Эркюль Пуаро сядзеў у куце вагона першага класа. Цягнік хутка ішоў па ангельскай сельскай мясцовасці.
Задумліва дастаў ён з кішэні акуратна складзеную тэлеграму, разгарнуў яе і прачытаў зноў: «Выязджайце ў чатыры трыццаць з Пэнкраса загадайце кандуктару спыніць экспрэс у Ўмпэлі. Шэвені-Гарэ».
Ён згарнуў тэлеграму і паклаў яе назад у кішэню. Кандуктар быў надзвычай паслужлівы. Джэнтльмен едзе ў Гэмбара Клоўз? О, так, для гасцей сэра Гервазы Шэвені-Гарэ цягнік заўсёды спыняецца каля Ўімпэлі. «Асаблівая прывілея, сэр, я думаю».
Пасля гэтага кандуктар двойчы заходзіў у вагон, першы раз — запэўніць падарожніка, што ўсё будзе зроблена, каб спыніць для яго цягнік, другі — каб аб'явіць, што цягнік позніцца на дзесяць хвілін.
Цягнік павінен быў прыбыць у 7.50, але было дакладна дзве хвіліны дзевятай, калі Эркюль Пуаро сышоў на платформу маленькай станцыі і ўсунуў у руку клапатліваму кандуктару чаканыя паўкроны.
Свіснуў паравоз, і паўночны экспрэс рушыў далей.
Да Пуаро падышоў высокі шафёр у цёмна-зялёнай уніформе.
— Містэр Пуаро? У Гэмбара Клоўз?
Ён падняў акуратненькі сакваяж дэтэктыва і павёў Пуаро са станцыі да вялікага ролс-ройса. Шафёр патрымаў дзверцы, пакуль Пуаро залез у машыну, потым накрыў яму калені шыкоўным пледам з футра, і яны паехалі.
Праехаўшы хвілін дзесяць па прасёлках, па палявых дарожках, аўтамабіль павярнуў да шырокай брамы з двума вялізнымі каменнымі грыфонамі па баках.
Праз парк яны праехалі да дома. Дзверы дома былі адчыненыя, імпазантных прапорцый дварэцкі паказаўся на лесвіцы параднага ўвахода.
— Містэр Пуаро? Сюды, сэр.
Дварэцкі павёў яго па зале і, прайшоўшы да сярэдзіны, адчыніў насцеж дзверы справа.
— Містэр Эркюль Пуаро, — абвясціў ён.
У пакоі было некалькі чалавек у вячэрніх касцюмах, і Пуаро сваім пільным зрокам адразу ўбачыў, што яго не чакалі. Вочы ўсіх сутных застылі з непадробным здзіўленнем.
Потым высокая сіваватая жанчына няўпэўнена падышла да яго.
Пуаро схіліўся над яе рукой.
— Прашу прабачэння, мадам, — сказаў ён. — Баюся, што цягнік спазніўся.
— Нічога, нічога, — разгублена сказала лэдзі Шэвені-Гарэ. Яе вочы ўсё яшчэ пазіралі на яго няўцямна. — Нічога, нічога, містэр… э-э… я трохі недачула…
— Эркюль Пуаро.
Ён вымавіў сваё імя гучна і выразна.
Недзе за сабой Пуаро пачуў раптоўны рэзкі ўздых.
І тут жа ён усвядоміў, што, бясспрэчна, гаспадара ў гэтым пакоі няма. Ён ветліва сказаў:
— Вы ведалі, што я прыязджаю, мадам?
— О, ведала… — Словы яе прагучалі непераканаўча. — Я думаю… Я маю на ўвазе… Я мяркую… Але я гэткая непрактычная, містэр Пуаро. Я ўсё забываю… — У яе голасе чулася меланхалічная задаволенасць гэтым фактам. — Мне шмат пра што гавораць. Мне здаецца, я запамінаю ўсё, але яно толькі праходзіць праз мой розум і знікае! Як быццам ніколі і не было!
І з прывычным выразам, які гаварыў, што яна нібыта даўно спазнілася выканаць пэўны абавязак, гаспадыня паглядзела вакол і ціха сказала:
— Я думаю, вы ведаеце кожнага.
Але гэта было зусім не так, і фраза была звычайнай банальнай формулай, якою лэдзі Шэвені-Гарэ пазбывалася клопатаў знаёміць гасцей і напружання, з якім ёй даводзілася б прыгадваць іх імёны.
З вялікім намаганнем яна авалодала сабой у гэтай цяжкаі сітуацыі і дадала:
— Мая дачка — Рут.
Дзяўчына, якая етаяла перад ім, была таксама высокая і цёмная, але зусім іншага тыпу. Замест дробных, невыразных рысаў лэдзі Шэвені-Гарэ ў яе быў вытачаны, трохі арліны нос і выразная, вострая лінія падбародка. Чорныя валасы спадалі назад і ўтваралі хвалю маленькіх тугіх кудзеркаў. Яе чысцюткі твар ажно ззяў, трохі за кошт касметыкі. Яна была, так падумаў Эркюль Пуаро, адна з найпрыгажэйшых дзяўчат, якіх ён бачыў.
Ён зразумеў і тое, што яна не толькі прыгожая, але і разумная і што ёй не бракуе таксама характару і гонару. Словы яна вымаўляла трохі расцягнута, і яму здалося гэта наўмысным.
— Як прыемна, — сказала яна, — мець госцем містэра Эркюля Пуаро! Дзядуля зрабіў нам невялікі сюрпрыз, я мяркую.
— Дык вы не ведалі, што я маюся прыехаць? — хутка спытаўся ён.
— Я нічога не ведала пра гэта. І змагу ўзяць свой альбом для аўтографаў толькі пасля абеду.
З залы пачуліся гукі гонга, дварэцкі адчыніў дзверы і абвясціў:
— Абед пададзены.
І амаль перад тым, як было вымаўлена слова «пададзены», здарылася нешта вельмі дзіўнае. Архірэйская фігура слугі стала, на адзін толькі момант, надзвычай здзіўленай чалавечай істотай…
Метамарфоза была такая імгненная, і маска добра натрэніраванага слугі зноў з'явілася на твары так хутка, што чалавек, які не ўмее назіраць, не заўважыў бы ніякай змены. Але Пуаро якраз назіраў. Ён здзівіўся.
Дварэцкі ў дзвярах вагаўся. Хоць на твары яго не было ніякага выразу, у постаці адчувалася напружанне.
Лэдзі Шэвені-Гарэ сказала няўпэўнена:
— О, божа, гэта проста незвычайна. Сапраўды, я… Проста не ведаеш, што рабіць.
Рут звярнулася да Пуаро:
— Гэтае дзіўнае замяшанне, містэр Пуаро, выклікана тым, што мой бацька ўпершыню, прынамсі, за апошнія дваццаць гадоў, позніцца на абед.
— Гэта вельмі нязвычна!.. — усклікнула лэдзі Шэвені-Гарэ. — Гервазы ніколі…
Да яе падышоў пажылы стройны чалавек з вайсковай выпраўкай. Ён шчыра засмяяўся.
— Добры стары Гервазы! Нарэшце спазніўся! Даю слова, мы яму папомнім гэта. Відаць, яму не даваўся ў рукі гузік, калі ён прышпільваў каўнер да кашулі, як вы думаеце? Альбо, можа, у Гервазы імунітэт супраць нашых маленькіх слабасцей?
Лэдзі Шэвені-Гарэ сказала ціхім азадачаным голасам:
— Але Гервазы ніколі не спазняецца.
Яно амаль было камічнае, замяшанне, выкліканае гэтай простай сопtrеtепрs[3]. І, аднак, Эркюлю Пуаро не было смешна… За гэтым замяшаннем ён адчуў напружанасць — магчыма, нават страх. І яшчэ — здалося дзіўным, што Гервазы Шэвені-Гарэ не з'явіўся сустрэць госця, якога выклікаў з такой таямнічасцю.
Тым часам было відавочна: узнікла беспрэцэдэнтная сітуацыя, калі ніхто не ведае, што рабіць.
Лэдзі Шэвені-Гарэ ўрэшце ўзяла ініцыятыву ў свае рукі, калі гэта магло называцца ініцыятывай, бо вельмі ж няўпэўнена яна сказала:
— Снэл, ці твой гаспадар?..
Яна не скончыла фразу, толькі з чаканнем паглядзела на дварэцкага.
Снэл прывык да метадаў здабывання інфармацыі, якімі карысталася яго пані, бо хутка адказаў на своеасаблівае пытанне:
— Сэр Гервазы сышоў уніз у пяць хвілін восьмай, мілэдзі, і адразу пайшоў у свой кабінет.
— Вось як… — Яна на нейкі час так і застыла з разяўленым ротам, вочы, здавалася, глядзелі некуды далёка. — Ці не думаеш ты, што ён не чуў гонг?
— Я думаю, ён абавязкова чуў, мая лэдзі, гонг жа якраз за дзвярыма кабінета. Я, безумоўна, не ведаў, што сэр Гервазы ўсё яшчэ ў кабінеце, інакш я далажыў бы яму, што абед гатовы. Можа, цяпер зрабіць гэта, мілэдзі?
Лэдзі Шэвені-Гарэ ўхапілася за гэтую прапанову з відавочнай палёгкай.
— О, дзякую, Снэл. Але, зрабі гэта, калі ласка. Абавязкова.
Калі дварэцкі пакінуў пакой, яна сказала:
— Снэл — проста скарб. Я цалкам давяраюся яму. Сама не ведаю, што б я рабіла без Снэла.
Нехта штосьці спагадна прамармытаў, згаджаючыся з ёю, але ніхто нічога не сказаў. Эркюлю Пуаро, а ён назіраў за людзьмі ў пакоі, раптам вельмі выразна падумалася, што яны, усе да аднаго, у напружанні. Яго вочы хутка бегалі па іх, «класіфіцыруючы» ўсіх у агульных рысах. Два пажылыя мужчыны, адзін вайсковага выгляду, той, які толькі што гаварыў, і хударлявы, тонкі, сівы мужчына са шчыльна сціснутымі вуснамі. Двое, далей, маладжавыя мужчыны, вельмі розныя па тыпу. Адзін, з вусамі і выразам стрыманай ганарыстасці, напэўна, пляменнік сэра Гервазы, коннагвардзеец. Другога, з прылізанымі, зачасанымі назад валасамі і даволі банальнай прыгажосцю, ён залічыў да бясспрэчна ніжэйшага сацыяльнага класа. Была тут і маленькая жанчына сярэдніх гадоў з пенснэ і з разумнымі вачыма, і яшчэ была дзяўчына з агніста-рыжымі валасамі.
У дзвярах з'явіўся Снэл. Яго манеры былі дасканалыя, але праз абалонку безаблічнага дварэцкага праступалі знакі чалавечай устурбаванасці.
— Даруйце, мілэдзі, дзверы ў кабінет замкнутыя.
— Замкнутыя?
Гэта быў мужчынскі голас — малады, імклівы, з ноткамі ўзбуджанасці, голас прыгожага маладога чалавека з прылізанымі валасамі. Ён спытаўся, ірвучыся наперад:
— Можна, я пайду і пагляджу?..
Але Эркюль Пуаро дужа спакойна ўзяў камандаванне на сябе. Ён зрабіў гэта так натуральна, што ніхто не палічыў дзіўным, што гэты чужы чалавек, які вось толькі прыехаў, бярэ справу ў свае рукі.
— Хадземце, — сказаў ён, — у кабінет.
І далей, ужо Снэлу:
— Вядзі нас, калі ласка.
Снэл паслухаўся. Пуаро, як цень, ішоў за ім, і, як статак авечак, ішлі следам і ўсе астатнія.
Снэл вёў іх праз вялікую залу, паўз вялізны выгін лесвіцы, паўз велізарны высокі стаячы гадзіннік і паўз нішу, у якой стаяў гонг, па вузкім калідоры, у канцы якога былі дзверы.
Тут Пуаро апярэдзіў Снэла і асцярожна крануў ручку. Яна павярнулася, але дзверы не адчыніліся. Пуаро лёгенька пастукаў костачкамі пальцаў па філёнзе дзвярэй. Ён стукаў мацней і мацней. Потым раптам стаў на калені і прынік вокам да замочнай шчыліны.
Неўзабаве павольна ўстаў і паглядзеў на ўсіх вакол сябе. Яго твар быў суровы.
— Джэнтльмены! — сказаў ён. — Гэтыя дзверы трэба зараз жа выламаць!
Па яго загаду двое маладых людзей, абодва высокія і дужыя, налеглі на дзверы. Гэта была нялёгкая справа. Дзверы ў Гэмбара Клоўз рабілі дыхтоўныя.
Нарэшце, аднак, замок паддаўся, і дзверы з шумам хістануліся ўнутр пакоя. Дрэва раскалолася і затрашчала.
Нейкі момант усе стаялі ціха, стоўпіўшыся на парозе. Усё святло ў пакоі было ўключана. Уздоўж сцяны злева стаяў вялікі пісьмовы стол, салідны выраб з каштоўнага дрэва. У крэсле, не за сталом, а збоку, сутуліўся вялікі чалавек, яго спіна была якраз насупраць іх. Галава і верх цела навіслі над правым білам крэсла, а правая рука бязвольна звісала. Тут жа ўнізе на дыване пабліскваў маленькі пісталет…
Не было ніякай патрэбы рабіць здагадкі. Усё было зразумела. Сэр Гервазы Шэвені-Гарэ застрэліўся.