Апоўначы, калі б’юць куранты…

Так густа і бессаромна рос палын на даўнім гарадзішчы, узнесеным на галавакружную вышыню над далінай, што ў самай няўцямнай галаве цьмяна варушыўся жах перад усемагутным часам, і такой грознай сілай павявала ад шчарбатых сцен — астаткаў некалі магутнага замка, што толькі самы апошні гуляка мог заначаваць у абдымку з бутэлькай на гэтай пустэльнай гары, што нагадвала выкрашаны зуб, які можна было ўбачыць за многа кіламетраў ад раённага гарадка.

Гарадзішча, у нагах якога стогадовыя паркавыя дрэвы здаюцца карлікавымі кустамі, а велічэзны шпіль фарнага касцёла — штыком звычайнай вінтоўкі, здаецца, плыве ў залаціста-блакітнай прасторы гарачага ліпеньскага дня, і дзяўчынай, што адзінока сядзіць у праломе таўшчэзнай — у тры метры сцяны — авалодвае дрымота.

Толькі сёння раніцай прыехала яна ў гэты раённы гарадок, пра які марыла цэлы месяц — трыццаць доўгіх, упартых дзён, заехала, каб пабыць тут усяго палову сутак; рашэнне ехаць было для яе самой такім жа нечаканым, як і для таго, да каго яна рвалася, аб кім тужыла. Чакаючы прыстойнага для візіту часу, яна спачатку трапіла на могілкі, утульныя і чыстыя, бітком набітыя мармуровымі анёламі, капліцамі і гранітнымі помнікамі, над якімі, у доўгіх галінах вяза, на розныя галасы шчабяталі птушкі, пасля выйшла да глухой агароджы закінутага манастыра, за якім, у светлай жаўцізне жыта, буйна цвілі валошкі. З букетам, што пахнуў смолкай і свежасцю, яна вярнулася на плошчу, адкуль лёгка знайшла знаёмы па лістах адрас. У чырвоным драўляным доме з жоўтымі дарычнымі калонамі ёй шматслоўна растлумачылі, што Максім паехаў на цэлы дзень над Белае возера, дзе на матацыклах гойсаюць за смерцю, а маці ягоная ўжо пайшла на працу. Пакінуўшы цыдулку, у якой прызначала сустрэчу, яна ў другі раз пайшла па плошчу і, блытаючыся ў вузкіх брукаваных вулачках, дабралася да гарадзішча, пра якое шмат расказваў Максім. Гарадок, у якім ён жыў, даўно стаў для яе як бы родным, яна часта ўяўляла ўсё, пра што чытала, і перад ад'ездам ёй нанова прысніліся і гара, і касцёл унізе, і далёкае возера на гарызонце, а цяпер сон здзейсніўся, яна звярала яго і яву, і ў яве было тое ж радаснае, светлае чаканне сустрэчы, што і ў сне, а сон да драбніц супадаў з рэчаіснасцю.

I цяпер яна сядзела, узнесеная над усім светам, і дрымота ўсё мацней падала на яе. Непадалёк пачуліся нейкія крокі, яна імкліва расплюшчыла вочы. Але то была ўсяго толькі старая стомленая каза, яна павольна ішла па цвёрдай сцяжынцы, цягнучы разбухлае вымя, і дзяўчына, пашукаўшы ў сумцы, працягнула ёй цукерку. Каза заклапочана зашапацела фальгой, пасля, пастаяўшы яшчэ і нічога болей не дачакаўшыся, раўнадушна пайшла далей, пастукваючы капыткамі па старажытнай цаглянай муроўцы. Адышоўшыся, яна гэтак жа дзелавіта пачала шчыпаць траву, трасучы злямчанай барадой, і дзяўчына расчаравана адкінулася назад, закрываючы вочы і нібы патанаючы ў цёплым магутным целе зямлі. Ёй хацелася паляжаць паўгадзінкі, а пасля ізноў блукаць па гарадку, але, стомленая хваляваннем і дарогай, яна нечакана для сябе заснула, пакуль яе не разбудзіла сонца, уварваўшыся ў вочы гарачымі чырвонымі кругамі. Абтрасаючыся ад пяску і даланёй прычэсваючы кароткія русыя валасы, яна пачула крыклівыя хлапечыя галасы і, выглянуўшы з-за сцяны, з цяжкасцю разгледзела ў асляпляльным марыве дня ўжо знаёмую казу і чатырох хлапчукоў. Трое, наступаючы на чацвёртага, нечага патрабавалі ад яго, а той, ухіляючыся ад тычкоў, з плачам у голасе паўтараў:

— Не! Не дам! Сказана вам! Не дам на Казьцы ездзіць!

— А мы самі! Без цябе абыдземся! — хапаючы казу за рогі, закрычаў старэйшы. Тая спалохана брыкнула, вырвалася, адбегла, але тут жа зноў падбегла да ўладара, які зноў кінуўся на яе абарону.

— Мамцы скажу, паглядзіце!

Голас яго быў няўпэўненым, слабым, і калі ён загукаў уніз, дзе мясцілася вуліца, сваё «мамка», трое засмяяліся.

— Ведаем, чаго там! Мамка твая ў бальніцы, так што давай сюды сваю Казьку!

— Мамка! — яшчэ грамчэй азваўся Казьчын абаронца, і. дзяўчына не вытрымала, выйшла з-за сцяны:

— Ану, пайшлі адсюль! Утрох на аднаго! I не сорамна?

Хлапчукі, што з трох бакоў ужо абкружылі казу, разам застыглі, на тварах іх, расчырванелых ад пагоні, адначасова адбіліся прыкрасць і страх. Але самы старэйшы, чарнавокі, з дзёрзкім позіркам — з тых, хто звычайна верхаводзіць у хлапечых гуртах, — разгледзеўшы дзяўчыну, пажвавеў.

— А што мы такога робім? Падумаеш, Казька! Глядзець моташна, як ён яе лашчыць! — смела сказаў ён, плюнуўшы скрозь зубы.

— Ён баязлівец, гэты Антак! Толькі з казой і дружыць! Вы яго не шкадуйце, — падтрымаў верхавода другі, што стаяў бліжэй да Антака.

Хлапчукі былі прыкладна роўныя, Антак жа — значна меншы, драбнейшы. Палінялая кашуля на ім была акуратна зашпілена на ўсе гузікі, з каўняра тырчала худая незагарэлая шыя, і ўвесь ён — ціхі, нейкі прыгладжаны — быў поўнай процілегласцю іншым: у аднаго на калене была глыбокая свежая драпіна, адкуль сачылася кроў; на другім калене штаны былі таксама парваныя. У другога на клятчастай кашулі чарнела тлустая мазутная пляма. Старэйшы, з крутой цыганскай шавялюрай, быў увогуле толькі ў абтрапаных школьных штанах, і загарэлы хлапечы торс яго быў спярэшчаны белаватымі блізнамі.

— Эх ты, знайшоў з кім ваяваць! — дзяўчына цяпер звярталася толькі да яго, таму што адчувала ў хлапчукоў упартую гатоўнасць на супраціўленне. — Давайце я вас лепей цукеркамі пачастую, а маленькага не чапайце, — сказала яна і шчоўкнула замком, але разлік яе аказаўся правільным: завадатар спрэчкі з пагардай глянуў на сумку і, махнуўшы рукой, згадзіўся:

— Ладна! Пайшлі адсюль, не будзем чапаць… маленькага!

Ён зарагатаў, пайшоў прэч, але абярнуўся і зморшчыўся, дражнячы Антака. Хлопцы пакорліва паўтарылі за ім грымасы, пасля ўсе яны пайшлі да струхлелага мастка, што злучаў гарадзішча з вулачкай, якая адна і вяла да гары.

Антак стаяў, не ўздымаючы галавы. Каза цяжка падышла да яго і асцярожна парнула ў бок. Вочы ў яе былі журботныя, нібы яна разумела ўсё, што адбылося, і цяпер вінавацілася перад гаспадаром за сваё бяссілле. Парнуўшы, яна пацерлася рагамі аб ягоныя сцёгны, але хлапчук толькі таргануў галавой і адвярнуўся. Тады, абышоўшы кола, яна ізноў ціха торкнулася ў ягоны жывот і зазірнула ў твар.

— Што ж ты яе крыўдзіш? — дзяўчына ўсміхнулася і, дастаўшы цукерку, зняла з яе абгортку і працягнула Казьцы, але тая не варухнулася; па-ранейшаму жалобна і нерухома яна глядзела на Антака, зваляная барада яе дробна трэслася.

— Яна ж невінаватая! — дзяўчына гаварыла ў спіну хлопчыка, гаварыла мякка і нецярпліва. Нешта перашкаджала ёй узяць і пайсці адсюль, і хацелася супакоіць сваё сумленне, а пасля бегчы на плошчу. Максім мог прыехаць раней, а кожная яе гадзіна была цяпер злічана, дый цэлы месяц яны не бачыліся, з таго часу як скончылася сесія ў інстытуце, Максім паехаў дадому, а яе паслалі ў піянерскі лагер, дзе ёй працаваць яшчэ два месяцы, да самай восені!

— Ты чуеш мяне? Памірыся з Казькай! Ну, глянь на яе!

— Заўтра яны зноў прыйдуць… А яе нікуды больш не зацягнеш. Толькі сюды!

Ён сеў, усё не гледзячы на казу, і дзяўчына прысела перад ім. Па твары хлапчука паволі цяклі дзве мутныя кропелькі.

— Чаму ж бацьку не паскардзішся? Або хто там у цябе ёсць?

— Няма ў мяне бацькі,— усхліпнуў Антак. — Толькі мама. Я Казьку баюся крыўдзіць: мама ейнае малако надта любіць. Я кожны дзень нашу ў бальніцу глячык…

Ён змоўк, рукавом выцер слёзы і, глянуўшы Наталі ў твар, дадаў нечакана:

— А вы, цёця, малако ад казы любіце?

— Я? — дзяўчына чамусьці збянтэжылася. — Я… ніколі яго не спрабавала, толькі чула, што яно нясмачнае. У магазінах жа яно не прадаецца, — нібы апраўдваючыся, дадала яна.

— Тады паспрабуйце, — проста сказаў Антак. — Тут пасудзіны няма, а то я проста тут падаіў бы Казьку. Пайшлі да нас, а? Цёця?.. Там Віцька чакае, — пасля паўзы дадаў ён. — Я ведаю… Нябось думае — я адзін назад пайду…

— Ну… як гэта — да вас? Што ты… I чаго ты іх так баішся, не разумею! — паспрабавала яна перавесці гаворку на іншае.

— Я не іх баюся… Я — за Казьку… У яе ж малако, а яны… А мамцы трэба выздаравець! Пайшлі, я вас вельмі прашу! Тут недалёка, пад гарой!

— Ведаеш… у мяне часу малавата, — яна зноў спрабавала адмовіцца. — А ты так адзін і жывеш?

— Адзін, — пацвердзіў Антак. — Бабуля нядаўна памерла, за мной суседзі глядзяць, па чарзе. Толькі зараз усе на працы. Пайшлі, га? Убачыце, малако ў Казькі смачнае. А як вас завуць, цёця?

— Якая ж я цёця? — засаромелася дзяўчына. — Я толькі першы курс закончыла, а завуць мяне Наталяй, так і пазывай, добра?

— Добра, — кіўнуў ёп галавой.

— Ну што з табой рабіць? Пойдзем. Толькі я на хвілінку…

Ён засвяціўся тварам, коратка свіснуў, і каза, узрадавана мэкнуўшы, подбегам заспяшалася ўперад, як здагадаўшыся, аб чым ішла размова. Наталя ішла побач з Антакам, скоса пазіраючы на ягоны засяроджаны профіль. Цёплы вецер лёгка раздзьмуваў кароткую льняную сукеначку, і яна, абцягваючы яе, з цьмяным пачуццём нялоўкасці і шкадавання глядзела на хлапчука, на яго старэнькую кашулю з акуратна пакладзенай латкай, на залаціста-русы віхор на ягонай галаве.

— А хто есці табе гатуе?

— Я сам, — ён з гатоўнасцю адгукнуўся.

Вочы ў яго былі спакойна ласкавыя, нібы згода Наталі пайсці да яго ў госці адразу прымусіла яго адчуць асаблівую годнасць і спакой.

— Я бульбу смажу, — тлумачыў ён, — макароны магу варыць, яечню гатаваць. Я шмат чаго ўмею…

Яны перайшлі мосцік і ўбачылі Віцькаву кампанію, што тулілася за крапасным валам і цяпер са шкадаваннем праводзіла іх позіркам. Антак таксама маўкліва паглядзеў на Наталі, і яна адчула няёмкасць і адначасна палёгку: сапраўды, нельга было пакідаць Антака.

Масток, што аддзяляў гарадзішча ад горада, служыў своеасаблівай мяжой, і гэта асабліва адчувалася, калі Наталя ступіла з драўляных маставін на брук. Паветра тут было іншым: пахла разагрэтай лебядой і смажанай цыбуляй, ад калонкі ўніз па бруку шыпеў гнуткі цурок вады. Каза панюхала ваду, крыху лізнула яе і пайшла далей, асцярожна цокаючы капыткамі па каменнях, між якімі настырна прабівалася трава.

Вуліца крута пайшла ўніз, агінаючы гару, і Антак узяў Наталю за руку:

— Тут можна зламаць абцас. Трымайцеся за мяне. Я ўжо не маленькі, у трэці клас перайшоў.

Далонь ягоная была жорсткаю і гарачай, і Наталі было няёмка ісці, трымаючыся за хлапечую руку, а ён, нібы і не адчуваючы яе збянтэжанасці, трымаўся разважліва і ветліва, як дарослы. Таму яе нялоўкасць праходзіла, а цёплае, шчымлівае пачуццё неўпрыкметку расло, і ёй хацелася пагладзіць Антака па галаве — пагладзіць асцярожна, каб ён адчуў яе шчырасць і не схаваўся ізноў у сваёй адзіноце.

Яны спусціліся ў самы канец вулачкі, да рова, з якога цягнула вільготнай прахалодай непрасохлай і ў такую гарачыню зямлі. Над самым ровам мясціўся каменны дом з патрэсканай жоўтай тынкоўкай і вастраверхім чарапічным дахам, што быў залатаны чорным толем, які рэзка кантраставаў з цёмна-чырвонымі чарапіцамі, там-сям абвугленымі, пашчэрбленымі, па якіх з боку рова поўз шыза-зялёны мох. Каза радасна патрухкала да ганка, дзе стаяла пачарнелае вядро з вадой, і, падняўшы галаву, сачыла за Антакам, які, не спяшаючыся, адліў вады ў вялікую драўляную місу, пасля зняў з прабоя замок і, кіўнуўшы галавой у калідор, паклікаў Наталю ў пакой.

У пакоі было чыста і змрочна. Замкавая гара, над якой вісела блакітна-жоўтая смуга, здавалася праз акенца яркай нетутэйшай карцінай, што павесілі гаспадары на белую, як у бальніцы, сценку. Белай была і старадаўняя кафляная печ з ружовымі ўзорамі, і засціланне на вузкім жалезным ложку; масніцы, таксама вышараваныя дабяла, жалобна зарыпелі пад нагамі Наталі, калі яна ступіла ў пакой і, прывыкаючы да цемры, спынілася пасярэдзіне; пасля яна знайшла вачыма крэсла, прайшла да яго па паласатай дарожцы і з палёгкай прысела. Блізка каля яе, пад сталом, накрытым адзіным у пакоі прадметам раскошы — пурпуровым аксамітавым абрусам, — вісела распяцце з чорнага дрэва, крыху правей на тумбачцы ляжала тоўстая кніга ў драўляным пераплёце, упрыгожаным цьмяным сярэбраным узорам.

— Гэта бабуліна, — растлумачыў Антак, уваходзячы ў пакой з цяжкім гліняным кубкам, над якім калыхалася белая пена. — Піце на здароўе. Малако смачнае, толькі ізноў сёння крышку горкае, але ж гэта нічога, праўда?

— А ты? — спыталася Наталя, прымаючы кубак з ягоных вільготных, відаць, толькі што памытых рук.

— Я зараз. Вы піце, у мяне ёсць свой кубак, — супакоіў яе хлопчык і выйшаў з пакоя.

Вялая і гарачая цішыня, што стаілася за домам, данесла аднекуль здалёк, з нейкай вулачкі, нецярплівае рыканне матацыкла, які то застываў на месцы, то спяшаўся наперад — раздражнёна, настойліва. Можа, гэта вярнуўся Максім і цяпер шукаў яе, ганяючы матацыкл па сцёртаму бруку, палохаючы прахожых. Хваляванне падступіла да горла, яна не магла зрабіць ніводнага глытка, як ні старалася. Антак вярнуўся з кубкам і вышытым рушніком, адзін канец якога ён паклаў на калені Наталі, а другі — на свае.

— Няўжо гэта ты трымаеш хату ў такім парадку? — спытала яна хлопчыка, хаця ведала адказ. — Паверыць цяжка, што хлопец такі акуратны можа быць. Адзін жа!

— Я не адзін, — засмяяўся Антак. — Мы ж з Казькай. I спім тут, на падлозе. Мама таго не ведае, яна думае, што я ў цёці Ніны начую. А мне шкада Казьку адну пакідаць. А раніцай усё прыбіраю. Яна, ведаеце, усё разумее, пасля яе ніякага бруду не застаецца. Толькі што гаварыць не можа.

— А хто ж твая мама?

— Яна на фабрыцы працуе.

Худы твар яго прарэзала ўсмешка, шэрыя вочы заззялі — адчувалася, што маці ён любіць, таму што з ахвотай пачаў расказваць, якія ўзоры вышывае ягоная маці, як паважаюць яе на рабоце. Праўда, у апошні час яго неахвотна пускаюць на фабрыку, кажуць, ён чужы, а ён зусім не чужы… — ён уздыхнуў.

— Скажы, Антак, чаму ў вас… — Наталя запнулася, ад чаго конаўка яе, пастаўленая на каленцы, выплеспула цёплую пену прама на край сукенкі.— Так пуста, ці што? — закончыла яна цвярдзей. — Цяжкавата вам з маці ўдваіх, так?

— Гэта ўсё бабуля, — сумна адказаў Антак.

Наталя запытальна глядзела на яго, а ён задумаўся, толькі час ад часу адпіваў малако з кубка, і вочы яго ізноў былі бясколернымі, сумнымі.

— Бабуля мая… яна нейкая дзіўная была, і не злосная, а проста… нікога пе любіла. Толькі ў касцёл хадзіла. Цёця Ніна казала, што яна мамку ў труну заганяе, таму што, пакуль я не нарадзіўся, маме весялей жылося… А з-за мяне…

Ён замоўк, паглядзеў на яе рукі.

— Што ж вы малако не п'яце? Яго ў нас шмат, не бойцеся… Можа, горкае? Гэта з-за Віцькі…

— Не, Антак. Проста мпе трэба ісці. Мяне шукаюць, і я сёння еду. Я ж не з гэтага горада.,

— Едзеце? — вочы хлопчыка ўспыхнулі.— А куды?

— Далёка. На другі канец Беларусі. Там мяне ўжо чакаюць. Столькі спраў, каб ты ведаў! Р

Яна ўжо амаль скардзіцца гэтаму малому, ёй хочацца гаварыць з ім, расказаць пра Максіма, але яна стрымліваецца.

— Калі вы едзеце? Можна, я праводжў вас?

— Ну што ты! — засмяялася Наталя. — Мой цягнік адыходзіць роўна апоўначы. Гэта калі на вашай вежы, той, што на плошчы, будуць біць куранты. Яны ж б'юць апоўначы?

— Б'юць, — ківае Антак. — Так грозна: бум! бім! Я тады мацней да Казькі тулюся.

— Ну вось. А калі ты прачнешся, я ўжо буду далёка…

— Далёка… — рэхам паўтарае Антак, і Наталя зноў чуе, як носіцца па вуліцах адзінокі матацыкл, і таму, не сустракаючыся вачыма з Антакам, яна спрабуе паставіць на стол некрануты кубак з малаком.

— Што ж вы! — голас у Аптака наліваецца крыўдай, і Наталя не вытрымлівае. Яна сядзіць і п'е казінае малако, ад якога патыхае гаркавым палыном — тым палыном, які расце на старым Замчышчы, прарастае са старажытных абпаленых камянёў, з зямлі, што спакойна прыняла ў сваё ўлонне і грозныя сцены, і мячы, і дзіды — і растварыла іх у сваім лоне. Наталя п'е, а Антак сядзіць побач і ўважліва глядзіць на яе — смешны хлопчык у выцвілай кашулі і сандалетах на босых нагах, з чорнай радзімкай на скроні, пад бялёсай выцвілай пасмай, — глядзіць сур'ёзна, нібыта яны абое, Наталя і ён, выконваюць нейкі дзіўны абрад, зразумелы толькі ім адным.

— Ну што ж, Антак. Бывай. Не сумуй тут. Чакай маму.

Ён сціснуў вусны, вочы ў яго сумныя, аднак Наталя ставіць кубак і ідзе, ледзь не сутыкнуўшыся на ганку з Казькай, якая ляжыць на пацямнелых дошках, падвярнуўшы пад сябе нагу і паклаўшы на другую рагатую галаву са стомленымі старэчымі зрэнкамі.

…На вуліцы нібы нічога не змянілася, аднак сонца схілілася да гарызонта, ля дамоў ляглі цені, а пясок ля вадакачкі ўжо суха хрумсцеў і пыліўся пад яе крокамі. Мацней пахла кропам і маладой бульбай ад гародчыкаў, што падступалі да самага Замчышча, дзе-нідзе спрабуючы ўзабрацца на гару.

Максіма яна ўбачыла адразу, як толькі выбралася на плошчу. Ярка-жоўтая нейлонавая кашуля, расшпіленая ледзь не да пояса, маляўніча выдзялялася на фоне брудна-белай сцяны універмага. Адной рукой ён трымаўся за руль вішнёвай «Явы», другой боўтаў перад сабой навюткім шлемам, што ззяў у водбліску апошніх праменняў, нібыта залаты шлем Ахіла, вось-вось гатовы ўзляцець на круглую стрыжаную галаву. Кашуля прыгожа адцяняла яго загарэлы хлапечы твар з цёмным румянцам і цёмна-зялёнымі вачыма.

Ён таксама ўбачыў яе, пажвавеў, затанцаваў на месцы, нецярпліва перахопліваючы руль дзвюма рукамі, нібы спяшаючыся хутчэй пасадзіць яе на матацыкл і везці хоць на край свету.

— Дзве гадзіны цябе шукаю! — закрычаў ён здалёк. — Дзе ты знікла? Праз хвіліну фільм пачынаецца, «Парыжскія тайны», там усе сядзяць як на іголках. Сядай! Пасля паедзем у матэль, там такі бар адкрылі! Гэта табе не што, а Захад. А заўтра…

— А заўтра не будзе, Максімка. Я еду праз шэсць гадзін, у поўнач. У мяне таксама білет… на цягнік.

Яна з усмешкай паглядзела на Максіма, як заўсёды, дзівячыся сама сабе ягонай неўтаймаванасці і лёгкасці, з якой ён прымаў жыццё, бесшабашна трымаючыся на самых крутых яго хвалях.

— Так?! — твар у Максіма расчаравана выцягнуўся. — Ты што ж, збіраешся пакінуць мяне, як Папялушка на балю? Не! Так не пойдзе. Білет заменім, і…

— I я ўсё роўна паеду, — мякка запярэчыла Наталя. — Ты ж мяне ведаеш. Дысцыпліна, дзеці. Як яны без мяне? А ты… Чаму я цябе вучыла? Знайшоў мадэрновы фільм…

— Ну, прапала мая галава! — весела зморшчыўся Максім. — Ты ўсё тая ж, — дадаў ён, перакідваючы нагу цераз сядзенне і ўключаючы запальванне. — Прын-цы-повая! Жыццё — яно не любіць, каб скавыталі, а ты…

Наталя не пачула апоншія словы, таму што матацыкл ірвануўся наперад.

На пачатак сеанса яны ўсё ж не трапілі, прабіліся на месцы, торкаючыся ў чужыя калені, а пасля сядзелі, няўважліва гледзячы па экран, таму што Максім усё спрабаваў пацалаваць яе ў шыю, дзе пушыліся ўпартыя пасмачкі, а яна штурхала яго ў бок, раз'ятрана шыпела і разам з тым адчувала сябе такой шчаслівай, што яе не маглі збіць з панталыку нават злыя пагляды суседзяў справа і злева.

Пасля кіно іх чакалі. Чацвёра хлопцаў на матацыклах і дзяўчаткі — усе прыкладна аднаго ўзросту з Наталяй, — закрычалі, замахалі рукамі. Максім хуценька перазнаёміў яе з усімі, але Наталя нікога не запомніла ад збянтэжанасці, толькі першага, Валодзю, які падышоў да яе не спяшаючыся, упэўнена і дапытліва разглядаючы яе ўсю — ад ілба да кончыкаў не надта новых туфлікаў. Пасля ён ізноў наблізіўся да яе — калі абмяркоўвалі, якой дарогай ехаць, — і шматзначна ўзяў яе за руку:

— Мы Максіма без вас ледзь не ажанілі. Каб уратаваць. А то калі такая дзяўчына возьмецца за ратаванне душы — усё, прапаў чалавек!

Наталя імгненна ўспомніла інтанацыю, з якой Максім адмахнуўся ад яе там, ля універмага, і, вырваўшы сваю руку з чэпкіх Валодзевых пальцаў, моўчкі села на «Яву», стараючыся, каб Максім не заўважыў яе спахмурнелага твару. Пасля яны ўсім гуртам сядзелі ў бары, дзе на цяжкіх драўляных панелях бранзавелі чаканкі, на дубовых кругляках вакол дубовых калодаў сядзелі завесялелыя мужчыны і дзе Валодзя настойліва хацеў нешта давесці ёй, Наталі, нібы яна была ягоным асабістым ворагам.

— Ты вось што, — ён курыў цыгарэту за цыгарэтай, — не крыўдуй, я чалавек просты, але слова сваё скажу. Не пазнаю Максіма. Паступіў у гэты ваш інстытут — другім стаў. Ад кампаніі адбіваецца. Разважаць пачынае. Нашто яму разважаць? Мужчына ледзь не так што — не разважаць, а адразу — у зубы! Каб баяліся! А ён далікатным робіцца. Не-е, мы яго так проста не аддадзім.

— Не слухай яго, ён Максіму сваю сястрычку сватае, каб баксёра ў родзічах мець. А то сам — як Кашчэй! — весела закрычала праз Максімава плячо адна з дзяўчат, боўтаючы белай саломінай у кактэйлі. Наталя ўбачыла, як зачырванеліся шчокі ў Максіма. Ён на некалькі імгненняў моцна прыціснуў сваю шклянку з сокам да яе шклянкі, нібы стараючыся нешта давесці без слоў, адгарадзіў яе ад Валодзі і ўзяў за плячо.

— Пайшлі адсюль, — ціха вымавіла Наталя. Ёй цяжка і нязручна было сядзець на высокім табурэце, яе раздражняў цыгарэтны дым, што густа калыхаўся над сталамі, пах вільготнай вяленай рыбы, лянівы шчэбет дзяўчатак. Збіраючыся ў дарогу, яна не думала пра заходні мадэрн, ёй чамусьці ўяўлялася, як яны ўдваіх будуць сядзець недзе ў зарослым парку альбо за горадам, ціха гаварыць пра нешта харошае і яна паспее расказаць Максіму хаця б крышачку з таго, што перадумалася ў адзінокія гадзіны, калі пасля адбою ў лагеры яна бегла на капрызную рэчку Беразанку і гадзінамі бяздумна сачыла, як уставаў ранні маладзік або паволі гусцела белая пелена туману.

Максім нечакана лёгка згадзіўся. Але кампанія не хацела іх адпускаць.

— Паехалі ў парк. Там танцы! — перакрыў галасы Валодзя. — А пасля мы цяпнем у мяне мацнейшага, а то што гэтая брыда!

I зноў Наталя сядзела па-за Максімам і, учапіўшыся за яго, слухала, як цёплы і пругкі вецер свішча ў вушах, б'ецца ў каленцы, кудлаціць валасы; ізноў ёй было хораша з Максімам, і не хацелася ні аб чым думаць, здагадвацца, таму што галоўнае было ў тым, што ён узрадаваўся ёй, чакае яе, можа, якраз дзеля яе прыдумаў гэты бар I кампанію. У рэшце рэшт, яны не бачыліся цэлы месяц, ён адвык ад яе, адвучыўся настройвацца на яе хвалю — хіба ж за дзень выправіш усё гэта? Будзе восень, і ён зноў стане ранейшым, такім, як павінен быць…

Было цёмна, і калі дарога нырала ў нізіны, фары выхоплівалі з начы то спалоханага зайца, то адзінокі куст дзядоўніку — натапыраны і фантастычны, — а пасля высока ўперадзе, закрываючы палову зорнага неба, паказалася Замкавая гара. Матацыклы з трэскам узляцелі на ўзвышша, адкуль жоўтымі ліхтарамі заміргаў гарадок, пасля рэзка павярнулі ўлева — уперадзе вырасла агароджа парку. I вось ужо перад вачыма Наталі калыхалася, вухкаючы і смеючыся, запоўненая да краёў танцпляцоўка, музыка абрушвалася на галовы, паступова шалеючы і набіраючы моц, і дзіўным дысанансам нахабнаму грукату барабана была цудоўная, ціхая летняя поч, высачэзныя маўклівыя таполі навокал і пругкае дыханне духмянай травы, што далятала з далёкіх цёмных палёў.

— Пайшлі адсюль, — ціхенька шапнула Наталя. — Хоць крышку пагуляем.

Яна асцярожна пагладзіла яго па спіне; пяшчота перапаўняла яе, а час ляцеў, і поўнач набліжалася да іх, як папярэджанне ўсіх будучых расстанняў, а ён, Максім, падумаў пра нешта сваё, іншае, таму што вусны яго склаліся ва ўсмешку ганарлівую і задаволеную і ўсё ж крышачку разгубленую.

— Як жа… А, ладна! Мы хутка! — крыкнуў ён Валодзю, пачакаў, пакуль той, апошнім, пройдзе на танцпляцоўку, а пасля абярнуўся да Наталі і шчасліва засмяяўся:

— Ну вось! Вядзі цяпер куды хочаш!

— Калі б ты заўсёды быў такім паслухмяным! — уздыхнула Наталя, адчуваючы, як перадаецца яе руцэ гарачая ўпартая сіла хлопца.

— Заўсёды нельга, — ласкава запярэчыў Максім. — Ты ў мяне такая…

— Такая?..

— Ну, сентыментальная, ці што. Як гэта ты мне чытала нейкага японца… помніш? «Прычасны да прыгажосці кветкі…» Далей пра быка…

— «Не прыме прычасця буйвала»? Так?

— Точна! Але гэта не для мяне — прычасце да кветкі. Букашкі-таракашкі… яны для слабых. Дый будзь я хлюпікам — ты б мяне пакахала, скажы? Га? Так мы заўсёды: гаворым адно, а робім… Ну, дык куды мы пойдзем?

З цёмнай глыбіні парку даносіліся галасы, сцішаны віскат; прама, за паламанай агароджай, за невялікім азярцом, глуха і пагражальна цямнела гара. Контуры яе, абведзеныя лілова-ружаватым — ад заходу, дзе цьмяна чырванелі аблокі,— былі чоткімі і халоднымі, і нейкая незразумелая сіла пацягпула да яе Наталю. Сэрца яе павольна і моцна сціснула прадчуваннем вышыні.

— Пайшлі туды, га? — яна паказала наверх.

— Туды? Ноччу там не ходзяць. Ну, калі ты хочаш… — ён падхапіў яе пад руку, усміхнуўся. — Са мной туды ісці можна. Так што… твае кветачкі-казурачкі зноў прайграюць! — I, злавіўшы яе погляд, весела падміргнуў: — А «лодачкі» прыйдзецца зняць. Вунь якая вертыкаль!

…Паволі, чапляючыся за самы маленькі кусцік, яны ўздымаліся наверх, і дзіўна: з кожным крокам упартасці ў дзяўчыны прыбывала, яна спяшалася, і Максім, пасміхаючыся нязлосна, падпарадкоўваўся яе руцэ. Але перад самым верхам ім давялося памяняцца месцамі: Наталі не пад сілу было залезці ў праём, і Максім, падцягнуўшыся на руках, пасля асцярожна ўцягнуў яе ў пралом па гладкіх каменнях сцяны.

— У-ух! — выдыхнуў ён, азіраючыся па баках. — Не зайздрошчу татарам. Столькі лезці — а пасля цябе як швыргануць, і ляці ўніз, ламай галаву. Багата іх тут палегла некалі!

На гарадзішчы ў вячэрні гэты час было асабліва няўтульна і пустэльна, каменне ж не страціла цеплыні, і хлопец з дзяўчынай асцярожна ўселіся на валун, блізка адзін да аднаго. Наталя абцерла далоняй падэшвы, надзела «лодачкі», пасля знайшла хусцінку і выцерла ёю твар. Максім некаторы час назіраў за яе рухамі, пасля ўпэўнена пацягнуўся да яе вуснаў, а яна адхіляла яго разгарачаны твар, але адхіляла нерашуча, баючыся пакрыўдзіць яго.

— Не так… Не трэба… Мы ж не дзеля гэтага сюды прыйшлі!

Ён цяжка перавёў дыханне, спадылба паглядаючы на яе.

— Засумаваў я па табе, каб ты ведала! — Ён дастаў цыгарэту, чыркнуў запалкай. Агеньчык слаба ўспыхнуў — іскрынка ў цемрадзі на імгненне асвятліла спахмурнелыя Максімавы вочы. — А ты…

— Гэта цябе шкадаваць? — Яна села побач. — Давай лепей проста пасядзім, паглядзім. Як тут добра!

— Юродзівая ты, Наталя, га? — нечакана сказаў Максім, нібыта пытаючыся ў яе. — Такая чысценькая, беленькая. Такая правільная. Да цябе прыйсці б не зараз, пасля. Патрапаным, расчараваным, абрыдлым самому сабе. Га?

Яна маўчала. Вецер, цяжкі і цёплы, хвалямі пляскаўся аб гару, скрозь праёмы сцен віднеліся зоркі. Звільгатнелы палын павеяў нечым адзічэлым, нібы ніколі па ім не ступала чалавечая нага. Але, закідваючы галаву, Наталя нейкім цьмяным пачуццём зразумела, што непадалёку нехта ёсць. Яна спалохана ўстала, сціспула Максімаву руку:

— Нехта дыхае. Паслухай!

— Ды ну цябе! Прыдумаеш! — Ён ізноў паспрабаваў прыцягнуць яе да сябе, хацеў пасадзіць на калені.— Хто сюды прыйдзе ў такі час?

— Пачакай! — яна вырвалася. — Вунь там, я чую. Нехта варушыцца.

Ён устаў, напружваючы зрок, пасля цвёрда пайшоў да гарбатай няроўнай аркі. Перш чым Наталя паспела нешта разгледзець, спалоханы хлапечы голас азваўся насустрач:

— Цёця Наталя!

— Антак! Няўжо гэта ты! — ускрыкнула дзяўчына, кідаючыся да хлопчыка, і адразу ж жорсткія рогі ўперліся ў яе жывот. — Ой! I Казька тут? Ты чаму гэта не ў хаце? Здарылася што?

— Цёця Ніна… яна пайшла ў госці… Аднаму ва ўсім доме… страшна! — ён, дрыжучы, прыціснуўся да яе, ашчаперыў рукамі.

— Наталя, хутка ты там?

Яшчэ не разгледзеўшы хлопчыка, Максім адразу ж і незваротна неўзлюбіў яго. Ён пацягнуў дзяўчыну за руку:

— Часу няма!

Але яна быццам бы не чула, толькі цясней прыціснула да сябе хлопчыка, патрапала ягоныя валасы, суцяшаючы. Нешта цёплае і добрае было ў ёй да Антака. Можа, таму і ён так шчыра пацягнуўся да яе?

— Доўга цябе чакаць?

Максімаў голас заледзянеў. Наталя адарвалася ад Антака.

— Ну што ты? Не злуйся. Тут жа недалёка. Крышку пасядзім з ім…

Яна зашаптала яму на вуха:

— Пасля ён засне, і ты якраз паспееш мяне падвезці да вакзала. Добра?

— Ты… думаеш, пра што кажаш? Там кампанія чакае, мы ж і так спазніліся, а ты! — Ён рэзка адхінуўся ад яе. — I хто ён такі, Антак, кажаш? Ну?

— Проста… — голас Наталі задрыжаў, перасох як бы. — Я… чакала цябе. Тут, на гары… А пасля ў яго малако… піла.

— Малако?! I з-за гэтага мы тут валэндаемся? З-за гэтага я перавярнуў увесь гарадок, насіўся, хваляваўся? Малако! Можа, яшчэ скажаш, ад гэтай дахляціны?

— Казька не здыхляціна, — заступіўся за казу Антак. — У яе малако смачнае. Праўда ж, цёця Наталя?

— Праўда, — усміхнулася ў адказ Наталя. — Яно смачнае.

— Слухай, ты!.. Як цябе там! — узбурыўся раптам Максім. Ён склаў пальцы для пстрычкі, але не паспеў ударыць: Антак схаваўся за спіпу Наталі.— Каціся адсюль, пакуль я сам цябе з гары не спусціў! Ну! Дзяўчына схапіла яго за руку.

— Перастань! Перастань, не сарамаць сябе! — яна загароджвала спалоханага Антака. — Не бойся, ён жартуе. Ты жартуеш, так?

Максімава рука была занадта моцнай для маленькіх яе далоняў. Яна рванулася і вызвалілася з іх.

— Ты сама! Сама мяне сюды прыцягнула! Навошта ж? Для чаго трэба было цягнуць сюды, дзе нікога няма, а пасля… авечкай прыкідвацца?

— Ты ашалеў ад злосці, дальбог. Ці гара на цябе паўздзейнічала? Помніш, ты казаў, што яна чароўная?

Але ён не прыняў жарту, не прыняў рук, якімі яна хацела ахапіць яго за плечы. Наадварот — ірвануўся так, што Наталя, спатыкнуўшыся, ледзь не ўпала. Хлопчык ледзьве паспеў падтрымаць яе.

— Прэч адсюль, мураш! — зароў Максім.

— Нашто вы яе штурхаеце? — Антак выйшаў з-за спіны Наталі, голас яго зрываўся. — Я… я пайду. Я і так вам не перашкаджаў. Я… проста сядзеў.

— Ох ты! Ён цябе абараняе! — з такой ядавітай усмешкай прагаварыў хлопец, што ў Наталі балюча заторгалася недзе над брывом нябачная жылка і галаве стала так цяжка, нібы яе скавала абручамі.

— Хопіць! — у яе не хапіла голасу.

— Між іншым, малады чалавек, — усё з той жа насмешкай цягнуў Максім, — яна да мяне прыехала, а не да цябе, так што давядзецца табе матаць адсюль. Шуруй! Разам са сваёй здыхляй! — раптоўна ізноў закрычаў ён. — Пакуль я цябе…

Дзяўчына перабарола сябе, паспрабавала пакласці руку на плячо Максіма, нешта растлумачыць яму, знайсці патрэбныя словы: ім нельга было сварыцца, таму што не заставалася часу, каб памірыцца пасля, яна пе сумнявалася, што прымірэнне адбудзецца, бо сварка была дзікай, недарэчнай і незразумелай. Але нічога не было сказана — ён таргануўся ўбок, і, на гэты раз не ўтрымаўшыся, Наталя адляцела, ударылася аб востры гранітны выступ і тоненька войкнула ад болю і нечаканасці. У той жа момант Антак рысянём кінуўся на крыўдзіцеля, але тонкі, слабы кулачок толькі слізгануў па сківіцы.

— Э-э!

Забыўшыся на тое, што перад ім усяго толькі дзесяцігадовы хлапчук, Максім дакладным баксёрскім рухам адкінуў ад сябе тонкае хлапечае цела.

Антак падаў доўга — так здалося Наталі. Спачатку ў яго тарганулася галава, пасля падкасіліся ногі, і, адляцеўшы ўбок, ён нерухома застыў па зямлі.

Яна коратка войкнула, кінулася да хлапчука, пачала яго тармасіць, абмацваць.

— Антак! Анта-ачак! — клікала яна плачучы, і гэты плач яе доўгім, адчайным рэхам мітусіўся ў пустэчы сценаў, вяртаўся назад.

Жудасным, першабытным страхам павеяла раптам ад бязлюднага старадаўняга гарадзішча, ад буйных, блізкіх зорак, ад таямнічага рэха, зусім незаўважнага днём. Наталі ўявілася, што яны ўтраіх, не, удваіх з Максімам, аддзелены безданню ад усяго свету, але ўсё, што адбываецца тут, на вяршыні гары, усё, што вырашыць яны зараз, нейкім таемным чынам паўздзейнічае на тых, хто зараз, унізе, творыць свае паўсядзённыя справы і ведаць не ведае пра іх — пакуль не ведае…

— Наталя! Ціха. Ціха! — шэпт Максіма чуйныя насцярожаныя сцены таксама вярталі ім дваім. — Цябе ніхто тут не ведае. Нас ніхто тут не бачыў. Ніхто?

Ён па-звярынаму асцярожна прыслухаўся, абгледзеўся.

— Пайшлі. Скажам, што былі ў парку. Ты тут нічога не згубіла? Я таксама. Толькі цішэй. Я адразу цябе на вакзал. Хуценька!

— Я нікуды адсюль не пайду. — Яна таксама гаварыла шэптам, але сцены ўпарта вярталі яе шэпт, і незаўважна яна адзначыла, як пабялеў Максім.

— Дурненькая. Наталя. Мілая! Табе ўсё роўна, што будзе са мной? Ты разумееш, чым гэта пахне? Са мной…

«Ой…» — злавесна вярнула ім рэха, і, глодзячы на такога незнаёмага, разгубленага і злавеснага адначасна Максіма, яна нечакана зарагатала. Яна смяялася, трымаючы на каленях нерухомае хлапечае цела, смяялася ўсё мацней і мацней, і слёзы цяклі на яе твары, а сцены вакол паўтаралі насмешліва і жудаспа: «Ха-ха-ха! ах-ах-ах!»

— Да-дарэм-на! — ледзь выгаворвала яна паміж выбухамі рогату. — Да-а-рэмна! Нас бачаць, ха-ха-ха! Гэта ж дарэмна! Нас усе бачаць! У-се-е!

— Ты… ты звар'яцела? — ён узіраўся ў яе твар, і рукі ягоныя трымцелі дробна і нястрымна. — Пайшлі адсюль! Так будзе лепей для нас!

— Для нас? — калені яе, на якіх ляжаў Антак, працінала ледзяной сутаргай. — Нас? Нас?

— Ён жывы! — нечакана выкрыкнуў хлопец, кідаючыся да яе. — Ён стогне! Цішэй ты!

Наталя заціхла і, трымаючы Антака за плечы, прыўзняла яго, гледзячы на закінуты хлапечы твар з заплюшчанымі вачыма, дзе вейкі трапяталі, намагаючыся прыўзняцца. Твар быў мокры, дзяўчына не адразу здагадалася, што то былі яе слёзы.

— Кладзі яго на траву! На траву, ды зручней! — Максім згубіў увесь свой гонар, ён мітусіўся, як хлапчук, яго калаціла ад радасці, калі пасля некалькіх прыёмаў масажу Антак пачаў ротам хапаць паветра. — Накаўт, усяго толькі. Глыбокі накаўт, а я думаў чорт ведае што, — ён болей супакойваў сябе, чым Наталю.

Антак усхліпваў усё мацней, сутарга прайшла па ягоных нагах, яго вырвала, і Наталя ледзь паспела павярпуць на бок бяссільнае тулава.

— Вады б яму зараз, вады! — клапаціўся хлопец. — Вытры яму рот. Чорт, і хусцінкі мала. Нарві травы!

Густы, пранізлівы пах ішоў ад вільготнай упартай травы, і Наталі здавалася, што горыч насыціла яе цела да апошняй клетачкі, так што ніколі не ўдасца цяпер яе пазбавіцца. Яна выцірала Антаку рот, а горкая сліна набягала ў рот, яна глытала яе, каб прагнаць даўкі камяк…

— Цёця… Наталя, што са мной?

Аптак глядзеў на яе жывымі, шырока расплюшчанымі вачыма, пасля павярнуў галаву і ўбачыў Максіма.

— Скажыце яму… хай ідзе прэч.

— Ты мне скажы дзякуй, што я цябе да анёлаў не адправіў.

Максім гаварыў упэўнена, ізноў на ягоных шчоках, напэўна, гарэла знутры здаровая, спакойная кроў, рухі яго сталі спакойнымі таксама.

— Ну што, Наталь… Пайшлі, данясём яго дадому. Спалохаў нас як, а, заморак такі! А ты… ну, не думаў!

— Каціся ты адсюль! — печакана для сябе прагаварыла Наталя, і гнеў перамяшаўся з пагардай у яе пазванчэлым голасе. Са здзіўленнем яна заўважыла, што рэха нібы знясілела або проста стала іншым: словы не вярталіся да яе, яны ляцелі ў Максіма і глухлі ў ім. — Бяжы! Да сваіх Валодзяў! Да сваіх дзевак! Топай!

З задавальненнем слухала яна словы, якія раней ніколі не гаварыла, толькі шкадавала, што не ўмее ўжываць мацюкі: відаць, толькі яны мелі ў сваёй бяссэнсіцы нейкі заўсёды зразумелы адрасату сэнс, таму што ўсе іншыя словы — хай нават жорсткія, грубыя — былі цяпер толькі абалонкай слоў, пачуццяў.

— Ну, ну! А яшчэ недагог, — паспрабаваў жартаваць Максім. — Цябе ж падлетак слухае. Глянь, ажыў зусім. Жывучы!

Антак і сапраўды спрабаваў устаць. Ногі дрэнна слухаліся яго, але ён учапіўся ў пакручастыя рогі Казькі і павольна, але настойліва ўздымаўся. Пасля падняў вузкі кулачок.

— Ідзіце адсюль, — паўтарыў ён, не зводзячы вачэй з высокага, дужага хлопца. — Я ж вас… усё роўна… паб'ю.

Максім сплюнуў у траву, некалькі разоў шчоўкнуў языком, перавёў позірк з Антака на Наталю і, павярнуўшыся, паволі рушыў да праёму. Было чутно, як зашапацеў, асыпаючыся, пясок, як затрашчалі кусты. Пасля ізноў стала ціха, толькі дзесьці ўнізе слаба пляскаўся аб гару вецер. Зорны купал марудна схіляўся направа, і адна зорка на імгненне дакранулася да вяршыні сцяны, бліснуўшы тонкім і кволым, як іголка, промнем.

— А ты, аказваецца, смяльчак, — сумна сказала Наталя.

— Чуеце, куранты б'юць? — прашаптаў Антак, дакрануўшыся да яе рукі.— Ужо дванаццаць. Значыць, вы сёння не паедзеце? — Ён шчасліва заўсміхаўся. — Як добра! Мне ўжо зусім не страшна. Зусім.

— Добра табе, — нерухома седзячы на валуне, азвалася Наталя. — Мне вось страшна затое.

— Вы жартуеце? Вы ж са мной. Я вас не дам у крыўду. Чуеце, поўнач? Я раней заўсёды баяўся гэтага звону…

Яна нахілілася над гадзіннічкам, але нічога не разгледзела і напружыла слых. Сапраўды, білі куранты, але пачуць іх можна было нават не слыхам — усёй напружанай і чуйнай істотай, быццам ад гары ішлі нейкія штуршкі, што дапамагалі адчуваць кожны стук старажытнага гадзінніка.

Унізе затрашчалі матацыклы, трэск той, агінаючы гару, імчаўся далей, у цэнтр горада, і ў пераможным тым, бесклапотным гуле дзяўчыне чулася адна жаласная нота. А можа, сапраўды толькі чулася, мроілася ёй усё? I ва ўсім, што адбылося, можа, вінаватай была гара — узнесеная на галавакружную вышыню над далінай, над часам, над падзеямі?

Антак стаяў над ёю, а Казька цярпліва чакала, пакуль гаспадар выпусціць з рук яе рог.

— Пайшлі, цёця Наталя, — сказаў ён нарэшце. — Дома яшчэ засталося малако. Добра, што вы яго пакаштавалі — бачыце, ізноў прыйдзеце ў наш дом.

Рыканне матацыклаў замоўкла: ноч па-ранейшаму тварыла свой няўхільны, таямнічы рух. Дзесьці за аркай, гарбатай і фантастычнай, як прывід, шапацеў пясок. Наталя адчувала, як палаюць, сохнуць яе вусны.

— Які ты стаў смяльчак, Антак, — паўтарыла яна. — А цягнік той не апошні. Яшчэ адзін ідзе ў чатыры раніцы.

Загрузка...