Як напалоханы заяц, пятляў Сіліч па іскрыстай лугавіне, баючыся прыпыніцца ў адзінокіх кустах. Пад ім са звонам шастала атрэсеная раса— i на траве заставаліся сляды, нібы скінутыя ланцугі, якія ён змушаны быў нагамі валачыць з няволі і якія кожную хвіліну маглі выдаць ягонае знаходжанне. Толькі на момант, разгублены, ён прыпыніўся перад рачулкаю, што наўскасяк перагароджвала шлях. Праніклівым поглядам змераў яе глыбіню, глянуў на рэдкія лазовыя кусты—і трошкі супакоіўся. Прысеў на беразе, таропка зняў з ног боты, запіхнуў у халявы анучы, вышэй каленяў падкасаў порткі—і няўпэўнена пайшоў уброд. Вада прыемна астудзіла разгарачаныя пальцы, халадком абдала галёнкі, тупымі голкамі кальнула ў калені.
На сярэдзіне рэчышча ён падэшвамі адчуў плыткае дно, на якім толькі ступакі грузлі ў слізкім цеплаватым глеі. Таму рашыў не вылазіць з рачулкі, скеміўшы, што часова яму цяпер самы раз рушыць з ёю ў адну дарогу, паколькі рэдкія і адзінокія кусты засланяюць ад чужых вачэй і вада надзейна хавае на дне ягоныя сляды. Уздоўж супрацьлеглага берага пайшоў па плыні і, трохі супакоены, ужо нават не аглядаўся.
Ён ішоў па рачулцы і не думаў вылазіць з яе. Паўз бераг вада была цёплая-цёплая. Цяплейшая за ранішняе паветра. Яна пяшчотна казытала ногі, лагодна асвяжала і бадзёрыла змардаванае знямогаю цела.
Бывала, гэтак ён хадзіў паўз берагі сваёй Палаты. Толькі не ўстрывожаны і задыханы, а бяспечны і спакойны. Ну і, канечне, не ў салдацкім адзенні дый не басанож. Каб да крыві не парэзаць асакою ікры і сцёгны ды не праткнуць на падводную карагу ступню, надзяваў рудую ад рачной іржы вопратку і на ногі—старыя братавы прарызінкі. Хадзіў, вядома, не з ботамі за плячамі, а з таптухаю ў руках і на баку з кужэльнай кайстраю, прапахлай рыбнай лускою...
Хоць успаміны і сагравалі Міхасёву душу, але яны не ў сілах былі развеяць яго змітрэнжанага настрою. Гэтак сонечныя промні бяссільныя сагрэць і асвяціць вадаверці і поцемкі ў рачных вірах.
Сіліч не ведаў, колькі мінула часу, але адчуваў, што пратэпаў па вадзе немалую адлегласць. Небяспека і магчымасць хавацца за кустамі і ўтойваць сляды загналі яго ў ваду, а насцярожанасць і пагроза быць выяўленым прымусілі выйсці з рачулкі. Тым болей, што наводшыбе справа ўбачыў выспачку хмызняку, у якім зручна было прытаіцца. Міхась вырваў сцябліну аеру, на хаду з хрумстам адламаў белы корань і, разжоўваючы яго, выйшаў з вады і сеў на беразе.
Рачулка дыхала вільгаццю, пахла аерам і раскаю. Ад вынятых з халяваў ануч у нос патыхала потам. Міхась выпаласкаў анучы, выкруціў, ускінуў на адно плячо, а боты — на другое і нацянькі пашыбаваў да выспы зарасніку.
Зыркае сонца ўвачавідкі ўздымалася ўгару і добра прыгравала. Ці то яго гарачыя промні выпілі расу, ці то яна паспела выветрыцца, але хлопцавы ногі ўжо не пакідалі на траве ніякіх слядоў.
Выспа пачалася лазовымі кустамі і паступова перайшла ў зараснік з маладых вольхаў. Міхась аблюбаваў сярод іх невялікую лапіну, зарослую касмылямі сіўцу, паклаў боты, разаслаў анучы і прылёг адпачыць. На поўныя грудзі ён удыхаў знаёмы вільготны пах вольхаў, настоены на сатлелым леташнім лісці.
«Цікава, а для чаго прыдатна яе драўніна? — раптам узбрыло яму ў галаву, калі ўспомніў, як маці, кідаючы ў печ ружаватыя альховыя палейні, кляла: «Ад іх ні полымя, ні жару. Не гараць, а тлеюць. Гэта не тое, што дубовыя дровы або бярозавы аблетак».
Хлопец спачувальным позіркам абвёў ствалы і вершалінкі несамавітых дрэўцаў з ліпучай лістотаю і крохкім голлем. Потым успомніў, як алешыны калісьці выручалі яго, і задаволена ўсміхнуўся.
Адзін час у іх не было чарніла. Дык яны ў школе i дома карысталіся самаробным. Пісалі на паперы рудой вадкасцю, настоенай на альховых шышачках з іржавымі цвікамі.
Праз тоўсты дыван ускалмачанага сіўцу ледзьве адчувалася кволая прахалода летняй зямлі. Яна асвяжала цела і ўлагоджвала душу. На дне лапіны, якая не прадзімалася павевамі паветра, Міхася, сагрэтага пяшчотнымі промнямі, пачало хіліць на сон. Хлопец з усіх сіл імкнуўся не паддавацца салодкай спакусе, якая на секунду сплюшчвала павекі, дрогка прачынаўся і насцярожана прыслухоўваўся. Калі трохі перадыхнуў і збольшага прасохлі анучы, ён акуратна накруціў іх на ногі і таропка ўсунуў у халявы ботаў. Абутаму зручней ступаць па хмызняку: ні сукі, ні галіны не намуляць падэшваў. Яму рупіла хутчэй агледзець выспу навокала, каб упэўніцца ў сваёй бяспецы. Сям-там пад нагамі трава пазарастала сакавітымі лістамі шчаўя. Хмызняк аточвала мурожная лугавіна.
Далёка ў смузе вузкай зубчастаю пілкаю танулі пералескі. Прадзіраючыся праз гусцеж па ўскрайку выспы, ён зразумеў, што тут вельмі зручна зрокава трымаць кругавую абарону. Прылягаючае наваколле не выклікала трывогі і навявала супакаенне. Хлопец пераканаўся, што яму не пагражае ніякая небяспека, выйшаў з хмызняку і прысеў на мурог. I толькі цяпер, калі супакоіўся, адчуў, як моцна прагаладаўся. «Дзіва што!.. I ўчора не было ў роце макавага зярняткі, і сягоння фактычна надгаладзь... Хіба ж учарашнія памыі — страва?.. Добра, што прадбачліва назапасіў падножнага корму».
Напераменку то з кішэні, то з-за пазухі ён даставаў капусныя лісты і ўмінаў іх за абедзве шчокі...
Пасля драцяной лагернай клеткі бяскрайнім і прыгожым-прыгожым здавалася навакольнае прыволле. «Чаму ніколі раней я не прыкмячаў такога хараства?»
Блакітны нябесны глазур зверху адлюстроўваў сонечныя праменні, ад якіх зялёная зямля, расквечаная яркімі фарбамі, выглядала салатаваю.
Удалечыні лугавіна спрэс жаўцела кветкамі дзьмухаўца, бліжэй была радкава акроплена чырванню і белізною, а зусім блізка апырскана празрыстай расою. Міхась разгледзеў, што непадалёку чырванеюць кветкі смолкі, а бялее кашка і паблісквае не paca, а мяцёлачкі слёзак.
На лузе перад поймаю Палаты таксама рос дзьмухавец, з кветак якога дзяўчаты плялі вянкі, са смолак і з кашкі збіралі чырвона-белыя букеты. А слёзкі ў іхняй мясцовасці чамусьці празвалі боскімі слёзкамі.
У мірную пару ўсе гэтыя кветкі ён штодзённа бачыў дома, хадзіў побач, таптаў іх нагамі і не прыкмячаў іхняй прыгажосці. А цяпер, калі свет скаланула шудасная калатнеча, калі людзі пазбаўлены жытла, а звяры і жывёлы—логавішчаў і лежбішчаў, яму раптам кінулася ў вочы гэтае хараство.
Мабыць, той, хто пабываў у няволі, узбуджана ўспрымае сваё вызваленне і абвострана прыкмячае прыгажосць навакольнага свету.
Сіліч трохі развеяўся пасля душэўнага стрэсу і разважыў, што тут ён можа спакойна адпачыць і бяспечна пераначаваць. За ноч хлопец добра адкархнуў.
А раніцаю зноў занепакоіўся: яму няма чаго заседжвацца. Хоць ягонае становішча і няпэўнае, але ж ён—салдат, прызваны радзімаю ў цяжкі для яе час. Ён добра ўсведамляў, які ягоны абавязак перад ёю. Цяперашняе ягонае становішча яшчэ болей трывожыла і непакоіла. Ён разумеў, што яму трэба хутчэй набрысці на якое-небудзь часовае прыстанішча, дзе можна было б пераапрануцца, падсілкавацца і запасціся харчамі. Па сваёй зямлі, на якой гаспадараць ворагі, у чырвонаармейскай форме прабірацца рызыкоўна.
Баючыся дарог і сцежак, арыентуючыся толькі па сонцы, пабрыў ён туды, дзе ўдалечыні відаць былі зараснікі. Калі перайшоў лугавіну і нырнуў ва ўзлесак, уздыхнуў спакойна. Хаця ён ведаў, што пара каласавікоў мінула, але яму здавалася, нібыта ўсё наваколле прапахла грыбніцаю. Праўда, прыглядацца панізе не было калі. Яго насцярожаны позірк пранікліва працінаў малады пералесак з шызаватымі стваламі асінніку, падсвечанага камлямі белых бярозак.
Праз некаторы час, пасля працяглага беспаспяховага блукання, нарэшце разгледзеў удалечыні шэрыя пабудовы. Асцярожна падкрадаючыся паміж кустамі, наблізіўся да краю ўзлеску і ўбачыў вясковыя хаты.
Сіліч прытаіўся ў крайніх кустах і доўга сачыў за бліжэйшымі хатамі і дварамі. Вёска выглядала бязлюдна. Ні ў вокнах, ні на падворках не паказвалася ніводнай жывой душы. Гэта яшчэ болей насцярожыла і выклікала падазрэнне, што паблізу знаходзяцца ворагі. «Таму і жыхароў не відно».
Ускрайкам хмызняку хлопец асцярожна пракрадаўся ўздоўж вёскі, працягваючы назіраць за хатамі. Нечакана выйшаў на невялікую палянку, акружаную кустамі. З краю яе пасвілася каза. Яе вымя, туга набрынялае малаком, прымусіла хлопца аблізнуць губы і праглынуць сліну. Паружавелы выгляд вымя, абвіслага да самай зямлі, навёў на спакуслівую думку. Ён ведаў, што ўлетку ў абедзенную пару кароў прыганяюць з пашы даіць. «Дык, можа, і казу дояць у абед? Трэба заняць зручны назіральны пункт, з якога добра праглядвалася б наваколле. Ва ўсякім разе, як бы там ні было, а па яе хоць увечары ды хто-небудзь жа павінен прыйсці».
Каза была прывязана вяроўкаю да колічка, убітага ў зямлю. Думаючы так, ён сноўдаўся паміж кустоў вакол казы. Яна спакойна скубла мурог, а ён, насцярожаны, час ад часу прысядаючы на кукішкі, вышчыкваў і запіхаў у рот шчаўе.
Глытаючы разжаванае лісце, хлопец ледзь не папярхнуўся, пачуўшы паблізу звонкае брынканне і глухаваты металічны шоргат. Міхась насцярожыўся. Доўга чакаць не давялося. Непадалёку з кустоў вынырнула на палянку жанчына. Яна прыпынілася, паставіла на дол два вядры, падышла да казы і пачала вырываць з зямлі колічак. Вырывала яго няўмела і таму трохі праваждалася. А калі, нарэшце, вырвала, узяла камень, што ляжаў у траве побач з колічкам, і на вяроўцы падвяла казу бліжэй да сярэдзіны палянкі. На новым месцы каменем нетаропка забіла ў зямлю колічак, узяла абодва вядры і падышла да жывёліны.
Цяпер Міхась разгледзеў вёдры. Старое, з якога жанчына паіла казу, было невялікае, ацынкаванае. А другое, з боку якога вытыркаўся выгнуты ражок, аказалася звычайнай даёнкаю з белай бляхі. Пакуль жывёліна ціха піла з вядзерца, у парожняй даёнцы зазвінелі струмені малака.
Калі жанчына падаіла казу і ў адной руцэ з парожнім вядзерцам, а ў другой—з даёнкай наблізілася да кустоў, з-за іх, нібы прывід, узнік перад ёю хлопец.
— Цётка, не палохайцеся, я свой.
— А чаго ж баяцца цябе, сынок? — стараючыся як мага спакайней, запыталася жанчына, і яе вялікія вочы, у якіх перад гэтым мільгануў ці то спалох, ці то здзіўленне, прыжмурыліся, ад чаго пад імі .абазначыліся дробныя зморшчынкі, а над пераноссем на лобе прыкметна торгнулася невялікая круглая радзімка.
— Немцы ў вёсцы ёсць?
— Стаяць. Але іх няшмат, — яна з ног да галавы акінула хлопца позіркам і, напэўна, убачыўшы ягоны спакутаваны выгляд, схамянулася: — Чаго я стаю, сынок? Папі хоць свежанькага малака, — і адхінула ў ягоны бок даёнку.
Правай рукой Міхась нерашуча ўзяў яе за дужку, а леваю падхапіў спадыспаду, падняў і, трохі нахіляючы, прыпаў губамі да адтапыранага наска. Малако было густое і тлустае. Можа, піў бы яшчэ, але пасаромеўся, што i так адпіў ужо многа.
— Дзякуй, цётка. Малако смачнае, — сказаў ён, аддаючы даёнку. А калі жанчына ўзяла яе, сарамліва i нерашуча запытаўся: — Можа б, у вас знайшліся старыя абноскі? А то салдацкая форма—дужа прыкметная. Усім кідаецца ў вочы.
— Пашукаю, сынок. I выхвацень прынясу, — абнадзеіла яна, адыходзячы.
Паспакайнелы, ён спачатку адлежваўся ў кустах, з якіх праглядалася палянка з казою. Потым яму пачало здавацца, што мінула шмат часу пасля адыходу жанчыны. Ён занепакоіўся і ў думках дакараў сябе за тое, што не пацікавіўся, калі яна вернецца. «Пэўна ж не сярод белага дня, калі могуць заўважыць пабочныя. Ёй, канечне, надзейней забіраць казу надвячоркам... Ды мне ацірацца каля жывёліны да вечара небяспечна. Яшчэ напорашся на якога чорта... А што, калі цётка не адзежу прынясе, а прывядзе каго-небудзь?.. Але яна ж бачыла, што я свой, а не чужы. Пра хлеб жа я не заікаўся. Яна сама напрасілася, сказала, што прынясе выхвацень. I ў іх, на Беларусі, гэтак завуць у некаторых мясцінах праснак або скавародзень. Яго цяпер абрадаваў бы не толькі выхвацень, а аскарак, як у іх называлі цвёрды засушаны агрызак хлеба.
Пасля гэтых няпэўных думак ён вырашыў усё-такі перабрацца ў болей бяспечнае і ўтульнае месца, з якога праглядалася б уся палоса, што аддзяляе хмызняк ад вёскі. Каб добра было відаць, хто ідзе да ўзлеску. «А пад вечар можна будзе зноў падысці бліжэй да палянкі з казою».
Па хмызняку ён пачаў прабірацца ўздоўж вёскі, да яе ўскраіны.
Ішоў, мякка ступаючы па ўтравянелым доле. Калі мінуў крайні двор і аглянуўся, праз голле палоса паміж вёскаю і ўзлескам праглядалася наўскасяк на самую далёкую хату ў супрацьлеглым канцы. Яму трэба было ўзяць лявей, паглыбляючыся ў непралазны ракітнік, што суцэльнай сцяною аточваў узлесак і, напэўна, абгінаў вёску.
«Адразу відно, што ніхто не пляце кашоў: разраслася гэтакая гушчэча», — падумаў Міхась, асцярожна залазячы ў зараснік. Ісці праз яго было нязручна, таму насілу прадзіраўся наперад, увесь час замаруджваючы крокі. Прачыкільгаў метраў сорак і пачаў выбірацца на край узлеску. Як ні асцерагаўся i як ні ступаў абачліва, але не ўбярогся і наступіў на схаваны ў траве сухі валежнік. Галіна так моцна трэснула пад нагою, што ў яго штосьці абарвалася ўсярэдзіне, і адразу ж непадалёку забрахаў сабака.
Праз імгненне, пасля ўзмоцненага шастання і валтузні, якія данесліся адтуль, хлопец пачуў, што сабака, гыркаючы, шыецца ў ракітнік і следам, гергечучы, хтосьці лезе. Уцякаць было позна: узняўся б шум і трэск. Міхась, не дыхаючы, атрупянеў на месцы. I ў гэты час з зарасніку вынырнула спачатку ашчэраная зяпа, потым няўрымслівая воўчая постаць, якую хтосьці стрымліваў за павадок, і, нарэшце, нямецкі салдат.
«Папаўся», — ёкнула і, здаецца, абарвалася хлопцава сэрца.
— Ком раўс! —загадаў немец, заходзячы з сабакам і адразаючы Міхасю шлях назад.
— Вэр іст да? —нецярпліва запытаўся хтосьці за ракітнікам.
— Эс шайнт айн русішэр зольдат цу зайн , — няўпэўнена адказаў аўтаматчык, пад гырканне аўчаркі выправаджваючы хлопца з хмызняку.
Выходзячы на ўскрай гушчару, Сіліч ажно прыжмурыўся ад зыркай люстранай гладзі, што асляпіла вочы і дыхнула ў твар пахам прэснай вільгаці і азёрнага багавіння. На фоне гэтай бяскрайняй воднай прасторы малым! здаліся яму фігуры нямецкіх салдат. Яны разгублена чакалі звароту аўтаматчыка з аўчаркаю. Было іх чалавек дваццаць.
— Як ты трапіў сюды? — спытаўся ў Міхася высокі, з падцягнутым выглядам, мяркуючы па срабрыстых кантах на пагонах, фельдфебель або унтэр-афіцэр.
— Заблудзіўся.
— Ты ведаеш нямецкую мову? —здзівіўся ён.
— Вывучаў у школе.
— А куды ідзеш?
— Дадому,—няўпэўнена адказаў Міхась.
— Напэўна, разведчык, — выказаў меркаванне прысадзісты, шыракаплечы немец.
— Бяззбройны і без шапкі?—яхідна спытаўся ў яго унтэр-афіцэр, грэбліва разглядаючы Міхасёвы калені і локці.
Толькі цяпер хлопец заўважыў, што яны запэцканы зеленню маладой травы.
Сіліч не пачуў, што загадаў унтэр-афіцэр салдату, які трушком пабег у супрацьлеглы ад вёскі бок. Хлопец разгледзеў там бункер, развешаны невад і на прывязі—баркасы. Яму здалося, нібыта адтуль даносіцца пах рыбнай лускі. Удалечыні па беразе відно было яшчэ некалькі агнявых кропак. «От запрапашчэнне!.. Няйначай, як трапіў у нейкі ўмацаваны раён».
Незадаволеныя нямецкія салдаты здзіўлена і насцярожана разглядалі яго, ад чаго ён яшчэ болей хваляваўся і, стараючыся быць спакойным, глядзеў на бяскрайняе азёрнае раздолле, што нагадвала штосьці знаёмае і блізкае і таму таксама трохі супакойвала.
Пасланы да бункера салдат прамчаў міма на матацыкле з парожняй каляскаю. Неўзабаве ў ёй ён прывёз з вёскі калматага дзядзьку.
— Гэты чалавек з вашай вёскі? —нецярпліва запытаўся унтэр-афіцэр у пажылога вяскоўца, што з цяжкасцю вылез з каляскі.
Дзядзька з-пад калматых броваў бясколернымі вадзяністымі вачамі слізгануў па Міхасю з ног да галавы, дапытліва ўтаропіўся ў ягоны твар і, пераводзячы позірк на немца, адмоўна пакруціў галавою.
— Можаш ісці,—пагардліва прамовіў унтэр-афіцэр, а калі дзядзька расслабленай паходкаю пашыбаваў да вёскі, перакрывіў твар і ўдакладніў: — Ад старасты тхне шнапсам, як ад матацыкла—бензінам.
Міхась адчуў, што абставіны прыкметна напальваюцца, і міжволі звесіў галаву.
Унтэр-афіцэр паціху даў нейкае ўказанне матацыклісту. Той з’ездзіў да бункера і вярнуўся адтуль за рулём грузавіка, над кузавам якога быў наняты брызент.
— Залазь! — па-нямецку загадаў Міхасю унтэр-афіцэр.
Залазячы ў кузаў, хлопец пачуў за спінаю, як унтэр-афіцэр сказаў яшчэ, што паедуць —і назваў тры нямецкія прозвішчы. Адзін з названых, мусіць, сеў у кабіну, бо адрывісты стук яе дзверцаў адазваўся ў Міхасёвых вушах адзіночным стрэлам. Два другія, з аўтаматамі, неахвотна залезлі ў кузаў. Сярод іх быў і той прысадзісты, што западозрыў у Міхасю разведчыка.
Адбылося гэта настолькі хутка, што хлопец не паспеў ачомацца. «Ну, цяпер усё, капут!» — мільганула ў ягонай галаве.
Грузавік крануўся з месца ў напрамку вёскі. Астатнія салдаты таксама рушылі ўслед за ім.
«Адвязуць падалей—і прыкончаць без усялякіх сведкаў, — рашыў хлопец, калі перад уездам у вёску аўтамашына павярнула ўлева і паехала ўзлескам па прасёлачнай дарозе, якую нядаўна ён пераходзіў. — Як недарэчна сам трапіў у іхнія лапы! Трэба ж было набрысці на гэты ўмацаваны раён? Уцёк ад іспанцаў і апынуўся ў немцаў».