У той вечар Пуаро толькі зірнуў на Сьюзен Кардвэл. Цяпер ён пільней прыгледзеўся да яе. Разумны твар, падумаў ён, нельга сказаць, што прыгожы ў поўным сэнсе слова, але надзелены прывабнасцю, якой проста мілавідная дзяўчына магла б пазайздросціць. Валасы пышныя, твар з густам дагледжаны. Назіральныя вочы.
Пасля некалькіх папярэдніх пытанняў маёр Рыдл сказаў:
— Я не ў курсе, як блізка вы знаёмыя з гэтай сям'ёй, міс Кардвэл?
— Я іх зусім не ведаю. Х'юга зрабіў так, каб мяне сюды запрасілі.
— Дык вы сябруеце з Х'юга Трэнтам?
— Такі мой статус у гэтым доме: сяброўка Х'юга Трэнта. — Сьюзен Кардвэл усміхалася, працяжна вымаўляючы словы.
— Вы даўно знаёмы з ім?
— О, не, усяго нейкі месяц. — Яна зрабіла паўзу, а потым дадала: — Я тут у якасці нявесты.
— І ён прывёз вас пазнаёміць са сваімі?
— О, божа, зусім не так! Мы трымалі гэта ў глыбокай тайне. Я проста прыехала на разведку. Х'юга казаў мне, што іх сям'я — як вар'яцкі дом. Я вырашыла: прыеду сама і пагляджу. Небарака Х'юга — мілы пястун, але ў яго не варыць як след галава. Становішча, ведаеце, было досыць крытычнае. Ні ў Х'юга, ні ў мяне — ніякіх грошай, а сэр Гервазы, галоўная надзея Х'юга, гарэў жаданнем ажаніць свайго пляменніка з Рут. Х'юга, ведаеце, трохі слабавольны. Ён мог згадзіцца на гэты шлюб, разлічваючы развесціся потым.
— Такая ідэя не вабіць вас, мадэмуазель? — мякка запытаўся Пуаро.
— Абсалютна. Рут магла б атрымаць усе і адмовіць яму ў разводзе ці яшчэ што. Я цвёрда рашыла: не зраблю і кроку ў Найтбрыдж Святога Поля, пакуль не змагу з'явіцца сюды, дрыжучы, з ахапкам лілеяў у руках.
— Дык, значыць, вы прыехалі вывучыць сітуацыю?
— Але.
— Еh bіеn! — сказаў Пуаро.
— Вядома, Х'юга меў рацыю! Усе ў гэтай сям'і ненармальныя! За выключэннем Рут, тая, як быццам, нармальная. Яна залучыла сабе прыяцеля і ставілася да ідэі шлюбу не з большым энтузіязмам, чым я.
— Вы маеце на ўвазе містэра Бараўза?
— Бараўза? Ды не! Рут не закахалася б у такога няшчырага чалавека.
— Дык хто ж быў прадметам яе захаплення?
Сьюзен Кардвэл памаўчала, працягнула руку па цыгарэту, запаліла і адказала:
— Лепей вы пацікаўцеся пра тое ў яе. Урэшце, што мне да таго.
Маёр Рыдл запытаўся:
— Калі апошні раз вы бачылі сэра Гервазы?
— Надвячоркам, калі была гарбата.
— Вы не заўважылі чаго-небудзь нязвыклага ў яго паводзінах?
Дзяўчына паціснула плячыма.
— Ён быў як заўсёды.
— Што вы рабілі пасля гарбаты?
— Гуляла ў більярд з Х'юга.
— Больш вы не бачылі сэра Гервазы?
— Не.
— А як вы ўспрынялі стрэл?
— З гэтым было трохі дзіўна. Разумееце, мне здалося, што быў першы гонг, таму я хуценька пераапранулася, выскачыла з пакоя, пачула, як я падумала, другі гонг і кінулася ўніз па лесвіцы. У першы вечар я спазнілася на адну хвіліну на абед, і Х'юга сказаў мне, што гэта амаль перакрэсліла нашы надзеі на Старога. Вось я і пабегла ўніз. Х'юга быў якраз перада мною, і тады пачуўся нейкі дзіўны трэск, і Х'юга сказаў: гэта корак ад шампанскага; але Снэл запярэчыў; дарэчы, і я не думала, што той гук даляцеў са сталовай. Міс Лінгард лічыла, што ён пачуўся зверху, але ўрэшце мы сышліся на зваротнай успышцы аўтамабіля, гурмой рушылі ў гасціную і забыліся пра гэта.
— Вам ніколі не прыходзіла, хоць на момант, думка, што сэр Гервазы мог застрэліцца? — запытаўся Пуаро.
— Ну, як такое магло прыйсці мне ў галаву? Стары, здавалася, цешыўся жыццём і сабою. Я не магла і падумаць, што ён зробіць такое. І не магу здагадацца, чаму ён гэта зрабіў. Відаць, толькі таму, што быў ненармальны.
— Нешчаслівая падзея.
— Вельмі, для Х'юга і мяне. Ён, як быццам, нічога не пакінуў Х'юга, ці амаль нічога.
— Хто вам сказаў гэта?
— Х'юга выпытаў у старога Фобза.
— Ну што ж, міс Кардвэл… — Маёр Рыдл хвілінку падумаў. — Відаць, гэта ўсё. Як вы лічыце, міс Шэвені-Гарэ адчувае сябе дастаткова добра, каб прыйсці і пагаварыць з намі?
— О, я думаю, яна зможа прыйсці. Я скажу ёй.
Пуаро ўмяшаўся:
— Адну хвілінку, мадэмуазель. Ці бачылі вы гэта раней?
Ён працягнуў аловак, падобны на кулю.
— Ага, бачыла, калі мы гулялі ў брыдж сёння пасля поўдня. Гэта старога палкоўніка Бэры, я думаю.
— Ён забраў яго пасля робера?
— Чаго не ведаю, таго не ведаю.
— Дзякую, мадэмуазель. Гэта ўсё.
— Добра, я скажу Рут.
Рут Шэвені-Гарэ ўвайшла ў пакой, як каралева. Твар яе быў свежы, галава высока ўзнята. Але вочы, як і вочы Сьюзен Кардвэл, пазіралі ўважліва. На ёй была тая ж сукенка бледна-абрыкосавага колеру, што і тады, калі Пуаро прыехаў. Сукенку аздабляла прышпіленая да пляча ружа густога колеру самон[15]. Гадзіну назад яна была свежая і яркая, а цяпер прывяла.
— Дык што?.. — абазвалася Рут.
— Мне вельмі няёмка турбаваць вас, — пачаў маёр Рыдл.
Яна перабіла яго:
— Вядома, вы павінны патурбаваць мяне. Вы павінны патурбаваць кожнага. Аднак, я магу сэканоміць ваш час. Я ўяўлення не маю, чаму Стары скончыў жыццё самагубствам. Адзінае, што магу вам сказаць: гэта ані не падобна на яго.
— Вы не заўважылі ў яго сённяшніх паводзінах чаго-небудзь нядобрага? Ці не быў ён у дэпрэсіі або празмерна ўзбуджаны — ці хоць што было анармальнае?
— Не думаю. Я не заўважыла…
— Калі вы апошні раз бачылі яго?
— Калі мы пілі гарбату.
Пуаро спытаўся:
— Вы не заходзілі ў кабінет — пазней?
— Не. Апошні раз бачыла яго ў гэтым пакоі. Ён сядзеў вось тут.
Яна паказала на крэсла.
— Зразумела. Вам знаёмы гэты аловак, мадэмуазель?
— Аловак палкоўніка Бэры.
— Вы яго бачылі нядаўна?
— Я сапраўды не памятаю.
— Вам вядома што-небудзь пра… нязгоду паміж сэрам Гервазы і палкоўнікам Бэры?
— Вы маеце на ўвазе гісторыю з «Пэраган рабэ компані»?
— Але.
— Думаю, што так. Стары быў раз'юшаны гэтым!
— Ён, магчыма, лічыў, што яго ашукваюць?
Рут паціснула плячыма.
— Ён нічога не разумеў у фінансах.
— Ці магу я задаць вам пытанне, мадэмуазель, — сказаў Пуаро, — трохі дзёрзкае пытанне?
— Вядома, калі вы жадаеце.
— Яно такое: ці шкадуеце вы, што ваш… бацька памёр?
Яна са здзіўленнем паглядзела на яго.
— А як жа, шкадую. Я не ўпадаю ў сентыментальнасць, але мне будзе не хапаць яго… Я любіла Старога. Так мы, Х'юга і я, называлі яго заўсёды. «Стары» — разумееце, нешта некшталт першабытнага антрапоіда-малпы — сапраўднага патрыярха радавой справы. Гэтыя словы гучаць як быццам непаважліва, але за імі — глыбокая прыхільнасць. А так ён быў самы безгаловы асёл на свеце!
— Вы мяне зацікавілі, мадэмуазель.
— У Старога быў авечы розум! Шкада, што даводзіцца так гаварыць, але гэта праўда. Ён быў няздатны ні да якой разумовай працы. Майце на ўвазе, гэта была яркая асоба. Фантастычна адважная і гэтак далей! Ён мог смела ісці на полюс альбо біцца на дуэлях. Я ўпэўнена, ён так выхваляўся таму, што ведаў — у галаве ў яго мала клёку. Кожны мог узяць верх над ім.
Пуаро дастаў ліст з кішэні.
— Прачытайце, мадэмуазель.
Яна прачытала ліст і аддала яму назад.
— Дык вось што прывяло вас сюды!
— Ці не наводзіць вас на якую-небудзь думку гэты ліст?
Яна адмоўна паківала галавой.
— Не. Гэта, напэўна, чыстая праўда. Любы мог абіраць беднага старога небараку. Джон кажа, апошні перад ім агент ашукваў Старога направа і налева. Разумееце, ён быў такі велічны і фанабэрысты, што ніколі не апускаўся да таго, каб заглыбіцца ў дэталі! Ён быў як запрашэнне махлярам.
— Вы, мадэмуазель, ствараеце зусім іншы вобраз сэра Гервазы, чым той, агульнавядомы.
— О, так — у яго быў даволі добры камуфляж. Ванда, мая маці, выручала яго, як умела. Ён быў такі шчаслівы, важна іграючы ролю Ўсявышняга. Вось чаму, часткова, я рада, што ён нежывы. Гэта найлепш для яго.
— Я не зусім разумею вас, мадэмуазель.
Рут задумліва сказала:
— Яго хвароба прагрэсіравала. Не сёння-заўтра яго запраторылі б у вар'яцкі дом… Людзі пачалі ўжо гаварыць, так яно было…
— Ці ведалі вы, мадэмуазель, што ён абдумваў завяшчанне, паводле якога вы маглі б атрымаць яго грошы толькі тады, калі б выйшлі замуж за містэра Трэнта?
Яна ўскрыкнула:
— Які абсурд! Усё роўна, я ўпэўнена, суд адхіліў бы гэта… Я ўпэўнена, нельга дыктаваць людзям, за каго яны павінны выходзіць замуж.
— Калі ён сапраўды падпісаў такое завяшчанне, ці згадзіліся б вы, мадэмуазель, выканаць гэтую ўмову?
Яна ашаломлена глядзела на яго.
— Я… я…
Дзве-тры хвіліны яна сядзела, нерашучая, пазіраючы на сваю туфлю-лодачку, што звісала з нагі. Маленькі камячок зямлі ўпаў з абцаса на дыван. Раптам Рут Шэвені-Гарэ сказала:
— Пачакайце! — Устала і выбегла з пакоя. Вярнулася хутка з капітанам Лэйкам.
— Гэта павінна выйсці наверх, — задыхаўшыся, сказала яна. — Вы таксама можаце ведаць гэта зараз. Джон і я пажаніліся ў Лондане тры тыдні назад.