15


Сіліча надта ўразіла тады, што намесніка каменданта, які прыводзіў жонак Задзіры і Гладыша на спатканне з мужамі, вартавыя з ахоўных вышак не падпусцілі да брамкі лагера. Пасля гаворкі з вартавым хлопец так і не зразумеў, чаму пасады лагерных начальнікаў не адпавядаюць іх былым званням: звычайны турэмны наглядчык—камендант, у той час як старшы наглядчык — ягоны намеснік.

Аказваецца, абодва гэтыя прыяцелі раней сапраўды займалі такія пасады.

Паколькі выгляд Штунца ўпаўне адпавядаў арыйскаму, дык, можа, таму ён і паспеў вышэй падняцца па службовай лесвіцы. Аднак ці то характар меў мяккі, ці то ў турэмнага наглядчыка не вытрымалі нервы, але ён пачаў усё часцей i часцей заглядаць у чарку. Ну, а які ж гэта старшы наглядчык, калі за ім за самім трэба прыглядаць, нібы за малым дзіцем? Чаго добрага, сп’яна яшчэ павыпускае вязняў з-за кратаў. Так ягоны прыяцель, звычайны наглядчык, вымушаны быў прыглядаць за старшым наглядчыкам.

Праўда, прырода не надзяліла Брэса вонкавымі нардычнымі рысамі. Мусіць, таму ён і заседзеўся ў звычайных наглядчыках, хаця нораў меў круты і рашучы. А можа, чалавек выпруджваўся з усіх сіл і стараўся выслужыцца, але яго далей не прасоўвалі па службе. Адным словам, абодвум ім нечага было трымацца за наседжаныя месцы, калі на далёкіх захопленых землях з’явіліся болей утульныя і прыбытковыя, для якіх неабходны не столькі нардычныя рысы, колькі цвярозыя галовы. Вось таму абодвух прыяцеляў адпаведна перамянілі пасадамі. У сябе дома пад бокам было вышэйшае турэмнае начальства. Таму ў прыяцеляў штодня дрыжалі паджылкі. Калі не ў абодвух адразу, дык абавязкова ў аднаго — за стан і выгляд другога. А тут яны самі цары і багі. Вышэйшае начальства над лагерамі чорт ведае дзе. Ні праверак ніякіх, ні справаздач не трэба. Вытварай, што ўздумаецца. Дзейнічай як паўнапраўны гаспадар у сваей вотчыне. I Брэе вытвараў, што хацеў, і дзейнічаў, нічым не рызыкуючы.

Праўда, за Штунца часамі трохі перажываў, нават спачатку крыўдаваў за тое, што чалавек адбіўся ад рук і зусім разбязулеў. Але потым звыкся з гэтым і ўсмак адчуў, што аднаму яму гаспадарыць спадручней.

На кухні ў бараку гатавалі ежу для ўсёй лагернай аховы. А ПІтунц сам узахвоціўся гатаваць страву сабе і каменданту. Чалавек па сваёй волі добраахвотна прызначыў сябе персанальным кухарам. Брэе не звяртаў на гэта ўвагі. Ці мала што ўзбрыдзе ў галаву дзіваку? Дзівацтвы ў Штунца назіраліся і раней. Але, калі камендант пераканаўся, што ад ягонага намесніка моцна патыхае падазроным духам, ён зразумеў, у чым справа. Яшчэ калі Штунц з дарожным майстрам у капцёрцы клеймавалі і кальцавалі Міхася, хлопец таксама ўлавіў гэты спецыфічны пах, але падумаў тады, што спіртам і пакостам разведзены бялілы. Аказваецца, у некага з мясцовых жыхароў Штунц за прадукты выменяў самагонку і даведаўся, як яе гнаць самому. Па душэўнай слабасці чалавек спалучыў карыснае з патрэбным: кухарыў і адначасова вінакурыў, патрошку здымаючы пробу та з аднаго, то з другога. Лацвей было вінакурыць, калі ўвесь лагерны правіянт пад рукамі. Каменданту выгадней гаспадарыць адзінаўладна. Таму ён паблажліва адносіўся да слабасцей свайго намесніка, які ўжо толькі лічыўся ім і зусім не цікавіўся лагернымі справамі. Пакрываць Штунца Брэсу было няцяжка: намеснік каменданта не сноўдаўся па двары, а праседжваў у бараку, нікому не мазолячы вачэй. Ніхто не бачыў Штунца ў вайсковай форме. Насіў ён пілотку і нязменную палатняную спяцоўку зеленаватага колеру. Сярод палонных нават хадзілі чуткі, нібыта Штунц. прапаноўваў лагернаму кухару праз Ільмень уцячы на лодцы да чырвоных. Праўда, толькі невядома, на цвярозую ці на п’яную галаву ён рабіў гэтую прапанову. Ва ўсякім разе, лагерная ахова не давярала Штунцу. Таму вартавыя з вышак тады не падпусцілі яго да брамкі, каб выпусціць Задзіру i Гладыша на спатканне з жонкамі. Хто ведае, можа, сам камендант даручыў ахове прыглядаць за Штунцам, бо асцерагаўся, каб ён не натварыў чаго? Ад такога можна ўсяго чакаць: што ў цвярозага ў галаве, то ў п’янага на языку.

Загрузка...