Палкоўнік плюхнуўся на крэсла, пакруціў галавой, уздыхнуў і сказаў:
— Як гэта жахліва, Рыдл! І якая цудоўная, цудоўная лэдзі Шэвені-Гарэ. Вялікая жанчына! Колькі ў яе мужнасці!
Мяккім крокам вяртаючыся да свайго стула, Пуаро сказаў:
— Вы, пэўна, ведаеце яе даўно?
— Так, я быў яшчэ на яе першым балі. Памятаю, у валасах — бутоны руж. І белая, лёгкая, як паветра, сукенка… Ці ж хто-небудзь мог дакрануцца да яе!
Голас яго быў поўны захаплення. Пуаро падаў яму аловак.
— Гэта ваш, я думаю?
— А? Што? О, дзякую, ён быў у мяне сёння папаўдні, калі мы гулялі ў брыдж. Незвычайна, ведаеце, сотня пікавых анёраў[13] тройчы запар. Такога не было ніколі раней.
— Вы гулялі ў брыдж перад вячэрнім чаем, як я разумею? — сказаў Пуаро. — Які настрой быў у сэра Гервазы, калі ён прыйшоў піць гарбату?
— Звычайны, зусім звычайны. Мне ў галаву не магло прыйсці, што ён наважваўся пакончыць з сабой. Магчыма, ён быў трохі больш узбуджаны, чым заўсёды, зараз я гэта прыгадваю. Пачынаю так думаць.
— Калі вы бачылі яго апошні раз?
— Вось тады! На вячэрняй гарбаце. Больш я ўжо не бачыў, небараку, жывога.
— Вы наогул не заходзілі ў кабінет пасля гарбаты?
— Не, больш я не бачыў яго.
— Калі вы спусціліся вячэраць?
— Пасля першага гонгу.
— Вы і лэдзі Шэвені-Гарэ сышлі разам?
— Не, мы — э-э — сустрэліся ў зале. Я думаю, яна была ў сталовай, даглядала кветкі, ці што.
Маёр Рыдл сказаў:
— Спадзяюся, вы не будзеце пярэчыць, палкоўнік Бэры, калі я задам вам, можна сказаць, прыватнае пытанне. Ці былі якія спрэчкі паміж вамі і сэрам Гервазы наконт «Сінтэтык пэраган рабэ компані»?
Твар палкоўніка Бэры раптам стаў пурпуровы. Ён пачаў гаварыць трохі блытана.
— Зусім не. Зусім не. Стары Гервазы быў неразважны чалавек. Вы павінны памятаць гэта. Ён заўсёды чакаў, што з усяго, да чаго ён ні дакранецца, пацякуць малочныя рэкі! Здавалася, ён не разумеў, што ўвесь свет ахоплены крызісам. І што крызіс, безумоўна, уплывае на капітал.
— Дык паміж вамі ўсё-такі былі нейкія спрэчкі?
— Ніякіх спрэчак. Проста д'ябальская неразважнасць Гервазы.
— Ён вінаваціў вас за панесеныя страты?
— Гервазы не быў нармальны! Ванда ведала гэта. Але яна заўсёды ўмела кіраваць ім. Я ахвотна перадаваў усё ў яе рукі.
Пуаро кашлянуў, і маёр Рыдл, зірнуўшы на яго, перамяніў тэму.
— Я ведаю, што вы вельмі даўні сябар сям'і, палкоўнік Бэры. Ці вядома вам што-небудзь аб тым, як сэр Гервазы падзяліў спадчыну?
— Ну, думаю, большая частка пяройдзе да Рут. Гэта я зразумеў з яго выпадковых слоў.
— Вы не лічыце, што гэта было вельмі несправядліва ў адносінах да Х'юга Трэнта?
— Гервазы не любіў Х'юга. Цярпець яго не мог.
— Але ж у яго было моцна развіта пачуццё сям'і. Міс Шэвені-Гарэ, урэшце, толькі прыёмная дачка.
Палкоўнік Бэры вагаўся, але потым, трохі пахмыкаўшы і памыкаўшы, сказаў:
— Паслухайце, я думаю лепей сказаць вам. Строга канфідэнцыяльна, і ўсё такое.
— Безумоўна, безумоўна.
— Рут незаконная, але яна Шэвені-Гарэ. Дачка брата Гервазы, Энтані, які загінуў на вайне. Здаецца, у яго быў раман з машыністкай. Калі ён загінуў, дзяўчына напісала Вандзе. Ванда паехала да яе — дзяўчына чакала дзіця. Ванда з Гервазы ўсё абгаварылі; ёй якраз сказалі, што сама яна ніколі не будзе мець дзяцей. І яны ўзялі дзяўчынку, калі яна нарадзілася, і ўдачарылі яе па закону. Маці адмовілася ад усякіх правоў на яе. Яны выхавалі Рут, як сваю дачку, і фактычна яна і ёсць іх дачка, і варта толькі паглядзець на яе, каб зразумець, што яна сапраўды Шэвені-Гарэ!
— Ага! — сказаў Пуаро. — Вось яно што. Гэта робіць стаўленне да яе сэра Гервазы намнога больш зразумелым. Але калі ён не любіў містэра Х'юга Трэнта, то чаму ён так хацеў ажаніць яго з мадэмуазель Рут?
— Каб упарадкаваць пазіцыю сям'і. З яго пункту гледжання, гэта быў самы адпаведны шлюб.
— Хоць ён і не любіў маладога чалавека ці не давяраў яму?
Палкоўнік Бэры фыркнуў.
— Вы не разумееце старога Гервазы. Ён не ўмеў глядзець на людзей як на людзей. Ён наладжваў шлюбы, быццам пары былі каралеўскага роду! Ён лічыў за належнае, што Рут і Х'юга пажэняцца, што Х'юга возьме імя Шэвені-Гарэ. А што Х'юга і Рут думалі самі, не мела значэння.
— А ці мадэмуазель Рут згаджалася прыняць гэтыя ўмовы?
Палкоўнік Бэры хіхікнуў.
— Яна! Яна як фурыя!
— Ці ведалі вы, што незадоўга да сваёй смерці сэр Гервазы складаў новае завяшчанне, паводле якога міс Шэвені-Гарэ стала б яго спадчынніцай толькі пры ўмове, што яна выйдзе за містэра Трэнта?
Палкоўнік Бэры свіснуў.
— Дык яго сапраўды напалохаў яе раман з Бараўзам…
Вымавіўшы гэта, ён прыкусіў язык, але было позна. Пуаро ўхапіўся за гэтае прызнанне.
— Паміж мадэмуазель Рут і маладым месье Бараўзам нешта было?
— Напэўна, нічога, зусім нічога.
Маёр Рыдл кашлянуў.
— Я лічу, палкоўнік Бэры, што вы павінны сказаць нам усё, што ведаеце. Гэта магло мець прамыя адносіны да стану сэра Гервазы.
— Думаю, што магло, — сказаў палкоўнік Бэры, вагаючыся. — Так, усё ў тым, што малады Бараўз нябрыдкі хлопец, — прынамсі, жанчыны, здаецца, думаюць так. Менавіта ў апошні час здавалася, што яго з Рут вадой не разліць, і Гервазы гэта не падабалася — зусім не падабалася! Ён не хацеў звальняць Бараўза, баючыся прыспешыць ход падзей. Ведаў, якая яна, Рут. Ёю не пакамандуеш. Таму, мяркую, ён і ўхапіўся за гэты план. Рут — не такая дзяўчына, што ахвяруе ўсім дзеля кахання. Яна любіць раскошнае жыццё і грошы.
— Ці прыхільна вы самі ставіцеся да містэра Бараўза?
Палкоўнік выказаў думку, што Годфры Бараўз трошкі хамаваты, гэтая заява канчаткова збянтэжыла Пуаро, а маёра Рыдла прымусіла ўсміхнуцца ў вусы.
Было яшчэ некалькі пытанняў і адказаў, а тады палкоўнік Бэры пайшоў.
Рыдл зірнуў на Пуаро, які сядзеў, паглыблены ў думкі.
— Якую выснову робіце вы з усяго гэтага, містэр Пуаро?
Маленькі чалавек узняў рукі.
— Здаецца, я ўяўляю, як усё было. Гэта абдуманы план.
— Гм, складана, — сказаў Рыдл.
— Вядома, складана. Але адна выпадковая фраза здаецца мне ўсё больш і больш істотнай.
— Што такое?
— Тыя забаўныя словы, якія сказаў Х'юга Трэнт: «Забойствы бываюць заўсёды…»
Рыдл рэзка сказаў:
— Бачу, вы ўвесь час хіліце ў гэты бок.
— А вы не згодны, дружа мой, што чым больш мы даведваемся, тым менш і менш знаходзім матываў для самагубства? А для забойства збіраецца цэлая калекцыя матываў!
— І ўсё ж не забывайце фактаў — дзверы замкнутыя, ключ у кішэні нябожчыка. О, я ведаю, ёсць адпаведныя спосабы і сродкі. Сагнутыя шпількі, вяроўкі — усе віды прыстасаванняў. Увогуле, такое магчыма… Але ці было яно на самай справе? Вось у чым я моцна сумняваюся.
— Ва ўсялякім разе, давайце спачатку разгледзім сітуацыю так, што гэта было забойства, а не самагубства.
— О, калі ласка. Раз вы на сцэне, дык, напэўна, будзе забойства!
Пуаро спачатку ўсміхнуўся, а пасля сказаў:
— Што ж, давайце разгледзім выпадак як забойства. Чуваць стрэл; чатыры чалавекі ў зале: міс Лінгард, Х'юга Трэнт, міс Кардвэл і Снэл. Дзе ўсе астатнія?
Бараўз быў у бібліятэцы, па яго словах. Ніхто не праверыць гэтую заяву. Іншыя былі, мабыць, у сваіх пакоях, але хто ведае, ці сапраўды былі яны там? Кожны нібыта спускаецца ўніз паасобку. Нават лэдзі Шэвені-Гарэ і Бэры сустрэліся толькі ў зале. Лэдзі Шэвені-Гарэ прыйшла са сталовай. Адкуль прыйшоў Бэры? Хіба не можа быць, што прыйшоў не зверху, а з кабінета? Вось і гэты аловак…
Але, аловак — гэта цікава. Бэры не праявіў ніякіх эмоцый, калі я дастаў яго, але так магло быць таму, што ён не ведаў, дзе я знайшоў аловак, і яму было невядома, што ён згубіў яго. Давайце паглядзім, хто яшчэ гуляў у брыдж, калі аловак быў ва ўжытку? Х'юга Трэнт і міс Кардвэл. Яны выпадаюць. У міс Лінгард і дварэцкага жалезнае алібі. Чацвёртая была лэдзі Шэвені-Гарэ.
— Вы не можаце ўсур'ёз падазраваць яе.
— Чаму не, мой дружа? Паверце, што датычыць мяне — я магу падазраваць кожнага! Дапусцім, што, нягледзячы на яе відавочную адданасць мужу, яна шчыра кахае адданага ёй Бэры?
— Гм, — сказаў Рыдл. — Нейкім чынам у іх было нешта накшталт menege a trois[14] — на працягу многіх гадоў.
— І яшчэ канфлікт праз гэтую кампанію паміж сэрам Гервазы і палкоўнікам Бэры.
— Праўда тое, што сэр Гервазы мог намервацца перайсці да рашучых і небяспечных дзеянняў. Мы ж не ведаем акалічнасцей. Гэта магло з'явіцца прычынай вашага выкліку сюды. Скажам, сэр Гервазы падазрае, што Бэры наўмысна абірае яго, але ён не хоча агалоскі, баючыся, што можа быць замешана і яго жонка. Так магчыма. Гэта дае абаім рэальны матыў. І сапраўды трохі дзіўна, што лэдзі Шэвені-Гарэ ўспрыняла смерць мужа так спакойна. А гэтыя духі могуць быць гульнёй!
— Потым, ёсць яшчэ адна складанасць, — сказаў Пуаро. — Міс Шэвені-Гарэ і Бараўз. Яны зацікаўлены, каб сэр Гервазы не падпісаў новага завяшчання. Калі гэта так, яна атрымлівае ўсё пры ўмове, што яе муж бярэ прозвішча сям'і…
— Так, і расказ Бараўза пра настрой сэра Гервазы ў гэты вечар трохі насцярожвае. У гуморы, нечым задаволены! Гэта не адпавядае нічыім словам.
— А яшчэ тут ёсць містэр Фобз. Надзвычай карэктны, надзвычай строгі, за ім — старая і агульнапрызнаная фірма. Але юрысты, нават самыя рэспектабельныя, вядомыя тым, што яны прысвойваюць грошы свайго кліента, калі ў саміх нявыкрутка.
— Я думаю, вы робіцеся трохі меладраматычным, Пуаро.
— Вы лічыце, што мае ідэі занадта падобныя на кіно? Але часта жыццё маё, Рыдл, надзіва падобнае на кіно.
— У Вестшыры пакуль што не было такога, — сказаў галоўны канстэбль. — Лепей мы скончым нашы размовы з астатнімі, як вы думаеце? Позна ўжо. Мы не бачылі яшчэ Рут Шэвені-Гарэ, а яна, напэўна, самая важная з усіх.
— Добра. Але ёсць яшчэ міс Кардвэл. Можа, нам сустрэцца спачатку з ёю, бо гэта не зойме многа часу, а з міс Шэвені-Гарэ пагутарым напаследак.
— Слушная прапанова.