7


— Не так гэта проста, — сказаў маёр Рыдл, калі юрыст пакінуў пакой. — Выцягванне інфармацыі з такіх старамодных занудлівых юрыстаў патрабуе намаганняў. Усё, мне здаецца, звязана з гэтай дзяўчынай.

— Напэўна, так.

— А, вось ідзе Бараўз!

Годфры Бараўз увайшоў з мілай гатоўнасцю быць карысным. Яго ўсмешка была тактоўна афарбавана смуткам і толькі паказвала трошкі болей, як трэба, зубы. Яна была хутчэй механічная, чым спантанная.

— Дык вось, містэр Бараўз, мы хочам задаць вам некалькі пытанняў.

— Вядома, маёр Рыдл. Пытайцеся што хочаце.

— Добра. Першае і галоўнае, гаворачы проста, без хітрыкаў: ці ёсць у вас свае ўласныя здагадкі, чаму сэр Гервазы скончыў жыццё самагубствам?

— Абсалютна ніякіх. Я ажно аслупянеў, пачуўшы пра гэта.

— Вы чулі стрэл?

— Не, я ў той час, мусіць, быў у бібліятэцы, так я разумею. Я спусціўся досыць рана і пайшоў у бібліятэку ўзяць патрэбную даведку. Бібліятэка — гэта якраз з другога ад кабінета боку дома, таму я не мог нічога чуць.

— Ці быў хто-небудзь з вамі ў бібліятэцы? — спытаўся Пуаро.

— Нікога.

— Ці не ведаеце вы, дзе ў той час былі астатнія сямейныя?

— Большасць, мабыць, пераапраналася наверсе.

— Калі вы прыйшлі ў гасціную?

— Якраз перад прыездам містэра Пуаро. Тады ўсе былі там — акрамя сэра Гервазы, вядома.

— Ці не здзівіла вас тое, што яго не было?

— Але, здзівіла, па праўдзе кажучы. Звычайна ён прыходзіў у гасціную да першага гонгу.

— Ці не заўважылі вы ў апошні час якой-небудзь змены ў паводзінах сэра Гервазы? Ці не быў ён заклапочаны? Ці ўстрывожаны? Мо прыгнечаны?

Годфры Бараўз задумаўся.

— Не, не думаю. Трохі — так, заклапочаны, бадай што.

— А ён не здаваўся ўстурбаваны якой-небудзь пэўнай справай?

— О, не!

— Ці не было ў яго якіх клопатаў, звязаных з фінансамі?

— Ён трохі непакоіўся за справы адной кампаніі, а дакладна — «Сінтэтык пэраган рабэ компані».

— Што ён, уласна кажучы, гаварыў пра гэта?

Механічная ўсмешка Годфры Бараўза бліснула зноў, і зноў яна здалася трохі ненатуральнай.

— Ну што ж… Ён сказаў літаральна так: «Стары Бэры альбо дурань, альбо махляр. Мяркую, што дурань. Я павінен быць тактоўным з ім дзеля Ванды».

— А чаму ён сказаў: «дзеля Ванды»? — запытаўся Пуаро.

— Усё ў тым, што палкоўнік Бэры дужа падабаўся лэдзі Шэвені-Гарэ, і ён моцна любіў яе. Хадзіў за ёю, як сабака.

— Сэр Гервазы не быў… раўнівы хоць трохі?

— Раўнівы? — Бараўз вылупіў вочы, а потым засмяяўся. — Сэр Гервазы раўнівы? Ён не ведаў, што гэта такое. Ды яму ніколі і ў галаву не прыйшло б, каб хто калі мог аддаць перавагу не яму, а другому чалавеку. Разумееце, такога проста не магло быць.

Пуаро мякка зазначыў:

— Мне здаецца, вы не вельмі любілі сэра Гервазы Шэвені-Гарэ?

Бараўз пачырванеў.

— Не, не вельмі. Хаця б таму, што ўсе такія рэчы даволі смешныя ў наш час.

— Якія «ўсе такія рэчы»? — запытаўся Пуаро.

— Ну, феадальныя перажыткі, калі хочаце. Гэты культ продкаў і фамільная фанабэрыя. Сэр Гервазы быў вельмі здольны ў многіх адносінах чалавек, і ён жыў цікавым жыццём, але сам быў бы цікавейшы, калі б разумеў, што ёсць яшчэ нешта апрача яго і яго эгаізму.

— А дачка сэра Гервазы была згодна з вамі ў гэтым?

Бараўз успыхнуў зноў — на гэты раз колер быў цёмна-пурпуровы.

Ён адказаў:

— Я думаю, міс Шэвені-Гарэ самая сучасная жанчына! Зразумела, я не павінен дыскутаваць з ёю пра яе бацьку.

— Але сучасныя людзі якраз дыскутуюць пра сваіх бацькоў колькі хочаце! — сказаў Пуаро. — Гэта цалкам у сучасным стылі — крытыкаваць сваіх бацькоў!

Бараўз паціснуў плячыма.

Маёр Рыдл спытаўся:

— І больш нічога не было — ніякіх іншых фінансавых клопатаў? Сэр Гервазы ніколі не казаў, што яго ашуквалі?

— Ашуквалі? — вымавіў Бараўз вельмі здзіўлена. — Ды не!

— А вы самі былі ў добрых адносінах з ім?

— Безумоўна. Чаму ж не?

— Я пытаюся ў вас, містэр Бараўз.

Малады чалавек панурыўся.

— Мы былі з ім у найлепшых адносінах.

— Ці ведалі вы, што сэр Гервазы напісаў ліст містэру Пуаро з просьбай прыехаць сюды?

— Не.

— Сэр Гервазы звычайна сам пісаў свае лісты?

— Не, амаль заўсёды ён дыктаваў іх мне.

— Але ён не зрабіў так гэтым разам.

— Не.

— Чаму, як вы думаеце?

— Не ведаю.

— Вы не можаце знайсці ніякай прычыны, чаму гэты ліст яму спатрэбілася пісаць самому?

— Не, не магу.

— А! — сказаў маёр Рыдл, дадаючы спакойна: — Даволі дзіўна. Калі вы бачылі сэра Гервазы апошні раз?

— Якраз перад тым, як пайшоў апрануцца на абед. Я прынёс яму падпісаць некалькі лістоў.

— У якім стане ён быў тады?

— У зусім нармальным. Наогул, я сказаў бы, ён быў як быццам задаволены сабой у сувязі з нечым.

Пуаро варухнуўся ў сваім крэсле.

— А? — сказаў ён. — Дык у вас было такое ўражанне, што ён быў нечым задаволены? І, аднак, неўзабаве страляецца. Дзіўна!

Годфры Бараўз паціснуў плячыма.

— Я толькі перадаю вам свае ўражанні.

— Так, так, яны дужа каштоўныя. Апрача ўсяго, вы, мабыць, адзін з апошніх людзей, што бачылі сэра Гервазы жывога.

— Снэл быў апошні, хто бачыў яго.

— Бачыў, так, але не размаўляў з ім.

Бараўз не адказаў.

Маёр Рыдл спытаўся:

— Каторая была гадзіна, як вы пайшлі наверх апрануцца на абед?

— Прыкладна пяць хвілін восьмай.

— Што рабіў сэр Гервазы?

— Я пакінуў яго ў кабінеце.

— Ці доўга ён звычайна пераапранаўся?

— Ён звычайна аддаваў на гэта аж тры чвэрці гадзіны.

— Значыцца, калі абед быў у пятнаццаць хвілін дзевятай, ён, верагодна, пайшоў бы наверх, самае позняе, а палове восьмай?

— Вельмі верагодна.

— Вы самі пайшлі пераапранацца рана?

— Але, я вырашыў, што пераапрануся і тады пайду ў бібліятэку і вазьму патрэбныя мне даведкі.

Пуаро задумліва кіўнуў. Маёр Рыдл сказаў:

— Добра. Я думаю, пакуль усё. Вы не запросіце міс — як яе завуць — да нас?

Маленькая міс Лінгард шмыгнула ў пакой амаль імгненна. На ёй было некалькі ланцужкоў, яны ціха звінелі, калі яна сядала і запытальна пераводзіла позірк з аднаго мужчыны на другога.

— Усё гэта вельмі… э-э… сумна, міс Лінгард, — пачаў маёр Рыдл.

— Сапраўды, вельмі сумна, — сказала міс Лінгард, як ёй і належала сказаць.

— Вы… калі прыйшлі ў гэты дом?

— Месяцы два назад. Сэр Гервазы напісаў свайму сябру ў Музеі — палкоўніку Фозэрынгею, і палкоўнік Фозэрынгей парэкамендаваў мяне. Я зрабіла нямала гістарычных даследаванняў.

— Сэр Гервазы быў цяжкі для вашай сумеснай работы?

— О, не. Трэба было, вядома, трохі ўлагоджваць яго. Але ж, я ведаю, гэта заўсёды даводзіцца рабіць з мужчынамі.

З нялёгкім пачуццём, што міс Лінгард, мабыць, улагоджвае яго ў гэтую хвіліну, маёр Рыдл гаварыў далей:

— Вы павінны былі дапамагаць сэру Гервазы ў рабоце над кнігай, якую ён пісаў?

— Але.

— Што ў гэта ўваходзіла?

Нейкі момант міс Лінгард выглядала зусім па-чалавечы. Яе вочы міргалі, калі яна адказвала:

— Ну, ведаеце, фактычна — напісанне кнігі! Я збірала інфармацыю, і рабіла нататкі, і апрацоўвала матэрыял. А потым, пазней, рэдагавала, што напісаў сам Гервазы.

— Напэўна, вам давялося праявіць нямала такту, мадэмуазель, — сказаў Пуаро.

— Такту і цвёрдасці. Патрэбны і тое, і другое, — адказала міс Лінгард.

— Сэра Гервазы не абурала ваша… э… цвёрдасць?

— О, зусім не. Вядома, я пераканала яго, што ён не павінен звяртаць увагі на дробязі.

— О, так, я разумею.

— На самай справе гэта было зусім проста, — сказала міс Лінгард. — Сэрам Гервазы можна было проста кіраваць, толькі належным чынам.

— А цяпер, міс Лінгард, адкажыце мне: ці не ведаеце вы чаго-небудзь, што магло б праліць святло на гэтую трагедыю?

Міс Лінгард адмоўна паківала галавой.

— Баюся, не. Ведаеце, ён, натуральна, ніколі не раскрываў мне сваю душу. Я, па сутнасці, яму чужая. Ва ўсякім разе, я думаю, ён быў занадта ганарысты, каб гаварыць з кім-небудзь пра сямейныя турботы.

— Дык вы лічыце, менавіта сямейныя турботы — прычына яго самагубства?

Міс Лінгард як быццам трохі здзівілася.

— Ну, вядома ж! Хіба ёсць якая іншая?

— Вы ўпэўнены, што былі сямейныя справы, якія турбавалі яго?

— Я ведаю, што ў яго былі цяжкія душэўныя пакуты.

— Як, вы ведаеце гэта?

— Ну так, вядома.

— Скажыце мне, мадэмуазель, ці гаварыў ён з вамі па сутнасці справы?

— Невыразна.

— Што ён казаў?

— Дайце падумаць. Я заўважыла, што ён як быццам не чуе, што я кажу…

— Адну хвілінку. Пардон. Калі гэта было?

— Сёння папаўдні. Мы звычайна працавалі з трох да пяці.

— Прашу вас, гаварыце.

— Як я сказала, сэру Гервазы, здавалася, было цяжка засяродзіцца — сапраўды, ён так і сказаў, дадаўшы, што некалькі важных спраў не даюць яму спакою. І ён сказаў… Дайце падумаць… Нешта накшталт (вядома, я не ўпэўнена ў дакладнасці слоў): «Гэта жахліва, міс Лінгард, калі на сям'ю, адну з самых гордых на зямлі, «падае грэх».

— І што вы сказалі на гэта?

— О, толькі нешта суцяшальнае. Мне здаецца, я сказала, што кожнае пакаленне мае і сваіх слабых сыноў — што гэта частка расплаты за веліч — але што іх памылкі рэдка памятаюцца наступнымі пакаленнямі.

— І гэта дало жаданы эфект, на які вы спадзяваліся?

— Больш-менш. Мы вярнуліся да сэра Роджэра Шэвені-Гарэ. Я знайшла вельмі цікавае ўпамінанне пра яго ў тагачасным манускрыпце. Але сэр Гервазы зноў стаў няўважлівы. Урэшце ён сказаў, што сёння больш не будзе працаваць. І яшчэ — што ў яго быў шок.

— Шок?

— Менавіта гэта ён сказаў. Вядома, я не стала задаваць ніякіх пытанняў. Проста сказала: «Мне сумна чуць гэта, сэр Гервазы». І потым ён папрасіў мяне перадаць Снэлу, што прыедзе містэр Пуаро і каб той перанёс абед на восем пятнаццаць, і паслаў машыну на вакзал, цягнік — у сем пятнаццаць.

— Ці заўсёды ён даваў вам такія даручэнні?

— Ды не… Увогуле, гэта была справа містэра Бараўза. Я нічым не займалася, апрача чыста літаратурнай работы. Я не была сакратаркай ні ў якім сэнсе слова.

Пуаро запытаўся:

— Як вы лічыце, у сэра Гервазы былі пэўныя падставы прасіць у вас гэтай паслугі замест таго, каб даручыць усё містэру Бараўзу?

Міс Лінгард задумалася.

— Так, маглі быць… Я не думала пра гэта тады. Я думала, так яму проста зручней. А цяпер прыгадваю, што, сапраўды, ён папрасіў мяне не гаварыць нікому, што прыязджае містэр Пуаро. Гэта павінна быць сюрпрызам, сказаў ён.

— Ага! Ён так і сказаў? Вельмі дзіўна, вельмі цікава. І ці гаварылі вы каму-небудзь?

— Вядома, не, містэр Пуаро. Я сказала Снэлу пра абед і каб шафёр сустрэў госця, які прыедзе цягніком у сем пятнаццаць.

— Ці гаварыў сэр Гервазы што-небудзь яшчэ, што магло мець адносіны да справы?

Міс Лінгард задумалася.

— Не… Я не думаю… Ён быў надта напружаны… Добра памятаю, якраз, калі я пакідала пакой, ён прамовіў: «Нічога добрага, што ён зараз прыязджае. Занадта позна».

— І вы не маеце ніякай здагадкі, што ён меў на ўвазе?

— Н-не…

Цьмянае падазрэнне ўзнікла ў Пуаро ад той нерашучасці, з якой яна вымавіла простае «не». Ён, нахмурыўшыся, паўтарыў:

— «Занадта позна»… Гэта ён сказаў, гэта? «Занадта позна».

Маёр Рыдл спытаўся:

— Вы не можаце нам дапамагчы, міс Лінгард, высветліць сутнасць справы, якая так засмучала сэра Гервазы?

Міс Лінгард павольна сказала:

— У мяне ёсць падазрэнне, што гэта нейкім чынам звязана з Х'юга Трэнтам.

— З Х'юга Трэнтам? Чаму вы так думаеце?

— Ну, нічога пэўнага не было, але ўчора папаўдні мы якраз закранулі сэра Х'юга дэ Шэвені, які, баюся, паказаў сябе не з лепшага боку ў вайне Пунсовай і Белай ружы, і сэр Гервазы сказаў: «І трэба ж было маёй сястры выбраць імя Х'юга свайму сыну! Яно заўсёды было няўдалым імем у нашай сям'і. Яна магла б ведаць, што з ніводнага Х'юга не будзе толку».

— Тое, што вы нам кажаце, наводзіць на роздум, — сказаў Пуаро. — Але, гэта падказвае мне новую думку.

— Сэр Гервазы не сказаў нічога больш пэўнага? — спытаўся маёр Рыдл.

Міс Лінгард пакруціла галавой.

— Не, і, вядома, спецыяльна мне ён не казаў нічога. Сэр Гервазы, па сутнасці, размаўляў сам з сабою. Ён, па сутнасці, не гаварыў са мною.

— Абсалютна так, — сказаў Пуаро. — Мадэмуазель, вы, чужы чалавек, былі тут два месяцы. Было б, я думаю, вельмі карысна, калі б вы шчыра падзяліліся з намі сваімі ўражаннямі пра сям'ю і пра ўсіх тутэйшых.

Міс Лінгард зняла сваё пенснэ і задумліва заміргала.

— Ведаеце, напачатку, калі папраўдзе, я думала, што трапіла ў вар'яцкі дом! Лэдзі Шэвені-Гарэ, якая ўвесь час бачыць рэчы, якіх тут няма, і сэр Гервазы, які паводзіць сябе, як… як кароль, і нешта вытварае з сябе самым экстравагантным чынам, — так, сапраўды, я і падумала, што яны самыя дзіўныя людзі, якія мне калі-небудзь сустракаліся. Безумоўна, міс Шэвені-Гарэ абсалютна нармальная. А неўзабаве я пераканалася, што лэдзі Шэвені-Гарэ ў сапраўднасці вельмі добрая, зычлівая жанчына. Ніхто не быў дабрэйшы і зычлівейшы да мяне, чым яна. Сэр Гервазы — так, я сапраўды гэтак думаю, ён быў вар'ят. Яго эгаманія — здаецца, так гэта называецца — з кожным днём усё больш абвастралася.

— А як астатнія?

— Мне здаецца, містэру Бараўзу ў гэты час было нялёгка з сэрам Гервазы. Мяркую, ён быў рады, што наша работа над кнігай трохі вызваліла яго. Палкоўнік Бэры быў заўсёды прыемны. Ён вельмі шанаваў лэдзі Шэвені-Гарэ і выдатна спраўляўся з сэрам Гервазы. Містэр Трэнт, містэр Фобз і міс Кардвэл толькі некалькі дзён тут, таму, зразумела, я мала што ведаю пра іх.

— Дзякуй вам, мадэмуазель. А што наконт капітана Лэйка, агента?

— О, ён вельмі сімпатычны. Усе любілі яго.

— І сэр Гервазы?

— О, так. Я чула, як ён казаў, што Лэйк — найлепшы агент з усіх, якія ў яго былі. Зразумела, у капітана Лэйка таксама былі свае цяжкасці з сэрам Гервазы, але наогул ён спраўляўся з усім даволі добра. Гэта было нялёгка.

Пуаро задумліва сказаў:

— Нешта… нешта яі хацеў запытацца ў вас… адну дэталь… Што ж гэта такое?

Міс Лінгард з цярплівым выразам на твары павярнулася да яго.

Пуаро раздражнёна пакруціў галавой.

— Ша! Яно круціцца ў мяне ў галаве.

Маёр Рыдл пачакаў хвіліну-другую, потым, убачыўшы, што Пуаро па-ранейшаму заклапочана хмурыцца, зноў павёў допыт.

— Калі апошні раз вы бачылі сэра Гервазы?

— Калі мы пілі гарбату, у гэтым пакоі.

— Які быў яго стан тады? Нармальны?

— Нармальны, як і заўсёды.

— Ці адчувалася якое-небудзь напружанне сярод блізкіх і гасцей?

— Не, я думаю, кожны адчуваў сябе зусім звыкла.

— Куды пайшоў сэр Гервазы пасля гарбаты?

— Ён, як заўсёды, узяў з сабой у кабінет містэра Бараўза.

— І гэта апошні раз, калі вы яго бачылі?

— Але. Я пайшла ў маленькі пакой, дзе працую, і друкавала раздзел кнігі са сваіх нататак, якія ўзгадніла з сэрам Гервазы, да сямі вечара, а тады паднялася наверх адпачыць і апрануцца на абед.

— Вы сапраўды чулі стрэл, як я разумею?

— Так, я была ў гэтым пакоі. Пачуўшы нешта падобнае на стрэл, я выйшла ў залу. Містэр Трэнт быў там, і міс Кардвэл. Містэр Трэнт запытаўся ў Снэла, ці ёсць шампанскае на абед, і нават пажартаваў. Нам і ў галаву не прыйшло, што гэта нешта сур'ёзнае. Мы засталіся ўпэўненыя, што гэта была зваротная ўспышка аўтамабіля.

Пуаро запытаўся:

— Вы чулі, як містэр Трэнт сказаў: «Забойствы бываюць заўсёды»?

— Я ўпэўнена, ён сказаў штосьці накшталт гэтага — жартам, вядома.

— Што было потым?

— Мы ўсе ўвайшлі сюды.

— Вы можаце ўспомніць, у якім парадку ўсе прыйшлі на абед?

— Міс Шэвені-Гарэ была першая, мне здаецца, а тады містэр Фобз. Потым палкоўнік Бэры з лэдзі Шэвені-Гарэ, містэр Бараўз адразу ж за імі. Я думаю, такі быў парадак, але не зусім упэўнена, бо яны ўсе зайшлі амаль разам.

— Іх сабраў першы гонг?

— Але. Кожны заўсёды спяшаўся, калі чуўся гэты гонг. Сэру Гервазы пунктуальнасць увечары была страшэнна важная.

— Калі ён сам звычайна сыходзіў?

— Ён амаль заўсёды ўжо быў у пакоі, калі гучаў першы гонг.

— Вас здзівіла, што яго на гэты раз не было ўнізе?

— Надта.

— Ага, так! — усклікнуў Пуаро.

Калі другія двое запытальна паглядзелі на яго, ён сказаў:

— Я ўспомніў, пра што хацеў спытацца. Сёння ўвечары, мадэмуазель, калі мы ўсе ішлі ў кабінет, пачуўшы ад Снэла, што ён замкнуты, вы нагнуліся і нешта паднялі.

— Я падняла? — Міс Лінгард, здавалася, вельмі здзівілася. — Але, якраз, калі мы паварочвалі ў калідор, які вядзе да кабінета. Нешта маленькае і бліскучае.

— Вось дык дзіва — я не памятаю. Пачакайце — ага, успомніла. Проста я не падумала. Хвілінку — гэта павінна быць тут.

Адкрыўшы сваю чорную атласную сумачку, яна высыпала ўсё, што ў ёй было, на стол.

Пуаро і маёр Рыдл з цікавасцю агледзелі рэчы. На стале ляжалі дзве насоўкі, пудраніца, малы звязак ключоў, футарал на акуляры і яшчэ адна рэч, якую прагна схапіў Пуаро.

— Божа мой, куля! — сказаў маёр Рыдл.

Рэч, якая па форме сапраўды нагадвала кулю, на самай справе была маленькім алоўкам.

— Вось гэта я падняла, — сказала міс Лінгард. — Я зусім забылася.

— Вы ведаеце, чый ён, міс Лінгард?

— О, так — палкоўніка Бэры. Ён загадаў зрабіць гэты аловак з кулі, якая трапіла — ці, правільней, не трапіла, калі вы разумееце, што я маю на ўвазе — на паўднёваафрыканскай вайне[12].

— Калі апошні раз гэты аловак быў у яго?

— А, ён быў у яго сёння папаўдні, калі яны гулялі ў брыдж, бо я заўважыла, ён ім запісваў лік, як я прыйшла піць гарбату.

— Хто гуляў у брыдж?

— Палкоўнік Бэры, лэдзі Шэвені-Гарэ, містэр Трэнт і міс Кардвэл.

— Я думаю, — мякка сказаў Пуаро, — няхай ён пабудзе ў нас, мы самі вернем яго палкоўніку.

— О, калі ласка. Я такая забыўлівая і магла б забыцца зрабіць гэта.

— Ці не маглі б вы, мадэмуазель, запрасіць сюды палкоўніка Бэры?

— Добра. Я зараз жа пайду і знайду яго. — Яна хуценька выйшла. Пуаро ўстаў і пачаў бязмэтна хадзіць па кабінеце.

— Мы пачынаем, — сказаў ён, — рэканструяваць гэты поўдзень. Цікава вось што. А палове трэцяй сэр Гервазы займаецца рахункамі з капітанам Лэйкам. Ён трохі заклапочаны. А трэцяй ён абмяркоўвае кнігу, якую піша з міс Лінгард. Ён у страшэнна цяжкім душэўным стане. Міс Лінгард звязвае гэты цяжкі душэўны стан з Х'югам Трэнтам на падставе выпадковай рэплікі. На вячэрняй гарбаце яго паводзіны нармальныя. Пасля гарбаты, кажа Годфры Бараўз, ён быў у добрым настроі ад чагосьці. У пяць хвілін восьмай ён ідзе наверх, заходзіць у свой кабінет, крэмзае «даруйце» на кавалачку паперы і страляецца!

Рыдл павольна сказаў:

— Я разумею, што вы маеце на ўвазе. Тут няма паслядоўнасці.

— Дзіўныя змены настрою ў сэра Гервазы Шэвені-Гарэ! Ён заклапочаны — ён моцна засмучаны — ён у звычайным стане — ён у гуморы! Нешта вельмі дзіўнае! І яшчэ, гэтая фраза: «Занадта позна». Што я прыязджаю сюды занадта позна. Так, гэта праўда. Я прыехаў сюды занадта позна — каб убачыць яго жывога.

— Разумею. І вы лічыце?..

— Я ніколі ўжо не даведаюся, чаму сэр Гервазы пасылаў па мяне! Гэта бясспрэчна!

Пуаро ўсё хадзіў па кабінеце. Ён паправіў адну-другую рэч на каміннай паліцы, агледзеў картачны столік каля сцяны, адчыніў у ім шуфляду і дастаў маркёры для брыджа. Потым падышоў да пісьмовага стала і ўважліва зазірнуў у кошык для паперы. Там не было нічога, апрача папяровага мяшэчка. Пуаро дастаў яго, панюхаў, прамармытаў: «Апельсіны» і, разгладжваючы мяшэчак, прачытаў на ім: «Карпентэр і сыны, гандаль садавінай, Гэмбара Святой Марыі». Ён якраз акуратна складваў мяшэчак, ражок да ражка, калі ў пакой зайшоў палкоўнік Бэры.


Загрузка...