Перакат

Дзевяцігадовага Васю Шкуцьку канчаткова прывезлі з вобласці ў раённую бальніцу — як безнадзейнага.

Замучаны бясконцымі ўколамі, працэдурамі і даследаваннямі, Вася абыякава сядзеў у прыёмным пакоі, паклаўшы бледныя караткапалыя рукі на шэрыя штаны і ўсёй спіной абапіраючыся на белую слізкую сцяну. Непрыкметны твар яго, з носам кірпатым і кароткім, як бульбіна, з шэрым, як кудзеля, чубам, быў спакойны і адрачоны. Толькі калі ля акон спынілася «хуткая» і адтуль, коратка і жвава скочыўшы на зямлю, прайшла ў кабінет галоўурача мажная шыракатварая кабета, ён уздрыгнуў і прыўзняўся. Калі ж з-за тонкай фанернай сцяны данёсся да яго рэзкі, непрыветны голас — на твары яго слаба зачырванеліся плямкі. Жанчына наступала:

— А дзе ж мне за ім глядзець? Самі ведаеце — лён вязуць і вязуць, днямі сяджу на складзе. Не-е, хай ён у вас застаецца! Не маеце права хворага аддаваць! Што? Вы ўрачы, вы і лячыце!

Дзяжурная медсястра скоса зірнула на Васю і ўключыла радыё. Але голас з карычневага карабка быў занадта слабы ў параўнанні з голасам кабеты:

— Ды я разуме-ею! Гэта… не тое што тавар непрыгодны, а чалавек… гэта праўда! Але ж вы спярва яго вылечыце! Як гэта — не можаце? А мне чаго з ім рабіць?!

— Трэба ж, якія маці бываюць! — паківала галавой медсястра і, выцягнуўшы з кішэні цукерку, уціснула яе ў Васіну руку, і немаладыя блакітныя яе вочы пачырванелі і заслязіліся. — Ну што? Відаць, зноў табе быць у нас, хлопча. — Яна адчыніла дзверы і, не чакаючы загаду галоўурача, крыкнула ў расчыненыя дзверы:

— Іванаўна! Хлапчукоўскую бялізну сюды давайце! I ванну рыхтуйце!

Вася стаў жыць у трэцяй палаце — невялікім, на чатыры ложкі, пакоі, што размяшчаўся ў бакоўцы, насупраць перавязачнай і аперацыйнай. Раз у тыдзень, у чацвер, у аперацыйнай з раніцы рабілася тлумна: туды заклапочана заходзіў галоўурач — малады таўставаты бландзін, — за ім яшчэ кагорта ўрачоў, медсясцёр — і да самага вечара нешта рыпела, ляскатала, шыпела ў аперацыйнай, міма дзвярэй Васінай палаты праязджала белая цялежка — туды, пасля назад. Часам бывалі і няпланавыя аперацыі, і тады Вася прачынаўся ад шоргату і галасоў і да самай раніцы не спаў, слухаючы, як ціха перагаворваюцца, выходзячы, хірург і медсястра:

— Кетгуту паболей выпішыце…

— Сасуд зафантаніраваў…

Пасля, прыбраўшы пакой, выходзілі нянечкі, Іванаўна, смачна пазяхаючы, скардзілася на дзяцей:

— Паглядзелі б яны, як кроў чалавечая льецца, можа, маці болей шкадавалі б!

А калі ізноў цішэла, Вася слухаў, як рыпіць за акном сасна.

Соснаў вакол бальніцы было шмат, але яны раслі гуртам, а гэтая, каржакаватая і няўклюдная, узабралася на пагорак, што горбіўся перад палатай, і стаяла там наверсе адна. Калі паднімаўся сівер і гайдаў сосны ўнізе, ёй даставалася найболей: кожную галіну яе выгінала і выкручвала, вяршаліну дробна калаціла, і здавалася, вось-вось пераломіцца жывучы, непакорны ствол. У такія дні буйны калючы вецер, нібыта па даліне, ляцеў па рэчышчы Нёмана і, узвіваючыся ўверх з цясніны, крутымі лютаўскімі завірухамі віраваў па беразе. Пагорак захіляў бальніцу ад завеяў, і толькі ў самую непагадзь, калі неба дакраналася да вяршаліны адзінокай сасны, шаргаталі па шкле акна цяжкія змяістыя снежныя струмені. I заўсёды — ці паднімаўся над сасной ясны марозны маладзік, ці з віскатам неслася над ёй хмара — нешта не то рыпела ў ёй, не то надрыўна кашляла. Можа, гэта вінаватая была нейкая галіна — хворая, напаўссечаная, якая ніяк не хацела паміраць і ўсё чаплялася за мацярынскі ствол, а можа, сама сасна незмаўкальным сваім рыпеннем спрачалася з лёсам, як старая буркатлівая цётка, праклінаючы яго і адначасна скардзячыся яму ж… У такія ночы Васю хацелася ўстаць, пайсці да сасны і суцяшаць яе, прыціснуўшыся галавой да шурпатага карычневага ствала. Ён часцяком чуў, як хворыя суцяшалі адзін аднаго, скардзячыся на куды цяжэйшыя, чым у субяседніка, хваробы. У думках гаворачы з сасной, ён расказваў ёй, што хутка памрэ, таму што ад яго адмовіліся ўсе дактары, не ведаючы, як лячыць ягоную хваробу, што галоўурач Тамаш Кузьміч трымае яго ў палаце проста па дабраце сваёй. Пасля такіх размоў з сасной Вася, падстаўляючы насустрач востраму бліскучаму джалу шпрыца сваю худую, вялую руку, перавязанаю вышэй локця гумавым жгутам, разважліва гаварыў медсястры:

— Навошта дарма на мяне лякарствы траціце? Усё роўна яны не дапамогуць!

— Надта ты што ведаеш, смаркач! — крычала на яго медсястра Саша, напружана ловячы шпрыцам ледзь прыкметную блакітную жылачку на Васінай руцэ. — Рукой рухай, ну!

Вася звыкся з тым, што выклікаў цікаўныя пагляды ў хворых з іншых палат, што незнаёмыя жанчыны часта заглядаюць у бакоўку і прыносяць яму ласункі, шкадуючы яго, суцяшаюць і лашчаць. Па праўдзе кажучы, у бальніцы яму было лепей, чым дзе, таму што тут ён адчуваў сябе важнай персонай, а дома даводзілася хадзіць у школу, рыхтаваць урокі, спадзеючыся на спагаду настаўнікаў, таму што маці не толькі не спачувала яму, а наадварот: кляла сябе і жыццё, варта было прынесці двойку, часта пакідала Васю да позняй ночы на вуліцы.

Ён быў непатрэбным, непажаданым — бальніца ж дала яму адчуванне значнасці: хто б ні прыязджаў сюды, яго абавязкова вялі да Васінага ложка, і з прытоеным гонарам заўважаў хлапчук на тварах старых сівых прафесараў напружаную, пільную ўвагу, нібы ён даваў ім такую загадку, якую кожны з іх прагнуў і не мог адгадаць.

…Мінулі лютаўскія мяцеліцы, пасля сакавіцкая цішыня, калі пад белым пульхным снегам пачынае выспяваць таемны цуд прыроды, недаступны чалавечаму воку: ажываюць у халоднай зямлі доўгія нерухомыя карані дрэў, хутчэй пачынае рухацца жыццё ў здранцвелых целах земнаводных. У канцы сакавіка, калі на шэры, ужо будзённы снег, на дрэвы, на каржакаватую сасну лёг густы, жывы, цёплы туман, які за некалькі гадзін растварае ў сабе апошнія сляды зімы, у палату прыйшоў новы чалавек. Суседзі Васі — жоўты, не стары яшчэ Сямёнавіч, хворы на страўнік, і малады хлопец Аляксандр, што пасля аперацыі апендыцыту ляжаў з дранажнай трубкай — з абыякавасцю агледзелі новага чалавека. Худы маленькі стары ў сіняй паласатай піжаме багатырскага памеру і шэрых вельветавых галіфэ, з шырокімі сівымі бровамі і акуратнымі белымі вусамі паздароўкаўся з усімі, сеў на свабодны ложак, асцярожліва адагнуўшы байкавую коўдру. Дастаўшы аднекуль з-пад пахі тугую торбачку, пачаў выкладаць з яе на тумбачку белае далікатнае сала, фіялетавыя цыбуліны і прамаслены кус хлеба.

— Прагаладаўся, пакуль ішоў да гэтай бальніцы, — тлумачыў ён, рэжучы сала. — Раней, бывала, пяць кіламетраў нясешся — не раўнуючы як той воўк. А зараз не тое…

— Но тое! — кусліва адгукнуўся Сямёнавіч, нервова падтыкаючы пад сябе коўдру. — Але ж трымаюць ногі! Чаго ў бальніцу пёрся?

— Ногі — яны, канешне, трымаюць… Але ў грудзях, халера на яго, аскабалак нямецкі застаўся. Як пачну кашляць — кроў свішча.

— Аперацыю, значыць, будуць рабіць, — уступіў у размову Аляксандр.

— Не-е, аперацыю не дам, а няхай падлечаць крыху, каб кроў не йшла. Куды — аперацыю! Сем дзесяткаў хутка, дацягну і без нажа. Ну, чаго вылупіўся, малец? — звярнуў ён позірк на Васю. — На табе сала, пакаштуй з лучынай. Га?

— Не-а, — адказаў Вася. — Я не хачу.

— Чаго там — не хачу! Есці трэба, а то быдта з крыжа зняты. Свіціцца ўвесь. Бяры, ну!

— Яму ўжо, кажуць, нішто не паможа, не старайся, — бліснуў з-над коўдры мутнымі зрэнкамі Сямонавіч. — Куды-ы!

— Маладзейшы ты за мяне, а ўсё роўна стары хрэн! Мальцу ў галаву абы-што ўбіваеш.

— Як гэта — абы-што? — пакрыўдзіўся Сямёнавіч, адкідаючы коўдру з галавы. — Ён і сам тое ведае. А ты тут не смярдзеў бы цыбуляй, а то і так дыхаць няма чым.

— Гэта чалавек смярдзіць, а цыбуля — яна лечыць. Ажно ад сямі хвароб. Чуў?

— Дома і лячыў бы свае хваробы! Бачыш яго — хрэнам называе!

— Хрэн ты і ёсць, а болей ніхто. А што тычыць маёй хваробы, то цыбуля — яна сем лечыць, а ў мяне восьмая… Во як!

Уначы Вася плакаў. Не ад слоў Сямёнавіча — ён прывык да такіх размоў,— а проста за вокнамі тварылася нешта дзіўнае, што закранула яго слабую, даўно здранцвелую істоту. Густы белы туман шчыльна абляпіў сасну, і яна ўжо не скардзілася, не стагнала, а слаба і задаволена ўздыхала, а далёка ўнізе, дзе ляцела вада, гулка стукаюцца адна аб адну лянівыя льдзіны і час ад часу вухкае ўніз пясок з падмытага вадой берага. Нешта тварылася за акном, і хлопчык адчуваў сябе забытым усім светам, не патрэбным нікому: ні Аляксандру, які бесклапотна хроп побач, ні маці, якая за ўвесь час прыйшла ў бальніцу аднойчы і ненадоўга, ні, нарэшце, сасне, якая відавочна задаволеная нечым, незразумелым і недаступным для яго, Васі Шкуцькі, і ўжо не натрэбна ёй слабае яго суцяшэнне… Кулаком затыкаючы рот, каб ніхто не пачуў ягоныя ўсхліпванні, ён адчуваў, як слёзы раз'ядаюць вусны, што патрэскаліся раніцай, і аблізваў іх, але язык таксама быў шурпаты, цяжкі, сухі — і таму хацелася выпаўзці на двор і, стоячы, як шчанюк, на чацвярэньках, хлябтаць цяжкія буйныя кроплі, якія сыпаліся са знямоглага вільготнага куста, што рос пад акном… Але ён баяўся разбудзіць каго-небудзь у палаце, баяўся строгай медсястры Сашы, якая сёння дзяжурыла па бальніцы, і таму ўсё цягнуў і цягнуў на галаву прапахлае лекамі покрыва і падціскаў пад сябе сіняватыя ногі з худымі жоўтымі пяткамі. Роўная вадкая: цемра стаяла ў палаце, ад батарэі ішла цеплыня, і Васю здавалася, што памерці — гэта і значыць вось так ляжаць, задыхаючыся ад духаты і цемры, баючыся паварушыцца і ўсхліпнуць, побач з чужымі, раўнадушнымі да цябе людзьмі!.. Стамляючыся ад плачу, ён высоўваў галаву з-пад покрыва і кожны раз пераконваўся, што ранак яшчэ не наступіў: гэтак жа роўна хроп Аляксандр, гэтак жа курчыўся ў сне Сямёнавіч. Новы, дзед Цімох, і ў сне натужна кашляў, вохкаў і, прачынаючыся, доўга піў ваду, а пасля зноў засыпаў. У грудзях яго ўвесь час нешта булькацела, ірвалася, ад гэтага жах яшчэ мацней апаноўваў Васю, і, перачакаўшы, пакуль дзед не засне, ён зноў выглядаў з-пад падушкі, як чуйны і напалоханы звярок, усё чакаючы дасвецця і слухаючы ноч.

Рапіцай ён неяк адразу саслабеў. Ляжаў, чужымі вачыма гледзячы на Сашу, якая дзелавіта шукала свабоднага месца на ягоных руках, даўно сколатых шпрыцамі, на суседзяў, што бразгацелі шклянкамі, на Тамаша Кузьміча, які заклапочана ссунуў бровы ў час ранішняга абходу, калі медсястра падала яму графік тэмператур.

На дварэ быў усё той цвёрды белы туман, ад чаго ў палаце гарэла лямпачка, і па-ранейшаму цмокалі кроплі з гнуткага лазовага куста, але Вася адрачона заплюшчваў вочы, не жадаючы чуць што-небудзь у гэтым магутным, бязлітасна цудоўным свеце, які выкінуў яго, як не патрэбную яму, хворую часцінку, як выкідала чэрствыя кавалкі хлеба Васіна маці. Дзед Цімох заклапочана тупаў каля хлопчыка, аб нечым пытаўся; з жаночай палаты нясмела заглядала цётка Васіліса — маладая яшчэ жанчына са светлым, ласкавым паглядам — ён не адгукаўся, не глядзеў на цукеркі, што ляжалі на тумбачцы. Сварыўся Сямёнавіч, патрабуючы асаблівае, імпартнае, лякарства, лашчыўся да Сашы вясёлы Аляксандр, хрумсцеў цыбулінай дзед Цімох — усё гэта здавалася Васю аддзеленым ад яго, несапраўдным: і ад таго нецікавым.

Пад вечар дзед Цімох прыцягнуў аднекуль відьготную сукаватую палку. Слабы пах сасновай смалы паплыў па пакойчыку, дасягнуў белага як палатно Васінага твару — і хлопчык прыўзняў цяжкія павекі і пацямнелымі, нетутэйшымі вачыма некаторы час назіраў за тым, як дзед, паставіўшы палку паміж ног, асцярожна рэжа пешта сваім бліскучым ножыкам. Зайшла ў палату Саша, пачала сварыцца, пасля, разгледзеўшы дзедаву работу, падабрэла і толькі наказала не надта паказваць кіёк у час абходаў ды не сыпаць на падлогу стружкі.

— Глядзі, чаго я табе зрабіў,— працягнуў на наступную раніцу дзед Цімох свой кіёк. — А, Васіль? Глядзі, цэлы заапарк. Цацку табе. А то, гляджу, зусім ты з намі засумаваў, малец.

На карычнева-мядзянай кары былі ўмела выразаны звяры і птушкі, а збоку, ніжэй, — яхідны профіль Сямёнавіча ў выглядзе ворана. Сямёнавіч быў настолькі падобны, што Вася слаба ўсміхнуўся, і дзед Цімох узрадавана зарагатаў, паказваючы свае старыя, сточаныя зубы:

— Ты толькі не паказвай яму, — ён кіўнуў на пусты ложак Сямёнавіча. — А то згрызе чалавек тую палку, як сухую кілбасу. I шкада яго. Чалавек усё-ткі!

— А гэта што? — праз сілу паказаў Вася на доўгую, дзіўную касцістую рыбіну, што размясціў дзед уздоўж палкі.— Хто гэта?

— Ага, разгледзеў! Заўважыў, значыць, што не падобная яна да іншых. Гэта, Васюта, самая старая рыбіна па Зямлі — асётра. Асяцёр балтыйскі. Ён часам да трох метраў даганяе, а вагой — да дванаццаці пудоў. Во як!

— Дзе ж ты яго ўгледзеў, дзед, асятра? — з'едліва загаварыў Аляксандр. — Я нешта не бачыў ніводнага…

— Адкуль табе бачыць? Яны толькі летам да нас заходзяць, і то ненадоўга, у Нёман альбо ў прытокі. А ў апошнія гады я таксама іх нешта не бачыў. Нішчаць іх людзі…

— Няўжо ў Нёман заходзяць? Чаго?

— Так ужо ім прырода загадала: нераставаць толькі ў прэснай вадзе. А ікра ў яго надта смачная!

— Ніколі я не бачыў асятроў,— разважліва загаварыў Аляксандр. — Ану, дай паглядзець, дзед!

— Гэта мая палка! — бяскроўнымі пальцамі ўчапіўся за палку Вася. — Мая! Я сам… буду глядзець.

— Ну, раз гаворыць «мая» — значыць, не памрэ пакуль, — скурчыўшыся, калюча засмяяўся Аляксандр. Яго бойкія вочы зацьмянелі.— Эх, даў бы я табе зараз, ды ўстаць не магу!

— Што вы ўсё: «памрэ — не памрэ!», — дзед Цімох абцёр свае вусы, і Вася ўпершыню заўважыў, што яны не зусім белыя, а пракураныя і ад таго нібыта пазялёненыя. — Чаго яму паміраць? Ён яшчэ сваю пазыку не аддаў, не аддзячыў, значыцца, жыццю за тое, што яго на свет выправілі!

— Якая аддзяка, дзед? — пасмяяўся Аляксандр. — Смерць, яна ўсіх малоціць, не разбірае, аддае хто якія запазычанасці ці не. Скажам, мяне. Запраста магло кокнуць — а хіба мне на той свет так не церпіцца?

— Вось цябе жыццё і папярэдзіла, каб ведаў, што да чаго. Каб думаў — а як даўгі аддаваць будзеш? Як далей жыць?

— Скажаш… Што табе жыццё — гэта служба, ці што?

— Служба? Гэта ты добра сказаў, сынок. Калі ты ёсць на сваім месцы, карысць прыносіш — цябе на службе трымаюць. А не — дык ідзі на пенсію!

— А я… Што я павінен адрабляць? — ціха запытаўся Вася. — Чым, дзед Цімох?

— Адкуль я ведаю, малец? Я адно скажу: жыццё — яно кожнаму заданне дае. Як ні станавіся дубака — мусіш думаць: для чаго на свет прыйшоў?

— Ну, а Сямёнавіч нашто прыйшоў? — пасміхаўся Аляксандр.

— Сямёнавіч? Ну, пэўна, як воўк — каб людзі не адвучыліся бегаць. Чуў, нябось: зайцы і тыя без воўка бегаць не хочуць. Лянуюцца, хай на іх немач!

— Гэта хто воўк? — высунуўся з-за дзвярэй Сямёнавіч. — Ізноў, стары, брэшаш?

— Чаго мне брахаць? Можа, скажаш, і праўда не воўк? Нашто жонку мучыш? Кожны раз як прыйдзе — раве ад цябе. А кумпяк пашто кад коўдраю ясі? Усё роўна ні я, ні Аляксандр во… ні Васюта… кавалка ў цябе не возьмуць. Хоць папросіш — не возьмем.

— Папрашу, чакай! Вас многа тут. А чалавек — ён не для іншых, а для сябе жыве. Для сябе, зразумела?

У палаце запанавала маўчанне.

— Дзед Цімох, а дзед Цімох! — паклікаў Вася.

— Ну, чаго табе, хлопча?

— Ці праўду вы кажаце: пакуль не выканае чалавек свой абавязак — не памрэ?

Сямёнавіч адкрыў быў рот, але паглядзеў на дзеда — і змоўчаў.

— Нягож! — з перакананнем вымавіў дзед Цімох. — Ніколі не памрэ. Праўда, Аляксандра?

Аляксандр перавёў позірк з дзеда на Васю — і апусціў вочы.

— Само сабой. — I, з натугай паварушыўшыся, дадаў, заплюшчваючы вочы: — Каб жа ведаць, што там за абавязак!

…Упартая, злосная іскрынка жыцця ніяк не хацела згаснуць у худых, касцістых грудзях Васі Шкуцькі; нейкая таямнічая, не зразумелая для акаляючых сіла раздзьмувала яе.

З таго дня, як дзед Цімох падарыў хлопчыку палку з выразаным на мядзянай кары асятром, прайшло нямала часу. Закусціліся, закучаравіліся светла-зялёным цёмныя лакіраваныя сасновыя яліны, з крутых бакоў пагорка вылезлі і распушыліся чабор і сон-трава, а вярба пад вокнамі раскудзелілася жоўтымі каташкамі, над якімі шчыравалі пчолы і чмялі. Аляксандр даўно выпісаўся з бальніцы, але часта зазіраў у акно да Сашы, калі яна дзяжурыла, і Вася не-не дый чуў ягоны бесклапотна-нахабнаваты рогат і шчабятлівы голас медсястры, якія несліся ў бакоўку. Сямёнавіч пасля аперацыі трапіў у іншую палату, I ў чацвёртай засталіся дзед Цімох і Вася. Дзед яшчэ болей схуднеў, піжамы віселі на ім, як на пудзіле, але заставаўся, як звычайна, гаваркім і цікаўным і ўсё выразаў на яловых і бярозавых кругляках вясёлых звяркоў і дарыў іх кожнаму, хто пажадае.

Пасля сняданку ў бакоўцы бывала ціха і пустэльна: усе, хто мог рухацца, ішлі на двор бальніцы, пад сосны, дзе ў пясок былі ўкапаны шырокія драўляныя лавы, пафарбаваныя ў вясёлы чырвоны колер. Тыя, хто адчуваў сябе лепей, уцякалі і далей да самага абрыву, дзе загаралі амаль пад самай чыгуннай агароджай, падстаўляючы яркаму сонцу паблажэлыя за зіму твары. У прэсны пах бальніцы ўрываўся цяпер жывы, капрызны водар першых вясновых кветак і вільготная вохнасць маладых рачных водарасцей. Саша цяпер прыходзіла на работу шчаслівая і няўважлівая, яе ўколы былі асабліва балючымі.

Палка цяпер была з ім пастаянна, яна ляжала пад коўдрай, і доўгі касцісты асяцёр, з дробнымі цвёрдымі шчыткамі на галаве і пад хрыбтом, пачарнеў, зальсніўся і ад гэтага нібыта стаў бліжэйшы, раднейшы. Вася шкадаваў яго: як ні трэба было асцерагацца людзей, але прырода загадвала яму па тры месяцы адыходзіць са свайго бяскрайняга мора ў вузкія абмялелыя рэкі, дзе так лёгка было злавіць вялізную рыбіну. Была ў гэтым тая ж несправядлівасць, якую так востра адчуў хлопчык у белую туманную ноч, і таму магутная рыбіна, самая старажытная на Зямлі, здавалася яму яшчэ больш кволай і безабароннай, чым ён сам, а з гэтага вынікала, што ён, Вася, таксама можа нешта здзейсніць у жыцці — напрыклад… напрыклад, стаць абаронцам рыбіны. Можа, якраз у гэтым і быў той таямнічы абавязак перад жыццём, пра які гаварыў дзед Цімох і які толькі адзін і здольны ўратаваць чалавека?

— Дзед Цімох, а дзе яны нераставаць любяць? — Вася цяпер сам саромеўся сваіх бясконцых пытанняў і таму не хацеў надта надакучаць старому.

— А тут жа, непадалёку ад нас. Ну, скажам, кіламетры тры ўніз. Там такі перакат каменны, валуны, а далей таплякі; калі асятры заходзяць да нас часта там нерастуюць. Там жа плынь хуткая і вада чыстая.

— А як яны супраць цячэння плывуць столькі кіламетраў?

— А ты паглядзі, які ў іх плаўнік — з дзвюх лопасцей! У акулы якраз такі. А на грудзях і на пузе плаўнікі — акурат рулі. Куды хоча, туды і паверне ўмомант. Во як!

…Кожны дзень да Васі заходзіла цётка Васіліса. Яна таксама была ў бальніцы пастаяннай жыхаркай. Калі ж выпісвалася, то праз два-тры тыдні яе прывозілі ізноў. Хвароба яе была зусім невядомая, няясная, якую сама яна, аднак, лёгка і проста называла «тугой».

— Смешныя дактары, Васілёк, — гаварыла яна ласкава. — Якія ж лекі могуць тугу адолець? Я за што ні вазьмуся, усё з рук валіцца. Пажыла — і хопіць.

Ціхім, цёплым святлом гарэлі яе цёмныя вочы, худыя шчокі моршчыліся ва ўсмешцы.

— Ад чаго ў вас туга, цётка Васіліса?

— А па мужу я свайму сумую, Васілёк. Ён трактарыстам рабіў, на старой міне падарваўся. А якое мне жыццё без яго? Нават дзіцяці ад яго не засталося…

— Дзед Цімох, — спытаў неяк Вася, — а Васіліса — яна свой абавязак выканала? Можа яна памерці?

— Відаць, можа, Васюта. Яна сама гэта ведае. Можа, ой прырода назначыла любіць таго чалавека, а яго няма, вось і холадна ёй цяпер на свеце. Ну і не трэба яе трымаць. Людзі жывымі па свеце хадзіць павінны, а ў яе душа згасла…

Вясна ішла па зямлі, і ў маленькай раённай бальніцы да ачмурэння пахла чаромхай, з якою дарэмна змагаўся ўвесь персанал на чале з Тамашом Кузьмічом. Радасна блішчалі памытыя, насцеж расчыненыя вокны, па вечарах пад вокнамі жаночых палат шапацелі галасы і смех, у якія, нібыта нож у масла, часам падаў рэзкі голас дзяжурнай медсястры. Зачыняліся вокны — злосна, рашуча, медсястра доўга ўвінчвала засаўкі, рыпела шпінгалетамі — але хмельнае, паганскае дыханне вясны адчувалася ва ўсім: нават у аперацыйнай, у стэрыльнай шклянцы да самага чацвярга стаялі цёмна-зялёныя сцябліны ландышаў з пругкімі бела-фарфоравымі кубалкамі кветак і, выгнаныя, назаўтра ж з'яўляліся наноў. А пад канец дня дзед Цімох прынёс неяк першыя смарчкі — цёмна-карычневыя, моцныя, у светла-жоўтых пясчынках — і ўрачыста паднёс іх Сашы. Яна, саромеючыся, спярша адмаўлялася, пасля беражна ссыпала іх у белы поліэтыленавы пакет:

— У мяне якраз вечарам госці будуць…

Яе вочы ззялі, вусны дзёрзка чырванелі на доўгім твары, і Вася разумеў, каго яна чакае: учора зноў прыходзіў Аляксандр і, ляніва зазірнуўшы ў палату, доўга стаяў пад вокнамі Сашынага паста. Ён быў у чорным пінжаку і чорным скураным картузе, з якога тырчаў ландыш, і на твары было тое невыноснае задавальненне сабою і жыццём, якога Вася не разумеў, але ўсёй істотай адчуваў, як нешта, што адкідае ўбок усё слабое і кволае накшталт яго, Васі, нават не задумваецца над тым, каго адкідае. Таму, пачуўшы пра гасцей, Вася зняважліва ўсміхнуўся, назіраючы, як дзед Цімох мітусіцца, дапамагаючы Сашы ўладкаваць грыбы.

— Ну што, дачушка, прыдаўся табе стары Цімох? — сіпавата, але з задаволеным смяшком гаварыў дзед, і Вася, сутаргава прыціснуўшы да сябе палку, перабіў яго:

— А калі нераст у асятроў пачынаецца?

Стары не адразу зразумеў пытанне, а пасля прамармытаў адрачона:

— Ды, можа, сёння-заўтра і пачнецца. Глянь, цяплынь якая, на дождж верне. — I, не адрываючыся ад дзвярэй, за якімі ўжо схавалася Саша, праскрыпеў задзірыста: — Паўсотні гадкоў скінуць бы, даў бы я перцу Аляксандру!

Задаволены, размяклы твар старога дзіўна ўзбурыў хлопчыка. Твар яго раптам перакасіўся, як ад прыступу болю.

— Што з табой, Васюта? — перапалохаўся дзед, устаў, закульгаў да хлопчыка, але Вася, нібыта абараняючыся, выставіў рукі наперад:

— Стары, а скачага, як казёл! Ну, скачы, скачы перад ёй! А яна злосная. I Аляксандр яе такі ж. Ведаеш, якія ў яе ўколы балючыя?!

Дзед Цімох адышоў, прысеў на чысты ложак. Старэчая чырвань цяжка прабівалася на шчокі, і па шэрым твары асабліва выразнымі глядзеліся шырокія сівыя бровы і белыя пракураныя вусы.

— Ты мяне не сарамаць, малец. Прыгожая дзеўка — гэта што падарунак. На яе зірпуць — і то радасць. Тамака, — ён паказаў уніз, — нічога пе пакажуць. А тут, хаця ўжо на божую пасцель палез, глядзець можна. Во як.

Злосць адступіла ад Васевага сэрца: хлопчык успомніў, што сёння раніцай дзед Цімох кашляў асабліва доўга і натужна, пасля пайшоў з палаты. Падумалася і пра тое, што да дзеда, як і да яго, Васі, таксама мала хто прыходзіць: сыны ўсе ў далёкіх гарадах, сваякі занятыя сваімі справамі. Пакутліва адвярнуўшыся да сцяны, ён адразу ж адчуў, як муляе палка пад бокам, а калі папраўляў коўдру, заўважыў на назе дробныя чырвоныя рысачкі ад асятрыных бакоў.

Усю ноч парыла, і было цяжка дыхаць. У цемры грузна саштурхваліся пад бальніцай хмары і буркатліва разыходзіліся, нібыта ім не хапала нейкай дробязі, каб узарвацца гневам і абрушыцца на маўклівую, насцярожаную зямлю. Ні дзед, пі хлончык не спалі. Ляжалі, слухалі, як жалобна, быццам просячы «піць-піць», рыпела прыціхлая сасна. Пасля да бальніцы пад'ехала «хуткая», заклапочана зашмыгалі па калідоры сёстры і нянечкі, цвёрда і рэзка ступаючы, прайшоў Тамаш Кузьміч, і ў аперацыйнай то лілася вада, то звякала жалеза, а потым, перакрыўшы гаману, загрымеў голас галоўурача: «Пінцэт, чорт бы вас узяў!» — і. зноў усё сціхла, а пасля панура зарыпела цялежка, і Наташа, аперацыйная сястра, выходзячы, скардзілася некаму:

— Нясе іх пад машыны, а нас у раёне грызуць, што смяротнасць высокая! З-пад БелАЗА не ўваскрэсне, дарма мучымся!

«Нехта памірае…» — ледзянеючы, здагадаўся Вася, а дзед Цімох закашляўся, і ў цемры жудасна і неяк безнадзейна гучала бясконцае: «Кха! Кха! Ху! Кгх!»

Упартая іскрынка ў Васіных грудзях усё разгаралася, і таму ён ляжаў, баючыся заснуць, як быццам ведаў, што час перад дасвеццем асабліва бязлітасны да тых, у кім ледзь тлее жыццё, хто, як Вася, заглядаў у бяздонную, страшэнную бездань і цяпер, растраціўшы рэшткі надзеі, бязвольна аддаецца ночы. Хлопчык не хацеў уступаць: ён спадзяваўся хаця і не на многае — усяго толькі ўбачыць, хаця б раз пабачыць балтыйскага асятра, — але гэта нямногае сагравала яго, давала нейкую надзею, як быццам бы само з'яўленне ў Васіным жыцці загадкавай рыбіны павінна было неяк паўплываць на яго, дапамагчы ці што іншае… I ён напружана чакаў раніцы. Даўно заснуў дзед Цімох, у акно пацягнула перадсвітальным ветрыкам, а хмары нізка і цвёрда ляглі на гарызонт, нібыта імкнуліся спінамі прышчаміць сонца, што хутка мелася выйсці. Тады Вася ўстаў і, нацягнуўшы на ногі маршчыністыя бальнічныя тапачкі, хуценька ўлез у сінюю паласатую піжаму і чырвоныя лінялыя штаны.

На гэты раз ён нічога не баяўся, нібыта таемнае знаццё само выводзіла яго прэч ад панурых зялёных сцен бальніцы. Наперад ведаючы, што медсястра будзе спаць за сваім белым сталом, паклаўшы галаву на скрыжаваныя рукі і напаўадкрыўшы пульхны рот, ён смела прайшоў паўз пост, не асцерагаючыся, звякнуў засаўкай. Вартаўнік таксама спіць, размораны цяплом і разведзеным у мензурцы спіртам.

Цвёрдая пясчаная сцяжынка была вільготнай ад расы, мокра блішчалі чугунныя пруты агароджы. Агароджа была высокай, Вася спыніўся быў перад ёй, але, прыкінуўшы, паспрабаваў уціснуцца паміж прутамі, і слабае, худое яго цела хутка апынулася на волі. Воля — гэта быў Нёман, што ляніва і пахмурна нёс цёмна-зялёную масу вады, пясчаны абрыў з кусточкамі чабору і іван-чаю, шэрая паласа галькі, што цягнулася ажно да чорна-шызых хмар, паміж якімі слаба паблісквала чырвань. Там, наперадзе, у якіх-небудзь трох кіламетрах, быў перакат, за якімі любілі нераставаць асятры. Так расказваў дзед Цімох, і Вася з рыпеннем папоўз на сваіх лінялых штанах уніз па пяску — спачатку павольна, пасля ўсё хутчэй. Сіла цяжару ледзь не ўвагнала яго ў раку, але ён здолеў утрымацца, жыватом прапахаўшы вузкую паласу жвіру. Аддыхаўшыся, ён устаў і, перасмыкнуўшыся ад холаду, пайшоў уперад.

Вада, мутная, цяжкая, ціха білася аб бераг, калыхала прыбярэжныя кусты. Заляскатала сарока, пачуўшы чалавечыя крокі, нейкія птушкі адгукнуліся ёй чыстымі заклапочанымі галасамі. Ластаўка нізка пранеслася над стромай, услед за ёй чародка стрыжоў вывела імклівую пятлю, ледзь не зарываючыся ў ваду, і тут жа знікла за паваротам ракі. Лес на другім беразе быў густа падсінены смугой, і жоўты пясчаны абрыў наперадзе, за які паварочвала рака, здаваўся размытым шэрым густым паветрам, ад чаго абрысы яго дрыжалі і плылі перад Васінымі вачыма — а можа, гэта кружылася ў хлопчыка галава? Бераг паступова паніжаўся, і рака, здавалася, шырэла, святлела, свабодна выходзячы на прастор і запавольваючы бег. Чуваць было, што ўперадзе перакат: там шумела і пенілася вада, праходзячы скрозь вузкія шчыліны паміж валунамі. Некалькі разоў спыняючыся, каб перадыхнуць, Вася па слыху вызначыў, што перакат павінен быць за самым абрывам. Але, агінаючы лазоўе, што блізка падыходзіла да берага, ён насцярожыўся і напружыўся: каля самай вады, насупраць перакату, стаяў матацыкл. Дзве мужчынскія постаці, сагнуўшыся, варушылі брызентавы скрутак. Галасы Іх глушыла вада, але асобныя словы можна было разабраць:

— Не парві!.. Глыбей!

Раптоўна адзін з мужчын разагнуўся, угледзеўся ў хлопчыка і супакоена працягваў работу. З брызентавага скрутка ён дастаў чорную капронавую сетку I асцярожна раскатваў яе на траве. Другі мужчына пайшоў да перакату, палкай вымяраючы глыбіню. Пругкая, імклівая плынь ірвала багор з ягоных рук, і было відно, што ён раздумвае, куды ямчэй паставіць сетку. Некалькі разоў ён азірнуўся на траву, дзе ляжаў невад. Вася пазнаў таго, хто важдаўся з капронавым сілом: гэта быў іхны сусед Іванчук. Заўважыўшы, што яго разглядаюць, Іванчук узняў галаву:

— Ну, чаго стаў, праходзь! Чаго не бачыў?

— Браканьераў…— Вася жахнуўся, пачуўшы свае ціхія словы. Тут жа ён пажадаў, каб іх не пачулі, але было позна: абодва мужчыны ўтаропіліся ў яго.

— Каго, каго? Ану, паўтары! — высокі, у шэрым світэры Іванчук ступіў да хлопчыка, сціскаючы кулакі, налітыя сілай і злосцю.

— Кінь ты, не бачыш: псіх. З бальніцы, — разважыў другі, з шастом.

— А вар'ят, дык няхай сядзіць у сваёй бальніцы! — Іванчук, як кацяня, прыўзняў Васю і паставіў яго далей, за некалькі крокаў, лёганька ткнуўшы яго ў плечы, ад чаго той тырчком паляцеў на мокрую траву. — Халера, яшчэ разважае тут!

Ён пайшоў да сеткі. Прыўзнімаючыся, Вася бачыў, як упэўнена і злосна ходзяць лапаткі пад тоўстай — самаробнай — вязкай. Праглынуўшы горкую, кляістую сліну, ён гучна сказаў у спіну Іванчуку:

— Думаеце, я вас не пазнаў? Во пайду зараз і пазваню, што вы асятроў ловіце!

Вася не ведаў, куды званіць, ды гэта было і не важна: Іванчук падскочыў, шырокі яго, мажны твар пабялеў ад нечаканасці:

— Ды ты што, ашалеў, крапіўнік? Якія асятры?! Пайшоў адсюль, а то зараз на матацыкле закачу ў бальніцу, так табе ў… уклеяць, будзеш ведаць!

— А чаго? Бяры яго зараз у каляску! — нетаропка папалохаў другі.— Не бачыш — збег з бальніцы! Чый гэта — не Анюты-прыёмшчыцы?

— Яе, здаецца. Якая маці, такі і байструк. Ну, каму сказана — прэч адгэтуль!

Вася скалануўся, пачуўшы пра маці, але супакоіўся, тут жа разважыўшы, што ніхто нікуды яго не павязе: надта мітусяцца Іванчук і яго напарнік, няма ў іх часу на нешта іншае, чым паляванне на рыбін. I было відно: тое, што трапіць у сетку, яны не выпусцяць! Але ж ідзе нераставанне! Значыць, ісці на раку з такой дробнай сеткай нельга — Вася ведаў тое з размоў таго ж дзеда Цімоха.

Ён адчуваў, як дрыжаць ногі, як дробнае трымценне падступае да вуснаў. Як навальваецца на яго прадчуванне непрытомнасці. Сонца ўсё не ўставала, хаця даўно наступіў ягоны час, а чорныя, цяжкія завіткі хмараў усё гусцелі і гусцелі пад галавой, выпаўзаючы з-за гарызонта, і гэтак жа гусцеў у галаве пах водарасцей, што ішоў ад вады.

— Я… усім раскажу. Усім! — варочаў ён непаслухмяным языком. — Браканьер вы, а не…

— Во прывязаўся на нашу галаву! — пахітаў галавой напарнік Іванчука. — Можа, далей ад'едземся, сусед? Не хапала, каб людзі пасля боўталі…

— Не, не! Каму ён раскажа? Ён здохне раней, хіба ты не бачыш?

Тонкі, ледзь чутны стукат маторкі данёсся з-за павароту. Мужчыны трывожна паднялі галовы.

— Ці не рыбнагляд? — прыслухоўваўся Іванчук. — Там малады хлопец, новы.

— Казаў табе — не будзе ў нас сёння ўдачы. Сон дрэнны бачыў, дый жонка папярэджвала…

— Сон, сон! Баба ты сам, ці што? А маторка нейкая незнаёмая. Халера на яе! Можа, і праўду ад'едземся?

Скрозь сінюю смугу, што гусцела ў вачах, Вася глядзеў, як таропка збіралі яны сетку, як, спяшаючыся, кідалі яе ў матацыкл і, закрыўшы брызентам, самі масціліся на матацыкле. Ён маўкліва прасіў іх: «Хутчэй!», таму што сілы ў яго заставалася толькі на тое, каб падысці да вады і развітацца з тым, што напэўна ў апошні раз бачылі вочы: імклівыя струмені вады, вільготныя цёмна-зялёныя валуны, каля якіх завіваліся шалёныя белыя бурунчыкі, і над усім — грознае, непрыветнае неба і цёмная заслона блізкага дажджу. Працягнуўшы рукі, ён пайшоў да вады, і — ці здалося, ці сапраўды адбылося — у бурлівай, нястомнай плыні мільганулі доўгія сілуэты дзіўных, ніколі не бачаных ім рыбін.

I тады неўтаймоўная, шалёная радасць паднялася ў ім. Нічога ўжо болей не баючыся, ён памкнуўся насустрач блізкай, жывой заслоне дажджу, усім целам убіраючы магутную, велічную сілу стыхіі, што асляпляльным раскатам разарвала насцярожаную ціш зямлі.

Ён не ўтрымаўся на нагах, упаў на цёплую мяккую глебу, паспеўшы адчуць на спіне гарачыя, вар'яцкія струмені дажджу, не ведаючы, што непрытомнасць яго пяройдзе ў глыбокі, не прадбачаны нікім з дактароў сон і што ён адчайным намаганнем перарваў страшнае, ужо абведзенае вакол яго жыцця кола, і цяпер, атторгнутага, зямля, дождж І вецер прынялі яго нанова ў свой вечны кругаварот, каб мог ён выканаць тое, для чаго прыйшоў у свет, каб мог жыць і адчуваць сябе шчаслівым на зямлі…

Загрузка...