ТРЫ ВЫПРАБАВАНЬНІ ЛЁНДАНАМ


Калі бываю сам з сабою я,

прыглядваю адразу за абодвума.

Станіслаў Ежы Лец


Beginning

Калі пачынаюцца такія падарожжы, як гэтае, то абавязкова па вяртаньні пачынаеш моцна сумаваць, скардзіцца на сваё жыцьцё, зьнікае жаданьне нешта рабіць, дзейнічаць... жыць... а потым ахоплівае цяжкая дэпрэсія, якая цягнецца... цягнецца... зьядаючы знутры.

Але калі жывеш у Лёндане, як жа кожны дзень хочацца дадому, як сумуецца па родным Менску... Аднак і культурны шок, зьдзіўленьне й эйфарыя з пахмельлем праходзяць. Тады пачынаеш адчайна сумаваць па сямʼі, ведаючы, што наперадзе — яшчэ больш за восем тыдняў вучобы ў акадэміі "Тоні і Гай".

Не сумаваць альбо забывацца на Менск дапамагаюць толькі падзеі, якія хутка пралятаюць праз цябе, падарожжы, прыгоды, архітэктура, мастацтва, вучоба, літаратурнае ўзбагачэньне, пачынаючы ад бясплатных ангельскіх паштовах і сканчаючы апошнімі сьвежымі анталёгіямі кароткай прозы Англіі, знойдзенымі на пыльных паліцах старых кнігарняў гораду... і час ад часу паранаідальная шызафрэнія, што ты — гэта быццам бы ня ты, што не з табою ўсё адбываецца, што гэта ня ты пакінуў столькі цяжару ад апошніх жыцьцёвых падзеяў дома; а яшчэ ты — гэта той самы малады чалавек, які пазірае на цябе зь люстэрка ў пабе пад гаўбцом твайго новага ангельскага жытла; і ёсьць трэці ты, які на ўсё гэта пазірае звонку і разумее, што яшчэ імгненьне — і гэтая танюткая мяжа між вамі разарвецца, і цябе возьме ў палон вынішчальна-ачышчальнае шаленства.

Быў 2008 год, зіма, я тады пісаў злыя й брудныя апавяданьні, марыў пра сваю першую кнігу й захапляўся самотай... Бо перад тым як патрапіць у краіну сваіх мар, я пры вельмі дзіўных і жахлівых абставінах разышоўся зь дзяўчынай, зь якой жыў разам два гады, аточаны сабакамі й брудным адзеньнем. У Лёндан я прыляцеў з разьбітым ілбом, бо бадзяўся па Кальварыйскіх могілках ноччу, зьбягаючы ад аўчарак і аховы... У Менску я пакінуў не сваю кватэру ў стане руінаў: паўсюль засталіся раскіданыя кнігі й адзежа, бітыя шклянкі й талеркі, зацягнуты цінай акварыюм з афрыканскімі жабамі, на лесьвічным пралёце валяліся паламаныя часткі шафы, камода й колькі парваных кніг з маёй бібліятэкі. Я сядзеў у ангельскім бары, памяты, сьмярдзючы, баяўся зазірнуць у вочы маім спадарожніцам і інвэстару, нам падалі піва й вараную бульбяную кашу разам з ангельскай сасіскай і салатай, я накінуўся на куфаль піва й асушыў яго за імгненьне... За тры тыдні беспрабуднага пітва мой твар азыз, як у прафэсійнага алькаголіка... У Менску я пакінуў любую маму, якой толькі-толькі зрабілі апэрацыю, і яна знаходзілася на хатнім лячэньні... І нягледзячы на ўсё тое, што падрывала маё здароўе, як фізычнае, так і маральнае, я ведаў, што ў Менску самотнаю засталася мая палюбоўніца зь вялікімі аксамітнымі грудзямі й доўгімі чорнымі пухнатымі валасамі. І вось яно, пытаньне: "Які Лёндан, калі ў жыцьці вэрхал?! Калі праз сваё падарожжа ты губляеш яшчэ й цэлы год навучаньня ва ўнівэрсытэце?!"

Але я марыў пабачыць Лёндан, марыў яшчэ з тых гадзінаў, калі дзіцём апынуўся ў Шатляндыі, і мне нарэшце пашанцавала! Калі дакладна, то я, здаўшы патрэбныя іспыты, выйграў конкурс на вучобу й пражываньне ў казачным горадзе цягам ажно васьмі тыдняў. Такім чынам, я падпісаў дамову, паводле якой быў абавязаны па заканчэньні навучаньня вярнуцца ў Менск і два гады адпрацаваць у франшызе "Тоні і Гай", а таксама атрымліваў аплочанымі навучаньне, здымную кватэру, квіткі на самалёт і безьлімітную картку Амэрыкэн Экспрэс.

І вось ён я, у найгоршым стане ў жыцьці, з такой колькасьцю праблем на плячах, што лягчэй застрэліцца, чым іх вырашыць, вось ён я разам зь яшчэ дзьвюма дзяўчынамі паляцеў у Англію і пасяліўся на вуліцы ў двух кроках ад Нацыянальнага брытанскага музэя, насупраць "літаратурнай вуліцы", і кожную раніцу, калі я прачынаюся зь цяжкою галавою, быццам бы ў ёй адбыліся адразу некалькі выбухаў, я пʼю моцную каву, палю й шпацырую праз сквэр Расэла, дзе ўжо кружляюць спартоваю хадою жанчыны й мужчыны, вавёркі й сабакі... Я іду, трымаючыся за галаву, дзівячыся, адкуль столькі здароўя ў гэтых англіках, каб так выдатна насіцца па сквэрыку ў шортах, калі на календары люты... Потым праходжу музэй па вуліцы Блумсбэры й на скрыжаваньні збочваю ўлева, праходжу паўз краму ангельскіх парасонаў і цыліндраў, потым збочваю ўправа, на Нью Оксфард стрыт, завітваю ў "Старбакс", замаўляю вялікі кубак моцнай кавы, прыкрываю яго кардоннай накрыўкай і пераходжу дарогу на іншы бок вуліцы, далучаючыся да астатніх студэнтаў, якія паляць "самакруткі", а я, як сапраўдны беларус, прывёзшы з сабою некалькі блёкаў "Уінстана", дастаю цыгарэту, якая тут па коштах прыроўніваецца да паўграма золата, запальваю яе, расплюшчваю нарэшце вочы, пʼю каву, кашляю. Спрабую ўсьміхацца гэтаму натоўпу добразычлівых людзей, але атрымліваецца кепска...

Усё толькі пачынаецца, у мяне яшчэ ёсьць нармальныя цыгарэты, і я пакуль не перайшоў на табаку і табачныя паперкі... Са студэнтамі я яшчэ не знаёмы, для іх я, напэўна, выглядаю менавіта так, як яны сабе ўяўляюць Усходнюю Эўропу — кудлатая распухлая пыса, перагар, у вачах злосьць і нявыкрутка... Вэлкам, Сяргею, Лёндан пачынае свае выпрабаваньні, каб ты змог пераключыць увесь цяжар уласных праблем пакуль што на ангельскае асяродзьдзе, забыцца, хаця б часова, што недзе там, у далёкім Менску любая маці пасьля апэрацыі, разьбітыя жыцьці й сэрцы, кінутыя кватэры й сабутыльнікі, каханкі й сябры, надзеі й няскончаны ўнівэрсытэт, ты стаіш, можа быць і ня надта трывала, на гэтым ходніку, але ты стаіш у Туманным Альбіёне, на старой брукаванцы, і ўсё толькі пачынаецца!


London

Як мы прыехалі? О, як мы прыехалі!!! Самалёт быў захоплены ў палон алькаголем, крыкамі "Сэкс Пісталз", неадэкватнымі вачыма, храпам і нахабствам... Мы прызямліліся амаль так, як і ўзьляталі, з трэскам і скавытаньнем, бо па-іншаму самалёты Белавіі ТУ-134 ня лётаюць.

Паўгадзіны змарнавалі на бадзяньні па агромністым аэрапорце Гэтвік, і вось мы ўжо стаім на гумовай дарожцы, якая рухаецца й вязе нас з валізамі па доўгім калідоры да сьвятла наперадзе... потым блуканьні між незнаёмых й варожых пакояў і лесьвіцаў і выпадкова знойдзены выхад. Гэта заўсёды так, у любым аэрапорце, які б ён ня быў велізарны, блукальны, усё роўна выйдзеш куды трэба...

Натоўп. Усе кагосьці чакаюць, усьміхаюцца, плачуць, радуюцца, мы грымім напаўпустымі бутэлькамі ў плястыкавым пакеце, цягнем за сабою валізы на колах. З натоўпу нас выхоплівае высокі малады мужчына з позіркам, як у ваўка, — гэта наш інвэстар, чалавек, які ня толькі наш кашалёк, але й страхоўка, дах над галавою й адзіны знаёмы ў гэтай краіне. Мы — паравозікам за ім да чырвонага бэ-эм-вэ, у салёне якога я заўважу адзіную цікавую рэч — агромністага вожыка, зробленага зь недапалкаў у попельніцы — інвэстар курыць па чатыры пачакі моцнага Мальбара за дзень... нэрвовая гэта справа — інвэстыцыі.

Едзем па левым баку, дзіўнае адчуваньне, едзем доўга па аўтабане, потым па двухпавярховым аўтабане, потым блукаем вузкімі вуліцамі, а потым спыняемся... ямо ангельскія стравы: бульбяная каша, стэйк, паўсюль кетчуп Хайнц розных колераў, смакаў, пахаў і спэцый... паўсюль эль, паўсюль пах Лёндана, але я пакуль не ўсьведамляю сваю фізычную прысутнасьць у горадзе.

Пасьля таго як брудныя талеркі прыбраныя і мы ўжо пʼём трэці куфаль элю, расчырванелыя, захмялелыя й сонныя, лянотна ўсьміхаемся й скоса паглядаем на інвэстара, баючыся нават запытацца пра грошы й кватэру, ён моўчкі кладзе на стол плястыкавую картку Амэрыкэн Экспрэс, ключы, піша адрэсу, гэта амаль суседні дом ад паба, дзе мы сядзім, разьвітваецца й сыходзіць. Да заўтра, пан С.!

Першы дзень, раніца, мы ледзь знайшлі акадэмію.

Але ад самага пачатку... Па-першае, мы ледзь знайшліся ў кватэры, у якой панаваў вэрхал і бруд, потым ледзь знайшлі бойлер і нагрэлі вады, ледзь знайшлі сілы памыцца, потым павячэралі й зноў выпілі, і вось, на наступны дзень ледзь прачнуўшыся й ледзь апрануўшыся ў пакамечаную ў валізе адзежу, мы ўтрох выскачылі на вуліцу, бо па часе ўжо спазьняліся на першыя заняткі... бегам, бегам, бегам.

Першы дзень. Акадэмія. Спазьненьне на дзьве гадзіны, прайшла першая лекцыя. Знаёмства. І я разам зь дзьвюма сваімі спадарожніцамі й суседкамі адразу апынуўся на лекцыі па бясьпецы, якую чытае мужчына са Скотланд Ярду, падобны да Жэрара Дэпард'ё. Распавядае ён пра тое, што ўсе мы тут замежнікі, маладыя людзі з розных месцаў, краін і кантынэнтаў... і менавіта ў гэты час мы заходзім у лекцыйную залю, перапыняем лектара, доўга шукаем вольных месцаў і знаходзім толькі на першым шэрагу, акурат перад лектарам... Пяціхвілінка сораму й нянавісьці — і мы ўжо сядзім, а над намі ўзвышаецца паліцэйскі, які спрабуе патлумачыць, што нам, прыезджым, трэба абавязкова быць уважлівымі на вуліцы, бо мы сьвецімся іншаземшчынаю, і таму нас так лёгка абрабаваць, узяць у палон, згвалціць. І першае, на што варта зьвярнуць увагу, кажа капітан, гэта нашыя транты, торбы, заплечнікі й кайстры, а менавіта! — ніколі, ані ў якім разе не трымаць грошы й дакумэнты ў кішэньках торбаў, якія лёгка расшпіліць альбо парэзаць тонкім лязом. І вось вам прыклад, кажа паліцэйскі і, апусьціўшы голаў, заўважае мой заплечнік, бярэ яго й падымае ўгору ўсім на агляд:

— Вось тут, як вы можаце ўсе бачыць, адразу кідаецца ў вочы першая кішэнька заплечніка, маленькая, пукатая, чырвоная, і тут людзі нядбайныя часта трымаюць каштоўнасьці, лічачы, што калі ім самім зручна й хутка дабірацца, то астатнім гэта ня прыйдзе да галавы, — і капітан расшпільвае з усьмешкаю кішэньку і, нават сам не чакаючы, знаходзіць там мой пашпарт, паміж старонак якога схаваная цэлая тысяча купюрамі па сто фунтаў.

Паліцэйскі сам у шоку, бо такая недарэчнасьць! Уся аўдыторыя сьмяецца, рагоча, пляскае. Мяне запытваюць, адкуль я, я кажу:

— Belarus.

— What?

— Belarus.

— Aha, OK.

Што тут казаць, ня надта файнае першае знаёмства, ня самыя прыемныя ўражаньні ад нас... Капітан яшчэ ўвесь дзень будзе паказваць розныя кішэнныя сыгналізацыі, спэцыяльная званкі й сьвісткі на вулічнае здарэньне, мы будзем піць гарбату, есьці пячэнькі, я буду штохвіліны перакладаць сваім спадарожніцам лекцыю... На нас будуць пазіраць з усмьешкаю, але з усмешкаю такою, ня злоснаю, усьмешкаю, якую дораць блазнам, дзецям, сьмешным сабачкам... Мы атрымаем стос раздруковак, нейкія дурныя саколкі й кепкі ад паліцэйскага аддзелу, капітан пацісьне мне руку, скажа штосьці незразўмелае але сьмешнае для астатніх, і настане вечар, і да нас прыедуць замоўленыя інвэстарам перакладчыкі.

Першы вечар, гэта Піца Хат разам зь перакладчыцаю й яе бойфрэндам, як гэта тут гучыць. Першы вечар — гэта ўпершыню пакаштаваны сідр, вялікая, неверагодна вялікая піца, сум, жарты пра нашае лахаўство, успаміны пра былое жыцьцё ў Менску й Полацку ад нашых новых знаёмых, пітво, пітво, пітво, і доўгі, марудны, насычаны рамантыкаю й няўлоўным сьвежым новым пахам шпацыр па лёнданскіх вуліцах і цяжкі кароткі сон, забыцьцё, спроба запамятаваць сваё беларускае жыцьцё.

Пералічыць студэнтаў-аднагрупнікаў складана, складана нават назваць усе краіны, прадстаўленыя ў адным вучэбным пакоі, які месьціцца на трэцім паверсе й мае сваёю мэтаю навучаць прасунутых студэнтаў для сваёй сеткі салёнаў — "Vardering Stuff Course": Грэцыя, Італія, Гішпанія, Ірляндыя, Францыя, Алжыр, Кювэйт, Японія, Кітай і мы — Беларусь. Нічога новага, акрамя нас. Вось.

А назаўтра быў вечар барбэкю... Мы доўга ехалі зь сябрамі-перакладчыкамі да іх у госьці, яны жывуць у дамку, дакладней у пакоі ў дамку, які напампаваны мігрантамі, у Трэцяй зоне Лёндана... што такое Трэцяя зона — растлумачыць складана, тое самае, як распавесьці, колькі станцыяў мае ангельская падземка... Трэцяя зона Лёндану — гэта вядома ня цэнтар, але й ня ўскраіна, гэта як паехаць з праспэкта Незалежнасьці ва Уручча. У Трэцяй зоне жывуць збольшага эмігранты, людзі ненадзейныя... увесь раён уяўляе сабою вуліцы, забудаваныя двух- і трохпавярховымі дамкамі часоў разьвіцьця манаполіі... гэта як вуліцы, дзе жывуць працаўнікі з прамысловай часткі Манхэтану, вуліцы-дэкарацыі зь фільмаў "Монці Пайтана" альбо зь фільму "Чамаданы Тульса Люпэра"... ехалі мы паўтары гадзіны... потым ішлі пехатою дваццаць хвілін... было яшчэ сьветла, таму больш-менш бясьпечна... барбэкю ў двары за домам, ангельскі эль, беларуская гарэлка, шатляндскі ўіскі, печанае мяса, кетчуп Хайнц, высьвятленьне, што адзін з нашых навасьпечаных сяброў — гей (пра гэта ня ведалі нават ягоныя старыя сябры зь дзяцінства), расповеды пра Менск, высьвятленьне, што нашая перакладчыца піша вершы... а потым высьвятленьняў было так багата, яны былі такія вясёлыя й шчырыя, каляровыя й пʼяныя, што зьніклі ў дробязях, але засталіся, як агульны цёплы вечар. Нягледзячы на люты, мы сядзелі ў пледах... і толькі позьні вечар адбіваўся сваім неспакоем, калі мы крочылі да начнога аўтобуса, каб дабрацца да Расэл Скуэр — крыкі, бег нейкіх людзей, адзін зь іх абарочваецца... потым чутны стрэл... потым мы ў краме, шнапсы запакаваныя ў папяровыя пакеты, паніка, вусьціш, прыгоды. Да свайго канцавога прыпынку мы не даехалі, бо было вырашана тэрмінова ехаць дапіваць у парк недалёка ад Трафальгарскай плошчы, у парк, дзе днём плавалі качкі й гулялі дзеткі, а газоны былі падстрыжаныя й засаджаныя жоўтымі нарцысамі... мы пілі на палянцы, тапталі нарцысы, хадзілі ссаць пад старажытны ангельскі вяз... нам было выдатна, і паліцыя, якая, патрулюючы, праязджала каля нас разоў пяць, назірала за намі здалёк, але не адважвалася падысьці — бо мы былі ня мы, а нейкія іншыя... дзіўныя, шалёныя прывіды, бо хто яшчэ, як ня прывіды будзе ў цэнтры Лёндана ў парку раскладаць на газэтку на сьвежападстрыжаным газоне закуску й мяць кветкі, толькі прывіды — зялёныя ўпыры з Усходняй Эўропы.

Што казаць пра музэі... сорам, вялікі сорам нам, бо я бачыў, як шмат Шагала прадаецца, як шмат карцін мае той жа Тэйт Мадэрн альбо Нацыянальны музэй... адно тое, калі стаіш перад "Сланечнікамі" ван Гога, альбо перад палотнамі Магрыта, не істотна, галоўнае, што адчуваеш сакральнае спасьціжэньне гісторыі, мізэрнасьць існаваньня, усё падаецца ня вартым увагі, ня вартым жыцьця, і адначасова ўсе шэдэўры, што так разнастайна прадстаўленыя ў шматлікіх музэях, галерэях і салёнах Лёндана, здаюцца зусім ня вартымі таго, як высока іх ацэньваюць, таго, якую значнасьць ім надаюць, усё абвастраецца, усе пачуцьці перамешваюцца, і той самы сум існаваньня становіцца найбольш зразумелым і ясным, мяжа, калі задумваешся пра сваё існаваньне сьціраецца, і нічога больш няма, акрамя асэнсаваньня таго, што ты і ўвесь сьвет — гэта проста ты і ўвесь сьвет, жывёлы, расьліны, чалавек, вада, зямля... усё адно й адначасова ўсё ёсьць розным і прыгожым, адвечным і нязьменным. Толькі дзеля гэтага варта выдаткаваць пару тыдняў свайго жыцьця, каб прайсьціся па галоўных мастацкіх пунктах Лёндана: Далі, Пікаса, Магрыт, Мунк, Кало, Мадыльяні, ван Гог, Клее, Полак, да Вінчы, Рэнуар, Рывера, Манэ, Монэ, Дзюшан, Вэрмеер, Босх, Сысьлей...

Першая паездка па горадзе, на сьвежую галаву, з раніцы, з шырока расплюшчанымі вачыма, зь цьмяным адчуваньнем казачнасьці... і адразу я абіраю сабе кропкаю пачатку шпацыру Таўэр оф Лёндан, і на сваім прыпынку Расэл Скуэр я ўпершыню трапляю ў салён чырвонага двухпавярховага аўтобуса, такога таемнага й адвечна цікавага аўтобуса, які перасьледуе мяне ад самай першай клясы, з урокаў па ангельскай мове... я знаходжу вінтавую лесьвіцу й караскаюся на самы верх, узрадаваны тым, што наперадзе нікога, я займаю месца каля лабавога акна (месца для пацалункаў, бо гэтая камэра зьверху акурат здольная праглядаць увесь салён і пярэдняе сядзеньне — сьляпое месца, месца пад камэрай), і маім вачам адкрываецца неверагодны краявід другога паверху Лёндана, яго жыцьцё зьверху, па-іншаму, калі пабы, кнайпы, пірагоўні — усё недзе ўнізе, а зьверху дрэвы, старая архітэктура, сьветлафоры зазіраюць у акно, рэклямныя расьцяжкі пралятаюць, ажно кранаючыся чырвонага даху... гэта прыцягвае, горад падаецца магічным, я шчоўкаю кадры на сваю "мыльніцу"... вакол сонечна, але гэта цяпер, бо праз хвіліну пачынаецца дождж...

Лёнданскія аўтобусы (каб не заміналі руху па такіх вузкіх вулачках) замест таго, каб пашыраць дарогі, умешвацца, так бы мовіць, у саму існасьць горада, вырашана было пераставіць на спэцыяльныя шасі, якія на паваротах былі здольныя паварочвацца на дзевяноста градусаў ... звонку гэта ня надта заўважна, але калі ты знаходзішся на самым носе аўтобуса, на другім паверсе, то бок на самым ілбе чырвонай машыны, ягоныя рэзкія павароты, крутыя й адчайныя, падаюцца сапраўдным атракцыёнам, і першае падарожжа здаецца ўвогуле экстрэмальным... але ненадоўга, вось ён спыняецца, і я пачынаю сваё першае падарожжа празь Лёнданскі мост да Шэксьпіраўскага тэатру, буйной галерэі Тэйт Мадэрн, да Лёнданскага вока, празь якое пехатою да Біг Бэна, адтуль да Трафальгарскай плошчы... і дадому праз Нацыянальны музэй... часам маршрут заводзіць мяне да Сэнт Пол Катэдраль альбо да ланцуга паркаў — Сэнт Джэймс парк, Грын і Гайд паркі, празь якія, сьцежкаю Лэдзі Дзі я магу дабрысьці й да раёну Кэнсінгтон... гэта мае звычайныя маршруты, якімі я часта пераадольваю, быццам зьбягаючы ад нявыкруткі, скрушныя думкі. Лёнданскія шпацыры — гэта мая ўласная псыхатэрапія, маё лячэньне, дзе я зазіраю ў галерэі, старыя аблупленыя пабы, якія падаюцца такімі роднымі, спыняюся на розных мастах — Міленіюм, Ватэрлоа, Таўэр, Лёндан, Блэкфраярс, Лямбэт, Ваксхол і іншыя... я самотна ўглядаюся ў Тэмзу, таплю ў ёй выявы, думкі, расчараваньні... я мушу вярнуцца дамоў адноўленым, іншым... на кожным сваім шляху я пакідаю частку ад мяне былога, таго, з кім мне ня хочацца камунікаваць... у парках я падоўгу сяджу й назіраю за качкамі, лебедзямі, за англікамі, эмігрантамі, іншаземцамі, я вучуся глядзець унутр сябе, але пакуль што ў мяне атрымліваецца пісаць толькі скрушныя нататкі й злосныя, брыдкія апавяданьні.

У акадэміі акрамя неверагоднага патоку інфармацыі, паскоранага руху часу, шалёных абʼёмаў кавы й ламаньня галавы, як напісаць гэтую варʼяцкую курсавую па разьвіцьці стылю й моды ангельскага "Тоні энд Гай" за пяцьдзясят год, акрамя сумных рознакаляровых і размаітых студэнтаў у мяне ёсьць тры сябры: Алі Аўюн, Сафі Паэт й Кэвін Фостэр.

Алі з Кювэйта, ён цалкам падобны на Эдварда Рукі-Нажніцы, толькі ў яго высокі лахматы іракез і ён сам худы й невысокі, джынсы ў яго заўсёды амаль цалкам споўзшыя з заду, ён майстра круціць сапраўдныя ямайскія спліфы, набітыя самым адборным...

Сафі з Францыі, яна мае вялікія, цёмныя, вельмі прыгожыя вочы, кірпаты носік і кудлатыя валасы, якія віюцца па плячох і заўсёды імкнуцца кудысьці ніжэй сьпіны... праз год я даведаюся, што яна, так і не скончыўшы курс, пакінутая на паўторнае навучаньне, зьехала ў Афрыку й пачала пісаць апавяданьні... цяпер яна ўжо друкуецца й мае гонар ладзіць свае аўтарскія вечары ў Францыі.

Кэвін — ён карэнны англік, жыве на ўскраіне Лёндана, у Сыты навучаецца, бачыць яго, Сыты, упершыню... акрамя жартаў — Кэвін у цэнтры горада ўпершыню, бо ехаць зь ягонай ускраіны ажно чатыры гадзіны... няма чаго рабіць! Падчас вучобы ён здымае жытло побач з акадэміяй... Кажа, што пазнае большасьць месцаў з урокаў ангельскай мовы й гісторыі... У нас зь ім амаль агульнае ўспрыманьне Лёндана, бо ўпершыню... Кэвін апранаецца ў вельмі шчыльную адзежу, заўсёды здаецца, што яна яму вельмі й вельмі малая, яшчэ імгненьне — і пачнуць рвацца кашуля, джынсы, саколка па швох, але яму, здаецца, усё падабаецца, асабліва ўсьміхацца.

І вось яны, гэтыя тры зусім розныя й дзіўныя замежнікі, ратуюць мяне ад усяго на сьвеце, дазваляюць мне запамятаваць, адцягваюць маю шалёную засяроджанасьць на дэпрэсіі, на тэлефонных сварках з знаёма-незнаёмай мне дзяўчынаю, якая падабаецца мне ўсяго толькі сваімі грудзямі, але яна, седзячы ў Менску, нават тут мяне дастае. У маёй маці пасьля апэрацыі не зажывае рана, яна пра гэта не гаворыць, але я ведаю — у тэлефонную слухаўку яна мовіць бадзёра, але я ведаю — скрозь сьлёзы... брат піша на мабільны пра ўсё, што дома... я спрабую выйсьці са свайго стану праз парэзы, я рэжу сябе... грудзі, жывот, рукі... гэта цяжкае выпрабаваньне — пакінуць столькі ўсяго невырашальным дома, і тут, у ангельскім асяродзьдзі, спрабаваць зазірнуць у сябе так, каб вывернуць усё наадварот, вонкі... у мяне здараюцца гістэрыкі, і таму аўганскі гашыш Алі, гарэлка Сафі й ўіскі Кэвіна мяне ратуюць доўгімі напаўрэальнымі начамі, да самага сьвітаньня... а там раніца, Старбакс, дзе я праз раз удала ўтрымліваю перададзеную мне каву, часьцей разьліваю першы кардонны кубак па стале з касавым апаратам, па падлозе, і вучоба... а потым зноў падарожжы вуліцамі, завулкамі, паркамі, мастамі...

Зіма, люты, тут таксама халодна. Але халодна адносна чаго? Адносна Беларусі тут цёпла, адносна Марока — халодна... мінус, слабенькі мінус, днём, калі сьвеціць сонца, варта пакідаць толькі байку, але ўвечары можа непрыкметна падкрасьціся халаднеча, і тут ужо толькі сьпяшайся апранаць паліто, шалік і пальчаткі... напачатку ХХ стагодзьдзя ў ангельцаў была праблема са здароўем, праз такое настабільнае й пахмурнае надворʼе шмат хто захворваў і паміраў ад сухотаў... Было вырашана на парлямэнцкім узроўні запусьціць доўгатэрміновую мэдычную мадэль загартаваньня насельніцтва, і пачалі гэта з самых маленькіх англікаў, амаль немаўлят... паступова гэтая загартоўная плынь захапіла ўсіх жыхароў, і што мы можам бачыць у наш час, у ХХІ стагодзьдзі — маладыя мамы й таты, гуляюць са сваімі дзеткамі... дарослыя — у саколках, кашулях, лёгкіх штанах, больш радыкальныя — у шортах, дзеткі разам зь імі напаўраспранутыя... такія семʼі зь першага погляду падаюцца змерзлымі, але насамрэч шалік на шыі грэе, самі яны ружавашчокія, сьмяюцца... сапраўды, карэнныя жыхары гэтага вострава апранаюць ня так шмат на сябе, як прыезджыя, і выглядаюць здаравейшымі... Такім чынам, калісьці прыняты закон уратаваў шмат і шмат тысяч сваіх жыхароў.

Аднойчы мы з Алі так добра адпачылі ў нашым бары 101, што былі вымушаныя недалёка ад Пікадылі, каля будынка, у якім месьціўся МакДоналдз і Піца Хат, сесьці проста на ходнік, на брукаванку, сесьці, каб даць адпачыць целу й галаве... мы сьмяяліся, гутарылі, прымружваліся, быццам бы ў вочы сьвяціла сонца... у тры гадзіны ночы... мы былі на адной хвалі, якая павольна, ледзь рухаючыся распушчалася ў паветры, яднаючыся з зэфірам... як раптам на ходнік упаў мэталічны фунт, упаў з характэрным дзынькам, я сфакусаваў зрок, падняў галаву, але тут нават ноччу няспынны паток людзей, я не заўважыў, хто гэта зрабіў, усьміхнуўся, падумаў, што хтосьці згубіў цэлы фунт! Нам пашчасьціла — чатыры бляшанкі піва на раніцу будуць вельмі дарэчы! І тут зноў упаў фунт, за ім лязгнулі пяцьдзясят пэні... Алі скеміў, у чым справы, і паклаў на ходнік сваю чорную шапку... і... так... за паўгадзіны ўгару й выхаду ў адчынены космас на ходніку мы нажабравалі на літровую пляшку ўіскі й на макдак-сьняданак з смажаным яйкам... пасьля накуранай ночы елася й пілося неверагодна смачна...

Кэвін, ты ж, тваю няхай, карэнны лёнданец! І ані разу ня бачыў Сыты? Не. Як так? Бо далёка ехаць да Сыты. І я і так усё бачыў на фотаздымках і на ўроках. Ды ладна табе. Гэта ж розныя рэчы! Лёндан трэба адчуць, увабраць яго сваімі лёгкімі!

І Кэвін сапраўды празь мяне пазнаёміўся зь Лёнданам, не з турыстычным, але з аўтэнтычным. Аксюмарон — замежнік зь Беларусі вадзіў лёнданца й паказваў яму горад: Соха, Чайнатаўн (якраз быў дзень кітайскага Новага года), паркі, пабы й пірагоўні... Кэвін шмат глядзеў па бакох, усьміхаўся, дзівіўся і пагаджаўся, што ня ўсё магчыма спасьцігнуць праз фота, тым болей праз падручнік...

А гэтыя мясныя пірагі ў Лёндане, салата Цэзар, белае нефільтраванае піва, сідр, моцны эль, ўіскі... самакруткі зь вільготнай табакі... крэветачныя кактэйлі, манга... усё гэта трэба абавязкова запомніць на ўсё жыцьцё, а лепей наноў сюды прыехаць, спачатку запамятаваць усе пахі, смакі й колеры, а потым зноў іх для сябе адкрыць!

На мой дзень народзінаў Сафі павяла мяне ў бар, сказала, будзе сюрпрыз... Сафі... Дзіўная дзяўчына, яна настолькі існавала ня тут, ня ў гэтым месцы, асяродзьдзі, яна быццам бы прысутнічала адначасова ў паралельным сьвеце. Яна часта была сумнаю, у яе шмат рэчаў па жыцьці не атрымліваліся, усё сыпалася скрозь пальцы, яна вельмі хацела быць шчасьліваю, ёй было цяжка ў Лёндане, мы адно аднаго добра разумелі...

Сюрпрыз. Сюрпрайз! Бар. Стары падраны стол, скасабочаныя зэдлікі, на сьценах жоўтыя дагератыпы, Сафі кажа, што бару трыста год, я ахвотна веру. Сядзім насупраць адно аднаго. Нам падносіць афіцыянт (вясёлы хлопец гадоў дваццаці) дзесяць кілішкаў празрыстай вадкасьці й сыходзіць.

Сафі кажа: "Гэта рашн водка, пі! Гэта як у цябе на Радзіме? Так прынята?"

Я кажу: "Дзякуй, мне вельмі прыемна, але мы так ня пʼём!"

Сафі: "Я думала, што ў вас там усе вось так і пʼюць, таму вырашыла зрабіць табе ласку, мой рэспэкт".

Я ўдзячны Сафі за ўсё, настолькі ўдзячны, што за паўгадзіны выпіваю дзевяць кілішкаў гарэлкі, заядаючы іх тытунёвым дымам, сплёўваючы ў попельніцу гідкую гарэлкавую сьліну... Б-р-р-р... Дзякуй, казачная Сафі, я ніколі не забудуся на такі дзіўны пачатак дня нараджэньня!

Дзень нараджэньня скончыўся ў дзікім клюбе "Фабрык", штамп — клюбе для замежнікаў... там было шматлюдна, была неверагодная колькасьць вельмі пʼяных, як сьвіньні, расейскамоўных людзей, якія толькі мацюкаліся й падалі, і было зашмат моладзі, якая знаходзілася пад сінтэтычнымі наркотыкамі, валялася там на вялікіх ложках і рабіла ўсё, што прыходзіла ім хутчэй не ў галаву, а ў іншае месца. А потым я памятаю, што мы шмат езьдзілі ў кэбе, і хто плаціў за кэб, ня ведаю да гэтага часу, але дамоў я прыехаў, трымаючы ў руках пакет з Макдоналдза, пакунак зь пірагоўні, пачатую бутэльку "Грантс", карабель марыхуаны, трымаючыся за плячо маёй беларускай суседкі, якая штосьці мармытала пра "сапраўдных англікаў", але мне было не да гэтага.

Мае суседкі, мае цукерныя сяброўкі, мае пякельныя спадарожніцы, якім, як і мне, пашчасьціла трапіць у акадэмію, былі нястрыманымі ў пытаньнях сэксу, і, на жаль, гэтая нястрыманасьць мяне не тычылася, бо іхныя мэты, кропкі дасягненьняў былі абмежаваныя ангельцамі, на скрайні выпадак — замежнікамі, але замежнікі й эмігранты краін трэцяга сьвету не лічыліся. Так вось і атрымалася, амаль кожным вечарам, ноччу, хтосьці зь іх па чарзе прыводзіў дамоў мужчыну, і адна зь іх вымушаная была саступаць пакой і ночыць са мною. Ня ведаю, на што гэта залічыць, на карысьць маёй джэнтльмэнскасьці альбо няўдачы, але за ўвесь час я не скарыстаўся такімі гарачымі момантамі. А трэба дадаць, варта было б і скарыстацца, але я вельмі хацеў захаваць між намі сяброўства, амаль сямейныя стасункі, і гэта атрымалася. Пакуль яны шукалі сабе сапраўднага гарачага, але стрыманага ў ложку ангельца, я толькі чуў гукі, грукат і скрып, пакуль бяссоннымі начамі, апынаючыся дома, ляжаў і глядзеў у цёмныя куты, стараючыся ня думаць, што сплю не адзін.

Адна з суседак, найстарэйшая з нас, правярнула выдатны плян: на ўікэнд да яе прылятаў муж, яна толькі пасьпела прачнуцца, выпхнуць з ложка чорнага ангельца аўстралійскага паходжаньня... менавіта выпхнуць: ногі ў рукі — і давай, да пабачэньня!, як ва ўваходныя дзьверы пазванілі. На парозе стаяў муж суседкі, вясёлы, кахаючы, ледзь ня плача ад шчасьця (яны на такі доўгі тэрмін рассталіся ўпершыню)... Муж відавочна сумаваў — пакамечаная адзежа, сам неахайна паголены, бледны нейкі.

І вось яно — муж на парозе, клясыка, чорны ангелец-аўстраліец сядзіць на кухні, чакае, калі яму другая суседка заварыць гарбаты, я вітаюся з мужам, мне цікава назіраць за ўсім, што зараз адбудзецца. Старэйшая суседка абдымае мужа, цалуе, вішчыць ад шчасьця, мы рукаемся, другая суседка вітаецца крыкам з кухні... чорны мужчына выходзіць у калідор. Старэйшая суседка кажа: "Гэта Ніко, ён сябра Сяргея!"

— Хай!

— Хэло.

Так муж маёй суседкі цяпер ведаў, што я зусім бясшкодны гомік, які любіць чорных мужыкоў. Ну нічога... А што ж я мог зрабіць у той момант?! Зруйнаваць шчасьлівы пятнаццацігадовы шлюб?! Аднабаковае каханьне? Але якое каханьне?! Усім каханьням прыклад!

Праз вучобу я быў сталым наведнікам суседняга з акадэміяй ксэракс-інтэрнэт цэнтру, дзе ўсё было вельмі танна, з пахам вакзалу і вялікай колькасьцю рознакаляровых прадстаўнікоў чалавечай расы. Я хадзіў у гэты цэнтар кожную раніцу, а калі заўважыў вельмі прыгожую, ну вельмі-вельмі прыгожую дзяўчыну за касаю, то пачаў завітваць (раздрукаваць тэкст, скапіяваць старонку, фотаздымак, ілюстрацыю, узяць 30 хвілін інтэрнэту) яшчэ ў дадатак у абед і вечарам. Адсачыў, калі яна перакусвае, а якой гадзіне абедае, колькі разоў выходзіць папаліць... Як яна мне падабалася, неверагодна! Невысокая, страйнюткая, тонкая, з роўнаю паставаю, быццам танцаўшчыца, яна мела лялечныя ручкі й ножкі, вельмі густыя сьветлыя валасы, блакітныя вочы, пухлыя вусны, носік бульбачкаю... Я ніяк ня мог завязаць зь ёю размову, заўсёды толькі па справах, але й праз гэтыя рэдкія сказы я пачуў, што яна размаўляе зь лёгкім усходнеэўрапейскім акцэнтам, а такі акцэнт мне толькі на руку. Хадзіў я вакол яе й сваёй думкі пра знаёмства й запрашэньне на вечар у ангельскай пірагоўні пяць тыдняў, ужо варта было б альбо адважыцца, альбо пакаваць валізы перад адʼездам... І тут я нарэшце гэта зрабіў — пазнаёміўся й дамовіўся на сустрэчу ўвечары каля мэтро Тотэнхэм Курт роўд. Аказалася, што завуць яе Даша, і я думаў, што яна якраз з Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расеі, Малдовы, Баўгарыі, Польшчы альбо Чэхіі...

Гэта быў казачны вечар, мы наеліся пірагоў і салатаў, ажно дыхаць было цяжка, сьмяяліся, жартавалі, пераходзілі з ангельскай на расейскую, з расейскай на ангельскую... і тут я даведваюся, што Даша зь Беларусі, зь Менску, і прыехала вучыцца, а паралельна падзарабляе ў цэнтры, дома жыве на той жа вуліцы, што і я, у тым жа доме, што і я, і нават у тым жа падʼезьдзе, толькі я на першым паверсе, а яна на трэцім...

Ну што тут скажаш? Самі ведаеце, Лёндан, як і Менск, — вялікая вёска, ад знаёмых і знаёмых знаёмых ня так проста ўцячы, нават калі зьбег у кірунку Англіі. Мне вельмі хацелася пазнаёміцца з ангельскаю дзяўчынаю, а ў выніку самаю прывабнай для мяне аказалася беларуска. Цяпер я праз Фэйсбук ведаю, што Даша даўно ўжо ў Маскве, працуе ў Астанкіна, і яна сапраўды танцаўшчыца — усё дзяцінства займалася бальнымі танцамі.

За тыдзень да заканчэньня вучобы мы ўсёй нашай вясёлай кампаніяй пазнаёміліся ў бары з рыжскім бізнэсмэнам, прычым пазнаёміліся не без карысных думак. Бізнэсмэн быў, мякка кажучы, ня вельмі разумным і, як высьветлілася, кіраваў фінансамі, якія дасталіся яму ад бацькі. Амаль два дні мы елі й пілі за ягоны кошт, у сваю чаргу культурна і нават уважліва слухаючы ўсю тую бязглузьдзіцу, якую ён нёс: у мяне самая вялікая калекцыя спартыўных Паршэ, паглядзіце, у мяне на руцэ гадзіньнік з апошняга фільма "Джэймс Бонд", а дома ўвогуле процьма іншых вельмі каштоўных гадзіньнікаў, у мяне свой аўтапарк, у мяне тры кватэры — у Маскве, Рызе й Лёндане, у мяне, у мяне, у мяне!

На другі дзень пад трэцюю літровую бутэльку "Рускага стандарту" высьветлілася, што ён аматар юнацкіх попак і сталы наведнік бара 101, бо там вельмі часта бавяць свае самотныя гадзіны замежнікі-студэнты, якіх уражваюць размовы гэтага пухлага, маладога бізнэсмэна і яны як мінімум пагаджаюцца на тое, каб паехаць у лёнданскую кватэру глядзець частку гадзіньнікавай калекцыі...

З рыжскім бізнэсмэнам у нас атрымалася зафіксаваць неверагодна высокі статус беларусаў праз тое, што ў адзін вечар адначасова было разьліта 250 шорт-дрынкаў з чыстай гарэлкай, і кожны ў бары мог пачаставацца. Адна зь японачак, вельмі прыгожая, мініятурная дзяўчынка, падышоўшы да нас, зацікаўленая такім вэрхалам вакол (нават румынскі мэнэджар бару больш не ўсьміхаўся напружана і піў разам з намі), узяла шорт-дрынк і, прамовіўшы, што ўпершыню частуецца гарэлкай, паднесла вадкасьць да вуснаў, сербанула, як кацяня, пачырванела, вочкі расплюшчыла так шырока, што я нарэшце ўбачыў анімэшныя вочы ўжывую, заплакала і зьбегла з бару. Больш я яе ня бачыў. Спадзяюся, яна не крыўдуе на беларусаў і на гарэлку.

Для бару 101 я быў сталым наведнікам, таму калі ўвечары на вуліцы ўздоўж ходніка пераміналіся з нагі на нагу маладыя людзі й дзяўчыны, лэдзі й джэнтльмэны, чакаючы, калі падыдзе іх чарга праходзіць праз фэйскантроль, я ішоў проста да чорнага бамбізы ахоўніка, і той, не праводзячы па мне мэталядэтэктарам, вітаўся са мной, паціскаў руку і прапускаў унутр... Зорны час! Анягож! Пасьля рыжскага бізнэсмэна мне й маім дарагім суседкам было дазволена бясплатна піць першыя два любыя кактэйлі, жартаваць з галоўнага мэнэджара, голасна сьмяяцца... І на нас, адпаведна, распаўсюджвалася недатыкальнасьць і ахова. Якім чынам? Ну, напрыклад, была такая падзея: я, вельмі пʼяны, пачаў прыставаць да дзьвюх чорных дзяўчат, прыставаў нахабна, але не дакранаўся да іх, проста нешта спрабаваў распавесьці й абняцца. Я ня бачыў, што яны прыйшлі зь вялікай кампаніяй хлопцаў, якія ўсе спрэс былі як на адбор у кліп пра гангста-рэпераў, проста вылітыя "Снуп Догі". Я думаў, што мне прыйшоў канец, мяне схапілі два хлопцы і, хутка штосьці тарабанячы, павалаклі на вуліцу, бо ў бары біцца забаронена. Я быў упэўнены, што на вуліцы ў іх у машынных бардачках былі пісталеты... Ім перарэзалі шлях да забойства беларускага сьняжка два ахоўнікі, прамовілі штосьці пра VIP-пэрсонаў, пра ахову, пра тое, што я замежнік і г. д. І ўсё, гэтая цэлая кампанія чорных "Снуп Догаў" разам са сваімі ярка нафарбаванымі й абвешанымі бразготкамі, як навагоднія елкі, дзяўчынамі, былі вымушаныя пакінуць бар... Мне пашчасьціла, я быў у кіпцюрах чорных рэпераў і застаўся жывым.

Засталіся тры дні... Я пасьпеў пазнаёміцца з жонкаю інвэстара, якая зь дзецьмі жыве ў Оксфардзе ўжо дзесяць год, але так і ня здолела вывучыць мову, бо яе жыцьцё — гэта дом, гатаваньне ежы, гадаваньне дзяцей, мясцовы супэрмаркет, ізноў дом і ежа, зрэдчас — муж прыязджае... Татальная самота, безвыходная, і яна — прыгожая жанчына, сьпіваецца і выглядае значна старэйшай, чым ёсьць... А ехала сюды зь беларускай вёскі, як у казку... Як у самую чароўную казку! Цяпер марыць толькі пра адзінае — родны дом, далёкі родны дом.

Я скончыў акадэмію, мы гэта добра адзначылі, так добра, што некаторыя моманты вусьцішна ўспамінаць, але бар 101 і галоўны мэнэджар румын Віктор будуць яшчэ доўга памятаць беларускіх выпускнікоў, якія паілі ўвесь бар і разносілі сталы й крэслы.

Па сканчэньні вучобы, да таго як трапіць у бар, мы спачатку прысутнічалі на ганаровым ушанаваньні: з 50 студэнтаў атрымалі дыплёмы 45, зь іх адзін дыплём з самымі высокімі баламі дастаўся мне, і нягледзячы ні на што мне прапанавалі застацца ў акадэміі яшчэ на пэўны тэрмін, каб вучыцца далей і праз колькі год стаць адным з галоўных чальцоў арт каманды "Тоні і Гай. Лёндан", але я, на жаль, перад адʼездам зь Менску пасьпеў падпісаць паперкі, якія бралі мяне ў палон на два гады адпрацоўкі выдаткаваных на маю пэрсону грошай. Было б някепска застацца, тым болей што арт каманда, акрамя выкладаньня, працуе на тыднях моды ў Францыі, Англіі, Галяндыі, і мадэлькі там у сваёй большасьці зь Беларусі, Украіны й Расеі, а гэта тое, што мне падабаецца...

The End

І вось ён, дзень адлёту. Мы сабралі валізы, запакаваліся, я як мага шчыльней спакаваў тузін французскіх сыроў з высакароднай цьвільлю, каб сабакі ня ўнюхалі й пусьцілі на самалёт. Усё сабрана, і мы едзем у новым чорным мэрсэдэсе, наш інвэстар паклапаціўся аб тым, каб нас пасадзіў на самалёт прадстаўнік Белавіі ў Англіі, бо хто яго ведае, можа мы ўсе разьбяжымся ў розныя бакі й застанемся жыць нелегальна ў гэтым казачным горадзе (а такое жаданьне шалёнай думкай пульсавала ў нашых скронях, пакуль мы стаялі ў чарзе на самалёт). Перавага багажу была эпічнаю — 45 кіляграмаў, на такую вагу я б ніколі не знайшоў грошай, і вось ён, адзіны плюс ад нашага прадстаўніка Белавіі — нам не залічылі перавагу.

Наша самалёт разганяецца, я толькі пасьпяваю заўважыць, які высокі трафік у аэрапорце Гэтвік, розьніца паміж пасадкамі самалётаў на адной і той жа паласе мінімальная, а калі ўлічваць, што самалёты штосэкундна сядаюць і ўзьлятаюць, атрымліваецца карціна як на скрыжаваньні на праспэкце ў абед!

Мне было вельмі цяжка раставацца зь сябрамі, з горадам, мне было невыносна, і таму я пакінуў аднаго зь сябе ў кватэры, якая вокнамі выходзіла на невялікі парк, падземны фітнэс, гандлёвы цэнтар, пакінуў там скрушнага, сумнага чалавека, які праз сваю нявыкрутку ціха, мэтанакіравана зьнішчаў сябе. Я яго пакінуў, і ён быў мне ўдзячны, ён прайшоў усе выпрабаваньні і, зачыніўшы за мною дзьверы, сазваніўся з Алі, Сафі і Кэвінам, і яны ўсе разам дамовіліся сустрэцца каля Лёнданскага Вока, акурат а восьмай вечара, калі я ўжо буду ў Менску абдымаць сваю маці, свайго брата, свайго бацьку... а Сяргей толькі выправіцца на начныя падарожжы.

Я лячу, гляджу ў акно і не магу зразумець, што мае тыдні вучобы скончыліся, гляджу, як гэтыя машыны адна за адной рухаюцца ўніз-уверх, і мне неверагодна самотна й сумна, і я хачу застацца, і я вельмі жадаю вярнуцца.

Люты-красавік 2008

Лёндан

Студзень-люты 2013

Менск

Загрузка...