З іх дваіх капітан Лэйк выглядаў куды больш збянтэжаным.
— Гэта вялікі сюрпрыз, міс Шэвені-Гарэ… міс Лэйк, дакладней кажучы, — вымавіў маёр Рыдл. — І ніхто не ведаў пра гэты ваш шлюб?
— Не, мы ўсё трымалі ў сакрэце. Джону не вельмі падабалася гэта.
Лэйк сказаў, трохі заікаючыся:
— Я… я ведаю, гэта даволі пагана так пачынаць жыццё. Я павінен быў проста пайсці да сэра Гервазы…
Рут перабіла яго:
— І сказаць яму, што ты хочаш ажаніцца з яго дачкой, і вылецець кулём з пакоя, і ён, напэўна, пакінуў бы мяне без спадчыны, зрабіў бы пекла ў доме, і мы з табою захапляліся б, як цудоўна паводзілі сябе! Павер мне, я прыдумала лепш! Што зроблена — тое зроблена. Усё роўна быў бы скандал, але Стары ўрэшце супакоіўся б.
Лэйк па-ранейшаму выглядаў няшчасным. Пуаро спытаўся:
— Калі вы намерваліся паведаміць навіну сэру Гервазы?
— Я рыхтавала глебу, — адказала Рут. — Ён даволі падазрона прыглядваўся да нас з Джонам, і я прыкінулася, што пераключыла сваю ўвагу на Годфры. Натуральна ён раззлаваўся. Я прыйшла да высновы, што навіна пра мой шлюб з Джонам была б палёгкай!
— Ці ведаў наогул хто-небудзь пра гэты шлюб?
— Урэшце я прызналася Вандзе. Я хацела перацягнуць яе на мой бок.
— І вы мелі поспех?
— Угу. Разумееце, яна не надта захаплялася ідэяй майго шлюбу з Х'юга — я думаю, таму, што ён мой кузен. Яна, мабыць, прыкідвала: раз у сям'і ўсе не ў сваім розуме, то ў нас, пэўна, нарадзіліся б зусім дурныя дзеці. Гэта, відавочна, досыць абсурдна, бо я толькі прыёмная дачка, як вы ведаеце. Упэўнена, я дзіця нейкага зусім далёкага сваяка.
— Вы перакананы, што сэр Гервазы ані не здагадваўся аб праўдзе?
— О, не, не здагадваўся.
Пуаро спытаўся:
— Ці так гэта, капітан Лэйк? Вы цвёрда ўпэўнены, што ў вашай размове з сэрам Гервазы сёння пасля поўдня не ўпаміналася гэтая справа?
— Не, сэр, не ўпаміналася.
— Бо, разумееце, капітан Лэйк, ёсць пэўныя сведчанні, якія паказваюць, што сэр Гервазы быў вельмі ўзбуджаны пасля сустрэчы з вамі і што ён гаварыў раз ці два пра сямейную ганьбу.
— Нічога не ўпаміналася, — паўтарыў Лэйк. Яго твар увесь збялеў.
— Вы бачылі тады сэра Гервазы апошні раз?
— Угу, я ўжо гаварыў вам.
— Дзе вы былі ў восем хвілін дзевятай сёння ўвечары?
— Дзе я быў? У сваім доме. У канцы вёскі, можа, з паўмілі адсюль.
— Вы не былі паблізу Гэмбара Клоўз у гэты час?
— Не.
Пуаро павярнуўся да дзяўчыны.
— Дзе вы былі, мадэмуазель, калі ваш бацька застрэліўся?
— У садзе.
— У садзе? Вы чулі стрэл?
— О, так. Але я асабліва не задумалася, палічыла — нехта страляе трусоў. А зараз успамінаю, што тады падумала, як блізка гэта гучыць.
— Якой дарогай вы вярнуліся ў дом?
— Я ўвайшла праз гэтае акно.
Рут паказала паваротам галавы на французскае акно за ёю.
— Хто-небудзь быў тут?
— Не. Але Х'юга, Сьюзен і міс Лінгард увайшлі ў залу амаль адразу. Яны гаварылі пра стрэл, пра забойства і гэтак далей.
— Разумею, — сказаў Пуаро. — Так, здаецца, зараз я разумею…
Маёр Рыдл з сумненнем сказаў:
— Добра, э-э, дзякую. Думаю, пакуль усё.
Рут з мужам павярнуліся і выйшлі з пакоя.
— Ліха яго ведае… — пачаў маёр Рыдл і скончыў даволі безнадзейна: — Усё цяжэй і цяжэй не збіцца са следу.
Пуаро кіўнуў. Ён падняў той маленькі камячок зямлі, што ўпаў з абцаса туфлі Рут, і задумліва трымаў яго ў руцэ.
— Гэта падобна на тое разбітае люстра, — вымавіў ён. — Нябожчыкава люстра. Кожны новы факт, на які мы натыкаемся, паказвае нам нейкі іншы бок нябожчыка. Ён адлюстроўваецца з усіх магчымых пунктаў гледжання. Неўзабаве ў нас будзе поўны малюнак…
Ён устаў і паклаў маленькі камячок зямлі ў кошык для непатрэбнай паперы.
— Я скажу вам адно, дружа мой. Ключ да ўсёй таямніцы — люстра. Зайдзіце ў кабінет і паглядзіце самі, калі вы не верыце мне.
Маёр Рыдл рашуча сказаў:
— Калі тут забойства, дык ваш абавязак даказаць гэта. А як вы спытаецеся ў мяне, я скажу: гэта, несумненна, самагубства. Памятаеце, што дзяўчына сказала пра агента, які быў раней, — ашукваў старога Гервазы? Я ўпэўнены, Лэйк расказаў гэтую казку для сваёй карысці. Ён, напэўна, трохі падкормліваўся за кошт гаспадара; сэр Гервазы гэта падазраваў і паслаў па вас, бо ён ведаў, як далёка зайшло ў Лэйка з Рут. Потым, учора папаўдні, Лэйк паведаміў яму, што яны пажаніліся. Гэта разгневала Гервазы. Было «занадта позна», каб што-небудзь зрабіць. Ён вырашыў пазбыцца ўсяго гэтага. Сапраўды, яго розум, які ніколі не вызначаўся цвярозасцю і ў лепшыя часы, памутнеўся. Вось што, на маю думку, адбылося. Што вы можаце сказаць на гэта?
Пуаро, як і раней, стаяў на сярэдзіне пакоя.
— Што я магу сказаць? Вось што: нічога не магу сказаць супраць вашай тэорыі — але на ёй далёка не паедзеш. Ёсць некаторыя нюансы, якіх яна не прымае пад увагу.
— Напрыклад?
— Супрацьлеглыя ацэнкі ўчарашняга настрою сэра Гервазы, знаходка алоўка палкоўніка Бэры, сведчанне міс Кардвэл (яно вельмі важнае), сведчанне міс Лінгард — у якім парадку людзі сыходзіліся на абед, тое, дзе стаяла крэсла сэра Гервазы, калі таго знайшлі, папяровы мяшок, у якім захоўваліся апельсіны, і, нарэшце, самы галоўны ключ — разбітае люстра.
Маёр Рыдл здзіўлена глядзеў на Пуаро.
— Вы хочаце сказаць мне, што гэтая лухта мае значэнне? — спытаўся ён.
Эркюль Пуаро мякка адказаў:
— Я спадзяюся, што зраблю, каб да заўтрашняга дня гэта мела значэнне.