Мой брат Цімка

Цёплым адвячоркам ліпеня, у суботу, якраз за тыдзень да вяселля Васіля Асоты, у рачулцы Святлянцы ўтапіўся яго малодшы брат Цімка.

Васіль у тую суботу не паехаў у пасёлак: трэба было на прымерку ў атэлье, пасля зазірнуць у магазін «Шчасце», выбраць добрую пару абутку — ён якраз нагледзеў чэхаславацкія, на тонкай скураной падэшве, з жоўтымі акуратнымі кантамі і вузкімі шаўковымі шнуркамі пантофлі. Меўся ён таксама купляць падарункі сватам і сведкам, хаця прыдбаў ужо і капронавыя, са штампаваным фабрычным узорам рушнікі, і белыя поліэтыленавыя кветачкі, і колькі кілаграмаў дарагіх «Мішак» у прыгожых абгортках, і дзве скрыні «Маскоўскай» — вяселле напачатку будзе ў рэстаране ў горадзе, а пасля ўжо ў пасёлку, і дзе ты на рэстараннае напасешся грошай…

Пляменнік Мішка прымчаў за ім ноччу, на старшынёвым «газіку», бледны і зніякаваты, са змакрэлым чубам, і доўга коўтаў у горле страншыя словы, пасля якіх Васіль асеў у крэсла і колькі часу не міргаючы глядзеў на пляменніка, як бы не даючы рады яго словам.

— Цімка… утапіўся? — Ён паўглядаўся яшчэ і здрыгануўся, разам зразумеўшы, што пляменнік не жартуе. Цімка, ціхмяны бялявы падлетак з сарамлівым поглядам і вечна ўторкнутым у кніжку носам, за што маці не раз скардзілася братам. Цімка, што яшчэ ў мінулы раз паказваў яму акуратна змайстраваны з паперы лялечны тэатрык, бліскаючы сінімі вачамі, акуратна прастуючы пальцам тонкія фігуркі нейкіх прынцаў і прынцэс, што ўсе скручваліся ў трубачку! Цімка, якога ён вёў некалі за руку ў першы клас, чыя маленькая гарачая рука дрыжэла ад шчасця і хвалявання, а ногі ў вялікіх чаравіках блыталіся ў густой зжаўцелай траве!

— А… маці?

Пляменнік паціснуў плячыма, і Васіль зразумеў, што пытанне недарэчнае. Маленькая, рухавая, са смяшлівым бляскам у вачах маці, канешне ж, цяпер у тым стане, які апісаць ці пра які расказаць проста немагчыма.

— Сам утапіўся?

— Сам. Дзяўчаткі бачылі.

— З-за чаго?

— Кажуць, з-за Каці Рыжковічавай.

— Каці? — Васіль ліхаманкава ўспамінаў.— З-за той, рыжай?

— М-г… — прамармытаў Мішка.

Ягачэ пасядзеўшы, Васіль, як прыбіты чым, пачаў збірацца: абуўся, усцягнуў па плечы паласатую майку і павольна ўлез у пацёртыя вузкія джынсы. Кінуў у вялікую белую сумку вялую вільготную палку каўбасы, затым, памарудзіўшы, напакаваў астатняе месца бутэлькамі: ці ёсць у іх там, у вёсцы, грошы, і так іх цяпер спатрэбіцца нямала. Пасля пашыбаваў услед за Мішкам па прыціхлым начным калідоры інтэрната, дзе ля ўваходу не спала, чакаючы, пакуль яны выйдуць, дзяжурная. Пазяхаючы, яна зачыніла за імі дзверы, але вочы ў яе, заўважыў Васіль, былі насцярожаныя і сумныя — яна ведала ўжо аб няшчасці. Сіняе неонавае святло, разлітае па соннай вуліцы, надало іх тварам нетутэйшасць, і Васілю раптам падалося, што і прыезд Мішкі, і паведамленне яго толькі бачацца ў сне і варта расплюшчыць вочы, як насланнё знікне. Але не — нічога не знікла, і на халодным росным узгорку, дзе стаяла машына, насупраць інтэрната ўсё гэтак жа гаротна калыхаліся над начным вецярком дрэвы, мігцела святло, крыху гудзелі лямпы, што былі падобныя да чашачак ландышаў, і глуха глядзела здалёк, з неасветленых кутоў, цемень — раўнадушная і варожая. Сцепануўся, залез у машыну; сцяўся, пашкадаваўшы, што забыўся на куртку: металічная халодная ручка непрыемна дакранулася да цёплага локця.

Машына загула, ірванула з месца, памчала, гайдаючыся і падскокваючы па калдобінах. дарогі. I ўвесь гэты час, пакуль навальвалася дрымота, а гора, што жыло ў душы, супраціўлялася гэтаму, ён сядзеў здранцвела і моўчкі, перабіраючы нядоўгае жыццё Цімкі — такім, якім яно бачылася яму, старэйшаму брату.

Успаміналася, як той чытаў казкі: тонкі тварык брата ажываў, вусны варушыліся, паўтараючы словы. У іх здавён была гульня: Васіль часам купляў ці прыносіў ад сяброў ласункі і непрыкметна падсоўваў малому, а калі той знаходзіў, гаварыў:

— Гэта табе зайчык прыслаў!

— Зайчык! Зноў зайчык! — шчабятаў Цімка. — Ты яго бачыў?

— Бачыў.

— Які ён?

— Беленькі.

— А што ён казаў?

— Гаварыў, што вельмі любіць Цімку, але не можа чакаць раніцы, трэба бегчы.

— А што, зайчык працуе?

— Працуе.

— Перадай яму, што я яго таксама вольмі. люблю! Пасля Цімка падрос, але гульня гэтая засталася: прывозячы падарунак брату, Васіль з усмешкай гаварыў, што гэта прыслаў зайчык, а Цімка з той жа ўсмешкай адказваў:

— То дзякуй яму. Перадасі?

— Перадам.

Ніхто — ні маці, ні старэйшы Антось — не ведаў той гульні, яна была таямніцай паміж двума малодшымі братамі, і толькі ў апошнія гады неяк забывалася на тое, даўняе, і Васіль меней звяртаў увагу на малодшага брата, болей быў заняты сваімі клопатамі: уладкавацца ў горадзе, знайсці працу. Праца зпайшлася лёгкая — шафёрам у пажарнай камандзе. Асноўны яго занятак быў — уважліва праглядаць машыну, каб была яна гатовай для выезду ў любую хвіліну. Выклікаў было няшмат, але кожны запамінаўся — то незвычайнасцю, то вострым пачуццём небяспекі, то і гумарыстычнасцю — было ў іх рабоце і такое. I першыя Васілёвы крокі ў якасці гараджаніна таксама вымагалі часу і клопатаў: шукаць тыя рэчы, якія маглі адразу выдзеліць яго з кагорты навічкоў, «дзеравенскіх», як гаварылі гарадскія хлопцы, набыць той няўлоўны выгляд крыху стомленага, дасведчанага чалавека, які напускалі на сябе фарсістыя, што падчас здаваліся яму на адзін твар, якім употай зайздросціў.

Неўзабаве ён запісаўся ў групу па каратэ, якую вёў франтаваты трэнер-самавучка, і менавіта там прайшоў першыя ўрокі невядомай для недасведчаных этыкі, якая гаварыла, што калі ты моцны, то пляваць на ўсіх астатніх, і гэтак жа пляваць, калі ты добра апрануты. Якая прыстойная дзяўчына пойдзе з няўклюдам, у якога штаны як макароніны, і белы шалік вытыркаецца з пінжака, і няма ніводнай шмоткі. з ішпаскай наклейкай — як гаварылі вакол, «фірмовай»? I хаця, праходзячы па вуліцы з групай сваіх каратыстаў, Васіль адчуваў нялоўкасць ад таго, што гавораць пра акружаючых гэтыя добра апранутыя, сытыя, дагледжаныя юнакі, тым не менш на душы было і іншае — задавальненне ад таго, што яго прымаюць як роўнага, шчымлівая радасць ад таго, што і ты дасягнуў нечага — чаго, Васіль не змог бы сабе адказаць, але ён добра ўсведамляў, што дасягнуў. I самым галоўным з усяго дасягнутага было знаёмства, а пасля і цеснае сяброўства з Верачкай.

Верачка была якраз такая, якую малююць на этыкетках, паказваюць у часопісах модаў: тонкая худая постаць, на якой «шыкоўна» ляжала ўсялякая рэч, будзь гэта пават нешта падобнае да мяшка, у якім носяць бульбу, толькі мяшка новага і ўпрыгожанага вышыўкай. Доўгія русыя валасы ў яе былі заўсёды распушчаныя па плячах і падалі маляўнічымі пасмамі на вочы і выраз кофтачкі. Былі ў яе таксама светлыя, крыху здзіўленыя круглыя бровы і вялікія наіўныя вочы, да якіх вельмі пасавалі таўставатыя вусны вялікага вішнёвага рота. Вочы і рот — гэта было самае адметнае ў Верачкі, хаця за наіўнасцю блакітных вачэй хаваўся і другі выраз — цвярозы, жорсткі, ад якога нішто не магло ўтаіцца — ні цана сукенкі ці. спадніцы, ні крой, які імітаваў фірму, але фірмовым не быў, ні спроба падрабіцца пад тое, дарагое, недаступнае, ува што была апранутая сама Верачка.

Калі Васіль убачыў яе першы раз на дыскатэцы, дзе яна лёгка і грацыёзна тупала маленькімі зграбнымі ножкамі і нешта спявала, хутка варушачы гэтымі сваімі пульхнымі вуснамі, яго нібыта працяла. Ён дачакаўся, пакуль ад яе адыдзе партнёр, і запрасіў дзяўчыну на танец. Верачка зірнула на яго — і Васіль раптам убачыў сябе яе вачамі: звычайны хлопец, якіх тысячы, мільёны, апрануты так сабе — з магазіна гатовага адзення, у пінжак і штаны, і кашуля тая ж, што і на ўсіх. А вось яна — незвычайная. «Ох і прыгажуня!» — думаў ён. Васіль не ведаў: заваблівасць Верачкі не мела нічога агульнага з той чалавечай непаўторнасцю, якая толькі і робіць прыгожым любы твар. Яна якраз была з тых дзяўчат, чые ўсмешкі і вочы глядзелі з рэкламных праспектаў пра зубную пасту і шампунь, з часопісаў мод, безліч разоў паўтараючы адна адну. Адкуль было яму ведаць, што якраз пазнавальнасць, прыналежнасць яе да нечага яркага, заваблівага і павялі яго сэрца насустрач Верачцы! Такой дзяўчынай можна было пахваліцца ў тым коле, чыёй думкай ён так даражыў. Але, калі б пехта сказаў Васілю, што менавіта гэта і адурманіла яму голаў, ён, хутчэй за ўсё, раззлаваўся б на таго чалавека, пакрыўдзіўся б да самай глыбіні душы. Яму помнілася толькі, што там, у зале, у святле, што косымі палосамі матлялася па паркетнай падлозе, выхопліваючы разгарачаныя маладыя твары, у грукаце аглушальнай музыкі, у атмасферы бяздумнай весялосці ён таксама стаў дураслівым, лёгкім, як малады шчанюк, і хмель нечаканай свабоды ўдарыў у галаву, робячы ўсё вакол ружова-радасным, таямнічым і вабным. Таму, калі Верачка, усміхнуўшыся, падала яму руку і разам увайшла ў гэтае мігценне, грукат і ўладны рытм, які адразу ж завіхурыў, павёў за сабой, ён адчуў: вось яно, тое, сапраўднае!

З таго часу I закруціла яго, панесла маладая, уладная хваля, і не заставалася часу ні на што іншае. Ён прывозіў фотакарткі Верачкі — яы разам у Брэсце, ля мемарыяла, яны побач у Прыбалтыцы. У выхадныя ён амаль заўсёды некуды ездзіў, трэба было многа грошай, і катастрафічна не хапала зарплаты, не хапала таго, што ўпотай аддавала яму маці, адрываючы ад сябе і Цімкі. У старэйшага Антося было ўжо двое дзяцей, і маці ён не дапамагаў. Васіль неяк папрасіў пазычыць у брата грошы — той адмовіў. Антось апошнім часам моцна касіўся на яго, Васіля, — не падабалася яму Верачка, як ён казаў, «мадама». Маці ж толькі моўчкі пазірала на аголеную, прыгожую, ганарлівую дзяўчыну і баязліва пыталася:

— Ну а бацькі ж яе — як яны цябе прымаюць?

— Нічога… — няпэўна адказваў Васіль, хаваючы, што Вераччына маці амаль не вітаецца з ім, а бацька абыякава кідае: «Здароў, малады чалавек!» — і моўчкі ідзе ў свой кабінет.

— Яны ж вялікія людзі…— казала маці, а Антось, калі чуў такую размову, крычаў:

— Падумаеш, дырэктар завода! А што наш Васіль, зломак? Што ён, горшы за іх?

— Не горшы, але ж…

— А яна лабарантка! — крычаў Антось. — Тэхнікум скончыла — дык што, цаца вялікая?

Васіль маўчаў. Ён не мог сказаць сваім, якім вялікім, незвычайным шчасцем былі для яго сустрэчы з Верачкай, якім дзівам здавалася, што яна, такая прывабная, шыкоўная, недаступная для ўсіх іншых, прыходзіць на спатканні, кахае яго… Калі ж яна нарэшце згадзілася на шлюб, ён колькі начэй не мог заснуць: усхопліваўся сярод ночы і, гледзячы на сіпяватае, няяснае мроіва за акном, даводзіў сабе, што гэта наяве — яна будзе ягонай жонкай!

Цімка ж, у адрозненне ад Антося, уважліва разглядаў фотакарткі, захоплена слухаў, як Васіль апісвае падарожжы, Верыччыны манеры, дыскатэку, куды яны ходзяць кожную суботу. Былі яны некалькі разоў і ў рэстаране, і калі Васіль назваў лічбу, якую заплаціў за адну толькі вячэру, маці вохнула, ашаломлена паківала галавой.

— А ці праўда, Васіль, — спытаўся неяк Цімка, — твая Верачка падобная да Каці?

— Каці? Якой Каці? — зняважліва запытаўся Васіль. Адно тое, што Верачку можна было да некага прыраўноўваць, здалося яму абразай.

— А і праўда, — згадзілася маці, углядаючыся ў фотакарткі,— Акурат наша Каця, ну тая, з універмага.

— Што школу летась закончыла? — успомніў Васіль. — А-а-а… Ну, тожа параўналі! Верачка… гэта…

— Можа, яна і не такая прыгожая, але ж падобная, — адстойвала сваё маці, кіруючыся, відаць, няясым жаданнем даказаць, што і тут, у пасёлку, ёсць не горшыя дзяўчаты. Ды Васіль не захацеў і слухаць таго, абарваў размову, перавёўшы яе на іншае.

Цяпер ён успамінаў: некалькі разоў быццам чуў ад маці, што Цімка надта ўлягае за Кацяй, але неяк не звяртаў на тое ўвагі, хаця нядобрае пачуццё да той дзяўчыны засталося. Затое аднойчы на танцпляцоўцы, калі Каця пайшла танцаваць з яго, Васілёвым, аднакласнікам Іванам, ён успомніў тую гаворку і пасмяяўся:

— Ну, Іван, ты выбраў сабе дзеўку!

— А што? — натапырыўся той.

— Ды паглядзі — ногі ў яе як палкі — тонкія! А губы? Як у негрыцянкі. Толькі дарма піжоніцца.

— Што з таго? — запярэчыў Іван, але размову слухалі другія хлопцы, і яму стала, відаць, брыдка, бо Кацю ён у той дзень болей не запрашаў. Васіль быў здаволены, гледзячы, як разгублена стаіць дзяўчына ля паркана — ягоная Верачка не стаяла б і хвіліны!

…А ноч усё цікавала за Васілём, і нешта пагрозліва-жудаснае падыходзіла да сэрца, калі ён думаў пра Цімку. Палосы святла выхоплівалі з цемры то стажок ля дарогі, то поле амаль спелай пшаніцы, то, аднойчы, зайца, які на імгненне застыў, аслеплены, а пасля шалёна сігануў некуды ўбок. Варушачы валасы, у машыну ляцела прахалоднае, напоўненае шчодрым ліпеньскім водарам паветра.

Ён яскрава ўспомніў той вечар на тапцпляцоўцы і дзяўчыну ў сінім кароткім плашчыку, якая па-сірочы стаяла ля вільготных дошак агароджы, раз-пораз кідаючы кароткія погляды ў бок хлопцаў. Успомніў і тое, як азіраўся на яе Іван — азіраўся, але болей, здаецца, так і не падышоў. Шалёная злосць паднімалася ў ім: яна, гэтая дзяўчына, вінаватая ў смерці Цімкі, і дарма ёй гэта не пройдзе! Што гэта быў за выбух, які асляпіў, абясколерыў для брата ўсё навокал, ператварыў дзень у ноч?! I ці варта была таго тая Каця! Ён у думках усё вяртаўся да яе, але не мог гляпуць на яе вачамі Цімкі, разгледзець у ёй пешта такое, што было даражэй жыцця. А калі б Верачка яго кінула, ці змог бы ён зрабіць такое? Ён гнаў гэтыя думкі — яны, як серная кіслата, раз'ядалі нешта дарагое. Якое ўсё ж страшнае, непаўторнае глупства зрабіў малодшы брат! I чаму, чаму яго, Васіля, не было побач? А можа, Цімку проста хацелася мець сваю Верачку — такую ж, як у старэйшага брата, і Каця, што падалася падобнай да яе, стала яму такой дарагой менавіта таму?!

Ён пераконваў сябе, што не вінаваты, што ёсць у яго права на ўласнае жыццё, але думкі тыя не прыносілі палёгкі. I з гэтым грузам невыноснай віны ён зайшоў у хату, убачыў маці, што не кінулася, як звычайна, насустрач, але, хістаючыся, устала і стаяла, пакуль ён сам не падышоў да яе, і тады ўпала яму на плячо і затрэслася ў рыданнях.

У хаце нічога як быццам не змянілася. Але і абрус на стале, і канапа, і посцілка на сцяне як быццам неслі на сабе адбітак разгубленасці, бяды, быццам з самой хаты вырвалі кавалак яе самой.

— Дзе ён? — запытаўся Васіль.

— У моргу, — ціха прашаптала маці, і зноў плечы яе затрымцелі.— Заўтра аддадуць. Рэжуць яго там…

Зноў як працяла Васіля — працяла болем і жахам перад безданню, куды пайшоў брат. Ён абняў маці за плечы, нібыта абараняючыся яе цяплом і тым родным, што яднала іх, ад холаду і пустэчы, на імгненне адчуў сябе маленькім хлопчыкам, якому самымі надзейнымі здаваліся мацярынскія рукі. Падышоў Антось і абняў іх, а цемра глядзела ў вокны, і толькі вялікі будзільнік на стале цікаў і цікаў, адлічваючы час…

Спаць ляглі позна, Васіль і пе спаў, а ляжаў і трызніў. Відаць, заляцеўшы на святло, біўся аб сцепы вялікі матылёк. Васіль быў устаў, каб выгнаць яго, але маці ціха сказала са свайго ложка: «Гэта ж, мабыць, душачка яго тутака, не хоча з намі развітвацца», і Васіль зноў лёг, пстрыкнуўшы выключальнікам, але і пасля ляжаў без сну, слухаў, як усё б'ецца і б'ецца аб сцены, аб столь той вялікі матылёк, нібыта і сапраўды роспачна шукала нечага кволая Цімкава душа… Ёп застагнаў, адчайна заматляў галавой па падушцы, не хочучы згаджацца, не згаджаючыся са стратай і ўжо ведаючы, што згаджацца давядзецца. Упершыню прыйшла ў ягонае жыццё смерць, і, хаваючы ў падушку спалатнелы твар, ён з жахам думаў, што такое паўторыцца неаднойчы — паводле бязлітаснага закона, што нішто жывое не валодае бяссмерцем… I ён думаў, думаў — пра ўсіх тых, хто жыве зараз, рухаецца, кахае і хто пойдзе адсюль, як пайшлі мільёлы невядомых, такіх жа поўных жыцця і радасці. Ёп шкадаваў іх, шкадаваў сябе, блізкіх сваіх, Верачку… Чамусьці смешнымі і нейкімі наіўнымі здаваліся цяпер яе маленькія радасці — калі апранала абнову, даставала білет на модны спектакль, угаворвала маці пайсці куды з дому, каб уволю можна было патанцаваць і павесяліцца «без старых». I расла ў ім нейкая падсвядомая крыўда на яе: забыўся на Цімку, не прыязджаў, вось і здарылася непапраўнае…

Ён біўся на падушцы, то засынаючы, то зноў як выплываючы на паверхню, і ўсё дзівіўся таму, што, аказваецца, той боль, які сціскаў сэрца, быў мацнейшы за ўсё, што ведаў дасюль, — за той, калі балела моцна апечаная рука, за той, калі разадраў нагу, ныраючы ў рачулку — так, што ў крывавым была бачная белая косць.

Ён не праходзіў, той боль, увесь час і тады, калі паволі везлі па вуліцы Цімку, нерухома каменнае яго цела было падобна на дрэнна зроблены манекен. Здавалася, што той манекен не мае дачынення да Цімкі і вось-вось з'явіцца ён сам — са сваёй сарамлівай усмешкай, задуменным поглядам сініх вачэй, і тады развеецца насланнё. Але час ішоў, і вось ужо былі могілкі, і свежавыкапаная яма, і труна, над якой павольна вырасталі, закрываючы яе, жоўтыя гурбікі высахлага пяску. Былі крык маці, і галаўэнне цётак, і вянок з ядавіта-чырвонымі кветкамі і васковымі лістамі, і многае другое, што працінала яго. Гэтую труну рабілі, не ведаючы, каго пакладуць у яе! I вянок таксама быў ужо зроблены, калі Цімка яшчэ хадзіў і смяяўся, не ведаючы, што гэта яго імя выведуць на чорнай жалобнай стужцы!

…Вечарам, пасля памінак, ён пайшоў да Каці. Злосць і горыч віравалі ў ім, і трэба было за нешта зачапіцца, даць ім выйсце. Якое — не ведаў. Ведаў, што трэба ўбачыць яе, — і пайшоў. Што будзе далей — не думаў.

Нікога не было відно каля яе хаты, але весніцы, калі ён патузаў за клямку, былі зачыненыя. Ён тузануў мацней — прабой выскачыў, са звонам паляцеў на асфальтаваную дарожку. I амаль адразу ж, як бы стоячы за дзвярыма і чакаючы яго, на ганак выскачыла немаладая жанчына ў сіняй жакетцы і квяцістай, крыху зашмальцаванай сукенцы.

— Чаго табе тутака? — загаварыла яна, як здалося яму, спалохана.

— Дзе яна? — цяжка запытаў Васіль. Хмель торгаўся ў ім, хацелася крычаць, упасці на зямлю і забіцца ў роспачным крыку.

— Чаго табе трэба, кажу! — жанчына загаварыла грамчэй і як бы голасам выклікаючы некага — суседзяў ці проста каго з вуліцы. I ад гэтага голасу, ад перасцярогі і страху, які чытаўся ў яе вачах, Васіль як азвярэў:

— Дзе яна, сучка гэтая! Ты думаеш — не дабяруся да яе? Хай адкажа, што яна такое Цімку сказала, чаго ён тапіцца пабег?!

Ён зрабіў крок, павёў рукой, — і жанчына, як пёрка, адляцела прэч.

— А ратуйце, людзі! Людцы мілыя, ратуйце! — загаманіла яна, спрабуючы адцягнуць Васіля ад дзвярэй. Але ён ударыў нагой у дзверы, і яны расчыніліся. Каця, у адной сарочцы, стаяла пасярэдзіне пакоя, аблітая электрычным святлом, якое — Васіль паспеў гэта заўважыць, толькі што загарэлася. Яна жмурыла пачырванелыя вочы, і погляд яе быў суровы і бясстраншы. Ён нават сумеўся ад гэтага погляду, але тут жа адчай і нянавісць зноў падступілі да горла.

— Ну, кажы! — падступіў ён да дзяўчыны, і рукі яго падняліся, як бы хочучы схапіць яе за горла.

Каця стаяла гэтак жа нерухома, толькі вусны яе ўздрыгпулі ў нейкай грымасе, нібыта яна пакрывілася ад плачу. Але тут жа ў пакой уляцела маці.

— Што ты пачуць хочаш? Што ад яе чакаеш? Ці ж яна вінавата ў чым? Ці ж ёй сваіх пакут не хапае?!

— Хай скажа, з-за чаго Цімка… — сутарга перахапіла Васілёва горла.

— А ці ж яна ведае? Ці ёй да Цімкі таго было, хай зямля яму пухам будзе! — перахрысцілася яна ў запале. — У яе сваё гора!

Яна падскочыла да Каці, нялоўка схапіла цёмнай, спрацаванай рукой беласнежную сарочку, абцягнула на дачцэ. Васіль уздрыгнуў: Кацін жывот пуката выдаваўся наперад.

— Жывое ўжо там, а ты кажаш — Цімка!

— Чыё ж гэта? — глуха спытаўся ён, адразу ахаладзеўшы і адчуваючы пустату пад грудзьмі.

— Іванава! — горка скрывіла вусны Каця. Яна забрала ад маці сарочку, акуратна абцягнула яе і пакіравалася да ложка, толькі цяпер як бы засаромеўшыся, таму што схапіла халацік і прыкрылася ім, толькі дробна трымцелі рукі.

— Дык жа… Іван…

— Ды ведаем мы — з Валькай Іванчуковай ходзіць! — жанчына таксама як бы ахаладзела і ўжо гаварыла спакойна, толькі вочы яе ўсё напаўняліся слязьмі, і яна ціха выцірала іх далоняй, як падціраючы над вачамі.— Усё ж было ў іх з Кацяй добра. Ды нешта нагаварылі хлопцу. Як сурочылі. А можа, і праўда хто пазайздросціў, сурочыў… Як адвярнула Івана…

Васіль стаяў пасярэдзіпе хаты. Уласныя словы, сказаныя некалі Івану на танцавальнай пляцоўцы, у лёгкай, радаснай гамане, сярод выфранчаных дзяўчат і хлопцаў, ажывалі ў ім. «Не! Не, — закрычала нешта ў душы, — глупства, ці мала хто і без мяне мог нагаварыць на Кацю!» «А чаму і не? — спытаўся ў ім голас. — Чаму б і не твае словы, ударыўшы па Каці, вярнуліся — праз самае блізкае, Цімку? Жорсткасць Івана выклікала і Каціну жорсткасць, ёй было на кім адыграцца…»

Ён крутануўся і амаль вылецеў з хаты. Жанчыны праводзілі яго позіркамі — адна крыўдліва, з пакутай, другая засяроджана і як бы сурова. Ціха было на ўтульнай вулачцы, пахла і маладой бульбай, і зямлёй — якраз так пахла на могілках. I новы прыступ болю сагнуў яго тут, дзе так ласкава ў вокнах гарэлі агні, а ўверсе далёкія зоркі мігатліва перагаворваліся аб нечым, і нейкая закаханая пара, убачыўшы яго, схавалася за дрэва. Іграла музыка на тапцавальнай пляцоўцы, непадалёку з пласцінкі гарззліва спявала Пугачова:

Лето, ах лето,

Лето звездное, будь, со мной!

Гэта зорнае, цёплае лета адпусціла ад сябе Цімку — назаўсёды… Не прынясе яму зайчык нічога — ні цукеркі, ні братавай цеплыні, якая не атуліла ў той момант, не зберагла.

Васіль паволі ішоў па мяккай каляіне, што выбілі ў зямлі аўтамабільныя колы. I жорсткая ісціна, што ніхто не ўтрымае ад памылак, за якія плаціць толькі самому, што кожны крок можа адгукнуцца ў нейчым лёсе, нараджалася ў ім. Бачылася яму Верачка — і як быццам адыходзіла ўсё далей і далей. Адыходзілі ганарлівыя, самазадаволеныя хлопцы, чыімі думкамі так даражыў,— што было ўсё гэта перад безданню, якая адкрылася перад ім з Цімкавай смерцю і глядзела цяпер на яго, дыхала нетутэйшым холадам?! Ён ішоў, не ведаючы, як справіцца з тым холадам, з болем, што не адпускаў, з пачуццём вялікай незразумелай віны…

Загрузка...