Крыштальны келіх надзеі

Збіраючы коўдры, што нізка віселі па ўсяму двару, Антон не заўважыў: з вуліцы, насмешліва бліскаючы вачыма, паклаўшы маленькія далоні з ярка пафарбаванымі пазлогцямі на вільготныя штыкеціны, глядзіць на яго Каця. Падняўшы аднаго разу голаў, ён угледзеў яе, нялоўка таргануўся, але, авалодаўшы сабой, спакойна адказаў на прывітанне і нетаропка пайшоў у дом. Каця чакала, пакуль былы муж выйдзе адтуль — па чарговы стос коўдраў, і ён унутрана сцяўся — ружовы, гладкі твар яе быў вясёлы, босклапотны, і з нейкім чаканнем глядзелі цёмна-карыя вочы. «Што ёй яшчэ трэба?» — мільганула ў ягонай галаве, і ён хутчэй пайшоў да вяровак.

— Слухай, Антошка, давай сёння сустрэнем свята ў парку? Га? — прагучала яму ў спіну. Антон хвіліну памарудзіў, пасля азірнуўся.

— Што, кавалераў не знайшлося хіба?

— Ды ну цябе! — махнула яна рукой. — Пасядзім па-людску, успомнім усё добрае.

— Добрае? — ён зняважліва прыжмурыў вочы. Але яна пазірала нявінна, і ў цёмна-карых вачах бліскалі іскрынкі.

— Канешне, добрае. Ну і што, калі разышліся? Што ж, і ўспомніць няма чаго?

— Няма.

— Антон, не разыгрывай з сябе немаведама што. Паглядзі, які дзень будзе! Сонца, жоўтыя лісты, сінява — чаго хмурыцца, чаго выдумляць праблемы? I ты хочаш пабыць са мной. Я гэта ведаю. Адным словам — у сем гадзін на нашым месцы. Згода?

I, не чакаючы, што прамармыча Антон, яна павярнулася і пайшла далей — высокая, з каштанавымі кудзерамі, што выбіваліся з-пад карычневай вязанай шапачкі, у карычневым паліто, якое зграбна абцягвала фігуру. Антон заўважыў на новых яе боціках металічныя круглякі, якімі заканчваліся наскі, і падумаў, што ёй, відаць, цяжка хадзіць на такіх высачэзных абцасах. Але ж пакрочыла лёгка, нібыта панесла яе нейкая сіла, што прабіваецца ў рухах, паставе, у паходцы…

Грукнулі дзверы. Дзед спусціўся па прыступках, цяжка цягнучы хворую нягнуткую нагу, узяў дзве апошнія коўдры, мімаходзь заўважыў:

— На маці халоднае не ўцягвай, пагрэй на батарэі.

— Добра, — азваўся Антон, нерухома стоячы на месцы.

Дзед паглядзеў скрозь штыкетнік, заўважыў Каціну постаць, але нічога не сказаў, толькі зноў, узыходзячы на ганак, хмыкнуў, міжволі закашляўся і так, сагнуўшыся, увайшоў у хату. Антон заспяшаўся следам.

У печы дагарала зыркае полымя, але водсвет яго бляднеў перад ружовым святлом, што залівала падлогу ля акна. Пахла аладкамі і яблыкамі.

— Ты сёння пакорміш яе? — каротка спытаўся дзед, ставячы на стол міску з аладкамі.— А то давай я.

— Чаго гэта раптам? Ты ўжо адпачні, хапіла з печчу клопату, — адгукнуўся Антон.

— Ага, халера, нешта там здарылася. Трэба Грышку клікаць.

— Твой Грышка ўжо не бачыць ані.

— Ну то стары ўжо. Восьмы дзесятак. Але са сваімі яшчэ ваюе, ваяка.

— То хай лепш ваюе, а для печы каго з маладзейшых знайду.

— Каго тут знойдзеш, у горадзе? Калісьці ў кожнай вёсцы быў свой майстар. Ён табе такую цягу зробіць, што печ, як машына. А цяпер…

— Ну пайшло-паехала, дзед! Ты лепей на аладкі націскай, пакуль гарачыя…

Яны вялі гэтую размову нетаропка, кожны робячы сваю справу: дзед прыбраў на загнеце, лоўка падхапіў і паставіў у печ чыгунок, паварушыў галавешкі. Антон вывез з суседняга пакоя маці, загарнуў яе ногі пледам, прымасціў каляску ля самага стала.

Маці сядзела нерухома, у блакітных выцвілых яе вачах быў спакой і няўцямнасць, жаўтлявы твар над карычневым халатам нагадваў восеньскую завялую кветку, што закранулі ўжо раннія маразы.

— Сёння аладкі, Стэфа, сма-ачныя, з грэцкай мукі! — загаварыў ад печы дзед.

Яна павяла вачамі, пасля спыніла іх на сыне.

— Давай, мама, есці,— сказаў ён спакойна і, памачыўшы аладку ў смятане, асцярожна паднёс да яе нерухомых, амаль белых, вуснаў. Белы пульхны кот ціха падышоў да стала, паважна сеў, не зводзячы вачэй з аладкі.

— А псік! — замахнуўся на яго дзед.

— Нашто гоніш? — не адводзячы вачэй ад маці, прагаварыў Антон. — I яму ж хочацца.

— Яму ўсяго хочацца, вось жа псяюха!

Яны казалі адзін аднаму ўсё, але не самае галоўнае, што турбавала абаіх: што маці, відаць, зноў пагоршала, бо другі дзень глядзіць вакол пустымі вачыма, толькі вяла жуе аладку, відаць, машынальна. Восем гадоў, з таго часу, як маладую, рухавую Стэфу лочакана зваліў з ног параліч, або, як казалі ўрачы, ілсульт, яны ўдвух — бацька хворай і яе сын — вялі ўпартую барацьбу супраць смерці, адваёўваючы ў яе гэтае кволае, слабенькае жыццё, што загаралася няпэўным агеньчыкам, але часцей як тлела недзе пасярэдзіне паміж дзвюма рыскамі, якія акрэсліваюць кожнае зямное існаванне. Усё радзей жанчына пазнавала акружаючыя прадметы, усё слабейшым і непаслухмяным рабілася яе некалі моцпае, гнуткае цела, але мужчыны ўпарта не здаваліся перад бядой. Сын навучыўся рабіць нават унутрывенныя ўколы, ставіць катэтар, лоўка, як спрактыкаваная санітарка, абмываць хворую ў ванне, адначасна трымаючы яе за плечы. Дзед, хаця моцна даваліся ў знак старыя, яшчэ з грамадзянскай, раны, цэлы дзень завіхаўся па гаспадарцы і, жартуючы, часам гаварыў унуку:

— У мяне з богам дамова. Не памру і не злягу, пакуль Стэфе патрэбен буду!

I цяпер ён спрытна слаў ложак, акуратна, як у арміі, запраўляточы коўдру.

Праз адчыненую фортку патыхала маладым, здаровым марозцам, яблыневай гнільцой — сёлета шмат нападала яблыкаў, не было часу іх падбіраць. Было чутно гудзенне тралейбусаў і зрэдку — вострае, рэзкае скрыгатанне трамваяў. Ціхая іх вулачка ўтыкалася ў вялікую гарадскую магістраль, але яе ўсё не зносілі, як было колькі разоў абяцана, і, нібыта ў вёсцы, з раніцы над хатамі калыхаліся стаўбуны белага дыму, звінелі вёдры ля водаправоднай калонкі, гучна гакалі сякеры.

У хаце — вялікай, прасторнай, якую дзед стаўляў адразу пасля вайны — крыху дзіўнавата выглядаў мяккі румынскі гарнітур, цёмная шыкоўная сценка з пазалочанымі завіткамі, крэслы і канапа, якімі былі застаўлены два пакоі, асабліва калі заходзіш у іх з кухні, дзе мясцілася белая вясковая печ, у кутку тоўпіліся няхітрыя прылады вясковага жыцця і на паліцах стаялі вышараваныя да бляску чыгуны. Дзед цэлымі днямі нешта рабіў, шараваў, майстраваў. Антон жа, прыходзячы са змены, браўся яму памагаць, хаця і бурчаў на старога, якога ніяк не могуць прыцішыць немалыя ўжо гады… Восем гадоў назад дзед быў цішэйшым, ён скардзіўся на пячонку, хандрыў, патроху выпіваў з равеснікам сваім дзедам Грышкам. Пасля няшчасця з дачкой у ім як развярнулася нейкая новая спружына, і ён, запрэгшыся нанова ў штодзённыя хатнія клопаты, хадзіў заклапочаны, але бадзёры і, не сціхаючы, церабіў Антона: давай, вязі, рабі.

Заслаўшы ложак, дзед прысеў да стала і, як аб чым староннім, запытаўся:

— Чаго яна прыходзіла?

— Так, — неахвотна адказаў Антон. Ён ужо ведаў, што, нягледзячы на непрыязны голас дзеда, уласную крыўду і ўсё, што адбылося некалі паміж ім і Кацяё, ён прыйдзе на іх старое месца ў недалёкі парк. Парк гэты хутчэй нагадваў лес, сцежкі, што віліся паміж высокімі, але чэзлымі таполямі, былі з бакоў густа зарослыя травой, пракладзеныя як папала, высокі бур'ян шалясцеў паміж дрэвамі, і густа пахла маладой крапівой у майскія дні, калі шэрыя кроны таполяў расцвіталі зялёнымі карункамі маленькіх ліпкіх лісточкаў.

Яны самі садзілі гэты парк — тады на яго месцы была пустэча, хмыз густа рос над балотцамі, у якіх летам гудзела бозліч камар'я, мошак. Неяк вясной сюды прыйшло мноства машын, балотцы былі закіданы пяском і торфам, і школьнікі з бліжніх школ садзілі маладыя тапалёчкі ў загадзя прыгатаваныя некім лункі. Яны тады былі васьмікласнікамі, і якраз там Каця, неяк ноўпрыкметку падышоўшы да яго, калі ён выбіраў з купкі саджанцаў танклявае дрэўца, праспявала крышку насмешліва, але з выклікам:

— Будзеш сюды да мяне на спатканні прыходзіць…

— Яшчэ чаго! — буркнуў ён зняважліва, але чырвань так і пыхнула па твары. — Смаркачка ты яшчэ, каб пра гэта думаць!

— Будзеш! — ужо грамчэй заявіла Каця, і карычневыя яе вочы звузіліся і заблішчалі, як у раззлаванай кошкі, а хлопец сумеўся, пакруціў галавой і, падхапіўшы свой саджанец, хутчэй павалок яго да прыгатаванай лункі.

Каця была тады ў палітэчку, дзве латкі — амаль што непрыкметныя — былі пастаўлены Антонавай маці, на нагах у яе былі матчыны, амаль новенькія боцікі, а на галаве, ледзь насунутая на густыя каштанавыя валасы, чырванела шапачка — яе звязала Каця вечарамі зноў жа пад наглядам Антонавай маці, калі прыходзіла да іх рыхтаваць урокі.

Прыходзіла яна часта — Каця жыла з айчымам і маці, у сям'і выпівалі, часта сварыліся і нават біліся. Тады дзяўчынка ўцякала з дому і прыбягала да Антонавай маці і дзеда — жылі яны непадалёку. Бывала, што па Кацю прыходзіла маці — ускудлачаная, яна плакала ў кухні п'янымі слязьмі і скардзілася на сваё жыццё, а дачка, стаіўшыся, як звярок, цікавала за ёю быстрымі, злымі вочкамі і чмыхала ў самых трагічных мясцінах матчыных скаргаў. Тады тая перапыпяла гаворку і спрабавала злавіць дачку і, калі ёй гэта ўдавалася, цягала тую за густыя каштанлвыя кудзеры і лаялася, а Антонава маці бараніла дзяўчынку…

Усё гэта ўспамінаў Антон, калі надвячоркам ішоў у парк, да густога бярозавага гаёчку наводшыбе, там, дзе глуха цямлела агароджа вайсковай часці і, амаль непрыкметныя з дарогі, стаялі тры пні — іх чамусьці не выкарчавалі пры расчыстцы, калі засаджвалі тут новыя дрэўцы. Месца тое даўно прыгледзела Каця і, тайком прынёсшы некалькі бярэзінак, высадзіла іх навокал. На паўнеба гарэла ласкавая ружовая зара, і дзіўны мяккі водсвет клаўся на пажоўклыя, амаль без лістоў бярозкі, на высокую бурую траву, на вільготныя пні, што трохі адблісквалі ў жаўтаватым святле, як рыбіны, што плывуць у светлай вадзе вялікай ракі… Антон агледзеўся. У парку амаль нікога не было, тут бывала людна толькі ў выхадныя дні, а звычайна блукалі закаханыя пары ды шамацелі па кустах выпівохі. Сёння ж і зусім было пустэльна, ад таго самотна. Ён выняў два лісты цыраты, паслаў на пнях. На вялікім, які ўзвышаўся над другімі, як стол, паслаў газету, паставіў бутэльку шампанскага і дзве пластмасавыя чаркі. Усё гэта — і белыя непразрыстыя чаркі, і лёгкія відэльцы, якія займаюць мала месца, і дзве талеркі з фольгі, у якіх звычайна трымаюць заліўное, — засталося ад тых часоў, калі яны з Кацяй бесклапотна ездзілі на электрычцы на прыроду, хаця на іхняй вуліцы той прыроды было — хоць захлыніся, вандравалі ў выхад-ныя па аселіцах горада ці з'язджалі ў якое запаветнае месца. У вобласці такіх гарадкоў і раённых цэнтраў з гістарычнымі мясцінамі было нямала. Тады, пасля дзесяцігодкі, калі Каця паступіла ў гандлёвы тэхнікум, а ён пайшоў на завод, яны рашылі пачакаць з год, а пасля жаніцца.

— Паглядзім, якая складзецца сітуацыя, — разважала Каця. — Трэба будзе, відаць, цябе ў нас прапісваць, а гэтая, — Каця заўсёды называла так маці,— можа не даць згоды. А калі пайду да цябе, яны ў мяне маю законную частку адцягаюць.

— Што ў нас, няма дзе жыць? — спрабаваў давесці Антон. — Пераязджай, хай яны жывуць сабе як хочуць.

— Ты што? — жахалася Каця. — Каб я ім аддала за так сабе дом? Я ж бачу, што робіцца: ён ужо і яе выжывае. Не, пачакаем. Пагляджу.

Але нечакана памёр айчым — дужы звераваты мужык, ад якога ў пісагах хадзіла не толькі Каціна маці, але, бывала, і сама Каця. I толькі тады яны падалі заяву ў загс…

Ён паціху раскладваў на газеце хлеб, рэзаў сала, і ўспаміны аб тых гадах, калі яны, як маладзёны, жылі сабе ўдваіх, яму ж здавалася — увогуле ўдваіх на цэлым свеце — разгладжвалі раннія, але жорсткія маршчыны ля вуснаў, ён усміхаўся, як быццам плыў у цёплым, густым тумане. Усё — нават белы непрыгожы кубачак — выклікала ў ім радасць. А раптам нешта зменіцца? Можа, Каця зразумее, як блага без яе, як не хапае Антону яе смеху, жывых. іскрынак у вачах? Кубак у руках Антона засвяціўся, як крыштальны. Крыштальны келіх надзеі. Чароўны келіх прымірэння, які яны паднімуць сёння… Антон не заўваяшў, як падышла Каця, яе голас прагучаў нечакана і разам з тым як водгук таго голасу і тых успамінаў, якія замружылі яму вочы.

— Бедненькі, ты тут замучыўся!

Яна імгненна распакавала сваю сінюю, з белымі літарамі сумку, ссунула сала і хлеб убок, разлажыла баначку кетавай ікры, ужо адкрытую недзе, масла і печань траскі, пірог з карыцай.

— Багата жывеш, — заўважыў Антон.

— Не краду ж. А ты не шкадуй — сёння ж свята.

— Я не шкадую, але нашто лішняе?

— Усё такі ж… Мужык! — яна не то панікнула, не то пажартавала.

— На мужыку зямля трымаецца, — ён таксама адказаў не то жартам, не то ўсур'ёз.

Ішла дзіўная размова, пры якой словы былі ўжо не проста словамі. Яны ўдваіх як бы выпрабоўвалі адзін аднаго, як бы баяліся сказаць тое, што хвалявала па-сапраўднаму, што балела кожнаму з іх, бо якраз гэтаму, што балела, не было тут месца. I, можа, таму яны гаварылі, як чужыя, як выпадковыя людзі, што крадком сабраліся, каб урваць нешта сваё, патаемнае, саромнае. Таму паступова, не заўважыўшы таго, яны перайшлі на паўшэпт.

— Ну ты што? — Каця лоўка раскруціла цынкавую сетку, што аблытвала корак, не даючы яму выстраліць. — Пачнём!

Гахпула, корак вылецеў высока, упаў у кустах. Жаўтаватую пенлівую вадкасць яна хуценька разліла ў пластмасавыя кубачкі, таропка глынула. Антон таксама заспяшаўся — шампанскае пенілася, ірвалася з кубка і таму таксама здавалася несапраўдным, гэткім жа, якімі былі сённяшнія сустрэча і радасць, што, нягледзячы ні на што, трымалася ў ім зараз. Праўда, была яна, тая радасць, як атручаная… Але шампанскае нечакана ўдарыла ў галаву, затуманіла вочы, і ён успомніў, што з самай раніцы, апроч аладак, нічога не еў, а жыў толькі будучым спатканнем.

— Давай яшчэ! — зноў Каця паліла ў кубачкі, і зноў ён пакорліва выпіў шампанскага.

Ружовае ласкавае святло знікла, дрэвы вакол згубілі свае чоткія абрысы, мацней запахла вільгаццю і прэлым лісцем. Чорны сенбернар, няўклюдна, як медзведзяня, цяжка прывалюхаў да пня, абнюхваючы іх. Калі Каця віскнула, ён уздрыгнуў, пасля ветліва замахаў хвастом. Следам паказаўся гаспадар, ён строга паклікаў сабаку, і той памкнуўся ад гасціны, ды тут Каця закрычала:

— Не сварыцеся на яго, давайце лепей вып'емце з намі!

Гаспадар спыніўся, пасля наблізіўся да іх.

— Вам тут весела, — сказаў ён з некаторай зайздрасцю. — А мае ўсе паехалі, дык я адзін з Дзікам.

— I праўда, выпіце з намі,— запрасіў яго і Антон. Ён ведаў гэтую Каціну звычку — каля яе заўсёды было шумна і весела, яна ўмела абыходзіцца з людзьмі, камандаваць, кіраваць любой кампаніяй, як вопытны дырыжор — аркестрам. Вось і цяпер — яна імгненна наліла з бутэлькі гаспадару сабакі (сенбернар, павільваючы хвастом, мясціўся ўжо ля Каціных ног), ухвальна забіла ў ладкі, калі мужчына, высока задзіраючы галаву, асцярожна выпіў шампанскага. Быў ён яшчэ не стары, валюхасты, з поглядам стомленым і спакойным.

— Вясёлая ў вас жонка, — сказаў ён Антону. — Гэта і добра. Пакуль маладыя — весяліцеся, радуйцеся жыццю. Кароткае яно, халера.

— Кароткае? — здзівілася Кацн. — Ой, а мне, наадварот, здаецца: дні цягнуцца-цягнуцца, месяцы ажно паўзуць…

— Гэта пакуль, — усміхнуўся госць. — Пакуль паўзуць. Пасля пачнуць набіраць хуткасць, а пасля заскачуць, як шалёныя, не паспяваеш іх ні палічыць, ні ўхапіць! Ну, мне час ісці, не буду вам перашкаджаць.

Ён падзякаваў, паклікаў за сабой Дзіка. Той неахвотна пабег, азіраючыся на Кацю.

— Бачыш, нават сабакі мяне любяць!

Нейкі папрок прагучаў у яе голасе, але Антон змоўчаў, таму што папрок адносіўся да таго, аб чым гаварыць яны не маглі. I ўсё-ткі Каця пераступіла тую забарону:

— А чаму ты… ты мяне не любіш?!

— Не трэба, — прамармытаў ён, памкнуўшыся ўстаць. Але яна сама паднялася, заступіла дарогу, кінула рукі на плечы, наблізіла твар:

— Паедзем адсюль, Антон, міленькі! Паедзем! Абмяняю сваю палову, у любы горад паеду, абы з табой!

Было цёмна, і твар яе бледным паўкругам уставаў над чарнатою паліто — твар, які ён столькі разоў накрываў пацалункамі, дзе ведаў, здаецца, кожную клетачку… Ад яе патыхала нейкімі духамі,— у іх адчувалася горыч раздаўденых хрызантэм, — Каціным цяплом, гэткім жа знаёмым, як кожны яе рух, кожная інтанацыя ў звонкім, шчабятлівым голасе! Ён з сілай адвёў яе рукі, прагаварыў хрыпла:

— Позна ўжо. Пойдзем.

— I зноў як не чуў! Зноў як быццам нічога не гаварыла! Скажы хаця нешта!

— Столькі ўжо гаворана.

— О, я ненавіджу яе! Яна ўсё нам перакрэсліла! Няхай бы яна памерла!

Яна адпусціла яго плечы, закрыла твар рукамі, затрэслася ў плачы.

Антон моўчкі сядзеў, працяты болем і гневам. Калісьці за гэтыя словы аб маці ён ударыў Кацю — яна адляцела ў кут, ударылася, і ў вачах яе заіскрыўся жах, а ён таропка, як уцякаючы, пайшоў з дому, і кожны крок адклікаўся ў галаве тым жа тупым, раздзіраючым болем, як і цяпер…

— Замаўчы.

— Ты зноў пачні гаварыць мне пра абавязак, пра цярпенне! Пра дабрыню! — Каця адняла рукі ад твару, і словы яе секлі, сцябалі, нібы пугай. — Восем гадоў ты ёй служыш! Восем гадоў, якія яна забрала ў мяне!

Словы біліся ў ім — біліся таксама балюча, словы суцяшэння. Калі яна не ведала, што такое шкадаванне, цярпенне, ёй варта было спагадаць. I біліся таксама словы гневу — не захацела анічым паступацца, патрабавала ўсяго яго, не пакідаючы болей нікому і нічому! Але ён зноў маўчаў — усё, што маглі сказаць словы, было толькі бледным адбіткам таго, што бушавала ў ім, што душыла і што немагчыма было бясконца паўтараць, таму што яно не даходзіла да яе душы. Тое, чым ён жыў,— змаганне са смерцю, з нерухомасцю, было ў Каціных вачах глупствам. Ён дзівіўся з таго, што яна можа жыць толькі сваім каханнем, не думаючы ані пра тых, хто побач. Было нешта страшнае і ў тым, што такія ж словы — пра неразумнасць яго, пра тое, як легка было б яму, калі б памерла маці,— ён чуў і ад іншых.

Антону ўвогуле здавалася, што ў апошнія гады як бы нешта гублялася ў навакольным жыцці — меней спагадалі адзін аднаму, болей гаварылі пра. дабрабыт, падрабязна пералічвалі рэчы, якія купляліся, забываючы запытацца пра здароўе… Тое, што Каця хацела судзіцца з маці і айчымам, жахнула яго. Але за апошнія гады на вуліцы, дзе ўсе ведалі адзін аднаго, некалькі разоў судзіліся — дзеці з бацькамі, нявесткі са свякрухамі — з-за метраў жылплошчы, за дываны ці сумы на ашчадкніжках.

Ён глытнуў цяжкі камяк.

— Маўчыш, усё маўчыш! Гэткі ціхі мужычок-маўчальнік, ты… — яна захлынулася абразлівымі словамі, а ён усё болей шкадаваў жонку. Раздаўся грукат, і далёка ў небе ўзляцеў букет рознакаляровых агнёў, што асвяціў парк, Каціну постаць, заплаканы твар і растрапаныя валасы, што з-пад шапкі рассыпаліся па плячах. Ён пацягнуўся, каб паправіць яе валасы, але яна адхінулася, выкрыкнула самае злоснае, несправядлівае. Паляцела на зямлю банка, белыя пластмасавыя кубачкі. Ён пацягнуўся за імі, але Каця імкліва тупнула нагой, пасля зноў. Затрашчала пластмаса, белы аскабалак вылецеў з-пад абцаса. I тады ён падняўся і цяжка пабрыў прэч, а рознакаляровыя букеты ўсё ўзляталі, і з розных бакоў парку, там, дзе пачыналіся асветленыя вуліцы, былі чуваць маладыя крыкі: «ура», пасля яшчэ, яшчэ… Парк асвятляўся зялёным, сінім, чырвоным, самі панурыя ствалы таполяў, здаецца, выпрасталі худыя спіны, а ён ішоў, машынальна адзначаючы толькі, як мякка, раздаўлена чвякала пад нагамі мешаніна лістоты і вільгаці, бо брыў напрасткі, не разбіраючы дарогі. У вачах стаяў той вечар, калі Каця, бледная, з ценямі вакол вачэй, заявіла яму, хутаючы плечы ў цёплы пуховы шалік:

— Я болей не магу… Гэта катарга. Яна ўсё роўна памрэ, нашто ж ты выцягваеш душу і мне і сабе?!

Тады, у першыя месяцы, было сапраўды цяжка спраўляцца з нерухомым целам маці, бачыць неразумны яе погляд, што праясняўся часамі і ненадоўга, карміць з лыжачкі, рабіць мноства чорнай, непрыкметнай работы, якая цяпер была звыклай I ўжо не такой пякельнай. Ён разумеў Кацю: маці была для яе чужой — амаль чужой. Самому ж пераступіць праз сябе Антон не змог бы. Ён ведаў: здарылася б што з Кацяй — гэтак бы ўпарта і штодзённа глядзоў бы і за ёй, бо і яна была — родны чалавек, родны, крэўны, на якога распаўсюджваліся законы сям'і… Маці вырасціла яго адна — не, не адна, з дзедам, сваім бацькам, бо ўласны Антонаў бацька загінуў пры нейкім выбуху на ТЭЦ, дзе быў качагарам. Але заўсёды з ім, у ім, было гэтае адчуванне сям'і, крэўнасці, абавязку. I Каця не змагла прымусіць яго жыць па-іншаму…

Калі ён прыйшоў дадому, дзед сустрэў яго ў сенцах.

— Лепей маці, ты ўжо пасядзі з ёю…

Ён зайшоў у пакой, і выцвілыя, спакутаваныя вочы маці сустрэлі сына такой замілаванасцю, што ён ажно сумеўся. Падышоў, захутаў ёй ногі:

— Што ты, мама… Усё ж добра.

Яна слаба абняла яго худой рукой, па-дзіцячы жаласна сказала:

— А мой жа ты сынок… Вось пабачыла цябе — і памерла б. Чаго ж гэта бог не дае смерці? Перашкаджаю табе…

— Ты што, мама? Ты што? — нешта паднялося ў ім і сціснула горла спазмай. — Наадварот…

Гэта было дзіўна — але кволая, худая рука маці як бы з'ядноўвала яго з жыццём, рабіла сувязь тую моцнай, надзейнай, сумленнай. I ён заплюшчыў вочы, прыціспуўся да матчынай рукі вуснамі.

Яшчэ адзін каляровы букет узляцеў над далёкай плошчай і рассыпаўся дробнымі вогненнымі пырскамі, асвятліўшы іх ціхую вуліцу, тоўстыя шурпатыя кляны, агароджы і прывялыя кветкі ў палісадніках.

— Свята, — уздыхнула маці, і журботныя вочы яе асвяціліся радасцю.

Антон як упершыню ўбачыў успышкі салютаў, што налягалі на цемру, нібыта прымушалі яе раз за разам адступаць. Ён сутаргова глытнуў, як чалавек, што вынырнуў па паверхню са шчыльнай, аглушальнай глыбіні.

Усё было як заўсёды.

Загрузка...