НОВАЯ СЯМʼЯ


Наша сямʼя зьявілася непрадказальна, рамантычна, разам з каханьнем. Мае бацькі былі зусім маладымі, і калі я спрабую параўнаць іх васямнаццацігадовых (узрост, калі яны ўзялі шлюб) з васямнаццацігадовым сабой, то здольны толькі ўспомніць, наколькі я быў малым летуценьнікам, меў цьмяныя жаданьні, быў залічаны на першы курс унівэрсытэта, заводзіў дзіўныя кампаніі сябрукоў, і гэты мой юнацкі гонар, што я ўжо дарослы і здольны на самастойнае жыцьцё! Мае бацькі, калі ім было па васямнаццаць, ужо жылі, як дарослыя, мелі працу, мама гадавала мяне, і ім было не да вучэньня. Мне вусьцішна ўявіць, што я ў такім жа ўзросьце меў бы дзяцей і жонку. Ці адолеў бы я такую адказнасьць?!

Я, вядома, юнаком вельмі моцна жадаў быць камусьці мужам, усім знаёмым дзяўчатам распавядаў, што з шаснаццаці год маю працу й маральна гатовы да шлюбу... Але па-сапраўднаму я быў гатовы толькі на шчырае, усёдаравальнае каханьне й любоў да сьвету!

Мае бацькі стварылі новую сямʼю, мэтаю стварэньня стаўся я, і калі я нарадзіўся, майго тату трымалі сябры пад рукі, калі мама мяне паказвала праз акно сваёй палаты. Тата добра адзначыў дзень майго нараджэньня: калі б не яго сябры, ён бы проста спаў пад вокнамі радзільнага аддзяленьня, склаўшы кампанію шэрагу такіх жа, як і ён, шчасьлівых бацькаў.

Радасьць нараджэньня й стварэньня "новай ячэйкі грамадзтва" адышла ў цень амаль адразу на наступны дзень, калі тату па павестцы выклікалі ў ваенкамат. Па савецкіх законах адзін дзіцёнак у сямʼі не вызваляў ад трохгадовай службы, і майго бацьку адправілі пад Разань служыць кіроўцам бронетранспарцёра. Таму тату я ў сваім дзяцінстве ня памятаю.

Праз тры гады бацька вярнуўся. Я быў навучаны глядзець у акно й чакаць тату: мама мне казала, што мой тата прыйдзе ў вайсковым строі... Я й чакаў вайскоўца, пакідаючы адбіткі пальцаў, носу, ілба й вуснаў на шкле. І нават калі тата ўжо вярнуўся дамоў, я першы час пазнаваў яго толькі апранутым у кіцель. А аднойчы ён пагаліў свае армейскія вусы, і я тыдзень баяўся да яго падысьці.

З маім малодшым братам усё атрымалася вельмі рамантычна — як толькі бацька вярнуўся з арміі, мама зацяжарыла другі раз. І цяпер у нас з братам розьніца па гадах роўная службе ў савецкай арміі.

Жыцьцё — дзіўная рэч, адных нашых сваякоў яно падштурхоўвае да памылак, да нейкіх учынкаў, празь якія ім будзе сорамна ўсё жыцьцё, іншым дае час на выпраўленьне памылак. Так сталася з маёю бабуляю, мамінай маці, якая першыя гады не ўспрымала нашую маладую сямʼю, і мы жылі ў мамінай цёткі ў Капылі. Але нас вярнулі, мы зноў пачалі жыць у Менску разам з бабуляю і з мамінымі братам і сястрой. У іх, праўда, былі розныя бацькі, і гэта з часам вылілася ў дзікую варожасьць, супрацьстаяньне між маёй мамаю, дзядзькам і цёткаю.

Мае бацькі, мая маленькая па ўсіх парамэтрах сямʼя была неверагоднай, была такой па-дзіцячы наіўнай, месцамі неадукаванай, але роднаю і любімай. Яна падавалася неахайна ўладкаванай, без прытулку, але сагрэтай як ня звонку, то знутры.

Тата. Толькі падумаць, што на той час ён ужо на сваіх яшчэ юнацкіх плячах насіў двух сьпінагрызаў, прайшоў армію й працаваў на МАЗе... Ён знаходзіў у сабе сілы, каб чымсьці захапляцца: нумізматыка, баптысцкая царква, заводскі працоўны рух за павышэньне заробку й якасьці працы, сустрэчы на стачках, сустрэчы з амэрыканскім прэзыдэнтам на плошчы Перамогі, прапаведаваньне, алькаголь... Памятаю, як ён, наіўна так, амаль увесь месячны заробак выдаткаваў на падарунак маці: ноч, ён прыйшоў з трэцяй зьмены, мы галодныя, халодныя, пакладзеныя ў двухпавярховы ложак, лыпаем вачыма, разглядаем белую столь, падсьвечаную начным таршэрам, мамя ня ведае, але мы ціхенька чакаем, калі прыйдзе тата, таксама чакаем заробку, бо будзе нам раніцай марозіва... а бацька праз гадзіну прыходзіць дадому й прыносіць чорныя чаравікі, на заводзе ў кагосьці набыў — аддаў увесь заробак... Мама моцна плакала, а тата сядзеў і супакойваў яе, выгляд у яго быў недарэчны, памяты, падпіты... Чаравікі потым, вядома, прадалі, і яшчэ да раніцы высьветлілася, што заробак замест грошай далі чаравікамі, ну што паробіш... Што тут паробіш?!

Мама. Як толькі брату споўніўся год з хвосьцікам, яна вярнулася на працу, тады гэта быў банк, дзе яна працавала касіркаю... Яна так няспынна й працуе, але толькі ўжо дзясяты год нянечкаю для трох файных дзетак з адной інтэлігентнай сямʼі. Мама ніколі не спыняецца, яна ня можа жыць бяз працы, і гэта яе трымае ў тонусе. Яна — як звышчалавек, праз хваробу імкнецца да подзьвігаў, якія недасяжныя ня толькі здаровым, але й моцным.

Дзіўна фармавалася нашая сямʼя, былі ў нас і гніды, і стаматыт, і вятранка, і паратыт, а паламаныя рукі, ногі, выбітыя зубы, рэкі сьлёзаў, здрадаў, сварак, пакуты й смех, і шчасьце, і любоў, і самыя сьветлыя дні разам... і чаго яшчэ не было... Затое мама заўсёды была самаю прыгожаю, а тата — самым родным, нягледзячы ні на што, ні на кватэру, напампаваную людзьмі, ні на мізэрныя заробкі, ні на паламаны ложак, пукаты чорна-белы тэлевізар у агульнай залі, таматы, якія расьлі на гаўбцы... Было нам добра, утульна і сьветла, як ні ў адным месцы на сьвеце. І мы з братам вырасьлі без пустых мараў і памкненьняў, мы вырасьлі цьвярозымі, часам халоднымі, магчыма дзесьці нэўрастэнічнымі, але са сваімі ўласнымі мэтамі, марамі й каштоўнасьцямі, якія ператворацца ў рэальныя дасягненьні, перададзеныя нашым дзецям.

1-4.07.2012

Менск — Варшава

Загрузка...