20


Зусім не па Міхасёвай віне аднойчы адбылася мітрэнга, у выніку якой ён ледзь не аказаўся адлучаны ад суседзяў па нарах ды яшчэ ў дадатак атрымаў калом па гарбе ад каменданта. Здарылася гэта раніцай, пасля таго, як палонных выпусцілі з-за агароджы. Калонаю яны рухаліся да склада, па чарзе ўваходзілі ў яго, бралі інструмент для працы і зноў выстройваліся.

Сіліч, Леанід, Казнадзей і Хяндога ішлі ў першым радзе. Хяндога з Ярмолікам, які ішоў у другім радзе, узялі насілкі, а астатнія трое —лапаты. Як толькі выйшлі са склада і выстраіліся, да іх падышлі камендант, перакладчык Ванька і чатыры нямецкія аўтаматчыкі. Брэс адлічыў першыя тры рады палонных і праз перакладчыка загадаў, каб яны пакінулі свой інструмент каля склада і выстраіліся зноў.

Літаральна праз некалькі імгненняў і здарылася непрадбачанае. У часе мітусні, пакуль адлічаныя палонныя прысланялі да сцяны інструмент і зноў выстройваліся, з калоны, што павінна была ўваходзіць у склад, да іх шустра прашмыгнуў Вырвін і стаў побач з Леанідам, апярэджваючы Міхася, які такім чынам апынуўся ў першым радзе пятым.

— Прэч адгэтуль! — крыкнуў Брэс. — Не ўмееш лічыць да дзесяці? Не бачыш, што ты — лішні?!

— Я тут стаяў, —паспрабаваў апраўдвацца збянтэжаны Сіліч, не адыходзячы ад суседзяў па нарах.

Але раз’юшаны камендант імгненна выламаў кол, да якога калісьці была прывязана пасаджаная бярозка, і з усяе сілы наводмаш пачаў дубасіць ім хлопца. Міхась не кінуўся наўцёкі, бо баяўся, што Брэс выхапіць з кабуры парабелум і стрэліць наўздагон, таму толькі спрытна паварочваўся, падстаўляючы пад удары то плечы, то спіну з рэчмяшком.

— Што ты на нявінным спаганяеш злосць?! — з дакорам запытаўся ў Брэса вартавы з жалезным крыжам, што быў каля калоны, якая ўваходзіла ў склад. — Ён сапраўды стаяў у першым радзе. Я сам бачыў, што, калі адлічаныя палонныя паставілі да сцяны лапаты і вярталіся выстрайвацца, адгэтуль прашмыгнуў да іх і стаў на ягонае месца вунь той, даўганогі, які з ім побач.

Відаць, умяшанне канваіра збянтэжыла каменданта перад лагернай аховаю і аўтаматчыкамі, бо ён на нейкае імгненне разгубіўся. А потым перавёў разгублены позірк на Вырвіна і хацеў наўзмах агрэць яго калом па мазгаўні, але той спрытна ўхіліўся і ўдар прыйшоўся па плячы. Не паспеў Брэс размахнуцца зноў, як даўгалыгі Вырвін у кароткім шынялі кінуўся наўцёкі і нырнуў у склад разам з апошнімі палоннымі, якія яшчэ не ўзялі інструмент, а збянтэжаны Сіліч заняў сваё ранейшае месца.

Брэс незадаволена адкінуў убок дрын і знакам рукі паказаў аўтаматчыкам, што яны могуць весці адлічаных палонных. Тыя прывялі нявольнікаў да барака, ля якога стаяў вялізны грузавік, накрыты брызентам, загадал! ім залазіць у кузаў. Калі палонныя залезлі, аўтаматчыкі расселіся на задняй лаве тварам да іх —і аўтамашына рушыла з месца. Палонныя сядзелі ў кузаве на трох пярэдніх лавах, спінамі да кабіны.

Устрывожаным позіркам Сіліч абвёў іх і, пераконваючыся, што суседзі па нарах знаходзяцца тут, пачаў супакойвацца пасля нядаўняй узбуджанасці і перапалоху. Яму здавалася, што, дрогка ўздрыгваючы на хаду, грузавік таксама вытрэсвае з яго рэшткі ягонага ўзрушэння. Супакаенне як быццам наставала, а злосць на Вырвіна не пакідала хлопца. Яна свідравала яго мозг і паліла агнём ягонае нутро. Hi за што ні пра што атрымаць такую ўзбучку! Яшчэ добра, што толькі гэтым усё абышлося.

Мог жа Брэс і ўлажыць напавал. У нямецкім астрозе правы ў яго былі абмежаваныя. А тут ён паўнапраўны гаспадар. Можа вытвараць, што захочацца. Таму і наганяе ўпушчанае. «Яшчэ добра, што крайні ў першым радзе стаяў я, а не Леанід, — схамянуўся Міхась, —А так бы Вырвін стаў на ягонае месца i невядома, чым бы скончылася ўсё. Калі б камендант лупцаваў не мяне, а сябра і Вырвіна, апошні, у гарачцы i каб выратаваць сваю шкуру, мог бы выдаць каменданту Леаніда, назваўшы яго яўрэем».

Міхась разумеў, чаму Вырвіну хацелася ўшчаміцца ў невялікую трупу палонных, якіх камендант адлічыў для аўтаматчыкаў. Палонныя імкнуліся трапіць на якія-небудзь іншыя работы, куды зрэдку з лагера бралі іх немцы. Казалі, што бывалі выпадкі, калі некаторым нават перападаў там з кухні салдацкі крупнік. Ужо некалькі разоў гэтым выхваляўся перад суседзямі Гладыш. Камендант чамусьці ўпадабаў яго і заўсёды пасылаў туды, дзе патрэбен быў толькі адзін палонны. Мабыць, Брэс быў упэўнены, што Гладыш не ўцячэ, паколькі яго наведвае жонка і немцам вядомы ягоны хатні адрас.

Сіліч сумняваўся ў тым, што Вырвін імкнецца ўцячы. Па ягоных размовах з палоннымі на нарах гэтага не адчувалася. Хутчэй за ўсё ён пагаліўся на салдацкі крупнік. Нездарма ж у памыйцы за кухняю ён часта корпаецца i за сваю пайку хлеба выменьвае ў наглядчыкаў кандзёр. Цяпер Вырвін выклікаў у Міхася агіду і здаваўся яму чалавекам слабавольным i ненадзейным. На такога пакласціся рызыкоўна, ад яго можна ўсяго чакаць.

Грузавік прывёз палонных у нейкае паселішча, занятае нямецкай вайсковай часцю. На ўскраіне яго, за прысадамі маладых дрэваў, быў прымітыўны склад гаручага, абнесены калючым дротам з ахоўнымі вышкам! па вуглах. З панылым настроем аглядалі яго палонныя, калі аўтаматчыкі ўпусцілі іх за агароджу. Небаракі зразумелі, што трапілі з агню ды ў полымя. Кожны бачыў, што ў яго няма шанцаў на ўцёкі. Палонных прымусілі перакочваць бочкі з-пад гаручага. Праз увесь склад іх трэба было каціць па двухкалейных драўляных лагах, потым ускочваць на высокую эстакаду i з яе —у кузавы аўтамашын. Аўтаматчыкі сачылі, каб палонныя не адставалі адзін ад аднаго, і прымушалі іх рухацца цугам.

Важдацца з парожнімі бочкамі не асабліва цяжка. Але паступова надакучаў аднастайны занятак. Асабліва прыгнятала тое, што трэба было ўвесь час быць сагнутым i не толькі падштурхоўваць бочкі, але і прытрымліваць іх за днішчы, каб яны не накочваліся на палоннага, які рухаўся наперадзе. Выпрастацца можна было толькі на адваротным шляху, ідучы назад строем, пад наглядам аўтаматчыкаў. Такая педантычная муштроўка таксама надакучала.

Пакуль склад ахінала ранішняя свежасць, яшчэ можна было сяк-так трываць. Але чым вышэй падымалася сонца, тым болей яно выпарвала промнямі гаручае, пах якога выклікаў галавакружэнне і ванітаванне. Невядома, як перанеслі б усё гэта палонныя, калі б абедзенны перапынак быў у немцаў не апоўдні. У часе яго аўтаматчыкаў падмянілі іншыя. «А мы будзем сыты пахам бензіну! —з прыкрасцю падумаў Міхась, прыгадваючы Гладышава выхвалянне наконт салдацкага крупніку. —Чакай, яны пакормяць цябе, дагоняць дый яшчэ дадуць!»

Загрузка...