11


Якраз развіднела, калі назаўтра Эркюль Пуаро прачнуўся. Яму адвялі спальню ва ўсходнім крыле дома.

Устаўшы з ложка, ён адцягнуў убок штору і ўсцешыўся, што сонца ўзышло і што раніца такая цудоўная.

Ён пачаў апранацца, як і заўсёды, педантычна-старанна. Скончыўшы туалет, захутаўся ў тоўстае паліто і заматаў шыю шалікам.

Потым на дыбачках выйшаў з пакоя і прабраўся праз маўклівы дом у гасціную. Бязгучна адчыніў французскае акно і выйшаў у сад.

Сонца якраз толькі паказвалася. У паветры стаяла смуга, смуга цудоўнай раніцы. Ідучы па ступеньчатай дарожцы вакол дома, Эркюль Пуаро падышоў да вокнаў кабінета сэра Гервазы. Тут ён спыніўся і агледзеўся.

Адразу ж перад вокнамі паралельна з домам цягнулася паласа травы, акаймаваная шырокім бардзюрам. Астры ўсё яшчэ былі прыгожыя. Перад бардзюрам была зарослая дарожка, дзе і стаяў Пуаро. Трава расла і на дарожцы за бардзюрам да самай веранды. Пуаро ўважліва агледзеў дарожку і пакруціў галавой. Ён перавёў сваю ўвагу на бардзюр абапал веранды. Зноў задумліва паківаў галавой. На правай клумбе на мяккай глебе выразна выдзяляліся сляды. Ён, хмурачыся, уважліва глядзеў на іх, але раптам пачуў нейкі гук і рэзка ўзняў галаву.

Уверсе над ім адчынілі акно. Паказалася рыжавалосая галава. Як у залаціста-чырвоным арэоле ўбачыў ён разумны твар Сьюзен Кардвэл.

— Што, не магу ўцяміць, вы робіце тут у такі час, містэр Пуаро? Гэта тое месца, адкуль вы высочваеце злачынцаў?

Пуаро пакланіўся з надзвычайнай карэктнасцю.

— Добрай раніцы, мадэмуазель! Але, так яно і ёсць, як вы кажаце. Зараз вы бачыце дэтэктыва — вялікага дэтэктыва, можна сказаць — у дзеянні, як ён раскрывае злачынства!

Фраза была трохі квяцістая. Сьюзен схіліла галаву набок.

— Я павінна адзначыць гэта ў сваіх мемуарах, — сказала яна. — Мне сысці ўніз і дапамагчы вам?

— Я быў бы ў захапленні.

— Спачатку я прыняла вас за рабаўніка. Як вы выбраліся з дому?

— Праз акно ў гасцінай.

— Адну хвілінку, і я буду з вамі.

Яна была верная свайму слову.

Як відаць, Пуаро быў дакладна там, дзе і тады, калі яна ўпершыню ўбачыла яго.

— Вы вельмі рана прачнуліся, мадэмуазель?

— Я кепска спала. У мяне быў якраз такі агідны стан, які бывае ў пяць раніцы.

— Цяпер не зусім так рана, як вы думаеце!

— Я адчуваю сябе так! А зараз, мой супердэтэктыў, што мы аглядаем?

— Як што, вывучаем, мадэмуазель, сляды.

— Сляды ёсць.

— Чатыры сляды, — працягваў Пуаро. — Вось, я вам іх паказваю. Два — да акна, два — адтуль.

— Чые? Садоўнікавы?

— Мадэмуазель, мадэмуазель! Гэта адбіткі малых элегантных жаночых туфелек на высокім абцасе. Зірніце, пераканайцеся самі. Ступіце, прашу вас, на зямлю вось тут, побач з імі.

Сьюзен хвілінку павагалася, потым нясмела паставіла нагу на глебу там, дзе паказаў Пуаро. Яна была абута ў невялічкія туфлі-лодачкі з цёмна-карычневай скуры на высокім абцасе.

— Бачыце, вашы амаль такога ж памеру. Амаль, але не зусім. Гэтыя другія зроблены трохі большай, чым ваша, нагой. Магчыма, гэта сляды міс Шэвені-Гарэ, або міс Лінгард, ці нават лэдзі Шэвені-Гарэ.

— Не лэдзі Шэвені-Гарэ — у яе маленькія ногі. Людзі ў тыя часы ўхітраліся мець маленькія ногі. А міс Лінгард носіць смешныя чаравікі з нізкімі абцасамі.

— Дык гэта сляды міс Шэвені-Гарэ… А, так, я памятаю, яна згадвала, што выходзіла ў сад учора вечарам.

Ён павёў яе назад вакол дома.

— Мы ўсё яшчэ ідзём па следу?

— Ну, вядома ж. Зараз мы зойдзем у кабінет сэра Гервазы.

Ён пракладваў дарогу. Сьюзен Кардвэл ішла за ім.

Дзверы па-ранейшаму паныла звісалі. Унутры пакой быў такі ж, як і ўчора вечарам. Пуаро адсунуў шторы і ўпусціў у пакой дзённае святло. Ён пастаяў, пазіраючы на бардзюр хвіліну-дзве, а потым сказаў:

— Мяркую, вы не дужа добра знаёмы з рабаўнікамі, мадэмуазель?

Сьюзен Кардвэл са шкадаваннем адмоўна паківала галавой.

— Баюся, не, містэр Пуаро.

— Галоўны канстэбль таксама не можа пахваліцца сяброўскімі адносінамі з імі. Яго сувязі з крымінальнікамі заўсёды былі строга афіцыйныя. У мяне — не гэтак. Аднойчы я меў вельмі прыемную гутарку з рабаўніком. Ён расказаў мне цікавую штуку пра французскія вокны — трук, які часам можа выкарыстоўвацца, калі запор даволі свабодны.

Гаворачы, ён павярнуў ручку левага акна, прэнт пасярэдзіне выйшаў з адтуліны ўнізе, і Пуаро пацягнуў абедзве палавіны французскага акна да сябе. Ён шырока расчыніў іх, а потым зачыніў зноў — зачыніў, не паварочваючы ручку, каб прэнт не апусціўся ў свой паз. Ён выпусціў ручку, хвілю пачакаў, а потым рэзка стукнуў знізу ўгору па цэнтры прэнта. Ад удару прэнт апусціўся ўніз у паз — ручка сама павярнулася.

— Вы бачыце, мадэмуазель?

— Думаю, так.

Сьюзен аж пабялела.

— Акно зараз зачынена. Немагчыма ўвайсці ў пакой, калі акно зачынена, але можна выйсці з пакоя, пацягнуць створкі звонку, потым стукнуць, як я зрабіў, і запор ідзе ўніз, паварочваючы ручку. Акно, такім чынам, шчыльна зачынена, і кожны, хто паглядзіць на яго, скажа, што яно было зачынена знутры.

— Гэта тое… — Голас Сьюзен злёгку задрыжаў. — Гэта тое, што адбылося ўчора вечарам.

— Думаю, тое, мадэмуазель.

Сьюзен з роспаччу сказала:

— Я не веру ніводнаму гэтаму слову.

Пуаро не адказаў. Ён падышоў да каміннай паліцы. Потым рэзка павярнуўся.

— Мадэмуазель, прашу вас быць за сведку. Я ўжо маю аднаго сведку, містэра Трэнта. Ён бачыў, як я знайшоў гэты маленькі асколачак люстра ўчора вечарам. Я казаў пра яго яму. Я пакінуў яго там, дзе ён быў, для паліцыі. Я нават сказаў галоўнаму канстэблю, што разбітае люстра — гэта важны ключ. Але ён не надаў значэння майму намёку. Зараз вы сведка таго, як я кладу гэты асколачак люстра (на які, памятайце, я ўжо звярнуў увагу містэра Трэнта) у маленькі канверт, — вось так. Сказана — зроблена. І я пішу на ім — так — і запячатваю. Вы сведка, мадэмуазель?

— Але… толькі… толькі я не ведаю, што гэта значыць.

Пуаро перайшоў на другую палавіну пакоя. Ён стаяў перад сталом і пільна глядзеў на раструшчанае люстра на сцяне насупраць.

— Я скажу вам, што гэта значыць, мадэмуазель. Калі б вы стаялі тут учора вечарам, гледзячы ў гэтае люстра, вы маглі б убачыць у ім, як адбывалася забойства.


Загрузка...