На дрызіне па шчанюка

Раўнамерна лескатаў матор. Расхістаныя ад часу рэйкі, якія за доўгую зіму як улітавала ў мёрзлую зямлю, рыпелі на стыках, дрызіна моцна калывалася. У час асабліва моцпых штуршкоў Кацярына спалохана трымалася за тонкі металічны борцік, а другой рукой у тоўстай скураной рукавіцы прыціскала да сябе нешта, што зрэдку варушылася ў яе пад кажухом на грудзях. Кажух быў цяжкі, дыхтоўны, Кацярынін бацька, саўгасны пчаляр, сам шыў яго для дачкі са скур хатніх авечак, якіх нядаўна зноўку сталі заводзіць у вёсцы. Кажух рабіў стройную высокую Кацярыну няўклюднай, незварушлівай, але сёння, едучы на дрызіне, не стала апранаць сваё святочнае паліто — прыгожае, з чарнабуркай вакол шыі: ехаць трэба было ў адкрытай цялежцы і, хаця нядаўна пасля палярнай начы зноў выглянула сонца, маразы ўпалі да дзесяці — пятнаццаці градусаў, магло да костачак прахапіць ледзяным ветрам. Дый Віктар сам надзеў кажух — яго таксама рабіў Кацярынін бацька — далёка адсюль, у Беларусі, дзе цяпер квола зелянелі палеткі і наліваліся халаднаватым вострым сокам пупышкі на клёнах, што вартавалі Кацярынін дом, вялікі, нядаўна пафарбаваны сіняй фарбай, з высокім ганкам, які ў гарачы летні дзень апякаў ногі сваёй каменнай гарачынёй. Каля ганка, накрыты невялічкім дахам, стаяў калодзеж, і ў ціхі вечар, калі прыходзіла з поля карова, адтуль цягнула прахалодай, чыстай вільгаццю падземнай вады, і цяжка плёхалася ў яе пругкую халаднечу цёплае вядро…

Віктар чакаў, пакуль адбудзе свой тэрмін вярбоўкі, каб паехаць туды, да бацькоў Кацярыны, і жыць у вялікім драўляным доме, выходзіць раніцай па сцяжынцы на лужок, дзе стаялі вуллі, і дыхаць настоем траў, якім патыхае рапішняе поле, і ісці з касой па лузе, пакідаючы халодны ўзорысты след. Кацярына ж, наадварот, за два гады жыцця тут, на Поўначы, асвойталася з маразамі, ад якіх напачатку як заціналася дыханне і, здаецца, спынялася сэрца. Прывыкла яна і да палярнай начы, калі ўсё навокал суткі навылет ахутана шэрай імглой, у вагончыку і на газазборачнай станцыі, дзе яна працавала аператарам, дзень і ноч гарыць жаўтаватае святло, так што нарэшце здаецца, што і ты сам і ўсё навокал робіцца падобным да прывідаў. Чамусьці і вагончык паступова стаў нагадваць ёй смалістым пахам родную хату, а чэзлыя сасонкі каля яго нібыта рабіліся тымі цяжкімі, каржакаватымі, поўнымі сіл і жыцця соснамі, што беглі наўзбоч дарогі ў родную вёску, якая стаяла на самым краёчку славутага Пружанскага бору, апетага калісьці славутым яе земляком. У тым бары і прайшлі, можна сказаць, першыя яе шаснаццаць гадоў. З ранняй вясновай пары, калі на ўзгорках, зарослых ядлоўцам і брызглінай, ледзь растопіць спежныя гурбы і з зямлі праклюнуцца белыя пругкія пралескі і ліловыя калматыя званы сон-травы, і да асенніх нудных дажджоў, калі затопіць далёкую Панкаву нізіну з буйнымі ягадамі журавін і ўдараць першыя маразы, яны, дзятва, не выходзілі з бору. Ды і зімой таксама — то з бацькам ездзіла па дровы на запаветную дзялянку, дзе з лета ляжалі нарыхтаваныя ім альшыны, то да цёткі ў адведкі, месцячыся ў пахкае і ў холад нейкае цеплаватае сена, прыкрытае яркай, у сем нітоў посцілкай, і з бітончыка па-летняму пахла грэчкай — цётцы вазілі мёд. Калі яны вярталіся, нізкае барвовае сонца падала ў заснежаную раўніну, што бачылася між соснаў, а калі яны праязджалі бор, ужо цямнела, і першыя чыстыя зоркі праклёуваліся на небе, і твар дзяўчынкі шчыпаў мароз, а пушыстыя вусы бацькі рабіліся калматымі і снежна-белымі. Імчалі сані, звінелі званочкі — іх надта любіў пчаляр, I цемра цікавала за імі здалёк, ад чаго ёй, малой, рабілася і жудасна, і весела…

Яна ўспаміцала аб тым, цяпер ужо далёкім жьіцці, але ўспамінала без вострага жалю ці суму. Было добра і тут, і гэтак жа — салодка і жудасна — шчымела на сэрцы, калі яна ўпершыню анынулася ў пасёлку, убачыла некалькі вагончыкаў, так-сяк сабраных у гурт, што нагадваў вуліцу толькі здаля.

Цяпер, успамінаючы газетныя рэпартажы, што прывялі сюды яе, сарамлівую дзяўчыну з далёкай вёскі Валеўка, на нафтавыя і газавыя месцанараджэнні, яна радавалася таму, што прыехала. Ну што ж, карэспандэнты! Яны, відаць, упершыню ўбачыўшы і вагончыкі, і станцыю, што здалёку ззяла ў шэрай начы або палярным днём алюмініем і шклом, як нейкі казачны палац, што пабудавалі ў пустэльным месцы веліканы… дык вось яны, карэспандэнты, відаць, сапраўды зайздросцілі тым, хто жыве тут, у цішыні, захапляліся ўсім убачаным і ад'язджалі адсюль нейкія прасветленыя. Але яны пасля вярталіся ў свае вялікія гарады, дзе звінелі трамваі, амаль бясшумна плылі па вячэрніх вуліцах асветленыя перапоўненыя тралейбусы, ззялі вокны, і незнаёмыя людзі былі як абяцанні новых таямніц, новых знаёмстваў і адкрыццяў. А для тых, хто заставаўся ў лесатундры, нічога не змянялася, і час тут, амаль на самым беразе вялізнага Ледавітага акіяна, цёк няспешна, і гэтак жа гарэлі ліхтары ў мяцельнай імгле, і шалясцела снегавая крупа, і на абед у адзінай сталоўцы была ўсё тая ж аленіна — чамусьці прапахлая дымам, крыху цвёрдая, ад якой прыходзілі ў захапленне толькі прыезджыя, і ўсё было ў пакетах, кансервах, сушанае, прапахлае складам і ад таго нясмачнае. Многія, не пражыўшы і года, вярталіся назад. А яна, Кацярына, прыжылася, як прыжываецца на суровай зямлі ўпартая лістоўніца, скрозь, да апошняга свайго колца, пранізаная суровымі вятрамі і маразамі, і ўжо лічыла сябе старажылам пасёлка і нават пачала выпісваць літаратуру аб пчолах, таму што прачытала ў нейкай газеце, што пчол можна трымаць і ў цяпліцах, і яны могуць цэлы год жывіцца толькі сіропамі і сокамі. Чаму б не развесці пчол і тут — і ўраджай будзе ў цяпліцы вышэйшы, і мядок завядзецца?

Але Віктар смяяўся з яе праектаў: цяпліцамі тут пакуль і не пахла, усё завозілі на верталётах, і не сокі прывозілі сюды, а самую садавіну, таму што шкло магло лопнуць ад холаду. Калі ж і прывозяць сокі, то амаль што ўсе — замежныя, яны, праўда, у кансерваваным выглядзе, але паспрабуй пакармі тых пчолак замежнымі сокамі — бадай, падохнуць, дый зарплаты не хопіць.

Кацярына не крыўдавала на Віктара. Яна і сама разумела, што пакуль пра пчальнік марыць не прыходзіцца: дрэўцы навокал чэзлыя, кволенькія, летам яны ледзь паспяваюць выкінуць лісточкі і болей гнуцца да зямлі, быццам і само паветра тут цісне на іх галінкі. А кветкі адцвітаюць так хутка, што і сам не паспяваеш на іх нагледзецца, дзе тут пчолам! I ўсё ж, відаць, жыла ў яе крыві ўпартасць, што дасталася ў спадчыну ад дзеда бацьку, а пасля і ёй. Ці не тая сіла рухала і дзедам, які ў звычайнай вёсачцы наладзіў такую аранжарэю, што там можна было б адкрываць філіял батанічнага саду. А бацька, які, нягледзячы на наступленне хіміі, падняў у саўгасе зусім было забытае пчалярства?

Яна ўсміхалася зараз, хутаючы нос у цёплую аўчыну. Вось і кажухі зрабіў бацька самастойна, хаця спачатку не ведаў, як узяцца за гэтую справу. Але, дзівуючыся таму, што маладыя цяпер пачалі вар'яцець на гэтых даўблёнках (так называў ён кажушкі), якія ў гады ягонай маладосці апраналі толькі вартаўнікі ды тыя, хто ехаў у дарогу, ён пашыў-такі два, а пасля яшчэ некалькі, але грошай не браў. Бурчаў, што так нядоўга і кулаком зрабіцца, грошай жа і так, дзякуй богу, хапае. Рабіў толькі для знаёмых і то хваліў моладзь, якая пачала-такі пазбягаць сінтэтыкі, ад якой па целе бегаюць іскры і пачынаецца задуха, то смяяўся з тых юнцоў, што гатовы былі і мяхі з-пад бульбы на сябе ўсцягпуць, абы модна было.

— Што, замярзаеш? — нахіліўся над ёю Віктар.

— Не, — яна ўдзячна ўсміхнулася.

— Хутка прыедзем. — Ён бліснуў карымі вачамі, і вусікі над дзіцячай яшчэ прыпухлай губой смешна прыўзняліся.

Калі ён пачаў адпускаць вусікі, жартаў было многа. Хлопцы называлі яго віконтам дэ Бражэлонам — нехта прывёз з «кантынента», як называлі тут далёкую Цюмень, некалькі томікаў Дзюма, і яны, прачытаныя, сіратліва валяліся на газазборачнай станцыі, наводзячы спакусу на прыезджых. А ён і сапраўды быў падобны на юнака, якога намалявала фантазія мастака, што афармляў кнігу, — высокі, хударлявы, з насмешлівымі карымі вачамі на бледным твары і арліным носам. Выгляд у яго быў крыху задзірісты і ваяўнічы. Спакойная, упэўненая Кацярына побач з ім здавалася крышку соннай. Было нешта непарушна трывалае, надзейнае ў яе рухах — як здымала з Віктаравага касцюма парушынкі, як падавала яму талерку, усміхаючыся куткамі вуснаў — прыгожых, пунсовых. Яна хадзіла заўсёды ў світэры і спадніцы, і толькі дзяўчаты ведалі, што ў яе надзіва прапарцыянальная, амаль класічная фігура.

— Ты б сукеначку, сукеначку, ды такую, каб усё было бачна — і талія, і астатняе! — не раз вучыла яе Зіна Лаўрыновіч, першая модніца ў пасёлку.

— А навошта? — пыталася Кацярына, і Зіна кожны раз нібы слупянела.

— Як гэта навошта? Як гэта навошта? Дый хай паглядзяць, якая ты! А то ўкляпалася ў свайго Віктара — ён што, свет табе ў акне? Колькі хлопцаў у пасёлку, самы час выбіраць!

— Адвяжыся! — махала рукой Кацярына і ішла ў другі канец вагончыка — мыць посуд, прыбіраць або, калі не было іншай работы, садзілася пад лямпай з вышаўкай, што таксама даводзіла Зіну да роспачы:

— Танцы сёння ў клубе, цяцера ты гэткая! Танцы!

— Ну і што? — спакойна дзівілася Кацярына, асцярожна прадзяваючы нітку ў тоненькае вушка іголкі.

— А хто прасавацца будзе? А прычоска?! Кацярына толькі махала рукой, назіраючы, як мітусіцца Зіна, абстаўляючыся крэмамі, шчыпцамі для завіўкі, лакамі і пілачкамі. Калі наступаў час, яна паднімалася, нацягвала на сябе святочную сукенку і, закалоўшы доўгія бялявыя валасы шпількамі, ішла ў клуб — так называліся два вагончыкі, паміж якімі была высечана сценка, каб там магло памясціцца, у цеснаце і даўцы, з дзесятак пар. Але часцей Кацярына нікуды не ішла. Яна сядзела, чакаючы, пакуль зарыпіць снег пад нагамі, затупаюць знаёмыя крокі і Віктар уварвецца ў вагончык, белы і пахкі, з фотакарткамі актрыс і акцёраў, штучнымі кветкамі і Кацярынінымі вышыўкамі.

Нядаўна яны з Віктарам падалі заяву ў мясцовы загс. Іх маглі распісаць у той жа дзень, але загадчыца загса, выконваючы нядаўна атрыманую інструкцыю аб тэрмінах, якія дадуць магчымасць маладым яшчэ раз узважыць сваё рашэнне, заявіла ім:

— Праз месяц распішам.

— Чаму праз месяц?! — абурыўся Віктар. — Вы ж пазаўчора Івана распісвалі, а яны з Алкай у той жа дзень заяву давалі!

— А вас — праз месяц, — заявіла загадчыца, падціскаючы тонкія вусны. — Новая інструкцыя!

I яны пайшлі назад, трымаючыся за рукі і нялоўка пасміхаючыся са свайго імпэту і з інструкцый, якія абавязвалі іх месяц падумаць над тым, ці жадаюць яны жыць разам, разам несці на сабе і цяжар жыцця і яго радасці.

А калі выйшлі з загса, насустрач ім трапіўся верталётчык Семянцоў і запытаўся:

— Ці забраў ты сваю лайку, Віця?

— Не-е, — разгублена працягнуў Віктар, адразу сцяміўшы, што гаворка ішла пра шчанюка, якога павінна была вось-вось прынесці Найда — славутая на ўвесь пасёлак лайка, якою валодаў начальнік недалёкай адсюль чыгуначнай станцыі.

Начальнік — гэта было занадта для чалавека, які сумяшчаў абавязкі і стрэлачніка, і рамонтніка, і машыніста па гэтай маленькай чыгуначнай ветцы на чыгунцы, па якой вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў хадзіла толькі дрызіна. З кожным годам усё болей расхіствала на ёй рэйкі, усё болей размывалі веснавыя і асеннія дажджы ўпартую няласкавую зямлю. Дарога згубіла сваё прызначэнне яшчэ ў пяцідзесятыя гады, людзі, што будавалі яе, вярнуліся дадому, так што ля яе адзінока жылі цяпер толькі пуцявыя абходчыкі, падпраўляючы, ажыўляючы, ратуючы тое, што яшчэ можна было выратаваць. Дарога магла спатрэбіцца — ішло новае асваенне гэтых бязлюдных мясцін.

У пасёлку яшчэ жылі легенды аб тым, як адзінока жыў ля ракі нейкі стары — былы інжынер. Дзесяцігоддзямі рабіў ён справу, якая здавалася абсаліотна непатрэбнай: вымяраў узровень вады, хуткасць плыні ў розныя месяцы, дзень за днём, месяц за месяцам. Але раптам ажылі тутэйшыя мясціны, рака стала судаходнай, і ўзялі яго на работу гідраметэаролагам — разам з усімі яго запісамі і рэкамендацыямі. Стаў Кандрацюк вядомым спецыялістам — а было яму тады роўна восемдзесят гадоў…

Надзеяй, што яшчэ спатрэбяцца яго вопыт у поўнай меры, жыў і Андрэй Сямёнавіч, якога ўсе называлі начальнікам станцыі. Немалады, але рухавы і вёрткі, ён прыязджаў у пасёлак на сваіх ездавых сабаках, купляў у краме прадукты і абавязкова прыходзіў да некага ў госці — каб пасядзець вечар, пагаманіць, згуляць у карты. Ён любіў, калі прыязджалі і да яго, але ехаць на станцыю трэба было на дрызіне, якую вадзіў якут Коля Мігалкін, а той амаль заўсёды быў п'яны, дый дрызіна хадзіла толькі па асабістаму распараджэнню Андрэя Сямёнавіча.

Калі Кацярына ўпершыню ўбачыла Найду, яна замерла на месцы і, не зводзячы вачэй з вупражкі, сачыла, як бегла паперадзе іншых, быццам сцелячыся па зямлі, выцягваючы ўперад тонкую разумную морду, высокая, шырокая ў косці сучка, і ўся вупражка, усе астатнія сем сабак, падпарадкоўваючыся яе імкліваму рытму, беглі зладжана і прыгожа. Прахожыя спыняліся і сачылі за вупражкай, Андрэй Сямёнавіч, у шапцы з собаля, у пушыстай дасе і унтах, трымаў лейцы і час ад часу злёгку пакрыкваў на сабак, хаця ў гэтым, здаецца, не было ніякай патрэбы.

З таго часу і «захварэла» Кацярына па шчанюка: дастань ды дастань. Віктар аднойчы сустрэў Андрэя Сямёнавіча і, саромеючыся, загаварыў аб тым, што хацеў бы купіць шчанюка ад Найды, калі яна ашчэніцца.

— Колькі папросіце, столькі і аддамо, — закончыў ён.

— Ты што! — пакрыўдзіўся Андрэй Сямёнавіч. — Я шчанюка і за дзве сотні не аддам абы ў чые рукі. Мне б толькі ведаць, што любіць сабаку будзеце, што радасць ад яе будзе. А ад Найды, сапраўды, добрыя шчанюкі будуць, яна ў Маскве прыз возьме, калі павязу. Мяне ўжо даўно атакуюць, Петрыкоўскія ажно стогнуць, ды ім аддаваць не буду, а то яны і так усю вясну птушку і звера б'юць, дарваліся, а без ніякага паняцця, што і калі.

…I цяпер яны ехалі, амаль праз год пасля той размовы, са станцыі і везлі з сабою шчанюка ад Найды.

Шчанюк быў маленькі, пушысты, з вільготным чорным носам і карымі, вельмі яснымі вочкамі. Шэрая поўсць яго ільснілася, а цікаўная, ужо разумная, амаль як у Найды, мордачка ўвесь час імкнулася наверх, туды, дзе гузік ад кажуха быў расшпілены і можна было, высунуўшы пысу, цікаваць за тым, што робіцца навокал.

Кацярына ўвесь час засоўвала яго назад — яна баялася, што шчанюк адмарозіць нос. Віктар смяяўся з яе — ды гэта ж паўночны сабака, ён прывык спаць у снезе!

— Пасля, — пярэчыла Кацярына. — Пасля, калі акрэпне. А цяпер, бач, які маленькі і кволы!

Найда не хацела аддаваць шчанюка — ён быў апошнім, ён заставаўся з ёю і тады, калі адзін за адным зніклі астатнія пяць, і яго яна наважылася не аддаваць. Алдрэй Сямёнавіч зачыніў яе ў будан, і, ад'язджаючы, яны чулі, як працяжна і стомлена выла яна ўслед, драпаючы моцнымі лапамі тоўстыя сцены будана.

Разгарачаныя пасля гасціны, Віктар і Каця не спяшаліся, але Андрэй Сямёнавіч прыспешваў іх:

— Або начуйце ў мяне, альбо едзьце хутчэй. Ноч ужо!

— Дык жа якая гэта поч, Сямёнавіч, — жартаваў Віктар, — вунь сонца з неба не сыходзіць!

— Усё роўна, — спяшаўся пасадзіць іх Сямёнавіч, ухутваючы Кацярыніны валёнкі кажухом. Апошні раз пагладзіўшы шчанюка, ён усміхнуўся добрай усмешкай:

— Заместа блаславення вам. На вяселле ўсё роўна старая не адпусціць, баіцца, што кіну, маладую знайду. А і знайду! Як думаеш?

I Кацярына ў адказ засмяялася, пажартавала:

— Нашто вам маладая? У вас і свая гаспадыня яшчэ хоць куды!

— Мы з ёю трыццаць гадоў душа ў душу жывём, — прызнаўся Андрэй Сямёнавіч. — Вам жадаю так пражыць, дзеці…

Коля Мігалкін маўкліва завёў матор, і дрызіна пабегла, перавальваючыся на стыках, як жывая істота. Шчанюк мякка тыцкаўся ў Кацярыніны грудзі і то вішчаў — тоненька і працягла, як быццам скардзячыся, то маўкліва туліўся да яе, і яна адчувала, як нешта цёплае і добрае хвалямі прабягае па ёй — ці то радасць ад таго, што дамаглася свайго, ці проста звінела ўсё ў ёй і спявала — ад таго, што побач Віктар, што спяшаўся ён выканаць яе жаданне — набыць шчанюка, што іх жыццё пачынаецца так шчасліва і добра…

Шчанюк для яе быў пе прыхамаць — з дзяцінства Кацярына жыла ў цесным суседстве з іншымі жывымі істотамі. Была ў іх у Валеўцы карова Зорка — ціхманая, з вялікімі ласкавымі вачамі, жыў кот Валацуга, у двары — руды дварняк, што прыбіўся з суседняй вёскі напалоханым мокрым шчанюком. За хатай, ля балотца, купаліся ў пяску куры і гускі і, заўважыўшы Кацярыну, беглі да яе, махаючы крыллем і выцягваючы шыі. Тут, на Поўначы, яна найбольш сумавала па гэтых. штодзённых клопатах пра жывое — бывала, прачнецца рана з думкай, што трэба падаіць Зорку і выпусціць на двор курэй, а пасля спахопіцца, што нічога гэтага тут няма, што можна цэлы дзень валяцца ў ложку, не клапоцячыся ні пра што, апроч заўтрашняй змены, на якую трэба ўставаць раненька. Яна не заўважала, што паступова глухла ў ёй патрэба апекавацца аб некім і нечым, ажно пакуль не ўбачыла Найду, — і тады загарэлася ў ёй гэтае ўпартае жаданне — мець хаця б вось такую пушыстую, з разумнымі вачамі лайку, вырасціць яе, каб чакала са змены яе і Віктара.

Віктар пакепліваў і з гэтага — невядома, колькі яны тут будуць. А што, калі надакучыць? Праз два гады можна ехаць дадому, і што тады рабіць з лайкай? Але Кацярыніна прыхамаць не праходзіла, а яму хацелася дагадзіць ёй. Вельмі хацелася…

Чырвоны круг сонца нагадваў вялізную дзірку, прапаленую скрозь бледна-сіні покрыў. Пры поглядзе на яго мроілася, што недзе там, за гэтым покрывам, палае-гарыць агромністы атамны рэактар, а сюды даходзіць толькі слабы, прыпагаслы ўжо водбліск. На снезе — і далёка ўперадзе, і па баках — клаліся доўгія хударлявыя цені лістоўніц і сасонак. Нягледзячы на лютыя маразы, на доўгія, па паўгода, палярныя ночы, яны раслі насуперак усяму і позняй вясной гэтак жа, як іх сёстры на поўдні, выпускалі тонкія светла-зялёныя парасткі, на якіх высыпалі жаўтаватыя скупыя кветкі, пасыпаныя амаль непрыкметным для вока пылком. Зараз, аблітыя, быццам глазурай, падталым за дзень лядком, пад чырванаватым святлом начнога сонца, ствалы здаваліся людзьмі, што скамянелі пад чарамі, і чамусьці абодвум падумалася, што яны як сочаць за дрызінай сотнямі вачэй, нібыта спадзеючыся на дапамогу. Віктар доўга глядзеў па баках, пасля задумліва адвёў позірк і павярнуў галаву да Кацярыны.

Яму была відна яе шчака, налітая марозным румянцам, ледзь прыпухлыя вусны і белыя валасы, што выбіваліся з-пад шэрай заечай шапкі. Ён ведаў, што шэрае ёй да твару — нібыта дае нейкае адценне шэрым вачам, дробным залацістым вяснушкам. Кацярына злавіла ягоны пагляд, усміхнулася, прыслухоўваючыся да таго, як шкрабецца моцнымі лапамі шчанюк, зноў высоўваючы сваю чорную вільготпую пысу на мароз.

…Ваўкоў яны ўбачылі адначасна, яны як вынырнулі з чырвонага снегу проста пасярэдзіне вялікай прагаліны, што заставалася ззаду. Гэта была, відаць, тая зграя, што гадзіну назад, калі яны трохі ад'ехаліся ад станцыі, неслася за аленем. Але тады, калі Коля, павярнуўшы галаву, заўважыў буднічным голасам, што, аднак, спяшацца трэба, таму што снег цяпер рыхлы і, калі ваўкі не дагоняць аленя, то, раз'юшаныя, могуць пагнацца за імі. Яны пасмяяліся з Колевых слоў — чорныя імклівыя кроплі мільгалі так далёка, алень, за якім яны несліся, быў, здаецца, амаль у ваўчынай уладзе. Яны пашкадавалі аленя, але нічым памагчы яму было нельга, і яны паспадзяваліся толькі на тое, што снег сапраўды рыхлы і легканогі алень, падхліснуты смяротным жахам, здолее перагнаць зграю.

Відаць, так яно і адбылося. I, раз’юшаная няўдачай, зграя павярнула туды, дзе параўнаўча нетаропка, калываючыся па стыках, ехала дрызіна — невысокая цялежка, і жалобна скуголіў шчанюк, высоўваючы на мароз свой цікаўны нос.

— Пяць, — чамусьці шэптам сказала Кацярына.

I хаця Коля наўрад ці мог яе пачуць, ён раптоўна азірнуўся, і смуглявы яго твар перакрывіўся ў спалоханай і адначасна жалобнай грымасе. Пасля ён хутка пахіліўся, нешта знайшоў пад нагамі і кінуў пад ногі Віктару сякеру — адпаліраванае тапарышча бліснула ў чырвоным святле коратка і рэзка. Пасля павярнуўся, і плечы яго захадзілі пад дахой, быццам ён упрошваў матор, сіліўся выціснуць з яго што можна.

I Віктар, разумеючы гэта, крыкнуў яму — адчайна, страшна:

Хутчэй! Жмі, Коля!

— Нельга! Выкіне! — данеслася з-пад дахі, і Коліны плечы яшчэ хутчэй захадзілі пад дахой. Ён болей не азіраўся, і Кацярына, нямеючы ад жаху, зразум-ла — Віктар і яна павінны абараніць і Колева жыццё таксама, таму што цяпер уся надзея на іх ды яшчэ на дрызіну, якая відавочна наскорыла хуткасць, так што хістаць іх пачало яшчэ мацней і няўмольней.

Ваўкі беглі не так хутка, як раней. Відаць было, што глыбокі снег і гонка ўжо выматалі іх, але сіла, якая гнала іх цяпер за дрызінай, была мацнейшая за стому — раз'ятраная воля і разлік адчуваліся ў мерным, да жаху раўнамерным ваўчыным бегу.

Наперадзе, ужо заскочыўшы на шпалы і прынароўваючыся да іх дробнага перабору, бегла невялікая, з упалымі бакамі ваўчыца. Гэта Віктар і Кацярына зразумелі адразу — іншыя былі буйнейшыя, больш марудныя. Яны ўжо раздзяляліся па баках, каб абкружыць дрызіну, і нехта першы рыхтаваўся ўхапіць вострымі бязлітаснымі зубамі здабычу, якая б яна ні была.

Віктар машынальна, не адрываючыся паглядам ад ваўчыцы, сцягнуў рукавіцу, і рука яго ямчэй ухапіла ледзяное тапарышча. Яно балюча апякло далонь, але холаду ён не адчуў — шэрая, з чарнаватымі падпалінамі ваўчыца была ўжо зусім недалёка. Яна чакала, і дыханне яе штуршкамі вырывалася ў прастору — такую агромністую, бяздонную, што ў яго зацяла дыханне. Іх пасёлак, вуліцы, вагончык — усё гэта было далёка, так далёка, што ў яго на момант мільганула шалёная думка — а ці было гэта на самай справе? Усё цёплае, тое, што сагравала іх, давала раўнавагу жыццю, як быццам пакінула іх, заставаліся бязлюдная пустыня і ваўкі… Не зводзячы вачэй з ваўчыцы, ён убачыў Кацярыну — твар яе быў, як бальнічная сцяна, і толькі, ледзь скошаныя, ззялі нясцерпным святлом поўныя жаху вочы. Яна сядзела бокам, дзвюма рукамі намёртва ўчапілася ў борт.

I гэта як ускалыхнула яго, прымусіла скінуць здранцвенне. Ён раптоўна — усёй скурай — адчуў, што ён мужчына, што спрадвечна, заўсёды было і будзе так — жанчына павінна быць пад ягонай аховай, за ягонай спіной.

— Сядзь прама! — загадаў ён. — Адбівайся нагамі, з усяе сілы. I трымайся. Галоўнае — не вываліцца!

— Ой, Віценька, — нібыта дачакаўшыся гэтых слоў, загаласіла яна, тоненька і безнадзейна, — Яны ж дагоняць нас… О госпадзі-і!

Не выпускаючы з рук сякеру, ён пасунуўся да краю дрызіны — там, амаль кранаючыся яе носам, бегла ваўчыца. Але тая, нібыта разгадаўшы намер, абагнала дрызіну. Яна кіравалася да Кацярыны, беспамылковым інстынктам звера ўгадаўшы, хто слабейшы! А можа, прыцягнула яе скавытанне шчанюка — яно тонка і адчайна праразала цішыню, таму што — Віктар адзначыў гэта неяк машынальна, падсвядома — апроч стукату матора, вакол панавала цішыня — такая, якая бывае перад навальніцай, калі чорная кіпучая хмара вось-вось выблісне асляпляльным, аглушальным раскатам!

Ваўкі абкружылі дрызіну, высокі касцісты звер скокнуў першым. Але абвостраны небяспекай інстынкт Віктара падказаў яму скачок — ён, коратка і востра размахнуўшыся, ударыў сякерай. Воўк паспеў вывернуцца, і сякера звонка, аглушальна звонка ўдарылася ў металічны борт, так што на імгненне выбліснуў сноп іскраў.

Другі скачок — ваўчыцы — ён угадаў таксама, ірвануўся наперарэз, таму што там, дзе цэлілася ваўчыца, была Кацярына. Шаленства ахапіла яго, але мацней за ўсё, нават за страх небяспекі, была адна думка — уратаваць Кацярыну! Яна, яна павінна застацца жывою. Хаця б яна!

Ён гатовы быў крычаць, маліць гэтую халодную ледзяную прастору, каб яна, забраўшы ягонае жыццё, пакінула Кацярыну. Ён вар'яцеў — і, перахапіўшы ваўчыныя лапы, згубіўшы ў гэтым адчайным скачку сякеру, зразумеў, што павінен зрабіць адзінае… Павінен…

Адчуваючы, як патыхнула ад звера гарачым і смуродным, ён, апошнім намаганнем схапіўшы ваўчыцу за шыю, разам з ёю вываліўся з дрызіны!

Яны выкаціліся шалёным клубком, паляцелі ў адхон, перакульваючыся ў рыхлым снезе. Зграя адразу спыпілася, пасля ваўкі кінуліся назад.

Коратка, здушана закрычала Кацярына. Яна стаяла ў дрызіне, не ведаючы, што прымусіла яе адарвацца ад ратавальнага борта. Ледзяная прастора насунулася на яе — халодная, халодная ледзяная прастора, дзе не было Віктара, і сэрца яе таксама спынілася, захлынулася болем. Сама не ведаючы, што робіць, яна зрабіла крок, другі — і тарганулася ўніз, дзе мільгалі зледзянелыя карычневыя шпалы, якія аднеслі яе ад Віктара, каб памерці разам з ім, таму што навошта жыць адной, без яго?!

Аглушаная ўдарам, яна ў беспрытомнасці ляжала ў снезе, не ведаючы, што зграя не заўважыла яе, што Коля Мігалкін, ад'ехаўшы з кіламетр, вернецца, выратуе яе і шчанюка — той, не ведаючы ні аб чым, усё будзе скуголіць і высоўваць з кажуха сваю цёплую вільготную пысу…

Загрузка...