27


Па нямецкай гаворцы адчувалася, што язык у Сіліча падвешаны, але пісаць па-нямецку хлопец руку не набіў. Шпрэхаць ён сяк-так шпрэхаў, а шрайбаваць яму, ненапрактыкаванаму, было цяжэй. Таму, калі Кольб прынёс аловак з папераю, Міхась папрасіў Леаніда, каб той напісаў, якія матэрыялы спатрэбяцца для чучала і якім спосабам выдубіць заячую шкурку. Хлопец адчуваў, што сябру напісаць гэта па-нямецку лягчэй, чым яму самому.

Але затое праз нейкі тыдзень, як толькі вартавы перадаў ім начынне, Сіліч не адышоў ад Ярмоліка да таго часу, пакуль той не зрабіў чучала.

Хлопец уважліва назіраў, як сусед адпаведна памеру шкуркі замест хрыбта i ног зайца звязаў драцяны каркас і шчыльна абматаў ачоскамі яго шыйны ўчастак і канцавіны. Як распляскаў і забіў верхні канец дроту ў драўляны корак, які наглуха ўмацаваў у вялікай патылічнай адтуліне чэрапа. Вачніцы набіў пакуллем і ўставіў у яго вялікія пукатыя гузікі, а ў шкурку вушэй усунуў кавалкі тонкага кардону. Міхасю было цікава, як Ярмолік нацягваў на чэрап шкурку галавы і прасоўваў у канцавіны шчыльна абмотаны ачоскамі дрот. Потым туга набіў шкурку пакуллем і зашыў ніткамі разрэз на жываце. А вострыя канцы дроту, што вытыркаліся з ног, распляскаў і пазабіваў у дошчачку. Заяц стаяў на падстаўцы, як жывы. Нават не верылася, што гэта —чучала.

Сіліч не сумняваўся, што многія ахоўнікі, якія яшчэ нядаўна асуджалі Кольба за тое, што ён аддаў палонным зайца, цяпер пазайздросцяць уладальніку гэтага нязвычнага сувеніра. Хлопец глядзеў на яго як на аддарунак вартавому за чалавечны ўчынак i, вядома, не спадзяваўся, што Кольб заплаціць за працу палоннаму, які зрабіў чучала. А вартавы потым чатыры разы, праз дзень-два, прыносіў Ярмоліку па паўбуханкі хлеба, што ў сваю чаргу саслужыла тады якую-ніякую падтрымку, як дадатковая надбаўка да ўбогага рацыёну кожнага з пяцярых суседзяў.

Тыя дні запалі ім у памяць, бо якраз папярэднічалі вячэрняй мітрэнзе, што праз ноч неспадзеўкі ўзняла ў лагеры вэрхал, які назаўсёды разлучыў многіх сяброў, суседзяў і знаёмых.

Пачалося ўсё з таямнічай лыжні, якую раніцаю заўважылі і вартавыя, і палонныя. Яна пралегла з боку фронту ў глыб занятай ворагам тэрыторыі і перасекла гравійку метраў за трыста ад лагера. Мясцовасць была тут аголеная, з рэдкімі кустамі, нявыгадная для ўкрыцця і маскіроўкі. Відаць, лыжнікі праявілі дзёрзкасць і не выбіралі абходнага шляху. Мяркуючы па глыбіні следу, які лыжы праклалі па снезе, было відаць, што па лыжні прайшло болей за дзесятак чалавек.

— Армейская разведка! — абрадаваўся нехта з палонных. — У белых маскіровачных халатах незаўважнаю прайшла па Ільмені.

— Адкуль ты ведаеш, што армейская дый яшчэ ў маскхалатах? — іранічным голасам астудзіў запал прамоўцы хтосьці другі. — А можа, палкавая?

— Няхай сабе палкавая. Але ж без маскіровачных халатаў на такой адлегласці разведчыкаў прыкмеціла б з вышак лагерная ахова.

На гэты довад першы палонны нічога не адказаў.

Затое многім было зразумела, што самі разведчыкі таксама не маглі не заўважыць асветленую электрычнымі лямпачкамі агароджу з ахоўнымі вышкамі. Аднак бою вартавым яны не навязалі. Значыць, пайшлі ў варожы тыл з нейкай іншай мэтаю i не хацелі выдаваць сябе, а выяўлены імі лагер, мусіць, не быў для іх асаблівым адкрыццём. Многія палонныя не сумняваліся ў тым, што тодтаўскія лагеры ўсцяж гравійкі вядомы савецкаму камандаванню і існуюць тут дзякуючы таму, што ў гэтых мясцінах надоўга стабілізаваўся фронт. А варта толькі баявым дзеянням парушыць франтавое зацішша, як невядома, што з імі будуць рабіць немцы. Перавядуць лагеры ў іншыя месцы або знішчаць палонных?

Па тым, як рэагавалі на лыжню і ахоўнікі, і нявольнікі, адчувалася, што і тыя, і другія надаюць ёй немалаважнае значэнне. У вартавых яна выклікала насцярожанасць і трывогу, а ў палонных—злараднае ажыўленне і абнадзейлівае чаканне.

Сілічу чамусьці здавалася, што таямнічая лыжня ў поўным сэнсе слова падвяла рысу пад іхнім лагерам і сімвалічна перакрэсліла абрыдлую гравійку.

Як бы там ні было, але праз пару тыдняў у лагеры адбылася падзея, што занепакоіла i насцярожыла палонных.

Здарылася гэта ў нядзелю, пад канец дня. У пакоі, дзе жыло пяцёра неразлучных суседзяў, панавала расслабленая цішыня. За выхадны палонныя з непрывычкі разамлелі: адны драмалі, другія моўчкі сядзелі і ляжалі на нарах, калі на двары пачуліся ажыўленыя галасы і выкрыкі.

Леанід першы кінуўся да аконных кратаў, з ходу абвяшчаючы:

— Прыбыла падмога! —і, асекшыся, няўпэўнена растлумачыў: — Прыгналі нейкую партыю палонных.

Расслабленая цішыня адразу ж наэлектрызавалася. Іншыя зацікаўленыя таксама пакінулі нары і прыліплі да вокнаў.

«Ого! Дзе ж яны размесцяцца? — здзівіўся Міхась, убачыўшы на пляцы ладную калону палонных. Самых пярэдніх з яе ахоўнікі ўжо прапускалі за калючую агароджу. — Таксама дахадзягі. У вынашаных, не падагнаных па росту шынялях, з калодкамі на нагах».

Тым часам па ганку i па падлозе ў калідоры спорна загрукаталі драўляныя падэшвы, як быццам з кузава самазвала павольна ссыпаліся на гравійку патрушчаныя руіны, і ў пакой, не зачыняючы за сабою дзвярэй, дружна павалілі незнаёмыя людзі. З ходу навічкі перамешваліся са старажыламі i наперабой гаманілі:

— Дайце прытулак выгнаннікам!

— У цеснаце, ды не ў крыўдзе.

— Адкуль вас прыгналі?

— З суседняга лагера.

— А што з ім? Згарэў?

— Не. Цэлы.

— Дык чаму ж выгналі з яго?

— Хто яго ведае? У канцы выхаднога дня паднялі ўсіх на ногі, загадал! ўзяць рэчы і пагналі напроці ночы.

Нібы электрычны разрад слабога напружання, многіх скаланулі насцярожанасць і трывога. Абставіны напальваліся.

Суседні лагер адгэтуль за якіх-небудзь дзесяць кіламетраў. Яго палонныя ўпарадкоўвалі свой участак гравійкі. Адсюль ганяць іх на працу ў такую далеч немцам нявыгадна. Дый па колькасці людзей той лагер не меншы за гэты. Усе палонныя тут усё роўна не размесцяцца. Навошта ж спатрэбілася ў нядзелю тэрмінова пераганяць ix сюды? Значыць, немцы наважваюцца штосьці рабіць. Вядома, гэта многіх непакоіла.

Разам з тым жывых людзей не маглі не турбаваць першачарговыя надзённыя клопаты. У пошуках месца для начлегу і землякоў, з якімі можна адвесці душу ды падзяліцца навінамі, навічкі паступова асвойваліся з абставінамі і зноў фізічна расслабляліся, часова забываючы на нядаўнюю трывогу.

Праўда, толькі нямногім з іх удалося ўшчаміцца паміж землякамі, таму што на нарах месцы не пуставалі. Ва ўсіх пакоях небаракі размясціліся нанач на падлозе ўздоўж сцен. Толькі лагерныя прыдуркі адразу ж паразумеліся між сабою і атабарыліся ў наглядчыцкай штубе.

— Сабакі здалёку нюхам адчуваюць адзін аднаго, —пацвельваўся Казнадзей з іхняга хаўрусу.

Аказалася, што фашысцкія прыхвасні ў суседнім лагеры называліся не наглядчыкамі, а паліцаямі і насілі на рукавах белыя павязкі.

— Мала таго, што на кожным крону белым колерам пацвярджаюць сваю капітуляцыю, дык яшчэ ўвачавідкі падкрэсліваюць гэтым, што вераю і праўдаю служаць ворагам, —абураўся Леанід.

— Раз у іх наглядчыкі называліся паліцаямі, значыць, камендант у тым лагеры—не турэмшчык, а нейкі фашысцкі палітыкан,—разважліва супакоіў яго Міхась.

Упоцемку за поўнач у лагеры не змаўкала гаворка.

А раніцаю сэнс прыказкі «Пераначуем — болей пачуем» пацвердзіўся не адразу. Як заўсёды, палонным выдалі на снеданне кіпень, але на працу не выганялі. А кожны з іх ведаў, што немцы адпачыць не дадуць і лішняга выхаднога не зробяць. Што яны задумалі?

Чым болей мінала часу, тым болей узмацняліся насцярожанасць i падазронасць.

Нарэшце позняй раніцаю да агароджы прыйшлі ахоўнікі абодвух лагераў. З двух бакоў яны ачапілі пляц, на які праз брамку пачалі выпускаць палонных. Наглядчыкі і паліцаі выстраілі іх у калону і павярнулі тварамі да склада.

Неўзабаве ад барака падышлі камендант i два нямецкія афіцэры: адзін —прысадзісты, важны, напэўна, высокі чын, з незадаволеным тварам і другі —малады, з лейтэнанцкімі пагонамі на плячах, мусіць, ягоны ад’ютант. Калі яны спыніліся перад павернутым да іх строем, Брэс спачатку акінуў яго з краю ў край пранізлівым позіркам, потым, уладна ўскідваючы руку, гучна абвясціў: «Ахтунг!» і ветліва звярнуўся да высокага вайсковага чына:

— Біттэ зэер, хэр обэрст!

— Ого! Палкоўнік! Чаго заляцела да нас гэта стрэляная птушка? — шэптам запытаўся Леанід у Міхася, калі стаяў побач з ім у страі.

— Зараз пабачым, — прашаптаў сябра.

Палкоўнік грузна пераступіў з нагі на нагу, як быццам пераконваючыся, наколькі трывалы пад ім грунт, і глухім хрыплаватым голасам, усё роўна як ні да кога канкрэтна не звяртаючыся, прамовіў:

— Дэр гот хат Дойчлянд айнэ эрэнхафт э місіён ауф эрлегт—дэн большэвізмус аусцуроттэн унд ді нойэ орднунг ауфцуэрітэллен, —і зрабіў паўзу ці то ў чаканні, пакуль перакладуць сказанае, ці то думаючы, што гаварыць далей.

— Бог усклаў на Германію пачэсную місію—выкараніць на зямлі бальшавізм і ўстанавіць новы парадак, —паслужліва і ўрачыста пераклаў ягоныя словы лейтэнант, хаця Сіліч, які зразумеў іх без перакладу, адчуў у інтанацыі палкоўніка халодную высакамоўнасць і не ўлавіў ніякай урачыстасці.

А калі яшчэ высокі вайсковы чын сказаў: «Ужо ўсе народы Еўропы далучыліся да вялікай Германіі і ўносяць свой пасільны ўклад у ажыццяўленне высакароднай мэты», хлопец, перш чым сказанае пачаў перакладаць ад’ютант, канчаткова пераканаўся, што палкоўнік вымавіў сказ без усялякага запалу.

— Нешта ж гэта стрэляная птушка пяе без імпэту,—шэптам пацвердзіў сябраву думку Леанід.

Сіліч глядзеў на фанабэрысты, незадаволены выраз палкоўнікавага твару, i хлопцу здавалася, што або высокі чын кепска сябе адчувае, або грэбуе тымі, да каго звяртаецца.

— Вялікая Германія заклікае вас стаць пад сцягі яе доблесных узброеных сіл і плячо ў плячо з нямецкімі салдатамі пераможна завяршыць гэтую ганаровую місію,— нарэшце проста, без хітрыкаў выказаў палкоўнік мэту свайго прыезду.

— Бач, да чаго дадумаўся! —не сцярпеў Леанід, калі лейтэнант пачаў перакладаць палкоўнікавы словы.

— Выдыхаецца вермахт! Парушаючы міжнародныя правілы, фашысты хочуць з палонных навербаваць памагатых, — гнеўна прашаптаў Міхась.

Калі ад’ютант пераклаў палкоўнікаву фразу, па калоне спакваля пракацілася хваля збянтэжанай узрушанасці i абурэння, як быццам высокі вайсковы чын шпурнуў у строй палонных прыхаваны за пазухай камень.

Палкоўнік адчуў гэта і паспяшаўся згладзіць выкліканае ўражанне:

— Бог не забудзе вашы заслугі,— але, мабыць, успомніў, што савецкія людзі абыякавыя да рэлігіі, і хуценька схамянуўся: — А за добрую службу вы атрымаеце ўзнагароды.

Змрочныя палонныя з акамянелымі тварамі маўчалі.

Бачачы, што сказанае не ўздзейнічае на іх, палкоўнік рашыў узмацніць свой довад i, як толькі лейтэнант скончыў перакладаць, доўга не раздумваючы, для большай пераканаўчасці дадаў:

— Унд ді эрдэ.

— I зямлю,—трошкі разгублена таропка пераклаў ад’ютант, каб згладзіць непрыемнае ўражанне, якое магло зрабіць гэтае слова, сказанае адасоблена i са спазненнем.

Але і ў перакладзе яно ўсё роўна прагучала двухсэнсоўна і выклікала ў адных палонных кіслую ўхмылку, а ў другіх —міжволі прыглушаны смех.

Палкоўнік не звярнуў на гэта ўвагі і, жадаючы хутчэй закончыць даручаную яму справу, адным духам выпаліў:

— Хто гатоў адклікнуцца на заклік вялікай Германіі, выйдзіце са строю наперад!

Пакуль ад’ютант перакладаў палкоўнікавы словы, сябры перамовіліся між сабою.

— Няўжо знойдуцца здраднікі? — насцярожана прашаптаў Леанід.

— Хто ж яго ведае? — разгублена, таксама шэптам перапытаў Міхась, ужо навучаны горкім вопытам бачыць агідныя ўчынкі ў паводзінах, здавалася б, маральна здаровых людзей, што апынуліся ў жахлівых абставінах, — і прыплюшчыў вочы, каб не быць сведкам яшчэ чаго-небудзь нечаканага і брыдкага.

Настала цягучая цішыня. Можа, на самай справе яна і не была такой працяглаю, як здалася хлопцу ў ягоным стане. У вільготным паветры чутно было, як насцярожана дыхае процьма людзей. Потым яго слых улавіў, як па мокрым снезе спярша ціха зашасталі, а пасля мацней зачвякалі нечыя крокі, якія калона заглушыла ўразнабой бязладным выдыхам ці то здзіўлення, ці то гневу.

Вытрашчанымі вачамі ён убачыў, што са строю выйшаў наперад у сваіх наглянцаваных ботах перакладчык Ванька i да яго тупаюць у калодках з аднаго краю калоны — Вырвін, а з другога—двое незнаёмых палонных, з тых, якіх учора прыгналі з суседняга лагера.

Хлопца ўсяго скалануў выбух абурэння. На нейкі момант усё перавярнуў у ягонай сярэдзіне ўчынак гэтых адшчапенцаў. Але цвярозая разважлівасць усё-такі ўзяла верх над мімалётным гневам. «А чаго ж яшчэ чакаць ад перакладчыка Ванькі i ад Вырвіна? Адзін дастукаўся да таго, што ўжо даўно выставіў сябе на пасмешышча. Цяпер схамянуўся i думае, што ў прадажным войску выслужыцца лейтэнантам. А другі за кандзёр прадасць роднага бацьку. Недарэмна ж хацеў выдаць Леаніда».

Невядома, у якім кірунку пайшло б развіццё Міхасёвай думкі, калі б яе ход раптам не абарваў палкоўнікаў ультыматум:

— Ix геб ойх айнэ штундэ бэдэнкуайт. Юбэрлегтс ойх ix аллер руэ унд фаст дэн энтшлусс.

— Пан палкоўнік дае вам гадзіну на развагу. Спакойна падумайце — і прыміце канчатковае рашэнне, —пераклаў лейтэнант.

— З наскоку не атрымалася, дык хоча ўзяць зморам, — зларадна прамовіў Леанід, калі палонных пачалі ўпускаць назад за агароджу.

— З наглядчыкаў няхай вярбуе наймітаў, — падтакнуў Міхась.—Яны прадаліся адразу ж, не раздумваючыся.

Пляц перад агароджаю апусцеў. Першыя яго пакінулі камендант i абодва нямецкія афіцэры. Следам за імі да свайго барака купкамі пайшлі вартавыя.

Палонныя зноў разбрыліся па сваіх пакоях. Тыя, хто меў месцы, паразлягаліся на нарах, каб не замінаць тым, хто сноўдаў у праходах.

Вядома, ніхто з ix не збіраўся мяняць свайго рашэння адносна закліку палкоўніка. Наадварот, многія не пераставалі абурацца ягонай спробаю вярбоўкі здраднікаў. Яны i так пакутліва перажывалі тое, што апынуліся ў варожым палоне, якім як бы заплямілі сябе перад сваім народам. А гэты фашысцкі пасланец хоча навербаваць з іх здраднікаў радзімы. Няўжо ён лічыць іх дурнямі? «Трэба ж дадумацца! — з гневам паўтаралі адны.— Дае гадзіну на развагу! Якая тут можа быць разважлівасць?!» «А што немцам рабіць, калі яны выбіліся з сіл? — злараднічалі другія, —Трэба ж шукаць нейкі выхад са становішча». «Няхай у сваёй Германіі мабілізоўваюць старых, жанчын і дзяцей!» — кпілі трэція. I хто шэптам, а хто ўголас асуджалі чатырох адшчапенцаў, што па закліку палкоўніка выйшлі са строю.

Хвілін праз пятнаццаць у доўгі пакой, дзе жылі Міхась з Леанідам, з калідора ўляцеў камендант i, не загадваючы, як заўсёды, а нейкім палагоднелым голасам з ходу папрасіў:

— Біттэ руэ.

Ужо само з’яўленне яго ў пакоі ды яшчэ без усялякай світы i без перакладчыка выклікала ў палонных здзіўленне і прымусіла ўсіх сціхнуць.

— Вэр фон ойс іст эбен фор гетрэтэн? — зацікаўлена і памяркоўна запытаўся Брэс.

Хаця па інтанацыі ўсе адчулі, што ён штосьці пытаецца, аднак ягонае пытанне павісла ў паветры без адказу, бо акрамя Леаніда і Міхася ніхто яго не разумеў. А абодва сябры, збянтэжаныя раптоўным з’яўленнем Брэса, не ведалі, як сябе паводзіць, баючыся вытыркацца перад ім са сваім веданнем нямецкай мовы.

— Што ён пытаецца? — здзіўлена прашаптаў Хяндога.

— Хто з нас толькі што выходзіў са строю наперад, — шэптам адказаў Міхась.

Вырвін, што заўсёды быў на падхваце, з выпрацаваным, нібы ў шакала, слыхам і спрытам усё-такі расслухаў Міхасёў шэпт, шустра саслізнуў з нараў, падбег да Брэса і з гатоўнасцю выслужыцца бязладна пралапатаў:

— Ix, хэр камендант!

З Брэсавага твару як рукой зняло зацікаўленую памяркоўнасць. Ён вокамгненна спахмурнеў і набыў заўсёдашні змрочны выраз.

— Вільст ду гегэн дайнэ ландслёйтэ кэмфэн?! —абурыўся камендант.— Вірст ду дайнэ брюдэр эршлагэн?!

Вырвін, вядома, не разумеў, што пытаецца Брэс, але не мог не бачыць яго абурэння i таму толькі няўцямна лыпаў вачамі.

— Ду біст айн троттэль! — вымавіў камендант, дзеля большай пераканаўчасці тыцкаючы ў сваю скронь і круцячы ўказальным пальцам правай рукі—і гэтак жа борзда, як увайшоў, вышмыгнуў з пакоя.

Вырвін стаяў як аслупянелы.

Камендантаў жэст быў зразумелы ўсім без тлумачэння. Гэтымі словамі дарожны майстра і вартавыя неаднойчы лаялі палонных, таму гаротнікі ведалі, што яны азначаюць.

— Ну што? Выслужыўся?! —абурыўся Казнадзей і злосна папракнуў:—Раней бацькі ў пекла не лезь!

Вырвін маўчаў.

— А што ў яго пытаўся раззлаваны камендант? —зацікавіўся хтосьці з верхатуры.

Ад гэтага пытання Вырвін схамянуўся і, відаць, хацеў заняць сваё месца на нарах, але ў гэты момант азваўся Міхась:

— Камендант пытаўся: «Ты хочаш ваяваць супраць суайчыннікаў? Будзеш забіваць сваіх братоў?»

Гэтыя словы канчаткова збянтэжылі Вырвіна. На нейкі момант ён як бы застыў у нерухомасці, не ведаючы, што рабіць. Потым страпянуўся і, мусіць, баючыся яшчэ болей сярдзітых папрокаў і абгавораў, моўчкі выйшаў у калідор.

Усіх у пакоі і без таго ўразілі паводзіны каменданта. А калі яшчэ Сіліч пераклаў тое, што Брэс пытаўся ў Вырвіна, здзіўленыя палонныя не маглі растлумачыць учынак немца і наогул не разумелі, што здарылася з камендантам.

З тае пары, як іх перагналі з кароўніка ў будынак школы, у Брэса не было асаблівай патрэбы заходзіць за калючую агароджу. Праўда, калі ў рэдкіх выпадках ён і заглядаў на кухню або ў наглядчыцкую штубу, дык прыходзіў заўсёды з дарожным майстрам або з кім-небудзь з вартавых. А тут нечакана з’явіўся ў пакой палонных адзін. Дый яшчэ як за якую правіннасць адчытаў Вырвіна ў прысутнасці непажаданых сведкаў. Калі б зрабіў гэтакае Кольб, тады іншая рэч. Ад таго можна ўсяго чакаць. Кольб перад ахоўнікамі не ўтойвае свайго спачування да палонных.

А гэта ж люты камендант, садыст, што ўласнаручна расстрэльваў гаротных, жывым раструшчваў кіркаю чарапы і лапатаю адсякаў галовы. Ап’янелы ад крыві кат ды раптам працверазеў? Занепакоеныя сваёй доляю, палонныя не дапускалі гэтага ў думках, што не пакідалі ix да таго часу, пакуль не прагучала каманда выходзіць на пастраенне.

— Камендант баіцца, што яго забяруць на фронт, калі расфарміруецца лагер, —па-свойму растлумачыў учынак Брэса Хяндога.

Цяпер наглядчыкі выстраілі калону ў лагеры, паміж сцяною будынка i калючым дротам, там, дзе звычайна выстройвалі яе для атрымання кандзёру.

За агароджаю не відно было вартавых, а стаялі камендант, два тыя ж нямецкія афіцэры, высокі фельдфебель з партфелем у руцэ i два аўтаматчыкі.

Аўтаматчыкі таропка расклалі паходнае крэсла і раскладны столік, на які фельдфебель паклаў партфель і выняў з яго самапіску і пухлы гросбух. Палкоўнік тым часам рукою падаў знак, каб у агароджы расчынілі брамку. Як толькі камендант выканаў ягонае пажаданне, высокі вайсковы чын глухаватым голасам адрывіста прагергетаў абвестку.

— Як бачыце, перад вамі адкрыты шлях на волю, —перакладаў лейтэнант ягонае выступленне. — Цяпер усе жадаючыя могуць выходзіць з-за агароджы. Калі ласка!

Ад гэтых слоў угары на абедзвюх бліжэйшых вышках прыкметна нахохліліся абодва ахоўнікі з ручнымі кулямётамі.

Цяпер толькі адзін перакладчык Ванька пакінуў строй і выйшаў за брамку.

З калоны сотні пахмурных, насупленых вачэй праводзілі яго гнеўнымі позіркамі.

— У чым справа?! —здзівіўся палкоўнік, твар якога ад натугі ажно наліўся крывёю. Немец перавёў дыханне, паказаў рукою, каб Ванька вярнуўся ў строй, і злосна прагергетаў: — Калі вы ўсе разам нічога не надумал! за гадзіну, дык я адзін вырашу ўсё за імгненне, — і аддаў нейкі загад аўтаматчыкам.

Пакуль ад’ютант перакладаў ягонае выслоўе, аўтаматчыкі паслужліва шчоўкнулі абцасамі і подбегам кінуліся ў бок барака.

Неўзабаве адтуль пад’ехала пяць вялізных грузавікоў, крытых брызентам. З кожнага кузава вылезла па чатыры аўтаматчыкі.

Пасля таго, як палкоўнік перамовіўся аб нечым з Брэсам, камендант уголас паклікаў:

— Паўль, хадзі сюды!

Паўло неахвотна выйшаў са строю і нехаця рушыў за брамку. Брэс нешта растлумачыў яму i рукою паказаў на крэсла за столікам. Паўло нерашуча заняў вакантнае месца, відаць, разумеючы, што яно прызначалася для кагосьці іншага.

Палкоўнік злосна прашвэркаў два сказы, якія лейтэнант адразу ж пераклаў:

— Раз вы добраахвотна не выходзіце гуртам, прыйдзецца сілком выводзіць па адным. Паліцаі, выцягвайце ix!

Прадчуваючы небяспеку, строй насцярожана скурчыўся i пад ударамі наглядчыцкіх кіёў сутаргава захадзіў хадуном.

Выгараджаная перад школаю тэрыторыя была цеснаватая для палонных, сагнаных з абодвух лагераў. Каб зручней размясціць іх тут, паліцаі з наглядчыкамі вымушаны былі выстраіць калону ў шэсць шарэнгаў. Зашчэмленая паміж будынкам і агароджаю, яна раз-пораз балюча ўздрыгвала, як суцэльная жывая істота, з якой нацкаваныя, нібы сабакі, наглядчыкі жыўцом выгрызалі непадатлівыя ахвяры.

«Сярожа!», «Петрык!», «Андрэйка!» — жаласліва лямантавалі няшчасныя, просячы літасці ў прыганятых. Але найміты ў адказ толькі злосна пакрыквалі: «Маўчы!», «Не трапячыся!», аднаго за адным асуджаных выштурхваючы аўтаматчыкам, якія выстройвалі іх па два дзесяткі і заганялі ў грузавікі пасля таго, як Паўло запісваў нейкія звесткі пра кожнага.

Палонным некалі было сачыць за тым, менавіта каго павалаклі ўжо са строю, таму што кожны быў заняты самім сабою i, насцярожана скурчыўшыся, толькі і думаў, як бы не прыглянуцца раз’юшаным наглядчыкам i не трапіць ім у лапы.

Сіліч спачатку інтуітыўна адчуў, як у яго за спінаю, брыдка лаючыся, валтузіцца нехта з паслугачоў, і толькі потым убачыў, што Задзіра з нейкім паліцаем павалаклі пад рукі Леаніда. Сябра ўпарціўся з усяе сілы, не перастаўляў ног і калодкамі да самай зямлі разворваў зляжалы снег. Міхасю чамусьці здалося, што гэта прымусова вырываюць з калоны не людзей, а зубы — са сківіцы. Яму зрабілася балюча-балюча, як быццам у яго самога замест хворага вырвалі здаровы зуб.

— Пан, я не салдат, —заканючыў перад палкоўнікам высокі сутулы здаравяк, якога два паліцаі ледзь выпхнулі за брамку. —Я — наглядчык з дома псіхічна хворых. Іх расстралялі вашы салдаты, а мяне прывезлі ў лагер.

Палкоўнік не разумеў, што ён лямантуе. Лейтэнант пераклаў словы здаравяка.

— О, дык ты ж—асілак! Табе лёгка будзе выцягваць раненых,— знайшоўся палкоўнік.

Аўтаматчыкі далучылі здаравяка да купкі адлічаных палонных.

Час ад часу ў паветры чуліся глухія ўдары кіёў, якімі як быццам выбівалі шорсткія палавікі ці шчыльныя дываны.

Двое паліцаяў загрудкі вывалаклі са строю Вырвіна, але той як клешч упіўся ў калону. На дапамогу ім кінуўся Задзіра, які наўзмах агрэў кіем перш па адной, а пасля па другой руцэ палоннага.

Калі выштурхнутага Вырвіна за брамкаю падхапілі аўтаматчыкі, ён разгубленым няўцямным позіркам паглядзеў на каменданта і толькі абыякава махнуў рукою.

Апусцелыя месцы ў вышчарбленай калоне імгненна запаўняліся: спрытнейшыя спяшаліся схавацца ўглыб яе, а болей марудлівыя спераду i ззаду адразу ж змыкалі разарваныя шарэнгі, не жадаючы заставацца прыступнымі, бо спадзяваліся, што наглядчыкам цяжэй падступіцца да шчыльнага строю i нязручна вырываць з яго кожную ахвяру паасобку.

— Як ні хітрыў чалавек, а ўсё роўна нічога не выгадаў, — пачуў Сіліч за спінаю Хяндогаў голас. — Не схаваўся ў лесе, а добраахвотна вярнуўся за калючы дрот. Але і тут не далі спакойна адседзецца.

Хлопец убачыў, як справа два паліцаі павалаклі са строю Гладыша. Той, як ні ўпіраўся, але не здолеў супрацьстаяць дужым бамбізам, што выштурхнулі яго праз брамку.

— Гер камендант! Гер шэф! — звярнуўся Гладыш за дапамогай да Брэса, калі аўтаматчыкі падхапілі яго пад пахі.

Але камендант наўмысна адвярнуўся, робячы выгляд, што нічога не чуе i не бачыць.

«Значыць, недарэмна некаторыя падазравалі, што Гладышава жонка за золата выкупіла мужа з лагера. Бо інакш чаго б Гладыш напаследак шукаў заступніцтва ў каменданта?»

— Сколачы! — выдыхнуў у Міхасёў карак Хяндога — i насцярожаны хлопец убачыў, што два паліцаі павалаклі да брамкі Казнадзея.

«Яшчэ добра, што Паўла Брэс пасадзіў за столік. Па знаёмству ён адразу выцягнуў бы мяне са строю, — падумаў хлопец, не трапляючы зуб на зуб ад хвалявання. — Няўжо яны думаюць, што набранае гэтакім чынам войска сапраўды будзе ваяваць на ix баку?»

Ці таму, што раніцаю адлёг мароз і падзьмуў заходні вецер, ці ад празмернага напружання і нервовай узбуджанасці хлопец не адчуваў ніякага холаду, хаця наглядчыкі правалаводзіліся з палоннымі ўжо нямала часу.

Калі чацвёра апошніх аўтаматчыкаў хацелі дадаць да купкі адлічаных яшчэ некалькі палонных, каб дагрузіць астатнюю аўтамашыну, за брамкаю адбылася затрымка.

— Пан, я не ваеннаабавязаны. У мяне белы білет. Я каўбаснік з мясазавода. Мяне ўзялі з земляных работ, дзе мы капалі супрацьтанкавы роў, — збіўчыва лапатаў дробны лядашчы палонны, якога адзін паліцай лёгка выправадзіў за брамку.

— Што ён кажа? — насцярожыўся палкоўнік.

Лейтэнант паслужліва пераклаў.

— Там таксама будзе мяса, — не раздумваючы, выпаліў палкоўнік i паказаў рукою, каб аўтаматчыкі далучалі лядашчага да апошняй купкі.

Нарэшце гвалтоўная мабілізацыя закончылася. Камендант упусціў Паўла за агароджу і зачыніў за ім брамку. Калі фельдфебель узяў у рукі партфель, папярэдне схаваўшы ў яго самапіску і гросбух, аўтаматчыкі склалі столік з крэслам і залезлі ў кузаў задняй аўтамашыны.

Напэўна, для бяспекі нямецкія чыны занялі ў грузавіках месцы адпаведна званням: у кабіну першага сеў фельдфебель, у кабіну другога — лейтэнант, у кабіну трэцяга—палкоўнік. Адразу ж адзін за адным стрымана завуркаталі рухавікі — і калона аўтамашын рушыла ў дарогу. Следам за ёй камендант крывым цыркулем ног мераў адлегласць ад агароджы да барака. Сягоння ён упершыню не аддаў ніякага загаду раскілзанаму і нявыраўненаму строю.

Не чакаючы каманды разгубленых паліцаяў і наглядчыкаў, змучаныя ў чаканні вырашэння сваёй долі, расслабленыя палонныя самавольна пакідалі калону і валачыліся ў будынак.

На тым месцы, дзе штодзённыя пастраенні па кандзёр шчыльна ўтрамбавалі снег, на якім толькі што адбылася разбойная валтузня, цяпер чарнела перамешанае з зямлёй котлішча, здратаванае сотнямі няўклюдных калодак.

Набухлыя хмары, што нізка навіслі над зямлёю, не ўтрымалі снежнага цяжару і зацерусілі зверху рэдкімі белымі камякамі. Нібы мёртвыя матылькі, яны падалі і падалі на дол, зацярушваючы выбітае, як бубен, котлішча і глыбокія шурпатыя каляіны, выціснутыя коламі цяжкіх грузавікоў...

Загрузка...