Раніцаю, ледзьве палонныя распачалі працу на гравійцы, як да іх з лагера пад’ехаў вялізны грузавік з адкрытым кузавам. Прыцішаючы хуткасць перад людской гурмою, ён на скрыжаванні з’ехаў на прасёлкавую дарогу, адразу ж завярнуўся на ёй і, пад’язджаючы зноў да палонных, спыніўся. З кабіны, у якой застаўся шафёр, вылезлі камендант і невысокі драбнаваты фельдфебель з рознакаляровай істужкаю ў пятлічцы на грудзях і са срабрыстай акантоўкаю на пагонах. Перакладчык Ванька ўслужліва кінуўся насустрач Брэсу, але камендант зрабіў выгляд, што не заўвашае яго, і, выкрыкваючы прозвішчы, паклікаў трох вартавых. Ванька, як пакрыўджаны гаспадаром сабака, борзда шмыгнуў назад у гурт палонных, што снавалі з насілкамі ды з лапатамі, а да Брэса з розных месцаў у ланцугу ачаплення падышло трое вартавых: адзін—змрочны, каржакаваты, з вялікім носам, другі — высокі, нібы каланча, той, што, як семафор, няўклюдна прыўзнятай рукою вітае праезджыя легкавушкі, і трэці—жвавы, прыдзірлівы служака.
— Кожны вазьміце сабе па чатыры палонных,— па-нямецку загадаў ім камендант. — Пад вашым прыглядам няхай яны выносяць з выцерабленай дзялянкі бярвенні i грузяць на машыну. Толькі выбірайце палонных не ў адным, а ў розных месцах натоўпу, каб не трапілі сябры. Ды пільна сачыце за імі.
«Адразу відно, што абачлівы і напрактыкаваны турэмшчык! — падумаў Міхась, абапіраючыся на дзяржальна лапаты. — Падначаленых навучае розуму».
Ці то выраз хлопцавага твару выдаў гэтую думку, ці то на ім прамільгнула выкліканая ёю ўхмылка, толькі змрочны каржакаваты вартавы, што ў гэты момант праходзіў міма Міхася, раптам прамовіў яму:
— Ком хэр.
Немец павёў хлопца перад сабою па абочыне і ў розных месцах натоўпу вылучыў яшчэ трох палонных. Астатнія двое вартавых, якіх Брэс выклікаў з ланцуга ачаплення, зрабілі тое ж самае, кожны падзываючы абранніка да сябе. Потым яны размеркавалі вылучаных парамі i скрозь частакол ачаплення, пад канвоем, павялі па раздольнай дзялянцы, што раскінулася ўсцяж гравійкі і метраў за дзвесце ад яе ўпіралася ў сіняватую сцяну лесу. Сіліч адчуў сябе вальней, хаця сярод вылучаных не аказалася нікога з ягоных таварышаў. Напарнікам яму дастаўся нізкарослы шустры дзяцюк, што жыў за сцяною іхняга пакоя. Звалі яго Валька, а палонныя далі яму мянушку «пад хмелем». Так і клікалі яго многія ў лагеры — Валька Пад Хмелем. Міхась даўно звярнуў увагу, што ён сваімі пацвельваннямі і прымаўкамі спрабуе пацешыць палонных, але тыя не асабліва рэагуюць на яго кепікі, бо, мабыць, прымаюць ix за недарэчныя. Сіліч неаднойчы спачуваў дзецюку, шкадуючы, што яго жарты не знаходзяць водгуку сярод гаротнікаў, і зайздросціў яго бестурботнаму, вясёламу характеру. Хлопцу чамусьці здавалася, што чалавек з такой натураю ва ўмовах палону лягчэй пераносіць пакуты паднявольнага жыцця i не гэтак абвострана i балюча рэагуе на абразы і здзекі.
Чым далей вартавыя адводзілі ix ад палосы адчужэння па аголеным расцяробе, тым глыбей удыхалі Міхасёвы грудзі вільготнае ранішняе паветра, настоенае на сакавітым разнатраўі, якое ўдалечыні ад гравійкі не было прыцярушана дарожным пылам і абвявалася ледзь улоўным лясным водарам. Па засохлых і пацямнелых ад часу зрэзах на несамавітых пнях было відно, што тут рос малады лес i што ссеклі яго або ў канцы мінулага лета, або позняй восенню. «Пад корань усё выцярэбліваюць, сволачы, i нашу моладзь, і лясны маладняк, — думаў Міхась, на хаду бегла акідаючы насцярожаным позіркам альховыя, бярозавыя ды асінавыя пні, што сіратліва вытыркаліся з зямлі, як нямыя сведкі спусташальнага рабавання. — Мусіць, адгэтуль гітлераўцы вывозілі бярэзнік для крыжоў на могільнік сваім ваякам у наўгародскім крамлі». Сярод пнёў збольшага было папрыбірана галлё. Скрозь, як глянуць, вырасталі з зямлі парасткі нізкарослага драбналесся. Шорсткі сівец ды лясная трава, што, незацененыя, цяпер буялі на выгодзе, папрашывалі прэлую леташнюю лістоту, якая высахла ад сонца і шорхала пад нагамі, нібы каляная.
Не даходзячы крокаў сем да прысадзістага бярозавага пня, які, як прывід, узнік наперадзе, Сіліч заўважыў, што яго чорна-белую, нібыта срэбраную, аснову акаймоўвае ўнізе прывабны залацісты вянок. Праява не магла ашукаць позірк заядлага грыбніка. Хлопец насцярожана сцяўся ўвесь і ў адно імгненне, спружыніста згінаючыся, на хаду расчапіў і з карэньчыкамі выдраў з зямлі ржава-бурыя каралавыя зросткі. Ужо ў прыполе гімнасцёркі прагным позіркам акінуў крамяныя шляпкі ў крапінках бурых вяснушак і, пераконваючыся па паясках на ножках, што апенькі сапраўдныя, асцярожна апусціў іх у бляшанку ад дымавой шашкі, што была ў рэчмяшку, які ён спрытна скінуў з аднаго пляча і хуценька разборсаў.
Усё гэта адбылося настолькі хутка і нечакана, што змрочны вартавы, які ішоў ззаду, не паспеў ачомацца і толькі запознена прамармытаў панямецку:
— Як шкадлівая свіння, на хаду скубе патраву.
«Мала таго, што высякаюць наш лес, дык яшчэ і грыбы ў ім лічаць сваёй уласнасцю», — раззлаваўся хлопец. Але ў той жа момант яго жар ахаладзіла каманда «хальт!», якую ззаду падаў жвавы вартавы. Яна прагучала ў паветры халодным кляцаннем вінтовачнага затвора.
— Хальт!
— Хальт!
Нібы падвоенае водгулле яе, адзін за адным пачуліся разрозненыя выкрыкі астатніх ахоўнікаў, калі шлях палонным перагарадзілі раскіданыя па зямлі бярозавыя, асінавыя ды альховыя бярвенцы. Яны ляжалі абыяк, нібы салдаты, што ў наступленні загінулі ад варожых куляў.
Цяпер толькі яны злёгку загрувашчвалі вузкую палосу расцяробу, што аддзяляў гаротнікаў ад лазовых кустоў і непралазнага зарасніку, дзе смуга бялёсага туману ахутвала доўгачаканую волю. Пакуль што неакрэсленая і туманная, як гэтая смуга, воля нейкай падспуднаю і неадольнай сілаю прываблівала да сябе і ўжо трымала ў полі свайго прыцягнення, якое раптам абарвала нямецкая каманда: «Абедзве пары, бярыце па бервяну і выносьце на аўтамашыну!», якую падаў жвавы служака-вартавы, што з вінтоўкаю напагатове загарадзіў сваёй чацвёрцы палонных шлях да лесу і жэстам адной рукі паказаў, каб яны падымалі з долу лясіны.
Нібыта цені гэтага служакі, астатнія двое вартавых з вінтоўкамі напагатове таксама зайшлі спераду сваіх чацвёрак i расслаблена скамандавалі неўпапад: «Лёс!»
«Кожны з іх сочыць толькі за сваёй чацвёркаю, — пераконваўся Міхась, падымаючы з напарнікам з долу бярозавае бярвенца. — А гэтая нямецкая педантычнасць нам на руку. Наш вартавы хоць з выгляду i змрочны, але ён цельпукаваты і непаваротлівы. Калі ўвішна дзейнічаць, яго можна аблапошыць. Асабліва тады, калі будзем браць бярвенцы бліжэй каля кустоў і зарасніку».
Бярвенца, якое яны неслі, было нецяжкое. Нізкарослы напарнік трымаў на плячы яго танчэйшы канец, а цыбаты Міхась—камель. Хлопец павярнуў галаву налева, а потым прыхінуўся шчакою направа, да настылага паркалю бяросты, акідваючы позіркам іншыя лясіны, якія неслі суседнія палонныя, і ўбачыў, што іх асінавыя і альховыя бярвенцы прыкладна такой жа таўшчыні. Гэтым дрэвам гадоў па пятнаццаць — дваццаць, не болей. Значыць, тут рос малады лес. Напэўна, немцы прымусілі сялян выцерабіць яго, каб для бяспекі агаліць з абодвух бакоў гравійку, аддаляючы ад яе надзейныя i зручныя подступы, а драбнейшае ламачча з галлём аддалі ім на дровы.
Праз адчынены задні борт кожная пара палонных нетаропка засоўвала ў кузаў камлём да кабіны сваё бярвенца. У першы прыход яны прыкрылі імі амаль усю падлогу кузава.
Вартавыя вялі палонных па бярвенцы шырокім ланцугом: пара каля пары, а назад—вузейшым, бо кожны з двух напарнікаў ужо нёс лясіну, ідучы адзін за адным. Як толькі Міхасёва пара з бярвенцам на плячах падышла першы раз да грузавіка, хлопец адчуў, што яго напарнік Валька знарок марудзіць, даючы магчымасць іншым хутчэй разгрузіцца. Яны самыя апошнія запхнулі ў кузаў сваю лясіну і нетаропка прыстроіліся збоку да ланцуга, каб ісці па наступную. I тады Міхась нарэшце зразумеў, чаму Валька выгадваў час. Ён разлічыў, каб стаць побач з Міхасём самым крайнім у ланцугу, дзе надзейней можна шапнуць пару слоў.
— Глядзі пільна. Будзь напагатове. У зручны момант нырнем у зараснік, — на хаду адрывіста шапнуў ён Міхасю, калі пад канвоем вартавых палонныя ўлегцы ішлі па выцерабленай дзялянцы.
Напарнікава папярэджанне падбадзёрыла i яшчэ болей абнадзеіла хлопца. «На пару і ўцякаць смялей, і дваім спадручней, чым аднаму,— думаў Міхась. — Асабліва з гэтакім шустрым і бойкім. Дзяцюк спрытны і паваротлівы, разам з ім будзе лягчэй пераносіць цяжкасці і нягоды».
Цяпер у Сіліча было такое адчуванне, як быццам чым бліжэй да кустоў палонныя прыбіралі лесазавал, тым хутчэй у яго за плячамі вырасталі нябачныя крылы. Яму здавалася, што, пакуль ён з напарнікам нясе лясіну, яна яшчэ прыціскае ix да зямлі, а як толькі пагрузяць яе на аўтамашыну, крылы адразу ж гатовы развінуцца ўшыркі — i ён вось-вось выпырхне з няволі.
Праўда, з кожным падыходам да лесазавалу Міхасю было відно, як у хмызняку ўвачавідкі радзее i рассейваецца смуга, прыадкрываючы бухматыя абрысы паасобных кустоў і прысадзістых дрэўцаў, што, канечне, трошкі засмучала, але канчаткова не бянтэжыла. Бо як выступалі з туману гэтыя кусты і дрэўцы, так і ў яго свядомасці ўсё болей выкрышталізоўваліся цвёрды намер і заманлівая задума. Кожны раз вяртаючыся зноў па бярвенца, ён быў задаволены, калі бачыў, як хто-небудзь з палонных на хаду падхоплівае з-пад пня залацістыя каралы апенькаў. Яму здавалася, што прагнасць небаракаў размагнічвае ўвагу вартавых і абяззбройвае іх пільнасць. Маўляў, раз палонныя хапаюць грыбы, значыць, будуць гатаваць іх у лагеры. Перад уцёкам яны не накідваліся б на падножны корм, што непрыдатны для ежы ў сырым выглядзе. Кожны палонны ўхапіў на хаду зросткі апенькаў. Нарасло тут процьма грыбоў. Каралавымі вянкамі апенькі акаймоўвалі пні. Жыхары навакольных вёсак, мабыць, баяліся хадзіць сюды. Дый не да грыбоў людзям у гэтакі час.
Сіліч прадчуваў, што яму нарэшце пашанцуе. Гаротная доля паварочвалася да яго іншым бокам. Сама сягонняшняя праца зручная для ўцёкаў. Ды яшчэ, як на шчасце, лёс паслаў цельпукаватага вартавога і шустрага напарніка. Складваліся абставіны, якія самі падштурхоўвалі да рашучых дзеянняў. Узбуджаны настрой як быццам наэлектрызаваў усяго хлопца. Рукі і ногі ў яго напружыліся, ён глядзеў ва ўсе вочы і чуйна прыслухоўваўся да кожнага шоргату і шапацення.
Кузаў усё вышэй і вышэй запаўняўся бярвенцамі. Ужо немагчыма было засоўваць ix туды з долу. Адзін напарнік абавязкова павінен быў залазіць на грузавік i падцягваць да кабіны камель, вяршыню якога знізу падштурхоўваў другі. З бакоў нельга было падступіцца да кузава з каркасам для брызенту.
Па меры таго, як аўтамашына напаўнялася бярвенцамі, палоса лесазавалу, што аддзяляла грузчыкаў ад кустоў і зарасніку, увачавідкі звужалася. Калі кузаў быў загружаны амаль да краёў, Валька з Міхасём злаўчыліся запхнуць у яго сваё бярвенца самыя апошнія і цяпер крайнія ў ланцугу ішлі па наступнае, спадзеючыся ўжо наогул не вярнуцца на гравійку.
Нібы іскры пры кароткім замыканні, у Міхасёвай галаве ўспыхвалі і гаслі абрывістыя думкі. Ён разумеў, што не толькі яны з Валькам, але і іншыя палонныя мараць шмыгнуць у зараснік. Пашанцуе, вядома, таму, хто апярэдзіць. У вартавых па абойме патронаў у вінтоўцы. Кожны з іх з нямецкай педантычнасцю ў першую чаргу будзе сачыць толькі за сваёй чацвёркаю і страляць толькі па ёй. Чацвёрка жвавага служакі наўрад ці перахітрыць борздага і паваротлівага вартавога. А Міхась з Валькам павінны абвесці вакол пальца цельпукаватага немца. Пакуль ён павернецца ды разгледзіцца, дык яны вылузнуць ногі з драўляных калодак і ў адзін міг апынуцца ў гушчары. Няхай страляе туды, дзе затрашчыць ламачча ды зашастае голле. Нябось, ён жа, як аўчарка, не палезе ў зараснік: пабаіцца.
I хлопец, здаецца, ужо на поўныя грудзі ўдыхаў лясную вільгаць і адчуваў фізічна, як па яго гарачых шчоках і скронях, нібы распараны венік у лазні, сцёбае настылая росная лістота. Да вузкай палосы лесазавалу заставалася ўсяго толькі некалькі крокаў, калі ззаду ў Міхася раптам нехта прамовіў па-нямецку:
— Няхай аднясуць апошні раз, а мы паглядзім, ці шмат бярвенцаў застанецца на расцяробе.
— Колькі ні застанецца, а ўсё роўна ж прыйдзецца прыязджаць яшчэ, — адрывіста адказаў нехта другі.
Па металічным тэмбры голасу Міхась пазнаў, што гаворыць Брэс. Хлопец увесь сцяўся ад нечаканасці і, убіраючы шыю ў плечы, нясмела павярнуў галаву направа, наважваючыся пераканацца ў правільнасці сваёй здагадкі.
Справа, абганяючы ланцуг палонных, да лесазавалу паспешліва ішлі камендант з фельдфебелем. Як быццам паказваючы сваю пільнасць і выслужваючыся перад Брэсам, вартавыя таксама пачалі абыходзіць ланцуг з двух бакоў, заходзячы спераду палонных і адразаючы ім шлях да зарасніку.
У Міхася адразу ж абмякла ўсё цела і расслабіліся ногі. Калі палонным загадалі браць з долу лясіны і ён з Валькам падняў асінавае бярвенца, у яго было такое адчуванне, нібыта ён надарваўся, носячы непасільны цяжар. Да грузавіка хлопец ішоў сам не свой. У яго падкошваліся ногі i дрыжэлі рукі. Не зважаючы на высокі рост, ён ледзь-ледзь падняў на пагружаныя канцы бярвенцаў камель сваёй асіны і насілу ўскараскаўся ў кузаў, каб з дапамогаю Валькі падцягнуць яе да кабіны.
Сіліч разумеў, што ўцячы не ўдасца. Ён страшэнна злаваў на фельдфебеля, якому ўздумалася ісці да лесазавалу і цягнуць туды за сабою Брэса. Праўда, у хлопца яшчэ цеплілася спадзяванне на тое, што аўтамашына адвязе бярвенцы і вернецца сюды па астатнія. Але пасля таго, як Брэс загадаў вартавым ісці на сваё месца ў ланцугу ачаплення, а сам сеў з фельдфебелем у кабіну, грузчыкі павінны былі зноў браць у рукі свае лапаты з насілкамі і разам з усімі палоннымі займацца нуднаю працаю. «Калі нават грузавік і вернецца, дык неабавязкова ж мы будзем нагружаць яго лесам,—падумаў хлопец, вымаючы сваю лапату з кучы патрушчаных руінаў, каля якой нетаропка кешкаліся ягоныя таварышы. — Вартавыя вылучаць з гурту іншых палонных для гэтай працы».
— А мы пазайздросцілі, што табе нарэшце пашэнціла. Думалі, дасі драла,—не ўстрымаўся Хяндога.'—Здавалася ж, адтуль рукою падаць да зарасніку.
— Блізка відаць, ды далёка дыбаць,— незадаволена адказаў Міхась і раззлавана прамармытаў: — Калі ж у апошні момант чорт пагнаў туды фельдфебеля з камендантам.
Хлопец не сумняваўся у тым, што, калі б ён даў драпака, ягоныя таварышы толькі пазайздросцілі б яму ды пажадалі б удачы. Спадзявацца на групавы ўцёк з гравійкі няма чаго. Уцякаць трэба адусюль, дзе толькі спрыяюць умовы. Канечне, лепей бы ўцячы дваім або траім разам. Але не чакаць жа зручнага выпадку. Пакуль яго дачакаешся, выпрастаеш ногі.
Спадзяванне на тое, што яшчэ прыйдзецца грузіць на аўтамашыну астатнія бярвенцы, таксама не спраўдзілася: грузавік болей не прыехаў.
Але затое, калі дарожны майстра абвясціў абедзенны перапынак i палонныя пачалі рассядацца і разлягацца па схілах кюветаў, змрочны непаваротлівы вартавы, што вылучаў Міхася насіць бярвенцы i перад абедам стаяў у ланцугу ачаплення побач з Кольбам, паспешліва і ўсё роўна як насуперак апошняму ўзяў хлопца распальваць цяпельца. Тое, што немец даручыў гэта яму, ніколькі не здзівіла Міхася, які ў апошні час бачыў, як гэтаму вартавому распальвалі вогнішчы іншыя палонныя. Праўда, было трохі незразумела, чаму на гэты раз немец узяў менавіта яго. Міхась не думаў, што гэта адбылося толькі таму, што палонныя, працуючы, павольна прасоўваліся па гравійцы і адпаведна перамяшчаўся ланцуг ахоўнікаў, у выніку чаго хлопец апынуўся якраз насупраць непаваротлівага вартавога. Міхасю здавалася, што фанабэрысты саманадзейны немец захацеў пакуражыцца перад Кольбам, таропка беручы менавіта таго, каго неаднойчы прасіў распальваць цяпельца вартавы з жалезным крыжам. Не паспеў хлопец заняцца працаю, як убачыў, што побач на палосу адчужэння з цэментавай трубы праз гравійку бруіць ручаінка. Ён асмялеў, набраўся нахабства і рашыў выкарыстаць яе, спалучаючы прыемнае для немца з карысным для сябе. Перш чым збіраць галлё, Сіліч на імгненне спусціў з аднаго пляча лямку рэчмяшка, хуценька выняў дзюралевае вядзерца і зачэрпнуў праточнай вады. Назбіраў шмат ламачча, каб з яго было паболей вуголля, і спадыспаду распаліў сушняк. Калі галлё разгарэлася, хлопец жэстам рукі папрасіў, каб вартавы дазволіў прысуседзіцца да агню Міхасёваму посуду. Немец нічога не адказаў, і Сіліч успрыняў ягонае маўчанне як маўклівую згоду. Каб вартавы не перадумаў, хлопец хуценька дастаў з рэчмяшка бляшанку дымавой шашкі, з коптурам напоўненую апенькамі, наспех двойчы апаласнуў іх вадою з вядзерца, тут жа зліваючы яе, брудную, на траву, потым наліў чыстай, надзеў тугую накрыўку на выпадак таго, калі галлё згарыць, каб грыбы дайшлі і ўпрэлі на тлеючым вуголлі, і ўсунуў нязвычны посуд з краю вогнішча. А сам, не жадаючы мазоліць вачэй немцу, шмыгнуў у кювет да сяброў. Міхась спадзяваўся, што ў канцы абедзеннага перапынку возьме посуд. Ён прадчуваў наперад смак згатаваных на свежым паветры грыбоў і ўяўляў, з якім апетытам будзе ўплятаць ix у лагеры дый яшчэ пачастуе і ўразіць суседзяў.
Звычайна ў абедзенны перапынак толькі пажылыя, болей цягавітыя i загартаваныя палонныя бавілі час у размовах ці, панурыя, моўчкі ляжалі і сядзелі на схілах кюветаў. Маладзейшыя, як падкошаныя, падалі на траву i адразу ж засыналі, не прывычныя па паўдня выстойваць на нагах і змардаваныя недаяданнем. Раскатурханыя дарожным майстрам i наглядчыкамі, яны неахвотна прачыналіся і адчувалі сябе як пабітыя. Ныла ўсё цела. Непакоіла ламота ў суставах рук i ног. Сягоння многія, агорнутыя дрымотаю, яшчэ не паспелі разаспацца, як праз сон пачулі паблізу прыглушаны выбух i амаль адначасова з ім адзін, а праз нейкі момант і другі гулкі стрэл.
Тыя, хто не спаў і сядзеў на схілах кюветаў, аказаліся сведкамі недарэчнага відовішча, пра якое цяпер расказвалі тым, хто прахапіўся і спрасонку разгублена праціраў вочы, не разумеючы, чаго рагочуць некаторыя вартавыя ў абодвух ланцугах ачаплення.
Аказваецца, Міхасёвы грыбы ад полымя хутка закіпелі, і пара, не знаходзячы выйсця са шчыльна закрытай бляшанкі, узарвала і высока падкінула ўгару тугую накрыўку, па якой Кольб на ляту паспеў выстраліць з вінтоўкі. Пры выбуху варыва абдало ўсяго вартавога апенькамі, нібы асколкамі. Ад нечаканасці ён выпусціў у вогнішча ражон са скібкаю хлеба і ўсхапіўся, праціраючы рукою апараны пырскамі твар ды абтрасаючы з грудзей і з жывата захлюпаны кіцель. Пакуль Кольб зацікаўлена разглядаў, у якое месца накрыўкі трапіла куля, раз’юшаны змрочны вартавы канцом вінтовачнага ствала выкінуў з агню бляшанку дымавой шашкі і з усяе сілы стукнуў па ёй прыкладам. Ад моцнага ўдару выстраліла ягоная вінтоўка. Пабялелы з твару немец сумеўся, але спачатку са злосцю пачаў таптаць нагамі бляшанку, а потым ствалом вінтоўкі падкалупнуў яе ў вогнішча.
Не здабраваць бы Сілічу, калі б куля забіла ці параніла каго-небудзь з ахоўнікаў. Аднак усё абышлося, хаця хлопец ужо да канца рабочага дня пабойваўся трапляць на вочы змрочнаму вартавому. На душы ў Міхася варочалася крыўда і на Кольба за тое, што ён выстраліў у накрыўку бляшанкі з дымавой шашкі. Немец жа ведаў, чый гэта посуд, але не пашкадаваў яго, каб толькі пахваліцца, як трапна ён страляе. «Гэтак жа ён пульнуў бы з вінтоўкі і ў мяне, калі б убачыў, што я ўцякаю з-пад ягонага нагляду, — прыйшоў да сумнага выйсця хлопец. — Кольб, вядома, чалавечны, але таксама акуратны, як усе немцы».
У лагеры пасля працы ўсім было ўжо не да гэтага смешнага здарэння, якое зацьміла i адсунула на задні план іншая, болей важная падзея. З дрывотні, з-пад вокнаў барака, у якім жылі ахоўнікі, не заўважаны Hiгам уцёк Гладыш. Раніцаю камендант паставіў яго пілаваць і калоць дровы. Напэўна, у той час, калі Брэс адлучыўся ў грузавіку з фельдфебелем, Гладыш разгледзеўся дый задаў лататы.
Ягоны ўцёк ажыўлена абмяркоўвалі палонныя, стоячы ў страі за атрыманнем ежы i лежачы на нарах ды апаражняючы ад кандзёру кацялкі з бляшанкамі.
— Цяпер камендант спагоніць злосць на сваім намесніку,—пацяшаўся Леанід. — Дзе быў Штунц i куды ён глядзеў?
— Немцы знойдуць уцекача і ўчыняць расправу, — умяшаўся нехта з верхатуры. — Раз жонка прыносіла Гладышу перадачы, значыць, яны ведаюць ягоны хатні адрас.
— А калі ўцякач падасца ў лес, а не дахаты? —з іроніяй запытаўся Хяндога.
— Тады возьмуць за жабры жонку, — адказаў зверху той самы голас.— Яна нідзе не дзенецца. Калі не прызнаецца, павесяць яе разам з дзецьмі.
— Чалавеку свяціла шчасце, а ён адмовіўся ад яго, — прамармытаў Вырвін, папоўніцы жуючы хлеб. — Сядзеў бы тут, як у бога за пазухай, ды спакойна еў жончыны перадачы.
«Двухногае быдла і мысліць па-свінску», —падумаў абураны Міхась і з’едліва зазначыў:
— Калі так, дык ён яшчэ не ўсё страціў. Яго завязуць у Нямеччыну. Там паспытае смачнейшага хлеба.
— А чаму гэта камендант паставіў пілаваць дровы аднаго, а не двух палонных? — здзівіўся Казнадзей.—-Аднаму ж пілу цягаць нязручна. А двум і ўцякаць зручней.
— Мусіць, Брэс быў упэўнены, што Гладыш не ўцячэ. А на іншых не спадзяецца, — памяркоўна разважыў Хяндога. —Шла ў ix там усё адно як лучковая. Замест дзвюх ручак у ёй сагнута дуга. Такой пілою на сталюзе можна пілаваць дошкі аднаму.
«Напрактыкаваў жа вока чалавек!—у думках Міхась пазайздросціў суседу. — Тут побач іншы раз не заўважыш чаго-небудзь, а ён здалёк выгледзеў, якая ля сталюгі піла».
У гэты дзень, перанёсшы два стрэсы, Сіліч не разумеў, што з ім адбываецца ў лагеры. Адразу, як толькі сарваўся задуманы ўцёк, хлопец адчуў сябе надламаным. А пасля недарэчнага выпадку з грыбамі яшчэ дабавілася фізічнае спусташэнне. Лежачы на нарах, ён апаражніў ад кандзёру дзюралевае вядзерца і расчаравана паглядаў на пайку хлеба. Было такое адчуванне, як быццам у яго выгарала нутро і ўсярэдзіне ўсё смыліць. Адна порцыя рэдкай баланды не запоўніла бяздоннай пустаты i не патушыла пякучага смылення. У хлопца ўзнікла ненасытнае жаданне да вадкай стравы. Яму здавалася, што толькі яна, а не мізэрная пайка чэрствага хлеба, пазбавіць яго ад незразумелага падманлівага адчування. Пасля доўгага вагання ён упершыню рашыў выменяць за хлеб порцыю баланды, хаця раней за падобны абмен у думках асуджаў іншых.
Звычайна самі наглядчыкі расходжвалі па былых класах і прапаноўвалі за хлеб прафільтраваны кандзёр. Але сягоння яны чамусьці не прыходзілі. Спачатку Сіліча гэта нават суцяшала, як адзнака таго, што яму суджана абысціся без злашчаснага абмену. Але хутка такое суцяшэнне развеялася, як ранішні туман. Хлопца пачала мучыць пякотка, якая зноў выклікала ранейшае неадольнае жаданне. Міхась ужо гатоў быў сам пайсці ў наглядчыцкую штубу са сваёй пайкаю. Стрымлівала толькі гордасць. Маўляў, як гэта самому ісці з паклонам да жывадзёраў? Але ж мяняць хлеб на баланду ў наглядчыцкую штубу ходзяць многія. А чым ён адрозніваецца ад ix? Ненасытная прага пераадолела цвярозае разважанне. Дый усё-такі ж ён пойдзе не з паклонам, а з хлебам. Што ні кажы, а хлеб ёсць хлеб. Хоць ён i эрзац, але ўсё роўна не раўня кандзёру, тым болей прафільтраванаму.
З пайкаю i з вядзерцам у руках Сіліч нязграбна ссунуўся з нараў, выпрастаўся на ўвесь рост і рашуча пайшоў да былой настаўніцкай. Без стуку адчыніў дзверы, уладна ўвайшоў у пакой і з парога гучна запытаўся:
— Каму хлеб за кандзёр?
Адчувалася, што ягоны прыход выклікаў у штубе разгубленае здзіўленне. У адзін момант замест адказу з усіх тапчаноў яго працялі навылёт сярдзітыя калючыя позіркі.
— Хопіць, што аднаму абмянялі, дык і другі прыйшоў! — пасля кароткай паўзы злосна прамовіў Задзіра. — Разумнікі знайшліся!
— Вон адсюль! — усхопліваючыся з тапчана, крыкнуў Паўло, на паружавелых шчоках якога выступілі белыя плямы. Бачачы, што Міхась не выходзіць, ён ступіў да яго два крокі і з абурэннем гнеўна загадаў: — I каб тваёй нагі тут болей не было!
Разгублены, Міхась змоўчаў і выйшаў са штубы. «Чаго яны ўз’еліся? —не цяміў хлопец.—Што Паўло раскіпеўся, дык зразумела. Не можа дараваць таго, што я не змяняў вядзерца Багдана Платонавіча на ягоны кацялок. А Задзіра? Няўжо Гладышаў уцёк іх вывеў з сябе, што яны гэтак ашчэрыліся?»
Праўда, Сіліч не надаў сур’ёзнага значэння гэтаму выпадку. Маўляў, сабакі пабрэшуць дый сціхнуць.
Але назаўтра перад выхадам на працу многае не толькі праяснілася, але нават ледзь не скончылася для хлопца бядою. На ранішнім пастраенні камендант прайшоўся ўсцяж павернутай тварамі да яго калоны, пранізлівым позіркам адшукаў у ёй Міхася з Валькам і кіўком рукі паказаў, каб яны выйшлі са строю і сталі побач адзін з адным.
Спярша Сіліч трохі насцярожыўся, але ўсё яшчэ не разумеў, што збіраецца рабіць Брэс. А той паклікаў перакладчыка Ваньку, стаў спераду абодвух палонных, памкнуўся быў расшпіліць кабуру, але чамусьці перадумаў і, павучальна ківаючы ўказальным пальцам правай рукі перад іхнімі тварамі, пагрозлівым тонам сказаў, як адсек:
— Калі б учора я не быў там, дзе грузілі на машыну бярвенні, сягоння ў мяне з вамі была б кароткая размова! Папярэджваю! Улічыце гэта! — і даў Ваньку знак, каб ён пераклаў сказанае.
Ванька пераклаў пагрозлівую натацыю Брэса, хаця Міхась i сам зразумеў яе.
— Станавіцеся ў строй!—па-нямецку сярдзіта загадаў камендант.
Знянацку збітыя з панталыку, абодва палонныя разгублена сталі на свае месцы, лыпаючы вачамі.
Сіліч не разумеў, што здарылася. Ён толькі адчуў, што Брэс дазнаўся пра іхні з Валькам намер уцячы з лясной дзялянкі. Але, калі б камендант быў цвёрда перакананы ў гэтым, ён дэманстратыўна застрэліў бы ix абодвух перад усім лагерам, асабліва пасля ўчарашняга ўцёку Гладыша.
Мусіць, Брэс аб нечым толькі здагадваецца, таму і абмежаваўся пагрозаю. Але якім чынам ён змог разведаць іх таямніцу? Можа, учора на лясной дзялянцы неабачлівымі паводзінамі ці змоўніцкімі позіркамі Міхась з Валькам выдалі сябе і таму камендант з фельдфебелем апярэдзілі іх учынак? У такім выпадку Брэс там перад палоннымі выказаў бы ім абодвум папярэджанне. Чаму ж ён не зрабіў гэтага ўчора? Хаця, праўда, тады камендант яшчэ не ведаў пра Гладышаў уцёк, які пазней мог раззлаваць і абурыць яго.
Сіліч ніяк не мог здагадацца, якім чынам Брэс разведаў пра іх намер уцячы. Разгадку гэтай таямніцы прыадкрыў на гравійцы наглядчык Задзіра, які праходзіў міма па абочыне і не ўстрымаўся, каб здзекліва не ўпікнуць хлопца:
— Знайшлося двое разумнікаў! Не пераскочыўшы роў, не кажы: «Гоп!» А як аднаму за пайку хлеба налілі поўны кацялок баланды, дык ён расчуліўся і паспавядаўся ў грахах.
Спачатку Сіліч не прыдаў асаблівага значэння Задзіраваму папроку. Ці мала што будзе вярзці фашысцкі прыхвасцень? Ён са скуры гатоў вылузацца, каб толькі дагадзіць сваім гаспадарам.
Але потым, калі хлопец задумаўся над сэнсам наглядчыкавых слоў ды яшчэ прыгадаў, што прыкладна пра тое ж самае Задзіра намякаў і тады, калі лагерныя прыдуркі не абмянялі Міхасю хлеб за кандзёр, а Паўло выгнаў хлопца з наглядчыцкай штубы, загадка праяснілася сама сабою. «Хопіць, што аднаму абмянялі баланду за хлеб, дык і другі прыйшоў!» — абураўся тады Задзіра. А цяпер ён пакеплівае, што двое разумнікаў знайшлося! Дый яшчэ здзекліва насміхаецца, што калі аднаму з ix за пайку хлеба налілі поўны кацялок баланды, дык ён расчуліўся дый паспавядаўся ў грахах!
Значыць, перад Міхасёвым прыходам у штубе пабываў Валька. За пайку хлеба ён выменяў поўны кацялок кандзёру i, задаволены выгадным абменам, пахваліўся, як яны з Міхасём ледзьве не ўцяклі з лясной дзялянкі. Вядома, пры такой сітуацыі Паўло не мог не напалохацца. Бо перакладчык Ванька і наглядчыкі раней заўважалі, як ён сябраваў з Міхасём. Каб цяпер яны не западозрылі, што Міхась прынёс абменьваць хлеб на кандзёр асабіста да яго, каб выгарадзіць сябе, Паўло перад лагернымі прыдуркамі дэманстратыўна выгнаў хлопца са штубы. А каб надзейна абясшкодзіць сябе i выслужыцца перад камендантам дый заадно пазбавіцца ад няўгоднага былога сябра, данёс Брэсу на палонных, што намерваліся ўцячы з лесапавалу. Невядома толькі, ці ён словамі трапна абмаляваў каменданту знешні выгляд хлопцаў, ці злаўчыўся непрыкметна паказаць яму абодвух, што Брэс без Паўловай дапамогі знайшоў ix сярод астатніх і вылучыў са строю.
Сіліч неаднойчы бачыў, з якой лютасцю камендант распраўляўся з безабароннымі ахвярамі, i таму зразумеў, што на гэты раз толькі нейкая шчаслівая выпадковасць пазбавіла ix з Валькам ад немінучай смерці. Невядома, што прымусіла Брэса ўстрымацца ад выканання жорсткай расправы: ці тое, што ён сам быў на гравійцы пры пагрузцы бярвенцаў на машыну і нічога падазронага не заўважыў там, ці непераканаўчая доказнасць віны абодвух палонных?
Пасля ўсяго гэтага Міхась яшчэ болей узненавідзеў Паўла і праклінаў сябе за тое, што даверыўся пустадомку Вальку, балбатуну і несур’ёзнаму чалавеку. Паўло ж хоць прадажная істота, што за паслугі чужынцам хоча выратаваць сваю шкуру. А гэты языкаплёт? Значыць, многія палонныя недарэмна грэбліва адносіліся да ягоных зубаскальскіх выхадак і далі яму мянушку Валька з пахмелля. Маўляў, у гэтакіх абставінах, калі людзям не да жарцікаў і кепікаў, ён без дай прычыны пацвельваецца. Міхасю цяпер здавалася, што гэты балабон на самай справе не Валька з пахмелля, а—хвалько-пустамеля. Выхваляецца, ідучы на раць, а не вяртаючыся з раці. Менціць языком, як мянташкаю! Было б не сорамна праз які-небудзь промах загінуць ад кулі пры ўцёку на волю, чымся попусту праз ягоны доўгі язык паплаціцца жыццём у лагеры.