Гэта здарылася не раптоўна і нават не выпадкова, гэта здарылася таму, што мусіла рана ці позна здарыцца. У дадзеным выпадку здарылася адносна позна — у дзевяноста. Сьмерць у гэтым веку нікога не зьдзіўляе, наадварот, усе кажуць — шмат пражыў! Мая прабабуля, магічная пра-маці паловы майго роду, жанчына сухая, як сухафрукт, але жвавая, як яна казала: "Войска польска на ровэрах"... Мая прабабуля Гэля памерла на сваім хутары, побач зь ёю ляжала зачытаная й зацёртая Біблія на польскай мове і больш нічога. Яна пакінула нашчадкам напаўразваленую сядзібу недзе паміж дзьвюма закінутымі вёскамі: у адной вёсцы была толькі адна вуліца зь дзясяткам закінутых дамоў, сярод якіх жылі дзьве такія ж, як і яна, доўгажыхаркі, у другой вёсцы былі дзьве маленькія вуліцы, якія ўтваралі няроўны крыж — дамоў было шаснаццаць, адзін з каторых яшчэ быў жылы, там суіснаваў разам са старою коткаю й казою пад ганкам адносна малады па мерках суседак дзед Мікола. Усё гэтае атачэньне было найбліжэйшым да сялібы маёй прабабулі.
Дом бабулі Гэлі настолькі быў стары, што нават калі паставіць за мэту адшукаць падмурак, гэта было б немагчыма нават з групаю археолягаў... Ня толькі ганак, нават парогі пайшлі пад зямлю. Даўно яшчэ, калі бабуля, як яна казала, хадзіла прама, як маладая кабетка, парогі ўжо прысыпала тлустаю зямлёю. Цяпер жа, калі мы прыехалі на пахаваньне, маёй маці трэба было нахіляць галаву, каб не пабіцца аб верхні касяк дзьвярной рамы... Усё ў доме няўмольна апускалася на калені перад часам, перад вечнасьцю, перад усёяднай зямлёю.
У доме бабуля мела адметныя зэдлікі й сталы па ўсіх пакоях, а таксама ў яе былі вельмі цікавыя, адрозныя ад ўсіх на сьвеце ложак і канапа! Калі апавядаць пра іх, варта затрымацца на такой, здавалася б, далёкай ад тэмы рэчы, як рост у дзяцінстве. Калі мы ўсе, малыя падшыванцы, прыбягалі да дзьвярных касякоў ці ўвогуле да сьценкі, станавіліся сьпінаю да пафарбаванага дрэва ці да абклеенай шпалерамі сьцяны, бацькі над нашаю макаўкай праводзілі рыску алоўкам, асадкаю ці драпалі сьцізорыкам... і кожным разам, калі мы бачылі, што намаляваны-накрэмзаны ўзровень падняўся вышэй, мы радаваліся, што расьцем... І так усё сьвядомае дзяцінства было ў назіраньні, радасьці й росьце на сантымэтар, на два, на тры... Мая бабуля мела зэдлікі, у якіх чацьвёртая ножка была адпілаваная роўна настолькі, наколькі яна стапталася за час. Яе любімыя ўжо дарослыя ўнукі па прыезьдзе часта адпілоўвалі сантымэтар, два, тры, колькі трэба было па ўзроўні, каб бабуля Гэля магла, абапершыся на палку, акурат сесьці на зэдлік... Вядома, што колькі зэдлікаў, якія месьціліся каля пячы, даўно не пілаваліся, як і зэдлікі ў залі, таму, прайшоўшы па пакоях, можна было прасачыць, наколькі бабуля наблізілася да зямлі, якая ўжо дыхала ёй у падбародзьдзе. Мэбля, як і бабуля, адным сваім скраем няўмольна апускалася, павольна, як і сам дом.
Абразы... У доме бабулі Гэлі былі паўсюль абразы. Дзевы Марыі, Езусы й Сьвятыя глядзелі адусюль, стваралася такое ўражаньне, што ў доме ты аточаны натоўпам людзей, прапахлых ладанам і старымі сьвечкамі...
Калі бабулю пахавалі, сваякі зьехалася з усяго сьвету: былі траюродныя з Амэрыкі й Літвы, дваюродныя з Расеі й Польшчы, родныя з Украіны й Латвіі, Эстоніі, Швэцыі й дзясяткі самых родных зь Беларусі. Накрылі велізарны стол на полі каля дому, пілі, елі, успаміналі мінулае, распавядалі, хто, дзе і як уладкаваўся і жыве... Бабуліна сьмерць была адзінаю падставаю, каб абʼяднаць, хоць і на суткі, такую колькасьць сваякоў, і больш такога ўжо не выпадала. Усе пілі й браталіся, абдымаліся, цалаваліся й жагналіся, пралівалі сьлёзы й усьміхаліся гісторыям пра наш непаўторна-шараговы род людзей, які так імгненна разышоўся па сьвеце. Усе дзякавалі прабабульцы, якая зьдзейсьніла апошняе сваё жаданьне — пабачыць усіх разам.
На наступны дзень да абеду большая колькасьць самых далёкіх па геаграфічным становішчы й па родавых сувязях зьехала, засталіся толькі мы й татава сястра з мужам. Мы прыбралі частку зэдлікаў, хтосьці забраў іх сабе, бо гэта ня толькі памяць, але й гістарычная каштоўнасьць: набываліся яны яшчэ бабуляю нашай прабабулі да часоў вайны з Напалеонам. Кожны з сваякоў узяў сабе па абразы, нават атэісты не пагрэбавалі — такія рэчы, асабліва за мяжою, мелі высокі кошт.
Пад вечар, стомленыя, але радыя, што пасьпелі да адʼезду ўсё уладкаваць, мае бацькі засталіся пераночыць, а на раніцу спакойна паехаць дамоў.
Тут надышла ноч і пачалося штосьці невытлумачальнае, штосьці жахлівае, вусьцішнае: быццам бы падняліся нейкія чорныя сілы ажно з-пад нэтраў старога падмурка, з нэтраў пачатку гісторыі... Усе ведалі, што нашая бабуля часта лячыла хворых народнымі сродкамі, але тая ноч выпала на плечы маёй сямʼі ці ня самай горшай за ўсю гісторыю рода чалавечага... І тады, калі ўсё гэта пачалося, калі дэманы, дʼяблы, чарты, шайтаны павыходзілі ў начную прастору, мае бацькі й мой брат былі зусім яшчэ цнатлівыя для жыцьця, зь імі яшчэ не адбыліся тыя самыя рэчы, якім было наканавана адбыцца.
Мама, мая любая маці яшчэ ня ведала, што гэта такое, калі дзеці дасягаюць падлеткавага ўзросту; мая мама яшчэ ня ведала расчараваньня ў каханьні, ня ведала жаху хваробы; ведала, але ня так дакладна, што гэта такое, калі сварацца між сабою брат і сястра альбо сястра й сястра; мая маці тады была больш наіўнаю, больш адкрытаю... Мая мама яшчэ ня мела магчымасьці назіраць на ўласныя вочы наркаманію, брудныя шпрыцы, людзей, хворых на гепатыт; яна толькі пачынала сутыкацца з такімі рэчамі, як крадзяжы брата, ягоныя сумнеўныя сябры, бабуліны парцалянавыя зайчыкі й бойкі за месца на канапе ў агульнай залі кватэры, якая адначасова належала ўсім і нікому.
Мой тата яшчэ ня быў такім сумным, такім пахмурным як восеньскае надворʼе; ён на той час меў яскравы позірк і панскі жывоцік; ён плянаваў жыцьцё й шчыра захапляўся ўсім, што магло захапіць маладога мужчыну.
Мой брат быў зусім малы, і для яго яшчэ не надышоў час вялікіх захапленьняў літаратураю; ён яшчэ не сутыкнуўся з тым пэрыядам свайго жыцьця, калі пачаў пісаць, апантана, захоплена, шчыра, сьпісваць усе сшыткі ў клетку па 96 аркушаў, зьбіраць сшыткі ў адну вялікую калекцыю, анталёгію, збор раманаў, эпапеяў пра вайну й галоўнага героя Зьмека; мой брат яшчэ ня ведаў таго адчуваньня адчаю й адзіноты ад першага каханьня; у ягоным жыцьці яшчэ не было расчараваньняў і вершаў пра памаранчавы "Глікадзін", ён быў яшчэ зусім малым і яшчэ не працаваў, не вучыўся, яшчэ толькі пачынаў жыць.
І вось, мая сямʼя па ўсіх чыньніках была яшчэ зусім маладою, прывабнаю, сьмелаю, адважнаю, мая сямʼя была па шмат якіх паняцьцях цнатліваю, і такую яе наведала тое, што рацыянальна ніколі не зразумееш, не растлумачыш, не разгледзіш, ня ўбачыш. Маю сямʼю наведалі ўсе нашыя продкі з усіх нашых каленаў, календаў, саслоўяў, дрэваў, галінаў, каранёў, ланцугоў, зьвязаў, хаўрусаў. І гэта адбылося акурат ноччу пасьля пахаваньня, калі ў доме засталіся толькі мы ўчатырох, калі большасьць абразоў была разабраная сваякамі й цені зьліліся зь цемраю, форткі былі наросхрыст, бо так трэба пасьля пахаваньня.
І адбыліся два наведаньні:
1. Пасярод ночы маці прачнулася, побач хроп бацька, мы спалі між бацькамі. Ложак стаіць каля заходняй сьцяны, усе мы ночым у галоўнай залі, якая мае па трое вокнаў на кожную з трох сьценак, а чацьвёртая — прысунуты да сьцяны ложак пасярэдзіне, а зь дзьвюх бакоў ад яго — скразныя дзьверы: адны вядуць на кухню, другія — у пакой бабулі. Маці бачыць, як у вокны з усіх бакоў зазіраюць людзі, процьма людзей, натоўп. Хтосьці апрануты на стары лад, хтосьці ўвогуле незразумела ў чым, хтосьці трымае вілы, у кагосьці на руках дзіця. Маці панікуе, будзіць бацьку, нас, мы ўсе прачынаемся й пачынаем крычаць, плакаць, прасіцца дамоў, запальваем сьвятло. Ніхто нікуды не зьнікае, людзі так і стаяць, глядзяць на нас з вокнаў. Жах. Жах... Жах! Мы ўсе абдымаемся, мама захінае нашыя галовы хусткамі, начною сарочкаю, бацькаваю саколкаю, пледам, мы супакойваемся, мама моліцца, тата таксама... Цішыня, шэпт, зьвяртаньне да божага ратаваньня — і людзі зьнікаюць, мы паціху засынаем, але сьвятло не выключаем.
2. Бліжэй да раніцы бацька ў сьне паварочваецца да маці й працягвае руку праз нас, каб яе абняць за талію. Раптам ён рэзка падскоквае на ложку й крычыць, што талія маці не яе талія, гэта было штосьці брыдкае й пакрытае поўсьцю! Тут ён канчаткова прачынаецца й ужо не сваім голасам пачынае хрыпла маліцца... Вакол нашага ложка стаіць цэлы натоўп людзей і паглядае на нас, мы ўсе іх бачым, крычым, плачам, маці ізноў нас супакойвае, хаця сама ў неверагоднай паніцы й сутаргах. Натоўп людзей глядзіць на нас, усьміхаецца, вачыма зычыць чагосьці добрага, супакаяльнага. Мы больш ужо не засынаем. Сьвятло толькі вымалёўвае гэтых прывідаў. На гадзіньніках чатыры ночы. Мы праводзім рэшткі ночы ў абдымках, шэптах і маленьнях, баючыся варухнуцца.
Ніхто ніколі не ўспамінаў і не ўспамінае тую ноч, акрамя маёй мамы, якая ў маладосьці мусіла стаць драматургам, бо ў яе ўсе гісторыі абарочваюцца жахалкамі, містыкай і незваротнай сутнасьцю лёсу! І я яе за гэта вельмі люблю!
Ліпень — кастрычнік 2012
Братыслава — Менск — Вэнтспілс