4


Мінула дваццаць хвілін.

— Ну? — спытаўся маёр Рыдл. Пытальнае «ну» галоўнага канстэбля было адрасавана сяржанту паліцыі, хударляваму пажылому чалавеку з сіваватымі валасамі.

Той паціснуў плячыма.

— Ён мёртвы больш за паўгадзіну, але не больш за гадзіну. Вы не любіце тэхнічных падрабязнасцей, я ведаю, таму не буду дакучаць імі. Гэты чалавек застрэлены ў галаву, пісталет быў за некалькі дзюймаў ад правай скроні. Куля прайшла акурат праз мозг і выйшла.

— Усё адпавядае самагубству?

— Усё. Цела потым звалілася ў крэсла, і пісталет выпаў з яго рукі.

— Вы знайшлі кулю?

— Знайшоў. — Доктар паказаў яе.

— Добра, — сказаў маёр Рыдл. — Мы захаваем кулю, каб упэўніцца, што яна з гэтага пісталета. Я рады, што гэта незаблытаная справа і няма ніякіх цяжкасцей.

Эркюль Пуаро мякка сказаў:

— Вы ўпэўнены, што тут няма цяжкасцей, доктар?

Доктар павольна адказаў:

— Ну, я думаю, адна рэч можа здацца вам трохі дзіўнай. Калі ён страляўся, то, напэўна, быў крыху схілены направа. Інакш куля зачапіла б сцяну ніжэй люстра, а не трапіла б якраз усярэдзіну.

— Некамфартабельная поза для самагубства, — сказаў Пуаро.

Доктар паціснуў плячыма.

— Ну, камфорт, калі вы збіраецеся з усім гэтым скончыць… — Ён не дагаварыў.

Маёр Рыдл спытаўся:

— Цела можна вынесці зараз?

— Можна. Я займаўся ім да поўдня.

— Што скажаце вы, інспектар? — Маёр Рыдл звярнуўся да высокага, з апатычным тварам чалавека ў простай вопратцы.

— О'кэй, сэр. Мы атрымалі ўсё, што нам трэба. Засталіся толькі адбіткі пальцаў нябожчыка на пісталеце.

— Дык вы можаце працягваць.

Цела Гервазы Шэвені-Гарэ было перанесена. Галоўны канстэбль і Пуаро засталіся адны.

— Так, — прамовіў Рыдл, — усё нібыта зразумела і проста. Дзверы замкнуты, акно зачынена, ключ ад дзвярэй у кішэні мёртвага. Усё як след — апрача адной акалічнасці.

— І якой жа, мой дружа?

— Вы! — сказаў Рыдл адкрыта. — Што вы робіце тут?

Замест адказу Пуаро ўручыў яму ліст, які ён атрымаў ад нябожчыка тыдзень назад, і тэлеграму, якая ўрэшце прывяла яго сюды.

— Гм, — сказаў галоўны канстэбль. — Цікава. Мы павінны дакапацца да сутнасці справы. Мушу сказаць, тут прамая сувязь з яго самагубствам.

— Я згодзен.

— Мы павінны праверыць усіх у доме.

— Магу назваць іх прозвішчы. Я толькі што задаваў сякія-такія пытанні містэру Трэнту.

Ён паўтарыў імёны.

— Магчыма, вы, маёр Рыдл, ведаеце што-небудзь пра гэтых людзей?

— Я, натуральна, сёе-тое ведаю пра іх. Лэдзі Шэвені-Гарэ гэткая ж на свой манер вар'ятка, як і стары сэр Гервазы. Яны былі адданы адно аднаму — і абое зусім вар'яты. Яна самая незразумелая істота на свеце, з рэдкай, незвычайнай праніклівасцю, здольная біць у цэль неверагодна трапна. Людзі добра такі смяюцца з яе. Я думаю, яна ведае гэта, але не звяртае ўвагі. У яе абсалютна няма пачуцця гумару.

— Міс Шэвені-Гарэ ўсяго толькі іх прыёмная дачка, як мне здаецца?

— Але.

— Вельмі прыгожая маладая лэдзі.

— Надзіва прывабная дзяўчына. Сее смуту сярод тутэйшых юнакоў. Водзіць за нос і кпіць з іх. Добра сядзіць у сядле, і ў яе цудоўныя рукі.

— Гэта цяпер нас не датычыцца.

— Э, так, магчыма, не… Добра, наконт іншых людзей. Я ведаю старога Бэры, безумоўна. Ён тут амаль заўсёды. Як свойскі кот у гэтым доме. Накшталт ад'ютанта лэдзі Шэвені-Гарэ. Ён вельмі даўні сябар. Яны ведалі яго ўсё жыццё. Я думаю, ён і сэр Гервазы — абодва мелі інтэрас у кампаніі, дырэктарам якой быў Бэры.

— Освальд Фобз. Ці ведаеце вы што-небудзь пра яго?

— Амаль упэўнены, што сустракаў яго аднойчы.

— Міс Лінгард?

— Ніколі не чуў пра яе.

— Міс Сьюзен Кардвэл?

— Даволі прывабная дзяўчына з рыжымі валасамі? Я бачыў яе тут апошнія некалькі дзён, яна была з Рут Шэвені-Гарэ.

— А містэр Бараўз?

— Але, я ведаю яго. Сакратар Шэвені-Гарэ. Паміж намі кажучы, мне ён не падабаецца. Мілавідны, і ведае гэта. Не з самых лепшых.

— Ці доўга ён быў з сэрам Гервазы?

— Гады два, я думаю.

— І тут няма больш нікога?..

Пуаро абарваў фразу.

Высокі бялявы мужчына ў будным гарнітуры паспешна зайшоў у пакой. Ён задыхаўся і быў усхваляваны.

— Добры вечар, маёр Рыдл. Я пачуў вестку, што сэр Гервазы застрэліўся; і вось прыбег сюды. Снэл кажа, што праўда. Гэта неверагодна. Не магу паверыць!

— Праўда, Лэйк. Дазвольце вас адрэкамендаваць. Містэр Лэйк, агент сэра Гервазы па справах маёнтка. Містэр Эркюль Пуаро, пра якога вы, мабыць, чулі.

На твары Лэйка адбіліся і захапленне, і недавер.

— Містэр Эркюль Пуаро? Я страшэнна рады сустрэчы з вамі. Ва ўсякім выпадку… — Ён раптоўна змоўк, жвавая прыемная ўсмешка знікла — цяпер ён выглядаў устурбаваным і засмучаным. — Ці не пахне тут рыбай — гэтае самагубства, сэр?

— Чаму тут павінна пахнуць рыбай, як вы гэта называеце? — рэзка спытаўся галоўны канстэбль.

— Бо тут містэр Пуаро. О, і таму, што ўся справа здаецца вельмі неверагоднай!

— Не, не, — хутка сказаў Пуаро. — Я тут не таму, што памёр сэр Гервазы. Я быў у доме — як госць.

— Ах, вось што. Дзіўна, а ён не сказаў мне, што вы прыязджаеце, калі я з ім займаўся рахункамі сёння папаўдні.

Пуаро спакойна сказаў:

— Вы двойчы ўжылі слова «неверагодна», капітан Лэйк. Дык вы сапраўды здзіўлены весткай пра самагубства сэра Гервазы?

— Сапраўды. Вядома, ён быў вар'ят; кожны згодзіцца з гэтым. Але ўсё роўна я проста не магу ўявіць — як ён быў здатны падумаць, што свет зможа існаваць без яго.

— Але, — сказаў Пуаро. — Менавіта. — І ён ухвальна паглядзеў у адкрыты, разумны твар маладога чалавека.

Маёр Рыдл адкашляўся.

— Раз вы тут, капітан Лэйк, можа, вы сядзеце і адкажаце на некалькі пытанняў?

— Добра, сэр.

Лэйк сеў на крэсла насупраць іх.

— Калі вы апошні раз бачылі сэра Гервазы?

— Сёння, гадзіне а трэцяй. Трэба было праверыць некаторыя рахункі і яшчэ вырашыць пытанне пра новага арандатара адной фермы.

— Доўга вы з ім былі?

— Магчыма, паўгадзіны.

— Падумайце добра і скажыце мне, ці не заўважылі вы чаго-небудзь нязвыклага ў яго паводзінах?

Малады чалавек задумаўся.

— Не, наўрад. Ён быў, бадай, трошкі ўзбуджаны, але гэта не было нязвыкла для яго.

— Можа, ён быў хоць крыху прыгнечаны?

— О, не, ён быў у гуморы. Ён цешыўся жыццём менавіта цяпер, пішучы гісторыю роду.

— І як даўно ён заняўся гэтым?

— Пачаў месяцаў шэсць назад.

— Тады, як прыехала сюды міс Лінгард?

— Не. Яна прыехала прыкладна два месяцы назад, калі ён убачыў, што сам не справіцца з даследчай работай.

— Дык вы думаеце, ён быў у добрым настроі?

— О, проста ў цудоўным! Ён сапраўды лічыў, што на свеце нішто не мае значэння, апрача яго роду.

У голасе маладога чалавека раптам прамільгнула горыч.

— Значыцца, наколькі вы ведаеце, у сэра Гервазы не было ніякай трывогі?

Паўза, вельмі кароткая, але паўза была, перш чым капітан Лэйк адказаў:

— Не.

Пуаро нечакана кінуў пытанне:

— Вы думаеце, сэр Гервазы зусім не быў заклапочаны сваёй дачкой?

— Сваёй дачкой?

— Менавіта.

— Як мне вядома, не, — стрымана адказаў малады чалавек. Пуаро больш нічога не гаварыў. Маёр Рыдл сказаў:

— Добра, дзякуй вам, Лэйк. Мусіць, вам лепш пабыць недзе тут на выпадак, калі мне спатрэбіцца яшчэ што ў вас запытацца.

— Вядома, сэр. — Лэйк устаў. — Я магу што-небудзь зрабіць?

— Вы можаце прыслаць сюды дварэцкага. І, можа, вы пацікавіцеся для мяне, у якім стане лэдзі Шэвені-Гарэ і ці магу я трошкі пагутарыць з ёю зараз; ці яна занадта засмучаная…

Малады чалавек кіўнуў і пакінуў пакой хуткім рашучым крокам.

— Прыемная асоба, — сказаў Эркюль Пуаро.

— Але, цудоўны хлопец, і спраўны на службе. Яго ўсе любяць.


Загрузка...