Пабачыць Шатляндыю й памерці

Дзецям нядзельных школ прысьвячаецца

Па-першае, трэба сказаць, што паміраць пасьля Шатляндыі я не зьбіраўся, жыцьцё толькі пачыналася, мне споўнілася дванаццаць, я вучыў ангельскую мову, захапляўся прыстаўкамі, зьбіраў кардонкі з баскетбалістамі Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Я спраўна хадзіў у нядзельную школу пры баптысцкай царкве, марыў пра тое, што калі стану больш дарослым, пачну рыхтавацца да вучобы на прапаведніка. І на той час я быў даволі пасьпяховым у вывучэньні Бібліі, нават разумнейшым за мяне цяперашняга, у мяне былі празрыстыя намеры, мэты й жаданьні, я яшчэ ня ведаў дзяўчын, але яны мяне вельмі цікавілі, і я зьбіраў выценкі з аголенымі жанчынамі паўсюль, выразаў іх з газэтаў кшталту "Speed-Инфо", "Комсомольская Правда", даставаў часопісы "Playboy", я быў, як гэта кажуць, біязацікаўлены, і, разглядаючы кожным вечарам у прыбіральні калекцыю выценкі, адчуваў як падскоквае ціск, як штосьці цягне пісюн, як становіцца няёмка й прыемна адначасова... Не, вядома ж, на той час я не займаўся ананізмам, але калі аднойчы я забыўся зачыніцца на засаўку й у прыбіральню зазірнула маці, я моцна перапужаўся, адразу скамечыў усе выценкі й залямантаваў, каб зачынілі дзьверы! Маці нічога тады не сказала, а я адразу ў туалеце ад перапуду без намаганьняў справіў свае патрэбы, хутка й лёгка... Потым празь некалькі дзён бацькі адшукалі маю калекцыю аголеных жанчын, і ўвечары бацька спрабаваў мяне прысаромець, але мне было проста прыкра і няёмка, я чырванеў і плакаў. Калекцыя была зьнішчаная, я гараваў, але, знайшоўшы ў бацькоўскай шафе дзьве касэты парнаграфіі "Беласьнежка й сем гномаў" і "Глыбокая глотка", я хутка забыўся на газэтныя выценкі і пачаў кожным днём раз за разам прамотваць гэтыя дзьве непрыстойныя відэакасэты.

Я зьбіраўся стаць прапаведнікам, але мой досьвед у жанчынах, празь відэа і фота, замінаў мне цалкам на гэта вырашыцца, я вагаўся...

І ў гэты неадназначны перыяд жыцьця мне выпала на долю ўлетку праз царкоўную праграму дапамогі "Дзецям Чарнобыля" (а я якраз нарадзіўся ў гэты час, дакладней, за год да трагедыі) паехаць як самаму пасьпяховаму ў царкоўнай школе на месяц у Шатляндыю, мяне мусілі прытуліць тры набожныя сямʼі ў трох розных гарадох: Фолкёрку, Абэрдыне й Пітлёхры.

Шатляндыя на той час падавалася надта далёкаю й незнаёмаю, гэта цяпер я празрыста бачу, што ўсё было ня проста так, што так было наканавана беларусу, у чыёй краіне невядома што адбываецца: занядбаная мова, суседзі жорстка й па-барбарску навязваюць сваю культуру, спроба трываць і змагацца... На той час я толькі пачынаў знаёміцца і параўноўваць такія блізкія лёсы беларусаў і шатляндцаў, якія да гэтага часу змагаюцца за поўную незалежнасьць ад мацнейшага суседа, спрабуюць зрабіць сваю мову агульнаўжывальнаю. Я толькі пачынаў знаёміцца з тымі адчайнымі людзьмі, якія выпесьцілі свайго Уільяма Уолеса і ганарыліся сваім задзірыстым норавам, скотчам і паэтамі.

Бацькі зварʼяцелі за той час, калі мяне зьбіралі, сто разоў пераклалі і пераправерылі ўсе дакумэнты — часовы пашпарт, даведкі пра стан здароўя, страхоўкі, грошы з сабою. І па выніку частка рэчаў, як і патрэбныя паперкі, былі забытыя, за імі ўжо з вуліцы, кінуўшы валізы, маці бегам вярталася, нэрвова трасучы ў руках ключамі.

Нарэшце я быў сабраны й пасаджаны ў машыну татавага сябра, які падвозіў мяне за кошт будучай пʼянкі з бацькам. Усе гэтыя зборы, крыкі, сваркі цалкам мяне стамілі, таму ўсю дарогу да месца збору каля аўтобуса (які адвозіў групу з сарака дзяцей з розных мястэчкаў Беларусі) я спаў, на вуліцы было волка, машына волга, у салёне пахла гарэлаю гумаю, мяне ўгойдвала, але я не паказваў выгляду і паводзіў сябе сурʼёзна, звышсурʼёзна — я такі разумны й дарослы, еду сам у далёкае падарожжа...

Усё, стоп, аўтобус, каля яго такія ж бедныя дзеці, як і я, бедныя па ўсіх паняцьцях, змучаныя, змораныя, спужаныя, новае пакаленьне беларусаў, нібыта вольнае, нібыта рэлігійнае, выпешчанае зь любоўю, і нікому ніякае справы няма да таго, што беднае, беднае грамадства, бо шчасьце й заможнасьць — гэта Бог.

На тыя чароўныя часы бацька ня піў і часам нават прапаведаваў, ён красамоўна гутарыў, усім ціснуў рукі й абдымаў плечы, усіх называў брат мой, сястра мая, усе хрысьціліся ў вадзе, усе былі баптыстамі, зусім як той самы Баптыстус, гэта было вельмі сонечна й цёпла, загадкава й шчыра, і на наступны год майго брата чакала Англія, а потым сямейны разлад, крызіс, алькаголь, мае загадкавыя хваробы... але ня будзем бегчы хутчэй за тое, пра што мовіцца.

Яшчэ перад тым, як сесьці ў аўтобус і пабачыць з вышыні свайго месца праз бруднае шкло сваю заплаканую маці, якая стаяла ў промнях сонца, стомленая, прыгожая і добрая, яна плакала каштоўнымі сьлязьмі, якія дыямэнтамі зіхацелі на ейных шчаках, яшчэ перад тым, як самому заплакаць ад гэтае карціны, я заўважыў адну вельмі прывабную дзяўчыну Эву... і на той час я яшчэ ня ведаў, што будзе далей, але прадчуваў, што абавязкова штосьці будзе, бо я ня проста так зьбіраюся ляцець праз усю Эўропу ў цалкам іншае асяродзьдзе, адкрываць для сябе новую культуру.

Усё, пачалося, аўтобус здрыгануўся, завёўся, і я заплакаў, як самы малы й няшчасны дзіцёнак, і мне было абсалютна не цікава, што пра мяне падумаюць астатнія суседзі-падарожнікі, бо яны, як і я, роўма раўлі, а самыя маленькія — лямантавалі, як шалёныя шчанюкі — мы паехалі ў аэрапорт, нас чакаў разьбіты самалёт Белавіі — Ту-134, у якім я пазьней выяўлю, што сяджу каля аварыйнага выхаду, пабачу, што вакол яго зьявіўся тоўсты шмат намарожанага лёду. Самалёт тры гадзіны кідала ў яміны, штурхала ў бакі, марозіла, скразіла й трэсла, але для мяне, які ўпершыню ляцеў, гэта ўсё было цудам, усё было незвычайным падарожжам, якое скончылася мяккім прызямленьнем і сустрэчаю нашага калектыву самотных дзяцей і сясьцёр-выхавацелек з цэлым натоўпам мужчын у кілтах нацыянальнага колеру, якія, ціскаючы дуды, гучна гралі нейкі непаўторны гімн рая й пекла... Божухна, наперадзе расьсяленьне па семʼях у Фолкёрку, а гэта значыць — усе хутка ў аўтобус і далей у падарожжа.


Фолкёрк

Вядома ж, у галоўныя гарады Шатляндыі Глазга й Эдынбург мы перыядычна езьдзілі, глядзелі архітэктуру, завітвалі ў мясцовыя цэрквы, нас паўсюль афіцыйна сустракалі, здымалі для тэлеканалаў, давалі падарункі, вопратку, чакалядкі, але гэта ўсё сталася для нас даволі звыклым... адзінае й галоўнае, што мяне на той час цікавіла й уражвала, — гэта ня тыя мясьціны, якія мы праязджалі й наведвалі як турысты, а менавіта гарады, у якіх я мусіў жыць, і семʼі, зь якімі я мусіў мець пэўныя стасункі. Ужо на той час я вельмі пільна ставіўся да рэдкіх рэчаў, да атачэньня, спрабаваў зазірнуць у корань рэчы, і часта, калі нас суткамі вазілі ў турыстычным аўтобусе з адкрытым другім паверхам па галоўных вуліцах сталіцы Шатляндыі, максымум, на што мяне хапала — гэта шчоўкнуць колькі разоў архітэктуру, бо часьцей я фатаграфаваў настрой суседзяў-падарожнікаў, дзяўчыну, якая мне вельмі падабалася, і за два дні назьбіраў тры стужкі "Кодак" па трыццаць шэсьць кадраў, якія ў Фолкёрку аддаў гаспадару дома, што мяне прытуліў... але ён на наступны дзень мяне расчараваў, аказалася, што ўсе тры плёнкі, што я шчоўкаў, былі ўстаўленыя ў фотаапарат, але не зараджаныя як мае быць, таму стужка не пракручвалася, а заставалася ў касэце... я адчуў сябе тупым.

Адразу, як толькі мы дабраліся пасьля аэрапорта Інтэрнэшнл Глазга да Фолкёрка, я ўжо пасьпеў апынуцца з суседам, якога да мяне прыпісалі і за якога я быў адказны. Мой сусед, вясковец Дзіма, мусіў са мною прайсьці скрозь усе мае падарожжы, ночыць у адным пакоі, есьці за адным сталом у адной і той жа шатляндскай сямʼі, стаць маім часовым братам... Дзіма быў малодшы за мяне на тры гады...

Трэба адзначыць, што ўсё маё падарожжа выпала на чэрвень, і першая сямʼя была досыць кансэрватыўнай і сумнай, гаспадар, сівы мужны дзядзька, насіў пры нас толькі кілт, але мы разумелі, што тут нешта ня тое, бо паўсюль усе мужчыны былі ў штанах, напэўна, такім чынам ён паказваў нам традыцыі... Я гуляў з гаспадаром у шахматы й часта чуў ад яго, што ў мяне добрая ангельская мова, а сам ён зьвяртаўся на шатляндскай да сваёй жонкі й да сына, якому было ўжо сямнаццаць і каторы амаль не зьяўляўся дома...

Першы тыдзень быў досыць марудны, я абвыкаў да новага часаадмеру і да новых твараў, нас усіх адразу пераапранулі і вывезьлі ў горад, дзе адна з выхавацелек, выцягнуўшы мяне за руку з агульнай купы дзяцей, паставіла перад вялікім абʼектывам, збоку ад якога моцна гарэла лямпачка, асьляпляючы мяне й бянтэжачы: "Ну, кажы пра падарожжа і пра Беларусь у камэру, ты ж ведаеш ангельскую мову!" — выхавацелька прамовіла гэта зь вялікім натхненьнем, перамяшаным з жахам чагосьці невядомага й незнаёмага.

- Зіс іс а найс таўн, ві хэд а гууд рест анд тріп, хелло фром Мінск, а кэпітал оф Беларусь, ві лайк ту бі хіа, — я нёс штампаваныя сказы, што прыходзілі ў галаву з разьдзелу падручніка па ангельскай мове, па якім вучыўся ў школе і на той момант быў шчыра ўдзячны сваёй настаўніцы за тое, што так мяне штурхала на ўроках ангельскай.

Тым часам, пакуль я, вылупіўшы вочы, у чырвонай кепцы на бок з лягатыпам "Kids Aloft" і ў крутой байцы, якая пахла заляжалым сэканд-хэндам, прамаўляў усё гэта, паглядаючы ў абʼектыў, колькі мясцовых газэт запісвалі й шчоўкалі сваімі фотаапаратамі...

Гаспадар маёй часовай альбо, так бы мовіць, аднаразовай шатляндскай сямʼі на наступны дзень паказваў мне газэты, дзе пад артыкулам пра беларускіх дзяцей разьмясьцілі маё фота — круглашчокі падшыванец, нават і ня скажаш, што ён — беднае "чарнобыльскае дзіцё". Маці па тэлефоне я ўзахлёб і з гонарам крычаў у слухаўку, што быў паказаны ў вячэрніх навінах і надрукаваны ў газэтах... Мама ня слухала, яна толькі плакала ў тэлефон і пыталася, чаму я гавару ў нос, а ці не захварэў я!?

Потым пачалася прырода, нас вывезьлі адной раніцою ў Календарскі парк, дзе ўсярэдзіне месьціўся Календарскі палац... І мне не было аніякай справы да палацу й парку, я ўпершыню паспрабаваў сапраўдныя сэндвічы зь неверагодна смачнай пэпсі-колай, сэндвічы складаліся з тонкага тоставага хлеба зьверху й зьнізу, парэзанага трохкутнікамі, а між ім было смачнае вэнджанае мяса, маянэз, эўрапейская гарчыца, плаўлены сыр і пэкінская капуста... гэта быў першы культурна-гурманны шок!

Мы ня езьдзілі глядзець Фолкёрскае кола — першы ў сьвеце суднападʼёмнік, які круціцца і злучае каналы Форт-Клайд і Юніён, кола, якім так ганарыцца горад і вобласьць, і, напэўна, добра, а можа, шкада... але мы былі ў цэнтры й стандартна паглядзелі на крамы па Фолкёрк Хай-стрыт і паехалі ў заапарк... У заапарку, акрамя таго што глядзелі празь сетку на замучаных зэбраў і жырафаў, мы ганялі паўлінаў, якія хадзілі без агароджы і, вядома, ужо на выхадзе трапілі ў крамку сувэніраў і прыколаў, і я ў Менск прывёз: сыліконавае павуціньне, што ноччу сьвяцілася і пужала мяне колькі год запар, бо вісела ў куце й паўночы варожа блішчала; а таксама я накупіў шкілетаў, плястыкавае гаўно, нейкіх вусеняў і казурак, палова зь якіх там у заапарку й згубіліся.

Трэба адзначыць, што мая першая шатляндская сямʼя хоць і была даволі пасіўная й спакойная, але побач зь імі жыла суседка-гарэза, яна з намі неяк паехала ў басэйн-цэнтар, насіла кепку яна, як і я, на бок, і сядзела ў аўтобусе са мною, і жартавала, і абдымала мяне, вядома, па-сяброўску, але я раставаў, як марозіва на сонцы ад кожнага ейнага позірку, яе бацянькі на носе мяне проста зачаравалі, і калі мы нарэшце дабраліся да "Mariner Center", я толькі тады ўцяміў, дзе мы! Я наадрэз адмовіўся распранацца й ісьці купацца й катацца з горак у басэйн... а то, каб усе бачылі, што я тоўсты. Мяне палічылі дурным дзіцем, і я, седзячы на другім паверсе за плястыкавым сталом і калупаючы саломку з-пад выпітага маркоўнага соку, назіраў, як мая супэр-суседка Сьюзан сьмяецца, гуляецца й плюхаецца з горак у ваду разам з маімі хлопцамі-падарожнікамі. Мяне гэта моцна пакрыўдзіла, і я вырашыў зь ёю не камунікаваць. Трэба было бачыць яе вочы, калі мы ўсе пагрузіліся ў аўтобус, каб ехаць на абед, а яна прыйшла й села да мяне, а я на яе як пачаў раўці, каб сышла... яна й сышла...

На наступны дзень я, каб неяк разварушыцца і забыцца на Сьюзан і дурнога суседа Дзіму, пазнаёміўся з астатнімі хлопцамі ў маёй шатляндскай падарожнай праграме, і сталася так, што да канца падарожжа мы ўжо трымаліся адно аднога... Кожны з хлопцаў, здавалася, быў старэйшы за мяне, вышэйшы й прыгажэйшы, і мне гэта падабалася, я адчуваў сябе такім жа, як яны, дарослым, высокім, худым і трынаццацігадовым!

Фолкёрк хутка скончыўся, мы нават не пасьпелі як мае быць яго разгледзець, апошняя партыя ў шахматы з гаспадаром сямʼі была завершаная, першыя адносіны парваныя, стыль адзежы зьменены, фотаапарат правільна запраўлены, а тры новыя спартовыя валізы, напампаваныя цацкамі й вопраткай, падрыхтаваныя да пераезду ў Абэрдын. Была раніца нядзелі, мы адседзелі служэньне ў царкве, і ўсе атрымалі па пакунку чакалядак... я варʼяцеў, там было каля пяці кіляграмаў чакалядак: сьнікерс, натс, марс, кэдбэры... жуйкі... Я адразу з чакалядкамі сеў у канец аўтобуса, што было ў мяне звычкаю са школы, і амаль усю дарогу ня з кім не размаўляў, ехаў, паглядаючы па бакох і назад, назіраў першы цуд — шатляндскія палі, узгоркі, авечкі, каровы, самотныя дамкі ў клетку, ідылія... і мне было вельмі-вельмі сумна, што мая мама ня бачыць, што ня можа адчуць усяго гэтага, я фатаграфаваў, але беспасьпяхова, бо стужка хоць цяпер і правільна была запраўленая, але ўсе фотаздымкі я рабіў супраць промняў сонца й засьвечваў пэйзажы да непазнавальнасьці... увогуле ўсе нармальныя, так бы мовіць, ацалелыя фота, якія я прывёз дамоў, рабіліся ня мною, а гаспадарамі маіх трох семʼяў.


Абэрдын

Увечары, калі мы прыехалі ў Абэрдын і я патрапіў у больш маладую сямʼю зь вялікай колькасьцю дзяцей, двума прыватнымі тэніснымі кортамі, гаражом на тры машыны... як пабачыў у вячэрнім паўзмроку ўсю раскошу жыцьця гэтых веруючых баптыстаў, я ўжо ня стрымліваўся, плакаў і хацеў дадому, да мамы... але гэта, вядома, рабілася са мною, калі ніхто ўжо ня бачыў, бо я не хацеў плакаць перад малым вяскоўцам Дзімам, які паводзіў сябе так, што некаторыя шатляндцы жагналіся, хоць гэта й не было ў іх традыцыі, яны не разумелі гэтага малога, у якога ад усяго бачанага проста ехаў дах.

(Дзім, а ты адкуль, зь вёскі? І колькі там у вёсцы жыве людзей? Тры хаты, кажаш... І быў ты ў якіх вялікіх гарадах? Толькі ў раённым цэнтры? Па нядзелях, у царкве?! Уяўляю, як табе тут хранова!)

Дурасьць нейкая — плакаць перад малодшымі!

З Фолкёрка я пасьпеў адаслаць дамоў паштоўку, на якой былі сфатаграфаваныя тры дзяўчыны, каторыя на фоне зялёных узгоркаў на падмостках танчылі ў народных шатляндскіх уборах, я напісаў пра тое, што я рады тут быць і ў мяне шмат адзежы, і зрабіў рэкордную колькасьць памылак у адным кароткім сказе — дзесяць!

У Абэрдыне мяне чакалі дзьве неспадзяванкі — новы зуб і фрызура. Чатыры гады таму, калі я сядзеў на ўроку гісторыі, настаўніца кудысьці выйшла, і мы разам з Настай Маргалік пачалі дурэць й жартаваць, суседзямі па парце мы былі тымі яшчэ боўдзіламі, яна сказала штосьці сьмешнае, і я зарагатаў з адкрытым да самых вушэй ротам... усё цела скаланула, і я паваліўся на парту, але тое, што зрабіў гэта зусім неакуратна, да мяне дайшло, толькі калі я зноў сеў на школьным крэсьле — я ўтаропіўся ў вялікі кавалак зуба, які тырчэў у драўлянай парце, указальным пальцам дакрануўся да вуснаў, прыадкрыў рот, намацаў нейкі востры абломак зьверху, пачаў калупаць яго пазногцем, і тут мяне працяў неверагодна востры боль, у вачах спачатку сталася сьветла й потым цёмна, рот напоўніўся крывёю... Я пакінуў палову свайго пярэдняга верхняга зуба тырчэць у парце. Калі вярнулася настаўніца, у яе адразу стаўся шок. Такім чынам, я ўжо чатыры гады хадзіў шчарбаты і баяўся адкрыта ўсьміхнуцца. Нарасьціць новы зуб у Менску было чымсьці кшталту фантастыкі, гэта было коштам шасьці бацькоўскіх заробкаў, а мяне яшчэ адолеў стаматыт, і дзёсны рэзалі, а потым я месяцамі ня мог нармалёва есьці... адным словам, пакуты.

І тут гадзіна — і ў мяне новы пярэдні зуб, нарошчаны на стальныя штыфты ў аскепках майго ўласнага зуба... і вечар — новая фрызура... я мяняўся на вачах, ад таго калабка, як мяне ўсе называлі яшчэ ў школе, нічога не засталося, я быў апрануты як мае быць — чорныя буцы, швэдар "Пума", чорныя джынсы "Wrangler", кароткая фрызура набок, новы зуб, каляровая фенечка — падарунак ад курносай і рабой Сьюзан.

Мая сямʼя ў Абэрдыне была вялікай — трое дзяцей, бацька, маці, два лябрадоры, тры коткі, вялікі катэдж з тэнісным кортам і гаражом з трыма машынамі — джыпам, мэрсэдэсам і невялічкім фордам для паездак па крамах... Гэтая сямʼя была заможная, кожным абедам яны зьбіралі шмат гасьцей... да іх дзяцей, двух сыноў-падлеткаў, прыходзілі дзяўчыны, да малодшай дачкі — малыя сябры. Кожным абедам яны замаўлялі дзесяць вялікіх піцаў, мой Дзіма дурэў ад усяго, што бачыў, усё было ўпершыню, ён еў піцу вялікімі кавалкамі, амаль цалкам засоўваў сабе ў рот, глытаў яе, усьміхаўся, моўчкі піў, а потым рыгаў і рохкаў, як парсюк, а па вечарох ён ванітаваў у нашай агульнай пакаёвай прыбіральні і потым, памыты, залазіў у ложак і распавядаў мне, што новага за дзень ён для сябе адкрыў: цукеркі, чакалядкі, жуйкі, мячыкі з пяском унутры, мячыкі для жангляваньня, тэнісныя мячыкі, ракеткі, чыпсы, запечаная рыба, піца, кола, пэпсі-кола, фанта, вінаградная фанта, буцы, кеды, ё-ё, хула-хуп... ён часта па назвах не запамінаў свае адкрыцьці, і мне даводзілася яму падказваць... І на наступны дзень у яго здарыўся прыступ, ён упершыню ўбачыў прыстаўку Ніндэнда, на якой гуляў у трохмернага Соніка старэйшы хлопец зь сямʼі. Быў вечар, мы, стомленыя, абʼеўшыся піцай, набегаўшыся ў тэніс і накатаўшыся на катамаранах у мясцовым возеры, сядзелі ў пакоі старэйшага і назіралі, як сіні вожык лётае й зьбірае залатыя колцы, бʼе нейкіх пінгвінаў, разганяецца й шпарка лётае туды-сюды, уверх і ўніз... і тут раптам Дзіма пачынае віскатаць, рагатаць, рохкаць і паказвае пальцам на экран, крычыць, рагоча і пукае, і гучна так крычыць і пукае, рагоча й сьмярдзіць... мы ў шоку, паглядаем на яго, як на ёлупня, а Дзіма ня можа спыніцца, рагоча й пукае, і так ад яго нясе, нібыта ён абгаўняўся ўшчэнт, а ён нават і слова прамовіць ня можа... Старэйшы ставіць на паўзу гульню, і Сонік зьнерухомлівае ў палёце за чарговым залатым колцам, і мы сыходзім, заціскаючы насы, а Дзіма яшчэ паўгадзіны так ляжаў, глядзеў на экран і рагатаў, скуголіў і гучна пукаў... Позна ўвечары, калі мы былі ўжо ў ложках, Дзіма сказаў мне, што ніколі так не сьмяяўся, яго адолеў нейкі прыступ, эйфарыя, ён нават абкакаўся.

Так, абкакацца ад уражаньняў — гэта новы этап культурнага шоку.

На наступны дзень абэрдынскія часовыя бацькі пацягнулі нас на агульныя гульні ў парк, дзе мы сустрэліся з усімі беларускімі дзецьмі й іхнымі шатляндскімі семʼямі, парк быў хутчэй вялікім зялёным футбольным полем, мы, як тут звычайна прынята й нармалёва для летняга сэзону, несьлі з сабою ў заплечніках швэдры, шалікі й невялічкія парасоны, надворʼе за дзень мянялася рэзка й радыкальна... пакуль усе сабраліся, двойчы прайшоў грыбны дождж, а потым пачало няшчадна паліць сонца, была сьпякота... Для дзяцей разгарнулі вялікі надзіманы палац, унутры якога было можна скакаць, я спачатку паводзіўся культурна й па-даросламу, але калі пабачыў, што ў гэтым палацы столькі дзяўчын майго ўзросту дурэюць, нават не разважаючы кінуўся бегам туды — і так, гэта было слушным рашэньнем, скокі, сьмех, выпадковыя сутыкненьні, абдымкі, усе дзяўчаты ўжо мелі невялічкія ледзь акрэсьленыя грудзі, я быў на вышыні асалоды... Бо што яшчэ трэба для хлопца, які толькі нядаўна пераступіў мяжу падлеткавага ўзросту, дзе прымітыўныя жаданьні ўжо расьлі й займалі ўсю частку таго месца ў мазгах, якое было адказнае за другую сыгнальную сыстэму паводле Паўлава, а прасьцей — за мысьленьне й разважаньне... на той час усе сыгналы й сыстэмы былі адключаныя, акрамя адной... я быў больш чым калі набліжаны да жывёлаў, я востра адчуваў пахі поту й яшчэ чагосьці ўзбуджальнага, нейкіх афрадызіякаў, я востра бачыў усьмешкі й шаўковыя валасы дзяўчын, я бачыў іх белыя зубы, іх вясёлыя вочы, іх целы й рукі, я кранаўся іх у шалёных скоках у надзіманым дзіцячым палацы, час быў спынены, Шатляндыя пасунутая далёка ўбок, мова сьцертая, на той час існавала камунікацыя духоўная, полавая, камунікацыя самая старажытная, жаданая й яскравая.

А потым, калі палац пачаў выпускаць паветра са сваіх нутраў і памяншацца ў памерах, мы перасунуліся да гульняў зь мячыкамі, з каляровымі пледамі і кінуліся шалёна есьці сэндвічы й запіваць іх спрайтам... Дзьве дзяўчыны, зь якімі я на кароткі час адчуў такое блізкае яднаньне, размалявалі акварэльнымі фарбамі свае твары такім жа чынам, як і я, і мы ўтраіх зь сіня-бэжавымі пысамі хадзілі і сьмяяліся, яны глядзелі на мяне, я на іх, я на той час быў шчыра закаханы ў іх абедзьвюх, закаханы ў іхнюю шатляндскую незразумелую мову, у іх вочы й такія прыгожыя грудзі, якія тапоршчыліся па-дзіцячаму з-пад дзявочых белых саколак... і гэта, напэўна, было маім першым сапраўдным узбуджэньнем, я яго дакладна адчуваў, і было цяжка хадзіць, таму я, каб адцягнуць увагу, быў вымушаны пачаць бегаць, нібыта зацікавіўшыся футболам, у які гралі шатляндскія баптысцкія мужчыны, дакладней, браты.

А потым быў новы дзень, я адчуваў, што нейкім чынам зьмяніўся, што прастора вакол мяне цяпер стала іншаю, я па-новаму пачаў глядзець на сьвет, каштоўнасьці былі ўжо ня тымі... я прачнуўся мужчынам, але асэнсаваў гэта толькі праз колькі месяцаў, а на той час я ўсё адчуваў падсьвядома, толькі сваімі пачуцьцямі, кранаючыся прадметаў, назіраючы, нюхаючы, прыслухоўваючыся, усё было іншым... і гэты новы, іншы дзень быў цалкам прысьвечаны падарожжам па вуліцам Абэрдына, якія для мяне размыліся ў адно вялікае пачуцьцё, адзін вялікі вобраз карункавага, каляровага, жаночага пачатку, прысутнасьці дзявочага паху, дзявочых сылуэтаў, пакуль увечары наш аўтобус не спыніўся на беразе Паўночнага мора, халоднага паўночнага мора, і я адарваўся ад групы дзяцей і, ня чуючы нікога, па пояс зьнік у вадзе, было халодна, але гэта было першым сьвядомым купаньнем у моры, у вопратцы... Зусім малым я купаўся ў Балтыйскім моры, але гэта нават не параўноўваецца, тут, на поўначы, я, толькі што стаўшыся дарослым, купаўся ў новым статусе, з новымі поглядамі на сьвет. На мяне доўга сварыліся выхавацелькі, пераапраналі, абціралі, расьціралі, я тросься, але сьмяяўся...

На наступны дзень я ўжо быў героем як сярод сваіх, так і сярод шатляндскіх дзяцей, я набываў папулярнасьць...

Мора асабліва нікому не падалося цікавым, і аўтобус накіраваўся да мясцовага басэйну... і тады я зноў бавіў час за сталом, назіраючы, як усе плаваюць, гуляюцца й сьмяюцца, гэта былі часы поўнага заняпаду для мяне, гэта было забыцьцё, я пакутаваў праз свае комплексы таўсматага дзіцёнка.

— Гэй, чувак, лаві мяч вось так, — крычалі мне зранку мае часовыя браты і паказвалі, на якім узроўні яго лавіць, і я заківаў галавою, то бок кідайце...

Я злавіў мяч жыватом, боль быў такі, быццам мне выпусьцілі ўсе кішкі вонкі... і апошні свой абэрдынскі дзень я правёў у ложку, паядаючы чакалядкі й разглядаючы свае новыя валізы з пакупкамі й падарункамі для мамы — цэлая калекцыя шампуняў, гель-душаў і крэмаў, для таты — саколкі й швэдры, і для брата — амаль усё адзеньне ад верху да нізу, плюс абутак, куртка, шапкі і кепкі, я заўсёды, з самага дзяцінства імкнуўся апрануць свайго малодшага брата цалкам, так я прыязджаў з Лёндана з валізаю адзеньня для брата, так я прыязджаў з Ваймара, так і з астатніх месцаў, напэўна, усё пачалося з Шатляндыі й неверагодных складоў вопраткі, якую проста так нам давалі ўсе гэтыя веруючыя людзі!

Я ляжаў з пабітым жыватом у ложку, лекар мяне агледзеў, я быў здаровы, але да заўтра я мусіў нікуды не выходзіць, усе мае сябры й сяброўкі зноў падарожнічалі па вуліцах Абэрдына, набывалі розныя рэчы, фатаграфавалі, а я разглядаў цэлую калекцыю міні-аўтамабіляў, якія па прыезьдзе дадому будуць адабраныя ў мяне ў маім двары мясцовымі старшаклясьнікамі, а частка, якая напачатку захаваецца дома, будзе скрадзеная маімі сябрамі... я пільна ўглядаўся ў гэтыя машынкі і марыў, як буду ў дваццаць пяць год такім неверагодна дарослым, як буду езьдзіць на адной з такіх машын, напрыклад, на сінім "Жуку", альбо на "Астан Мартыне", альбо на "Фордзе Мустангу" 1969 года... Мне здавалася, што дваццаць пяць — гэта тое самае, гэта якраз такі ўзрост, калі ўсе кропкі над "і" расстаўленыя, і далей жыцьцё будзе ісьці толькі па пляне й адштурхоўваючыся ад распрацаваных прынцыпаў...

Мой пісюн цяпер кожнай раніцаю нагадваў пра сябе, робячы з майткоў "шалашык", я бегам нёсься ў прыбіральню й крыва, пырскаючы ў розныя бакі, сікаў, мне было сьмешна й радасна, я адчуваў сябе моцным... Сёньня надышла чарговая нядзеля, і мы будзем на служэньні ў царкве і адтуль едзем у Пітлёхры, нас зь Дзімам, які кожным днём усё больш сумаваў па доме й адначасова аніякім разам не зьбіраўся дадому, мусілі сустрэць у трэцяй сямʼі.

На служэньне мы адседзелі напаўсоннымі, і калі выйшлі ва ўнутраны дворык царквы, каб падсілкавацца й памаліцца, я быў агаломшаны прыгажосьцю той самай жанчыны, на якую выдаў за час сьняданка й малітвы ўсе трыццаць шэсьць кадраў свайго фотаапарату, я сустрэну тую самую жанчыну, на якую ўпершыню буду ананіраваць, успамінаючы кожную рысу яе твару, кожны выгін яе пругкага цела, кожны сантымэтар яе грудзей зь цьвёрдымі смочкамі пад лёгкай бэжавай кашуляй... і я да гэтага часу ўдзячны лёсу й Богу за тое, што маё спасьціжэньне сьвету чагосьці інтымнага ўпершыню адбылося менавіта ў Шатляндыі, гэта ад самага пачатку заклала нейкі падмурак густу, падсьвядомага параўнаньня з тым, што будзе надалей сустракацца на маім шляху, і першакрыніцамі апынуліся дзяўчыны й жанчыны чыстыя, добрыя, сьветлыя, аточаныя неверагодным зьзяньнем і моцаю, пахам і аўрай абяцаньня чагосьці патаемнага... я на той час маліўся з астатнімі, але мая малітва была зусім іншаю, яна была скіраванаю да гэтай жанчыны, да яе пачуцьцёвага прыроднага бляску, да яе ўнутранай моцы... я пачынаў разумець, што гэта не дурныя мэтафары, што мужчына гатовы на ўсё дзеля жанчыны, я пачынаў разумець, што ў сьвеце ёсьць такія прыярытэты і такія закладзеныя прыродаю рэчы, на якія чалавек ніколі ня знойдзе адказу, а тым болей моцы падпарадкаваць...

Перад самым аўтобусам надворʼе сапсавалася, падзьмуў халодны вецер, мы апрануліся ў швэдры, але маю жанчыну гэта не сапсавала, яна глядзелася б сэксуальнаю й вытанчанаю нават у целагрэйцы... мы паехалі ў Пітлёхры, нам махалі нашыя часовыя семʼі, мы ўсьміхаліся, Дзіма плакаў горкімі сьлязьмі, соплі ў яго цяклі па падбародзьдзі, ён пукаў... я паглядаў толькі на сваю жанчыну, яна махала адной з маіх суседак, якую звалі Эва, я думаў, што ёй пашчасьціла цэлы тыдзень жыць з такою жанчынаю, я ўяўляў на яе месцы сябе... мы паехалі... і я раптам успомніў, што ў сваім пакоі ў доме забыўся на трэцюю валізу, у якой былі два мячыкі — баскетбольны й валейбольны, тры махровыя ручнікі, пяць шортаў і новы фотаапарат... я забыўся на цэлую валізу!

У аўтобусе адна з нашых вахавацелек распавяла, што Абэрдын горад-пабрацім, альбо, як кажуць брытанцы, sister city (горад-сястра), з нашым Гомлем, і стаў ён ім у 1990 годзе... ня так даўно мы пачалі сябраваць гарадамі...


Пітлёхры

Пітлёхры — маленькі гарадок, жыве там усяго дзьве тысячы жыхароў, але месца незвычайнае — ляндшафт дзесьці паступова, а дзесьці рэзка пераходзіць з раўнінаў у горы, з Лоўлэндз у Хайлэндз. Так, Пітлёхры знаходзіцца там, дзе пачынаюцца Высакагорʼі, там, дзе далей на поўдзень спрэс запаведнікі, лясы, замкі й амаль адсутнічаюць гарады, толькі вёскі й сялібкі, і паступова зямля сканчаецца і пачынаецца халодны Паўночны Ледавіты акіян.

Пітлёхры — гэта ўжо цалкам іншы погляд на сьвет, гэта новая сямʼя, якая дала мне найбольшую колькасьць успамінаў і ўражаньняў, сямʼя, у якой двое дзяцей нашага зь Дзімам узросту, і мы паўсюль будзем разам: школа, пікнік, кавярня, ровары, гульні, лясы і замкі.

Бацька, гаспадар у сямʼі, вельмі паважаны, адзіны доктар на раён, ён мае сваю прыватную машыну зь міргалкамі, пінжак і сакваяж і лечыць ад усяго, ён неяк будзе мяне фатаграфаваць у адзеньні доктара каля сваёй працоўнай машыны... Маці — хатняя гаспадыня, дзеці — звычайныя жвавыя падшыванцы... Гэтая сямʼя першаю зацікавілася нашым паходжаньнем, дакладней, яна не спынілася на простым пытаньні: "Адкуль вы?" Усе яны кінуліся да свайго кампутара, на якім была ўсталяваная новая Windows 96, пяць хвілінаў, трэск ад падключэньня да Інтэрнэту — і цуд: яны набралі на клявіятуры слова "Belarussia", і той на сваім пукатым чорна-шэра-зялёным маніторы даў артыкул, дзе падрабязна пісалі пра маю Радзіму, а ўнізе пачала запампоўвацца фотка... Мы чакалі каля хвіліны, пакуль піксэлі не далі нам фотаздымак РЫСІ! Во дзіва, на Беларусі жывуць рысі... Другім фота быў контурны абрыс мяжы краіны, і даваліся пэўныя зьвесткі месцазнаходжаньня й клімату...

Усе вытрымалі культурную паўзу зацікаўленасьці, паўздыхалі, павохкалі на рысь і на наш клімат... і першы вечар прайшоў у напаўзмрочным гасьцінным пакоі пад цёплымі пледамі, з гарачай чакалядаю й праглядам мульцікаў "Том і Джэры". Дзіма спаў, пускаючы сьліну на падушку, я асобна сядзеў у фатэлі і глядзеў то ў тэлевізар, то на сваю нядзельную сямʼю, мне было цікава, што будзе заўтра, мне хацелася да сваёй мамы, але хацелася не да яе ў Менск, а каб яна сюды прыехала, ёй было б тут вальней, цішэй і спакайней, чыстае паветра, вакол прырода, прыгожыя шатляндцы, такая жаданая культура жыцьця, такая якасьць існаваньня.

Праз гадзіну нас адправілі адпачываць, і я зазірнуў у ванны пакой, каб прыняць ванну як мае быць, па-беларуску... але я толькі пасьпеў напусьціць вады, як гаспадар дому ўварваўся ў ванны пакой з квадратнымі вачыма, і празь яго шатляндска-ангельскія сказы я зразумеў, што ніхто ніколі за сваё жыцьцё так бязглузда не траціў цэлую ванну вады на тое, каб памыцца, гэта ж 250 літраў!!! Варʼяцтва, калі можна было памыцца і ў 40 літрах альбо па-хуценькаму, затыкнуўшы ракавіну, набраць туды два літры і, замочваючы ў гэтай вадзе анучку, працерці цела!!! Як гэта ўвогуле магчыма, каб столькі вады проста так напусьціць!!! Гаспадар быў белы, я яму казаў, што ў Беларусі шмат вады, але ён не даваў веры. Шатляндцы мелі з нараджэньня пункт пра эканомію, і гэты пункт быў непарушным.

Раніца засьпела нас зь Дзімам у неверагодным холадзе, нас трэсла, як асінавае лісьце: аказалася, што батарэі ніхто не ўключаў, а ноччу быў амаль нуль, і, вядома, форткі былі паўсюль адчыненымі, бо гэта мусіла быць сьвежая раніца, але толькі не для нас...

Увогуле, як я потым даведаўся, шатляндцы, як і ангельцы, ужо ў трэцім пакаленьні загартаваная нацыя, усё пачалося з таго, што на дзяржаўным узроўні была пастаўленая праграма разьвіцьця нацыі, загартоўкі, каб людзі не паміралі, хварэючы на грып альбо гішпанку, і таму зь дзяцінства малыя сьпяць з адчыненымі форткамі і нават у лютым месяцы ходзяць у швэдрах, шаліках і штанах, усім тут цёпла, акрамя нас.

Pitlochry High School па вуліцы East Moulin Road, там вучацца мае браты, я ўсю раніцу баўлю зь імі час, гэта цікава, весела, на мяне школьнікі паглядаюць, як на дзіва, дзяўчынкі перашэптваюцца, я атрымліваю ў падарунак ручнік школы, на якім намаляваныя ўсе вучні, прычым кожны вучань намаляваны сваім сябрам альбо суседам па парце, дзіўныя й чароўныя малюнкі, я адразу ўзгадваю сваю школу й аднаклясьнікаў і разумею, што яны б ніколі так выдатна й сьмешна, шчыра й па-сяброўску адно аднаго не намалявалі б, абавязкова кожны пачаў бы зьдзекавацца.

Мне хутка становіцца сумна, усе разьбягаюцца па габінэтах, мы з хлопцамі ідзем на школьную спартовую пляцоўку, я адразу прыкмячаю баскетбол — і бегам туды, да чорных хлопцаў. Чорныя бачаць мяне, усьміхаюцца, і я далучаюся да іх у каманду, мы гуляем, добра, што яны майго ўзросту, нам весела, але адзін зь дзяцей кожным разам, калі я атрымліваю мяч, моцна зьбівае мяне, спрабуе замест таго, каб адабраць мяч, нашкодзіць мне... Я не вытрымліваю:

— Hey, fuck you bitch!!!

Гульня рэзка спыняецца, усе пільна сочаць за намі, я разумею, што гэтага казаць ня трэба было, напэўна, мяне будуць балюча біць, хлопец гэты нашмат мацнейшы за мяне, але ён разварочваецца й сыходзіць, мармычучы сабе пад нос нешта няўцямнае, ягоныя шырокія штаны цягнуцца па спартовым пакрыцьці, астатнія чорныя хлопцы сыходзяць разам зь ім, я застаюся адзін, мне сорамна, і я разумею, што паводзіўся, як апошні дурань, выкаблучваўся... І разумею, што мяне ня зьбілі толькі таму, што я замежнік, вось і ўсё... І гэта мне падалося неверагодным, я завочна пачаў таго хлопца паважаць, але толькі празь некалькі тыдняў, калі спакойна ўсё ўзважыў і перагледзеў той момант ад пачатку і да канца... І запомнілася мне тады яшчэ, як тыя са школьнікаў, хто назіраў за нашай гульнёй, радаваліся закінутым мячам, падбадзёрвалі мяне, крычалі: "Давай, Санджы (гэта я быў, як сонца), кідай!!!" І потым, як пасьля маіх злосных выкрыкаў на хлопца, некаторыя апускалі вочы і сыходзілі, я расчараваў у сабе ці ня самых добрых дзяцей у сьвеце, яны мяне пусьцілі да сябе, узялі ў гульню... але я таксама дзіцё, і мне гэта мусіла даравацца, здавалася, што пасьля таго, як у Абэрдыне я ўжо стаў дарослым і нёс пэўную адказнасьць за свае дзеяньні, я мусіў адразу стацца разумным.

На наступны дзень мая сямʼя выправілася ў доўгае падарожжа, а куды — нам зь Дзімам не адразу паведамілі. Але калі мы ўжо імчаліся па дарозе, я даведаўся, што мы праедзем самае сэрца Высакагорʼяў, паямо на ўзьбярэжжы акіяну й дадому!

Праз мае вочы праносіліся казачныя краявіды, вялікія й мажныя дрэвы, дубровы й ельнікі, горы й самотныя валуны пасярод зялёных палёў, рэкі й балоты, вёскі... Праносіліся ўсе адценьні зялёных і карычневых колераў, я захапляўся гэтым, было яшчэ вельмі рана, сонца толькі ўздымалася, я ўскрыкваў у машыне ад захапленьня, усе сьмяяліся зь мяне, а Дзіма ўсю дарогу спаў... Нарэшце празь некалькі гадзін і я, змораны ўражаньнямі, паснуў, і калі расплюшчыў вочы, убачыў яго, акіян, я ўбачыў гэтыя буйныя сінія хвалі, гэтыя адценьні зялёна-шэрага, удыхнуў халоднае сьвежае паветра, сонца сьвяціла няшчадна, але тут гэта ня мела ніякага значэньня, бо ён быў Гаспадаром, Богам, ён быў Акіянам, я злавіў сябе на думцы, што грахоўна думаю пра Бога, бо так нельга для маленькага баптысцкага хлопчыка, але думкі ўжо зьявіліся, і іх немагчыма было пазбавіцца... Доктар, наш гаспадар, прамовіў жонцы, што зваротна паедзе яна, дастаў з кішэні біклагу са скотчам і сербануў, усьміхнуўся й паглядзеў на мяне... Я ўсьміхнуўся яшчэ шырэй... я глядзеў на Паўночны Ледавіты акіян, як дэбіл, зачаравана, пільна й захоплена...

Зваротна мы ехалі ў цішы, цямнела, я, пакуль ніхто ня бачыў, сербануў з пакінутай біклагі скотча, калі яшчэ сілкаваліся на ўзьбярэжжы акіяну, мне карцела пакаштаваць на смак гэтае пітво, і я, вядома прасьлязіўшыся й закашляўшы, вырашыў, што алькаголь ніколі ўжываць ня буду, але праз год парушыў дадзены самому сабе загад.

У Пітлёхры я набыў касэтны плэер апошняй мадэлі, сіні, з аўтарэвэрсам і дыктафонам, і да яго ў дадатак прыдбаў дзьве касэты гітоў года, і я пазнаёміўся з "Продыджы" зь песьняю "Дыханьне" й з гуртом "Спайс Гёрлз"... ці трэба казаць, што адбывалася ў школе зь верасьня, калі я вярнуўся?.. усе аднаклясьніцы слухалі "Спайс Гёрлз" і "Бэкстрыт бойз", я быў ня толькі ў тэме, я ведаў больш за іх, і ў мяне было некалькі сьвежых брытанскіх часопісаў зь іх кумірамі, такіх часопісаў па ўсёй Беларусі ніколі ня знойдзеш, і я на год стаўся ці ня самым папулярным хлопцам сярод сваіх дзяўчат... я даваў ім часопісы дадому, даваў ім слухаць касэты, распавядаў пра "Продыджы". Але на той час, калі я толькі пачынаў знаёміцца з поп-музыкай і з "Продыджы", я знаходзіўся ў Пітлёхры, ішоў разам зь Дзімам і нашай шатляндскай гаспадыняй па цэнтральнай вуліцы й мармытаў сабе пад нос няскладныя гукі, як малпа паўтараючы за сьпевамі, якія гучалі ў маіх вушах з новых навушнікаў... Я добра зрабіў, што набыў такія рэчы, як касэты й часопісы, добра... так я ішоў, уяўляючы сябе шатляндскім падлеткам.

Аднойчы ўвечары мы сядзелі за сталом, калі мне паднесьлі пакунак чыпсаў, я падзякаваў і, адчыніўшы іх, адразу адчуў незвычайны пах, Дзіма, які таксама атрымаў такія ж чыпсы і сок, адразу пакруціў носам і, пакаштаваўшы чыпсіну, пачаў плявацца. Я на яго лаяцца — дурань, як можна так сябе паводзіць за сталом, а нашыя шатляндцы глядзяць на нас васьмю вачыма й не разумеюць, як гэта Дзіма плюецца такою смакатою! Я паклаў у рот чыпс... Так, сапраўды, мяне працяла нейкае новае пачуцьцё, адначасова было незразумела гідка, але потым, другім смакам, больш танюткім, я адчуў даволі спэцыфічную рэч... Гэта былі чыпсы з воцатам, чыпсы, якія пасьля я больш нідзе не знаходзіў, як ні шукаў, гэтыя чыпсы на апошнія тры дні сталіся маёй самай любімай ежай, я іх набываў паўсюль і еў іх вялікімі пакункамі, я закахаўся ў гэты незвычайны смак, і потым, калі ўжо іх нідзе не знаходзіў, я абліваўся сьлінаю, шалеў, але да гэтага часу яны засталіся недасяжнымі, засталіся мітычна-шатляндскімі...

Таксама адным са смачных мітаў для мяне сталіся "Фіш энд Чыпс", якія я каштаваў на Atholl Road, ежа, якую брытанцы ўвогуле ядуць па ўсім сьвеце, нават у Індыі. Ядуць, кажучы, што гэта правераная ежа, і я дадам — сытная й здаровая: запечаная рыба і бульба падаюцца на паперы, якая ўсмоктвае лішні алей... смак, смак, смак, паўсюль была смаката, калі забыцца на тое, што гатавала мая мама, паўсюль была іншая смаката, новая, шатляндская.

А потым мы раніцою выправіліся ў доўгае роварнае падарожжа, мяне апранулі ў амуніцыю, надзелі на галаву шлем, пальчаткі і мы — шэсьць горных ровараў — паехалі ўздоўж ракі Тамэль у бок лесу й гор, да замкавага гатэлю і далей ужо машынаю да Таргет парку і да Блэйр кастла. Неверагоднае, дзікае падарожжа, дарога лезла ўверх, спускалася нечакана ўніз, паўсюль высоўваліся карані, потым дарога звужалася да сьцяжынкі, і па бакох апыналіся абрывы, мы прадзіраліся скрозь дрэвы й зеляніну, надворʼе мянялася, то аблівала нас дажджом, то паліла сонцам, мы ехалі доўга й марудна, але адначасова гэта было вельмі цікава й пазнавальна, яшчэ ніколі я так не падарожнічаў, яшчэ ніколі не бачыў такіх гор і лясоў, я пасьпяваў круціць галавой, крычаць ад захапленьня... Дзіма, які плёўся за мною, хутка стаміўся, і яго разам з самым малодшым дзіцем прывязалі за вяроўку да ровара доктара-гаспадара, які бордза пагнаў наперад... і тут раптам краявід рэзка мяняецца — і перад намі паўстае ўдалечыні вялікі палац пасярод зялёнай паляны, цалкам усеянай зайцамі... Я пачаў гарлапаніць і тыкаць паўсюль пальцамі: "Зайцы! Зайцы! Зайцы! Зайцы! Зайцы! Зайцы! Зайцы! Ды іх тут сотні!!!" — я забыўся на ровар і адпусьціў стырно, мая правая нага нейкім чынам улезла між сьпіцамі пярэдняга кола, і я паляцеў праз ровар... Упаўшы, разадраўшы аб газон шчаку, рукі, калена і правы бок, я працягваў назіраць, як зайцы скачуць у розныя бакі, як яны амаль у сантымэтрах ад мяне носяцца... Боль прыйшоў, толькі калі мяне паднялі й паставілі на ногі і калі ўсе зайцы зьніклі з далягляду. Для маіх шатляндцаў гэта было звычайным дзённым роварным падарожжам, для мяне — адкрыцьцё цэлага сьвету цудаў.

Да Таргет парку й да белага палацу Блэр мы ехалі ў машыне, якую арэндавалі ў замкавым гатэлі, мы пакінулі ровары і ехалі, усьміхаючыся й жуючы сэндвічы з сырам, запіваючы ўсё апэльсінавым сокам, нашая шатляндская сямʼя паглядала на нас, двух ёлупняў і, напэўна, крыху шкадавала, што мы нарадзіліся ня тут.

У апошні дзень мы зьбіраліся ехаць дадому хутка і неабачліва, шмат чаго пакінулі, згубілі, забыліся, Дзіма вельмі моцна плакаў, не хацеў зьязджаць, называў гаспадыню мамаю, абдымаў яе, пэцкаў яе спадніцу сваімі сьлязьмі й саплямі, мне за яго было няёмка, але я сам ледзь ня плакаў...

У аўтобусе да мяне падышла Эва, дзяўчына, зь якою мы пазнаёміліся яшчэ перад менскім аэрапортам, Эва мне вельмі падабалася, і мы зь ёю на агульных экскурсіях у Эдынбург і Глазга праводзілі час разам. Эва запыталася, ці маглі б мы абмяняцца фотаздымкамі адно аднаго з адрэсаю, каб у Менску перапісвацца і камунікаваць, і падаравала мне зялёную фенечку з маленькім белым крыжыкам, яна спляла яе сама для мяне, я расчырванеўся і паабяцаў, што да самалёта абавязкова падару ёй сваю фотакартку з адрэсаю.

Я доўга корпаўся ў сваіх фота, пакуль мы ехалі ў Глазга Інтэрнэшнл, Дзіма паснуў, у аўтобусе панавала самотная цішыня, задушлівая, сумная нявыкрутка, усе мае беларускія суседзі тужліва глядзелі перад сабой, хтосьці гучна смаркаўся, хтосьці плакаў... Я знайшоў фотаздымак, на якім стаяў у белай саколцы, з карычневаю байкаю, павязанай на поясе, у сіняй кепцы, рукі ў кішэнях чорных джынсаў, я — у поўны рост, бачныя нават мае любімыя буцы, за мною праглядаецца архітэктура Абэрдына, фота файнае, на зваротным баку я напісаў: Менск, вул. Заслаўская, тэлефон, індэкс, прыгожай Эве на памяць аб падарожжы, пабачымся, подпіс, дата, сардэчка.

У аэрапорце мы хутка прайшлі праз кантроль, селі ў самалёт і паляцелі, фотакартку я ня змог даць Эве, я вельмі саромеўся, таму ў прыбіральні самалёта разарваў яе і выкінуў. Эва мне таксама не дала фота, яна, напэўна, чакала ад мяне першых крокаў як ад мужчыны. Калі самалёт прызямліўся, я яе згубіў з поля зроку ў бацькоўскім натоўпе і больш ніколі ня бачыў.

13.01 — 21.02 2012

Менск

Загрузка...