9


Пасля абедзеннага перапынку, ужо на схіле дня, на небакраі над гравійкаю бясшумна запалымнелі далёкія зарніцы. Спярша яны нясмела ўспыхвалі і палахліва згасалі, як водбліскі прыхаванага цяпельца, якое намагаецца патаемна раздзьмуць нябачны падарожнік. Потым незадаволена зараўлі і заварочаліся, нібы раскатурханыя ў бярлозе мядзведзі, матляючы галовамі і пагрозліва пабліскваючы разгневанымі вачамі. I нарэшце. глуха заракаталі, як раскаты далёкай бітвы, час ад часу выбухамі асвятляючы пахмурны небакрай. Пошчак навальніцы многім нагадаў баявую кананаду, водгулле якой яшчэ канчаткова не сціхла ўвушшу і не пагасла ў памяці. Хаця яны і разумелі, што яна не нясе ім збавення ад пакутаў, але прагна чакалі набліжэння перуновых раскатаў і асвяжальнай залевы. Быццам лянівыя мурашы, ледзьве капошачыся, яны павольна рухаліся насустрач ёй, зларадна паглядаючы на канваіраў, якія, як па камандзе, але не ўсе адразу, а па чарзе, адзін за адным, разгортвалі, таропка накідалі на сябе плашч-палаткі, калі яна імкліва наплывала ўсё бліжэй і бліжэй, ахінаючы небасхіл калматым цёмна-шызым крылом. А самі, расхрыстаныя, проставалосыя, як Міхась, і нават тыя, у каго былі на плячах скаткі шынялёў, не апраналі іх, а нібыта пакорліва чакалі, пакуль яна акропіць іх, бласлаўляючы на стойкасць і вынослівасць.

Спачатку яна пругкімі струменямі выбівала пыл з іхніх гімнасцёрак. Пасля ачышчальнай залеваю змывала бруд і пот з іх саміх, а канваірам ужо не давала раскрыць ратоў. Здавалася, што ўсё навокала патанула ў суцэльным несусветным патопе, з дна якога не могуць усплыць небаракі са скаткамі шынялёў, нібы з выратавальнымі кругамі цераз плячо ды з насілкамі і саўковымі лапатамі над галовамі. Дзесьці высока над воднай тоўшчаю час ад часу глуха бабахаў пярун, і ў прамежках паміж яго раскатам! прыглушана пазвоньвалі аб жалезнякі пругкія цуркі праліўнога дажджу, а з насілак цяклі і цяклі каламутныя вадаспады.

Навальнічная хмара доўга збіралася і запаволена наплывала, а пралілася імкліва і бурна. Залева на абочынах асадзіла і паразмывала конусы патрушчаных руінаў, а за кюветамі выпаласкала прыдарожную траву. Марудна прапаўзаючы, хмара да бляску вышаравала блакітны небасхіл і да чырвані надраіла медны дыск сонца. Густа настоенае на палыне і разнатраўі, паветра пахла азонам і дажджавой вадою.

Як ні галёкаў на палонных дарожны майстра i як ні завіхаўся каля іх, блытаючыся ў полах доўгага шыняля, Ванька-перакладчык, а з працаю ў небаракаў не ладзілася. Ад разгарачаных целаў ажно дыміліся параю гімнасцёркі, а ў патрушчаных руінах гліна ў тынку прамокла і набрыняла, ператварылася ў нявымешанае цеста, якое прыліпала да лапат і насілак.

Лягчэй спаўзалі з іх толькі тыя камякі, у якіх трапляла болей бітай цэглы: яны не былі такія ліпучыя.

Доўгі шынель трохі скрадваў Ванькаву нізкаросласць. У ім перакладчык выглядаў болей статным і салідным, калі б не прысмаленыя ці ў нешта выпацканыя знізу полы, якія не адмыў нават праліўны дождж.

— А ў гэтым шынялі ён сапраўды сышоў бы за малодшага лейтэнанта, —не то ўсур’ёз, не то жартам прамовіў Багдан Платонавіч, марна спрабуючы скінуць з лапаты на насілкі ліпучае глінянае цеста.

— Таксама знайшоў мне малодшага лейтэнанта!—з іроніяй у голасе адказаў яму Ярмолік, які стаяў з другога боку размоклай кучы, абапёршыся на дзяржальна лапаты. — Хіба не бачыш, што гэты задрыпаны вашаног поламі шыняля чыгуны з бульбаю адцэджваў свінням?

Міхася з Леанідам рассмяшыла сказанае. Якія могуць быць у арміі, а тым болей на фронце чыгуны з бульбаю і свінні? Але яны прамаўчалі, бо за сказаным угадваўся выхадзец з вёскі.

Напэўна, дарожны майстра нарэшце пераканаўся, што непадатлівым ліпучым цестам выбоіны як след не залеліш. А мо таму, што да ніткі вымаклі ахоўнікі, ці, можа, таму, што рабочы дзень набліжаўся к канцу, але палонным загадалі строіцца. Прычым прымусілі іх строіцца з насілкамі і лапатамі, якія звычайна яны пагружалі на самазвал, што высыпаў на абочыны пясок і патрушчаныя руіны.

— Хто з лапатамі, станавіцеся ў сярэдзіну калоны, а хто з насілкамі — па баках! — камандаваў Ванька, перакладаючы загад дарожнага майстра.

Спачатку тыя, хто быў з насілкамі, не разумелі, як станавіцца з імі ў калону, і, збянтэжаныя, заміналі пастраенню. Перакладчык таксама не меў ніякага ўяўлення аб гэтым, таму не мог нічога толкам растлумачыць. Толькі калі майстра паказаў, як несці насілкі ў страі, небаракі нарэшце разабраліся, калона выстраілася і рушыла па гравійцы далей ад лагера.

— Куды яны вядуць нас? — трывожна прашаптаў Міхасю Багдан Платонавіч, які ішоў з ім побач, —У мокрых калошынах пры хадзьбе з локшыны таксама зробіцца цеста. Сёння трэба зварыць усю мяшанку, каб не сапсавалася.

Працэсія ўяўляла незвычайнае відовішча. З бакоў кожныя двое неслі за ручкі звешаныя ўніз адным краем насілкі. Здавалася, што калона абгароджана нізкім плотам з дошак. Палонныя за агароджаю трымалі на плячах лапаты, нібы вінтоўкі.

— Калі працаваць немагчыма, дык хоць інструмент валачыце. Рабочы дзень яшчэ не скончыўся, —пакпіў Багдан Платонавіч.

Па баках за кюветамі ланцугом ішлі мокрыя зеленавата-плямістыя варэпаўкі, нібы конусападобныя двухногія пачвары з жоўтымі пілоткамі на га лов ах.

— Цяпер i мы як балотныя салдаты з аднайменнага кінафільма,— зазначыў ззаду Леанід, які нёс з Міхасём насілкі. — Толькі што не ў паласатым адзенні.

— Дык тады ўжо не балотныя, а дарожныя, — паправіў яго Міхась, які таксама ўспомніў даваенны кінафільм пра паласатых нявольнікаў у канцлагеры фашысцкай Германіі.—Наша працэсія болей нагадвае крыжовы ход. Дарожны майстра ў гэтай плямістай плашч-палатцы, нібы поп у рызе. I кіем размахвае, быццам кадзілам. А побач з ім, як дзячок, дробна семяніць ножкамі перакладчык. Як толькі поп завядзе алілуя, дзячок таксама паслухмяна загундосіць.

Чым далей калона адыходзіла ад лагера, тым болей насцярожваліся палонныя. Ніхто не ведаў, куды іх вядуць па гравійцы ў канцы рабочага дня.

Пад сотняю ног аднастайна i нудна чвякаў мокры суглінак ды неўпапад манатонна стукалі аб жвір абцасы драўляных калодак. Міхасю здавалася, што ён чыкільгае ў страі калек, якія сотнямі мыліц дробна выстукваюць па бруку жалобны марш. Хлопцаў самотны позірк безуважна блукаў па наваколлі. Справа метраў за дзвесце ад гравійкі цягнуліся дробныя хмызнякі, а злева—прасторныя палі, за якімі ўдалечыні ледзьве сінелі ўзлескі. Краявіды нечым нагадвалі яму млсціны роднай Полаччьшы. I ад гэтага на душы рабілася яшчэ болей маркотна.

Праз кіламетры чатыры на іх шляху сустрэлася невялікая вёска. Злева хаты цягнуліся ўсцяж гравійкі, трохі лаводдаль ад яе, а справа былі раскіданы ўдалечыню абы-як. Там, дзе ў супрацьлеглым канцы вёока заканчвалася пабудовамі пасялковага тыпу, калона звярнула налева, мінула справа доўгі прысадзісты барак і выйшла на пусты пляц. Справа ад яго на высокім падмурку стаяў прасторны драўляны будынак, абнесены калючай агароджаю, з ахоўнымі вышкамі па вуглах, а злева былі не то гаражы, не то майстэрні, не то складская памяшканні. У іх палонным загадалі скласці лапаты і насілкі.

Аказалася, што пад гэты лагер немцы прыстасавалі будынак мясцовай школы. Былы кароўнік не задавальняў іх па дзвюх прычынах: па-першае, паблізу ім не было дзе жыць. Штораніцы яны дабіраліся туды аўтамашынамі. Па-другое, у чатырох ці пяці кіламетрах далей за кароўнікам у вёсцы быў другі лагер, палонныя якога таксама лрацавалі на гравійцы. Таму немцы перавялі лагер з кароўніка ў гэтую школу, непадалёку ад якой самі жылі ў прасторным бараку. I такім чынам раўнамерна падзялілі ўчастак гравійкі між двума лагерамі, палонныя якіх павінны былі яе ўпарадкоўваць.

Школьны будынак быў невялікі, ва ўсякім разе, не тані, як двухпавярховы драўляны ў Міхасёвай вёсцы. Стаяў ён да пляца фасадам, ганак з якога вёў у калідор. Злева па калідоры была настаўніцкая, што глядзела двума вокнамі на пляц, а двума, за вуглом,—на вёску, а справа—доўгі вузкі клас, тры акны якога таксама выходзілі на пляц і адно за вуглом — на барак. Далей па калідоры быў клас злева і вузкі кароткі клас справа. Праз яго можна было прайсці яшчэ ў адзін. Абодва вуглавыя класы размяшчаліся ў прамавугольных выступах з тыльнага боку будынка.

Пераабсталёўваючы школу пад лагер, немцы амаль нічога не перараблялі ў ёй. Толькі да вакон прымацавалі жалезныя краты, да настаўніцкай, пад яе вокнамі, прыбілі невысокую кухню і ў канцы калідора прарэзалі дзверы ў сцяне, да якой прыбудавалі прыбіральню. У абодвух вузкіх класах, узгалоўем да глухой сцяны, што іх раздзяляла, яны ўзвялі суцэльныя двух’ярусныя нары. А ў астатніх двух прымацавалі такія ж нары да падлой і столі, з двух бакоў адным узгалоўем у сярэдзіну. У настаўніцкай, як выключэнне, лагерным прыдуркам паставілі самаробныя двух’ярусныя тапчаны, для ўстойлівасці змацаваныя між сабою брусамі.

Міхась, Леанід i Багдан Платонавіч трапілі ў першы справа клас, дзе ім дасталіся самыя крайнія месцы пры ўваходзе.

— Спачатку нас, як быдла, трымалі ў кароўніку, а цяпер перагналі ў школу, каб вучыць вуму-разуму, — узрушана прамовіў Леанід, уладкоўваючыся на нарах паміж абодвума суседзямі.

— На заваяванай зямлі яны апустошылі жывёльныя двары, перарэзалі жывёлу, а дзяцей сваіх ворагаў вучыць не збіраюцца. Няхай змалку прывыкаюць працаваць. Навука і веды шкодны рабам, — адказаў Багдан Платонавіч, развязваючы завязкі мокрых портак і вытрасаючы з калошын у рэчмяшок ліпучую локшыну і слізкі рыс.

Міхась моўчкі пачаў рабіць тое ж самае.

— Навошта вы перахоўвалі ўсё гэта?—здзівіўся Леанід.

— Спалохаліся, што канваір павалок цябе абшукваць,—прызнаўся Багдан Платонавіч.

Сіліч маўчаў. Перасяленне ў школьны будынак моцна падзейнічала на псіхіку хлопца і сапсавала яму настрой. Мінулым летам Міхась павінен быў прыехаць у вясковую школу на сваёй Полаччыне, куды атрымаў прызвачэнне на працу. Хіба ж мог ведаць хлопец, што праз год ён трапіць у лапы ворагаў, якія, нібы на здзек, прыгоняць яго ў лагер, абсталяваны імі ў школьным памяшканні? Дый не абы-дзе, а на наўгародскай зямлі! Як быццам спецыяльна, каб таптаць тваю годнасць i пляваць у тваю душу, настаўнік гісторыі! Як горка абняславіў цябе лёс! Ты павінен быў расказваць вучням пра тое, як Аляксандр Неўскі разграміў псоў-рыцараў на лёдзе Чудскога возера, як у 1918 годзе пад Псковам першыя атрады Чырвонай Арміі далі рашучы бой нямецкім акупантам. А цяпер іх нашчадкі цябе самога захапілі ў палон дый прыгаалі ў лагер, пад які прыстасавалі будынак школы. I ты нічога не можаш зрабіць ім. Мала таго, што ў гэтакі суровы час вораг не даў табе вывучаць з дзецьмі гісторыю іх слаўных продкаў, дык ён пазакрываў школы, каб не было дзе вучыцца.

Пасля атрымання кандзёру суседзі як непрыкаяныя прасланяліся ў пошуках месца, дзе можна было б згатаваць крупы i локшыну. Школу так абнеслі двайной калючай агароджаю, што вакол яе не было прасторнага двара, на якім можна было б раепаліць цяпельца. А ўсярэдзіне памяшкання стаяла ўсяго толькі дзве грубкі: адна абагравала настаўніцкую i клас злева, а другая—астатнія тры класы справа. На дрывотні хапала паліва, але ў грубках не змяшчалася гэтулькі кацялкоў і бляшанак, колькі можна было паставіць на дзве пліты ў кароўніку. Пакуль адны варылі ў бляшанках траву, а другія перад расчыненымі дзверцамі грубак высушвалі мокрае адзенне, мінула нямала часу.

— Тут няма такога прастору, які быў у тым лагеры, —услых пашкадаваў Хяндога, які з Ярмолікам i Казнадзеем таксама размясціліся на ніжніх нарах за Міхасём і Леанідам.

Сіліч, калі пачуў гэтыя словы, адразу ж чамусьці падумаў, што Хяндога ў такі момант ужо штосьці абмазгоўвае ў сваёй галаве.

Пакуль суседзі згатавалі сваё камбінаванае варыва ды трохі астудзілі яго (не есці ж гарачае), дык прыйшла пара вячэрняй паверкі. Лагер выстраілі перад калючай агароджаю ўздоўж фасада будынка. А пасля паверш загналі палонных у памяшканне i з двара замкнулі дзверы. Немцы— народ пунктуальны, у іх свой пастаянны распарадак.

Суседзі, мусіць, даўно заснулі, а Міхасю доўга не спалася. Ляжаў моўчкі і ўяўляў сам сабе, колькі магло быць вучняў у гэтым класе, як тут стаялі парты, дзе вісела дошка. Яму здавалася, што з класа не выветрыўся пах вільготнай анучы i крэйды, хаця ён не ведаў, як пахне крэйда і ці пахне яна наогул. Потым зларадна падумаў пра Паўла, які з кухарамі i наглядчыкамі пасяліўся ў былой настаўніцкай. «Аб’явіўся самазваны настаўнік! Што ён сабе думае? Называецца, скончыў педвучылішча. Вывучылі чалавека на сваю галаву. Рыхтавалі з яго выхавацеля, а ён становіцца фашысцкім ласлугачом. Цікава, чаму ён будзе вучыць іншых? Таксама возьме кій у рукі ці пасаромеецца? Няма ў яго аніякай страматы. Гэтая бессаромная істота сама набіваецца ў паслугачы да фашыстау. Чаго ад яе можна чакаць?»

Заснуў Сіліч позва ўначы. Яму прысніўся дзіўны сон. Што толькі не прысніцца чалавеку? Мусіць, пра што ён думае, тое яму і сніцца. Нібыта Міхась стаіць на парозе двух сумежных класаў за сцяною і вядзе ўрок гісторыі. Падрабязна расказвае вучням пра тое, як Аляксандр Неўскі дакладна разлічыў, што нямецкія рыцары могуць пайсці на Ноўгарад найболей кароткім шляхам, праз Чудское і Пскоўскае азёры. Князь адвёў сваё войска да Узмені, перайшоў на ўсходні бераг Чудскога возера і размясціў дружыны пад Падбароўскай стромаю, насупраць вострава Варонін Камень. Такім чынам ён перагарадзіў захопнікам шлях да Ноўгарада. Войскі быni выстраены з такім разлікам, каб выкарыстаць перавагу пяхоты ў бітве на лёдзе і ахапіць ворага з двух бакоў. Наперадзе знаходзіліся стралкі-лучнікі і прашчнікі, а за імі—пешае войска, на флангах — адборныя дружыны апалчэння, а ў засадзе за адным з флангаў — у рэзерве конныя дружыны князя. На світанні пятага красавіка 1242 года крыжакі перайшлі праз Чудское возера, выстра-іліся клінам, «свіннёю», і ўдарылі па цэнтры нашага войска. Ім удалося прарваць строй абаронцаў. Але з фдангаў па «свінні» ўдарылі адборныя дружыны апалчэння, а з тылу—конныя дружыны князя. Крыжакі былі акружаны, большая частка іх перабіта, захоплена ў палон ці патанула ў возеры. Нашы войскі па лёдзе каля дзесяці кіламетраў гналі рэшткі ворагаў.

Толькі калі Міхась закончыў урок, тады ён разгледзеў, што праводзіў яго не з вучнямі, якія сядзяць за партамі, а з лалоннымі, што раеселіся на двухпавярховых нарах. Ад хвалявання хлопец прачнуўся.

За вокнамі на калючай агароджы гарэлі электрычныя лямпачкі. Напэўна, немцы паставілі ў майстэрнях рухавік, які асвятляў электрычнасцю іх барак і лагерную агароджу.

Раніцаю пасля снедання палонных з асабістымі рэчамі выгналі на пляц, хаця была нядзеля і яны ўжо прывыклі, што ў выхадныя дні немцы не выганялі лагер на працу. «Можа, гэтая слецкаманда не дасць адпачыць, а працуе без выхадных», — казалі некаторыя.

Да лагера прыйшоў камендант, наглядчыкі выстраілі палонных ў чатыры шарэнгі, i вартавыя акружылі іх з усіх бакоў. Ванька пераклаў загад шэфа: павярнуцца ўсім тварамі да яго, першай шарэнзе зрабіць пяць крокаў наперад і пакласці на зямлю свае рэчы. Двое канваіраў старанна ператрасалі пакладзеныя на дол рэчмяшкі, а двое абшуквалі кішэні палонных, абмацваючы на жываце і з бакоў гімнасцёркі ды выварочваючы кішэні портак. Яны нетаропка абмацалі ўсіх палонных, прыдзірліва ператрэслі іх рэчмяшкі, а пасля чатыры канваіры схадзілі яшчэ ў будынак школы і, відаць, абшныпарылі там усе нары. Мусіць, яны ўчора павінны былі правесці такі вобыск, але, вымаклыя на дажджы, адклалі гэтую справу на другі дзень.

Пасля вобыску палонных зноў упусцілі за калючую агароджу.

— Рабочага часу шкадуюць, дык выхадны дзень змарнавалі попусту, — з іроніяй прамовіў Леанід, уваходзячы ў свой клас.

— Спяшаюцца,—удакладніў Хяндога. — Баяцца, каб мы не прынеслі сюды чаго-небудзь. Няхай гэта паслужыць урокам.

— Добра, што мы паспелі ўправіцца з крупамі ды локшынаю, — не вытрымаў Багдан Платонавіч. — А то бяды не абабраліся б.

— Гэта яшчэ бяда невялікая, — уставіў сваё слова Ярмолік. — Па ёй мадзець можна. Цяжэй дзень пражыць без падножнага корму.

— Калі нічога не рабіць, дык дзень-два праляжаць на нарах можна,— выказаў меркаванне Леанід. — Болей наўрад ці вытрымаеш надгаладзь.

Трохі пагаварылі між сабою, узашаныя з нараў вобыскам, а як зноў улегліся, дык пакрысе і змоўклі, занятыя сваімі думкамі. Адных пацягнула на дрымоту, другія паціху перашэптваліся, трэція сланяліся з класа ў клас, не знаходзячы сабе занятку.

— Гладыш і наглядчык Задзіра, на выхад! Прыйшлі жонкі! — павайсковаму выкрыкнуў хтосьці з калідора ў дзверы доўгага вузкага класа.

Спярша гэты незразумелы выкрык толькі насцярожыў усіх, але праз нейкі момант нібы мятлою змёў многіх з нараў. Аднь: кінуліся да вокнаў, другія, найболей цікаўныя, выбеглі на ганак.

За агароджаю, перад уваходнай брамкаю, стаяў намеснік каменданта лагера, два канваіры і дзве жанчыны з хлапцом год чатырнаццаці. Вартавыя з ахоўных вышак не падпускалі іх да брамкі, патрабуючы прыходу самога каменданта. Ягонага намесніка, відаць, не прызнавала лагерная ахова, бо ён ніколі не паяўляўся каля лагера дый не насіў вайсковай формы. Цяпер таксама стаяў у сваёй нязменнай зеленаватай спяцоўцы з пілоткаю на галаве. А калі ўбачыў, што вартавыя на вышках артачацца, абыякава махнуў рукою і нетаро-пка пайшоў да барака.

За ганкам перад брамкаю стаяў наглядчык Задзіра i палонны Гладыш, які таксама атабарыўся ў доўгім вузкім класе. Гэтага маладога чалавека год трыццаці Сіліч аднойчы на беларускі лад назваў Гладышом, за што ён ніколькі не пакрыўдзіўся, а толькі, смеючыся, прызнаўся: «Маё прозвішча Гладыш».

Да яго i да наглядчыка Задзіры прыйшлі жонкі. Мусіць, палонныя праз некага наказалі ім, што знаходзяцца тут, а можа, кабеты самі абышлі ўсе суседнія лагеры. Жанчыны плакалі ад радасці, што бачаць жывых мужоў. Задзіра разгневана зіркаў бельмамі на вартавых, якія не падпусцілі да брамкі намесніка каменданта, а многія палонныя задаволена злараднічалі ад таго, што ні яго, ні немца тыя не прызнаюць за начальства.

Неўзабаве прыйшоў камендант, адамкнуў брамку і выпусціў Задзіру з Гладышам да жанок. Тыя кінуліся ў абдымкі да мужоў. Задзіра моцна абняў сына. Яго маці была яшчэ маладжавая кабета.

— Мабыць, і Задзіра не такі стары, якім выглядае, — зазначыў Ярмолік. — Толькі прыкідваецца старым ды апусціўся.

Гладышава жонка была прыгожая маладзічка.

Пад аховаю вартавых, у суправаджанні каменданта яны ўсе пайшлі ў барак. Некаторыя палонныя галоднымі вачамі прагна праводзілі невялікія хатулі за плячамі жанок. Вырвін, што размясціўся на нарах за Хяндогавымі таварышамі, цяжка ўздыхаючы, нават пазайздросціў:

— Хоць наядуцца ўволю хатніх прысмакаў!

— Цяпер людзям не да ласункаў, калі ў іх няма хлеба, — асек яго Ярмолік.

Гладыш казаў, што ягоная сям’я жыве дзесьці каля Дна. Міхась не сумняваўся ў тым, што гэтая вузлавая станцыя, праз якую праходзіць чыгунка з Ленінграда на Віцебск, знаходзіцца на паўднёвы захад адгэтуль. Значыць, яна яшчэ бліжэй да ягонага роднага кутка. Ад Полацка ж да яе рукою падаць, напрасткі кіламетраў трыста, не болей.

Калі б напісаў запіску бацькам ды папрасіў Гладыша, каб ён аддаў яе жонцы, дык вестка ад сына дайшла б дадому. Кожны, хто прачытае затеку, паспачувае гаротніку i абавязкова перадасць яе далей, у іншую вёску. Гэтак з вёскі ў вёску запіска i дайшла б да адрасата. Маці даведаецца, што сын жывы, i ад радасці заплача, як гэтыя жонкі палонных. Потым трохі супакоіцца і пачне збірацца ў небяспечную дарогу. Жонкі прыйшлі да мужоў, а якая маці не захоча наведаць сына, што трапіў у бяду? Напэўна, дома ў іх няма хлеба. Але яна натаўчэ ў ступе варанай бульбы, замесіць з лебядою і напячэ каржоў ці праснакоў. З хатулём за плячамі маці таксама прытэпае сюды.

Калі Міхась успомніў парапаныя матчыны ногі і ўявіў, як яна ў цяжкой дарозе намуляе на іх мазалі і саб’е да крыві падэшвы, яму зрабілася сорамна за сябе і за сваю думку. Маці сама ў бядзе, i яшчэ невядома, як яна марнее там, на зямлі, захопленай ворагамі, а ён да чаго дадумаўся? Павінен быў сам загінуць, але не аддаць яе на здзек. Лепей няхай маці не ведае, што ён жывы. Яна досыць пагаравала па ім і ўжо звыклася з тым, што ён загінуў. А калі ты яшчэ жывы, дык выкараскайся з бяды i выратуй ад згубы маці.

Ад гэтых думак Міхася адарвала ўзрушаная гаворка палонных на абодвух паверхах нараў у іхнім доўгім пакоі. Хлопец пачаў прыслухоўвацца да яе.

— Ад іх нарэшце хоць даведаемся, што там робіцца на волі, — азваўся Вырвін, у голасе якога адчувалася нецярплівасць і цікаўнасць.

— На захопленай ворагам зямлі воля горш няволі, — зазначыў Хяндога.—Яшчэ невядома, як яны там перабіваюцца з радна ў рагожку.

— Як бы там ні было, але яны не за калючым дротам, — апраўдваўся Вырвін. — Хадзілі чуткі, што раней немцы адпускалі нашых палонных да сваякоў, якія знаходзілі іх у лагеры. Можа, i гэтых аддадуць жонкам. Бач жа, павялі ў свой барак.

— Пад канвоем!—засмяяўся Хяндога. — Можа, раней і адпускалі, як неразбярыха была, бо не ведалі, куды іх дзяваць. А цяпер, калі кароўнікі ды школы аблыталі калючым дротам, пабаяцца з лагераў выпускаць гэткія рэзервы жывой сілы. Цяпер мы ў іх заложнікі.

— Толькі чакай, дык яны адпусцяць на той свет, — умяшаўся ў гаворку Ярмолік. — Нябось, падчыстую выграбаюць усё з нашай зямлі—i з палёў, і са свірнаў.

Паступова ажыўленая гаворка пайшла на спад. Міхась страціў інтарэс да яе i не заўважыў, як яго адолела дрымота. Спачатку драмаў чуйна, нібыта ў сне чуў яшчэ ўрыўкі гаворкі, а потым павекі міжволі зліпліся і ён праваліўся ў бездань. Суседзі разбудзілі яго толькі тады, калі трэба было станавіцца ў строй атрымліваць баланду. Мабыць, к гэтаму часу вярнуліся ў лагер Задзіра і Гладыш. Сіліч не бачыў, як іх вялі з барака канваіры. Абедзве жанчыны і хлопец стаялі на пляцы воддаль ад калючай агароджы і назіралі за тым, як наглядчыкі выстройвалі палонных. Задзіра пусціў у ход кій і хрыпла пакрыкваў на тых, хто кешкаўся з пастраеннем.

«Бач, як са скуры вылузваецца перад жонкаю! — думаў Міхась, гледзячы, як уваходзіць у сваю ролю наглядчык. — Хоць бы пасаромеўся свайго сына. Які прыклад падае хлапцу! Ляжачых не б’юць. А ён здзекуецца са зняважаных і абражаных! Знайшоў, чым выхваляцца!»

Седзячы i лежачы на нарах, палонныя ўпрыкуску з хлебам сёрбалі рэдзенькі кандзёр ды не спяшаючыся распытвалі Гладыша пра жыццё на акупаванай тэрыторыі.

— Лесавікі яшчэ не выкурваюць .немцаў з вёсак?—насмешліва запытаўся Ярмолік.

— У нашай мясцовасці пакуль што ціха.

— Ці праўда, што раней немцы адпускалі палонных дамоў? — не цярпелася Вырвіну.

— Шонка кажа, што мінулым летам дзве жанчыны ў нашай вёсцы забрал! з лагера сваіх мужоў. А чацвёра акружэнцаў таксама аселі ў нас.

— Дурні, што пайшлі не ў лес, а ў вёску! — адрэзаў Ярмолік.

— I што яны робяць?— здзіўлена спытаўся нехта з верхніх нараў.

— Прысталі ў прымы і працуюць на гаспадарцы.

— Хаваюцца пад жончынымі спадніцамі і ад немцаў адкупляюцца грашамі? — насмешліва дапытваўся зверху той жа голас.

— Грошы ў немцаў не ў модзе,—удакладніў Гладыш. — Яны абкладаюць сялян падаткамі.

— Натуральным аброкам, як пры паншчыне! — з’едліва падказаў Хяндога, а пасля змяніў тон і пацікавіўся: — Немцы пільна трэслі жончыну передачу? Не перапалавінілі яе?

— Перакорпалі. Ды паласавацца не было чым. Калі б яйкі або масла ці сала, тады іншая справа.

Задзіра, можа, i не быў такі згаладалы, як Гладыш, бо яму ўволю даставалася баланды, якую ён абменьваў на хлеб, але хатняй ежы яны даўно не каштавалі, таму абодва накінуліся на яе з прагнасцю. За доўгі час знаходжання ў бараку яны самі перапалавінілі жончыны хатулі. Дык у хатулях не было чаго дэяліць на гэтулькі галодных ратоў. Задзіра, вядома, яшчэ мог сім-тым пачаставаць невялікую колькасць лагерных прыдуркаў, а Гладышу ў жончыным хатулі не хапіла б ласункаў на ўсіх палонных, што жылі ў доўгім вузкім пакоі. Таму, каб нікому не было крыўдна, ён увабраў іх сам, а суседзям пароўну разліў свой кандзёр і падзяліў пайку хлеба. А сам сядзеў на нарах і штосьці жаваў усухамятку.

Сіліч спачатку падумаў, што Гладыш есць хлеб, але потым разгледзеў у ягонай руцэ пляскатую булачку з пшанічнай му.кі простага памолу з запечанай зверху тоўчанай бульбаю. Міхасёва маці некалі пякла такія ватрушкі з тварагом. Толькі яны былі з белай пытлёўкі. «Мусіць, пры немцах не да пытлёўкі i не да тварагу. А можа, у гэтых мясцінах завядзёнка пячы булачкі са слоем тоўчанай бульбы зверху. На фронце ж ён чуў ад украінцаў, што ў ах нават варэнікі гатуюць з бульбянай начынкаю. Беларусь — край бульбы, але ў іх не заведзена пячы булачкі з тоўчанай бульбаю зверху».

Хлопцу прыгадаліся хатнія пірагі, што маці калісьці пякла то з мясам, то з грыбамі, то з капустаю, то з варэннем — i цяпер ён умінаў кандзёр, ажно вушы хадзілі хадуном.

Загрузка...