1.
Шчыра кажучы, сьпярша мы з В. сумняваліся ў вартасьці паездкі. Нельга сказаць, што нас ня вабіла думка адпачынку ды зьмены краявідаў Менску на кактэбельскія, але сумнеў быў наконт самога фэстывалю, на які нас запрасілі, — VIII Міжнароднага фэстывалю літаратуры і мастацтва імя Валошына.
Калі мы зайшлі ў цягнік Менск-Феадосія, нас адразу зьбіла з ног нейкая старая жанчына, за сьпінай якой дыхаў перагарам стары муж, а ўжо за іхнымі дзьвюма сьпінамі хаваўся сынок з мутна-пʼяным позіркам і фрызурай "пад машынку, але чубчык пакінуць". Я крыху ашалеў, калі гэтая праклятая тройка ашчэрылася на нас, так бы мовіць, мы тут іхныя месцы занялі... І, каб не спрачацца, мы пайшлі са старой жанчынай да правадніцы.
Жанчына ішла бадзёра, прадчуваючы, як яна будзе зганяць са сваіх месцаў недарэчных істот: мастачку з эцюднікам і варʼята-пісьменьніка з трантамі. Але трэба было бачыць расчараваньне на ейным твары, які адлюстраваў усю сусьветную трагедыю пасьля таго, як правадніца сказала, што яны памыліліся вагонамі.
Двое мужчын, рохкаючы, пырскаючы сьлінаю, выцягнулі з-пад месцаў свае торбы і з грукатам зьніклі...
Нашаю суседкаю да Гомеля апынулася вельмі прыемная і сумленная дзяўчынка, якая ўсё падарожжа слухала плэер і набірала смс-кі, не зьвяртаючы на нас ані каліўца ўвагі...
Чыгуначныя калёсы зь мяккім шапаценьнем імчалі нас уніз, на поўдзень...
Пасьля вячэрняга прагляду "Чырвонага" з трылёгіі "Тры колеры" Кшыштафа Кісьлёўскага мы даволі мірна паснулі, і толькі двойчы нас палохалі сваімі завітаньнямі памежнікі, спачатку нашы, потым украінскія. Шчыра кажучы, праз сон яны ўсе мне падаліся шэрымі міліцыянтамі-мытнікамі-памежнікамі, зьлітымі ў адно вялікае пытаньне: "Паглядзіце на мяне, ці ёсьць пра што заявіць у дэклярацыю, пакажыце торбы, міграцыйны ліст, дзякуй".
Ранішняе сьвятло расплюшчыла вочы, а колы цягніка за ноч крыху нападдалі пад бакі, і я, нарэшце, прачнуўся памяты, але жывы, агледзеўся, пабачыў з-пад стала В., якая сядзела насупраць мяне і рабіла графічныя занатоўкі падарожжа. Я адчуў сябе зьдзейсьненай зоркай, якую ўпісваюць у мастацкую прастору чорна-белай графікі... Так мы і ехалі: я, В., графічныя занатоўкі і Павел Гюле ў выглядзе кнігі "Мэрсэдэс-Бэнц".
Калі мы нарэшце спыніліся ў Феадосіі, я ўжо добра быў знаёмы з Багумілам Граблам дзякуючы Паўлу Гюле, які, таленавіта прыгваздаўшы мяне да сваёй кнігі, не адпускаў усю дарогу.
Палова першай ночы. Толькі беларускія цягнікі могуць прыбываць на вакзалы ў чужыя і чымсьці варожыя гарады і краіны НОЧЧУ. Да таго як сысьці на зямлю, мы пасьпелі пазнаёміцца з адной даволі дзіўнай жанчынай.
З паўцемры вагона выпаўзла жаночая постаць і паведаміла нам пра тое, што яна здае пакоі на суткі. Праз трыццаць хвілін будзе прыпынак каля аўтавакзалу, яна там недалёка жыве і можа даць нам да раніцы прытулак. Жанчына падавалася крыху пʼянай, але пах ад яе быў моцны і канцэнтраваны з цыбулі і часныку. Па меры набліжэньня да прыпынку цемра вакол жанчыны згушчалася, мы цалкам ачунялі ад сну і зьбіралі свае рэчы.
Жанчына завяла размову:
— І чаму вы ў Кактэбель?
— На літаратурна-мастацкі фэстываль.
Жанчына ўсьміхнулася і зрабіла жаласьлівыя вочкі:
— Нябось таксама пішаце... Мо' якія апавяданьні?
— В. — мастачка, я — аўтар некалькіх кніг.
Жанчына прамаўчала, відавочна ня вельмі ва ўсё гэта паверыўшы, і праз хвіліну дадала:
— Ой, у мяне ў хаце ёсьць карціна мора, шыкоўная рэч, я вам скажу. А муж мой, дык ён раней сам апавяданьні ўсялякія пісаў!
Мне стала крыўдна і сумна ад гэтай жанчыны, але тая не зьбіралася нас пакідаць, вырашыўшы, што мы абавязкова мусім спыніцца ў яе на ноч.
— Вы ж ведаеце, колькі з вас зараз возьмуць таксісты — пяцьдзясят баксаў, а то і болей, нягледзячы на тое, што Кактэбель усяго толькі ў васямнаццаці кілямэтрах! А вы ж, я гляджу, такія яшчэ юныя, а ўжо жанатыя, мо' і дзеткі дзе ёсьць (якія, б...яць, дзеткі?! — заўв. аўт.), пішаце тут, малюеце... Вось у нас зь дзедам унук нарадзіўся, дык нашы дзеці яго назвалі Якубам, уяўляеце, дык дзед ані разу да яго пасьля гэтага не падышоў, але пакуль унук быў безь імя, дык ён і мыў яго, і на руках насіў, а як стаў Якубам, дык і ўсё, ані кроку да яго, вось нацыяналіст!
— Ня можа быць, — зьдзівіўся я.
— Так, прыгожы такі хлопец расьце, яму ўжо два гады, але мы яго яшчэ ня бачылі, бо ён у Кіеве з бацькамі, — прамовіла жанчына і раптам спахапілася.
Я адразу адзначыў, што недзе яна тут схлусіла, і мой хісткі давер да яе цалкам зьнік, і я ўпэўніўся, што паеду ў Кактэбель ноччу за любыя грошы...
В. нічога не заўважыла, бо, як і большасьць мастакоў, думкамі лётала ў сусьветным розуме, а вачамі прыкмячала адно разнастайныя колеры...
Калі цягнік спыніўся на патрэбным жанчыне прыпынку, яна сышла на пэрон. Праз акно я заўважыў, як зь цемры да яе падышлі мужчына і дзьве жанчыны. Было відаць, што яны аб чымсьці спрачаюцца, а потым усе разам паглядзелі на наш вагон. Я злавіў позірк мужчыны, і гэты позірк нічога добрага не абяцаў, але наш цягнік ужо пачаў рухацца, і я задаволена ўсьміхнуўся: наступны прыпынак наш, ён жа і апошні.
2.
На вакзале нас сустрэла даволі шчыльная сьцяна чалавечых целаў: прапаноўвалі таксоўкі і пакоі. Да нас адразу прычапіўся мужчына грузінскага выгляду зь лёгкім усходнім акцэнтам, і мы вырашылі ехаць зь ім за дваццаць даляраў у Кактэбель.
Па дарозе мы даведаліся, што Крым перапоўнены савецка-рускімі машынамі "Лада", бо на іншамаркі вялікія мыты, даведаліся пра Планерную гару, пра Каралёва, пра яшчэ немаведама што, і пакуль ён усю гэтую інфармацыю ўліваў у нашыя вушы, настройваючы сваім усходнім акцэнтам на рамантычны лад, машына ляцела настолькі хутка і настолькі крута паварочвала, што нашыя арганізмы не пасьпявалі адаптоўвацца да горнай вышыні і марскога паветра, ціск скакаў уверх-уніз і сэрца абяцала кожную наступную хвіліну спыніцца.
З варʼяцкага стану нас вырваў голас кіроўцы:
— Усё, вось вам дом Валошына і вось вам тут цэлая зона адпачынку мастакоў і літаратараў!
— А дзе тут якія гатэлі, жытло?
— Дык паўсюль, — і кіроўца махнуў рукою ў змрочную прастору.
Мы апынуліся каля адміністрацыі дому Валошына, збоку ад якой было напісана: "Ёсьць вольныя нумары! Па жытло зьвяртайцеся ў адміністрацыю".
Мы пагрукаліся, праз хвіліну на нас глядзела заспаная жанчына зь відавочнай алькагольнай залежнасьцю на твары. Яна сонна хутала сваё цела ў халат, і яе грудзі гэтаму супраціўляліся, адна цыцка нават на некалькі хвілін усё-ткі вывалілася.
Жанчына нарэшце цалкам расплюшчыла вочы і запыталася, што нам ад яе трэба ў дзьве гадзіны ночы.
Мы адказалі, што ўдзельнічаем у літаратурна-мастацкім фэстывалі імя Валошына.
— Каго? — зьдзіўлена запытала жанчына.
— Я кажу: мы пісьменьнік і мастачка, прыехалі зь Беларусі, зьяўляемся ўдзельнікамі фэстывалю!
— Якога фэстывалю?
— Б...яць, валошынскага!!!
Жанчына так нічога й не зразумела і параіла нам пахадзіць вакол, бо тут шмат розных гасьцініц і яны мусяць нас куды-небудзь расьсяліць.
Пакуль што я трываў і толькі прыкмеціў В., што гэтая жанчына зьяўляецца адміністратарам усяго гэтага літаратурнага запаведніка і ні хера не разумее, пра што мы пытаемся!
У нас была велічэзная торба на колах, якая, грамыхаючы, кацілася за мною. Мы абышлі ўвесь гэты грэбаны "загон" — "літаратурны запаведнік імя Валошына", пабачылі шмат розных хатак і дамкоў, некаторыя зь іх увогуле хаваліся за плотам і былі пад аховай.
Выпадкова дабраліся да мора.
В. ніколі ня бачыла мора, і для яе гэта мусіла апынуцца чымсьці чыстым і радасным...
Яшчэ да берага нам на шляху патрапілася шмат пʼяных вычварэнцаў, міма хістаючыся ішоў хлопец і слухаў праз мабілку расейскую папсу. Далей — горш: нашым вачам замест мора адкрыліся неабсяжныя прасторы нейкіх бараў, рэстарацый, шапікаў хуткага харчаваньня, і з кожнай гэтай злачыннай установы сачыўся гучны шансон альбо юрлівы поп, паўсюль на нас глядзелі наркатычныя і пʼяныя вочы рускіх баб і мужыкоў, якія нарэшце прыехалі са сваіх далёкіх краёў і дарваліся да свабоднай гарэлкі, да вольнага бадзяньня па пляжы і выпадковага сэксу. Мы былі ў шоку, уражаньняў было шмат, але не такіх, на якія мы спадзяваліся. В. толькі і змагла прамовіць: "Куды гэта мы трапілі?.."
Мне стала вельмі крыўдна за нашае становішча і за тое, што нас ніхто не сустрэў, і за тое, што нават адміністрацыя ня ведае, што тут, у іхным доме-музэі імя Валошына, мусіць адбывацца. Стала крыўдна, што замест мора на нас глядзеў сьвет вычварэнцаў і нейкіх лысых мужыкоў, якіх я бачыў штодзённа ў сваім горадзе, і для гэтага ня трэба было пераадольваць трыццаць гадзін шляху.
Мы вырашылі з усімі нашымі валізамі вярнуцца да будынка адміністрацыі дома Валошына і напісаць смс арганізатару фэстывалю, маўляў, мы каля будынка і ня ведаем, што нам рабіць, дзе прабавіць гэтую ноч...
На мой жаль і сорам, я быў ужо раззлаваны і стомлены, і гэты мой стан моцна турбаваў і псаваў настрой В.
Адказу ад арганізатара не атрымалі, і сустрэць нас ніхто не зьявіўся.
Мы знайшлі на вуліцы каля стаматалёгіі нейкае крэсла. У ім уладкавалася В., я накрыў яе пледам, а сам сеў на стары зэдлік. Спаць мне не хацелася, тым больш што кожныя пяць хвілін міма нас прабягалі нейкія мужыкі з хрыпам і лямантам, і недзе паблізу біліся, і, шчыра кажучы, гэта ў апраметнай цемры гучала даволі жахліва...
Я сядзеў, паліў, злаваўся на гэты сьвет, на самога сябе і праз гадзіну зноў пайшоў шукаць які пакой, бо пачынаўся дождж.
Нейкі паўінтэрнат, які пры дзённым сьвятле апынецца куртуазным гатэлем. Зайшоў туды, знайшоў рэцэпцыю, дзе мяне акінула вачыма зноўку нейкая заспаная і памятая жанчына, побач зь якой у крэсьле спаў такі ж памяты мужчына. Верагодна, у іх нядаўна быў сэкс (а чаму б і не: тры гадзіны ночы, рэцэпцыя, чутна, як хвалі пляскаюць па камянях — рамантыка).
Значыцца, паглядзела на мяне гэтая жанчына і сумным такім голасам назвала-ткі кошт пакоя на дваіх.
Нам бы не хапіла нашых грошай нават на паўдні зьняць у іх нумар...
Пахадзіўшы ўздоўж берага, бо ў такой цемры неверагодна было адыходзіць кудысьці ўглыб гораду, я вярнуўся да В., якая ня спала, бо было холадна. Дачакаўшыся шостай — сьвітальнай — гадзіны, мы выправіліся ў невядомым кірунку.
І на наш сорам, як толькі мы сышлі з гэтага ад пачатку праклятага месца імя Валошына, мы ўбачылі сам гарадзкі пасёлак, зьверху ўніз, уздоўж і ўпоперак абклеены абвесткамі: "Здам жытло", "Здам пакой", "Здам жытло люкс, паўлюкс".
Мы былі ў шоку, і я ўжо пачынаў крыўдаваць ня толькі на Валошына і кіраўнікоў фэстывалю, але і на сам Кактэбель, на ягоныя апраметныя ночы безь ліхтароў, на Крым.
Празь пяць хвілін мы знайшлі пакой у цудоўнай сямʼі. Засялілі нас у гаспадарскую хату, бо ў іх усяго хат было пяць, але яны зрабілі нам ласку і падсялілі да сябе, дзе ёсьць хатняя прыбіральня, якая потым была вельмі і вельмі дарэчы, але праз пару дзён, і пра гэта пазьней...
- Ну што, на мора прыехалі глядзець? — запыталася гаспадыня.
- Так, мы зь Менску, прыехалі сюды яшчэ а палове першай ночы, удзельнікі літаратурна-мастацкага фэстывалю.
- Ажно ноччу! Зразумела... Вось і я сямнаццаць год таму прыехала паглядзець на мора. Да гэтага часу ўсё гляджу на яго!
Праз паўгадзіны мы ўжо стаялі на гары, адкуль нам адкрываўся цудоўны краявід, і ў тую гадзіну ніхто з нас ужо ня памятаў прыгоды гэтай ночы, бо мора і горы зрабілі сваю справу.
3.
Пакуль В. плюхалася на хвалях, я спрабаваў перамагчы свае комплексы наконт таго, што крыху баюся вады (бо ў дзяцінстве мне давялося двойчы тануць у басэйнах), і таго, што маё цела надта тоўстае. Але на наступны дзень комплексы самі сабой адпалі, бо мора падарыла захапленьне вадою, ды, нагледзеўшыся на турыстаў, якія адпачывалі на берагу, я зразумеў, што на іх фоне натуральна выглядаю хударлявым.
Карацей, у першы дзень ад мора асалоду атрымала толькі В., пасьля чаго мы накіраваліся ў дом Валошына на ўрачыстае адкрыцьцё фэстывалю.
Мы шукалі куратара мастацкай часткі, напаткалі даволі пажылых істот, якія сядзелі за сталом з пустымі куфлямі для віна і на ўсе мае спробы завесьці гутарку рабілі выгляд, што мяне ўвогуле не існуе, падымаючы вочы да неба і ўздыхаючы марудна і цяжка. Стала брыдка: "Милый А., будь так добр, передаааай мне, пожалуйста, вооот эээтот бокал вина, и где же запропастился наш дорогой Рейн...", — а пасьля — стоооомлены ўздых.
В. знайшла куратарку мастацкай часткі, якая параіла ёй далучацца а пятай да знаёмства з мастакамі, дала ёй расклад фэстывалю, дзе В. была запісаная з памылкай у назьве краіны — Белорусь.
Да мяне падышоў куратар літаратурнай часткі і засьмяяўся:
— А чего ж ты мне смс ночью отправил, я ж тебе говорил, что нечего тут ночью искать!
Ну вось, гэты чалавек, атрымаўшы паведамленьне, нават не падышоў да нас, каб нешта параіць, а мы, як недарэкі, стаялі і чакалі ноччу.
Пачалося адкрыццё фэстывалю, мы знайшлі пластыкавыя крэслы. Да нас адразу падышла нейкая дзяўчына і ўсунула ў нашы рукі па кнізе "Советы сельского доктора", дзяўчына прамовіла:
— З Кіева прыехалі два пісьменьнікі, аўтары гэтай кнігі, — і зьнікла, пакінуўшы нам скасабочаную ўсьмешку.
Кніга апынулася нейкай народнай лякарнай лухтой, кшталту тэлеперадачы "Малахов+", і на вокладцы былі напісаныя тэлефоны, каб зьвяртацца наконт рэалізацыі дадзеных кніг.
Хісткі рэйтынг фэстывалю ў маіх вачах пасьля "Советов сельского доктора" цалкам зруйнаваўся...
— Хадзем адсюль.
— Я чакала, калі ты гэта прамовіш.
Я пачаў шукаць рэдактара "Дружбы народаў", каб забраць ганарар за публікацыю; дарэчы, гэтыя грошы ў будучыні спатрэбіліся. Мне адказалі, што ёсьць падазрэньне, што сёньня ён, натуральна, ня зьявіцца.
А пятай, калі мы зноў вярнуліся пасьля мора, каб В. мела магчымасьць пазнаёміцца з мастакамі, якія, мы спадзяваліся, апынуцца больш прывабнымі людзьмі, мы ўвогуле нікога не засьпелі: куратар па мастацтве адказала, што ня ведае, дзе ўсе.
В. зразумела, што з мастацтвам у іх так жа цяжка, як і зь літаратурай.
Мы вырашылі, што фэстываль увогуле ня тычыцца нас.
Увечары нарэшце прыйшло задавальненьне жыцьцём: былі смачнае віно, піца, сушы, зоркі, мора, сэкс... і мы пачуваліся сапраўды някепска...
4.
На наступны дзень пад раніцу мы ўскараскаліся на даволі нізкую гару, але гэты працэс імгненна скраў усю моц цела. Патнеючы і цяжка дыхаючы, наверсе я прыводзіў сябе ў нармалёвы стан. В. пасьпела падрыхтавацца да эцюда, а я, не пасьпеўшы перавесьці дух, мусіў быў скаціцца з гары па кавун.
Кавун зваўся "Чорны рыцар" і быў сапраўды чорны — звонку без аніводнай рыскі, і смак ягоны быў падобны да цукру зь мёдам. Пакуль мы спакусьліва ўгрызаліся ў мякаць, эцюднік з напаўнамаляванай карцінай ад ветру пракінуўся і накрыў сабою ўсё, над чым так працавала В.
Мне спадабалася, як В. адрэагавала:
— Як цудоўна, мы тут, на гары, каля мора, пішам...
На маё разуменьне, гэта хутчэй быў тактычны псыхалягічны крок да захаваньня свайго эмацыйнага фону ў добрым стане, пакуль даядаўся кавун і сапсаваны эцюд чакаў, калі яго выправяць...
На гары была скончана мая казачная гісторыя для "Апранутых апавяданьняў", дакладней яе чарнавы варыянт, і мы зноўку накіраваліся ў валошынскі дом, бо я клапаціўся аб сваім ганарары, які мы там зноўку так і не знайшлі.
Праз колькі хвілін я без аніякага энтузіязму блукаў па фэшэнэбельным гатэлі ў пошуках Гадо — рэдактара маскоўскага часопісу... адзначыўшы тое, што ўсе, хто прыехаў у складзе рускіх літаратараў, былі бессаромна якасна ўладкаваныя — дарагі гатэль, дарагія пʼянкі. Урэшце, нікога не знайшоўшы, я зьбег з майстар-кляса і мы разам з В. пакрочылі ў бок нудысцкага пляжу, дзе недалёка ад яго ладзіўся джазавы фэстываль...
Мужчынскія чэлесы і жаночыя грудзі прысаромілі нас, бо мы праходзілі міма ўсіх гэтых дзіўных людзей у вопратцы.
Мы адшукалі прыстойную рэстарацыю, каб пасьнедаць, я замовіў бараніну, якая пазьней, пад вечар, цяжка і натужліва вылівалася з майго страўніка ва ўнітаз... так цягнулася ўсю ноч, пігулкі не спрацоўвалі, бо разам з ванітамі яны самотна сплывалі ў туалеце... і так працягвалася амаль да наступнага вечара... у мяне была толькі адна думка: "Прыйсьці ў тую рэстарацыю, знайсьці кухара і п...зьдзіць яго, п...зьдзіць яго, гэтага грэбанага кухара, нагамі..."
Але я ня мог не пагадзіцца, што да сымптомаў атручаньня вечар быў выдатны, цудоўны, шаўковы, любоўны і замілаваны, нічога іншага для шчасьця й ня трэба было, бо ўсё было тут і цяпер, вось на гэтым беразе, каля гэтых хваляў, разам з гэтай прыўкраснай В.
Другі эцюд абмінуў мяне, атручаньне моцна трымала страўнік у палоне, амаль увесь дзень прайшоў пад праглядам фільмаў Яна Шванкмаера, мой мозг ад задавальненьня проста выбухаў кожныя пяць хвілін колерамі шчасьця... "Аліса", "Палена", "Фаўст", "Пякельныя сласьці" зноўку і зноўку цешылі маю душу, мне нават падавалася гэта варʼяцтвам — столькі разоў глядзець адныя і тыя ж фільмы.
У той момант В. малявала горы і плавала ў моры, і я нават пазьней знайшоў моц прыйсьці і паназіраць за яе заплывам. Улічваючы тое, што на Чорным моры быў шторм і хвалі дасягалі ў вышыні больш за тры мэтры, гэта было неверагодна жахліва, але адначасова і містычна захапляльна.
В. першую хвалю заўсёды трывала, але шторм хутка наганяў другую, якая зьбівала яе з ног, і трэцяй хваляй, добра так пнуўшы, выкідала на бераг... В. хапіла дзесяці хвілін, каб нацешыцца далёка не дзіцячымі марскімі забавамі, пасьля чаго яна выпаўзла на бераг.
Потым былі сушкі, гарбата і чароўны сыр "Гаўда", які там настолькі быў смачны, што цяпер дома я купляю толькі яго і ўзгадваю...
5.
Самае бязглуздае, нязграбнае і гідкае, што кожным днём траплялася на нашым шляху па некалькі разоў, — жанчына, якая зарабляла грошы пры дапамозе свайго карлікавага парсючка. Але ня сам працэс быў такі агідны і вусьцішны, а тое, як яна сябе паводзіла і як выглядаў гэты няшчасны парсючок: маленечкі, хударлявы, чорненькі, з хахалком, які быў налачаны і стаяў эракезам, да вочак прыклеены плястыкавыя акуляры, за шыю ён быў прывязаны павадком, які яго нацягваў уверх і не даваў яму сесьці, хоць той і намагаўся. Парсючок глядзеў толькі ў зямлю і штохвіліны пускаў сьліну, быццам кепска пачуваўся. Жанчына ўсё паліла і паліла цыгарэты, час ад часу пінала нагою парсючка і выкрыквала: "Фотография с кабаном, не прооооходим мииимо, фото с настоящим кабаном". Дарэчы, дзякуй Богу, ніхто зь мінакоў фота зь ім не рабіў. А аднойчы гэтая кудлатая паскуда пафарбавала няшчаснай жывёле чырвоным лакам капыты...
6.
Трэці ранішні эцюд таксама прайшоў без майго ўдзелу: наступнай раніцай я праз атручаньне таксама быў яшчэ ня надта здольны на падарожжы. В. тады малявала мора, а я дасьледаваў фільмы Пітэра Грынуэя "Жывот архітэктара" і "Кнігі Праспэра".
Удзень я нарэшце дабраўся да свайго ганарару. Вочы галоўнага рэдактара глядзелі на мяне крыху сумна, ня ведаю, мо' ён у той момант аб нечым сваім разважаў... Я паабяцаў яму застацца на майстар-кляс, але ня вытрываў, і праз хвіліну маё цела ласкава лізалі марскія хвалі, атручаньне яшчэ адчувалася, але ўжо ня так моцна...
На дзіва ў Кактэбелі было шмат хіпі, але не сапраўдных хіпі, збольшага такіх, наркаманскіх, якія саромяць гэтую контркультуру, — брудных, нямытых і відавочна абдаўбаных не марыхуанай, але нечым надта мацнейшым (амфітамінам, абязбольнымі "коламі", шыркаю)... Відавочна джаз-фэстываль ім на карысьць не пайшоў, бо яны і дагэтуль тырчаць у Кактэбелі, бо ня маюць грошай адтуль зьехаць, слухаючы замест джазу сваю прагнілую і непрывабную музыку кшталту гангста-рэпа альбо яшчэ якой лухты ад "Нагано" ды "Гуфа" (на маё зьдзіўленьне, менавіта гэтую музыку яны слухалі штодзень, калі я іх бачыў) і наркаманячы...
7.
Бяссонная ноч мінула. В. стала крыху лепш, але яна яшчэ пачувалася атручанай (яна ўвечары атруцілася пракіслым віном).
Мы сабралі нашыя неверагодна вялікія валізы. Амаль нічым, што ўзялі з сабою, мы не скарысталіся, але рэчаў у нас пабольшала, бо тры эцюды, алей на якіх павінен быў сохнуць яшчэ два тыдні, неверагодна заміналі нам на зваротным шляху. Якім чынам мы нарэшце апынуліся ў цягніку, я памятаю даволі цьмяна. В. гэтага таксама амаль ня памятае, бо мне было сьпякотна і цяжка, ёй было ванітоўна, і мы разам шукалі яблыкі ў дарогу, якія неверагодным чынам раптам зьніклі ў Феадосіі.
Цягнік рыпнуў, кашлянуў і лянотна пацягнуўся, шоргаючы калёсамі, нібы стары — тапкамі.
Вагон быў забіты людскімі істотамі, бо гэты цягнік быў апошні ў сэзоне і кожны мусіў вяртацца на радзіму. Казаць, што было нязручна ехаць, гэта, шчыра кажучы, значыцца схлусіць: насамрэч ехаць было па-варʼяцку нязручна і неверагодна цяжка, бо кожны, хто сядзеў у нашым пляцкартным вагоне, меў з сабою (што б вы думалі?), вядома, піва, і столькі піва, колькі магло трываць сапраўднае піўное пуза!
Але піва было яшчэ паловай пакут, бо на кожным прыпынку — варта толькі цягніку спыніцца нават на хвіліну і нават проста прапусьціць які "таварняк" — у адчыненыя вокны пачыналі сыпацца дыні, кавуны, семкі і, вядома, неверагодная колькасьць сушанай салёнай рыбы розных памераў і гатункаў. Людзі звонку кідаліся лбамі на вокны, лямантавалі, нібыта паміраючы, каб узялі адразу дзесяць салёных бычкоў за пяць грывень, і гэтыя бычкі ляцелі ў форткі, а пасажыры ператвараліся ў дзікуноў, парсюкоў, вепрукоў і выкідалі свае грошы ў форткі, быццам гэтая рыба і гэтыя дыні былі апошняй у жыцьці ежай...
Нам было жахліва за гэтым назіраць, увесь вагон сьмярдзеў алькаголем, салёнай рыбай, дыняй і нават цыбуляй. Гэта было ванітоўна, а наперадзе нас чакала яшчэ дваццаць пяць гадзін вяртаньня дадому... Людзі ўсё жэрлі і пілі, жэрлі і сьмярдзелі, я хваляваўся, каб яны не палопаліся альбо, у скрайнім выпадку, не пажэрлі адно аднаго...
Мы вырашылі адцягнуць увагу і леглі разам на адну койку, і я пачаў дычытваць услых "Праклятых гасьцей сталіцы" Альгерда Бахарэвіча (назва найлепш пасавала таму, што адбывалася ў цягніку). В. ляжала і слухала, а суседка побач пачула беларускую мову і пачала сваім суседзям, украінцам, распавядаць, як зьнікае ў іх краіне родная мова... Гэтая паскуда так гаварыла, што я быў вымушаны пагадзіцца са сваёю думкаю, што ў ейнай краіне, можа, і зьнікае мова, але ў маёй краіне, у якую я вяртаюся разам са сваёю жонкаю, мова жыла, жыве і будзе жыць і разьвівацца.
Але гэтую жанчыну ні я, ні хто іншы потым не чапалі, бо стала зразумела, што яна нарадзілася без мазгоў, і нават суседзі-ўкраінцы неяк сьціхлі і да свайго прыпынку ў Чарнігаве маўчалі.
Ноч выдалася ці ня самая горшая ў маім жыцці. Дзякуй Богу, В. моцна спала да самай раніцы, але вось я, напрыклад, не саснуўшы і гадзіны, цалкам быў расчараваны ў агульначалавечай цывілізацыі. Спадзяюся, ня трэба шмат тлумачыць, што адбывалася з усімі тымі пасажырамі, якія ўвесь дзень у цягніку ўжывалі ўсё запар... Прыбіральня была засраная, бо страўнікі адмовіліся ўсё гэта страваваць, шкарпэткі ўсіх тых мужыкоў сьмярдзелі нібыта мініпамыйніцы, нехта штохвіліны кашляў, быццам паміраў, а недалёка ад мяне адпачываў нейкі ідыёт, які не спыняўся пярдзець і пасьля кожнага зробленага дзеяньня па-варʼяцку рагатаць. Здаецца мне, яго гэта цешыла...
Нарэшце пад раніцу нейкім магічным чынам паветра пасьвяжэла; магчыма, правадніца парасчыняла форткі... Правадніцу, дарэчы, мне было шкада: прывабная дзяўчына, а на такой дурной працы, калі быдла і сьмярдзеньне дзень і ноч... дзень і ноч.
Што казаць, нашыя прыгоды пад раніцу не спыніліся, бо за некалькі гадзін да мяжы мы з В. выявілі, што згубілі міграцыйныя паперкі, якія запаўнялі, калі ехалі ў Крым...
8.
Памежнік вывеў нас у тамбур і распавёў, што мы мусім высаджвацца і праплочваць штраф. Я ўявіў, як мы з вагона выцягваем свае валізы і тры карціны з сырым алеем і сядзім на ўзбочыне, на мяжы, самотныя і памятыя пераездам... Але памежнік не разгубіўся і, палічыўшы, колькі ў нас было грошай, запытаўся, ці будзе ў Беларусі ў нас магчымасьць расплочвацца грыўнамі. Атрымаўшы пацьверджаньне, пакінуў нам пяцьдзясят грывен, астатняе паклаў у сваю кішэню, і мы, з пячаткамі ў пашпартах, паехалі дадому...
У Беларусі наш цягнік ператварыўся ў электрычку. Я з такім ніколі не сутыкаўся: на прыпынках у вагон набіваліся людзі і займалі ложкі, дзе мусілі адпачываць падарожнікі з Феадосіі, а адзін вясковец нават нахабна ўсадзіў свой зад на коўдру дзяўчынкі, якая спала, едучы, як і мы, ад самага Кактэбеля.
Дом сустрэў нас шчыра і смачна, мая матуля нагатавала ежы, і мы вячэралі пад непаўторнае кактэбельскае віно... Добра, што мы нарэшце апынуліся дома.
13.09 — 25.09.2010
Кактэбель — Менск