6


Ці таму, што ў немцаў абед—апоўдні, ці таму, што паднявольная праца хутка знясільвае галоднага, пасляабедзенны час цягнуўся вельмі доўга. Людзей, што ледзь варушыліся на месцы і сноўдалі з лапатамі і насілкамі, хіліла стома, а сонца ўсё затрымлівалася на небасхіле і марудзіла схіляцца ўніз. Як быццам яно бязлітасна паліла абяссіленых гаротнікаў таму, што ўжо не хапала ягонага цяпла для таго, каб ажывіць вымерлую, здратаваную зямлю.

Нечаканае з’яўленне каменданта парушыла размераны рытм працы палонных. Спачатку, калі ён праехаў міма ў кабіне невялікага грузавіка, яго прыкмецілі толькі тыя, хто знаходзіўся ў гэты момант паблізу ад майстра, які ўзняццем выкінутай рукі ўзаемна абмяняўся з камендантам фашысцкім прывітаннем. Астатнія палонныя не заўважылі яго праезду, бо не вельмі заглядалі ў аўтамашыны, што снавалі сюды-туды па гравійцы. Звычайна, праязджаючы, яны не збаўлялі хуткасці. Угледзеўшы набліжэнне транспарту, каб не перашкаджаць яго руху, палонныя ахвотна сыходзілі на абочыну, маючы магчымасць не варушыцца лішні раз і дадаткова прастойваць.

Гадзіны праз паўтары грузавік, у кабіне якога сядзеў камендант, збаўляючы хуткасць, мінуў палонных і, з’язджаючы на абочыну, спыніўся. Палонныя з абочын пачалі сыходзіць на гравійку, але, калі заўважылі, што па ёй ідзе камендант, які вылез з кабіны, зноў расступадіся, моўчкі выз,валяючы перад ім вузкі праход. Не звяртаючы на іх ніякай увагі, а толькі бегла аглядаючы гладка адпрасаваныя дарожным катком латы на выбоінах, ён мернымі крокамі накіраваўся да майстра.

Спярша яны вялі між сабой спакойную гаворку. Потым камендант раптам пасуровеў, бровы яго нахмурыліся, а твар пачырванеў. Ён сказаў нешта рэзкае перакладчыку—і той, прабіраючыся паміж палонных, шныпарыў лупатымі вачамі, кагосьці шукаючы. Нарэшце знайшоў былога наглядчыка і спыніўся перад ім. Камендант з майстрам падышлі таксама.

— Чаму ты не выконваеш мой загад?! — сярдзіта спытаўся ў яго камендант, павольна расшпільваючы на левым баку кабур і абшчаперваючы ручку парабелума.

Згорблены палонны, што ў гэты момант хацеў зачэрпнуць на абочыне пясок, устрымаўся ад свайго намеру і разагнуўся, не разумеючы, што яму кажа немец.

Перакладчык, таксама павышаючы голас, пераклаў камендантава пытанне.

Палонны нетаропка паставіў перад сабой саўковую лапату i ямчэй абапёрся на яе дзяржальна.

— Таму што я таксама чырвонаармеец. А цяпер такі ж самы, як i яны, савецкі ваеннапалонны,—спакойна адказаў ён, кіўнуўшы галавою ў бок бліжэйшых суайчыннікаў.

Амаль адначасова з тым, як недаростак пераклаў ягоны адказ, камендант выхапіў рэвальвер i, не прыцэльваючыся, ва ўпор стрэліў у грудзі палоннага. Той на момант нязграбна абвіснуў на дзяржальне і. падмінаючы яго пад сябе, рэзка крутнуўся і дагары асунуўся на дол. Камендант паспешліва ўлажыў парабелум у кабуру, зашпіліў яе і хацеў ісці прэч. Але забіты раптам выпрастаўся на ўвесь рост, намацаў рукою дзяржальна, што муліла спадыспаду, і, выцягваючы шыю, якую нібыта сціскаў яму каўнер, пачаў круціць галавою. Камендант выхапіў у суседняга палоннага штыхавую рыдлёўку і з усяе сілы абедзвюма рукамі насторч уторкнуў яе ў горла, адсекшы ахвяры галаву. Акрываўленую рыдлёўку адкінуў і, адыходзячы, сярдзіта прагергетаў нейкі загад.

— Цела не хаваць! — паслухмяна прабасіў перакладчык, праводзячы каменданта разгубленым позіркам.

Пасля працы палонным, што стаялі ў чарзе па кандзёр, перакладчык раздаў некалькі газет.

«Родина» —прачытаў Сіліч у руках Паўла назву газеты. «Здзекуюцца з нас, сволачы, —падумаў ён, ідучы з Багданам Платонавічам мыць ягоную бляшанку і Паўлаў кацялок. — Захапілі нашу зямлю і рукамі сваіх паслугачоў выдаюць рускую газету ды яшчэ называюць яе «Радзімаю».

Вярнуўшыся назад, яны адзін з аднаго, а другі з другога боку скоса глянулі ў разгорнутае папяровае прасцірадла, што трымаў у руках Паўло. У газеце на ўсе лады нахабна расхвальваўся новы парадак, устаноўлены фашыстамі ў Еўропе, і той лад жыцця, які яны ўсталёўваюць на захопленай савецкай зямлі.

Міхась зразумеў, што гэта за газета, і не ст,аў болей заглядваць у яе, а Багдан Платонавіч, раззлаваны фашысцкай брахнёю, плюнуў.

— Аддай яе курцам... Ім папера спатрэбіцца на цыгаркі,—параіў ён Паўлу, які ўнурыўся ў газету, а сам дастаў з рэчавага мяшка дзюралевую бляху і пайшоў з ёю на двор.

Паўло неахвотна адарваўся ад прасцірадла, не спяшаючыся акуратна склаў яго ў некалькі столак і схаваў у кішэню портак.

«Курэнне шкодзіць людзям. А Паўлу папера спатрэбіцца для іншага», — усміхнуўся ад сваёй думкі Міхась.

Ранкам да лагернай брамы пад’ехалі тры вялізныя грузавікі з тэнтамі над кузавамі. З іх вылезлі нямецкія аўтаматчыкі. Частку палонных яны пагрузілі ў машыны і пад аховаю павезлі, а ўсіх астатніх вывелі з лагера на гравійку. Не прайшло і пяці хвілін, як сюды пад’ехаў невялікі грузавік з металічным кузавам. У кабіне яго сядзелі два чалавекі ў незнаёмай чорнай форме.

Майстра прагергетаў штосьці перакладчыку, і той загадаў чацвярым палонным залезці ў кузаў і падаваць адтуль інструмент. На гэты раз ужо не відаць было малатоў: з рук падавалынчыкаў палонныя бралі штыхавыя рыдлёўкі і саўковыя лапаты ды зрэдку насілкі і кіркі. Калі кузаў апаражнілі, грузавік таксама паехаў у той бок, куды павезлі палонных.

За кюветам аўтаматчыкі з двух бакоў ачапілі жывым ланцугом гравійку. Па тым, што майстра загадваў рабіць палонным, адчувалася, што ў гэтай працы не было пільнай патрэбы, аднак педантычнаму немцу дужа карцела прымусіць нявольнікаў чым-небудзь займацца, абы толькі яны не сядзелі без справы. Адны штыхавымі рыдлёўкамі і кіркамі павінны былі высякаць дзёран па самым дне кюветаў, другія — насілкамі адносіць яго ўбок, а трэція—саўковымі лапатамі выроўніваць паверхню свежаўзрыхленай зямлі.

Перакладчык неадступна як цень сноўдаў за майстрам і паслухмяна пераказваў палонным усе ягоныя загады і ўказанні.

Звалі перакладчыка Іван. А палонныя ці то з-за ягонага выгляду і росту, ці то ў насмешку за тое, што ён сам напрасіўся на службу, называл! яго Ванькам. Ён не крыўдзіўся i спачатку ўспрымаў гэта як надежную ліслівасць. Але нехта даў яму мянушку Ванька-ўстанька. Яна таксама прыжылася, і хаця карысталіся ёю пры гаворцы аб ім завочна, яе, вядома, не мог не пераказаць яму хто-небудзь з ягоных падхалімаў.

I таму раптам аб ім пачалі распаўсюджвацца розныя чуткі. Прычым разносіліся яны сярод палонных не патаемна, а адкрыта, i адчувалася, што перакладчык зацікаўлены ў гэтым. Мабыць, некаторыя з іх ён распаўсюджваў сам, бо яму было непрыемна, што з яго пакепліваюць і насміхаюцца.

Казалі, нібыта на фронце Ванька быў малодшым лейтэнантам, чаго ён і сам не адмаўляў. Некаторыя верылі гэтаму, асабліва пасля таго, як пачулі, што ён сапраўды ўмее аддаваць каманды і ведае замежную мову. Аднак многія чамусьці сумняваліся ў праўдзівасці гэтых чутак. Прычынаю таму быў не рост і не выгляд чалавека. Хіба ж на фронце нізкія i шчуплыя не маглі быць камандзірамі? Мусіць, усіх настолькі абразіла і пакрыўдзіла Ванькава прыслужніцтва немцам, што людзі не маглі дараваць яму гэтага.

Міхась з Паўлом арудавалі штыхавымі рыдлёўкамі, а Багдан Платонавіч—саўковай лапатаю.

Кювет зарос густой травою. На выгодзе яна пабуяла. Цяпер яе не выкошваў чалавек, не скубла i не клычыла жывёла. Асабліва высокая i сакавітая вымахала трава па самым дне кювета. У ёй заблытваліся ногі. Хлопцам было нязручна высякаць там невялікія мурожныя квадраты i трохвугольнікі. Дый паглядаючы раз-пораз на рыдлёўкі, палонныя разам з тым спадылба зіркалі па баках, асцерагаючыся наглядчыцкіх кіёў. Паўло з Міхасём рухаліся па кювету насустрач адзін аднаму. У іх былі надзейна забяспечаны тылы: яны своечасова маглі папярэджваць адзін аднаго аб набліжэнні небяспекі.

Наглядчыкі сама што адчулі смак сваёй службы. Каб яны жвавей гойсалі сярод палонных, немцы забралі ў іх драўляныя калодкі і дазволілі выбраць па свайму густу найлепшыя боты. Цяпер фашысцкія паслугачы фарсіста шпацыравалі ў іх па абочынах, размахваючы свежаакоранымі кіямі.

Стары, надзьмуты, як сыч, кожны раз, лупцуючы кіем, адначасова штосьці прыгаворваў сам сабе. Сягоння ён, мусіць, перастараўся і надарваў свой голас, бо хрыпеў, нібы прастуджаны.

Дзюбаносы з дзёрзкім позіркам таксама разышоўся на ўсе застаўкі. Кіем ён ужо дубасіў толькі з адцяжкаю. I на кожным кроку брыдка лаяўся. За адны суткі са звычайнага мата ўзабраўся на сяміпавярховы. Цяпер палонных не называў іначай, як «калоднікі». Прычым перад гэтым словам яшчэ абавязкова ўжываў адно непрыстойнае, таму атрымлівалася ў яго нешта накшталт прыдатка «смаркачы-калоднікі», за што Багдан Платонавіч самога яго празваў гадам падкалодным.

Развінаючы рыдлёўкай высокую траву на дне кювета, Сіліч адчуў, як яе лязо глуха скрыгатнула па метале. Хлопец нахіліўся i рукою нясмела намацаў нейкі цвёрды прадмет, аблытаны густой травяной сеткаю. Лязом рыдлёўкі асцярожна праштыхаваў яго кругом, акуратна падсякаючы карэньчыкі травы, і выкуліў з яе невысокую круглую бляшанку цёмна-зялёнага колеру.

— Што гэта?—здзівіўся ён.

— Дымавая шашка, —буркнуў Багдан Платонавіч і, падкалупліваючы бляшанку лапатаю, растлумачыў: — Толькі нявыкарыстаная.

— Гатовы кадялок? Нават са зручнай накрыўкаю... — няўпэўнена вымавіў хлопец.

— Каб ніхто не ўзяў, хавай у рэчмяшок, — параіў Багдан Платонавіч.

Міхась паслухмяна падняў цяжкаватую бляшанку і паклаў у дзядзькаў рэчмяшок, што насіў за сваімі плячамі.

Не болей як праз гадзіну сюды зноў пад’ехаў той слмы грузавік, што раней прывёз інструмент, i амаль адначасова з ім, з другога боку, адтуль, дзе ўчора палонныя рамантавалі гравійку, нехлямяжа прывалюхаў непаваротлівы дарожны каток.

Грузавік з’ехаў на абочыну і, раз-пораз аўтаматычна прыадкрываючы задні борт i пакрысе падымаючы перад кузава, на хаду высыпаў некалькі куч бітай цэглы, перамешанай з тынкам.

Сіліч самотна глядзеў на самазвал, які валамі гліністага смецця выгрузіў на дол рэшткі нечага жытла. Хлопцу міжволі ўспомнілася, як ён калісьці націскаў нагою педаль конных грабляў, а тыя выкідвалі на луг валы сухога сена. Дык жа на выкашаным лузе потым знсў адрастала сакавітая атава, а ў завершаных стагах і ў снежную зіму сена нагадвала чалавеку пра зялёнае лета i духмяна пахла ў стайнях і ў кароўніках. А фашысты зруйнавалі нашы дамы і кватэры i дарогу сабе хочуць вымасціць людской бядою.

Усіх палонных, што сноўдалі з насілкамі, i большую частку тых, каму дасталіся саўковыя лапаты, з кювета майстра пераставіў на гравійку. Прывезенай гліністай сумессю яны запруджвалі выбоіны і збольшага разраўноўвалі насыпаныя погарбы. А няўклюдны дарожны каток прымінаў іх сваім цяжарам і так гладка адпрасоўваў, што калдобіны здаваліся залапленымі ранамі, якія ледзь-ледзь крываточаць. Скрозь як глянуць удалечыню на жаўтлявай паверхні гравійкі яны выглядалі выцвілымі крывянымі лужынамі—слядамі жудаснага разбою і разбурэння.

Трое маладых палонных—два статныя, высокія і адзін сярэдняга росту, але таксама падцягнуты—працавалі на абочыне, над кюветам, на дне якога корпаліся Міхась, Паўло i Багдан Платонавіч. Абое высокія разносілі і высыпалі на выбоіны гліністую сумесь, якую ніжэйшы накідаў ім на насілкі.

Сіліч прыкмеціў, як яны крадком прастойваюць, умела абводзячы вакол пальца майстра, а калі той набліжаецца, пачынаюць ледзь-ледзь варушыцца.

Такая гульня ў хованкі працягвалася да таго часу, пакуль яе не прыкмеціў дзюбаносы наглядчык з дзёрзкім позіркам. Ён перахітрыў іх. Відаць, здалёку наглядчык высачыў, што яны адлыньваюць ад працы, бо падляцеў і кіем агрэў па разу абодвух статных. А калі за іх уступіўся ніжэйшы, пачаў з азвярэласцю дубасіць і яго. Спрабаваў біць з адцяжкаю, як быццам хацеў перарэзаць чалавека напалам. Але палонны вёртка выкручваўся, не падстаўляў пад кій балючыя месцы і, спрытна засланяючыся ад удараў дзяржальнам саўковай лапаты, раз-пораз, нібы нажом, паласаваў наглядчыка ненавісным стальным паглядам. Спачатку выматаў з яго сілы, а потым імгненна перахапіў дзяржальна і ўзяў лапату наперавес, нібы вінтоўку са штыхом. Абое статныя тым часам таксама падступіліся з бакоў бліжэй да наглядчыка. Здавалася, што вёрткі ўзмахвае двума крыламі і, спрабуючы ўдарыць імі нямецкага прыслужніка, насядае на яго. Той, мусіць, не чакаў гэтага, бо ўздрыгнуў і адступіў. Разгублены, ён шмыгнуў прэч. Ні майстра, ні іншых наглядчыкаў у гэты момант не было паблізу.

«Гэты адзін абломіць чорту рогі, — падумаў Сіліч, з пачуццём павагі, замілавана паглядаючы на шустрага і смелага дзецюка, грушападобны твар якога яшчэ рдзеў ад фізічнай перанапружанасці і прыліву крыві.— А ўтрох яны д’ябла адолеюць».

Палонныя са штыхавымі рыдлёўкамі і частка тых, што саўковымі лапатамі выкідалі высечаны дзёран, па-ранейшаму заставаліся ў кюветах. А паколькі майстра цяпер болей глядзеў за тымі, што рамантавалі дарогу, дык і наглядчыкі таксама сачылі толькі за іхняй працаю.

Аўтаматчыкам былі відаць у кюветах толькі галовы ды плечы людзей. Таму палонныя адчувалі там сябе трошкі вальней, маглі прастойваць i варушыліся для адводу вачэй.

Калі абодва хлопцы для выгляду расхіналі рыдлёўкамі высокую траву на дне кювета, Паўло раптам ні з таго ні з сяго прапанаваў:

— Міхайла, давай напішам што-небудзь у газету...

— У якую?..—здзіўлена насцярожыўся Міхась, мяркуючы, што Паў.ло пакеплівае з яго.

— Ну ў якую ж?.. У гэтую, што ў маёй кішэні...—дрыготкім голасам лрызнаўся сусед i без ценю пакеплівання, сур’ёзна дадаў:—Адрас тут ёсць...

У Міхася ад нечаканасці ажно перахапіла дыханне, i невядома, што ён адказаў бы, калі б у гаворку не ўмяшаўся Багдан Платонавіч, які паміж імі таксама ледзь-ледзь варушыўся са сваёй саўковай лапатаю.

— Як яна называецца? «Родина»?—няўпэўнена запытаўся ён, але, не чакаючы, пакуль хто-небудзь з іх падтакне яму, з’едліва прадаўжаў: — Навошта вам пісаць па-руску? Табе, Паўло, лепей напісаць па-ўкраінску, у Кіеў. Там у немцаў, нябось, таксама з’явілася ўжо газета, «Батьківіцына»... Міхайла, а як па-беларуску «Родина»?

— Радзіма,—неахвотна буркнуў Міхась, які ўсё яшчэ не мог апамятацца ад разгубленасці, выкліканай неспадзяванай прапановаю суседа.

— Ну от, дык у Мінску, вядома, у немцаў таксама ўжо з’явілася гэтая «Радзіма». Ты, Міхайла, можаш напісаць у яе па-беларуску. А тут без вас пісакі ўжо знайшліся.

У дзядзькавым голасе адчуваліся і крыўда, і горыч, i насмешка.

Суседава прапанова выклікала ў Міхася падазронасць і недавер да Паўла. «Хіба ж ён цёмны, адсталы? Не разумев, хто выдав тут гэтую газету? Значыць, вось чаму ён схаваў яе ў сваю кішэню. А я думаў, што ён беражэ паперу для іншай патрэбы», — горка ўхмыльнуўся хлопец. Цяпер яму не хацелася быць побач з суседам, з якім яны елі з аднаго кацялка.

Добра, што майстра неўзабаве абвясціў абедзенны перапынак. Палонныя адразу ж пасыпаліся з гравійкі ў кюветы. Адны рассядаліся, а другія разлягаліся на ўтравянелых схілах, каб хоць трохі адпачыць.

Сіліч шарахнуўся ўбок ад Паўла і на траве ўшчаміўся паміж нейкім палонным і Багданам Платонавічам. Яму ні на крок не хацелася адыходзіць ад старэйшага суседа. Пачуццё ўдзячнасці да яго трошкі ўраўнаважвала і супакойвала ўзрушаны стан хлопца.

А Багдан Платонавіч, відаць, таксама быў не ў настроі, бо адразу ж моўчкі заняўся Міхасёвай дымавой шашкаю. З цяжкасцю сарваў з яе тугую накрыўку і ражком лапаты пачаў беражна раскалупваць i вытрасаць нейкае крохкае цвёрдае рэчыва. Калі кругом былі паабкалуплены яго краі, дзядзька выцягнуў з бляшанкі суцэльны цыліндрычны дыск.

Парожняя бляшанка ўсярэдзіне ажно блішчэла люстраной паверхняю. Толькі ў пазах на самым дне ледзь-ледзь праступалі жаўтлявыя плямінкі. Але іх можна адшараваць пяском або попелам.

Праўда, бляшанка не надта зручная: ручка на ёй — зверху. Калі атрымаеш кандзёр і возьмеш за яе— бляшанка ўпадзе на дол, а ў руцэ застанецца толькі накрыўка. Якраз такія пасудзіны, толькі значна большыя і з выгляду бліскучыя, у бальніцах носяць медыцынскія сёстры. Зроблена бляшанка з тонкай бляхі. Калі нальюць гарачага варыва, яе не ўтрымаеш: апячэ рукі. Яшчэ добра, што накрыўка да яе падагнана шчыльна і трымаецца туга.

— Які кандзёр, такая і пасудзіна, — зазначыў Багдан Платонавіч, аддаючы Міхасю бляшанку. — Пакуль знойдзецца што-небудзь лепшае, яна часова заменіць кацялок.

Але Міхась, як дзіця, быў рады сваёй знаходцы: гэтак не хацелася яму цяпер есці з Паўлам з аднаго кацялка.

У кюветах усталявалася цягучая цішыня. Людзей, што выбіты лёсам са звычайнай жыццёвай каляіны і скалануты псіхалагічным стрэсам ды яшчэ каторы дзень не кормлены, не столькі знясільвала праца, колькі прыгнятала цяперашняе становішча. Адны лежачы драмалі, другія ў задуменні сядзелі моўчкі.

Сіліч хоць трохі супакоіўся, але таксама не мог адкараскацца ад назойлівых думак. Як хворага ліхаманкаю час ад часу праймаюць дрыжыкі, гэтак яго калацілі прыступы злосці. З галавы не выходзіла вар’яцкая суседава прапанова. «Пра што ён хацеў напісаць у гэтую газету? Пра тое, як знясіленых савецкіх палонных фашысты прымушаюць людской бядою масціць дарогу? Ці пра гэтыя гліністыя латы, што на калдобінах нагадваюць выцвілыя крывяныя лужыны?»

Калісьці Міхась любіў дасылаць допісы ў сваю раёнку. Пісаў пра тое, як яны, вучні, варочалі і зграбалі арцельнае сена ды ў жніво збіралі на пожні каласы, а ў святы зялёнай дзеразою ўпрыгожвалі арку на калгасным двары.

«А можа, Паўло хоча напісаць пра тое, як у ягонай вёсцы пухлі і паміралі землякі ў галодны год, калі дабрадзеі падчыстую павыграбалі і павывозілі са свірнаў усё збожжа? Але ж не да гэтага цяпер, калі на нашай зямлі гаспадараць фашысты. Дый не ў іхнюю ж газету пісаць пра гэта, выстаўляючы сябе на пасмешышча. Яны толькі злараднічаць будуць. Не для таго ворагі прыйшлі сюды, каб выпраўляць нашы прамашкі і наводзіць у нас парадак. Спачатку ад іх трэба вызваліць сваю зямлю, а потым самім разбірацца ў сваіх справах».

Міхасёў журботны позірк бязмэтна блукаў па наваколлі: абмацваў паблізу някошаныя сенажаці, далёкія пажоўклыя нівы і ў сіняватай смузе дробныя пералескі. Потым спыніўся на лагеры, што ўзвышаўся непадалёку ўзбоч гравійкі. Адсюль добра было відно, што гэта звычайны жывёльны двор. Ала абнесены не загараддзю з жардзінаў, а высокай калючай агароджаю з ахоўнымі вышкамі па вуглах, ён здаваўся пачварным прывідам і выглядаў асабліва злавесна. «Пра гэта ж Паўло не напіша ў тую «газету»...

Толькі цяпер Сіліч разгледзеў, што ягоным суседам аказаўся той самы вёрткі палонны, які спрытна выкручваўся і засланяўся ад удараў наглядчыка. На супрацьлеглым схіле кювета сядзелі абодва ягоныя напарнікі: адзін—чарнявы, прыгожы з твару, а другі — рыжаваты, вяснушчаты. Па тым, як яны не зводзілі вачэй з шустрага і глядзелі яму ў рот, Міхась зразумеў, што гэтую спаяную тройню не разальеш вадою.

Раптам у журботнай цішыні як быццам сцёбнулі дратаванкаю па адным і амаль адначасова па другім кювеце, ад чаго па наваколлі пакаціўся працяжны пошчак. Той, хто, лежачы, драмаў, спрасонку не мог уцяміць, што адбылося. Толькі тыя, якія моўчкі сядзелі ў задуменні, зразумелі, што дзесьці суха трэснулі дзве аўтаматныя чаргі. То там, то сям у кюветах палонныя падымаліся на ногі, спрабуючы разгледзець, што здарылася. Але аўтаматчыкі, што пакідалі на зямлі біклажкі з бутэрбродамі, таксама паўсхопліваліся і кароткімі чэргамі прастрочвалі паветра паўзверх галоў палонных ды наперабой крычалі: «Зіхц хінлеген!», «Зіхц хінлеген!».

У полуднік перакладчык з наглядчыкамі таксама сядзелі ў кюветах і не вылазілі з іх. Пагрозлівымі чэргамі і гартаннымі крыкамі аўтаматчыкі нарэшце навялі парадак. Болей палонныя не высоўвалі галоў з кюветаў, а толькі насцярожана прыслухоўваліся да трывожнай цішы.

— Што здарылася? — прагергетаў хтосьці непадалёку, і чуваць было, як гэтае запытанне перадавалася далей па ланцугу аўтаматчыкаў.

У хуткім часе такім жа чынам адтуль данеслася:

— Двое спрабавалі ўцячы.

Сіліча нібы зачапіла запозненым рыкашэтам. Ён сцяў зубы і маўчаў. Яму было балюча, таму ён і іншым не стаў пераказваць гэтую чутку. Але неўзабаве яе пацвердзілі самі палонныя. Таксама з таго боку з вуснаў у вусны яны перадавалі вестку пра тое, што двух смельчакоў, якія па-пластунску папаўзлі ў высокай траве па дне кювета, аўтаматчык прашыў дзвюма чэргамі.

Салдаты, як быццам нічога не адбылося, зноў сядалі да пакінутых біклажак з бутэрбродамі і працягвалі перарваны полуднік. Майстра дык той, як разамлелая квактуха, пры ўзнятай паніцы нават не падняўся з наседжанага месца.

Праз некалькі хвілін некаторыя палонныя заўважылі, што па гравійцы ад лагера да іх чыкільгае адзінокая постаць. Але, калі яна зусім наблізілася, яны былі горка расчараваны тым, што іх ашукаў зрок: пагойдваючыся плячамі і шырока расстаўляючы свае крывулі, камендант нібы цыркулем адмяраў сюды адлегласць ад лагера.

— Што тут адбылося?!—зацікаўлена запытаўся ён па-нямецку, не зварочваючы з абочыны ні да майстра, ні да аўтаматчыкаў.

— Двое спрабавалі ўцячы, —данеслася адтуль у адказ.

— Дзе яны?

— У канцы ачаплення ляжаць у кювеце.

Камендант накіраваўся ў той бок, на гэты раз ужо не разглядаючы, як выраўняны і адпрасаваны калдобіны.

Хутка па тым кювеце, у якім ляжалі забітыя, нібы па ланцугу ў траншэі, палонныя пераказалі адзін аднаму тое, што там адбылося. Адзін з небаракаў, якога камендант штурхнуў нагою, аказаўся яшчэ жывы. Мусіць, аўтаматная чарга толькі прастрачыла яго, але не абарвала жыццё. Уцекачы паспелі адпаўзці на ладную адлегласць, i таму самыя крайнія палонныя не разгледзелі i не пачулі, менавіта як адрэагаваў цяжка паранены на камендантаў выспятак. Яны толькі бачылі, што камендант, нібы апантаны, адскочыў ад гаротніка, кінуўся да іх, схапіў з зямлі кірку і, падбегшы назад да параненага, з размаху праламаў ёю ягоны чэрап.

Потым усе палонныя, якія сядзелі і ляжалі на вонкавых схілах кюветаў, былі сведкамі таго, як змрочны камендант, рухаючы жаўлакамі, моўчкі пачыкільгаў назад у лагер. З абодвух бакоў гравійкі яго праціналі навылет насцярожаныя, ненавідзячыя позіркі.

Міхасёў сусед вычакаў, калі ён пройдзе міма, і з абурэннем вымавіў:

— Вылюдак!

— Садыст! — удакладніў Міхась.

А Паўло незадаволена прамармытаў:

— Людзі самі шукаюць сабе смерць.

«Мусіць, табе карціць напісаць пра гэта ў іхнюю газету?» — мільганула ў Міхасёвай галаве.

— Хяндога, чуеш, што чалавек кажа? Насіллем не працівіцца злу? — невядома ў каго насмешліва спытаўся з супрацьлеглага схілу кювета рыжаваты напарнік Міхасёвага суседа.

— Людыні на волі адразу памерці лягчэй, чымся гібець і пакутаваць у няволі, — разважыў Багдан Платон,авіч.

— Канечне, сослепу перціся на ражон няма чаго, — прамовіў у адказ яму Міхасёў сусед.— Але пры нашых умовах трэба заўсёды быць напагатове. А як толькі трапіцца выпадак, не раздумваючы, уцякаць. Бо тут не выжывеш, калі не рызыкаваць жыццём.

«Хяндога. Значыць, гэта ягонае прозвішча, — падумаў Сіліч. — Трохі нязвычнае, але затое запамінальнае».

Загрузка...