3


Хвіліну-дзве натоўп у дзвярах стаяў нерухома, у здранцвенні, пазіраючы на жудасную сцэну. Потым Пуаро ступіў наперад. У гэты ж момант Х'юга Трэнт гучна сказаў:

— Божа мой, стары застрэліўся!

І тут жа за гэтымі словамі пачуўся працяглы страшны стогн лэдзі Шэвені-Гарэ.

— О, Гервазы… Гервазы!

Цераз плячо Пуаро рэзка сказаў:

— Выведзіце адсюль лэдзі Шэвені-Гарэ! Яна тут нічым не дапаможа.

Пажылы мужчына з вайсковай выпраўкай выканаў загад. Ён сказаў:

— Хадзем, Ванда. Хадзем, мая дарагая. Ты не можаш зрабіць нічога. Гэта ўжо адбылося. Хадзем і ты, Рут, глядзі сваю маці.

Але Рут Шэвені-Гарэ праціснулася ў пакой і стала каля Пуаро, калі той схіліўся над жахліва абмяклым целам у крэсле — целам чалавека, магутнага, як Геракл, з барадой вікінга.

Яна спыталася нізкім напружаным голасам, але надзвычай стрымана і прыглушана:

— Вы цвёрда ўпэўнены, што ён — мёртвы?

Пуаро ўзняў вочы.

На твары дзяўчыны быў адбітак нейкіх эмоцый — сурова-стрыманых, затоеных, якія ён не зусім разумеў. Гэта было не гора — гэта было больш падобна на ўзбуджанасць і страх.

Маленькая жанчына ў пенснэ мармытала:

— Твая маці, мая мілая… Ці не думаеш ты?..

Моцным істэрычным голасам дзяўчына з рыжымі валасамі крыкнула:

— Дык гэта быў не аўтамабіль і не корак ад шампанскага! Мы чулі стрэл…

Пуаро павярнуўся і паглядзеў на ўсіх. Ён сказаў:

— Нехта павінен звязацца з паліцыяй…

Рут Шэвені-Гарэ шалёна крыкнула:

— Не!

Пажылы мужчына з тварам юрыста сказаў:

— Баюся, гэта непазбежна. Ты паклапоцішся пра гэта, Бароўз? Х'юга…

— Вы містэр Х'юга Трэнт? — звярнуўся Пуаро да высокага маладога чалавека з вусамі. — Было б добра, я думаю, калі б усе, апрача вас і мяне, пакінулі гэты пакой.

Зноў яго паўнамоцтвы не былі пастаўлены пад сумненне. Юрыст пагнаў «статак» з пакоя. Пуаро і Х'юга Трэнт засталіся адны.

Х'юга сказаў, утаропіўшыся ў Пуаро:

— Паслухайце, хто вы? Я хачу сказаць, я не маю нават уяўлення… Што вы тут робіце?

Пуаро дастаў з кішэні футарал для візітных картак і выбраў сваю картку.

Х'юга Трэнт сказаў, узіраючыся ў яе:

— Прыватны дэтэктыў, га? Вядома, я чуў пра вас… Але я па-ранейшаму не разумею, што вы робіце тут?

— Вы не ведалі, што ваш дзядзька… Ён быў вам дзядзька, праўда?

Х'юга зіркнуў на мёртвага:

— Стары? Але, ён быў мой дзядзька.

— Вы не ведалі, што ён пасылаў па мяне?

Х'юга адмоўна паківаў галавой і павольна сказаў:

— Я нічога не ведаў пра гэта.

У яго голасе чулася пачуццё, якое даволі цяжка паддавалася класіфікацыі. Твар быў драўляны і тупы — выраз, падумаў Пуаро, які служыць добрай маскай на стрэс.

Пуаро спакойна сказаў:

— Мы знаходзімся ў Вэстшыры, праўда? Я вельмі добра ведаю вашага галоўнага канстэбля, маёра Рыдла.

Х'юга сказаў:

— Рыдл жыве прыкладна за мілю адгэтуль. Ён, відаць, сам заедзе сюды.

— Гэта будзе вельмі дарэчы, — сказаў Пуаро.

Ён пачаў уважліва, не спяшаючыся, знаёміцца з пакоем. Адсунуў убок штору і агледзеў французскія вокны[4], злёгку тузануўшы іх. Яны былі зачыненыя.

На сцяне за сталом вісела круглае люстра. Люстра было раструшшчана. Пуаро нагнуўся і падняў нейкі маленькі прадмет.

— Што гэта? — спытаўся Х'юга Трэнт.

— Куля.

— Яна прайшла якраз праз яго галаву і разбіла люстра?

— Здаецца, што так.

Пуаро асцярожна паклаў кулю там, дзе знайшоў яе, падышоў да стала. Нейкія паперы былі ўпарадкаваны, акуратна складзены ў стосы. На блоку прамакальнай паперы ляжаў вырваны аднекуль ліст, упоперак якога вялікімі друкаванымі літарамі няроўным почыркам было напісана слова «даруйце».

Х'юга сказаў:

— Напісаў, мабыць, у апошнія хвілі перад тым, як… зрабіў гэта.

Дэтэктыў задумліва кіўнуў.

Ён паглядзеў на раструшчанае люстра, потым на мёртвага.

Бровы Пуаро трохі нахмурыліся, як быццам ад здзіўлення. Ён падышоў да дзвярэй, якія крыва віселі з разбітым замком. У дзвярах, як ён ведаў, не было ключа, — інакш нельга было б глянуць праз замочную шчыліну. Не было ключа і на падлозе. Пуаро нахіліўся над мёртвым і абшукаў яго.

— Так, — сказаў ён. — Ключ у кішэні.

Х'юга выняў партсігар і запаліў цыгарэту. Ён гаварыў хрыплавата.

— Здаецца, зразумела, — сказаў ён. — Мой дзядзька ўсё пазачыняў і зачыніўся сам, накрэмзаў гэтае пасланне на кавалачку паперы і потым застрэліўся.

Пуаро задумліва кіўнуў. Х'юга казаў далей:

— Але да мяне не даходзіць, навошта ён пасылаў па вас. Якая ў яго магла быць справа?

— Гэта трохі цяжэй растлумачыць. Пакуль мы чакаем, містэр Трэнт, уладаў, якія возьмуць клопат на сябе, магчыма, вы паінфармуеце мяне, хто такія ўсе гэтыя людзі, якіх я ўбачыў сёння вечарам, калі прыехаў?

— Хто яны? — Х'юга адказваў амаль няўцямна. — О, так, вядома. Прабачце. Можа, мы сядзем? — Ён паказаў на канапку ў самым далёкім ад цела нябожчыка куце пакоя. І гаварыў далей адрывіста: — Так, Ванда — мая цётка, вы ведаеце. І Рут, мая кузіна. Але вы знаёмы з а'бедзвюма. Другая дзяўчына завецца Сьюзен Кардвэл. Яна проста гасцюе тут. І яшчэ палкоўнік Бэры. Ён стары сябар сям'і. І містэр Фобз. Ён таксама стары сябар, апрача таго, ён сямейны юрыст і ўсё такое. Абодва старыя былі закаханыя ў Ванду, калі яна была маладая, і па-ранейшаму круцяцца каля яе, верныя і адданыя. Смешна, але даволі кранальна. Яшчэ тут ёсць Годфры Бараўз, старога — я маю на ўвазе майго дзядзьку — сакратар, і міс Лінгард, якая дапамагае яму пісаць гісторыю Шэвені-Гарэ. Яна рыхтуе гістарычны матэрыял тым, хто піша. Вось, здаецца, і ўся кампанія.

Пуаро кіўнуў. Потым сказаў:

— Як я зразумеў, вы сапраўды чулі стрэл, якім быў забіты ваш дзядзька?

— Так, мы чулі. Думалі, гэта быў корак ад шампанскага; прынамсі, я так падумаў. Сьюзен і міс Лінгард лічылі, што гэта была зваротная ўспышка аўтамабіля — дарога зусім блізка, ведаеце.

— Калі гэта было?

— Ну, прыблізна ў дзесяць хвілін дзевятай. Снэл якраз першы раз ударыў у гонг.

— І дзе вы былі, калі пачулі яго?

— У зале. Мы — мы смяяліся наконт гэтага, спрачаліся, разумееце, пра тое, адкуль гэты гук. Я сказаў, што са сталовай, а Сьюзен сказала, што з гасцінай, а міс Лінгард — што грукнула недзе ўгары, а Снэл сказаў — гэта з дарогі, з вуліцы, і даляцеў да нас праз вокны наверсе. А Сьюзен спыталася: «Больш ніякіх тэорый?» А я засмяяўся і сказаў: «Забойствы бываюць заўсёды!» Даволі дурны жарт, як падумаеш.

Яго твар нервова перасмыкнуўся.

— Нікому не прыйшла думка, што гэта, магчыма, застрэліўся сэр Гервазы?

— Не, вядома, не.

— Вы сапраўды не ўяўляеце сабе, чаму ён мог застрэліцца?

Х'юга павольна сказаў:

— О, ну… Я не сказаў бы, што…

— У вас ёсць здагадка?

— Але… ёсць… Гэта цяжка растлумачыць. Вядома, я не чакаў, што ён скончыць жыццё самагубствам, але тым не менш я не надта здзіўлены. Бо мой дзядзька быў вар'ят, містэр Пуаро. Кожны ведаў пра тое.

— Гэта здаецца вам дастатковым тлумачэннем?

— Угу, людзі страляюцца, калі яны трохі звіхнутыя.

— Надзіва простае тлумачэнне.

Х'юга ўтаропіўся ў яго.

Пуаро зноў устаў і пачаў бязмэтна блукаць па пакоі. Пакой быў утульна мэбліраваны, пераважаў цяжкаваты віктарыянскі стыль. Масіўныя кніжныя шафы, вялізныя крэслы з поручнямі і некалькі меншых — сапраўдны чыпендэйл[5]. Тут не было лішняй аздобы, але невялікія вырабы з бронзы на каміне прыцягнулі ўвагу Пуаро і відавочна выклікалі ў яго захапленне. Ён падымаў іх адзін за адным, старанна аглядаў кожны і асцярожна ставіў на месца. З аднаго, крайняга злева, ён скалупнуў нешта пазногцем.

— Што гэта? — спытаўся Х'юга без вялікай цікавасці.

— Нічога асаблівага. Маленечкі асколак люстра.

Х'юга сказаў:

— Сапраўды неяк дзіўна раструшчана куляй гэтае люстра. Разбітае люстра азначае нешанцаванне. Бедны стары Гервазы… Я думаю, яму шанцавала залішне доўга.

— Ваш дзядзька быў шчаслівы чалавек?

Х'юга хіхікнуў.

— Дзіва што, яму шанцавала, як у казцы! Усё, да чаго ён ні дакранаўся, ператваралася ў золата! Калі ён ставіў на аўтсайдэра[6], той раз-два і ў дамках! Калі ён укладаў грошы ў самую бесперспектыўную шахту, там адразу ж адкрывалася рудная жыла! Яму ўдавалася выблытацца неверагодным шляхам з самага рызыкоўнага, самага безнадзейнага становішча. Ён ратаваўся нейкім цудам, нават не раз. Ведаеце, ён быў па-свойму неблагі стары. «Шмат дзе пабыў, шмат чаго пабачыў», — болей, чым хто з яго пакалення.

Пуаро запытаўся сяброўскім тонам:

— Вы любілі свайго дзядзьку, містэр Трэнт?

Пытанне гэтае, здалося, трохі збянтэжыла Х'юга Трэнта.

— Э, так, вядома, — сказаў ён даволі няўпэўнена. — Ведаеце, часам ён быў цяжкаваты. Жыць з ім было вельмі нялёгка, і наогул. На шчасце, я бачыўся з ім не часта.

— А ён любіў вас?

— Не так, каб гэта можна было заўважыць. Калі па шчырасці, ён, хутчэй, цярпеў маё існаванне.

— Як гэта было, містэр Трэнт?

— Разумееце, у яго не было свайго сына, і ён вельмі шкадаваў аб гэтым. Дрыжаў над усім, што датычылася сям'і. Я ўпэўнены, яго калаціла ад думкі, што, калі ён памрэ, скончыцца і род Шэвені-Гарэ. Яны, ведаеце, вядуць свой пачатак з часоў нарманскіх заваёў, яшчэ адтуль. Стары быў апошні з іх. Я думаю, гэта была, з яго пункту гледжання, даволі паганая перспектыва.

— Вы самі не падзяляеце гэтага пачуцця?

Х'юга паціснуў плячыма.

— Усе такія рэчы здаюцца мне досыць архаічнымі.

— Што будзе з маёмасцю?

— Папраўдзе, не ведаю. Магчыма, пяройдзе мне. А можа, ён пакінуў яе Рут. Альбо Ванда будзе валодаць усім да канца жыцця.

— Дык ваш дзядзька не выказаў сваіх намераў дакладна?

— Ну… Але ён песціў адну мару…

— І якую ж?

— Рут і я павінны пажаніцца. Гэта была яго мара.

— Гэта, безумоўна, было б дужа зручна.

— Надзвычай зручна. Але Рут — Рут мае свой вельмі выразны погляд на жыццё. Улічыце, яна незвычайна прывабная маладая жанчына і яна ведае гэта. Ёй не карціць выйсці замуж і звіць гняздо.

Пуаро нахіліўся да яго:

— Але вы самі хацелі б, містэр Трэнт?

Х'юга сказаў стомленым голасам:

— Я, сапраўды, не бачу аніякай розніцы, з кім ты жэнішся ў наш час. Развод такі лёгкі. Калі вы не ладзіце, то няма нічога лягчэйшага, як рассячы вузел і пачаць зноў.

Дзверы адчыніліся, і ўвайшоў Фобз разам з высокім франтаватым мужчынам.

Мужчына кіўнуў Трэнту.

— Хэло, Х'юга! Мне вельмі шкада. Гэта вялікае гора для ўсіх вас.

Эркюль Пуаро ступіў наперад.

— Як вы маецеся, маёр Рыдл? Вы памятаеце мяне?

— Вядома! — Галоўны канстэбль паціснуў Пуаро руку. — Дык гэта вы тут?

У яго голасе гучала задумлівая нота. Ён з цікаўнасцю паглядзеў на Эркюля Пуаро.


Загрузка...