Кніга дзявятая

1. Той, хто дзейнічае несправядліва, дзейнічае бязбожна. Бо натура Цэлага стварыла разумныя існаваньні адзін для аднаго, і дзеля гэтага яны павінны памагаць адзін аднаму адпаведна да патрэбаў іхных, але ні ў якім выпадку шкодзіць адзін аднаму; затым, той, хто ломіць яе волю, астаецца вінаватым у бязбожнасьці адносна найвышэйшае боскасьці. Гэтаксама і той, што хлусіць, стаецца вінаватым у бязбожнасьці перад тою самаю боскасьцю; бо сусьветная натура зьяўляецца натураю рэчаў, што існуюць; і рэчы, што існуюць, астаюцца ў суадносінах да ўсіх рэчаў, што прыходзяць да быцьця. І далей, гэтая сусьветная натура называецца праўдаю, і зьяўляецца першапрычынаю ўсіх рэчаў праўдзівых. Затым, той, хто хлусіць наўмысна, зьяўляецца вінаватым у бязбожніцтве, паколькі дзейнічае ён несправядліва, каб зманіць; гэтаксама і той, хто хлусіць нясьведама, паколькі ён знаходзіцца ў разладзьдзі з натураю Цэлага, і паколькі ён уносіць замяшаньне ў парадак дарогаю змаганьня супроць натуры сусьвету. Бо той, хто дазваляе ўцягнуць сябе, наўсуперак свае волі, у змаганьне супроць праўды, і супроцьдзейнічае ёй, затым, што натура пераказала яму задаткі і, пагардзіўшы каторымі, ён ужо, знайшоўся на ўзроўні няздольнасьці разьлічыць непраўдзівае ад праўдзівага. Гэтаксама і той, хто імкнецца да насалоды, як дабра, і ўхіляецца ад болю, як ад зла, вінаватым ёсьць у бязбожніцтве. Бо ўжо з прычыны неабходнасьці гэтакаму чалавеку давядзецца часта наракаць на агульную натуру, якая быццам ня лічыцца з годнасьцю, распадзяляючы людзей на дрэнных і добрых, бо-ж часта дрэнныя ўпадаюць у прыемнасьці і маюць сродкі дзеля асягненьня іх, і ў тым самым часе, як на долю добрых людзей выпадае цярпеньне і ўсё тое, што выплывае зь яго. І далей, той, хто баіцца цярпеньня, можа гэтаксама баяцца некаторых рэчаў, якія могуць здарыцца на сьвеце — нават і гэта ёсьць бязбожніцтвам. І той, хто знаходзіцца ў пагоні за прыемнасьцямі, ня меціме сілы паўстрымацца ад несправядлівасьці. Што да таго, хто жадае сьледаваць у сузгоднасьці з натураю, той павінен аднолькава адносіцца да таго, да чаго аднолькава адносіцца агульная натура — бо-ж яна не стварыла-б таго і іншага, калі-б не адносілася аднолькава да таго і іншага. З гэтага, той упадзе ў бязбожніцтва, хто неаднолькава ўсуадношваецца да цярпеньня або да насалоды, сьмерці і жыцьця, або славы і няславы, якімі натура карыстаецца аднолькава. Я кажу, што агульная натура карыстаецца ўсім гэтым, замест таго, каб сказаць, што ўсё гэта, у адпаведнасьці да ведамага парадку, аднолькава адбываецца з усім, што прыходзіць да быцьця і што крочыць сумесна на моцы нейкага спрадвечнага Провіду, паводля якога ён, выходзячы зь нейкага пачатку, прадуладзіў сучасны парадак рэчаў, засяродзіўшы ў сабе пэўныя прынцыпы рэчаў, якія павінны наступіць з прадугледжаньнем сілы існаваньняў, зьіначаньняў і чаргаваньня.

2. Гэта быў-бы найрадасьнейшы ўдзел чалавека, адыйсьці ад людзей, не дазнаўшы смаку хлусьні, крывадушнасьці, роскашы і фанабэрыстасьці. Аднак-жа, аджыць сваё жыцьцё чалавеку, каторы меў усе гэтыя рэчы пад дастаткам і адыйсьці, было-б гэта яшчэ адным найлепшым падарожжам, як кажа народнае выслоўе. Ці аддаеш ты перавагу таму, каб тануць у заганах, і дасьведчаньне яшчэ не пераканала цябе, каб уцякаць ад гэтае заразы? Бо сьведамасьць зьнішчэньня зьяўляецца заразаю, і запраўды, шмат большаю, чымся маральны ўпадак і зьмена на горшае ў атмасфэры нашага навакольля. Бо гэты маральны заняпад зьяўляецца заразаю быдла, як далёка яно ёсьць быдлам; але іншая зьяўляецца заразаю людзей, як далёка людзьмі яны астаюцца.

3. Не пагарджай сьмерцю, але ўсуадношвайся да яе, як да аднае з рэчаў, якая адлюстроўвае волю натуры. Бо гэтак, ужо ёсьць, гэта значыць, быць дзіцем і расьці, уваходзіць у сілу веку і старэцца, мець зубы і бараду, і сівізну, увайсьці ў стан запладненьня і цяжарнасьці, радзіць і ўсе іншыя натуральныя праявы, якія поры твайго жыцьця прыносяць, а зь імі раскладаньне. Гэта, затым, зьяўляецца пасьлядоўным для характару чалавека думаючага, каб быць ані неахайным, ані пагардлівым адносна сьмерці, але чакаць на яе, як на адну з праяваў натуры. І як ты цяперака чакаеш на пару, калі дзіця выйдзе з узлоньня твае жонкі, гэтаксама будзь гатовым на тую гадзіну, калі твая душа скіне зь сябе абалону. Але, калі ты жадаеш рэчаў няхітрых, але запраўдных, дык лепш за ўсё пагодзіць цябе са сьмерцю твой уважны позірк на рэчы, якія давядзецца табе пакінуць, і скіраваць сваю думку на характар людзей, зь якімі тваей душы ўжо не давядзецца спаткацца. Бо няма ніякае патрэбы гневацца на людзей, наадварот, абавязкам тваім ёсьць клапаціцца пра іх і абыходзіцца зь імі далікатна і з пакорлівасьцю, і адначасна не забываць, што твая ростань будзе не зь людзьмі, якія маюць тыя самыя прынцыпы, што і ты. Бо наагул, калі і ёсьць што-небудзь у жыцьці, што прыцягвала-б да яго і ўтрымлівала-б у ім, дык толькі адно: магчымасьць жыць у супольнасьці зь людзьмі, прынцыпы каторых былі тыя самыя, якія мы вызнаем. Але цяперака ты бачыш, як вялікім ёсьць клопат, што выплывае з розьніцы паглядаў тых, што жывуць разам, і да гэткае ступені, што ты воклікам можаш выразіць: Хадзі, сьмерць, хутчэй! Магчыма і я тады забуду пра цябе.

4. Той, хто чыніць зло, чыніць зло супроць самога сябе. Той, хто творыць несправядлівасьць, творыць несправядлівасьць супроць самога сябе, бо ён чыніць самога сябе дрэнным.

5. Той часта творыць несправядлівасьць, хто ня выконвае пэўнае рэчы; і ня толькі той, хто творыць пэўную рэч.

6. Твой цяперашні пагляд абаснованы на зразуменьні, і твае цяперашнія паводзіны вядуць да агульнага дабра, і твой цяперашні настрой у напрамку дабразычлівасьці пры наяўнасьці кажнае рэчы, якая здарыцца — і гэтага хопіць.

7. Адхілі набок лятуценьне; перагледзь сваё жаданьне, патушы сваю прагавітасьць; няхай у сваей уласнай моцы вядзе цябе кіруючы пачатак.

8. Сярод жывёлы, якая ня мае розуму, адно жыцьцё ёсьць распадзелена; але сярод разумных існаваньняў, адна інтэлігэнтная душа распадзелена. Гэтак, як існуе адна зямля для ўсіх рэчаў зямное натуры, і мы бачым, дзякуючы аднаму сьвятлу, і дыхаем адным паветрам — падобна ўсе мы абдораны прыналежнасьцю сьвятлу і жыцьцю.

9. Усе рэчы, якія прыймаюць удзел у якой-небудзь рэчы, якая зьяўляецца агульнаю для іх, парушаюцца ў напрамку аднароднасьці свае. Кажная зямная рэч абяртаецца ў кірунку зямлі; кажная рэч характару цякоміны зьліваецца ў вадно; кажная рэч, якая носіць у сабе прыкметы паветра, чыніць тое самае; затым, патрэбна нешта такое, што можа трымаць іх адасобненымі, і тасаваньне сілы. Агонь, напрыклад, уздымаецца ўверх з прычыны наяўнасьці элемэнтарнага агню, але ён ёсьць на гэтулькі гатовым успламяніцца і зьліцца з ужо наяўным агнём да гэтакае ступені, што нават кажнае рэчыва ў якойколечы ступені можа быць сухім, лёгка ўспламяняецца, бо ў ягоным складзе ня шмат з таго, што можа стацца перашкодаю для ўспламяненьня. І затым, кажная рэч, якая бярэ ўдзел у агульнай інтэлігэнтнай натуры, парушаецца ў падобны спосаб у напрамку таго, што зьяўляецца тым амым аднародным зь ёю, або парушаецца ў яшчэ большай ступені. Бо, гэтак далёка, як яна можа быць вышэйшаю ў параўнаньні з усімі іншымі рэчамі, у гэткай самай ступені гэтаксама зьяўляецца болей гатоваю спалучыцца і ўспламяніцца з тым, што ўпадабняецца да яе. Варта ўспомніць, што сярод зьвераў ніжэйшае інтэлігэнцыі знаходзім раі пчолаў гэтаксама, як і гурты быдла, і кармленьне маладых птушак, і да пэўнае ступені нават праяў любові. Бо нават у зьвераў знаходзяцца душы, і сіла, якая злучае іх разам спасьцярожнаю ёсьць у гэтакай ступені і ў гэткім праяўленьні, чаго ніколі не назіраем сярод расьлінаў, ані сярод дрэваў ці каменяў. Але сярод рацыянальных існаваньняў спасьцярожнымі ёсьць палітычныя зносіны і сяброўствы, і сем'і, і сузграмаджэньні людзей; а ў часе войнаў — саюзы і замірэньні. А сярод яшчэ болей дасканалых стварэньняў, нават калі яны разлучаныя, існуюць злучэньні, падобна, як назіраем гэта сярод зораў. Гэтак, наяўнасьць уздыму да вышэйшае ступені зьяўляецца здольнаю выклікаць сымпатыю нават сярод рэчаў разлучаных. Паўзірайся, затым, на тое, што цяперака творыцца. Адны толькі разумныя існаваньні цяперака забыліся пра ўзаемнае імкненьне і схільнасьць адзін да аднаго, і не незіраем сярод іх свомасьці ў напрамку разумнасьці. Але, як-бы людзі ня ўхіляліся ад гэтакага аб'еднаньня, усё-ж яны ня мецімуць магчымасьці ўцякчы ад яго, бо натура ёсьць сільнейшаю за іх. І ты будзеш бачыць што я кажу, калі толькі ўважна будзеш узірацца. Затым, лягчэй знайсьці нешта зямное, што прыходзіць у стан дотыку з рэчаю незямною, чымся чалавека, які-б не знаходзіўся ў супольнасьці зь іншымі людзьмі.

10. Плод прыносіць і чалавек, і Бог, і сусьвет; у адпаведную пару кажны прыносіць плод. Калі ў штодзеннай мове гэтае выражэньне тасуецца пераважна да вінаграднае лазы і ёй падобнага, дык гэта ня мае асаблівага значэньня. Розум прыносіць падвойны плод, гэтак для ўсіх, як і для самога сябе, і зь яго выяўляюцца іншыя рэчы, гэтакае-ж самае свомасьці, што і ён.

11. Калі ты зьяўляешся здольным, навучы таго, хто паступае дрэнна; але, калі ты ня можаш, тады памятай, што ў дадзеным выпадку ты абдораны дабразычлівасьцю, і багі дабразычлівыя да такіх людзей; з пэўных прычынаў яны нават памагаюць ім адзыскаць здароўе, здабыць багацьце і славу; гэтак дабразычлівымі яны зьяўляюцца. І гэта таксама знаходзіцца ў тваей моцы; калі не, скажы, хто перашкаджае табе?

12. Ніколі не працуй, як чалавек нячэсны, або як нехта, каго шкадуюць, або як чалавек, якім захопліваюцца. Але накіроўвай сваю волю толькі на адну рэч; бярыся за працу і трымай самога сябе на ўвазе, гэтак, як грамадзкія неабходнасьці вымагаюць.

13. Сягоньня я ўхіліўся ад усіх клопатаў, або баржджэй, я адкінуў усе клопаты, бо гэта было не навонкі мяне, але ў маім уласным перакананьні.

14. Усе рэчы зьяўляюцца тымі самымі, ведамымі з дасьведчаньня, агіднымі ў часе і бязвартаснымі ў матэрыі. Кажная рэч зьяўляецца гэтакаю самаю цяперака, якою яна была ў часе тых людзей, якіх мы пахавалі.

15. Рэчы знаходзяцца вонкі нас, існуюць самыя і самыя сабою, ня ведаючы нічога пра самых сябе, ані выражаючы які-небудзь суд. Што зьяўляецца, тады, тым, што выдае суд адносна іх? — Найвышэйшы пачатак.

16. Не ў бязьдзейнасьці, але ў дзейнасьці ляжыць зло і дабро чалавека, гэтаксама, як ягоная мужнасьць (арэтэ) і заганы знаходзяцца не ў пасыўнасьці, але ў актыўнасьці.

17. Для каменя, кінутага ўгару, няма нічога дрэннага ў тым, што ён можа ўпасьці ўніз, і нічога добрага ў тым, што ляціць угару.

18. Пранікні ўнутро найвышэйшага пачатку, што кіруе людзьмі, і ты пабачыш якіх судзьдзяў ты баішся, і як судзяць яны самых сябе.

19. Усё на сьвеце зьіначваецца: Дый сам ты знаходзішся ў працэсе сталага зьіначаньня і часткавага зьнішчэньня, і гэтаму праву падпарадкаваны ўвесь сусьвет.

20. Гэта зьяўляецца тваім абавязкам, пакінуць дрэнныя ўчынкі іншага чалавека там, дзе яны знаходзяцца.

21. Спыненьне дзейнасьці, устрыманьне імкненьня і пераказваньне думкі, і наагул, сама сьмерць, не зьяўляюцца яшчэ злом. Абярні тваю думку цяперака ў кірунку разважаньня адносна твайго жыцьця, твайго жыцьця ў дзіцячыя гады, у тваё юнацтва, у тваю ўзмужнеласьць, у твой старшы век, бо ў кажнай з гэтых зьменаў была сьмерць. Ёсьць-жа што-небудзь чаго трэба баяцца? Зьвярні цяперака тваю думку на тваё жыцьцё пад даглядам твайго дзеда; тады, на тваё жыцьцё пад даглядам твайго бацькі; і, калі ты спасьцеражэш шматлікія розьніцы і зьіначаньні, і межы існаваньня, тады спытай самога сябе: ёсьць-жа яшчэ нешта чаго трэба баяцца? І падобна гэтаму, не зьяўляюцца страшнымі ані спыненьне жыцьця, ані стрымка яго, ані зьіначаньні, якія знаходзяць для сябе месца ў цэлым тваім жыцьці.

22. Зьвярніся ў тваіх разважаньнях да найвышэйшага пачатку, свомага табе, Цэлага, а тады да свайго суседа, каб учыніць яго справядлівым; а тады, засяродзь сваю ўвагу на сусьвеце, каб ты не забыў, чыёю часткаю ты зьяўляешся; а тады, зьвярніся ў думцы да свайго суседа, каб пазнаць табе, ці дзейнічаў ён нясьведама ці пры наяўнасьці веданьня і, каб ты мог гэтаксама разважыць, што ягоная кіруючая ім здольнасьць зьяўляецца суроднаю табе.

23. Калі ты сам зьяўляешся часткаю складоваю грамадзкае сыстэмы, няхай, тады, кажны твой чын станецца часткаю грамадзкага жыцьця. Затым, калі які-небудзь чын твой ня мае беспасярэдняга ці пасярэдняга суадношаньня да агульна-грамадзкае мэты, тады ён разрывае тваё жыцьцё і парушае грамадзкае адзінства, стаецца крыніцаю бунту, гэтаксама, калі-б нехта адзін з дэмосу ў народным зграмаджэньні пачаў-бы дзейнічаць пасвойму, і адмовіўся-б падпарадкавацца агульнай згодзе.

24. Дзіцячыя спрэчкі і іхныя гульні, і бедныя духі, што носяцца зь мертвымі целамі, і гэтакаю ёсьць кажная рэч; і гэта ёсьць тая сьмерць, адслоненая ў выяўленьні лепшых дамоў, якая гэтак яскрава ўдырвае нас сваім спазорам.

25. Засяродзься ў досьледзе якасьці хвормы дадзенага аб'екту і тады выдзелі яе зусім з матэрыяльнае часткі; і тады затрымайся над гэтым; а пасьля абазнач час, які, у найлепшым выпадку, можа ў гэтай дзіўнай хворме створаны аб'ект праіснаваць пры наяўнасьці натуральнах сваіх свомасьцях.

26. Ты вельмі шмат нацярпеўся з тае прычыны, што не здавальняўся найвышэйшым пачаткам, калі ён чыніць рэчы, каторыя вызначаюцца натураю. Але хопіць пра гэта.

27. Калі якія-небудзь людзі ганьбяць цябе або ненавідзяць, ці дрэнна выражаюцца пра цябе, дык падыйдзі ўпрыток да іхнае душы, пранікні ўнутро і паглядзі, што яны выяўляюць сабою. І ты зразумееш, што табе няма чаго непакоіцца адносна таго, як думаюць гэтыя людзі пра цябе. Але адносіцца да іх трэба з дабразычлівасьцю. Бо паводля натуры яны зьяўляюцца тваімі сябрамі. Адылі і багі ўсялякімі спосабамі падтрымліваюць іх праз сны, знакамі рознымі, праз асягненьне тых рэчыў, пра якія яны думаюць.

28. Пэрыядычныя рухі сусьвету зьяўляюцца тымі самымі, уверх і ўніз, ад веку да веку. І калі думка Цэлага імкнецца да кажнае зьявы асобна, і калі рэч гэтак маецца, дык астанься здаволеным вынікамі яе дзейнасьці; або калі яе рух быў аднаразовым, і кажная іншая рэч сьледуе ў сілу пасьлядоўнасьці і гэтакім-жа спосабам; або атамы зьяўляюцца першапачаткавымі элямэнтамі ўсіх рэчаў. Інакш кажучы, калі ёсьць Бог, усё добра; калі-ж здарэньне кіруе, дык няхай-жа яно ня кіруе табою.

Яшчэ крыху і зямля накрые ўсіх нас; пасьля гэтага і зямля зьіначыцца, гэтаксама і рэчы, паўсталыя ў выніку зьіначаньня, і яны будуць далей зьіначвацца бясконца, а гэтыя зноў заўсёды. Бо, калі чалавек падумае пра зьмены і зьіначаньні, якія паступаюць па сабе, быццам тыя хвалі адна за аднэю са сваею хуткасьцю, ці не пачне ён пагарджаць усё сьмяротнае?

29. Сутнасьць Цэлага падобна да імклівае плыні: яна ўсё нясе з сабою. Наколькі без значэньня астаюцца ўсе тыя бедныя людзі, якія займаюцца справамі палітычнымі, і, як гэта можна думаць, гуляюць у філёзафаў! Смаркачы ўсе. Так, чалавеча: рабі тае, што ў дадзеную хвіліну вымагае натура. Імкніся да мэты, наколькі сілы дазваляюць табе, і не азірайся на стораны, ці ведае хто-небудзь пра гэта; і не спадзявайся Плятонавае Політэі, але будзь здаволеным з таго, што добра ўдаюцца малыя рэчы, і ўважай падобнае асягненьне не за малую рэч. Бо хто можа зьіначыць людзкую апінію? І што-ж можна атрымаць бяз гэтакага зьіначаньня, апрача паняволеньня людзей, іхных стогнаў і змусіць іх прыкідвацца быць паслухмянымі? І можаш цяперака расказваць пра Александар, Філіппоса, Дэмэтрыёса Фаляронскага. Яны самыя павінны ўзважваць, ці яны выкрылі што агульная натура вымагала ад іх, і ці яны ўзгадавалі самых сябе. Але, калі яны дзейнічалі толькі як героі ў трагэдыі, дык ніхто ня змусіць мяне ісьці іхным сьледам. Простаю і скромнаю зьяўляецца праца філязофіі. Ня зманьвай мяне на шлях гордасьці.

30. Паўзірайся з узьверху на бязьлікія гурты людзей, на безьліч рэлігійных абрадаў, і бясконцую разнавіднасьць вадаплаваў, што плывуць у розныя кірункі гэтак у часе бурнага надвор'я, як і ў пару зацішша, на вялікую розьніцу тых, што нарадзіліся, каторыя жывуць разам і паміраюць. І падумай, гэтаксама, пра жыцьцё тых, што жылі ў старажытных часох, і пра жыцьцё тых, што будуць пасьля цябе, і пра сучаснае жыцьцё барбарскіх народаў, і пра тое, якая аграмадная маса людзей ня ведае нават твайго імя, і колькі з тых, што ведаюць, але хутка забудуць, і пра тое, як тыя, што, магчыма, хваляць цябе сягоньня, хутка будуць зьнеслаўляць цябе, і што пасьлясьмяротны ўспамін ня мае ніякае вартасьці, ані слава, ані што-небудзь іншае.

31. Няхай наступіць асвабаджэньне ад страху перад закалотамі з увагі на рэчы, якія прыйшлі да быцьця, дзякуючы вонкавым прычынам; і няхай запануе справядлівасьць у дзеяньнях, выкліканых мужнасьцю ўнутранае прычыны, гэта значыць — няхай пачнецца імкненьне і дзейнасьць, маючая на мэце грамадзкае ўпарадкаваньне, бо гэта знаходзіцца ў сузгоднасьці з тваею натураю.

32. Ты можаш адсунуць набок з твае дарогі шматлікія і няпрыдатныя рэчы з пасярод тых, якія непакояць цябе, як чын, які залежыць ад твайго спосабу думаньня. І ты здабудзеш для самога сябе шырокую прастору дарогаю агарненьня думкаю цэлага сусьвету, і шляхам агарненьня вечнасьці часу, і спасьцеражэньня хуткага зьіначаньня ўсіх паасобных рэчаў; і тое, як кароткім ёсьць час паміж народзінамі і расьцярушаньнем, і бязьмежнасьць часу перад народзінамі гэтаксама як і аднолькавая бязьмежнасьць часу пасьля расьцярушаньня.

33. Усё, што ты бачыш, неўзабаве разбурыцца, і тыя, што былі сьведкамі гэтага разбураньня, вельмі хутка гэтаксама і самыя разбурацца. І той, хто памірае ў вельмі пажылым веку, знойдзецца ў тых самых абставінах, як і той, хто памер перадчасна.

34. Якімі зьяўляюцца кіруючыя прынцыпы людзей, і якімі зьяўляюцца справы, адносна якіх яны праяўляюць гэтулькі стараньняў, і з прычыны чаго яны ахвочымі зьяўляюцца ў выражэньні любові і гонару? Уяві сабе, што ты бачыш іхныя бедныя і голыя душы. Калі яны думаюць, што сваім папрокам спрычыняюць некаму шкоду або дабро сваею пахвалаю, што яны маюць на ўвазе?

35. Страта чаго-небудзь зьяўляецца нічым іншым, як зьіначаньнем. Але сусьветная натура захопліваецца зьіначаньнем, і ў паслухмянасьці да яе ўсіх рэчаў чыніць цяперака вельмі добрае завяршэньне, і ў падобны спосаб паступае яна ад пачатку вечнасьці, і будзе гэтак паступаць аж да канца часу. І што ты скажаш на гэта? Што ўсе рэчы былі дрэннымі, і, што пры наяўнасьці гэтулькі багоў не знайшлося даволі моцы, каб займець паправу на лепшае ў гэтых рэчах; але ці сьвет засуджаны, каб знайсьціся ў прысутнасьці сталага зла?

36. Спарахненьне матэрыі — аснова кажнае рэчы. Вада, пыл, косьці, адпады, або зноў — мармуравыя скалы, аграмаднасьць зямлі; золата і серабро, і розныя асадкі; рызьзё і валосьсе, і поўсьць зьвераў, і пурпур — кроў; і кажная іншая рэч падпадае пад гэты самы род. І тое, што адзначаецца дыханьнем — само жыцьцё — і яно зьяўляецца рэчаю таго самага роду: зьіначаньне з аднае хвормы ў іншую.

37. Хопіць гэтага нешчасьлівага жыцьця, нараканьняў і малпаваньня. Што непакоіць цябе? Што новага ў гэтым? Што цябе выводзіць з раўнавагі? Ці ёсьць гэтым хворма рэчы? Паўзірайся на яе. Ёсьць-жа гэта матэрыя? Глядзі на яе. Бачыш, апрача гэтага, нічога ў ёй няма іншага. Але пастарайся, нарэшце, усуаднесьціся да багоў з большаю прастатою і ляпей.

Усяроўна, ці дасьледуем мы гэтыя рэчы сто разоў, ці тры гады.

38. Калі нехта памыліўся, дык і зло згэтуль выпадзе яму на шкоду. Але, магчыма, ён і не памыліўся?

39. Або ўсе рэчы выводзяцца з інтэлігэнтнага пачатку і прыходзяць да супольнасьці як да аднаго цела, і частка не павінна знайсьці памылкі ў тым, што ўчынена на карысьць Цэлага; або, у іншым выпадку, існуюць атамы і болей нічога, як сузграмаджаньне іх і разыходжаньне. Чаму, тады, маеш ты турбавацца? Скажы Найвышэшаму пачатку: Зьяўляешся ты памершым, або сапсутым, або забаўляешся крывадушнасьцю, або зьяўляешся ты зьверам, тады месца тваё ў гурце на пашы?

40. Або багі маюць сілу, або яны ня маюць сілы. Калі яны ня маюць сілы, тады, чаму ты молішся да іх? Але, калі яны маюць сілу, чаму ты ня молішся да іх, каб яны далі табе здольнасьць не баяцца ніякіх рэчаў, якіх ты баішся, або не жадаеш ніякіх рэчаў, якія ты жадаеш, або ня быць пакраўджаным ніякаю рэчаю, чымся маліцца, каб гэтыя рэчы не здарыліся або, каб здарыліся? Бо калі яны могуць супрацоўнічаць (выслухаць) зь людзьмі, дык яны могуць супрацоўнічаць, маючы на ўвазе пэўныя мэты. Але, магчыма, ты скажаш, што багі аддалі іх пад тваю ўладу. Тады, ці не ляпей ужываць тое, што ёсьць у тваей моцы, як свабодны чалавек, чымся жадаць, як нявольнік або жабрак тое, што не знаходзіцца ў тваей моцы? І хто казаў табе, што багі не памагаюць нам нават у рэчах, якія знаходзяцца ў нашай моцы? Пачні, тады, маліцца адносна гэтых рэчаў і ты ўбачыш. Вось чалавек, каторы моліцца гэтак: Як я магу знайсьці прыхільнасьць гэтае жанчыны? А ты маліся: Як я магу не жадаць знайсьці прыхільнасьць яе? А іншы гэтак моліцца: Як я магу быць вольным ад гэтага? А яшчэ іншы: Як я магу не жадаць, каб быць вольным? А іншы гэтак: Як я магу ня згубіць майго малога сына? А ты гэтак: Як я магу не баяцца згубіць яго? Наагул, маліся гэткім спосабам, і паўзірайся, што з гэтага выйдзе.

41. Эпікурос кажа: У часе хваробы маю ўвагу не займалі фізычныя цярпеньні, і з тымі, што наведвалі мяне, я ня вёў гутаркі на гэтую тэму. Я і далей выконваў свае раней пачатыя навуковыя працы, цікавячыся галоўна тым, як думка, ня гледзячы на сваё ўсуадношваньне да падобных рухаў у целе, тымняменей утрымлівае свой унутраны супакой, маючы на ўвазе свомае для яе дабро. І для лекараў, — кажа ён далей, — я не стварыў прычыны стацца гордымі, быццам яны нямаведама што чыняць для мяне, але жыцьцё маё мінала добра і шчасьліва. Вазьмі яго сабе за прыклад, калі здарыцца табе захварэць або трапіць у якое-небудзь іншае пагражаючае палажэньне. Усе школы згодныя ў тым, што ня трэба выракацца філязофіі ў ніякіх абставінах, ані падтакваць невукам, нічога ня ведаючым пра натуру, але ўсю сваю ўвагу кіруй у напрамку справы, якою ў дадзены мамэнт займаешся, і сродкаў, дзякуючы якім, яна станецца рэчаіснасьцю.

42. Калі ты чуешся абураным з прычыны чыіх-небудзь бяссорамных паводзінаў, дык зараз-жа запытай самога сябе: Есьць-жа гэта магчымым, каб на сьвеце ня было бяссорамных людзей? Гэта немагчыма. Тады, не дамагайся таго, што немагчымым ёсьць. Бо гэты чалавек гэтаксама зьяўляецца адным з гэтых бяссорамных людзей, каторыя з прычыны неабходнасьці павінны быць на сьвеце. Тады, падобнае разважаньне павінен ты мець на ўвазе ў выпадку нахабнага чалавека як і бязьвернага, і кажнага іншага чалавека, каторы чыніць нешта дрэннае. Бо ў тым самым часе, калі ты будзеш сабе прыпамінаць, што немагчымым ёсьць, каб гэткага роду людзі не існавалі, ты станешся болей далікатным адносна кажнага паасобнага чалавека. У веданьні гэтага крыецца гэтаксама і тая карысьць, што зараз-жа, калі ўзьнікне нагода, падумаць, якою мужнасьцю натура надарыла чалавека, каб супроцьставіцца кажнаму дрэннаму чыну. Бо супраць людзкае глупоты яна, у якасьці супрацьатруты, дала чалавеку далікатнасьць, і супроць іншага роду людзей дала іншую хворму ўзьдзеяньня. Бяручы пад увагу ўсе выпадкі, для цябе зьяўляецца магчымым, дарогаю навучаньня, прапраўляць чалавека, каторы зьбіўся са шляху: бо кажны чалавек, каторы памыляецца, не асягвае свае мэты і крочыць па няправільнай сьцежцы. Між іншым, мо' і ты дазнаеш шкоду? Бо ты спасьцерагаеш, што ніякі чалавек сярод тых, супроць якіх ты выражаеш, сваё нездаволеньне, ня ўчыніў нічога такога, што спрычыніла-б тваім разумовым здольнасьцям стацца горшымі; бо тое, што ёсьць дрэнным для цябе і шкодным, знаходзіць сваё месца толькі ў тваіх разумовых здольнасьцях. Дый што дрэннага або што асаблівае бачыш ты ў тым, калі чалавек, які не атрымаў належнага ўзгадаваньня, праяўляе дзейнасьць неасьвечанага чалавека? Ляпей разваж, ці не павінен ты баржджэй наракаць на самога сябе, з тае прычыны, што ты не спадзяваўся, што гэтакі чалавек можа памыляецца гэтак далёка. Бо ты маеш сродкі, дадзеныя табе тваім розумам наперад здагадвацца, што вельмі магчыма, што ён можа памыліцца, а ты ўсё-ж забыўся, а цяперака дзівішся, што ён памыліўся. Але важнейшым за ўсё, калі наракаеш на чалавека за ягонае бязьверра або няўдзячнасьць, зьвярніся, тады, да самога сябе. Бо памылка твая ёсьць вельмі спасьцярожнаю, ці гэта з прычыны таго, што ты клаў за шмат даверра ў чалавека гэтакага характару, або, выражаючы сваю далікатнасьць, ты ня выразіў яе ў поўнай меры, або ні ў гэткай манеры, каб займець усю карысьць з гэтага твайго чыну. Бо, калі ты нездаволены з прычыны выкананьня нечага, што знаходзіцца ў сузгоднасьці з тваею натураю, і чакаеш заплаты за гэта? Гэта ўпадабнялася-б да таго, калі-б тваё вока дамагалася заплаты за бачаньне, а ногі за тое, што ходзяць. Бо хоць гэтыя сучлененьні твайго цела пакліканыя да жыцьця дзеля пэўнае мэты, і, працуючы адпаведна да іхнага ўладжаньня, чуюцца здаволенымі, падобна і чалавек, ухвармаваны натураю, каб тварыў дабро, а, выканаўшы сваю задачу, або як-колечы інакш, спрычыняючыся да агульнае памыснасьці, выконвае гэтым сваё прадназначэньне і атрымлівае тое, што належыцца яму.

Загрузка...