Кніга першая

1. Ад майго дзеда Вэруса я атрымаў далікатнасьць, незласьлівасьць і ўменьне кіраваць сваім характарам.

2. Ад славы майго роднага бацькі і ад пакінутай ім па сабе памяці — сьціпласьць і ўзмужнеласьць.

3. Ад мае маці — набожнасьць, шчодрасьць і ўстрыманьне ня толькі ад дрэнных учынкаў, але нават і ад дрэнных думак. А таксама і просты спосаб жыцьця, здаля ад усялякае раскошы.

4. Ад майго прадзеда — тое, што я не наведваў публічных школаў, карыстаўся паслугамі выдатных настаўнікаў дома, і зразумеў, што на гэта ня трэба шкадаваць сродкаў.

5. Ад выхавацеля — тое, што ня цікавіўся вынікам барацьбы паміж Зялёнымі і Блакітнымі або глядыятарамі ёракійскага і гальскага ўзбраеньня, што вытрывалы ў працы, здавальняюся малым, не даручаю свае справы іншаму, не хапаюся за шматлікія справы і астаюся непаддатным на паклёпы.

6. Ад Дыёгнэтоса — нялюбасьць займацца глупствамі і няверу ў байкі цудатворцаў і чараўнікоў пра заклінаньні, праганяньні нячысьцікаў і іншыя такія рэчы; што не разводзіў перапёлак і не захопліваўся падобным спортам, і тым, што мяне не раззлошчвала свабода слова; што я прысьвяціў сябе філязофіі; і, што быў слухачом спачатку Бакхэюса, пасьля Тандасіса і Маркіянуса; што пісаў я дыялёгі ў дзіцячых гадох; і адчуў цягу да простае пасьцелі, шкуры зьвера і іншых асаблівасьцяў грэцкага спосабу жыцьця.

7. Ад Русьцікуса — тое, што прыйшоў я да выснаву што да неабходнасьці папраўляць і крышталізаваць уласны характар; не прасякся духам сафістыкі, і не займаўся выдумваньнем тэорыяў, ня выступаў з павучальнымі прамовамі, ня выстаўляў напаказ ні заўзятага цярпліўца, ні чынаў дабрадзея, не захапляўся рэторыкаю, ані паэтыкаю, як і ніякім пышнаслоўем; і не спацыраваў дома ў столе і не рабіў нічога падобнага; дзякуючы яму, я пішу лісты проста, падобна да тых, якія ён сам пісаў да мае маці з Сінуэссы; і заўсёды гатовым быў пагадзіцца з тымі, што словам ці чынам зьневажаюць мяне ці крыўдзяць, як толькі яны праявяць азнаку згоды; усё, што даводзіцца чытаць, чытаю я ўважна і не здавальняюся толькі павярхоўнасьцю; не згаджаюся зараз-жа зь людзьмі, якія сыплюць словамі; і, дзякуючы яму-ж, я запазнаўся з разважаньнямі над думкамі, што пакінуў нам Эпіктэтус, якімі ён забясьпечыў мяне са свае бібліятэкі.

8. Ад Апольлёніюса — веду адносна свабоды волі і няўхільнае рашучасьці перад мэтаю; і тое, што зусім не гляджу ні на што, апрача як на розум; і заўсёды быць тым самым, пры жорсткай болі, пры ўтраце дзіцяці, у працяжнай хваробе; і бачыць ясна на жыцьцёвым прыкладзе, што адзін і той самы чалавек можа праяўляць найвялікшую настойлівасьць, як і ўжыцца, і з памяркоўнасьцю і без раздражненасьці працягваць сваё высьвятленьне; і мець перад сваімі вачыма чалавека, які ясна ўважаў сваё дасьведчаньне і сваю здольнасьць у пашырэньні філязафічных асноваў за найменшыя са сваіх заслугаў і годнасьці; і на ягоным прыкладзе я навучыўся, як атрымліваць ад сяброў тое, што зьяўляецца ўдзячнымі заслугамі і не астаючыся пры гэтым упакораным імі, або дазваляючы ім быць імі незаўважаным.

9. Ад Сэкстуса — дабразычлівасьць і наўзор дому, якім кіруе бацька, і ідэю жыць у сузгоднасьці з правам натуры; і шляхэтную шчырасьць; і клапатліва мець на ўвазе патрэбы сяброў, і праяўляць цярпеньне адносна някультурных людзей і тых, што судзяць зь імклівасьцю і неразважна, і здольнасьць з усімі гадзіцца; зносіны зь імі былі прыямнейшымі за ўсялякую лісьлівасьць, і адначасна ён карыстаўся сярод людзей найвялікшаю пашанаю; і ён меў дар гэтак выкрываць, як і ўладжваць інтэлігэнтным і мэтодалягічным спосабам неабходныя прынцыпы жыцьця; і ніколі не праяўляў гневу або якую-небудзь іншую пачуцьцёвую схільнасьць, але спалучаў паўніню любові і быў зусім вольным ад гэтакае-ж схільнасьці і карыстаўся добраю славаю; ня выклікваючы шмат шуму, і мець вялікія веды, не выстаўляючы іх напаказ.

10. Ад Аляксандра граматыка — паўстрыманасьць ад дакораў крыўдных заўвагаў пад адрысам людзей, якія абмовіліся якім-небудзь барбарскім, памылковым ці нямілагучным выражэньнем: у падобных выпадках я, ідучы за імі, стараюся ўжыць правільны выраз у форме адказу ці пацьверджаньня або сумеснага дасьледваньня самога прадмету, і не чапляцца да слова, або пры помачы іншага падобнага напамінаньня.

11. Ад Фронтона — пазнаў я, як зайздрасьць, падступнасьць і крывадушнасьць свомымі зьяўляюцца для тыраніі, і, што тым з-пасярод нас, каторых называюць арыстакратамі, баржджэй шматлікага ім не хапае з бацькаўскае годнасьці.

12. Ад Аляксандра Плятоністага — тое, што ня часта і ня без неабходнасьці кажу каму-небудзь або пішу ў лісьце, што я ня маю вольнага часу; ані бесперапынку прашу выбачэньня з прычыны занядбаньня абавязкаў, вымаганых нашымі суадносінамі да тых, з кім мы жывем, пад дайманом нібыта безадкладных справаў.

13. Ад Катульлюса — ня быць абыякасным, калі сябра знойдзецца ў памылцы, нават, калі і беспадстаўна, але пробаваць вярнуць яго назад у добры настрой; і быць гатовым гаварыць добра пра настаўнікаў, як гэта чуваць пра Доміціюса і Атэнодотуса; і любіць маіх дзяцей праўдзіва.

14. Ад брата майго Сэвэруса — любіць маіх хатніх, і любіць праўду, і любіць справядлівасьць; і празь яго я пазнаў Тразэя, Гэльвідзіюса, Катона, Брутуса; і празь яго я атрымаў уяўленьне адносна сутнасьці гаспадарства з роўнымі для ўсіх правамі, якое кіруецца пашанаю роўнасьці і роўнае свабоды слова для кажнага; і ўяўленьня ідэі адносна каралеўскага ўраду, які найвышэй за ўсё шануе свабоду тых, якімі ён кіруе; ад яго пазнаў я гэтаксама пасьлядоўнасьць і неадступную стойкасьць у маей пашане перад філязофіяю; і ахвочасьць тварыць дабро, і быць гатовым падзяліцца зь іншымі, і падтрымліваць добрую надзею, і веру ў любоў да мяне збоку маіх прыяцеляў; і ў ім спасьцярог я адсутнасьць укрываньня свае думкі перад тымі, каго ён ганіў, а ягоным прыяцелям не даводзілася здагадвацца, што ён жадае і чаго не жадае, і гэта было вельмі проста.

15. Ад Максімуса — самавалоданьне і быць стойкім у асягненьні кажнае рэчы, бадзёрасьць у кажных абставінах, гэтаксама, як і ў часе хваробы; і ўраўнаважанасьць з ветлівасьцю і годнасьцю, і наважанасьць у выкананьні спраў, пастаўленых перад сабою без нараканьня; і я спасьцярог, што кажны чалавек верыў, што ягоная думка пакрывалася зь ягоным словам і, што ўва ўсім тым, што-б ён ні рабіў, ён ніколі ня меў дрэнных замераў; і ён ніколі ня выклікваў подзіву да сябе ані зьдзіўленьня, і ніколі ня быў у пасьпешнасьці, як і ніколі не пакідаў пачатае рэчы, гэтак, як і ніколі ня быў усхвалёваным або прыгнобленым, гэтаксама, як і не сьмяяўся ніколі, каб зьіначыць сваё пачуцьцё няпрыемнасьці, ані, з другое стараны, ніколі ня быў ён запальчывы ці з выражэньнем падозранасьці. Ён быў абазнаным з праявамі дабрадзеяньня, і быў гатовым дараваць, і быў вольным ад усякае хвальшывасьці; і ён адсланіў воблік чалавека, увага якога ня можа быць адвернутаю ад таго, што ёсьць правільным баржджэй, чымся чалавека, які займеў паправу. Я і тое спасьцярог, яшчэ, што ніякі чалавек ня мог падумаць, што Максімус пагарджае ім, або ўпасьці на думку, што ёсьць лепшым за яго. Ён меў гэтаксама мастацтва быць дасціпным у манеры ўспрыймальнай.

16. Ад бацькі свайго — далікатнасьць характару і непахіснасьць у пастановах адносна рэчаў, якія ён прадпрыймаў пасьля абмеркаваньня; і адсутнасьць зацікаўленьня ў рэчах, якія людзі называюць гонарамі; і любасьць да працы і вытрываньне; і гатоўнасьць выслухаць кажнага з тых, хто меў што-небудзь прапанаваць дзеля агульнае памыснасьці; і няўхільную рашучасьць узнагародзіць кажнага паводля ягоных заслугаў, і веду, якая выток свой бярэ з дасьведчаньня энэргічнага чыну, прадпрынятага ў адпаведным часе, і адпачынку; і я спасьцярог, што ён перамог у сабе цягу да падросткаў; і ён не ўважаў самога сябе большым, чымся кажнага іншага грамадзяніна; і ён звольніў сваіх прыяцеляў ад абавязку прысутнічаньня на ягоных вячэрах і ня змушаў іх таварышыць яму ў падарожжах у іншыя краіны, і тыя, што зь якіх-небудзь меней важных прычынаў не маглі таварышыць яму, заўсёды пазьней знаходзілі яго ў той самай прыхільнасьці да іх. І тое я спасьцярог, што ў часе нарадаў ён дамагаўся, каб дакладна дасьледжанымі былі ўсе абставіны справы і ніколі не канчаў нарадаў, здавальняючыся першаю абыякою пастановаю; і, што ягоная прыхільнасьць да блізка пастаўленых не дазваляла зьменьваць іх паводля капрызу, але і не выяўлялася да іх сваею празьмернасьцю. Пэўнасьць сваіх сілаў і прысутная яму бадзёрасьць, былі ягонымі сталымі спадарожнікамі; і прадбачваў ён далёка надыходзячыя падзеі і прадугледжваў самыя малыя абставіны, не фанабэрачыся гэтым; улегласьць і наагул усялякая лісьлівасьць былі абрыдлымі для яго; ён заўсёды стаяў на стражы гаспадарсьцьвеных інтарэсаў і ашчадна выдаткаваў грамадзкія сродкі, не баючыся ўпіканьняў са стараны; і аднолькава далёкімі для яго былі гэтак прымхі адносна багоў, як і падлашчваньне і дагаджаньне людзям або падтакваньне натоўпу — наадварот, цьвярозасьць ўва ўсіх рэчах і непахіснасьць з вычуцьцём смаку і ніколі на поўдарозе думкі або чыну, ці ў пагоні за навінкамі. Што да рэчаў, якія ахарошваюць жыцьцё і якімі доля надарыла яго пад дастаткам, дык імі карыстаўся ён бяз пыхлівасьці, але і без перапрашаньня самога сябе; затым, калі ён меў іх, дык і карыстаўся імі без прэтэнсыянальнасьці, а калі чаго ня меў — таго і не патрабаваў. Ніхто і ніколі ня мог сказаць пра яго, што ён сафісты або дамарослы баўбатун ці пэдант; але кажны прызнаваў у ім чалавека дасьпелага, дасканалага, недаступнага падлізьніцтву, здольнага ўладзіць свае справы, як і чужыя. Апрача гэтага, ён з пашанаю адносіўся да тых, што былі праўдзівымі філёзафамі, і ён не пагарджаў тымі, каторыя прэтэндавалі на філёзафаў, як і не ставаўся лёгкім для іхных уплываў. Ён быў зраўнаважаным у гутарцы зь людзьмі, не без таго, каб пажартаваць часамі, без абразы для каго-небудзь. Ён рацыянальна клапаціўся адносна свайго цела, але не як чалавек, што хапаецца за жыцьцё, не імкнучыся да ўласнае вонкавае прыгожасьці, але і не пакідаў гэтае рэчы ў занядбаньні, сваею ўвагаю да сябе, ён вельмі рэдка знаходзіўся ў патрэбе лекарскага мастацтва або ў вонкавых ці ўнутраных лекаў. Але асабліва прыгожа выступала ў яго тая гатоўнасьць, зь якою ён прызнаваў перавагу людзей, якія здабылі асаблівую аўтарытэтнасьць у якой-небудзь галіне, напрыклад, у красамоўстве, пазнаньні правоў, маральнасьці, ці чаго-небудзь іншага; ён нават прыкладаў стараньні, каб кажны зь іх стаўся ведамым паводля свае здольнасьці; і ён заўсёды дзейнічаў у сузгоднасьці з інстытуцыямі свайго краю, бяз выражэньня, што ён імкнецца ў гэтым кірунку. І далей, ён быў далёкім ад незаўсёднасьці і непаседлівасьці, затым бо любіў ён аставацца ў тых самых мясцовасьцях і пры адных і тых самых занятках. Пасьля жорсткіх прыпадкаў галаўное болі, ён зараз-жа браўся за штодзенныя справы. Ягоныя сакрэты ня былі шматлікімі, было іх некалькі і вельмі рэдка, і толькі тыя, што адносіліся да грамадзкіх справаў. Ён выявіў разважнасьць і эканамічную памяркоўнасьць у наладжваньні публічных відовішчаў і ў пабудове грамадзкіх будынкаў, ягоных данацыяў для людзей і ў падобных рэчах, бо ён быў чалавекам, які кіраваў сваю ўвагу на тое, што павінна быць учыненым, а не на славу, якая ідзе ў пары з чынам чалавека. Ён не карыстаўся лазьнямі ў нявызначаным часе, не захапляўся пабудоваю будынкаў, быў непераборлівы ў пытаньні яды, тканіны ці колеру вопраткі або прыгожасьці сваіх нявольнікаў. Ягоная адзежа пастарчалася ў Рым зь ягонага дому ў Лёрыюм і пераважна зь Лянувіюм. Ведамым ёсьць, як ён аднёсься да зьбіральніка падаткаў у Тускулюме, які прасіў дараваць яму; і гэтакімі заўсёды былі ягоныя паводзіны. Нічога ў ім ня было жорсткага, ані няпрыстойнага, ці гвалтоўнага, або, як гэта кажацца, з таго, што кідае чалавека ў пот; наадварот, ён старанна абмяркоўваў усе рэчы, быццам меў ён даволі часу, супакойна, трымаючыся свомага для яго парадку, цярпліва, у вадпаведнасьці да дадзенае справы. Да яго зусім добра можна было-б прытарнаваць тое, што апавядаецца пра Сакратаса, пайменна, што апошні мог паўстрымацца і цешыцца тымі рэчамі, адносна якіх шматлікія зь людзей ня могуць паўстрымацца і ў карыстаньні ня ведаюць сабе меры. Але праяўляць у вадным выпадку цярплівасьць, у іншым — паўстрыманьне, а яшчэ ў іншым — цьвярозасьць думкі: усё гэта разам ёсьць годным чалавека, які мае дасканалую душу і характар непахіснасьці. Гэтакім якраз выявіў сябе ў часе хваробы Максімус.

17. Ад багоў атрымаў я і ўдзячны ім за тое, што ў мяне добрыя дзяды, добрыя бацькі, добрая сястра, добрыя настаўнікі, добрыя ўсе хатнія, сваякі, сябры і прыяцелі, амаль усе·навакольныя. І тое, што мне не давялося пакрыўдзіць каго-небудзь зь іх, хоць у мяне гэтакі характар, што пры нагодзе, я і мог учыніць што-небудзь падобнае; але з ласкі багоў, ня было гэтакага зьбегу абставінаў, які павінен быў-бы мяне дакарыць. Ім-жа ўдзячны я і за тое, што ня доўга ўзгадоўваўся ў наложніцы дзеда і, што захаваў у чысьціні сваю маладосьць, ня ўзмужнеў раней ад свае пары, а нават запазьніўся ў гэтым дачыненьні; што быў я падпарадкаваны валадару і бацьку, які быў здольным выкараніць ува мне ўсякую хванабэрыстасьць, і ўкараніць думкі, што, жывучы пры двары, можна абыходзіцца і без целаахоўнікаў, бяз пышнае вопраткі, бяз сьветачаў, статуяў і падобнае помпы; і што гэта ёсьць у межах магчымасьці гэтакага чалавека — весьці жыцьцё, збліжанае да жыцьця прыватнага чалавека, не стаючыся, з гэтае прычыны, ніжэйшым у думцы, ані слабейшым у чыне, з павагаю да рэчаў, якія маюць быць выкананымі дзеля грамадзкага дабра ў манеры, якая адказвае годнасьці валадара. Я дзякую багам за даньне мне брата, каторы, дзякуючы свайму маральнаму карактару, узьняў мяне на ўзровень чуйнасьці над самым сабою, і каторы, у тым самым часе радаваў мяне з прычыны свае пашаны для мяне і любові; што дзеці мае ня былі пакрыўджанымі ані ў сэнсе духовым, ані фізычным; што я не зрабіў большых посьпехаў ані ў рэторыцы, ані ў паэтыцы, як і ў іншых студыях, якім, магчыма, я прысьвяціў-бы самога сябе, калі-б меў за сабою пасьпяховасьць; што я неадкладна адудзячыўся сваім узгадаваўцам гонарамі, да якіх яны, здаецца, дабіваліся, ня цешачы іх толькі спадзеямі, што зраблю гэта пазьней, затым, што ў тым часе яны былі яшчэ маладымі; што я ведаў Апольлёніюса, Русьцікуса, Максімуса; што я атрымаў яснае і чыстае ўяўленьне адносна жыцьця, сузгоднага з натураю, і якім гэткае жыцьцё ёсьць самым у сабе, і, што, як далёка яно залежыць ад багоў, іхных дароў, дапамогі, і натхненьня, нічога ня станула для мяне перашкодаю жыць у сузгоднасьці з натураю, а калі я і не пасьпяваў дастаткова ў гэтым напрамку, дык сталася гэта з мае ўласнае прычыны, бо ня прытрымліваўся рады багоў, і, я магу бадай што сказаць, іхных простых да мяне павучэньняў; і, пры гэтакім спосабе жыцьця, маё цела не адмовілася служыць мне аж да гэтага часу; што я ніколі не датыкаўся Бэнэдыкты ані Тэодотуса, і, што пасьля любоўнае пасыі, я хутка выгаіўся; і за тое, далей, што, хоць я і быў часта ў астуджаных суадносінах з Русьцікусам, я ніколі ня ўчыніў нічога, адносна чаго меў-бы я прычыну шкадаваць; і за тое, што мая маці, каторай суджана было памерці маладою, апошнія гады свайго жыцьця правяла са мною; і, што я, каліколечы хацеў памагчы чалавеку ў ягонай патрэбе, або пры якой-небудзь іншай нагодзе, я ніколі не сказаў, што я ня маю сродкаў учыніць гэта; і што гэтакая патрэба ніколі не здарылася са мною, выключаючая неабходнасьць атрымаць што-небудзь ад іншага; што я меў гэтак паслухмяную жонку, поўную любові да мяне і шчырую; што я меў пад дастаткам добрых узгадаваўцаў для маіх дзяцей; і, што ў сьне я займеў відзежу добрых лекаў для мяне супроць крывахарканьня і галавакружэньня…; і, што, калі я меў схільнасьць да філязофіі, я ня ўпаў у рукі сафістых і, што я ня губіў свайго часу на пісаньне гісторыі або на аналіз сылёгізмаў, або заняўся вывучэньнем нябесных зьяваў. Таму што для ўсяго гэтага патрэбна дапамога багоў і шчасьце долі.

Краіна Квадаў у Грануі.

Загрузка...