12


Упершыню ў жыцці Рут Шэвені-Гарэ — зараз Рут Лэйк — прыйшла снедаць своечасова. Эркюль Пуаро быў у зале і адвёў яе ўбок, перш чым яна зайшла ў сталовую.

— У мяне ёсць адно пытанне да вас, мадам.

— Слухаю.

— Вы былі ў садзе ўчора вечарам. Ці ступалі вы хоць раз на клумбу, што за акном кабінета сэра Гервазы?

Рут здзіўлена паглядзела на яго.

— Так, двойчы.

— А! Двойчы. Як двойчы?

— Першы раз я рвала астры нейдзе каля сёмай гадзіны.

— Вам не здаецца, што гэта быў даволі дзіўны час, каб ірваць кветкі?

— Так, праўда. Я нарвала кветак учора раніцай, але Ванда сказала пасля гарбаты, што кветкі на стале не надта свежыя. Я падумала, што нічога, пастаяць і гэтыя, таму не нарвала свежых.

— Але ваша маці папрасіла вас нарваць? Праўда?

— Праўда. Вось я і выйшла якраз каля сямі гадзін. Я нарвала кветак з гэтага боку бардзюра, бо наўрад ці хто-небудзь ходзіць тут, і таму не страшна сапсаваць выгляд.

— Ну, ну, а другі раз. Вы сказалі, што выходзілі другі раз?

— Гэта было якраз перад абедам. Я трошкі запляміла сукенку брыльянцінам — каля пляча. Ленавалася пераапрануцца, і ніводная з маіх штучных кветак не падыходзіла да жоўтай сукенкі. Я ўспомніла, што бачыла познюю ружу, калі рвала астры, і хуценька выйшла, знайшла яе і прыкалола да сукенкі.

Пуаро павольна кіўнуў галавой.

— Так, я памятаю, што на вас была ружа ўчора вечарам. Колькі было часу, мадам, калі вы сарвалі гэтую ружу?

— Я проста не памятаю.

— Але гэта істотна, мадам. Падумайце… Паразважайце…

Рут нахмурылася. Кінула на Пуаро быстры позірк і адвяла вочы.

— Я не магу сказаць дакладна, — нарэшце вымавіла яна. — Гэта мусіла быць — о, вядома — гэта мусіла быць недзе ў пяць хвілін дзевятай. Калі я вярталася назад, ідучы каля дома, то пачула гонг, а потым гэты дзіўны гук. Я паспяшалася, бо падумала, што гэта другі гонг, а не першы.

— А, дык вы падумалі гэта — і вы не спрабавалі адчыніць акно кабінета, калі стаялі там на клумбе?

— Калі папраўдзе, спрабавала. Я падумала, яго можна адчыніць, і будзе хутчэй увайсці такім чынам. Але яно было зачынена.

— Значыцца, усё зразумела. Я віншую вас, мадам.

Яна са здзіўленнем паглядзела на яго.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Тое, што ў вас ёсць тлумачэнне на ўсё: зямля на вашых туфлях, вашы сляды на клумбе, адбіткі вашых пальцаў на вонкавым баку акна. Усё гэта вельмі падыходзіць.

Перш чым Рут паспела адказаць, па лесвіцы збегла міс Лінгард. На яе шчоках быў дзіўны пурпуровы румянец, і яна як бы нават трохі спалохалася, убачыўшы Пуаро і Рут побач.

— Прашу прабачэння, — сказала яна. — Што-небудзь здарылася?

Рут злосна адказала:

— Я думаю, містэр Пуаро звар'яцеў!

Яна прашмыгнула паўз іх у сталовую. Міс Лінгард павярнула здзіўлены твар да Пуаро.

Ён адмоўна паківаў галавой.

— Пасля снедання, — сказаў ён, — я растлумачу. Я хацеў бы, каб усе сабраліся ў кабінеце сэра Гервазы а дзесятай гадзіне.

Пуаро паўтарыў гэтую просьбу і ў сталовай.

Сьюзен Кардвэл кінула на яго быстры позірк, а пасля паглядзела на Рут. Калі Х'юга сказаў:

— Э? Што за ідэя? — яна рэзка штурхнула яго ў бок, і ён паслухмяна змоўк.

Паснедаўшы, Пуаро ўстаў і пайшоў да дзвярэй. Ён павярнуўся і дастаў вялікі старамодны гадзіннік.

— Зараз пяць хвілін дзесятай. Праз пяць хвілін — у кабінеце.


* * *

Пуаро абвёў поглядам усіх. Кола зацікаўленых твараў глядзела на яго. Усе тут, адзначыў ён, за адным выключэннем, і якраз у гэты момант тое выключэнне заплыло ў пакой. Лэдзі Шэвені-Гарэ ўвайшла мяккім плаўным крокам. Яна выглядала змучанай і нездаровай.

Пуаро падсунуў ёй вялікае крэсла, яна села.

Зірнуўшы на разбітае люстра, яна ўздрыгнула і трошкі павярнулася з крэслам убок.

— Гервазы па-ранейшаму тут, — сказала, нібы канстатуючы, яна. — Бедны Гервазы… Неўзабаве ён будзе вольны.

Пуаро адкашляўся і абвясціў:

— Я папрасіў вас усіх прыйсці сюды, каб вы маглі пачуць праўду пра самагубства сэра Гервазы.

— Гэта быў Лёс, — сказала лэдзі Шэвені-Гарэ. — Гервазы быў моцны, але яго Лёс быў мацнейшы.

Палкоўнік Бэры трохі падаўся наперад.

— Ванда… мая дарагая…

Яна ўсміхнулася яму, пасля працягнула руку. Ён узяў яе ў сваю. Яна мякка сказала:

— Ты маё суцяшэнне, Нэд.

Рут рэзка сказала:

— Нам трэба разумець так, містэр Пуаро, што вы канчаткова ўстанавілі прычыну самагубства майго бацькі?

Пуаро адмоўна кіўнуў галавой.

— Не, мадам.

— Дык навошта ўся гэтая валтузня?

Пуаро спакойна адказаў:

— Я не ведаю прычыны самагубства сэра Гервазы, бо сэр Гервазы Шэвені-Гарэ не канчаў жыццё самагубствам. Ён не забіваў сябе. Ён быў забіты.

— Забіты? — Некалькі галасоў рэхам паўтарылі гэтае слова. На Пуаро глядзелі здзіўленыя твары. Лэдзі Шэвені-Гарэ сказала: «Забіты? О, не!» — і паволі адмоўна паківала галавой.

— Забіты, вы кажаце? — гэта загаварыў Х'юга. — Не можа быць. У пакоі не было нікога, калі мы ўламаліся. Акно было зачынена. Дзверы замкнуты знутры, а ключ ляжаў у кішэні майго дзядзькі. Як жа ён мог быць забіты?

— Тым не менш, ён быў забіты.

— А забойца, мяркую, уцёк праз замочную шчыліну? — скептычна заўважыў палкоўнік Бэры. — Альбо вылецеў праз комін?

— Забойца, — сказаў Пуаро, — выйшаў праз акно. Я пакажу вам як.

Ён паўтарыў свой вопыт з акном.

— Бачыце? Вось як гэта было зроблена! З самага пачатку я не мог лічыць верагодным, што сэр Гервазы скончыў жыццё самагубствам. У яго была рэзка выяўленая эгаманія, а такі чалавек не забівае сябе. І былі яшчэ іншыя рэчы! Відавочна, перад сваім самагубствам сэр Гервазы сеў за пісьмовы стол, накрэмзаў слова «даруйце» на аркушы паштовай паперы і тады застрэліўся. Але перад гэтым апошнім учынкам ён з нейкай прычыны пераставіў крэсла, павярнуўшы яго бокам да стала. Чаму? Павінен быць адказ. Я пачаў што-нішто разумець, калі знайшоў знізу на цяжкай бронзавай статуэтцы прыліплы маленькі асколачак люстра…

Я задаў сабе пытанне: як асколак разбітага люстра трапіў туды? І адказ прыйшоў сам. Люстра было разбіта не куляй, а ўдарам цяжкай бронзавай статуэткі. Гэтае люстра было разбіта наўмысна. Але навошта? Я вярнуўся да стала і агледзеў крэсла. І тады я ўбачыў, што ўсё было не так. Ніякае самагубства не павярнула б крэсла кругом, не нахіліла б яго самога на край і тады застрэліла. Усё было падроблена. Самагубства было фальшыўкай!

А цяпер я пераходжу да вельмі важнага. Сведчанне міс Кардвэл. Міс Кардвэл сказала, што яна бегла ўніз па лесвіцы ўчора вечарам, бо ёй здалося, што гэта гучаў другі гонг. Такім чынам, яна думала, што ўжо чула першы гонг.

Цяпер разважце, калі сэр Гервазы сядзеў за сваім сталом у нармальнай позе і быў застрэлены, куды б трапіла куля? Летучы па прамой лініі, яна прайшла б праз дзверы, калі яны былі адчынены, і ўрэшце трапіла б у гонг!

Вы разумееце цяпер значнасць заявы міс Кардвэл? Ніхто больш не чуў той першы гонг, але ж яе пакой — непасрэдна над гэтым, і, такім чынам, у яе была найлепшая магчымасць чуць яго. Яна сцвярджае, што чула толькі адзін гук, памятайце.

Не можа быць ніякай гаворкі пра самагубства сэра Гервазы. Мёртвы чалавек не здольны ўстаць, зачыніць дзверы, замкнуць іх і ўсесціся ў патрэбнай позе! Нехта іншы паклапаціўся, і, такім чынам, гэта было не самагубства, а забойства. Нехта, чыя прысутнасць не выклікала пярэчанняў сэра Гервазы, стаяў каля яго збоку, размаўляючы з ім. Сэр Гервазы нешта пісаў, магчыма. Забойца падносіць пісталет да яго правай скроні і страляе. Злачынства ўчынена! Цяпер хутчэй, за работу! Забойца надзявае пальчаткі. Дзверы замкнуты, ключ пакладзены ў кішэню сэра Гервазы. Але што, як адзін моцны гук гонга быў пачуты? Тады стане зразумела, што дзверы былі адчыненыя, не зачыненыя, калі з пісталета стрэлілі. Таму — крэсла павернута, цела перасунута, пальцы нябожчыка сціскаюць пісталет, люстра наўмысна разбіта. Потым забойца выходзіць праз акно, хітрамудра яго зачыняе, ступае не на траву, а на клумбу, дзе сляды можна будзе пасля знішчыць; потым абыходзіць сцяну і ідзе ў сталовую.

Пуаро зрабіў паўзу, пасля працягваў:

— Толькі адзін чалавек быў у садзе, калі стрэлілі. Той самы чалавек пакінуў свае сляды на клумбе і адбіткі сваіх пальцаў на вонкавым баку акна.

Ён накіраваўся да Рут.

— І матыў меўся, так? Ваш бацька даведаўся пра ваш тайны шлюб. Ён рыхтаваўся пазбавіць вас спадчыны.

— Гэта хлусня! — Голас Рут быў звонкі і поўны пагарды. — У вашай гісторыі няма ні слова праўды. Хлусня ад пачатку і да канца!

— Доказы супраць вас, мадам, вельмі моцныя. Суд прысяжных можа паверыць вам. Ён можа і не паверыць!

— Ёй не трэба будзе станавіцца перад судом.

Усе павярнуліся, ашаломленыя. Міс Лінгард устала са свайго месца. Яе твар зусім змяніўся. Яна ўся дрыжала.

— Я застрэліла яго. Прызнаюся! У мяне былі прычыны. Я… я чакала пэўны час. Містэр Пуаро не памыляецца. Я пайшла за ім сюды. Пісталет узяла з шуфляды раней. Я стаяла побач з ім, размаўляючы пра кнігу, і я застрэліла яго. Было якраз пасля васьмі. Куля ўдарыла ў гонг. Я ніколі не думала, што яна так пройдзе праз яго галаву. Не было калі выходзіць і шукаць кулю. Я замкнула дзверы і паклала ключ яму ў кішэню. Потым павярнула крэсла, разбіла люстра і, накрамзоліўшы на кавалку паперы «даруйце», выйшла праз акно і зачыніла яго так, як містэр Пуаро паказаў вам. Я ступіла на клумбу, але разраўняла сляды маленькімі граблямі, якія там загадзя паклала. Потым пайшла ў гасціную. Пакінула акно адчыненым. Я не ведала, што Рут выходзіла праз яго. Мы, відавочна, абышлі дом з розных бакоў. Я мусіла прыбраць граблі пад паветку, як вы разумееце. Я пачакала ў гасцінай, пакуль не пачула, як нехта спускаецца ўніз і Снэл ідзе да гонга, а тады…

Яна паглядзела на Пуаро.

— Вы не ведаеце, што я зрабіла тады?

— О, ведаю. Я знайшоў папяровы мяшок у кошыку. Ваша ідэя была вельмі разумная. Вы зрабілі тое, што любяць рабіць дзеці. Вы надзьмулі папяровы мяшок і ляснулі па ім. Гэта быў усё ж моцны гук. Выкінуўшы мяшок у кошык, вы паспяшаліся ў залу. Вы «ўстанавілі» час самагубства і забяспечылі сабе алібі. Але заставалася адна рэч, якая вас турбавала. У вас не было часу падняць кулю. Яна, вядома, ляжала недзе каля гонга. Было важна, каб кулю знайшлі ў кабінеце дзе-небудзь паблізу люстра. Я не ведаю, калі ў вас з'явілася ідэя ўзяць аловак палкоўніка Бэры…

— Менавіта тады, — сказала міс Лінгард. — Калі мы ўсе прыйшлі з залы. Я здзівілася, убачыўшы ў пакоі Рут. І зразумела, што яна прыйшла з саду няйначай як праз акно. Тады я заўважыла аловак палкоўніка Бэры на стале для брыджа. Я сунула яго ў сумку. Калі б пазней хтосьці ўбачыў, як я падымаю кулю, я магла б сказаць, што гэта аловак. Праўду кажучы, я не думала, што нехта бачыў, як я падняла кулю. Я кінула яе паблізу люстра, пакуль вы аглядалі цела. Калі вы загаварылі са мной наконт гэтага, я вельмі ўсцешылася, што падумала пра аловак.

— Але, гэта было разумна і зусім збянтэжыла мяне.

— Я баялася, нехта мог пачуць стрэл, але ведала, што ўсе апраналіся на абед, за сценамі пакояў. Слугі былі ў сваіх памяшканнях. Толькі міс Кардвэл, магчыма, чула яго, і яна, відаць, падумае, што гэта зваротная ўспышка аўтамабіля. Тое, што яна чула, быў гонг. Я думала… я думала, усё было зроблена — камар носа не падточыць…

Містэр Фобз павольна і выразна вымавіў:

— Проста незвычайная гісторыя. Няма як быццам ніякага матыву…

Міс Лінгард цвёрда сказала:

— Быў матыў…

І са злосцю дадала:

— Ідзіце, званіце ў паліцыю! Чаго вы чакаеце?

Пуаро ветліва звярнуўся да ўсіх:

— Ці не будзеце вы ласкавы, усе, пакінуць пакой? Містэр Фобз, пазваніце маёру Рыдлу. Я пабуду тут, пакуль ён прыедзе.

Павольна, адзін за адным, усе выходзілі з пакоя. Нічога не разумеючы, ашаломленыя, шакіраваныя, яны кідалі збянтэжаныя позіркі на акуратненькую прамую фігуру з яе гладкім сівым праборам.

Рут была апошняя. Яна стала ў дзвярах, вагаючыся.

— Я не разумею. — Яна гаварыла злосна, з выклікам, з асуджэннем Пуаро: — Дык што, вы думалі, я ўчыніла гэта?

— Не, не, — Пуаро пакруціў галавой. — Не, я ніколі так не думаў.

Рут павольна выйшла.

Пуаро застаўся з маленькай афіцыйна-стрыманай жанчынай сярэдняга веку, якая толькі што прызналася ў дасканала прадуманым і спакойным забойстве.

— Не, — сказала міс Лінгард. — Вы не думалі, што яна гэта зрабіла. Вы абвінавачвалі яе, каб прымусіць гаварыць мяне. Праўда?

Пуаро схіліў галаву.

— Пакуль мы чакаем, — проста сказала міс Лінгард, — вы маглі б адкрыць мне, што прымусіла вас падазраваць мяне?

— Некалькі фактаў. Па-першае, ваш расказ пра сэра Гервазы. Горды чалавек накшталт сэра Гервазы ніколі не гаварыў бы з пагардай пра свайго пляменніка чужому, тым больш каму-небудзь з вашага кола. Вы хацелі ўзмацніць тэорыю самагубства. І яшчэ вы з усіх сіл стараліся навязаць ідэю, што прычынай самагубства была нейкая ганебная справа, звязаная з Х'юга Трэнтам. Пра гэта, зноў-такі, сэр Гервазы нават не заікнуўся б чужому. Потым — прадмет, які вы паднялі ў зале, і вельмі важны факт — вы не ўпамянулі, што Рут увайшла ў сталовую з саду. І яшчэ я знайшоў папяровы мяшок — надзвычай неадпаведны прадмет для кошыка ў гасцінай такога дома, як Гэмбара Клоўз! Толькі вы адна былі ў гасцінай, калі чуўся «стрэл». Трук з папяровым мяшком сам прыйшоў у галаву жанчыне — хітрамудрае дамашняе прыстасаванне. Такім чынам, усё супадае. Спроба скіраваць падазрэнне на Х'юга і адцягнуць ад Рут. Механізм злачынства — і яго матыў.

Маленькая сівая жанчына варухнулася.

— Вы ведаеце матыў?

— Думаю, што ведаю. Шчасце Рут — гэта было матывам. Я мяркую, што вам даводзілася бачыць яе з Лэйкам — вы ведалі пра іх каханне. І потым, дзякуючы лёгкаму доступу да папер сэра Гервазы, вам трапіўся накід яго новага завяшчання — Рут не атрымлівае спадчыны, пакуль не выйдзе замуж за Х'юга Трэнта. Гэта прымусіла вас учыніць свой суд, выкарыстоўваючы той факт, што сэр Гервазы папярэдне пісаў мне. Вы, мабыць, бачылі копію гэтага ліста. Якое цьмянае падазрэнне і які страх схілілі яго напісаць мне, я не ведаю. Ён, напэўна, падазраваў, што Бараўз альбо Лэйк пастаянна абкрадваюць яго. Няпэўнасць у вызначэнні пачуццяў Рут змусіла яго шукаць дапамогі ў прыватнага дэтэктыва. Вы гэты факт выкарысталі і наўмысна рыхтавалі сцэну для самагубства, падмацоўваючы яе сваім сведчаннем пра тое, што ён быў вельмі прыгнечаны чымсьці, звязаным з Х'юга Трэнтам. Вы паслалі мне тэлеграму і паведамілі, быццам сэр Гервазы сказаў, што я прыязджаю «занадта позна».

Міс Лінгард угневана закрычала:

— Гервазы Шэвені-Гарэ грубіян, сноб і пустазвон! Я не збіралася дазволіць яму зруйнаваць шчасце Рут.

Пуаро мякка сказаў:

— Рут — ваша дачка?

— Ага, яна мая дачка. Я часта думала пра яе. Даведаўшыся, што сэр Гервазы Шэвені-Гарэ шукае некага, хто б дапамог яму напісаць гісторыю роду, я схапілася за гэты шанц. Мне вельмі хацелася пабачыць маю… маю дзяўчынку. Я ведала, што лэдзі Шэвені-Гарэ не пазнае мяне. Прайшлі гады — тады я была маладая і мілавідная, ды і прозвішча я змяніла. Апрача таго, лэдзі Шэвені-Гарэ занадта няўважлівая, каб нешта ведаць дакладна. Я любіла яе, але ненавідзела сям'ю Шэвені-Гарэ. Яны ставіліся да мяне, як да быдла. І Гервазы збіраўся знішчыць жыццё Рут з-за сваёй фанабэрыі і снабізму. Але я цвёрда вырашыла, што яна павінна быць шчаслівая. І яна будзе шчаслівая — калі ніколі не даведаецца пра мяне!

Гэта была мальба — не пытанне.

Пуаро схіліў галаву.

— Ніхто не даведаецца пра гэта ад мяне!

Міс Лінгард ціха сказала:

— Дзякуй вам.


* * *

Пазней, калі паліцыя прыйшла і пайшла, Пуаро знайшоў Рут Лэйк з мужам у садзе.

Яна сказала з выклікам:

— Вы сапраўды думалі, што я зрабіла гэта, містэр Пуаро?

— Я ведаў, мадам, што вы не маглі зрабіць гэтага, ведаў, дзякуючы астрам.

— Астрам? Не разумею.

— Мадам, там былі чатыры сляды і ўсе толькі на бардзюры. Але калі б вы рвалі кветкі, там было б намнога болей. Значыцца, паміж вашым першым візітам і другім нехта загроб усе тыя сляды. Гэта магло быць зроблена толькі вінаватым, і раз вашы сляды не былі знішчаны, вы не былі вінаватыя. З вас аўтаматычна спадала падазрэнне.

Твар Рут пасвятлеў.

— О, я разумею. Ведаеце, напэўна, гэта жахліва, але мне нават шкада гэтай беднай жанчыны. Урэшце, яна згадзілася хутчэй сама прызнацца, чым дазволіць арыштаваць мяне, — ці, ва ўсякім разе, так яна думала. Гэта нават даволі высакародна. Страшна падумаць што яна стане перад судом як забойца.

Пуаро мякка сказаў:

— Не хвалюйцеся. Да гэтага не дойдзе. Доктар гаворыць, што ў яе вельмі кепска з сэрцам. Не шмат тыдняў яна пражыве.

— Добра, што будзе так. — Рут сарвала восеньскі крокус і бестурботна прытуліла яго да шчакі.

— Бедная жанчына, і чаму яна гэта зрабіла…


Загрузка...