1. Патрэбна ўзяць пад увагу ня толькі тое, што жыцьцё зьменшваецца з кажным днём і застаецца ўсё меншая яго частка, але гэтаксама і тое, што, калі-б нават было забясьпечана каму-небудзь болей доўгае жыцьцё, дык і гэта застанецца невядомым, ці будзе, як і раней, дастаткова сілы ягонае думкі для разуменьня наяўных абставінаў і для агарненьня, якое-б асвоіла яго са справамі божымі і чалавечымі. Бо калі чалавек пачне тупець, дык гэта, вядома, не адаб'ецца яшчэ на дыханьні, страваварэньні, уяве, імкненьні і іншых падобных функцыях, але ўлада над самым сабою, дакладнае разуменьне сваіх абавязкаў, здольнасьць разабрацца ў тым, што адбываецца, і здаць сабе справаздачу з таго, ці ня час разьвітацца з гэтым жыцьцём, дык усё, што неабходна мяркуе вытанчанасьць розуму, будзе страчана беспаваротна. Затым, трэба сьпяшацца ня толькі таму, што з кажным днём мы ўсё болей набліжаемся да сьмерці, але і таму, што яшчэ пры жыцьці адмаўляецца служыць здольнасьць разуменьня і назіраньня рэчаў.
2. Патрэбна зьвярнуць увагу і на тое, што нават пабочнае да твораў натуры мае нейкую прываблівасьць і зманлівасьць. Напрыклад, на выпечаным хлебе там-сям маюцца патрэсканьні, і хоць гэтыя патрэсканьні да пэўнае ступені зьяўляюцца чужымі пякарскаму мастацтву, усё-ж яны неяк дарэчныя і асабліва выклікаюць апэтыт да яды. Гэтаксама і плады хвігавага дрэва лопаюцца, дасягнуўшы найбольшую сьпеласьць, а ў перасьпелых алівах сама блізкасьць загніваньня апавяшчае якуюсь асаблівую прывабнасьць плоду. Нізка пахіленыя каласы, пахмурнае чало льва, пена, што б'е ізь зяпы вепра, і шмат іншага, далёкага ад прывабнасьці, калі разглядаць яго, як гэткае, спадарожнічаючы таму, што створана натураю, стварае агульнае ўражаньне і вабіць да сябе; затым, таму, хто валодае ўспрыймальнасьцю і болей глыбейшым праніканьнем у тое, што адбываецца ў Цэлым, насілу ці што-небудзь і з спадарожнічаючага творам натуры ня выдасца да пэўнае ступені дарэчным. На зяпы зьвераў ён будзе ўглядацца зь ня меншым задавальненьнем, як на створаныя "пад натуру" мастацкімі скульптарамі; а сваімі разумнымі вачыма ён зможа ўбачыць як асаблівы расьцьвет і прыгожасьць у вобліку старое жанчыны, як і старога мужчыны, гэтаксама, як і прывабнасьць дзіцяці. І шмат ёсьць такога, што ведамым стаецца не для кажнага, але выяўляецца толькі таму, хто сапраўды зьблізіўся з натураю і яе справамі.
3. Гіппократэс, вылячыўшы шмат хваробаў, сам захварэў і памёр. Халдзейцы прадказвалі шмат каму сьмерць, а пасьля іх самых дагнала доля. Аляксандар, Помпэюс, Каюс Цэзар, абярнуўшы ў попел гэтулькі местаў і забіўшы ў баёх дзясяткі тысячаў коньнікаў і пяхотных, нарэшце і самыя разьвіталіся з жыцьцём. Гэраклітос, каторы гэтулькі разважаў пра сусьветны пажар, памёр ад вадзянкі; не дапамог яму і каровіны кал, якім ён быў намазаны. Дэмокрытоса заелі паразіты. Сакратаса ў пэўным сэнсе гэтаксама забілі сваеасаблівыя паразіты. І якія выснавы з усяго гэтага? Ты ўзышоў на вадаплаў, ты паплаваў, ты прыберазіўся, час табе ступіць на зямлю. Калі цябе чакае іншае жыцьцё, і багі ўсюдыпрысутныя, дык яны і там будуць. Калі-ж гэта будзе стан беспачуцьцёвасьці, дык табе не давядзецца болей дазнаваць цярпеньняў і насалоды, і служыць абалонцы, якая нагэтулькі горшая за таго, хто ў яе ў палоне. Бо-ж апошні ёсьць дух і гэній, тады як абалонка — пыл і парахня.
4. Не марнуй рэшты свайго жыцьця на думкі пра іншых, калі толькі справа ня тычыцца чаго-небудзь агульна-карыснага. Бо разважаючы аб тым, што хто робіць і дзеля чаго ён гэта робіць, што хто гаворыць, плянуе і распачынае, ты прапускаеш іншую справу: усё падобнае адхіляе тваю ўвагу ад собскага кіруючага пачатку. Трэба, затым, ухіліць са сваіх уяўленьняў усё бязмэтнае, бескарыснае і асабліва ўсё, што выклікана цікаўнасьцю і злосьцю. І далей, неабходна прывучаць сябе, толькі да гэтакіх думак, адносна якіх на неспадзяванае пытаньне: "Пра што ты цяперака думаеш?", ты змог-бы, бяз хістаньня і шчыра адказаць, што пра тое і гэтае, бо зь іх непасрэдна вынікае, што ўсе яны перапоўнены шчырасьцю і дабразычлівасьцю і варты агульнажьцьцёвае сутнасьці, якая пагарджае думкамі адносна пачуцьцёвага задаваленьня і нават наагул адносна насалоды ўсялякаю свавольнасьцю, зайздрасьцю, падазронасьцю і наагул усім тым, што прымусіць цябе пачырванець, калі ты прызнацімешся, што ўсё гэта было ў табе. Бо чалавек, які ніколі не занядбоўвае стараннасьці аб тым, каб быць у ліку найлепшых, ёсьць жрэц і пасобнік багоў. Ён сябруе і з боскасьцю, што жыве ўнутры яго і якая чыніць чалавека недасягальным для насалоды, няўразьлівым для якіх-небудзь цярпеньняў, чужым для кажнае ганаровасьці, беспачуцьцёвым да праяваў якойколечы злосьці, змагаром у найвялікшай барацьбе, у якой ён павінен супроцьставіцца ўсякай заўзятасьці, заахвочвае яго глыбока пераняцца справядлівасьцю і з паўніні душы вітаць усё, што адбываецца, і выпадае яму на долю, а пра тое, што думае, кажа ці робіць іншы чалавек, думаць ня часта, а толькі тады, калі гэтага дамагаецца вялікая і агульнакарысная справа. Ён заняты выключна сваімі асабістымі справамі, і сталым прадметам ягоных разважаньняў зьяўляецца лёс, падрыхтаваны яму пабудоваю Цэлага. Першыя ён імкнецца давесьці да дасканаласьці, а што тычыцца другога, дык ён спадзяецца на яго дабрату. Бо лёс, які выпадае на долю кажнага, і прыстасаваны да яго, і карысны яму. Ён памятае гэтаксама, што ўсё разумнае зроднена паміж сабою, што клапоціцца пра ўсіх людзей адпаведна да натуры чалавека і, што каштоўным зьяўляецца згода ня ўсіх людзей, але толькі тых, што жывуць у сузгоднасьці з натураю. Ён ніколі не застаецца бязуважным да таго, што ўяўляюць сабою тыя, што жывуць дома адным жыцьцём, а па-за домам — іншым, гэтаксама ноччу і на працягу дня, і з кім і якое маюць сяброўства. Ён нічога сабе ня робіць з пахвалаў ад гэтакіх людзей, бо яны не зьяўляюцца здаволенымі нават са сваіх уласных.
5. Ня ідзі ані супроць свае волі, ані ўразрэз з агульным дабром, ані як чалавек неразважлівы, ці які паддаецца ўплыву якой-небудзь заўзятасьці; не апранай сваю думку ў пыхлівую хворму, не захапляйся ані шматмоўнасьцю, ані шматрупнасьцю ў працы. Няхай боскасьць будзе ў табе кіраўніком істоты мужнае, сьпелае, аддадзенае інтарэсам гаспадарства, рымляніна, надзеленага ўладаю, які ўважае сябе стоячым на варце, падобнага чалавеку, які не патрабуе ні кляцьбы, ні паручыцеля, які зь лёгкім сэрцам чакае на кліч пакінуць жыцьцё. І сьветла будзе ў цябе на душы, табе не спатрэбяцца ні дапамога з боку, ні той супакой, які залежыць ад іншых. Чалавек, затым, мусіць стаяць проста, і ня быць стаўленым проста іншымі.
6. Калі ты знаходзіш у людзкім жыцьці што-небудзь лепшае за справядлівасьць, праўду, разважнасьць, мужнасьць, інакш кажучы, здаволенасьць твайго духа самым сабою, дзе ён можа паказаць табе шлях дзеяньня, які адпавядае маючаму рацыю розуму і свайго лёсу, дзе тое, што выпадае на долю не залежыць ад выбару, калі, кажу я, ты бачыш што-небудзь лепшае, як гэта, дык прылажы ўсю сваю душу на тое, каб зьведаць гэтае найлепшае. Калі табе нічога не здаецца лепшым за гэнія, што жыве ў табе і які падпарадкаваў сабе асобныя імкненьні і які дасьледуе свае ўяўленьні і ўчыніў сябе недасяжным для спакусы пачуцьцяў, як казаў Сакратас, які падпарадкаваў сябе багам і клапоціцца аб людзях, калі, у параўнаньні з гэтым, ты знаходзіш усё іншае драбязным і нікчэмным, дык не давай месца нечаму іншаму, што, раз спакусіўшы і схіліўшы цябе, ужо ня дасьць табе магчымасьці непадзельна аддацца служэньню выключна табе прыналежнаму дабру. Бо несаўмешчальным зьяўляецца побач з дабром розуму і грамадзкімі справамі ставіць што-небудзь чужароднае, накшталт адабрэньня натоўпу, улады, багацьця, жыцьця поўнага насалоды. Але ўсё гэта, калі ты прыпішаш яму хоць нязначную каштоўнасьць, нечакана авалодае табою і пацягне за сабою. Ты, кажу, сумленна і вольна выбірай лепшае і трымайся яго — Але лепшае — гэта карыснае. — Калі яно карыснае для цябе, як разумнае істоты, тады захоўвай яго; калі-ж для цябе, як жывёліны, — дык адрачыся ад яго. Ахоўвай здольнасьць разважаньня ад фанабэрыстасьці, каб мець магчымасьць асьцярожна рабіць дасьледваньне.
7.·Ніколі ня лічы для сябе тое, што калі-небудзь схіліць цябе не датрымаць прырачэньня, забыць сорам, ненавідзець каго-небудзь, падазраваць, клясьці, крывадушнічаць, жадаць чаго-небудзь такога, што хаваюць за сьценамі і пад замкамі. Бо той, хто аддаў перавагу свайму духу, гэнію і служэньню мужнасьці, не накладае трагічнае маскі, ня стогне, ня мае патрэбы ў самоце, ні ў шматлюднасьці. Ён будзе жыць — і гэта самае галоўнае — нічога не дабіваючыся і нічога не пазьбягаючы. Яго зусім ня трывожыць, ці на працягу большага, ці меншага часу душа ягоная будзе знаходзіцца ў балонцы цела, і, калі прыйдзе хвіліна разьвітаньня з жыцьцём, ён адыйдзе з такім-жа лёгкім сэрцам, зь якім ён распачаў-бы выконваць што-небудзь іншае з таго, што можа быць зроблена з годнасьцю і гонарам. Гэта-ж усё сваё жыцьцё ён толькі і думае пра тое, каб ня даць сваей душы апусьціцца да стану, нявартага разумнае і пакліканае да грамадзкага жыцьця істоты.
8. У душы шляхэтнага чалавека і выцярпеўшага ачышчэньне, ты ня знойдзеш ні сапсутасьці, ані брыдоты, ці схаванага звырадненьня. Каліколечы засьпела-б яго ягоная доля, ягонае жыцьцё ня будзе незакончаным, як кажуць пра трагічнага актора, што ён пакінуў падмосткі, не закончыўшы і не дагуляўшы свае ролі. У ім няма нічога нявольніцкага, вымушанага, няма назойлівасьці, адчужанасьці, няма нічога, што заслугоўвала-б на ганьбаваньне, і што баіцца сьвятла.
9. Адносься далікатна да здольнасьці ўрабляць сабе перакананьне. Ад яе суцэльна залежыць, каб ня ўзьнікла ў пачатку, якім ты кіруеш, ніякага перакананьня, нязгоднага з натураю і ладам разумнае істоты. Яна загадвае нам ня быць хуткімі да выснаваў, адносіцца з дабразычлівасьцю да людзей і слухацца багоў.
10. Адкінуўшы, затым, усе гэтыя рэчы, трымайся толькі тых нешматлікіх прынцыпаў. Памятай таксама, што кажны жыве толькі сучасным, вельмі кароткім момантам, усё іншае або ўжо перажыта, або заслонена няведамым. Кароткім ёсьць жыцьцё кажнага, і маленькім той кавалачак зямлі, на якім ён жыве, і кароткаю ёсьць гэтаксама найдаўжэйшая пасьмяротная слава, якая трывае толькі ў некалькіх кароткавечных пакаленьнях, якія ня ведаюць і самыя сябе, нічога ня кажучы ўжо пра тых, што даўно супачылі.
11. Апрача вышэйзгаданага трэба дабавіць яшчэ адно. Неабходна даваць азначэньне або апісаньне кажнага напатканага прадмету, каб без пакрыцьця і ў разьдзельнасьці ўсіх частак бачыць самую ягоную сутнасьць і называць яго і ўсё тое, з чаго ён складаецца, як і тое, на што ён раскладзецца, адпаведнымі імёнамі. Бо нічога гэтак не дапамагае высокаму настрою, як здольнасьць плянавага і сапраўднага пранікненьня ўва ўсё, што сустракаецца ў жыцьці, і ўменьне стануць адносна на такі пункт гледжаньня, каб адразу вырашыць, якому сьвету і якая ад яго карысьць, у чым ягоная каштоўнасьць, гэтак для Цэлага, як і для чалавека, грамадзяніна вышэйшага Места, у адносінах да каторага ўсе іншыя гаспадарствы толькі асобныя сем'і, што ёсьць, з чаго складаецца, і як доўга будзе працягвацца тое, што выклікае цяперака маё ўяўленьне, і якую добрасьць належыць да яго стасаваць, ці лагоднасьць, мужнасьць, праўдзівасьць, вернасьць, прастату, самазадаваленьне, а мо' яшчэ што-небудзь падобнае. Таму, у кажным паасобным выпадку чалавек павінен сказаць самому сабе: вось гэта выходзіць ад Бога, гэта адбываецца з прычыны сувязі, прадвызначанага зьяднаньня, гэтакага-ж спалучэньня і долі, гэта абавязана сваім існаваньнем майму аднапляменьніку, суродзічу і грамадзяніну, хоць ён і ня ведае, чаго дамагаецца ад яго натура. Але я ведаю і таму адношуся да яго дабразычліва і справядліва ў сузгоднасьці з натуральным правам. Адначасна я імкнуся вызначыць і адносную вартасьць кажнае рэчы ў вапрычонасьці.
12. Калі ты, ідучы за правільным розумам, будзеш старанна, рупліва і зь любасьцю адносіцца да справы, якою ты ў дадзены момант заняты, і, не разглядаючыся па бакох, будзеш ахоўваць чысьціню свайго гэнія, як быццам зь ім час ужо разьвітацца, калі ты будзеш паступаць гэтак, нічога не спадзяючыся і нічога ня ўхіляючыся, але задавальняючыся наяўнаю дзейнасьцю, згоднаю з натураю, і гэраічнаю праўдалюбасьцю ўва ўсім, што ты гаворыш і выказваеш — ты будзеш жыць шчасьліва. І ніхто ня будзе ў стане перашкодзіць гэтаму.
13. Як лекары заўсёды маюць пад рукою інстрыманты і прылады на выпадак неспадзяванае апэрацыі, гэтак і ты май напагатове аснаўныя прынцыпы дзеля таго, каб ведаць рэчы боскія і чалавечыя, і ўва ўсіх, нават самых нязначыных дзеяньнях, думай пра сувязь тых і другіх. Бяз узяцьця пад увагу боскага, ня зробіш добра нічога чалавечага; і наадварот.
14. Пара ўтаймавацца. Інакш табе не давядзецца прачытаць ані тваіх успамінаў, ані дзеяньняў старажытных рымлянаў і гэльленаў, ані выбраных месцаў з твораў пісьменьнікаў, якія ты адабраў сабе пад старасьць. Затым, сьпяшайся да мэты і, пакінуўшы пустыя надзеі, сам, пакуль яшчэ ня позна, ідзі сабе на дапамогу, калі толькі ты маеш у пашане самога сябе.
15. Людзі ня ведаюць, якімі шматзначнымі зьяўляюцца такія словы, як красьці, сеяць, купляць, аставацца бязьдзейным, бачыць тое, што мае быць учыненым, бо, каб ведаць гэта, патрэбны ня фізычныя вочы, але нейкі іншы ворган зроку.
16. Цела, душа, інтэлігэнцыя. Да цела належаць пачуцьці, да душы — імкненьні, да інтэлігэнцыі — прынцыпы. Здольнасьць атрымліваць уражаньні маюць і зьверы, імкненьні праяўляюцца бурна і ў дзікіх зьвераў, і сярод андрогінаў, і ў Фалярысе, і ў Нэроне; карыстацца-ж інтэлігэнцыяю для вонкавага выконваньня абавязкаў могуць і людзі, якія ня прызнаюць багоў, здраджваюць сваю бацькаўшчыну і, зачыніўшыся ў сабе, твораць усялякія агіднасьці. Калі ўсё гэта згодна са сказаным, агульным ёсьць для ўсіх, тады астаецца тое, што сваеасаблівым ёсьць для добрага чалавека, быць радасным і здаволеным з таго, што здараецца і з наступстваў, якія ўкладваюцца для яго; і не апаганьваць гэнія, што жыве ў ягоных грудзях, ня турбаваць і не засмучваць яго мноствам уяўленьняў, а захаваць яго чыстым, паслухмяным багам, якія ніколі ня кажуць таго, што не адказвае праўдзе і ня робяць нічога, што не адказвае справядлівасьці. Калі нават усе людзі адмовяцца паверыць, што ён жыве гэтак проста, сьціпла і шчасьліва, дык ён ня будзе злавацца на нікога зь іх і ня зыйдзе са шляху, які вядзе да мэты жыцьця, да якое трэба падыйсьці чыстым, спакойным, зь лёгкім сэрцам і з безнаракальнаю пакорлівасьцю перад сваею доляю.