5


— Сядайце, Снэл, — сказаў маёр Рыдл сяброўскім тонам. — У мяне багата пытанняў. Разумею, гэта быў шок для вас.

— О, сапраўды, сэр. Дзякуй, сэр. — Снэл сеў з такім сціплым, нясмелым выглядам, што гэта, па сутнасці, было тое самае, калі б ён застаўся стаяць.

— Служыце тут ужо ладны кавалак часу, ці не так?

— Шаснаццаць гадоў, сэр, з той самай пары, як сэр Гервазы, э, асеў, як кажуць.

— Ага. Вядома ж, ваш гаспадар быў у свой час вялікі падарожнік.

— Але, сэр. Ён прымаў удзел у экспедыцыі на полюс і ў многія іншыя цікавыя мясціны.

— Добра, Снэл, прашу, скажыце мне, калі апошні раз вы бачылі свайго гаспадара сёння вечарам?

— Я быў у сталовай, сэр, сачыў, каб як след быў сервіраваны стол. Дзверы ў залу былі адчынены, і я бачыў, як сэр Гервазы сыходзіў па лесвіцы, ішоў праз залу, а пасля па калідоры пайшоў у кабінет.

— А каторай гадзіне гэта было?

— Якраз каля васьмі. Магчыма, ужо было без пяці восем, — спакойна адказаў Снэл.

— І тады вы бачылі яго апошні раз?

— Але, сэр.

— Вы чулі стрэл?

— О, так, сэр; але, вядома, я і не падумаў, што гэта стрэл. Ды і як я мог падумаць?

— А што вы падумалі?

— Я палічыў, што гэта аўтамабіль, сэр. Шаша зусім блізка ад паркавай агароджы. Або гэта мог быць стрэл у лесе — браканьер, можа. Я ніяк не думаў…

Маёр Рыдл перабіў яго:

— Калі гэта было?

— Роўна восем хвілін дзевятай, сэр.

Галоўны канстэбль рэзка запытаўся:

— Як вы можаце памятаць час з такой дакладнасцю?

— Проста, сэр. Я толькі што даў першы гонг.

— Першы гонг?

— Але, сэр. Паводле загаду сэра Гервазы, гэты гонг заўсёды павінен быў гучаць за сем хвілін да сапраўднага абедзеннага гонга. Ён заўсёды пільна сачыў, сэр, каб усе ўжо былі ў сталовай, калі ўдарыць другі гонг. Дык вось, даўшы другі гонг, я падышоў да дзвярэй сталовай і абвясціў абед, і ўсе ўвайшлі.

— Я пачынаю разумець, — сказаў Эркюль Пуаро, — чаму ў вас быў такі здзіўлены выгляд, калі вы сёння абвясцілі абед. Сэр Гервазы, звычайна, быў у сталовай?

— Ніколі раней не здаралася, каб ён у гэты час не быў там, сэр. Гэта быў проста шок. Я падумаў, што…

Маёр Рыдл зноў спыніў яго:

— І астатнія таксама звычайна былі там?

Снэл кашлянуў.

— Ніводзін чалавек, які спазніўся на абед, сэр, ніколі не запрашаўся ў дом другі раз.

— Гм, вельмі сурова.

— Мой гаспадар, сэр, наняў кухара, які раней быў ва ўладара Маравіі. Сэр Гервазы нярэдка гаварыў, сэр, што абед — гэткая ж важная справа, як і рэлігійны рытуал.

— А што наконт яго ўласнай сям'і?

— Лэдзі Шэвені-Гарэ заўсёды вельмі клапацілася, каб не засмуціць яго, сэр, і нават міс Рут не асмельвалася спазніцца на абед.

— Цікава, — прамармытаў Эркюль Пуаро.

— Зразумела, — сказаў Рыдл. — Значыцца, раз абед — у чвэрць дзевятай, то вы далі першы гонг у восем хвілін дзевятай, як звычайна?

— Так, сэр, толькі ж гэта было не як заўсёды. Звычайна абед у нас быў а восьмай. Сэр Гервазы загадаў, каб сёння абед быў у чвэрць дзевятай, бо ён чакаў джэнтльмена з апошняга цягніка.

Снэл злёгку пакланіўся Пуаро.

— Калі ваш гаспадар ішоў у кабінет, ці не здаўся ён вам засмучаным або ўстурбаваным?

— Я не магу адказаць, сэр. Ён быў занадта далёка ад мяне, каб я мог бачыць выраз яго твару. Я проста заўважыў сэра Гервазы, вось і ўсё.

— Ён адзін ішоў у кабінет?

— Так, сэр.

— Ці заходзіў хто-небудзь у кабінет пасля гэтага?

— Я не магу адказаць, сэр. Потым я пайшоў у буфетную і быў там да першага гонга ў восем хвілін дзевятай.

— Тады вы і пачулі стрэл?

— Так, сэр.

Пуаро мякка ўставіў пытанне:

— Думаю, іншыя таксама чулі гэты стрэл?

— Так, сэр. Містэр Х'юга і міс Кардвэл. І міс Лінгард.

— Гэтыя людзі таксама былі ў зале?

— Міс Лінгард выходзіла са сталовай, а міс Кардвэл і містэр Х'юга якраз спускаліся па лесвіцы.

Пуаро пацікавіўся:

— А была якая-небудзь размова пра тое?

— Была, сэр. Містэр Х'юга спытаўся пра шампанскае на абед. Я сказаў яму, што на стол пастаўлены чэры, рэйнвейн і бургундскае.

— Ён падумаў, што стрэліў корак ад шампанскага?

— Так, сэр.

— І ніхто не ўспрыняў гэта ўсур'ёз?

— Ніхто, сэр. Яны ўсе пайшлі ў сталовую, усе гаманілі і смяяліся.

— Дзе былі астатнія сямейныя?

— Я не магу адказаць, сэр.

Маёр Рыдл спытаўся:

— Вы што-небудзь ведаеце пра гэты пісталет? — Гаворачы, ён працягнуў яго Снэлу.

— О, так, сэр. Пісталет належыць сэру Гервазы. Ён заўжды трымаў яго ў шуфлядзе стала, вось тут.

— Ён звычайна быў зараджаны?

— Я не магу сказаць, сэр.

Маёр Рыдл паклаў пісталет і адкашляўся.

— Зараз, Снэл, я задам вам досыць важнае пытанне. Я спадзяюся, вы адкажаце на яго з усёй шчырасцю. Ці ведаеце вы якую-небудзь прычыну, якая магла прывесці гаспадара да самагубства?

— Не, сэр. Я нічога такога не ведаю.

— Вас не здзіўлялі ў апошні час сэр Гервазы, яго манеры? Ён не быў прыгнечаны? Альбо ўстурбаваны?

Снэл кашлянуў, як бы просячы прабачэння.

— Даруйце мне, сэр, тое, што я скажу, але сэр Гервазы заўсёды здаваўся чужым людзям трохі дзіўным. Ён быў надзвычай арыгінальны джэнтльмен, сэр.

— Угу, угу, я ведаю гэта.

— Людзі збоку, сэр, не заўсёды разумелі сэра Гервазы.

Снэл вымавіў слова «разумелі» з такой значнасцю, што яно павінна было б пісацца з вялікай літары.

— Ведаю, ведаю. Але ці не было чаго-небудзь, што вы назвалі б нязвыклым?

Дварэцкі вагаўся.

— Я думаю, сэр, што Гервазы быў нечым заклапочаны, — нарэшце вымавіў ён.

— Заклапочаны і прыгнечаны?

— Я не сказаў бы, што прыгнечаны, сэр. Але што заклапочаны — дык напэўна.

— Вы не здагадваецеся, якая магла быць прычына яго заклапочанасці?

— Не, сэр.

— Можа, гэта было звязана, напрыклад, з якой-небудзь канкрэтнай асобай?

— Я зусім нічога не магу сказаць, сэр. Ва ўсякім выпадку, гэта толькі маё ўражанне.

Пуаро загаварыў зноў:

— Вы былі здзіўлены яго самагубствам?

— Надта здзіўлены, сэр. Для мяне гэта быў страшэнны ўдар. Я не мог уявіць, што такое магчыма.

Пуаро задуменна паківаў галавой.

Рыдл зірнуў на яго і сказаў:

— Добра, Снэл, відаць, гэта ўсё, пра што мы хацелі спытацца ў вас. Вы цвёрда ўпэўнены, што ў вас няма больш нічога расказаць нам — ніякага незвычайнага выпадку, напрыклад, які здарыўся ў апошнія дні?

Дварэцкі, устаючы, адмоўна паківаў галавой.

— Нічога, сэр, абсалютна нічога.

— Тады вы можаце ісці.

— Дзякую, сэр.

Снэл пайшоў быў да дзвярэй, але адступіў назад і стаў убаку: лэдзі Шэвені-Гарэ заплыла ў пакой. Яна была апранута ў нейкі ўсходні ўбор пурпурова-аранжавага шоўку, які туга аблягаў яе цела. Твар яе быў спакойны, і ўся яна была спакойная і засяроджаная.

— Лэдзі Шэвені-Гарэ! — Маёр Рыдл ускочыў.

— Мне сказалі, вы хацелі б пагаварыць са мной, вось я і прыйшла.

— У гэтым пакоі вам, напэўна ж, надта балюча. Пяройдзем у іншы?

Лэдзі Шэвені-Гарэ адмоўна паківала галавой і села на адно з крэслаў чыпендэйл. Яна прамармытала:

— О, нічога, якое гэта мае значэнне?

— Гэта вельмі добра, лэдзі Шэвені-Гарэ, што вы не даяце волі сваім пачуццям. Я разумею, якім страшным шокам гэта было, і…

Лэдзі Шэвені-Гарэ перабіла яго.

— Праўда, спачатку было як шок, — пагадзілася яна. Яе тон быў лёгкі, гутарковы. — Але, ведаеце, ніякай смерці ў сапраўднасці няма, ёсць толькі Змена. — Яна дадала: — На самай справе, Гервазы стаіць зараз якраз за вашым левым плячом. Я выразна бачу яго.

Левае плячо маёра Рыдла злёгку ўздрыгнула. Ён з недаверам паглядзеў на лэдзі Шэвені-Гарэ.

Яна ўсміхнулася яму загадкавай, шчаслівай усмешкай.

— Вы не верыце, вядома! Мала хто верыць! А мне свет духаў такі ж рэальны, як гэты. Але, калі ласка, пытайцеся ў мяне, што хочаце, і не бойцеся ўсхваляваць мяне. Я зусім не засмучана. Разумееце, усё — Лёс. Чалавек не можа мінуць сваёй Кармы[7]. Усё супадае — люстра — усё.

— Люстра, мадам? — запытаўся Пуаро.

Яна слаба кіўнула галавой у той бок.

— Але. Яно разбіта, вы бачыце. Сімвал! Ведаеце верш Тэнісана? Я любіла чытаць яго дзяўчынай, хоць, вядома, тады не разумела глыбіннага сэнсу. «Раскалолася люстра ад краю да краю. Праклён мяне спасцігае!» — крыкнула лэдзі з Шэлата». Вось што здарылася з Гервазы. Праклён спасцігнуў і яго. Я думаю, вы ведаеце, што большасць вельмі старых родаў носяць на сабе праклён… Раскалолася люстра. Ён ведаў, што быў асуджаны! Праклён збыўся!

— Але, мадам, не праклён раскалоў люстра, — гэта была куля!

Лэдзі Шэвені-Гарэ ўсё тым жа саладжавым голасам сказала:

— Гэта ж тое самае… Гэта лёс.

— Але ваш муж застрэліўся.

Лэдзі Шэвені-Гарэ паблажліва ўсміхнулася.

— Ён не павінен быў так рабіць, зразумела. Але Гервазы быў заўсёды нецярплівы. Ён ніколі не ўмеў чакаць. Яго час прыйшоў — ён ступіў насустрач. Усё так проста…

Маёр Рыдл раздражнёна выкашляўся і рэзка сказаў:

— Дык вы не былі здзіўлены, што ваш муж скончыў жыццё самагубствам? Вы чакалі, што так здарыцца?

— О, не! — Яе вочы акругліліся. — Нельга заўсёды прадбачыць будучыню. Гервазы, несумненна, быў вельмі дзіўны чалавек, незвычайны чалавек. Ён быў зусім не падобны ні на кога. Ён быў адным з Вялікіх і цяпер народжаны зноў. Я ведала гэта даўно. Думаю, ён сам гэта ведаў. Яму цяжка было прыстасоўвацца да дурных і дробных стандартаў штодзённага жыцця. — Пазіраючы цераз плячо маёра Рыдла, яна дадала: — Ён усміхаецца зараз. Ён думае, якія ўсе мы неразумныя. Такія мы і ёсць, сапраўды. Проста як дзеці. Прыкідваемся, што свет існуе на самай справе і што гэта мае значэнне… Жыццё — толькі адна з вялікіх Ілюзій.

Адчуваючы, што ён прайграе бітву, маёр Рыдл у роспачы запытаўся:

— Вы зусім не можаце дапамагчы нам высветліць, чаму ваш муж скончыў жыццё самагубствам?

Яна паціснула сваімі тонкімі плячыма.

— Сілы рухаюць намі — яны рухаюць намі… Вы не можаце зразумець. Вы рухаецеся толькі ў матэрыяльнай сферы.

Пуаро кашлянуў.

— Гаворачы пра матэрыяльную сферу, ці ведаеце вы што-небудзь, мадам, пра тое, як ваш муж размеркаваў свае грошы?

— Грошы? — Яна здзіўлена паглядзела на яго. — Я ніколі не думаю пра грошы. — У яе голасе гучала пагарда.

Пуаро пераключыўся на іншую тэму:

— У які час вы спусціліся сёння ўніз на абед?

— Час? Які ён, Час? Бясконцы, вось вам адказ. Час бясконцы.

Пуаро сказаў:

— Але ваш муж, мадам, быў даволі пунктуальны ў часе — асабліва, як мне казалі, калі датычылася абедзеннага часу.

— Ах, мілы Гервазы… — Яна памяркоўна ўсміхнулася. — Ён быў такі дурненькі з той пунктуальнасцю. Але гэта рабіла яго шчаслівым. І таму мы ніколі не пазніліся.

— Вы былі ў сталовай, мадам, калі пачуўся першы гонг?

— Не, я была тады ў маім пакоі.

— Ці памятаеце вы, хто быў у сталовай, калі вы сышлі ўніз?

— Амаль усе, мне здаецца, — няўпэўнена сказала лэдзі Шэвені-Гарэ. — Гэта мае значэнне?

— Магчыма, не, — пагадзіўся Пуаро. — Тады што-нішто яшчэ. Ці казаў вам калі-небудзь ваш муж, што яго, як ён падазрае, абкрадваюць?

Лэдзі Шэвені-Гарэ, здавалася, не дужа цікавіла гэта пытанне.

— Абкрадваюць? Не, я не думаю.

— Абкрадваюць, ашукваюць, абіраюць нейкім чынам?..

— Не, я не думаю… Гервазы вельмі ўгневаўся б, калі б хтосьці адважыўся на такое.

— Прынамсі, ён нічога не гаварыў вам?

— Не, не. — Лэдзі Шэвені-Гарэ адмоўна паківала галавой, па-ранейшаму без вялікай цікавасці. — Я памятала б…

— Калі апошні раз вы бачылі свайго мужа жывога?

— Ён заглянуў, як звычайна, спускаючыся ўніз перад абедам. Мая служанка была там. Ён проста сказаў, што ідзе ўніз.

— Прыгадайце, пра што ён больш за ўсё гаварыў апошнія некалькі тыдняў?

— О, пра гісторыю роду. Ён так паспяхова займаўся гэтым. Забаўная, мілая міс Лінгард, — ён ужо не мог без яе. Яна шукала і знаходзіла яму матэрыялы ў Брытанскім музеі — усё, што патрэбна. Яна, ведаеце, працавала з лордам Малкастарам над яго кнігай. І была тактоўная — я маю на ўвазе, яна абмінала лішняе. Урэшце, ёсць такія продкі, якіх не хочацца чапаць. Гервазы быў вельмі чуллівы. Яна дапамагала і мне. Здабыла мне процьму інфармацыі пра Хэтшыпсат[8]. Я — пераўвасабленне Хэтшыпсат, ведаеце. — Ледзі Шэвені-Гарэ зрабіла гэтую заяву спакойным голасам. — А да таго, — гаварыла яна далей, — я была жрыцай у Атлантыдзе.

Маёр Рыдл пакруціўся ў крэсле.

— Э-э, вельмі цікава, — сказаў ён. — Добра, лэдзі Шэвені-Гарэ, я думаю, гэта ўсё. Вы былі надзвычай зычлівыя.

Лэдзі Шэвені-Гарэ ўстала, разгладзіла свае шаты.

— Дабранач, — сказала яна. Позірк яе скіраваўся ў нейкую кропку за маёрам Рыдлам.

— Дабранач, любы Гервазы. Я хацела б, каб ты прыйшоў, але, ведаю, ты мусіш заставацца тут. — Яна дадала, растлумачваючы яму: — Ты мусіш заставацца там, дзе ты адышоў ад нас, самае меншае дваццаць чатыры гадзіны. Павінен мінуць пэўны час, перш чым ты зможаш свабодна рухацца і камунікавацца.

Яна выплыла з пакоя.

Маёр Рыдл выцер лоб.

— Ух! — мармытнуў ён. — Вар'ятка куды большая, чым я думаў. Яна сапраўды верыць ва ўсё гэтае глупства?

Пуаро з сумненнем, задумліва паківаў галавой.

— Магчыма, яна так ратуецца, — сказаў ён. — Ёй трэба стварыць свет ілюзій, каб уцячы ад суровай рэальнасці, ад мужавай смерці.

— Мне здаецца, — сказаў маёр Рыдл, — фармальна яе можна палічыць вар'яткай. Нагаварыць кучу ўсялякай лухты — і ніводнага разумнага слова!

— Не, не, дружа мой. Самае цікавае, як Х'юга Трэнт мімаходзь заўважыў, тое, што з усяго гэтага пустаслоўя прабліскваюць разумныя думкі. Яна паказала гэта сваёй заўвагай пра тактоўнасць міс Лінгард, што тая не выпінала непажаданых продкаў. Паверце мне, лэдзі Шэвені-Гарэ ніякая не дурная.

Ён устаў і пахадзіў туды-сюды.

— У гэтай справе мне сёе-тое не падабаецца. Так, зусім не падабаецца.

Рыдл з цікаўнасцю паглядзеў на яго.

— Вы маеце на ўвазе матыў самагубства?

— Самагубства, самагубства! Усё гэта памылкова. Гэта памылкова псіхалагічна. Кім лічыў сябе Шэвені-Гарэ? Калосам, незвычайна важнай асобай, цэнтрам сусвету! Хіба такі чалавек знішчае сябе? Зразумела, не. Хутчэй ён знішчыць каго-небудзь іншага, раздушыць, як мурашку, нікчэмную чалавечую істоту, што адважылася раздражняць яго… Такі ўчынак ён мог бы лічыць як неабходны, свяшчэнны! Але самазнішчэнне? Знішчэнне такім эгаістам самога сябе?

— Усё гэта вельмі добра, Пуаро. Але факты, факты. Дзверы замкнуты, ключ у яго ўласнай кішэні. Акно зачынена на шпінгалет. Я чытаў пра такія рэчы ў кнігах, але я ніколі не сустракаўся з імі ў рэальным жыцці. Што-небудзь яшчэ?..

— Так, ёсць што-нішто яшчэ. — Пуаро сеў на крэсла. — Я Шэвені-Гарэ. Я сяду тут, за мой стол. Я вырашыў забіць сябе, бо, дапусцім, я адкрыў у гісторыі нашага роду нешта страшэнна ганебнае. Не дужа пераканаўча, праўда, але гэтага будзе дастаткова. Еh bіеn[9], што я раблю? Я крэмзаю на кавалку паперы слова «ДАРУЙЦЕ». Так, гэта зусім магчыма. Потым адчыняю шуфляду стала, дастаю пісталет, які тут хаваю, зараджаю, калі ён не зараджаны, і потым — страляюся? Не, я спачатку паварочваю сваё крэсла кругом — так, і трохі нахіляюся направа — так, і тады — тады прыкладваю пісталет да скроні і страляю!

Пуаро ўскочыў з крэсла і, апісаўшы круг, усклікнуў:

— Я пытаюся ў вас, ці гэта мае сэнс? Навошта паварочваць крэсла кругом? Калі б, напрыклад, тут на сцяне вісела карціна, тады, так, гэта можна было б вытлумачыць. Нейкі партрэт, апошняя рэч на свеце, якую хацелася б убачыць перад смерцю; але фіранка — аh nоn[10], гэта не мае сэнсу.

— Ён мог захацець глянуць з акна. Апошні позірк на маёнтак.

— Мой дарагі дружа, вы самі не верыце ў тое, што гаворыце. Вы самі ведаеце: гэта нонсэнс. У восем хвілін дзевятай было цёмна, і ў любым выпадку фіранкі апушчаны. Не, тут павінна быць нейкае іншае тлумачэнне…

— Я тут бачу толькі адно. Гервазы Шэвені-Гарэ быў вар'ят.

Пуаро адмоўна паківаў галавою: не, гэта яго не задавольвала. Маёр Рыдл устаў.

— Хадземце, — сказаў ён. — Пойдзем і пагутарым з усімі астатнімі. Можа, што-небудзь высветлім такім шляхам.


Загрузка...