколі! Ні мая былая трэнэрка, ні мая былая каманда ніколі так бы не зрабілі.
Нас адправілі разьмяцца й падрыхтавацца да паказальнай гульні. І пакуль мы бегалі кругі на стадыёне, адзіная думка пульсавала ў маёй галаве: "Я малы! Я малога росту. Я маленькі"...
Глядзелі на нас дваццаць хвілін, гулялі мы някепска, але мяне адправілі ні з чым дадому, а сябра ўзялі, бо ён хоць і ня вельмі добра гуляў, але быў ростам два мэтры і штораз перамагаў у барацьбе пад баскетбольным кашом. І потым ён гуляў за гарадзкі юнацкі клюб, а я ў свае пятнаццаць і шаснаццаць піў, курыў і мацюкаўся. Надыходзілі гады альтэрнатыўнай хвалі, дзе контркультура станавілася ня проста словам, а правілам жыцьця.
20.09 — 10.10.2010
Менск — Ваймар — Дрэздэн