Кніга восьмая

1. Думка, тут пададзеная, можа дапамагчы табе ўхіліцца ад жаданьня займеньня парожнае славы, гэта значыць, што ты не зьяўляешся болей у стане пражыць сваё цэлае жыцьцё, або, што найменей, пачынаючы з тваіх юнацкіх гадоў, як філёзаф; але, гэтак, як для іншых, гэтаксама і для самога цябе, ясным стаецца, што ты знаходзішся далёка ад філязофіі. Ты гэтак далёка ўпаў у зьбянтэжанасьць, што не зьяўляецца для цябе лёгкаю рэчаю займець пашану філёзафа; дый спосаб вядзеньня твайго жыцьця супроцьставіцца гэтаму. Калі ты зразумеў, дзе сутнасьць справы ляжыць, адкінь думку: У якім сьвятле могуць бачыць цябе іншыя; і будзь здаволеным магчымасьцю пражыць сваё жыцьцё ў гэткай мудрасьці, на якую дазваляе табе твая натура. Падумай, тады, што яна хоча, і няхай нічога ня ўводзіць цябе ў сумліў; бо ты ўжо меў дасьведчаньне ў шматлікіх напрамках, нідзе не знаходзячы шчасьця, ані ў сылёгізмах, ані ў багацьці, ані гэтаксама ў рэпутацыі, ані ў радасьцях, як і ў нічым іншым. Дзе, тады, яно знаходзіцца? — У дзеяньнях, якія людзкая натура вымагае. Як, тады, чалавек можа выканаць гэта? Калі ён меціме прынцыпы, зь якіх выцякаюць імкненьне і чын. Што за прынцыпы? Тыя, якія адносяцца да добрага і дрэннага: пераконаньне, што тое, што ня будзе добрым для чалавека, ня ўчыніць яго і справядлівым, паўстрыманым, мужным, свабодным; і ня будзе нічога дрэнным, што ня спрычыняе супроцьлеглага вышэйадцемленаму.

2. Пры кажным дзеяньні запытай самога сябе: Якое значэньне яно мае для мяне? Ці давядзецца мне шкадаваць? Яшчэ крыху — і я ўжо мёртвы, і ўсё для мяне зьнікне. Калі мая сучасная дзейнасьць варта разумнае істоты і грамадзкае, якая падпарадкуецца праву з Богам, дык што-ж я маю яшчэ жадаць?

3. Аляксандар Вялікі, Гайюс (Юліюс Цэзар) і Пампэюс, чым яны зьяўляюцца ў параўнаньні з Дыёгэнэсам, Гэраклітосам і Сакратасам? Гэтыя апошнія пранікалі зрокам у сутнасьць рэчаў, з боку прычыны і з боку матэрыі, і кіруючы пачатак у іх заўсёды заставаўся верным самому сабе. А колькі клопатаў было ў першых, і ад чаго яны толькі ня былі залежнымі!

4. Людзі будуць рабіць адно і тое самае, колькі-б ты не сапраціўляўся.

5. Перш за ўсё, не засмучай свайго супакою. Бо ўсё адбываецца ў сузгоднасьці з натураю Цэлага; яшчэ трохі часу, і ты будзеш нішто і нідзе, як і Гадрыян, і Аўгустус. Затым, сканцэнтраваўшыся на сваей справе, унікні ў яе і, памятаючы пратое, што табе трэба быць добрым чалавекам, і пра тое, якія вымаганьні людзкае натуры, няўхільна выконвай гэтыя пастуляты і кажы гэтак, як табе здаецца найболей адкаэваючым справядлівасьці; толькі захоўвай дабразычлівасьць і сьціпласьць, і ўхіляйся ад крывадушнасьці.

6. Натура Цэлага занята тым, што тое, што існуе на адным месцы, перамяшчае на іншае, зьіначвае яго, бярэ адсюль і пераносіць туды. Усё паддаецца зьіначаньню, і затым, няма чаго баяцца, каб не здарылася нешта новае. Усе рэчы ведамыя, нават і распадзел іхны астаецца тым самым.

7. Натура кажнае істоты задаволена, калі знаходзіцца на правільным шляху. Натура-ж разумнае істоты на правільным шляху тады, калі не згаджаецца ані з маною, ці зь няпэўнасьцю ў агортваньні рэчаў; калі кіруе імкненьні выключна на агульнае дабро, схільнасьць, і агіду адчувае толькі да таго, што залежыць ад нас самых, і без нараканьня прымае ўсё тое, што пасылае ёй агульная натура. Бо-ж яна і зьяўляецца часткаю агульнае натуры, падобна, як натура ліста зьяўляецца часткаю натуры дрэва. Розьніца толькі ў тым, што натура ліста зьяўляецца часткаю натуры, пазбаўленай пачуцьцяў і розуму і можа сутыкацца з перашкодамі; натура-ж чалавека зьяўляецца часткаю натуры, якая ня ведае перашкодаў, разумнаю ёсьць і справядліваю; бо яна дае кажнай рэчы аднолькавыя часткі ў сузгоднасьці з часам, матэрыяю, прычыннасьцю, дзейнасьцю, здарэньнямі, захоўваючы роўнасьць і ўзгадняючы з годнасьцю. Але ты пераканаешся ў гэтым, параўноўваючы не асобныя свомасьці паміж сабою, а супольнасьць свомасьцяў аднае істоты з супольнасьцю свомасьцяў іншае.

8. Ты ня маеш часу або магчымасьці чытаць; але ты маеш час і магчымасьць уціхамірваць ганарлівасьць, перамагаць насалоду і боль, пагарджаць нікчэмнаю славаю, ня гневацца на людзей беспачуцьцёвых і няўдзячных, і яшчэ болей — нават клапаціцца аб іх.

9. Няхай ніхто ў прышласьці не пачуе ад цябе скаргаў не на прыдворнае жыцьцё, ні на тваё ўласнае.

10. Раскаяньне ёсьць папрок, скіраваны да самога сябе за недагляд чаго-небудзь карыснага. Карыснае-ж, бясспрэчна, зьяўляецца і добрым у якіх-небудзь суадносінах, і прадмет клопату з боку цудоўнага і добрага чалавека. Але гэтакі чалавек ня будзе шкадаваць, што прапусьціў нагоду атрыманьня насалоды. Значыцца, насалода не зьяўляецца ані карыснаю, ані добраю.

11. Адносна кажнае рэчы стаў сабе пытаньні: Чым зьяўляецца дадзены прадмет сам у сабе, у сваей уласнай пабудове? Якою ёсьць ягоная субстанцыя і матэрыя? — Якою зьяўляецца ягоная прычынная натура? І што ён робіць на сьвеце? — Як доўга будзе ён існаваць?

12. Калі ты ўстаеш неахвотна пасьля сну да працы, тады памятай, што служба, у хворме грамадзкае дзейнасьці, знаходзіцца ў сузгоднасьці з фізычнаю пабудоваю твае асобы і зь людзкаю натураю, але само спаньне зьяўляецца свомым для кажнае нямое жывёлы. Цяперака, тое, што адносіцца да тварэньня, паводля натуры, гэтаксама болей набліжаным ёсьць і да яе самое, у большай частцы яе цёла і косьці, так, нават болей прыемнае.

13. Заўсёды і ў меру магчымасьці, пры кажнай нагодзе душы, тасуй да яе прынцыпы фізыкі, этыкі і дыялектыкі.

14. Зь якімколечы чалавекам давядзецца табе сустрэцца, зараз-жа скажы сабе: Якія прынцыпы гэты чалавек мае адносна дабра і зла? Бо, калі з увагі на прыемнасьць і боль, і з прычынаў гэтага, із увагі на славу і няславу, сьмерць і жыцьцё, ён мае такі або іншы паглад, дык нічога ня будзе ані дзіўнага, ані недарэчнага для мяне, калі чыніць гэтакую рэч або іншую; і я мушу мець на ўвазе, што тое, што ён чыніць, чыніць з прычыны загаду.

15. Памятай, што сорамна было-б дзівіцца з таго, што фігавае дрэва родзіць фігі або, што сьвет стварае тое, што ствараць свомым для яго зьяўляецца. Гэтаксама, сорамна было-б лекару і вадаплаўніку дзівіцца з таго, што хворы мае гарачку, або, што вецер неспадарожны.

16. Памятай, што зьмяненьне свае думкі і згода з тым, хто паказвае правільны шлях, а ні ў якім разе не абмяжоўваюць свабоды. Бо-ж гэта і ёсьць тая твая дзейнасьць, якую ты выконваеш у сузгоднасьці з тваім розумам.

17. Калі гэта залежыць ад цябе, дык нашто ты робіш гэта? Калі ад іншага, дык да каго ты зьвяртаешся з упікамі? Да атамаў, ці багоў? Бо тое і другое характэрызуе глупца. Ні на што ня трэба наракаць. Калі можаш, папраў прычыну; калі ня можаш, дык папраў хоць самую справу. Калі-ж і гэта для цябе немагчымым ёсьць, дык якая табе карысьць з упіканьняў. Бяз прычыны нічога ня трэба рабіць.

18. Тое, што памірае, ня выпадае з сусьвету. Калі-ж яно застаецца тут, дык і зьіначваецца тут, і распадаецца на свомыя сабе часткі — элямэнты сусьвету, і самога цябе. Гэтыя зьіначваюцца, але не наракаюць.

19. Усё, што існуе, існуе для пэўнае мэты, як напраклад, конь, вінаградная лаза. Чаму ты дзівішся? Нават і сонца можа сказаць, што я маю мэту; падобнае і багі могуць сказаць. І дзеля якое мэты існуеш ты? Для насалоды? Паглядзі, ці мае гэта які-небудзь сэнс?

20. Натура распасьцірае сваю ўвагу ў ваднолькавай меры на канец, як і напачатак, гэтаксама, як і на трываньне дзеяньня, падобна, як чалавек, які кідае мяч. Што добрага для мячыка ў тым, што ён нясецца ўгару, ці дрэннага ў тым, што ён імкнецца ўніз ды нават, калі ўпаў ды ляжыць? Што добрага для бурбалкі ў тым, што яна разьдзьмулася, ці дрэннага ў тым, што яна лопнула? Тое-ж самае можна сказаць і пра лямпу.

21. Выверні што-небудзь (цела) унутранаю стараною наўзьверх і паглядзі, якое яно, і якім яно стаецца, калі старэецца, ці з прычыны хваробаў, або празьмернасьцяў.

Коратка жывуць і той, хто хваліць, і той, каго хваляць, і той, хто памятае, і той, каго памятаюць. Да таго-ж, усё гэта адбываецца ў куточку якой-небудзь краіны, дый тут ня ўсе згодны паміж сабою і асобныя людзі самі з сабою. Дый уся зямля — пясчынка.

22. Няхай твая ўвага будзе засяроджана на рэчы, што знаходзяцца перад табою; хай сабе гэта будзе слова, перакананьне, чын.

Ты маеш тое, на што заслужыў, бо ты баржджэй выбраў стацца добрым заўтра, чымся сягоньня.

23. Раблю я што-небудзь? Я раблю гэта, лічачыся з дабрабытам людзей. — Здараецца са мною што-небудь? Я дапушчаю, лічачыся з волею багоў і крыніцыю ўсяго, дзе бярэ пачатак усё, што ўзьнікае.

24. Гэтак, як мыцьцё ў лазьні выяўляецца табе — тлушч, пот, гразь, ліпкая вада — рэчы, што выклікаюць агіду, — падобна выяўляецца кажная частка жыцьця і кажная рэч.

25. Люцыльля перажыла Вэруса, а пасьля і сама памерла; Сэкунда пахавала Максімуса, каб пайсьці ягоным сьледам; Эпітынханус бачыў паміраючага Дзіёцімоса, і сам памер усьлед за ім; Антонінус бачыў паміраючую Фаўстыну, а пасьля і сам быў пахаваны. І гэтак рэч маецца з кажным. Цэлер бачыў паміраючага Гадрыяна, і пасьля гэтага памер Цэлер. Дзе-ж усе тыя мудрацы, вяшчальнікі, ганарліўцы? Дзе, напрыклад, з мудрацоў Харакс, Дэмэтрыёс плятоністы, Эўдаймон і ім падобныя? Усё хуткамінаючае, усё даўно мёртвае. Некаторыя былі адразу забытыя, іншыя сталі мітамі, яшчэ іншыя зьніклі ўжо зь мітаў, Затым, памятай, што ўсё тое, што творыць сабою цябе, мусіць або распасьціся, або твая жыцьцёвая сіла згаснуць, ці зьіначыцца і быць перанесенаю на іншае месца.

26. Дзейнасьць, свомая для чалавека, зьяўляецца для яго крыніцаю радасьці. Чалавеку ўласьціва добразычлівасьць да сябе падобных, пагарда да пачуцьцёвых імпульсаў, адрозьненьне пераканаўчых ўяўленьняў, сузіраньне натуры Цэлага і таго, што адбываецца, дзякуючы ёй.

27. Існуюць тры суадносіны паміж табою і іншымі рэчамі; да цела, якое акружае цябе; да боскае прычыны, якая зьяўляецца крыніцаю ўсяго таго, што здараецца з усімі; і, нарэшце, да людзей, што жывуць з табою.

28. Боль зьяўляецца або злом для цела — у такім выпадку няхай цела і гаворыць пра гэта; або для душы; але душа здольнаю ёсьць захаваць уласьцівыя ёй зразуменьне і супакой і ня бачыць у болю зла. Бо ўсякае меркаваньне і імкненьне, схільнасьць і неахвочасьць знаходзяцца ўнутры нас, і ніякае зло сюды не пранікае.

29. Гані ад сябе ўсякае лятуценьне і заўсёды кажы сабе: Цяперака ад мяне залежыць, каб у гэтай душы ня было ані брыдоты, ані прагнасьці, ані наагул ніякага перапалоху; але, бачачы ўсё так, як яно ёсьць, я буду карыстацца ўсім у адпаведнасьці з яго каштоўнасьцю. — Памятай пра гэтую здольнасьць, уласьцівую табе, дзякуючы натуры.

30. У сэнаце ці з прыватнаю асобаю заўсёды трэба гаварыць з павагаю, але бяз пыхі. Няхай мова твая будзе праўдзіваю.

31. Аўгустусавы двор, ягоная жонка, дачка, патомкі, нашчадкі, сястра, Агрыппа, сваякі, хатнія, прыяцелі, Арэюс, Мэцэнас, лекары, ахвяравальнікі, увесь двор памер. Перайдзі, тады, да ўсіх іншых, да сьмерці не паасобных людзей, але цэлых радоў, напрыклад Помпееў. На надмагільных помніках, між іншых, можна знайсьці інскрыпцыю: Апошні з гэтака ці іншага роду. Падумай, колькі намаганьняў затрацілі продкі, каб пакінуць сабе спадкаемца. — Ды ўсё-ж, нехта павінен застацца апошнім. А пасьля ўжо памірае і апошні з роду.

32. Жыцьцё трэба складаць з паасобных дзеяньняў і быць задаволеным, калі кажнае зь іх адказвае свайму назначэньню. Але ніхто ня можа перашкодзіць табе ў тым, каб кажнае тваё дзеяньне адпавядала свайму назначэньню. — А што, калі перашкоды зьявяцца звонку? Гэтакіх нямашака для дзейнасьці справядлівае, разумнае і прадуманае. — Але, магчыма, якая-небудзь іншая дзейнасьць наткнецца на перашкоды? — Аднак-жа, дзякуючы супакойнай паставе, занятае да самое перашкоды і разважнаму падыходу да дадзеных абставінаў, на месцы ранейшае зараз-жа выявіцца новая дзейнасьць, карысная для падобнага ўкладу жыцьця, пра якую ідзе гутарка.

33. Прыймай багацьці або памыснасьць жыцьця без фанабэрыстасьці; і будзь гатовым згубіць усё.

34. Ці бачыў ты калі-небудзь адцятую руку або нагу, ці адсечаную галаву, што ляжыць асобна ад тулава? Гэтакім чыніць сябе кажны той, як далёка ён можа, хто нездаволены з таго, што здараецца і адыходзіць набок ад іншых або чыніць нешта супроць свайго асяродзьдзя. Прымем, што ты адасобіў сябе ад натуральнае еднасьці — бо ты нарадзіўся быць часткаю, але цяперака ты сам адсек сябе. Аднак тутака табе дадзена яшчэ тая магчымасьць, што ты можаш ізноў прывесьці сябе да зьяднаньня. Гэтага Бог не дазволіў ніякай іншай частцы: ізноў сысьціся, будучы ўжо адасобленаю і адсечанаю. Ацані дабрыню, якую ён праявіў да чалавека: ён даў яму волю не адрываць самога сябе з самага пачатку ад Цэлага і ўжо адарванаму дазволіў сысьціся, зрасьціся і заняць месца ў частцы.

35. Як усе іншыя здольнасьці разумнае істоты ўкладзены ў яе натураю Цэлага, гэтаксама мы атрымалі ад яе і наступную. Падобна, як яна ўсё, што супрацьставіцца і насупраць ёй дзейнічае, ператварае на сваю карысьць і ўключае ў ланцуг неабходнасьці, чынячы яго сваею часткаю, гэтаксама і разумная істота можа ператвараць у матэрыял для сябе кажную перашкоду і выкарыстаць яе, усяроўна, якія былі яе ранейшыя мэты.

36. Няхай не агортвае цябе сумная думка пра тваё жыцьцё ў сваей суцэльнасьці. Не затрымлівайся над тым, колькі і якога характару цярпеньняў, напэўна, давядзецца табе дазнаць, але пры кажным, што пагражае табе, зьвяртайся да сябе з пытаньнем: Што ёсьць у гэтым, чаго нельга было-б перанесьці і сьцярпець? — Ты дазнаеш пачуцьцё сораму, адказваючы афірматыўна. Затым бо, памятай, што цябе гняце ня прышлае і ня мінулае, але заўсёды толькі сучаснае. Але апошняе яшчэ зьменшыцца, калі ты абмяжуеш яго ў ім самым і ўпікнеш сваю душу, калі ёй выдасца немагчымым нават гэткі цяжар.

37. Ці Пантэя або Пэргамос усё яшчэ сядзяць каля грабніцы Вэруса? Ці Хабрыяс або Дзіёцімос сядзяць каля грабніцы Гадрыяна? Нават само пытаньне ёсьць сьмешным. Але, калі-б яны і сядзелі, дык ці адчувалі-б гэта нябожчыкі? А калі-б і адчувалі, дык ці прынесла-б гэта задавальненьне? А калі-б і прынесла задавальненьне, дык сталіся-б тыя, што сядзяць каля іхных грабніцаў, несьмяротнымі? Ці-ж не наканавана ім спачатку стацца старымі, а пасьля памерці? Але, што сталі-б рабіць нябожчыкі пасьля іхнае сьмерці? Усё гэта — цяжкое паветра, мяхі, напоўненыя парахнёю.

38. Калі ты можаш бачыць востра, тады глядзі і разважай мудра, кажа філёзаф.

39. У пабудове разумнае істоты я не спасьцерагаю мужнасьці, якая супроцьставілася-б справядлівасьці; але спасьцерагаю мужнасьць любові, і гэта ёсьць паўстрыманасьць.

40. Адмоўся ад свайго пагляду адносна таго, што здаецца засмучаючым цябе — і ты сам знойдзешся ў поўнай бясьпецы. Але хто гэты "сам"? — Розум. Але я ня розум. — Тады, будзь ім. — Такім чынам, няхай толькі розум сам не засмучае сябе. Калі-ж нешта іншае ў табе чуецца дрэнна, дык няхай яно само і ўпэўніваецца ў самым сабе.

41. Перашкода для ўспрыняцьця змысламі — гэта зло жывёльнае натуры. Перашкода для імкненьня (жаданьня) — гэтаксама зло жывёльнае натуры. Існуюць гэтаксама і перашкоды для расьліннага жыцьця, якія зьяўляюцца злом для яго: гэтак і перашкода для духа зьяўляецца злом для духовае натуры. Дастасуй усё гэта да самога сябе. Ці боль або змысловая прыемнасьць узьдзейваюць на цябе? Няхай змыслы пакажуць на гэта. У сваім імкненьні ты наткнуўся на перашкоды? Калі аддаешся імкненьню бязумоўна і без засьцярогаў, дык гэта ўжо дрэнна для цябе, як істоты разумнае. Але, калі ты расшырыш свой кругагляд, дык ня сустрэнеш шкоды і не спаткаешся з перашкодамі. Дзейнасьці-ж, уласьцівае духу, ніхто іншы перашкодзіць ня можа, бо ён недасягальны ані для агню, ані для мяча ці тырана, ані для паклёпу. Як доўга гала існуе, яна ня можа страціць свае кругласьці.

42. Я не заслугоўваю таго, каб засмучаць самога сябе, бо ніколі намысна не засмуціў каго-небудзь іншага.

43. У кажнага свая прычына да радасьці. Мяне радуе, калі кіруючы пачатак не паказавае прыкметаў хваробы, калі ён не адварочваецца ні ад кога зь людзей, ані ад таго, што адбываецца зь людзьмі, але глядзіць на ўсё дабразычлівасьцю вокам, ўсё прыймае і ўсім карыстаецца ў адпаведнасьці да дадзенае рэчы.

44. Старайся забясьпечыць сабе час цяперашні: бо тыя, што баржджэй гоняцца за пасьмертнаю славаю, забываюць, што людзі з часам будуць гэтакімі самымі, як тыя, што выдаюцца ім цяжарам сягоньня. І ўсе яны зьяўляюцца сьмяротнымі. Дый наагул, што табе да таго, як яны будуць аб табе адкліквацца і якою будзе іхная думка пра цябе.

45. Вазьмі мяне і кінь куды хочаш; бо і там я ўтрымаю маю боскую частку ў супакою, гэта значыць, у сузгоднасьці са свомаю маею пабудоваю.

Ці-ж зьмена месца зьяўляецца дастатковаю прычынаю, чаму душа мая мае быць нешчасьліваю і горшаю, чымся была, прыгнечанаю, зьбянтэжанаю і спалоханаю? Ці ёсьць якая-небудзь іншая прычына гэткага стану?

46. Нічога ня можа з чалавекам здарыцца, што ня было-б людзкім здарэньнем, ані з быком, што не здараецца ў сузгоднасьці зь ягонаю натураю, ані гэтаксама з вінаграднаю лазою, ані з каменем тое, што здараецца з каменямі. Калі, затым, з кажнаю рэчаю здараецца нешта звычайнае і натуральнае, чаму-б ты меў наракаць? Бо агульная натура ня прыносіць нічога з таго, чаго-б ты ня мог зьнесьці.

47. Калі ты сумуеш з прычыны чаго-небудзь вонкавага, дык гэта ня ёсьць тая рэч, якая бянтэжыць цябе, але твой уласны суд адносна яе. І гэта ў тваей моцы знаходзіцца, адхіліць набок цяпер-жа гэтакі суд. Але, калі што-небудзь у тваім уласным настроі спрычыняе табе боль, хто, тады, перашкаджае табе паправіць твой уласны пагляд? Падобна гэтак, калі ты ня выконваеш тае нейкае рэчы, якая выдаецца табе правільнаю, і тады, чаму ты не працягваеш свае дзейнасьці, але наракаеш? — Але гэтай дзейнасьці перашкаджае нешта болей сільнейшае, чымся я. — Тады, ня сумуй, бо не ў табе знаходзіцца прычына бязьдзейнасьці. — Але жыцьцё губіць сваю вартасьць, калі рэч ня можа быць выкананаю. — Разьвітайся, тады, з жыцьцём бяз горычы, гэтаксама, як калі-б ты выканаў прадпрынятую справу, захоўваючы дабразычлівасьць нават да тае перашкоды, якая стаяла на тваім шляху.

48. Памятай, кіруючы пачатак зьяўляецца непераможным, калі самазасяроджаным і здаволеным сам у сабе, і ня чыніць нічога, чаго ён не пастанаўляў выконваць, нават калі ён напатыкае супраціў яўнае ўпорыстасьці. Што, тады, станецца, калі ён хвармуе суд адносна якое-небудзь рэчы, успамаганы розумам і прадумана? Затым, розум, які астаецца свабодным ад запалу, зьяўляецца замчышчам, бо для чалавека нічога няма болей пэўнага, дзе ён можа знайсьці сабе непераможнае сховішча на прышласьць. Той, затым, хто ня бачыць гэтага, зьяўляецца невукам; але той, хто сьцяміў гэта і не карыстаецца гэтым замчышчам, зьяўляецца няшчасным.

49. Нічога не кажы болей ад таго, што выяўляе табе першая вестка. Прымем, што нехта кажа табе, што нейкі чалавек дрэнна выражаецца пра цябе. Гэта першая вестка; але пра тое, што, дзякуючы гэтаму, ты церпіш — пра гэта вестка маўчыць. Я бачу, што дзіця маё захварэла; так, я бачу гэта; але, што яно ў небясьпецы — гэтага я ня бачу. Затым, трывай у межах першых уражаньняў, нічога ня прыдумваючы сам да іх, і нічога ня станецца з табою. Або баржджэй дадай нешта, але як чалавек, які ведае ход рэчаў на сьвеце.

50. Агурок ёсьць горкі? — Кінь яго. На шляху тваім калючыя кусты? — Абыйдзі іх. Гэтага хопіць. Не ўваходзь у пытаньне: Чаму створаны гэтакія рэчы на сьвеце. Бо ты станешся сьмешным для чалавека, які абазнаны з натураю, гэтаксама, як сьмешным ты станешся ў вачох цесьлі ці шаўца, калі-б ты ўпікнуў іх у тым, што ў іхных майстэрнях ты бачыш істружкі і абрэзкі шкуры зь іхных вырабаў. Гэтыя рамесьнікі, аднак-жа, маюць месца, куды выкінуць гэтыя істружкі і абрэзкі, але натура Цэлага ня мае гэтакага месца вонкі сябе. Але якраз самым найболей здзіўляючым мамэнтам у мастацтве натуры зьяўляецца тое, што абмежаваная сама ў себе, яна ператварае ў самую сябе ўсё тое, што выдаецца навонкі яе, сапсутым, аджыўшым свой век і бескарысным і, што з усяго гэтага яна зноў творыць нешта зусім новае. Як быццам, яна не карыстаецца матэрыяю звонку і не патрабуе прасторы, куды выкідаць спарахнеласьць. Яна здавольваецца сваею прастораю і свомым для яе мастацтвам.

51. Ня будзь, марудным у сваім дзеяньні ані нявыразным у гутарцы, ані вандроўнікам у сваіх думках, і няхай у тваей душы ня знойдзе месца ўнутранае змаганьне ані захопленьне навонкі; ня будзь у жыцьці гэтак запрацаваным, каб не знайсьці часу на інтэлігэнтны адпачынак.

Прымем, што людзі забіваюць цябе, крояць цябе на кавалкі, праклінаюць цябе. Але ці могуць гэтыя рэчы перашкодзіць тваім разумовым здольнасьцям астацца чыстымі, мудрымі, зраўнаважанымі і справядлівымі? Напрыклад, калі-б чалавек, падыйшоў да празрыста чыстае крыніцы, пачаў-бы агідна праклінаць яе, крыніца ніколі не супыніла-б сваіх патокаў здароўеноснае і прыдатнае да піцьця вады; і, калі-б ён пачаў кідаць у яе гліну ці які-небудзь бруд, дык яна хутка расьцярушыць усё, змые і сама астанецца чыстаю, як і раней. Калі-ж ты будзеш мець крыніцу з заўсёды б'ючымі водамі замест застоенага балота? Дарогаю хвармаваньня самога сябе ў кажнай гадзіне часу ў напрамку ўласнае свабоды, спалучанае з дабразычлівасьцю, прастатою і скромнасьцю.

52. Той, хто ня ведае, чым сьвет зьяўляецца, ня ведае, дзе ён знаходзіцца. І той, хто ня ведае дзеля якое мэты сьвет існуе, ня ведае кім ён зьяўляецца, ані гэтаксама чым сьвет ёсьць. Той, хто астаецца нясьведамым ува ўсіх рэчах, не зьяўляецца ў стане нават сказаць, дзеля якое мэты ён сам існуе. І што, затым, думаеш ты пра гэтакага чалавека, каторы ўхіляецца ад крытыкі і шукае славы ад тых, што пляскаюць яму рукамі, але нясьведамымі астаюцца адносна таго, дзе яны знаходзяцца і чым яны зьяўляюцца?

53. Ці жадаеш ты сабе быць хваленым чалавекам, каторы праклінае самога сябе тры разы на працягу аднае гадзіны? Ці жадаеш ты падабацца чалавеку, які не падабаецца самому сабе? Ці-ж падабаецца сабе той, хто раскайваецца бадай-што ўва ўсіх сваіх паступках?

54. Не ўсузгадняй болей твайго дыханьня толькі з паветрам твайго навакольля, але няхай твая інтэлігэнцыя станецца згарманізаванаю з інтэлігэнцыяю, якая агортвае ўсе рэчы. Бо інтэлігэнтная сіла гэтаксама разьлітая і распаўсюджаная для таго, хто зьяўляецца здольным дыхаць ёю, падобна, як сіла паветра для дыхаючага ім.

55. Наагул, зласьлівасьць зусім ня шкодзіць сусьвету; і ў вапрычонасьці, зласьлівасьць аднаго чалавека ня чыніць шкоды іншаму. Яна толькі шкоднаю астаецца для таго, хто падтрымлівае яе ў сабе; але і ён можа збавіцца ад яе, калі толькі праявіць жаданьне ў гэтым напрамку.

56. Для мае свабоднае волі свабодная воля майго суседа астаецца гэтакаю-ж абыякаснаю, як ягонае беднае дыханьне і цела. Бо, хоць мы і створаны ў першую чаргу адзін для аднаго, тымняменей кіруючы пачатак кажнага з нас надзельвае ўласнаю ўладаю, бо ў супроцьлежным выпадку, зласьлівасьць майго суседа станецца для мяне шкодаю. Але Бог вырашыў інакш — каб шчасьце нашае або няшчасьце не залежала ад каго-небудзь.

57. Выдаецца, што сонца льлецца ўніз, і запраўды, ува ўсе кірункі яно разьлівае сьвятло, і ўсё-ж яно не расьцярушваецца. Бо гэтае разьліцьцё зьяўляецца працяжэньнем: Тут трэба ўспомніць, што праменьні завуцца працяжэньнямі — бо яны зьяўляюцца працяжнымі. Але нехта можа падумаць, чым гэты прамень ёсьць, асбліва, калі ён глядзіць на сонечнае сьвятло, якое прапушчаецца праз вузкую адтуліну ў цёмны пакой, бо яно працягваецца па простай лініі, і выглядае быццам яно ўпіраецца ў цьвярдое цела, якое выяўляецца, як перашкода ў паветры, што асталося за ім; пасьля гэтага, сьвятло астаецца сталым і ня сьлізгаецца або падае. Гэтакім, затым, павінна быць выказваньне і працяжэньне самога разуменьня, і ні ў якім выпадку яно ня можа быць разьліцьцём, але толькі працяжэньнем; і яно ня можа быць бунтарным або гвалтоўным судыраньнем з перашкодамі, спатканымі на сваім шляху; ані можа яно ўпасьці, але павінна аставацца сталым і прасьветаю азіяць тое, што атрымлівае яго. Бо цела пазбавіць самое сябе таго асьвятленьня, калі яно ня ўспрыйме яго.

58. Той, хто баіцца сьмерці, баіцца або страты вычуваньня або займеньня нейкага іншага вычуваньня. Але, калі ты ня мецімеш ніякага вычуваньня, тады не дазнацімеш пачуцьця ніякае шкоды; і калі ты здабудзеш новы від вычуваньня, ты станешся новым жывым існаваньнем і ты будзеш жыць бяз супынку.

59. Людзі існуюць адзін для аднаго. Затым, або ўсьведамляй іх, або знось церпяліва.

60. Адна рэч — гэта лёт стралы, іншая — лёт інтэлігэнцыі чалавека. Інтэлігэнцыя, запраўды, нават абмінаючы перашкоды і, дасьледуючы прадмет з усіх пунктаў гледжаньня, трымаецца простага напрамку і імкнецца да мэты.

61. Старайся пранікнуць у кіруючы пачатак кажнага; і дай магчымасьць кожнаму пранікнуць у пачатак, які кіруе табою.

Загрузка...