6


Пасля цяжкай гутаркі з лэдзі Шэвені-Гарэ маёр Рыдл адчуў значную палёгку, размаўляючы з такім спрактыкаваным юрыстам, як Фобз.

Містэр Фобз быў надзвычай стрыманы і асцярожны ў сваіх заявах, але яго адказы вызначаліся беззаганнай дакладнасцю. Ён прызнаўся, што самагубства сэра Гервазы аглушыла яго. Ён ніколі не палічыў бы сэра Гервазы такім чалавекам, які можа адмовіцца ад свайго жыцця. Ён не ведаў ніякай прычыны для такога кроку.

— Сэр Гервазы быў не толькі мой кліент, але і вельмі даўні сябар. Мы пазнаёміліся яшчэ падлеткамі. Я б сказаў, ён заўсёды любіў жыццё.

— Пры такіх акалічнасцях, містэр Фобз, я хачу прасіць вас гаварыць абсалютна адкрыта. Ці не вядомы вам тайная трывога або перажыванні сэра Гервазы?

— Не. У яго, як і ў большасці людзей, былі такія-сякія турботы, але нічога сур'ёзнага.

— Ніякай хваробы? Ніякіх спрэчак з жонкай?

— Не. Сэр Шэвені-Гарэ і лэдзі Шэвені-Гарэ былі адданыя адно аднаму.

Маёр Рыдл асцярожна сказаў:

— У лэдзі Шэвені-Гарэ, як быццам, трохі дзіўныя погляды.

Містэр Фобз усміхнуўся — паблажлівая мужчынская ўсмешка.

— Жанчынам, — адказаў ён, — трэба дараваць іх дзівацтвы.

— Вы займаліся ўсімі юрыдычнымі справамі сэра Гервазы? — гаварыў далей галоўны канстэбль.

— Так, мая фірма «Фобз, Оджыльві і Спэнс» апякуецца сям'ёй Шэвені-Гарэ больш за сто гадоў.

— Ці былі якія-небудзь скандалы ў сям'і Шэвені-Гарэ?

Бровы містэра Фобза ўзняліся.

— На самай справе, я вас не разумею.

— Містэр Пуаро, вы не дасце містэру Фобзу ліст, які паказвалі мне?

Пуаро моўчкі ўстаў і з лёгкім паклонам працягнуў гэты ліст містэру Фобзу.

Той стаў чытаць, і бровы яго ўзняліся яшчэ вышэй.

— Проста незвычайны ліст, — сказаў ён. — Цяпер я разумею ваша пытанне. Не, нічога з таго, што мне было вядома, не вымушала пісаць такі ліст.

— Сэр Гервазы не сказаў вам пра яго?

— Ні слова. Мушу сказаць, мне вельмі дзіўна, што ён не зрабіў гэтага.

— Ён давяраў вам?

— Думаю, ён лічыўся з маёй думкай.

— І ў вас няма ніякіх здагадак — чаго датычыўся гэты ліст?

— Я не хацеў бы рабіць паспешлівых здагадак.

Маёр Рыдл ацаніў далікатнасць гэтага адказу.

— А зараз, містэр Фобз, можа, вы азнаёміце нас з тым, як сэр Гервазы размеркаваў сваю спадчыну.

— Калі ласка. У мяне няма ніякіх пярэчанняў супраць гэтага. Сваёй жонцы сэр Гервазы пакінуў шэць тысяч фунтаў гадавога прыбытку з маёнтка і на выбар — Даўэр-Хаўс або гарадскі дом на плошчы Лаўндыс, што яна пажадае. На яе накладаліся, вядома, абавязацельствы выплаціць некалькім асобам пэўную суму і перадаць пэўную нерухомую маёмасць, але нічога значнага. Спадчына, ужо без таго, што аддавалася па даравальных запісах, была пакінута яго прыёмнай дачцэ, Рут, пры ўмове, што, калі яна выйдзе замуж, яе муж возьме прозвішча Шэвені-Гарэ.

— Яго пляменніку, містэру Х'юга Трэнту, не пакінута нічога?

— Было, так, пяць тысяч фунтаў.

— Дык трэба разумець, што сэр Гервазы быў багаты чалавек?

— Нават вельмі багаты. Апрача маёнтка, валодаў вялізнай прыватнай маёмасцю. Вядома, быў не такі заможны, як даўней. Фактычна, увесь прыбытак з капіталу, укладзенага ў бізнес, паступаў з натугай. Апрача таго, сэр Гервазы страціў нямала грошай праз адну кампанію — «Пэраган сінтэтык рабэ сабстыт'ют»[11], куды палкоўнік Бэры пераканаў яго ўкласці значную суму.

— Не дужа мудрая парада?

Містэр Фобз уздыхнуў.

— Адстаўныя вайскоўцы — найбольшыя няўдачнікі, калі яны ўключаюцца ў фінансавыя аперацыі. Я пераканаўся, што іх даверлівасць пакідае далёка за сабой даверлівасць удоў, а гэтым сказана многа!

— Але тыя няўдалыя інвестыцыі рэзка не зменшылі прыбыткаў сэра Гервазы?

— О, не, не вельмі. Ён усё роўна заставаўся багатым чалавекам.

— Калі было складзена гэтае завяшчанне?

— Два гады назад.

Пуаро сказаў:

— Ці не было яно трохі несправядлівым да містэра Х'юга Трэнта, пляменніка сэра Гервазы? Ён усё-такі найбліжэйшы кроўны сваяк сэра Гервазы.

Містэр Фобз паціснуў плячыма.

— Трэба ўзяць у рахубу і сёе-тое і з гісторыі роду.

— Напрыклад?

Містэр Фобз, здавалася, не надта хацеў гаварыць далей.

Маёр Рыдл сказаў:

— Прашу вас, не думайце, што мы надта любім корпацца ў старых скандалах і плётках. Але гэты ліст сэра Гервазы містэру Пуаро павінен быць вытлумачаны.

— Бясспрэчна, тут няма нічога скандальнага — чаму сэр Гервазы так ставіўся да свайго пляменніка, — хутка сказаў містэр Фобз. — Проста сэр Гервазы сваё становішча галавы сям'і заўсёды ўспрымаў вельмі сур'ёзна. У яго былі малодшыя брат і сястра. Брат, Энтані Шэвені-Гарэ, забіты на вайне. Сястра, Памела, выйшла замуж, і сэр Гервазы не прыняў яе замужжа. Ён, словам, лічыў, што яна абавязана была атрымаць яго згоду. І што сям'я капітана Трэнта недастаткова знакамітая, каб парадніцца з Шэвені-Гарэ. Сястру гэта толькі забаўляла. У выніку, сэр Гервазы ніколі не быў прыхільны да свайго пляменніка. Мяркую, гэтая непрыхільнасць магла паўплываць на яго рашэнне ўдачарыць Рут.

— Не было ніякіх надзей на тое, што ў яго будуць свае дзеці?

— Ніякіх. Недзе праз год пасля яго шлюбу нарадзілася мёртвае дзіця. Дактары сказалі лэдзі Шэвені-Гарэ, што яна ніколі ўжо не зможа мець дзіцяці. Прыблізна праз два гады ён удачарыў Рут.

Пуаро спытаўся:

— І хто ж была мадэмуазэль Рут? Што прымусіла іх спыніць свой выбар менавіта на ёй?

— Яна была, мяркую, дзіця іх далёкага сваяка.

— Так я і думаў, — сказаў Пуаро. Ён зірнуў на сцяну, увешаную партрэтамі. — Відаць, што яна адной з імі крыві — і нос, і лінія падбародка. Яны паўтараюцца на гэтых партрэтах шмат разоў.

— Яна атрымала ў спадчыну і характар таксама, — суха сказаў містэр Фобз.

— Натуральна. Як яны ладзілі з прыёмным бацькам?

— Так, як гэтага і трэба было чакаць. Паміж імі часам разгараліся зацятыя баталіі. Але, нягледзячы на сваркі, я ўпэўнены, што ў іх была і глыбінная гармонія.

— Тым не менш, мадэмуазель Рут нямала нервавала яго?

— Бясконца нервавала. Але магу запэўніць вас: не настолькі, каб з-за гэтага пакідаць жыццё.

— Ну, вядома, — пагадзіўся Пуаро. — Ніхто не выбівае сабе мазгі праз тое, што ў яго ўпартая дачка!.. Дык мадэмуазель — спадчынніца! Ці сэр Гервазы ніколі не думаў пра змены ў сваім завяшчанні?

— Кх! — Містэр Фобз кашлянуў, каб прыхаваць невялікую збянтэжанасць. — Праўду кажучы, я, прыехаўшы сюды, два дні назад атрымаў інструкцыі ад сэра Гервазы, калі дакладна — па складанні новага завяшчання.

— Што такое? — маёр Рыдл рыўком прысунуў сваё крэсла трохі бліжэй. — Вы не гаварылі нам пра гэта.

Містэр Фобз хутка адказаў:

— Вы ж пыталіся пра ўмовы завяшчання сэра Гервазы. Я даў вам інфармацыю, якую вы прасілі. Новае завяшчанне не было нават як след аформлена, і тым больш не падпісана.

— Якія ж былі яго ўмовы? Яны могуць праліць святло на душэўны стан сэра Гервазы.

— У асноўным, яны такія ж, як і ранейшыя, але міс Шэвені-Гарэ магла стаць спадчынніцай, толькі згадзіўшыся выйсці замуж за містэра Х'юга Трэнта.

— Ага, — сказаў Пуаро. — Гэта дужа вялікая розніца.

— Я не ўхваляў гэтага пункту, — сказаў містэр Фобз. — І лічыў сябе абавязаным падказаць, што ён мог быць паспяхова аспрэчаны. Суд не падтрымлівае запісаў з пэўнымі абавязацельствамі. Аднак сэр Гервазы быў непахісны.

— А калі б міс Шэвені-Гарэ або, выпадкова, містэр Трэнт адмовіліся выканаць гэтую ўмову?

— Калі б містэр Трэнт не пажадаў ажаніцца з міс Шэвені-Гарэ, то грошы перайшлі б да яе без ніякіх умоў. Але калі б ён хацеў, а яна адмовілася, грошы, наадварот, перайшлі б да яго.

— Дзіўна, — сказаў маёр Рыдл.

Пуаро нахіліўся наперад, злёгку пастукаў юрысту па калене.

— Але што хаваецца за гэтым? Што было на думцы ў сэра Гервазы, калі ён рабіў гэтую агаворку? Тут абавязкова было нешта пэўнае… Тут абавязкова, я мяркую, меўся на ўвазе нейкі іншы чалавек… чалавек, якога ён не хацеў. Я думаю, містэр Фобз, што вы павінны ведаць, хто такі гэты чалавек?

— На самай справе, містэр Пуаро, у мяне няма ніякіх звестак.

— Але ў вас магла б з'явіцца здагадка.

— Я ніколі не раблю здагадак, — сказаў містэр Фобз абураным тонам. Зняўшы пенснэ, ён выцер яго шаўковай насоўкай і запытаўся: — Вас цікавіць што-небудзь яшчэ?

— Пакуль што не, — адказаў Пуаро. — Нічога, што датычыць мяне.

Містэр Фобз паглядзеў так, быццам не паверыў у гэтае «нічога», і скіраваў сваю ўвагу на галоўнага канстэбля.

— Дзякуй вам, містэр Фобз. Думаю, гэта ўсё. Я хацеў бы, калі можна, пагаварыць з міс Шэвені-Гарэ.

— Вядома. Яна, напэўна, наверсе з лэдзі Шэвені-Гарэ.

— О, няхай. Можа, я спачатку пагутару з — як яго завуць? — з Бараўзам і з жанчынай, гістарыёграфам роду.

— Яны абое ў бібліятэцы. Я скажу ім.


Загрузка...