Залаты яблычак на сярэбраным сподку

Сустрэчная машына вынырнула з-за павароту нечакана, яна ішла проста пасярэдзіне паласы, не збаўляючы хуткасці, і Міхась рэзка вільнуў управа. Ён тут жа адчуў, што «Жыгулі» адарваліся ад зямлі і заслізгаталі па мокрай шашы. Міхась яшчэ спрабаваў павярнуць руль, які стаў раптам лёгкім і непаслухмяным, але замільгацелі ў вачах дрэвы, і машына, зляцеўшы з шашы, цяжка ўдарылася ў каржакаватую карычневую сасну, проста ў шырокі буры нараст жывіцы, што наплыла з нейкай драпіны, — гэта ён запомніў у апошняе імгненне гэтак рэзка і яскрава, нібы глядзеў у павелічальнае шкло. «А-а-а!» — коратка і рэзка ўскрыкнула побач Ірына, і яны праваліліся ў цемень. Але яна не прыняла іх — амаль тут жа пругка адкінула назад. Няўцямна расплюшчваючы вочы, Міхась зразумеў — жывы! Машына, некалькі разоў перавярнуўшыся, зноў стала на колы. Калі, выблытаўшыся з рамянёў, узляцеўшых з задняга сядзення коўдраў і атросшы пер'е з разадранай падушкі, яны разам глянулі адно на аднаго, то ў першае імгненне як бы не ўсвядомілі, што здарылася. Хістаючыся, Ірына адышлася прэч, упала на паваленую сасну, а ён, азірнуўшыся, стаў збіраць параскіданыя па траве, патрушчаныя гронкі вінаграду і румяныя крутабокія яблыкі, якія яны везлі з поўдня. Пасля, як апамятаўшыся, кінуў усё, што ўдалося сабраць, і пашыбаваў да машыны.

«Жыгулі» былі як бляшанка, па якой праехалі на самакаце: сплюшчаны радыятар, перакошаны рухавік, пасярэдзіне ўпадзіна з глыбокімі рванымі краямі — на іх там-сям бачны былі кавалачкі кары. I тады, як апамятаўшыся, ён забегаў вакол машыны, вохкаючы і праклінаючы дурня, які праехаў міма на сваім «Масквічы», нават не спыніўшыся пасля аварыі, якая сталася па яго віне.

«Як добра, што мы яе застрахавалі! — успомніў ён, спрабуючы неяк выпрастаць радыятар. — Колы цэлыя, а за верх тысячы дзве атрымаем, на рамонт хопіць. Ну, яшчэ штраф заплацім, ну, за дастаўку… Ах, чорт вазьмі, чорт вазьмі, як не пашанцавала!»

Радыятар не паддаваўся, дый Міхась неўзабаве кінуў яго выпрамляць — не мела сэнсу. Ад рухавіка патыхала гарачынёй — з раніцы машына прабегла каля чатырохсот кіламетраў, набліжаючыся з далёкай паездкі дадому, пакуль не спыніла яе нечаканае здарэнне.

Уверсе, на шашы, скрыпнулі тармазы. Шэры «Запарожац» спыніўся каля іх; з насыпу, сапучы, пачалі спускацца барадаты таўсцяк і худая жанчына.

— Ну-у, вам пашанцавала! — загаварыў мужчына, убачыўшы Міхася і Ірыну. — З такой вышьші… Як гэта вас?

— Ды ехаў тут чмур адзін… — Міхась пачаў апавядаць пра здарэнне. Мужчына разглядаў пакалечаную машыпу, жанчына падышла да Ірыны.

— Вы ж зусім маладыя. Нябось, бацькі дома чакаюць, — загаварыла яна са шкадаваннем. — Што ж цяпер рабіць?

— Што? — адгукнуўся муж. — У Дзяржстрах заяўляць, у ДАІ! Машына хаця застрахавана?

— Застрахавана! — загаварыў Міхась. — Перад самай паездкай застрахавалі. Гэта ж трэба— на поўдзень з'ездзілі і назад, амаль што дома ўжо — I раптам такое!

— Жывыя засталіся, яшчэ сто разоў па поўдзень з'ездзіце, — пачала суцяшаць жанчына. — Хто-небудзь сядайце з намі, давязём да раёна.

— Не ўздумайце чапаць машыну, — папярэдзіў мужчына. — А то Дзяржстрах прыдзярэцца — век з яго свае рублі не вытрасеце!

— Іра, можа, ты паедзеш? — гукнуў Міхась. — Я ж цябе тут адну не пакіну. Га?

Ірына падняла галаву. Вочы яе былі нейкія затуманеныя, нібы яна не зусім усведамляла, дзе яна і што з ёю.

— Праўда, едзьце з намі! — звярнулася да яе жанчына. Але Ірына толькі глянула на яе і, адвярнуўшыся, пайшла далей — у бярэзнік, да струхлелага пня. На джынсах ззаду чарнела паласа — след ад сасны, дзе яна сядзела.

Пачынаўся дробны дождж, стомлены і прыціхлы, церушыўся на траву, на бярэзнік, на машыну. Аскабалкі вакол машыны заблішчалі мутнаватымі кропелькамі. Машыны, што адна за адной спыняліся наверсе, хутка аб'язджалі — людзі, упэўніўшыся, што ахвяр няма, спяшаліся — хто ехаў па гэтай ажыўленай дарозе дадому, вяртаючыся з поўдня, хто яшчэ спяшаўся туды — у далёкі свет, прываблівы, цёплы, з сінімі хвалямі празрыстага мора і гарачым ласкавым небам. Пайшлі наверх, развітаўшыся, і барадаты мужчына са сваёй спадарожніцай. Міхась падышоў да жонкі.

— Слухай, што з табой? Ты, можа, ударылася? Ірына падняла галаву.

— Мы ж маглі застацца тут. Навекі. I ўсё адразу б скончылася.

— Дык не засталіся ж, — спрабаваў ён усміхнуцца. — Вось толькі ў выдаткі вялікія ўліплі.

— Гэта не страшна. Ты ж у мяне колькі хочаш заробіш.

— Дарма ты так гаворыш, Ір.

— Як — так?

— Крыўдзіш мяне. Мне грошы, як ты ведаеш, дастаюцца нялёгка.

Яна апусціла галаву. Бялявыя доўгія валасы ўпалі на твар, закрываючы яго — малады твар добра дагледжанай жанчыны, што ў свае трыццаць выглядае танклявай прывабнай дзяўчынай.

— Хіба? — сказала яна абыякава. — Я думала, што ў цябе заказаў хоць адбаўляй.

— Таму што табе нецікава, чым я жыву, як працую!

— Не будзем пачынаць, — яна страсянула галавой, адкідваючы назад валасы. — Мы ж маглі застацца тут, вось тут! Разумееш?

— Але не засталіся! — зноў, ужо з раздражненнем, паўтарыў ён.

— А чаму? Чаму мы выжылі?

— Іра, ты не ў сабе! — гучна загаварыў ён. — Але, калі можаш, паедзь, ну, хоць з імі.— Ён кіўнуў у бок чарговых назіральнікаў, якія спускаліся да іх уніз. — Я ж не магу разарвацца! I туды і сюды! Не пакіну ж я цябе тут адну пад вечар! Іначай мы згубім вялікія грошы, ты разумееш! Трэба, урэшце, выбірацца адсюль!

Яна, ашчаперыўшы сябе рукамі, глядзела на яго.

— Мы выжылі, і ўсё зноў пойдзе, як раней, так?

— Пойдзе, канечне. Ці час гаварыць пра гэта? Іра! Ён патрос яе за плечы, схапіў за руку, каб весці да машыны.

— Не чапай мяне! — ускрыкнула яна, вырываючыся.

— Слухай, ты ўся змокла. Не хапала, каб яшчэ захварэла.

Але яна ўпарта вырывалася. Ён са злосцю таргануў яе так, што веерам узвіліся яе доўгія бялявыя валасы і тугая пасма балюча ўдарыла яго па вачах. Тады, не валодаючы сабой, ён рэзка, коратка ўдарыў яе. Ірына вохнула. Імгненне яны стаялі, гледзячы адзін на аднаго. Пасля, коратка ўсхліпнуўшы, яна закрыла твар далонямі і пабегла наперад, блытаючыся ў высокай някошанай траве няўклюднымі моднымі басаножкамі з вялізнымі тупымі насамі. Міхась зрабіў крок за ёй, але пасля, са злосцю пераламаўшы дубец, які замінаў дарозе, хутка пайшоў да машыны, а пасля, выйшаўшы на шашу, угаварыў чарговых цікаўных заехаць у ДАІ і паведаміць аб усім у Дзяржстрах.

Ён вярнуўся да машыны, сеў у кабіну. Ірыны нідзе не было відаць. Дождж зацерушыўся яшчэ болей. Было холадна, і па адзіным уцалелым шкле паволі паўзлі ўніз доўгія падцёкі. Ён адкрыў сумку, дастаў світэр. Трэба было ўрэшце сабраць усе раскіданыя рэчы, зноў запакаваць іх, паглядзець, ці зможа машына хоць крыху рухацца сама. Зноў абышоўшы ўсё вакол, ён заўважыў, што задняе кола спушчана. Значыць, усё-такі недзе парэзалася! Выпяўшы дамкрат, ён пачаў здымаць пашкоджанае кола, з прыкрасцю думаючы пра жонку.

Усе гады свайго сямейнага жыцця ён быў задаволены ёю. Але Ірына, ціхая і простая дзяўчына, за апошпія гады перайначылася — усё болей знікалі яе нясмеласць і вуглаватасць, яна старанна падраблялася пад той тып, які, як ведала, найбольш падабаўся яму — танклявыя жанчыны-падлеткі, з моднымі прапорцыямі фігуры, прыгожа і шыкоўна апранутыя. Калісьці вечна занятая на дзяжурствах у клініцы, яна па яго жаданню перайшла працаваць у рэгістратуру іх ведамаснай паліклінікі, і мілы, крыху лялечны яе тварык выклікаў у ягоных калег замілаванне. Яна, як мышка, ціха рабіла хатнія справы, слухала, склаўшы рукі, размовы, якія вялі яго сябры, прыходзячы да іх у дом. Размоў у першыя гады было шмат — ён толькі кончыў інстытут, толькі пачаў працаваць у майстэрні гравёрам, спадзеючыся з цягам часу перайсці на другі, больш сур'ёзны кругаварот, пачаць рабіць сапраўднае. Пасля, з гадамі, яго работа рабілася ўсё больш патрэбнай, складвалася кола сяброў-кліентаў, усё пашыралася, і цяжэй было пачынаць тое сур'ёзнае, надзея на якое так сагравала яго спачатку. Наадварот, рабілася страшна ад будучага халоднага водгуку, які мог забіць тую надзею, і ён усё адкладваў, адкладваў… А жыццё пачынала з гадамі набіраць паскарэнне, і не было ў ім часу ні на што іншае, апроч бясконцых заказаў, грошай, якіх з кожным годам рабілася ўсё болей і болей, і таго кола, вырвацца з якога ён ужо не імкнуўся… Вось толькі Ірына апошні час стала дзіўнай — нешта чытае, ходзіць на выстаўкі, завяла нейкі дзённік. Можа, ад таго ўсё гэта, што дачка падрасла і часу стала крыху болей, а побыт ужо не патрабуе тых намаганняў, як калісьці, і стала магчымым нарэшце прыдбаць машыну, на якой тры гады запар яны ездзяць на поўдзень.

Збіраючы параскіданыя рэчы і перавязваючы іх знойдзеным у багажніку шпагатам, ён успамінаў размову, якая адбылася ў іх з Ірынай пасля вечарынкі, калі яны сядзелі разам з масквічамі і кішынёўцамі, з якімі атабарыліся разам у зарасніках дзікага тутаўніку, на беразе лімана, вандруючы ў пошуках ціхага месца ў наседжаных і поўных народу краях.

Сабраўшыся ля вогнішча, што расклалі на адкрытым месцы, далей ад машын, яны пілі маладое віно, спявалі, а пасля пусціліся ў скокі, Ірына танцавала лепей за ўсіх. Раскрываючы абдымкі — начы, вогнішчу ці нечаму, што жыло ў ёй, яна ліхаманкава торгалася ў такт хуткім рытмам, грацыёзна і крышку незнарок, як пасміхаючыся, а белыя яе валасы матляліся ўслед за ёй. Яна ўся гарэла, і суседзі — цыбаты Вася з Кішынёва і высокі, крыху нехлямяжы Ігар — нейкі начальнік цэха з Масквы — увесь час запрашалі яе, зухавата вырабляючы каленцы, а іх жонкі сцішана назіралі за імі, стараючыся капіраваць у танцы яе зграбныя, лёгкія рухі.

— Ну, гэтыя беларускі! — ухвальна гаварыў пасля танцаў Вася, выціраючы лоб. — Ціхія-ціхія, а глядзі ты! Ты, Міша, рызыкоўны чалавек. Глядзі, каб жонку не ўкралі!

— Ды нашых дзяўчат крадуць і так, — смяяўся, крыху захмялеўшы, Міхась. — Куды, брат, ні паеду — усюды жонкі-беларускі. На Каўказе, у Чэркесіі, па Поўначы!

— Значыць, шчасце сваё шукаюць, — азвалася Ірына, якая сядзела каля вогнішча, задумліва гледзячы на чырвоныя зыркія вуголлі.

— А што вам, дома дрэнна? — наліваючы яшчэ віна, пытаўся ён і, не чакаючы адказу, палез чокацца з Ігарам і Васем.

Пасля, калі яны ляглі.спаць, Ірына нечакана спыталася:

— А ты мяне любіш, Міхась?

— Чаго? — сонна прамармытаў ён. — Канечне, люблю. Ты ж у мяне прыгожая!

— А калі б не была прыгожая?

— Ну, не ведаю… Спаць хочацца. Хадзі сюды!

Ён хацеў абняць яе, але яна адхіснулася, села, апусціўшы шкло.

— Ігар любіць сваю Таню, а яна ж непрыгожая. Паглядзі, як ён руку ёй перавязваў, калі апякла!

— Сказала — Таню! Ты ў мяне вунь якая.

— Ты любіш мяне паказваць. Як ляльку!

— Ірка, не дуры! — Ён павярнуўся, адкінуўшы коўдру. — Чаго табе хочацца, ну, скажы? Усё зраблю, усё дастану! I не трэба гэтага слюнцяйства: «люблю», «не люблю»!

— Тады дастань мне яблык.

— Што?

— Залаты яблык на сярэбраным сподку.

ЁН прыўзняўся, уважліва паглядзеў на жонку. Твар яе быў сумным, засяроджаным. Куды падзелася ліхаманкавая, сутаргавая нават весялосць. Ірына зараз выглядала старэйшай за свае гады. Ён паспрабаваў пажартаваць:

— У цябе, ведаеш, апетыт!

— Ты ж усё можаш дастаць. Вось і дастань мне тое, што прашу!

Ён зноў лёг, пацягнуўся. Сон праходзіў, прыходзіла прыкрасць. Над ліманамі віселі буйныя, блізкія зоркі, шапатлівая хваля ляніва торкалася ў бераг, як сытае цяля ў цёплы каровін жывот. Далёка над мысам, што клінам урэзаўся ў раку, гарэў пражэктар, і блакітнае святло вялізным веерам вісела над ліманам. Недзе гудзеў катэр. Над тутаўнікам, нябачным у цемры, шалясцеў вецер, і скрозь прагалы чырванела полымя чужога вогнішча і чуўся дзявочы рогат.

— Ладна, калі-небудзь дастану табе і гэта.

— Наўрад ці, Міхаська…

Ён зноў павярнуў галаву, угледзеўся.

— Табе дрэнна са мной?

— Раней усё было іначай, — прашаптала яна са слязамі.— Не ведаю, што здарылася. Ты цяпер такі…

— Які?

— Спакойны. Лагодны. Сыты! Вось іменна — сыты! — з адчаем выкрыкнула яна.

— Цішэй! — жорстка сказаў ён. — Разбудзіш Таню і Ігара. Яны толькі што заснулі.

— Як жа! Мы ж узорная пара. Нам нельга сварыцца.

— Дасюль, ва ўсякім разе, былі. Спі, Ірка. I не выдумляй — ні залатыя яблыкі, ні што іншае… Дай бог усім так жыць, як мы з табой.

Яна сцішылася, замоўкла. Міхась павярнуўся на другі бок, зноў заплюшчыў вочы. Пасля вечарынкі кружылася галава, хацелася спаць. Але Ірына загаварыла зноў:

— Чаму ты так нічога і не робіш? Закінуў мальберт, усё…

— А ты хацела б, каб мы зноў сядзелі так, як напачатку — лічылі рублі?

— Можа б, і хацела. Тады ўсё было наперадзе. I нашы планы, і размовы. Дый не ганюся я надта за гэтымі шмоткамі.

— Вас, жанчын, хлебам не кармі, а дай прыдумаць нешта. Не кожнаму ўдаецца стаць Айвазоўскім.

— Але ж ты і не спрабаваў. Чаму?

Ён штуршком ускочыў, наблізіў да Ірыны твар:

— Ты хочаш сказаць, што выходзіла за будучага Айвазоўскага, а атрымала… што?

— Мне не патрэбна твая слава, Міхась! Я хачу, каб мы жылі інакш.

— Як — інакш?

— Не ведаю… — Ірына пакутліва наморшчыла лоб. — Каб было нешта наперадзе. Каб мы былі самі сабой.

— А ты што ж — не сама сабой?

— Не, Міхась, не! Я ўжо забылася, якая я сапраўдная. Я ўсё раблю, каб табе падабацца. Каб ты мяне любіў. А сёння…

— Што — сёння?

— Убачыла, як Ігар перавязваў Тані руку. Як ён рабіў гэта! Як ён глядзеў на яе! Я стаяла і думала — будзе яна хворая, будзе калека — ён, пэўна, будзе такі ж. А ў яе маршчыны, у яе цела расплылося. Ты на мяне так не глядзеў. Ні цяпер, ні раней. Для чаго тады ўсё наша сямейнае жыццё стараюся, падрабляюся пад нешта? Для чаго?

Ён хацеў пакласці руку на яе плячо, сказаць нешта ласкавае, супакоіць. Але занадта сур'ёзная была размова, занадта балючыя інтанацыі гучалі ў іранічным голасе. Дый калі гаварыць — то трэба было чапаць тое, чаго ён не хацеў закранаць, пра што стараўся забыць. У іхнім усталяваным, утульным, спакойным жыцці было вельмі няблага. А што чакала б там, за рамкамі, за сцяной, якімі яны з Ірынай агароджвалі сваё жытло?! I таму ён прамармытаў нешта і заплюшчыў вочы, а Ірына ціха выслізнула з машыны і пайшла да вогнішча. Рэзка запахла куродымам — відаць, яна варушыла галавешкі, але агонь так і не разгарэўся. Ірына пасядзела крыху ля патухлага вогнішча і вярнулася назад, а ён прыкінуўся, што моцна спіць…

…Ірына, сцяўшыся пад імжой, што церушылася над ёй, таксама ўспамінала і тую размову, і глухое неўразуменне, якое тады было ў душы — неўразуменне, зайздрасць і адчай. Чаму быў такі адчай? Няўжо ад позірку, якім Ігар глядзеў на Таню — паўнаватую, у акулярах, з шурпатымі, абветранымі рукамі. Няўжо ад таго, што ёй, Ірыне, ніколі не было гэтак спакойна і надзейна з Міхасём? Наадварот, была заўсёдная напятасць, страх, што побач з ім з'явіцца другая, больш разумная, больш прыгожая. Так было з самага першага вечара, на якім яны пазнаёміліся, калі ён, студэнт-дыпломнік, зазірнуў з сябрамі ў раённы Дом культуры. Яна, маладая медсястра, упершыню танцавала з будучым мастаком; слухала іх размовы, заміраючы ад шчасця. Прынц яе дзявочых сноў з'явіўся тут, блізка, і ёй раптам захацелася пакласці сваё жыццё да ягоных ног, каб дакрануцца да нейкага дзіўнага, чароўнага, адзіна прываблівага свету — праз служэнне яму, Прынцу. Ірыне здавалася, што яна і раней бачыла Міхася — тады, калі маці чытала ёй казкі. Яны, Ірына і маці, часта любілі чытаць разам, і дзяўчынка прагна слухала, прагна разглядала каляровыя малюнкі — там змагаліся героі, чакалі збавення прыгажуні. Там, у старэнькай пульхнай кнізе, была ўлюбёная яе казка — пра залаты яблык на сярэбраным сподку, што прыносіць дзяўчыне ў падарунак казачны Прынц. Ірына ніколі не стамлялася слухаць гэтую казку. Калі маці пявучым голасам даходзіла да месца, дзе першы раз каціўся і звінеў яблык, дзяўчынцы здавалася, што свет вакол адгукаецца тонкім таямнічым звонам, і яна часам аж заплюшчвала вочы — ці то ад шчасця, ці то ад прадчування яго. I было салодка-невыносна, да слёз…

— Апраніся, Ірына, — Міхась стаяў побач, падаючы ёй куртку. Толькі цяпер яна адчула, што ўся дрыжыць. Тонкая стракатая яе кашуля была скрозь мокрая. Яна захінулася ў куртку, правяла рукой па твары. «Божа мой! — падумалася. — Дзе тое адчуванне маладой сілы, здольнай тварыць цуды? Дзе шчасце, якога гэтак прагнулася, гэтак хацелася?»

Яна апусціла вочы. Куртка была з фірменным знакам. Гэткім жа, як пазначаным кляймом, было ўсё на ёй — і стракатая кашулька, і пантофлі, і ў модных кнопках, гузіках джынсы. Недзе ходзяць тысячы дзяўчат, у якіх тыя ж знакі, тыя ж адмеціны — на кашульках, на пантофлях, на джынсах. Ёй раптам здалося, што ўся яна скрозь таксама пазначана нейкім кляймом, што Міхасю, у рэшце рэшт, можна, калі што, спакойна падсунуць другую — такую ж светлавалосую, высокую, тоненькую — і ці заўважыць ён падмену? I чаму так холадна ў гэтым летнім дні, у гэтым жоўтым бярэзніку, які яшчэ ледзь кранула блізкая восень?

— Лялька, ну, даруй мне! — пачуўся ззаду голас Міхася. Ён, аднак, не абняў яе, і калі Ірына на момант азірнулася, яна ўбачыла, што твар у яго жорсткі, а вочы халодныя і таксама нейкія жорсткія. — Нам заўсёды так добра было разам, так лёгка!

Яна рэзка ўстала на яго дарозе.

— Бо я не замінала табе, праўда? Бо толькі спажывала разам з табой.

— Ну і што? — Ён таксама закрычаў уголас— Што тут дрэннага? Усё гэта чэсна зароблена!

— Мы зараблялі — і гублялі.

— Каго гублялі? — Ён сутаргава ўсхліпнуў.—Што?

— Сябе! Мы — гэта мы ці нехта іншы, пад каго мы абое падрабляемся, таму што так лягчэй, затое ў цябе — грошы, у мяне — ты!

— Калі ты так будзеш грызці мяне, то…

— То ты пашукаеш іншую?.

Ірына адчувала, што некуды знік яе заўсёдны страх, што ёй лёгка як ніколі. Цудам застацца ў жывых — каб усё было так, як раней?

— I знайду! Такіх, як ты, — процьма!

Яна ўсміхнулася горкай усмешкай, і ён заўважыў, што пад вачамі ў яе цені згусціліся і ляглі трывала і ўпэўнена, а лоб прарэзала маршчынка.

— А гэты сакрэт я ўжо адкрыла. Таму і крычу. Ды мне ўжо трыццаць. Час выбірацца з процьмы… Час быць самой сабой. Адзінай…

Ён махнуў рукой і пайшоў да машыны. Сіратліва і страшнавата чарнелі вывернутыя яе вантробы. Ірына стаяла нерухома. Ля ног, прыбітыя басаножкамі, паволі распрамляліся ярка-зялёныя лісточкі сунічніку, пругкія сцябліны дзеразы. Яна хадзіла тут, тапталася, месячы сваімі. «платформамі» гэтыя сцябліны, а яны ўсё роўна пружынілі, выпростваліся, як быццам прырода наўмысна стварыла іх і пасяліла тут, ля павароткі, дзе, як казалі сёння многія, пастаянна адбываюцца аварыі…

Загрузка...