Кватэра была сучасная. Мэбля ў пакоі таксама была сучасная. Вялікія квадратныя крэслы з вострымі кантамі. Сучасны пісьмовы стол, пастаўлены квадратам насупраць акна. А за сталом сядзеў маленькі пажылы чалавек. Яго галава была, па сутнасці, адзіная не квадратная рэч у пакоі. Формай яна нагадвала яйцо. Містэр Эркюль Пуаро чытаў ліст:
«Станцыя: Уімпалі
Тэлеграма: Гэмбара Св. Яна
Містэру Эркюлю Пуаро
Гэмбара Клоўз
Гэмбара Св. Марыі
Уэстшыр
Верасень, 24, 1936
Дарагі сэр,
Узнікла справа, якая патрабуе вялікай далікатнасці і такту. Я чуў добрыя водгукі пра вас і вырашыў даверыць гэтую справу вам. Я маю падставы лічыць, што з'яўляюся ахвярай падману, але па сямейных прычынах не хачу звяртацца ў паліцыю. Я сам раблю пэўныя захады, звязаныя з гэтай справай, але вы павінны быць гатовыя прыехаць сюды адразу ж, як атрымаеце тэлеграму. Буду вам удзячны, калі вы не адкажаце на гэты ліст. Шчыра ваш,
Гервазы Шэвені-Гарэ».
Бровы містэра Эркюля Пуаро павольна ўзнімаліся ўгору, пакуль амаль не зніклі ў валасах.
«І хто, уласна кажучы, — спытаўся ён у сябе, — гэты Гервазы Шэвені-Гарэ?»
Пуаро падышоў да кніжнай шафы і ўзяў вялікую тоўстую кнігу.
Ён знайшоў тое, што хацеў, даволі хутка.
Шэвені-Гарэ, Сэр Гервазы Фрэнсіс Ксаверы, 10-ы баранет, роду нададзен тытул у 1694; раней капітан 17-га ўланскага; нар. 18 траўня 1878; стар. сын сэра Гая Шэвені-Гарэ, 9-га баранета, памёр у 1911, і лэдзі Клаўдзіі Брэзэтан, 2-й дачкі 8-га графа Волінфорда. Ажаніўся ў 1912, Ванда Элізабет, стар. дачка палкоўніка Фрэдэрыка Абасната, гл. спіс асоб, якія скончылі Ітан. Удзельнік сусветнай вайны 1914-18. Захапленні: падарожжы, паляванне на буйную дзічыну. Адрас: Гэмбара Св. Марыі, Уэстшыр і плошча Лаўндыс, 218, Паўночны Захад I. Клубы: кавалерыйскі, падарожнікаў.
Пуаро не дужа задаволена паківаў галавой. Хвіліну ці дзве ён быў паглыблены ў свае думкі, потым падышоў да стала, выцягнуў шуфляду і дастаў стосік візітных картак.
Яго твар пасвятлеў.
— А lа bоnnе hеurе![1] Якраз тое, што мне трэба! Ён абавязкова будзе там!
Герцагіня сустрэла яго з празмерным захапленнем.
— Дык вы ўсё-такі змаглі прыйсці да нас, містэр Пуаро! О, як цудоўна!
— Мне гэта прыемна, мадам, — прамармытаў Пуаро, кланяючыся. Ён спрытна абмінуў некалькі важных і бліскучых асоб — вядомага дыпламата, такую ж вядомую актрысу і надзвычай вядомага лорда — аматара вясёлага жыцця — і знайшоў нарэшце персону, якую ён і прыйшоў шукаць: містэра Сэтазвэйта, аднаго з тых гасцей, пра каго, пералічваючы прысутных, нязменна пішуць: «і іншыя». Містэр Сэтазвэйт прыязна гаманіў:
— Дарагая герцагіня… Я заўсёды захапляюся яе гасціннасцю… Такая асоба, калі вы разумееце, што я маю на ўвазе. Я часта бачыў яе на Корсіцы некалькі гадоў назад…
У размове містэр Сэтазвэйт надзвычай часта ўпамінаў сваіх тытулаваных знаёмых. Мажліва, што ён мог часам знаходзіць прыемнасць і ў кампаніі з містэрам Джоўнсам, Браўнам ці Робінсанам, але калі і так, то ён не згадваў пра гэта. І ўсё ж апісаць містэра Сэтазвэйта як пустога сноба, і толькі, было б несправядліва. Ён быў праніклівы назіральнік чалавечай натуры, і калі праўда, што глядач ведае пра гульню найбольш, дык містэр Сэтазвэйт ведаў нямала.
— Ах, дарагі сябар, я вас не бачыў цэлую вечнасць. Я заўсёды адчуваю сябе шчаслівым, што мне пашанцавала быць побач з вамі, калі вы займаліся справай Варонінага Гнязда. Пасля таго мне здаецца, што я ў курсе, як кажуць. Дарэчы, я бачыў лэдзі Мэры толькі на тым тыдні. Чароўнае стварэнне — папуры і лаванда!
Паслухаўшы трохі пра свежыя скандалы — нясціплыя прыгоды дачкі графа і абуральныя паводзіны віконта, Пуаро здолеў уставіць у гаворку імя Гервазы Шэвені-Гарэ.
Містэр Сэтазвэйт адгукнуўся адразу ж.
— А, гэта характар, нічога не скажаш! Апошні баранет — такая ў яго мянушка.
— Пардон, я не зусім разумею.
Містэр Сэтазвэйт памяркоўна растлумачыў чужому чалавеку:
— Гэта жарт, разумееце — жарт. На самай справе ён не апошні баранет у Ангельшчыне, але ён такі і ўвасабляе канец эры. Адважны Неразважны Баранет, звар'яцелы баранет сарві-галава, вельмі папулярны ў раманах мінулага стагоддзя, чалавек, які ідзе ў самы неверагодны заклад і выйграе яго.
Сэтазвэйт пачаў больш падрабязна тлумачыць, што ён мае на ўвазе. У маладыя гады Гервазы Шэвені-Гарэ плаваў вакол свету на парусніку. Удзельнічаў у экспедыцыі на полюс. Выклікаў рызыканта-пэра на дуэль. Пабіўшыся аб заклад, ён заехаў на сваёй любімай кабыле па лесвіцы ў дом герцага. Аднойчы выскачыў з ложы на сцэну і вынес з тэатра славутую актрысу на сярэдзіне яе ролі. Анекдотаў пра яго было не злічыць.
— Гэта старадаўняя сям'я, — гаварыў далей містэр Сэтазвэйт. — Сэр Гай дэ Шэвені ўдзельнічаў у першым крыжацкім паходзе. Цяпер, на жаль, род, здаецца, згасае. Стары Гервазы — апошні Шэвені-Гарэ.
— Ён збяднеў?
— Ніколькі. Гервазы казачна багаты. Валодае каштоўнай нерухомай маёмасцю — радовішчамі вугалю, і ў дадатак ён, калі быў яшчэ малады, заснаваў шахту ў Перу ці недзе ў іншым месцы ў Паўднёвай Амерыцы, і яна прынесла яму багацце. Незвычайны чалавек. За што ні возьмецца, заўсёды ўдачліва.
— Зараз ён пажылы чалавек, вядома?
— Так, бедны, стары Гервазы. — Містэр Сэтазвэйт уздыхнуў, паківаў галавой. — Большасць людзей сказала б, што ён вар'ят. Гэта праўда, але часткова. Ён вар'ят не ў тым сэнсе, што ў яго няма памяці або што ў яго галюцынацыі, а ў тым сэнсе, што ён анармальны. Ён заўсёды быў чалавекам вялікай арыгінальнасці.
— І з гадамі арыгінальнасць становіцца эксцэнтрычнасцю? — зрабіў здагадку Пуаро.
— Менавіта. Гэта якраз тое, што здарылася з бедным старым Гервазы.
— У яго, мажліва, раздутае ўяўленне пра сваю асобу?
— Абсалютна. Я думаю, у галаве Гервазы свет заўсёды быў падзелены на дзве часткі: на адной яны, Шэвені-Гарэ, на другой — усе астатнія людзі.
— Гіпербалізаванае пачуццё сваёй радавітасці!
— Але. Усе Шэвені-Гарэ фанабэрыстыя, як д'яблы, — законы дыктуюць яны! У Гервазы, апошняга з іх, гэтага аж занадта. Сапраўды, калі яго слухаеш, можна падумаць, што ён, э-э, усявышні!
Пуаро павольна і задуменна паківаў галавою.
— Так, я падумаў пра гэта. Я атрымаў, разумееце, ад яго ліст. Гэта незвычайны ліст, які не просіць, а кліча!
— Каралеўскі загад, — сказаў містэр Сэтазвэйт, злёгку хіхікнуўшы.
— Менавіта. Гэтаму сэру Гервазы не прыйшло ў галаву, што я, Эркюль Пуаро, салідны чалавек, у якога так многа спраў! Што надзвычай малаверагодна, каб я адкінуў усё ўбок і прыбег, як паслухмяны сабака, як нікчэмны паслугач, які рады атрымаць хоць якое даручэнне!
Містэр Сэтазвэйт прыкусіў губу, каб схаваць усмешку. Ён мог падумаць, што калі гаварыць пра эгаізм, дык тут не было вялікай розніцы паміж Эркюлем Пуаро і Гервазы Шэвені-Гарэ.
Ён прамармытаў:
— Вядома; а калі справа, якой датычылася гэтая позва, была пільная?..
— Не была! — Рукі Пуаро ўзняліся ў паветра, зрабіўшы выразны жэст. — Я павінен быў быць у яго пад рукою, вось і ўсё, на выпадак, калі яму спатрэбіцца выклікаць мяне! Еnfin, jе vous dетепdе![2]
Рукі зноў красамоўна ўзняліся ўгору, лепш за словы перадаючы гнеў містэра Эркюля Пуаро.
— Я зразумеў так, — сказаў містэр Сэтазвэйт, — што вы адмовіліся?
— Я яшчэ не меў магчымасці, — павольна сказаў Пуаро.
— Але вы адмовіцеся?
Новы выраз мільгануў на твары маленькага чалавека. Яго брыво разгублена тарганулася. Ён адказаў:
— Як бы гэта сказаць? Адмовіцца — так, гэта была мая першая рэакцыя. Але я не ведаю… Часам ёсць нейкае прадчуванне. Ці не пахне тут рыбай…
Містэр Сэтазвэйт успрыняў гэтыя апошнія словы сур'ёзна.
— Вось як? — сказаў ён. — Цікава…
— Мне здаецца, — гаварыў далей Эркюль Пуаро, — што чалавек, якога вы намалявалі, можа быць вельмі крыўдлівы…
— Крыўдлівы? — здзівіўся містэр Сэтазвэйт. Гэтае слова было не з тых, якія ў яго звычайна асацыіравалісяі з Гервазы Шэвені-Гарэ. Але ён быў праніклівы і кемлівы чалавек. Ён разважліва сказаў:
— Здаецца, я разумею, што вы маеце на ўвазе.
— Гэта чалавек у латах, так, у латах — у сапраўдных латах! Латы крыжакоў — нішто ў параўнанні з імі, з латамі фанабэрыі, гонару, страшэннай самаўпэўненасці. Гэтыя латы ў пэўным сэнсе абарона: стрэлы, штодзённыя стрэлы жыцця, адлятаюць ад іх. Але тут ёсць і небяспека: чалавек у латах часам можа нават і не ведаць, што яго атакуюць. Ён бачыць запаволена, запаволена чуе, яшчэ павольней адчувае.
Пуаро памаўчаў, потым спытаўся ўжо іначай:
— Якая сям'я гэтага сэра Гервазы?
— Ванда — яго жонка. Яна з Абаснатаў, была вельмі прыгожая дзяўчына. Яна і цяпер прыгожая жанчына. Страшэнна незразумелая, аднак. Адданая Гервазы. У яе, я ведаю, прыхільнасць да акультных навук. Носіць амулеты і скарабеяў і заяўляе, што яна — пераўвасабленне егіпецкай царыцы… Далей, Рут — прыёмная дачка. У іх няма сваіх дзяцей. Вельмі прывабная дзяўчына ў сучасным стылі. Вось і ўся сям'я. Апрача, вядома, Х'юга Трэнта. Гэта пляменнік Гервазы. Памела Шэвені-Гарэ выйшла замуж за Рэгі Трэнта, і Х'юга быў іх адзінае дзіця. Ён сірата. Х'юга не можа атрымаць у спадчыну тытул, вядома, але я думаю, што яму пяройдзе ўрэшце большасць грошай Гервазы. Прыгожы хлопец; служыць у коннай гвардыі.
Пуаро задумліва паківаў галавой. Потым спытаўся:
— Сэра Гервазы засмучае, напэўна, што ў яго няма сына, каб той прыняў яго імя?
— Думаю, вельмі моцна засмучае.
— Імя роду — ён апантаны гэтым?
— Але.
Містэр Сэтазвэйт хвіліну-дзве маўчаў, дужа заінтрыгаваны. Нарэшце ён адважыўся:
— Вы бачыце важную прычыну, каб паехаць у Гэмбара Клоўз?
Пуаро адмоўна паволі паківаў галавой.
— Не, — сказаў ён. — З таго, што мне вядома, не вынікае ніякай прычыны наогул. Але, тым не менш, я мяркую, што паеду.