Наступнай раніцою, пасля таго, як наглядчыкі з вартавымі выстраілі палонных, каб весці на гравійку, раптам адбылося штосьці дзіўнае і нечаканае, ад чаго Сіліч разгубіўся. Ён пачуў, як Брэс гучна загадаў вартавому з жалезным крыжам:
— Кольб, вазьмі таго палоннага, якога я памылкова пабіў учора, і вядзі да грузавіка. Хай пад тваім наглядам працуе сёння разам з азіятамі.
Кольб таксама трошкі разгубіўся: мусіць, камендантаў загад і для яго быў нечаканасцю. Але не падаў выгляду, што здзіўляецца, а толькі хітравата ўхмыльнуўся. Нетаропкай хадою ён прайшоўся паўз калону, вачамі адшукаў у ёй Міхася і, не звяртаючыся да яго па імю, кіўком пальца паклікаў да сябе і не па-вайсковаму прамовіў:
— Выйдзі са строю.
Сіліч разгублена выйшаў.
Кольб перачакаў, пакуль уся калона прайшла міма, і, падводзячы Міхася да невялікага грузавіка, каля якога ўжо завіхаліся два рослыя дзецюкі ў чорнай форме і ўбаку стаялі тры палонныя сярэднеазіяты, невядома да каго звяртаючыся, з урачыстаю і адначасова іранічнаю інтанацыяй абвясціў:
— Прымайце ў кампанію.
— Калі ласкаІ —адказаў дзяцюк з карабінам, рукою паказваючы палонным, каб яны праз задні борт залазілі ў кузаў, а сам палез туды паўз кабіну.
— Гут, Любамір, — задаволена адказаў Кольб і таксама палез следам за дзецюком.
«Няўжо дзецюкі славяне? —падумаў Міхась. — Гэтае Любамір гучыць неяк па-славянску».
Ён, як і палонныя сярэднеазіяты, праз задні борт укінуў у грузавік лапату, а потым ускараскаўся сам і сеў побач з імі на дно кузава.
Праўда, сядаючы, хацеў быў пакласці лапату перад сабою, але дзяцюк, які сядзеў з Кольбам на лаве каля кабіны, па-нямецку заўважыў:
— Лапату пакінь за спінаю.
«Бач, які прадбачлівы! Вуха трымае востра! — ухмыльнуўся хлопец, засоўваючы лапату за спіну да задняга борта. — Мог бы і па-свойму сказаць беларусу, калі толькі сапраўды славянін. Усё-такі ж славянскія мовы болей падобны адна да адной. Дык не, чэша па-нямецку! Цікава, як жа яго разумеюць сярэднеазіяты?»
Сягонняшні ўчынак каменданта быў настолькі дзіўны і нечаканы, што збіў Сіліча з панталыку. Хлопец не верыў і нават не дапускаў у думках, каб такі зверыядавец, як Брэс, мог расчуліцца i паспачуваць палоннаму, робячы для яго палёгку ў працы. Праўда, якая магла быць палёгка на земляных работах, што спакон веку лічацца цяжкімі? Хлопец жа бачыў, як гэты самазвал штодня прывозіць і скідвае на абочыне пясок i патрушчаныя руіны. Хіба ж пясок лягчэй накідваць лапатаю ў кузаў, чым на насілкі —патрушчаныя руіны або засыпаць імі галдэбіны? Можа, тут болей спрыяльныя ўмовы для таго, каб што-кольвечы падкалыміць? Канечне, цывільным людзям тут зручней, у іх болей магчымасцей перадаць палонным праснак ці акраец. Тут і галодных ратоў меней, i ахова, напэўна, не такая лютая.Але няўжо Брэс думав, што давёў нас да такога стану, калі кожнага абражанага і пакрыўджанага можна задобрыць жабрацкай міласцінаю? Вельмі ж танна ацэньвае ён чалавечую годнасць!
Для каменданта Сіліч быў толькі прывабнай нажыўкаю, на якую мог клюнуць Кольб. Праўда, якіх-небудзь пэўных, даволі канкрэтных планаў у Брэса таксама не было. Выскачка з турэмшчыкаў у каменданты недалюбліваў Кольба за самастойнасць і незалежнасць. Брэса раздражнялі дзівацкія выхадкі і манеры вартавога з жалезным крыжам, асабліва яго спагадлівасць да тых, каго ён павінен не толькі ахоўваць, але і ўсяляк прыніжаць. Спроба каменданта прыструніць і надавуміць Кольба за недазволены ўдзел у перадачы хлеба палонным ні да чаго не прывяла. Не сказаць, каб камендант баяўся Кольба, але ўсё-такі трохі дрэйфіў перад ім. Так нячысты на руку кар’ерыст адчувае сябе перад незалежным і рашучым чалавекам.
Учарашняе ўмяшанне Кольба ў камендантавы справы (заступніцтва вартавога за палоннага) асароміла Брэса перад аўтаматчыкамі і ўсёй лагернай аховаю. Каменданта ледзьве не ўзарвала. Ён насілу стрымаўся, каб не выказаць свайго абурэння. Таму ў адплату і рашыў сягоння накіраваць вартавога з пакрыўджаным палонным на самазвал, што возіць пясок. Маўляў, няхай абодва думаюць, што камендант зжаліўся над нявінна пабітым палонным і паказвае сваю справядлівасць. Дый на гравійцы Кольб тым часам не будзе мазоліць вачэй астатнім вартавым. Хай цяпер паспачувае ля самазвала і азіятам, і гэтаму палоннаму, які павінен накідаць лапатай пясок. А можа, гэты палонны разгледзіцца там, выкарыстае Кольбаву слабасць дый махне драла. Тады можна будзе заадно і расквітацца з непажаданым вартавым.
Ці таму, што грузавік быў невялікі, ці ад таго, што імчаў ён не вельмі хутка, але металічны кузаў уздрыгваў не надта дрогка.
Сіліч сядзеў крайні справа i праз барты, краі якіх былі на ўзроўні яго плячэй, самотным позіркам аглядаў наваколле. Злева ад дарогі цягнуліся палі, а ўдалечыні за імі бачны былі купы дрэваў. Далёка ўбаку раскінулася сяло з царквою. Далей па шляху наперад, збоку пры гравійцы, —невялікая вёска. Справа, метраў за трыста, рос хмызняк, за якім уздымалася драбналессе. Адразу ж павеяла нечым блізкім і родным, бо ўсё навокала нагадвала знаёмыя змалку краявіды. Калі воддаль злева прамільгнула яшчэ адно сяло і неўзабаве ўзніклі абрысы невялікага гарадка, да Міхасёвых грудзей падкацілася цёплая шчымлівая хваля. Яму ўспомнілася, як некалі яны з бацькам на фурманцы ўязджалі ў свой раённы цэнтр.
Пры ўездзе ў гарадок грузавік крута павярнуў улева і праз нейкі момант, збаўляючы хуткасць, плаўна пакаціўся па драўляным мосце праз шырокую раку, за якой віднеліся пералескі. Рака чамусьці нагадала Міхасю Заходнюю Дзвіну. Як любіў ён, бывала, шпацыраваць па той вуліцы, што цягнулася ўздоўж яе зялёнага берага ў іхнім старадаўнім горадзе! На ёй была брацкая школа, Багаяўленскі сабор і домік, у якім цэлы месяц пражыў Пётр I, рыхтуючыся да разгрому шведаў. Вуліца знаходзілася ўсяго за сотню крокаў уніз, налева ад іхняга педтэхнікума.
Анюта ўсё роўна як ведала, што Міхасю падабаецца гэтая вуліца, бо наняла на ёй кватэру, калі паступіла ў акушэрскую школу. Разам са сваей сяброўкай яны кватаравалі на другім паверсе мураванага доміка. З балкона іхняга ўтульнага пакойчыка адкрываўся маляўнічы краявід на паўнаводную Заходнюю Дзвіну. Вучыліся дзяўчаты ў двухпавярховым будынку сярэдняй школы, пад старымі цяністымі таполямі, на рагу дзвюх вуліц, непадалёку ад вакзала.
На зімовыя канікулы і ў пару студэнцкіх сесій, калі адводзілася некалькі дзён на падрыхтоўку да экзаменаў, Міхась, бывала, прыязджаў з Мінска дахаты, каб наведаць Анюту.
Паабапал кузава зноў паплылі палі, на якіх зрэдку паўставалі сіняватыя выспы драбналесся ды сям-там пад купамі дрэваў відаць былі паселішчы. Грузавік прамчаў міма аднаго з іх, што раскінулася непадалёку ад шляху, потым перасек раздольныя палявыя прасторы і неўзабаве пад’ехаў да пясчанай выдмы на схіле пагорка, які асядлала вёска. Пакуль грузавік запавольнена заязджаў у кар’ер і заварочваўся перадам на выезд, Сіліч заўважыў на пагорку бетонны дот і здзіўлена разглядаў яго, не разумеючы, кім, калі i дзеля чаго ён збудаваны ў гэтых мясцінах.
Як толькі грузавік спыніўся, Любамір з Кольбам моўчкі ўсталі адзін за адным. Любамір падняў дошку, на якой яны сядзелі, паставіў яе адным канцом на падножку кабіны і палез з кузава. Пакуль услед за ім паўз кабіну вылазіў Кольб, сярэднеазіяты выкінулі на пясчаны зрэз кар’ера лапаты і ўсе трое амаль адначасова праз бакавы борт палезлі туды самі.
Сіліч зразумеў, што яны добра вышкалены і ведаюць, чым павінны займацца тут, калі без усялякага загаду вылезлі з кузава, — і яму нічога не заставалася, як таксама вылазіць. Ён выкінуў лапату, і, пакуль вылазіў праз борт, сярэднеазіят з чорнай, як смоль, стрыжанай галавою, што некалі назваўся перакладчыку кіргізам, узяў з падножкі кабіны дошку, прыслоненую Любамірам да пярэдняга борта, падняў і паклаў яе на паверхню зямлі з краю кар’ера. «Адразу відаць, як браткі-славяне вымуштравалі слугаў-мусульман, калі тыя на памяць ведаюць, што павінны рабіць для гаспадароў. Хаця гэтыя славяне самі на службе ў гітлераўцаў, але, нябось, у душы злараднічаюць, што могуць уволю памуштраваць тых, хто нагадвае ім туркаў, якія некалі прыгняталі іх далёкіх продкаў», — думаў Сіліч, гледзячы, як шафёр з Любамірам усаджваюцца над імі на дошку, звешваючы ў кар’ер ногі. На паясных рамянях у або двух— рэвальверы, а ў Любаміра ў руках —карабін.
Кольб нават не стаў глядзець, што будуць рабіць палонныя. У сваёй звычайнай паставе, звесіўшы з пляча карабін, як паляўнічую дубальтоўку, ён нетаропка пашыбаваў да дота. Услед за палоннымі Міхась неахвотна ўзяў лапату і гэтак жа, як яны, пачаў накідаць ёй у кузаў пясок. «Тут не ўхітрышся, каб адлыньваць ад працы. Гэта не на гравійцы. Там у людской гурме не надта прыкметна, хто б’е бібікі. А тут усе навідавоку. Трэба шураваць лапатаю адзін перад адным, пакуль кузаў не будзе нагружаны з коптурам. Яшчэ добра, што хоць самазвал невялікі, а то выматаеш усе духі».
Знясіленаму дый з непрывычкі Сілічу цяжкавата было накідаць пясок у кузаў, нягледзячы на тое, што самазвал стаяў ніжэй: яны працавалі як бы на вышэйшай тэрасе. Добра, што, пакуль небарака трохі асвойтаўся з непрывычным грабарскім рамяством, яго ашчаджала сонца, якое яшчэ надта не прыпякала, ды асвяжаў лагодны ветрык, што дзьмуў у кар’ер, нібы ў горную цясніну.
Кольб паблукаў вакол дота, заглянуў у яго сярэдзіну, вярнуўся назад i цяпер спакойна расходжваў па краі кар’ера.
Хаця палонныя працавалі не спяшаючыся, аднак спатрэбілася, мабыць, каля гадзіны для таго, каб чатырма саўковымі лапатамі нагрузіць пяском невялікі кузаў.
— Генуг! —устаючы, сказаў Любамір, перадаў шафёру свой карабін, саскочыў зверху на ніжнюю тэрасу, з якой палонныя накідалі пясок, і сеў за руль грузавіка.
— Ён таксама шафёр?—здзіўлена запытаўся Міхась у новых напарнікаў па працы, калі затарахцеў рухавік аўтамашыны і яна з натужлівым завываннем павольна папаўзла з кар’ера.
— Абодва шафёры: і Ангел, і Любамір, — адказаў высокі палонны з прыгожым тварам і вузкімі вачамі.
— А хто яны па нацыянальнасці? — дапытваўся Міхась прыцішаным голасам.
— Кажуць, што балгары, —буркнуў змрочны прысадзісты здаравяк.
Сілічу чамусьці не верылася, што абодва гэтыя ахоўнікі — балгары.
Ён памятаў, што дзед часта расказваў пра тое, як з рускай арміяй памагаў балгарам граміць турэцкіх янычараў. Хлопец у маленстве не разумеў гэтага слова. Толькі пазней, у школе, ён даведаўся, што яно азначае.
Міхась ведаў, што балгарскі ўрад у гэтай вайне так, як і ў першай сусветнай, спачатку прыкрываўся нейтралітэтам, хаця на самай справе садзейнічаў Германіі, а потым адкрыта пачаў падтрымліваць яе. Аднак хлопец чуў, што балгарская армія не ваюе супраць нашых войскаў, хаця замяніла ў Македоніі, Сербскім Памараўі і Заходняй Фракіі нямецкія акупацыйныя часці і тым самым вызваліла іх для барацьбы з намі.
Ён разумеў, што фашысты маглі мабілізаваць балгараў, як спецыялістаў: шафёраў. Але не дапускаў у думках, што балгары самі ўзялі ў рукі зброю, каб ахоўваць сваіх адзінакроўных братоў, продкі якіх калісьці памагалі вызваляць Балгарыю ад туркаў.
Канечне, ягоных напарнікаў-сярэднеазіятаў ахоўнікі маглі прымаць калі не за аднапляменнікаў туркаў, дык за блізкіх да тых па знешнім выглядзе. А ён жа ўсё-такі славянін.
А можа, яны не балгары. «Аднак, хто б ні былі яны, а выгадных служакаў нанялі сабе фашысты!—прыкра ўхмыльнуўся Сіліч. — Адначасова i шафёры, і ахоўнікі. Мусіць, i плату атрымліваюць двайную? I трэба ж, як на здзек, мець такія прыгожыя імёны! Любоў і мір! Боскі анёл! Суцэльная ідылія!»
Грузавік яшчэ не паспеў знікнуць з вачэй, як Міхасёвы напарнікі паўкругам паселі на пясок.
— Ну што ж, давайце знаёміцца, — прамовіў хлопец, таксама прызямляючыся насупраць іх. — А то імёны ахоўнікаў вядомы, хоць яны i не патрэбны нам, а як зваць вас, я не ведаю. Я па нацыянальнасці беларус. Завуць мяне — Міша. — Ён назваў сваё імя так, каб яно гучала i прасцей, і карацей, бо напарнікі былі яму амаль аднагодкамі.
— А я — казах, маё імя Сабіт, —першы ветліва адазваўся на Міхасёву прапанову змрочны прысадзісты здаравяк.
— Мяне завуць Юлдаш. Я —узбек, — прамовіў услед за ім хлопец з прыгожым тварам і вузкімі вачамі.
— А я—кіргіз, Акбар, — апошнім прадставіўся палонны з чорнай стрыжанай галавою.
— У краях абодвух тваіх сяброў, Сабіт, мне бываць не даводзілася. А тваю бацькоўскую зямлю трохі ведаю. У раздольных стэпах ля Какчатава і Акмолінска займаўся страявой падрыхтоўкай.
— Гэта паўночны Казахстан,— не ўтрымаўся Сабіт. — А я родам з паўднёвага.
— Бліжэй да майго i Акбаравага краю, — падтакнуў Юлдаш.
— Твае землякі, Сабіт, частавалі мяне бешбармакам. Толькі не паспеў навучыцца есці яго рукамі. Бачачы гэта, твае землякі аднаму мне падавалі відэлец. У гарадах я запомніў казахскія надпісы на шыльдах магазінаў: «Азык-тулік», «Нан». У Акмолінску ў нашу часць улілося папаўненне з казахаў. Помню, што мяшкі ў іх былі напакаваны невялікімі, як абрыкосы, тлустымі булачкамі, зваранымі, відаць, у масле. Смаката! — прыцмокваючы, прамовіў Сіліч. — Штосьці павяло мяне на ўспаміны пра яду. Толькі апетыт раздражняю ў галодных.
— Пра добрае і ўспамінаць прыемна! — аблізнуў языком губы Юлдаш.
З расслабленымі мускуламі, адпачываючы, яны дружна змоўклі, кожны прыгадваючы аб сваім, родным і блізкім.
«I ўсё-такі ў гэтым кар’еры спакайней, чым на гравійцы, — нарэшце прыйшоў да высновы Міхась, выпростваючы ногі і прылягаючы на правы локаць, —Там, канечне, праца лягчэйшая, але ж усё роўна трэба варушыцца дзеля выгляду, стоячы цэлы дзень на нагах. Дый яшчэ з усіх бакоў швэндаюцца наглядчыкі з кіямі, прыдзірлівы дарожны майстра не дае спакою. А тут накідалі пяском кузаў дый на бакавую. Пакуль самазвал адвязе яго на гравійку, не меней паўгадзіны пройдзе. А пакуль вернецца назад, добрая гадзіна міне. Пасля кожнага рэйса можна прылегчы на пяску. Братушка-славянін маўчыць, не загадвае ўстаць i стаяць на нагах. Можа, ён і прымусіў бы нас што-небудзь рабіць, калі б тут знайшоўся які занятак. Значыць, невыпадкова камендант пасля таго, як забралі ў легіёны татарына, паслаў сюды на пастаянную працу палонных-сярэднеазіятаў. Прыхаваў іх ад пабочных вачэй. Баіцца, што хлопцаў таксама забяруць з лагера. А можа, камендант i нада мною зжаліўся пасля таго, як Кольб увёў яму ў вушы, што Брэс аддубасіў мяне нізашто? Не, гэты садыст i турэмшчык не зжаліцца над чалавекам. Фашыст не паспачувае нашаму брату. У яго ў галаве нейкія іншыя планы».
Раптам ранішнюю цішыню абудзіла знаёмае раўнамернае тарахценне колаў. Сіліч убачыў, што сюды павольна пад’язджае фурманка, на якой сядзяць дзве жаночыя постаці. Калі яна завярнулася з канём па дне кар’ера і спынілася каля гліністай ямы, выкапанай непадалёку на яго сярэдзіне, хлопец разгледзеў, што гэта дзве дзяўчыны, якія цяпер былі павернуты да яго тварамі.
Яны нязграбна саскочылі з фурманкі, прыставілі да аднаго боку яе дзве доўгія дошкі, на якіх сядзелі, узялі лапаты і няўпэўнена палезлі ў яму. Неўзабаве то, патанаючы, хаваліся ў ёй з галавою, то выныралі да грудзей, выкідваючы лапатамі камякі гліны.
Міхасю стала шкада дзяўчат, якія вымушаны займацца цяжкой мужчынскай працаю. Ён устаў на ўвесь рост і, звяртаючыся да Кольба, што хадзіў па краі кар’ера і час ад часу паглядаў на нязвычных землякопаў, нясмела папрасіў:
— Камарад, я памагу ім.
— Гут, ідзі, давай! —на змешанай нямецка-рускай мове дазволіў вартавы і з цікаўнасцю нетаропка накіраваўся да фурманкі.
Сіліч узяў сваю лапату i, падыходзячы да ямы, павітаўся, роблена жартуючы:
— Дзень добры, дзяўчаты! Памагай вам бог! Але пакуль суд ды справа, дык ён паслаў на падмогу мяне! Вылазьце з гэтага акопа. Я займу ў ім кругавую абарону.
— Добры дзень! — неўпапад адказалі абедзве дзяўчыны, мабыць, здзіўленыя тым, што нямецкі вартавы дазволіў савецкаму ваеннапалоннаму падысці да іх, і з лапатамі ў руках разгублена вылезлі з ямы.
Абедзве з белымі хусткамі на галовах, адна—статная, чарнабровая, а другая — русявая, пульхная, як пончык, з мілым ружовым тварам.
У іншай сітуацыі Міхась, вядома, пастаяў бы і пагаварыў бы з імі. Але тут, навідавоку перад Кольбам i Ангелам, адчуў, што рабіць гэтага не варта, каб не раздражняць ахоўнікаў, таму ўторкнуў у пясок саўковую лапату, а з рук русявай ружавашчокай дзяўчыны ўзяў штыхавую і, згінаючыся, спружыніста скокнуў у яму. У ёй адразу ж адчуў сябе ямчэй. Ці то ад таго, што схаваў на дне яе свае ногі з няўклюднымі драўлянымі калодкамі, за якія было сорамна перад дзяўчатамі, ці то таму, што яго, нібыта выштурхнутага з лазні ў прылазнік, усяго абдало свежай прахалодаю і знаёмым змалку вільготным пахам. Калісьці гэтак патыхала з ямаў, у якіх сяляне капалі гліну, а яны хлапчукамі гулялі ў хованкі на выгане за вёскаю.
Шчыльны пласт гліны залягаў з усіх бакоў ямы на ўзроўні Міхасёвых каленяў, паміж спрасаваным пясчанікам і цвёрдым суглінкам. Засохлую і скамянелую паверхню яе хлопец здзёўбваў і адграбаў прэч лапатаю, а вільготную, падатлівую, згінаючыся, зразаў на дно і, выпростваючыся, выкідваў адтуль на край ямы.
— Не чапайце, я зраблю ўсё сам, — спыніў ён дзяўчат, калі тыя памкнуліся лапатамі ўскідваць гліну на фурманку. — Гэта не дзявочая праца.
— Ого, якія пекныя паненкі! Толькі навошта паспяшаліся выйсці замуж? Бачыце, якога жаніха я прывёў?—усміхаючыся, па-нямецку пакпіў Кольб, падыходзячы з карабінам напагатове.
— Што ён швэркае пра шлюб і жаніха? — збянтэжана прашаптала пульхная ружавашчокая дзяўчына, не разумеючы, ці давяраць усмешцы вартавога, ці асцерагацца ягонай вінтоўкі.
Па разгубленым выглядзе абедзвюх Кольб здагадаўся, што яны не зразумелі ягонага жарту, і, смеючыся, папрасіў:
— Міхель, перакладзі, што я сказаў.
Міхасю няёмка было гаварыць дзяўчатам, што вартавы назваў яго жаніхом. Дый наогул, якое можа быць жаніхоўства ў ягоным становішчы, у такі суровы і трагічны час? Усяму ёсць свае межы. Кольб хоць i чалавечны, але ж ён—вартавы, а не палонны. Мала якое дзівацтва ўзбрыдзе яму ў галаву? I хлопец, каб ямчэй адчуваць сябе, абапёрся на дзяржальна лапаты і, насілу выціскаючы са свайго твару кіслую ўсмешку, адводзячы ўбок вочы ад дзяўчат, прамовіў:
— Ён кажа, што вы надта прыгожыя. Толькі шкадуе, навошта паспяшаліся выйсці замуж?
— Няма куды спяшацца, —адказала статная, чарнабровая, мусіць, смялейшая за сваю сяброўку і, напэўна, намякаючы на цяжкасці ваеннай пары, пацвердзіла сваю думку прымаўкаю: — Паспех—людзям на смех.
— Міхель, што яна кажа?
Сіліч пераклаў словы дзяўчыны і сэнс прымаўкі.
— Дас іст гут! — засмяяўся Кольб і задаволена дадаў: — Значыць, дамовіліся: ваш шнапс, а мой — жаніх. Зразумелі?
— Гут! Шнапс дык шнапс,'—асмялела статная, чарнабровая, мабыць, не надта разумеючы тое, што сказаў вартавы.
Затое адчувалася, што русявая з мілым тварам збольшага зразумела сэнс яго слоў, бо яе ружовыя шчокі ўспыхнулі макавым цветам i яна сарамліва прамямліла:
— Канечне, за працу трэба плаціць. А грошы цяпер не ў модзе.
Па яе невыразным вымаўленні Кольб адчуў, што дзяўчына сказала штосьці Іншае, і, насцярожаны, сустрэўшыся сваім позіркам з Міхасёвым, кіўнуў галавою ў яе бок: маўляў, што яна сказала?
Сіліч пераклаў адказ дзяўчыны. Вартавы ўсміхнуўся і паспешліва крыкнуў астатнім палонным, што сядзелі паводдаль на пяску:
— Усе трое хадзіце сюды!—і паклікаў іх жэстам рукі, а дзяўчатам, смеючыся, заўважыў: — Яшчэ тры жаніхі. Хлопцы як на падбор!
Твар чырванашчокай зноў зардзеўся. Палонныя падышлі з лапатамі. Ангел таксама вымушаны быў устаць з наседжанага месца на ўскраі кар’ера і з карабінам напагатове падышоў трохі бліжэй. Сабіт узяў штыхавую рыдлёўку дзяўчат і скокнуў з ёю да Міхася. А Юлдаш з Акбарам саўковымі лапатамі пачалі ўскідаць на фурманку выкінутую з ямы гліну.
— Чаму гэта немец рашыў, што мы замужнія? — нечакана спыталася чарнабровая, калі палонныя на момант змоўклі.
— А хто яго ведае? —няпэўна паціснуў плячамі Міхась і пасля некаторага роздуму ўсё-такі пераклаў Кольбу яе запытанне.
— Бо бачу, што яны прыехалі па гліну. Значыць, няйначай, як будуюць сабе жытло і заводзяць сям’ю, —усміхаючыся, па-нямецку растлумачыў вартавы, словы якога Міхась пераклаў дзяўчыне.
Яна ўздыхнула і глыбакадумна прамовіла:
— Цяпер не да будаўніцтва і не да жаніцьбы. Вайна і хаты руйнуе і сем’і развальвае.
Калі Міхась пераклаў Кольбу сэнс сказанага ёю, твар вартавога прыкметна засмуціўся, і разам з тым на ім узнікла нейкая неўразумеласць.
— Аднак, раз прыехалі па гліну, значыць, штосьці ж будуюць? — не разумеў ён.
— Навошта паліць парожнюю рускую печ? У меншай гаспадарцы меней трэба гатаваць усяго, — адказала чарнявая, калі Міхась пераклаў ёй запытанне вартавога. — На пажарышчах мы навыкопвалі цэглы і ў хаце робім невялікую пліту. Трэба эканоміць дровы. Іх цяпер цяжка набываць.
Пасля таго, як Сіліч пераклаў гэтае разважлівае і грунтоўнае тлумачэнне, вартавы яшчэ болей пасуровеў з твару і, паказваючы рукою ў бок вёскі, запытаўся:
— Гібтс фір дойчэ зольдатэн?
— Нікс, — адмоўна кіўнула галавою чарнявая.— Яны жывуць у бліндажах на беразе возера.
Міхась пераклаў яе адказ. Кольб непадалёку пачаў хадзіць сюды-туды.
Палонныя тым часам пазнаёміліся з дзяўчатамі, не спяшаючыся выкідалі з ямы гліну і накідалі яе на фурманку, паціху размаўляючы між сабою. Чарнабровую звалі Вераю, а ружавашчокую — Любаю. Вера да вайны працавала з бацькамі ў калгасе, а Люба вучылася ў Наўгародскім педінстытуце. I ў школе, і студэнткаю яна вывучала нямецкую мову і трохі разумев яе. Ва ўсякім разе, памятае шмат нямецкіх слоў. Таму Любін твар і ўспыхваў чырванню, як толькі вартавы набіваўся з жаніхамі.
Сіліч расказаў дзяўчатам пра тое, як палонных вазілі ў Ноўгарад руйнаваць брук, дзе каменедрабілка раструшчвала яго на друз, якім потым засыпалі гравійку. Сказаў, што горад дашчэнту зруйнаваны і ў ім нідзе не відаць жывога чалавека.
Аказваецца, тутэйшыя жыхары ўжо ведаюць пра гэта. Хтосьці болей смялейшы з іх хадзіў у горад мяняць свае ўбогія пажыткі на соль, якую немцы трымаюць у крамлі.
— Педінстытут быў таксама ў крамлі? —пацікавіўся Міхась.
— Не. На супрацьлеглым беразе Волхава, лявей моста, — адказала Люба.
— А што гэта за масіўнае збудаванне каля Сафійскага сабора? Усё роўна як шыбеніца для пяцярых асуджаных.
— Званіца. Званы з яе паспелі эвакуіраваць. Кажуць, адзін з іх зваліўся з баржы ў Волхаў.
— Хлопчыкі, досыць, —схамянулася Вера, таропка размотваючы накручаны на біла канец лейцаў. — А то гэтая выбракаваная канячына не пацягне такі груз. Дзякуй вам за дапамогу!
— Давай шнапс, — смяяўся вартавы.
— Гут! — усміхаючыся, адказала Вера. Абедзве лапаты Люба паклала на фурманку. Яе і сапраўды ледзьве зрушыў з месца худы буланы конь. Фурманка павольна выкіроўвалася з кар’ера, натужліва парыпваючы коламі. Вера кіравала лейцамі, а Люба ішла з ёю поруч.
Палонныя з лапатамі вярнуліся на ранейшае месца і зноў расселіся на пяску. Ангел таксама перайшоў і ўсеўся над імі на дошцы з краю кар’ера.
«Ангел-хранитель!—ухмыльнуўся Міхась. — I собіла ж, як на здзек, у няволі напаткаць ахоўніка з анёльскім імем! Чаго толькі не бывае на белым свеце!»
Хлопцу падабаліся новыя напарнікі. Ён ведаў, што яны жывуць дзесьці ў самым далёкім закутку лагера, але сягоння лёс звёў яго з імі ўпершыню. Сціплыя і зычлівыя, яны дружна трымаюцца між сабою і прыязна хінуцца адзін да аднаго. Сіліч прыслухоўваецца да іхняй незразумелай гаворкі, i яго не крыўдзіць i не раздражняе тое, што яны ў ягонай прысутнасці гутараць па-свойму. Наадварот, яму нават дзіўна, як гэта раней ён не ўяўляў, што казахі, кіргізы і ўзбекі разумеюць адзін аднаго, размаўляючы кожны на сваёй мове.
Пакуль парожні грузавік вярнуўся, палонныя паспелі адпачыць і вылежацца. Чатыром накідаць пясок у малую аўтамашыну з аднаго боку яе і нязручна, i цесна. Таму, каб не замінаць пад рукамі дый не парнуць адзін аднаго жалезняком, яны ўмудраліся працаваць па чарзе, з пэўнай паслядоўнасцю: калі двое шпурлялі пясок у кузаў, у гэты момант іншыя двое зачэрпвалі яго з долу лапатамі.
На гэты раз, кал! яны напоўнілі з коптурам кузаў i тут жа селі на пясок, шафёрскае месца ў кабіне заняў Ангел, а Любамір узяў з яго рук карабін і застаўся ахоўваць палонных. Аднак доўга сядзець на дошцы яму не прыйшлося. Як толькі грузавік знік з вачэй, Кольб, які да гэтага часу ў задуменні сюды-туды расходжваў паблізу, раптам ні з таго ні з сяго падняў з долу палонных.
— Ад расседжвання ў жылах застойваецца кроў, —па-нямецку прамовіў ён з прыхаванай на твары хітраватай усмешкаю. — Ваўка ногі кормяць. Бярыце лапаты! Пайшлі!—і паказаў рукою ў бок дота.
«Няўжо ў прысутнасці балгарскага саюзніка і ў Кольба пачынае выяўляцца тыповая нямецкая натура? — нічога не разумеў Міхась, гледзячы на Любаміра, які вымушаны быў таксама падняцца з месца і з карабінам напагатове нехаця ісці побач з немцам, —Нябось, гэты ўходаўся за абаранкам руля, а Кольб, як у насмешку, не дае адпачыць саюзніку! Але нічога не паробіш, не станет адмаўляцца выконваць загад немца. Ён—гаспадар, а ты ўсяго толькі ягоны паслугач. Няйначай, як Кольб, праходжваючыся вакол кар’ера, нагледзеў для нас нейкую працу. Можа, выкідаць што-небудзь з дота?»
Але мінулі дот i нават не завярнулі ў яго. Цяпер дарога вяла ў вёску, крайнія хаты якой былі ўжо непадалёку. «Няўжо немцу сапраўды ўзбрыло ў галаву за шнапс памагчы дзяўчатам скінуць з фурманкі і ўнесці ў хату гліну? Але як ён знойдзе іх? Ён жа не ведае, дзе яны жывуць».
Дзіўнаватая з выгляду працэсія, паперадзе якой без усялякага строю, з лапатамі на плячах ішло чацвёра расхрыстаных і проставалосых палонных, а ўслед за імі, з вінтоўкамі напагатове — двое вартавых, адзін — у чорнай, а другі—у ядавіта-жоўтай форме, падышла да крайняй хаты.
— Хальт! — загадаў Кольб, як толькі палонныя параўняліся з яе другім акном, што выходзіла на вясковую вуліцу.
Тыя, нічога не разумеючы, паслухмяна спыніліся.
Кольб падышоў да першага акна, якое ўжо мінулі палонныя, і ствалом карабіна паціху пастукаў у крыжавіну рамы. Праз нейкі момант да шкла прыхінуўся жаночы твар, у вачах якога мільгнулі і трывога,. і спалох.
— Матка, давай хлеб, картошка! — бязладна залапатаў немец, тыцкаючы ствалом у бок палонных.
Твар паспешліва адхіснуўся ад шыбіны, і насталі хвілі насцярожанага чакання. Можа, таму, што Міхасю зрабілася ніякавата за сваё становішча, яны здаліся яму асабліва доўгімі. Нарэшце шаргатнуў верхні шпінгалет таго акна, што было насупраць палонных, і яны ўбачылі, як сівая жанчына адшчоўкнула ніжні, выштурхнула вонкі дзве палавінкі расчыненай рамы і, нагінаючыся праз падаконнік, моўчкі працягнула ім паўбуханкі фармавога хлеба.
Акбар, які стаяў бліжэй да акна, зрабіў некалькі паспешлівых крокаў і, працягнутай рукою беручы хлеб, дрыжачым голасам прамовіў:
— Вялікі дзякуй, цётка!
У Міхасёвых вушах шчымлівым водгаласам адазваліся гэтыя словы. Хлопец хутчэй адвёў убок свой позірк і толькі пачуў, як Кольб загадаў: «Лёс!» ды як, брынкаючы незакітаванымі шыбінамі, зачынілася акно.
Насупраць другой хаты ўсё паўтарылася амаль 'гэтак жа. Толькі вялізны акраец з круглай каўрыжкі, якую з акна працягнула ўжо маладзейшая гаспадыня, узяў не Акбар, а Сабіт.
У Сілічавай душы —раздвоенае адчуванне, якое раздзірае ўсё ўсярэдзіне і з якім ніяк не можа саўладаць ягоная свядомасць. Розум прасякнуты цвярозай удзячнасцю да Кольба за яго чалавечнасць, зычлівасць i спагаду, а нейкае няпэўнае пачуццё паліць хлопца ўсяго наскрозь. Пастаяннае недаяданне катуе яго фізічна. Цяпер пры адным выглядзе хлеба ён прагна глытае сліну. Канечне, гэта не кідаецца ў вочы іншым, тым болей мясцовым жыхарам. Але ён адчувае сябе неважнецкі, што выстаўлены перад імі напаказ, як убогі i проставалосы, у вылінялай, потнай гімнасцёрцы, з няўклюднымі драўлянымі калодкамі на нагах. Яму здаецца, што на яго з нямым папрокам, як быццам ён у нечым вінаваты, глядзіць шырока расплюшчанымі вокнамі кожная пакрыўджаная хата незнаёмай вёскі. Ад крыўды і сораму ён гатоў праваліцца скрозь зямлю, каб толькі не бачыць i не адчуваць усяго гэтага.
А тым часам іх нязвычная працэсія ўжо мінула трэцюю хату, з акна якой жанчына падала ў рукі Юлдаша скавародзень. У адказ на Кольбава пастукванне ствалом вінтоўкі аб крыжавіну рамы i на яго аднастайнае і бязладнае лапатанне: «Матка, давай хлеб, картошка» ніхто з жыхароў не выходзіў на падворак, а жанчыны падавалі міласціну толькі праз расчыненыя вокны. Цяпер браць яе чарга Міхася. Хлопец уцягваў у плечы шыю, як быццам можна схаваць яе, нібы смоўж галаву ў ракавіну, напружваўся, каб ступіць тры-чатыры крокі і, беручы міласціну, не праслязіцца і не папярхнуцца даўкім камяком слёз. Ён адчуваў, як успыхваюць агнём яго вушы, рабіў неймавернае намаганне, нязграбна браў з рук жанчыны ладны акраец і замест таго, каб падзякаваць ёй, ужо не сваім, а чужым голасам невыразна мямліў штосьці бязладнае. Яму здавалася, што раптам абарвуцца яго нервы — i зараз ён, як зламаная ўраганам сухастоіна, упадзе на дол.
Але Кольб, відаць, рашыў, што, паколькі кожнаму палоннаму ўжо дастаўся полуднік, далей няма чаго ісці па вёсцы. Ён нетаропкай хадою зайшоў спераду працэсіі і жэстам рукі i словам «цурюк!» павярнуў яе назад. Гэта дало магчымасць Міхасю перавесці дыханне, хоць трохі ачомацца і выйсці з памутнелага стану. Праўда, канчаткова ён усё роўна не пазбавіўся паганага настрою і адчуваў, што як быццам нешта абарвалася ў яго сярэдзіне. Хлопец ледзьве перастаўляў ногі, што не хацелі слухаць яго і падкошваліся і выгіналіся, нібы гумовыя. Драўляныя калодкі пякуча мулялі падэшвы, як быццам ён ступаў імі не па зямлі, а па гарачым вуголлі. Толькі цяпер Сіліч заўважыў, што з абодвух бакоў вуліцы на іх недарэчную працэсію глядзяць не пустыя вокны хат, а прыхінутыя да шыбаў дзесяткі зацікаўленых вачэй. На адлегласці ён, вядома, не мог разгледзець, якая ў іх жаласлівасць і самоцішча, бо ніякавата адводзіў ад іх свой сарамлівы позірк. Толькі міжвольна акінуў ім сваіх суседзяў, што, як і ён, адной рукою падтрымлівалі на плячы лапаты, а ў другой трымалі міласціну, якую на хаду не змаглі пакласці ў заплечныя рэчмяшкі. I ягоны твар скрывіўся ад прыкрай і горкай ухмылкі.
Калі вярталіся міма дота, Сіліч з пагорка ўбачыў удалечыні вялізнае возера, на голым беразе якога відны былі бункеры. Хлопец зразумеў, што гэта Ільмень. Толькі, вядома, не з паўночна-заходняга берага, дзе яго затрымалі нямецкія салдаты, а дзесьці з паўднёва-заходняга боку.
«Гладыш казаў, што даўжыня Ільменя—сорак пяць кіламетраў. Значыць, на другім баку яго — нашы войскі. Фронт як спыніўся некалі перад гэтай воднай перашкодаю, дык так і затрымаўся на месцы».
Вартавы прывёў палонных на ранейшае месца, задаволена буркнуў, маўляў, цяпер вам будзе і ўлежней, і ўежней, і, каб не перашкаджаць ім, як ні ў чым не бывала паблізу пачаў прагульвацца сюды-туды.
Любамір, які, як Кольбаў цень, разгублены і ўсхваляваны, маўкліва і неадступна сноўдаў побач з немцам, цяпер трохі супакоіўся і ўсеўся над палоннымі на дошцы з краю кар’ера. Што ён можа зрабіць? Яму трэба весці сябе прыстойна, як належыць вернаму прыслужніку. Адкуль Любаміру ведаць, што гэтаму вартавому не лезуць у горла бутэрброды, калі ён бачыць, як галодныя палонныя глытаюць сліну? Там, на гравійцы, дзе іх процьма, Кольб вымушаны мірыцца з абставінамі, бо ў прысутнасці многіх вартавых нічым не можа памагчы бедакам. А тут жа ўсяго толькі чацвёра палонных. Як ён зможа палуднаваць, калі яны, галодныя, прагнымі вачамі будуць глядзець на яго бутэрброды? Побач жа —веска. Дый у ёй, як сказалі дзяўчаты, няма салдатаў. Вясковыя жыхары заўсёды знойдуць, чым падзяліцца са сваімі землякамі. Тым болей, што i палонных яму не трэба адрываць ад працы. Яны ж нічым не занятыя, пакуль вернецца парожні грузавік. Вось таму Кольб і рашыў перад полуднікам памагчы хлопцам раздабыць яду.
А палонныя тым часам падзялілі пароўну хлеб, каб нікому не дасталося болей і ніхто не быў пакрыўджаны, прагна паглыналі яго, духмяны, пульхны, ды ў думках дзякавалі спагадліваму вартавому.
— Нейкі дзіўны немец. Спачувае нашаму брату, — не ўстрымаўся Акбар.
Сіліч хоць і зведаў ужо Кольбаву чалавечнасць, але, прызнацца, не чакаў ад яго такога дзёрзкага ўчынку. Хлопца ўразіла, што вартавы не пабаяўся Любаміра. Ён жа можа расказачь пра ўсё каменданту або дарожнаму майстру, ад якіх немец не абярэцца бяды.
Знаёмы змалку хлебны пах прыемна казытаў у носе, i хаця людская міласціна не перасядала ў горле, але Міхася пасля вымушанага жабрацкага валачобніцтва па вёсцы ўсё яшчэ не пакідала прыкрае, паганае адчуванне. Ён гатоў быў лепш майстраваць з парожніх гільзаў вазы для кветак або з дошак кіі і збываць ix за нямецкі эрзац-хлеб (хай сабе той не духмяны i не пульхны), чым пабірацца міласцінай у няшчасных землякоў, якіх не здолеў уратаваць ад варожай навалы.
Чым старанней хлопцы насядалі на хлеб, тым болей уваходзілі ў смак i з не меншым азартам абуджалі ў сабе апетыт. Што ў іхнім становішчы есці без меры, асабліва не траву i не кандзёр, а хлеб—рызыкоўна, яны разумел!, але ніяк не маглі спыніцца, дый невядома, ці спыніліся б наогул, калі б не вярнуўся парожні грузавік. Добра, што, пакуль накідалі пяском яго кузаў, зрабілі фізічную размінку і да пары да часу пакінулі ў спакоі рэшту недаедзенага хлеба, прыхаванага ў рэчмяшкі.
Паветра паступова прагрэлася, і свежасць змянілася гарачынёю. Сонца паднялося высока ўгару i праз павелічальную лінзу небасхілу прыпякала сваімі промнямі.
Палонныя ўжо амаль загрузілі кузаў, калі надышла пара полудніка. Спачатку Кольб, а потым напераменку адзін за адным і Любамір з Ангелам нетаропка елі бутэрброды. Полуднік заняў у іх не болей чвэрткі абедзеннага перапынку. Папалуднавалі яны адначасова з тым, як палонныя закончылі працу.
Якраз у гэты момант сюды з’явіліся Вера з Любаю. Напэўна, дзяўчаты ведалі, калі ў ахоўнікаў полуднік, таму і прыйшлі менавіта цяпер. Усе вартавыя сядзелі на дошцы з краю кар’ера. Вера смела падышла да Кольба і моўчкі нерашуча працягнула яму ладны высокі вузел, перахоплены не то абрусам, не то хустаю.
— Вас іст дас? —насцярожыўся той, не рашаючыся браць вузел.
Бачачы гэта, Вера разгублена апусціла яго i нясмела прамовіла:
— Шнапс.
Вартавы роблена засмяяўся, выняў з кішэнькі на жываце штаноў гадзіннік, глянуў на яго цыферблат, устаў з дошкі i, паказваючы рукою палонным, каб тыя таксама ўзбіраліся на край кар’ера, смеючыся, па-нямецку растлумачыў:
— Будзем спраўляць заручыны.
Яшчэ тады, як хлопцы накідалі на фурманку гліну, дзяўчаты, бачачы пакепліванні вартавога наконт зканіхоў i шнапсу, адчулі, што немец не строгі, i дома надумалі выкарыстаць яго балбатлівасць для таго, каб перадаць палонным яду. Аднак цяпер, калі палонныя падышлі сюды i Кольб рукой паказаў, каб яны ўсе ішлі ў бок дота, абедзве дзяўчыны занепакоіліся. Маўляў, хоць канваір і жартаўлівы, але хто ведае, што ён надумаў. Калі вартавыя пачнуць крыўдзіць, палонныя ж не здолеюць заступіцца пры ўзброеных ахоўніках. Але цяпер нічога не зробіш. Адступаць позна.
А Кольбу не хацелася навідавоку дый на санцапёку праводзіць недазволенае зборышча, калі непадалёку—утульнае сховішча. Ён жа з раніцы наведваў дот i добра агледзеў яго ўсярэдзіне.
Абодва балгарыны вымушаны цяпер суправаджаць дзівака немца. Ангел трымае напагатове карабін, а Любамір, хоць i не вымаў з кабуры пісталет, але таксама глядзеў ва ўсе вочы. Пярэчыць Кольбу яны, вядома, не могуць, а палонных ахоўваць абавязаны, бо за іх адказваюць перад камендантам лагера.
Кольб разагнуў і адматаў дрот, якім была завязана клямка, са скрыпам расчыніў дзверы і, жэстам рукі запрашаючы ўслед за сабою ўсіх астатніх, першы пайшоў у дот. Насцярожаныя, Любамір i Ангел моўчкі прапусцілі паперадзе сябе палонных з дзяўчатамі i таксама ўвайшлі туды, не прычыняючы за сабою дзвярэй.
Пасля спякоты Сіліча абдало прыемнай прахалодаю настылага бетону. У доце панаваў радкавы прыцемак, разлінаваны пыльнымі пучкамі святла, якое пранікала з вузкіх байніц і падсвечвалася, нібы слабым пражэктарам, шырокім снопам, што ўрываўся з расчыненых дзвярэй.
Сіліч здагадаўся, што немцы пабудавалі на гэтым пагорку дот, каб трымаць пад абстрэлам азёрны бераг на выпадак высадкі там савецкага дэсанту. З непрывычкі, пасля дзённага святла, у яго міжволі прыплюшчыліся вочы, i ён у прыцемку не адразу разгледзеў пры сцяне доўгі стол з лаваю. Кольб з вінтоўкаю падышоў да яго i, паказваючы рукою на лаву, ветліва прамовіў:
— Калі ласка, паненкі!
Вера разгублена паставіла на стол вузел i пасунула яго ўслед за сабою, нерашуча прабіраючыся з Любаю на сярэдзіну лавы.
— А вы стаўце да сцяны лапаты i таксама ўсаджвайцеся, — звярнуўся вартавы да палонных, рукою ўказваючы месцы паабапал дзяўчат.
Калі хлопцы паставілі лапаты і Міхась з Акбарам селі побач з Любаю, а Сабіт з Юлдашом —каля яе сяброўкі, Кольб падаў рукою знак, каб Вера гаспадарнічала. Дзяўчына разгублена развязала вузел i разгарнула рагі настольніка. Пасярэдзіне яго стаяла бутэлька, закаркаваная самаробным заткалам, абкладзеная лустамі хлеба. З двух бакоў іх прыкрывалі карчы зялёнай цыбулі, якія аддзялялі ад пляшкі дзве шклянкі. Вера старанна працерла іх ражком настольніка і пераставіла на край стала, бліжэй да вартавога. Потым выставіла туды бутэльку, спадыспаду якой дастала i раскрыла круглую бляшанку ад цукерак-ледзянцоў, напоўненую драбочкамі шэрай солі.
«Цяпер i жыццё сялян такое шэрае, як гэтая соль, i такое горкае, як гэта самагонка», — падумаў Сіліч, адводзячы позірк ад несамавітага пачастунку. Але тут жа зларадна ўхмыльнуўся ад таго, што вартавыя стаяць перад імі навыцяжку, а палонныя сядзяць у застоллі, усё роўна як на пачэсным покуце. Праўда, на гравійцы ён даўно пераканаўся, што Кольб наогул не прысядае, а ўсё расходжвае па абочыне. Але ж гэтыя браткі-славяне, што шмат часу праседжваюць на дошцы з краю кар’ера, цяпер вымушаны стаяць на нагах. Хаця, канечне, у сэнсе бяспекі ім спакайней і надзейней, што палонныя адгароджаны ад ix сталом.
Настала агульная разгубленасць і насцярожанае чаканне. Ні дзяўчаты, ні палонныя не ведалі, што рабіць. Пасля некаторай замінкі Кольб схамянуўся i, адчуваючы, што паколькі заварыў усю гэтую кашу, дык i павшей весці рэй, па-гаспадарску ўзяў са стала пляшку, страсянуў у руцэ i на фоне расчыненых дзвярэй уважліва разгледзеў змешчаную ў ёй вадкасць.
Сілічу было відно, як самагонка ў бутэльцы на момант запухірылася дробненькімі маністамі і потым зноў стала празрыстая-празрыстая, з блакітнаватым адценнем ад прыцемку ў доце.
— Шнапс зэер гут! — пахвальна адазваўся вартавы, ставячы на стол пляшку і вымаючы з яе рыльца заткала. — Чысты, як сляза!
Міхась неаднойчы чуў у народзе гэтае параўнанне, але цяпер здзівіўся, што яго ўжыў немец. «Няўжо яно і ў ix бытуе? А можа, ён чуў яго ад нашых сялян і ў гэтым доце перад палоннымі спецыяльна параўнаў шнапс са слязою, каб ахарактарызаваць наша гаротнае становішча?» — падумаў хлопец, гледзячы на тое, як Кольб запоўніў дно шклянкі самагонам i паднёс да рота, дэманстратыўна прынюхваючыся.
— Гэта не яд? — усміхаючыся, гарэзліва запытаўся ён, гледзячы на Любу. — Немцу не будзе капут?
— Найн, — стрымана адказала дзяўчына.
— Ну, дык тады за тое, каб вы на гэтым свеце не засталіся вечнымі нявестамі і жаніхамі! — прамовіў пасур’ёзнелы Кольб і, смакуючы, усё роўна як скрозь зубы, нетаропка выцадзіў у рот самагонку, паставіў на стол шклянку і пахваліў балгарам:
— Прыма! Пакаштуйце!
Але тыя нічога не прамовілі ў адказ, а толькі адмоўна пакруцілі насупленымі тварамі.
Кольб адарваў ад карча цыбулі зялёнае пяро, адкусіў, разжаваў, праглынуў ладны канчур яго і, смакуючы, задаволена заключыў:
— Пасля горкага шнапсу цыбуля —салодкая, як цукар. — Даеў рэшту пяра і, усміхаючыся, звярнуўся да ўсяго застолля: — Чаму седзіце, як госці? Чакаеце асабістага запрашэння? Гаспадарнічайце за сталом. Спраўляйце заручыны.
Міхася кальнула слова «заручыны». Каб Люба не падумала, што немец гэгым самым здзекуецца з палонных (бо яна ж не падазрае пра яго дзівакаватасць і зычлівасць), хлопец адарваў ад карча цыбулі некалькі пер’яў, абмакнуў у соль, другой рукою ўзяў лусту хлеба і пачаў нетаропка есці. Ён як бы падаў прыклад сваім напарнікам, якія ўслед за ім таксама пачалі латашыць цыбулю і есці ўпрыкуску з хлебам і з соллю. Сіліч ведаў, што каўказскія і сярэднеазіяцкія народы разам з вострымі мяснымі стравамі спажываюць разнастайную зеляніну, якая распальвае апетыт i памагае засвойваць ежу. Пасля шматлікіх згрызотаў паднявольнага жыцця цыбуля з хлебам ды з соллю падсалоджвала іхнюю горкую долю. А калі ўлічыць тое, што яны болей года не толькі не каштавалі яе ні ў якім выглядзе, але наогул не бачылі ў вочы, дык будзе зразумела, які апетыт яна выклікала ў палонных i якою здавалася ім сакавітай і лапушыстаю.
Сілічу перад дзяўчатамі было трошкі няёмка за сваіх напарнікаў, якіх усё роўна як падмянілі. Нічога сабе жаніхі! Забыліся пра нявестаў. Капаючы і накідаючы на фурманку гліну, яны як быццам заляцаліся да дзяўчат. А цяпер так дружна налягаюць на яду, нібы толькі што вырваліся з галоднага краю. У глыбіні душы Міхась не мог не спачуваць сябрам па няшчасцю, бо адчуваў сам на сабе дый ведаў, да чаго прыводзіць чалавека недахоп вітамінаў. Нездарма ж старажытныя егіпцяне на будаўніцтве пірамід штодня давалі кожнаму нявольніку галоўку часнаку. А нямецкія фашысты мораць галоднай смерцю савецкіх ваеннапалонных.
Бачачы, што ніхто ў застоллі не дакранаецца да самагонкі, Кольб памяркоўна пакпіў:
— А чаму ж не пакаштуеце шнапсу? Не хочаце спраўляць заручыны? Мусіць, нявестам не падабаюцца жаніхі? Ці жаніхам не даспадобы нявесты?
— У вайну і без гарэлкі горка. Дый якія пад канвоем памовіны? У сапраўднага свата цераз плячо звісае ручнік, а не вінтоўка, — нясмела азвалася Люба, якая збольшага зразумела сэнс Кольбавых слоў.
— Што яна кажа? —пацікавіўся вартавы.
Сіліч пераклаў сказанае.
Па ўсім адчувалася, што Кольб асекся. Ён прыкметна пасур’ёзнеў i толькі пасля некаторай паўзы паспрабаваў апраўдвацца:
— Не ведаю, як мусульмане. Можа, па ix законах шнапс забаронены. А ў славян без яго не бывае застолля ні на хрысцінах, калі народзіцца чалавек, ні на вяселлі, калі ён жэніцца, ні на памінках, што спраўляюць па ім пасля смерці.
Міхась не стаў увязвацца ў гаворку, бо зразумеў, што вартавы чуў пра звычаі славянскіх народаў і, напэўна, ведае пра тое, што і заручыны не бываюць без гарэлкі або віна. Успамін пра тое, што ў некаторых мясцінах на Беларусі «заручыны» называюць «памовінамі» або «запоінамі» і людзі кажуць там, што маладую не «засваталі», а «запілі», выклікаў у хлопца кіслую ўхмылку. Праўда, сам ён у гарэлцы не адчуваў ніякага смаку і нават законный сто грамаў, якія, бывала, атрымліваў на фронце, ніколі не піў, а заўсёды аддаваў іншым. Дык не хлябаць жа цяпер самагонку ў нямецкім доце з гора ды з бяды. Бо хто ведае, чым усё гэта можа скончыцца пасля?
Палонныя хутка расправіліся з дзявочым пачастункам. З галадухі хлеб з цыбуляю і з соллю быў ім у навіну і сышоў за лепшыя прысмакі.
Кольб, відаць, хацеў ужо закрываць недазволенае зборышча, але, калі глянуў на некранутую пляшку, разгублена развёў рукамі і па-нямецку прамовіў:
— Раз нявесты з жаніхамі не прыгубілі шнапсу, значыць, заручыны не адбыліся. А што рабіць з ім? Хіба ўзяць мне ды задобрыць Штунца? Можа, ён паспадзяецца, што я пастаянна буду ставіць яму магарыч, дый угаворыць Брэса, каб той часцей даручаў мне ахоўваць вас каля гэтай вёскі? — Але чамусьці перадумаў і злосна заключыў: — Няхай Штунц п’е свой. Ён умее рабіць гэта. А гэта — слёзы людскія. Вазьміце зелле, — кіўнуў ён галавою ў бок дзяўчат.—Яно спатрэбіцца настойваць лекавыя зёлкі ці націранне,—і паказаў рукою палонным, каб тыя забіралі лапаты, а сам пайшоў у дзверы.
— Дзякуй вам, дзяўчаты, за перадачу! —неўпапад азваліся хлопцы, калі Ангел з Любамірам пад канвоем выводзілі працэсію з дота.
— На здароўе! — адказала Вера. — Дзякуй вам, што накапалі нам гліны!
— Шанцу і ўдачы вам у жыцці! — загадкава пажадала на развітанне Люба.
З прыцемку на святле Міхасю здаўся вельмі прыгожым яе твар, яшчэ болей паружавелы ад сонечных праменняў.
З пагорка было відно, як удалечыні, у нізіне, пабліскваючы знічкамі, іскрацца азёрныя хвалі. Там, як ахопліваў пагляд, распасціралася бясконцая водная роўнядзь. Прыплюшчваючы павекі, Міхась разглядаў яе самотным позіркам, а ў думках узнікалі далёкія родныя мясціны і зусім іншае возера, блізкае яго сэрцу. Адтуль на яго глядзелі знаёмыя Анюціны вочы.
Дзьмухаючы выхлапным газам, натужліва завуркатаў грузавік, які Ангел вырульваў з кар’ера, а Міхасю здалося, што як быццам бы яго абдало дымком паравоза, пахам чыгуначных рэек і прасмоленых шпалаў на невялікай станцыі, што прытулілася да лесу насупраць Анюцінай вёскі. Бывала, як любілі яны ўдваіх шпацыраваць па яе дашчаным пероне, зайздроснымі позіркамі праводзячы цягнікі ды захапляючыся спрытам машыністаў, якія, не збаўляючы хуткасці, на хаду падхоплівалі жазло з рукі дзяжурнага.
Чыгуначны насып ад возера аддзяляла пясчаная дарога, ускрай якой раслі цяністыя вольхі, а за імі зараснікі чароту i аеру. Здавалася, што, калі б не гэтая трывала ўкаранелая прыродная заслона, вада ў паводку даўным-даўно пазмывала б сыпучы дарожны пясок.
Міхасю да драбніц знаёмы кожны закутак у наваколлі. Калі ісці са станцыі ў вёску, з правага боку ўздымаецца бязлесы пясчаны пагорак, а з левага расце ў вадзе чарот з асакою. I адразу ж вольхавым драбналессем заканчваецца возера. Справа ў яго ўпадае невялікі ручай, і далей ліпавая алея вядзе ў вёску, што раскінулася злева, воддаль берага. Напэўна, калісьці тут на ўзвышшы быў невялікі маёнтак, бо сям-там захаваліся замшэлыя будынкі, зусім непадобныя на вясковыя хаты, ды ацалела нямала стогадовых клёнаў. Непадалёку—памяшканне школы. Трохі лявей, за школьным садам, за валейбольнаю і футбольнаю пляцоўкамі, на беразе ў вадзе жалезнымі слупкамі выгараджана купальня з мосцікамі вакол. Проста ад школьнага двара ў возера выступае ладны паўвостраў, густа зарослы бярозамі, клёнамі і вольхамі. У самым канцы яго паверхня паступова зніжаецца і зусім хаваецца пад вадою. Навокала расце. шмат белых гарлачыкаў. Гэтую мясціну Анюта называла сваім запаведнікам, i для Miхася яна была таксама запаветная.
Бывала, колькі б яны ні баразнілі лодкаю раздольную азёрную гладзь, а ўсё роўна кожны раз абавязкова прычальвалі да гэтай утульнай прыстані. Праз цяністую навісь тут не паліла сонца, ад вады ледзь-ледзь патыхала свежасцю. Над галавою нябесны блакіт быў расквечаны зялёнай і салатавай лістотаю, а ўнізе над празрыстай глыбінёю, як зоркі, цвілі белыя i жоўтыя гарлачыкі. Ад водсвету гэтай прыгажосці Анюціны вочы адсвечваліся загадкавымі колерамі і невыказнымі адценнямі.
Калі закаханыя ўпершыню заплылі ў гэта казачнае царства, хлопец стаў зрываць кветкі на букет дзяўчыне, але яна пачала ўпрошваць, каб ён не чапаў ix, бо яны, сарваныя, хутка завянуць і загінуць. Маўляў, лепей хай растуць на выгодзе, каб можна было падоўгу любавацца імі, жывымі.
Усё лета, на працягу студэнцкіх канікулаў, гарлачыкі цвілі ў Анюціным запаведніку, радавалі дзяўчыну з хлопцам і прываблівалі закаханых у гэты закутан.
Даўным-даўно перад Міхасёвымі вачамі не паўставаў так выразна і яскрава гэты малюнак, як узнік сягоння. I ўсё дзякуючы Веры з Любаю, якія прынеслі палонным перадачу, а таксама дзякуючы азёрнаму берагу, што ўдалечыні адкрыўся яму з пясчанага адхона.
Упершыню за доўгі час, насычаныя каларыйнай ежаю, салодка спалі на пяску яго напарнікі, а ён, узрушаны ўспамінамі, нават у кароткай дрымоце не прымружыў вачэй, пакуль не вярнуўся парожні грузавік.
Калі Ангел з Любамірам расселіся на дошцы над палоннымі, якія пачал! накідаць у кузаў пясок, а Кольб расходжваў па краі кар’ера, Міхасю чамусьці зарупіла распачаць гаворку з ахоўнікамі, каб усё-такі высветліць, хто яны на самай справе.
— Братушкі, праўда, што вы—балгары? — наіўна звярнуўся ён да іх па-беларуску, нетаропка зачэрпваючы лапатаю пясок.
— А табе хіба не ўсё роўна, хто мы? — разгублена азваўся па-нямецку Ангел, якога Любамір падтрымаў яхіднай рэплікаю:
— Братушка мне знайшоўся!
Яна задзела Міхася за жывое. Хлопец ускінуў у кузаў пясок і, перш чым зачэрпнуць чарговую лапату, на нейкае імгненне прыпыніўся і з’едліва адказаў па-беларуску:
— Як-ніяк, а ўсё-такі мы нейкая радня, хоць і далёкая. Па Турэччыне ды па Нямеччыне. — I па-нямецку растлумачыў: — Мой дзед памагаў вашым продкам біць туркаў у Балгарыі, а бацька ва Усходняй Прусіі калашмаціў нямецкіх ваякаў.
— Вы хацелі забіць нашага цара Барыса, — раптам вынес бязглуздае абвінавачанне Любамір.
Сілічу болей не было чаго гаварыць. Цяпер ён зразумеў, што абодва ахоўнікі сапраўды балгары. Ён ведаў, што балгарскі цар Барыс абапіраўся на рэваншысцкія пранямецкія элементы і праводзіў палітыку ўзмоцненай фашызацыі краіны. «Мабыць, вось на такіх, як гэтыя, ён ускладаў свае спадзяванні і надзеі».