Кніга чацьвертая

1. Калі ўнутраны пануючы пачатак усузгоднены з натураю, дык яго адносіны да ўсяго, што адбываецца, такія, што ён заўсёды можа лёгка прыспасобіцца да магчымага сучаснага. Ён не адчувае любові да якое-небудзь акрэсьленае матэрыі, але адбывае рух у напрамку свае мэты, аднак-жа пры захаваньні пэўных прадумовінаў; і ён ператварае матэрыял для сябе. Таго, што супроцьставіцца яму, падобна, як агонь, валадарыць тым, што ўпадзе ў яго, і праз што малы агонь можа быць патушаны: але, калі полымя сільнае, дык яно ахоплівае матэрыял, што трапіў у яго, зьядае яго і, дзякуючы гэтаму, яшчэ вышэй уздымаецца.

2. Няхай ніякі чын ня будзе выкананы бязмэтна, і ня інакш, як толькі ў сузгоднасьці з найлепшымі прынцыпамі мастацтва.

3. Людзі шукаюць самоту, імкнуцца да жыльля за местам, да морскіх узьбярэжжаў, у горы. І ты гэтаксама прызвычаіўся болей за ўсё жадаць гэтага. Усё гэта, аднак, гаворыць аб скрайнай недасьведчанасьці, бо ў любую хвіліну ты можаш замкнуцца ў самым сабе. Бо самае ціхае і бязбунтарнае месца, куды чалавек можа схавацца, — гэта ягоная душа. У васаблівасьці-ж чалавек, які знойдзе ўнутры сябе тое, углядзеўшыся ў што, ён зараз-жа напоўніцца супакоем; пад супакоем-жа я разумею ня што іншае, як сьведамасьць свае добраўпарадкаванае інтэлігэнцыі. Дык часьцей дазваляй сабе такую самоту і чэрпай зь яе новыя сілы для сябе; і няхай прынцыпы твае будуць кароткія і фундамэнтальныя, першага дачыненьня зь якімі будзе дастаткова, каб разагнаць увесь смутак і адаслаць цябе назад бяз гневу на тое, да чаго ты вяртаешся. Бо і, запраўды, на каго ты будзеш гневацца? На разбэшчанасьць людзей? Але, калі ты прыйдзеш да выснаву, што разумныя істоты нарадзіліся адзін для аднаго, што цярпеньне — ёсьць частка справядлівасьці, што людзі памыляюцца супроць свае волі, калі ты ўспомніш, што гэтулькі людзей, якія сварыліся, глядзелі на сябе з падозраньнем, падтрымлівалі ненавісьць да сябе, уваходзілі ў спаборніцтвы, паміралі і ператварыліся ў парахню, дык ты хутка супакоішся. — Але ці ня гневаешся ты на лёс, які выпаў на тваю долю ў выніку пабудовы Цэлага? Аднаві ў сваей памяці дылему: "провід ці атамы"? і тыя правы, якія даводзяць, што сусьвет падобны на Места. — Цябе засмучае стан цела? Падумай пра тое, што дух, які сканцэнтраваўся ў самым сабе і зьведаў сваю собскую магутнасьць, ня зьмешваецца з жыцьцёваю сілаю, што рухаецца ціха ці парывіста, і пра ўсё іншае, што ты чуў і згадзіўся адносна насалоды і цярпеньня. — Цябе маніць мроя пра славу? Зьвярні ўвагу на тое, як хутка ўсё забываецца, пра хаос часу, бязьмежнага ў той і другі бок, на пахвальбы марнасьці і безразважнасьці тых, што, бачна, цябе цэняць, на нязначнасьць прасторы, межамі якой слава абмежаваная. Бо ўся зямля толькі кропка. І які малюсенькі кусочак яе займае месца твайго знаходжаньня? А колькі тут тых, хто будзе праслаўляць цябе, і што яны сабою выяўляюць?

Успомні, нарэшце, пра твой адыход у тваё собскае жыльлё і, галоўнае, не раскідайся, ня мітусіся, але будзь вольным і глядзі на рэчы, як мужчына, грамадзянін, сьмяротны! Сярод праўдаў, якія заўсёды павінны быць пад рукою, заўваж асабліва дзьве. Па-першае: рэчы, якія не датыкаюцца душы, але знаходзяцца ў стане супачынку вонкі яе; але нашыя ўнутраныя ўсхваляваньні выток свой знаходзяць толькі ў думцы перакананьня. Па-другое: усё тое, што ты назіраеш, падлягае зьіначаньню і хутка зьнікае. Думай толькі і пра тое, колькі зьіначаньняў ты быў сьветкам. Сусьвет — гэта зьіначаньне, жыцьцё — перакананьне.

4. Калі духовы пачатак у нас агульны, дык агульным будзе і розум, дзякуючы якому мы зьяўляемся істотамі разумнымі. Калі гэтак, дык і розум, які загадвае што рабіць і што не рабіць, гэтаксама будзе агульным; калі так, дык і права агульным ёсьць, і калі так, дык мы грамадзяне. Значыць, мы маем дачыненьне зь якім-небудзь грамадзкім ладам; і сьвет падобны да Места. Бо хто-б мог паказаць на які-небудзь другі агульны лад, да якога меў-бы дачыненьне ўвесь род людзкі? Адсюль вось, з гэтага Места і духовы пачатак у нас, і разуменьне, і правы. Адкуль-жа інакш? Бо, як усё тое ўва мне, што мае свомасьць зямлі, ёсьць частка якой-небудзь зямлі, мокрае — частка іншага элямэнту, жыцьцёдайнае, цёплае і падобнае да агня — бяруць пачатак кажнае са свае крыніцы (бо ніякая рэч ня ўзьнікае зь нічога, як і не ператвараецца ў нішто), дакладна гэтак-жа і дух скуль-небудзь усё-ж паходзіць.

5. Сьмерць гэтаксама як і нараджэньне, зьяўляецца тайніцаю натуры; у адным, сучлененьне і разлажэньне тых самых элямэнтаў. Наагул, у іх няма нічога, што магло-б быць для каго-небудзь сорамным, бо нямашака тут нічога неадпаведнага для жывое істоты, або разумнасьць ягонае будовы.

6. Людзям гэтакага складу свома паступаць такім спосабам — гэта неабходнасьць. Не жадаць гэтагаўсё роўна, што не жадаць, каб хвігавае дрэва мела сок. Наагул, памятай, што пасьля вельмі нязначнага працягу часу вы абодва, і ты, і твой супраціўнік, памраце; і хутка пасьля гэтага не астанецца і ўспаміну пра вашыя імёны.

7. Ухілі набок упэўненасьці, а пазбавішся і скаргі, што "мне чыніцца крыўда". Ухілі набок скаргу: "мне чыніцца крыўда" і крыўда прападзе.

8. Тое, што ня робіць чалавека горшым, чымся ён ёсьць, гэтаксма ня робіць горшым і ягонае жыцьцё і ня шкодзіць яму ані звонку, ані знутры.

9. Натура таго, што зьяўляецца сусьветна карысным, была змушанаю ўчыніць яго гэткім.

10. Усё, што адбываецца, адбываецца ў сузгоднасьці са справядлівасьцю: калі будзеш сачыць уважна, дык пераканаешся ў гэтым. Усё адбываецца, кажу я, ня толькі ў сузгоднасьці з дакладным парадкам, але і ў сузгоднасьці са справядлівасьцю, быццам нехта разьмеркаваў усё адпаведна да годнасьці. Працягвай пачатае табою назіраньне і, што-б ты ні рабіў, рабі з тым замерам, каб стацца добрым у сапраўдным значэньні гэтага слова. Захоўвай гэтую думку ўва ўсіх тваіх пачынаньнях.

11. Не праймайся ні той упэўненасьцю, якое трымаецца крыўдзіцель, ані тым, што ён імкнецца навязаць табе, але ўсё разглядай, як рэч маецца ў запраўднасьці.

12. Заўсёды трэба быць гатовым да падвойнага. Па-першае, рабіць толькі тое, што наказвае розум, пануючае і правадаўчае ў табе часткі на карысьць людзей. Па-другое, зьмяніць сваю думку, калі хто-небудзь паправіць цябе і пераканае ў чым-небудзь. Але зьмяняць сваю думку належыць толькі, узгадняючы з чым-небудзь такім пераканаўчым, як справядлівае, агульнакарыснае і гэтак далей, але ні ў якім выпадку таму, што такое зьіначаньне здаецца прыемным, ці прыракае славу.

13. Ці маеш ты розум? — маю, — Чаму-ж ты не карыстаешся ім? Бо, калі ён будзе рабіць сваю справу, што застанецца табе жадаць?

14. Ты існаваў, як частка Цэлага. Табе давядзецца зьнікнуць у тым, што нарадзіла цябе, дакладней: з прычыны зьмяняльнасьці ты будзеш праглынуты семявым прынцыпам дарогаю трансмутацыі.

15. На ахвярніку шмат кавалачкаў ладана. Адзін трапіў сюды раней, іншы — пазьней. Розьніцы тутака няма ніякае.

16. Калі ты прасякнешся пэўнымі галоўнымі прынцыпамі і паставіш сябе на службу розуму, дык праз дзесяць дзён ты богам будзеш здавацца тым, каму цяперака здаешся зьверам і малпаю.

17. Жыві так, быццам у цябе наперадзе яшчэ дзесяць тысяч гадоў жыцьця. Час ужо блізка. Пакуль жывеш, пакуль ёсьць магчымасьць, старайся стацца добрым.

18. Ад якога вялікага клопату ўхіляецца той, хто не зьвяртае ўвагі на тое, што падумаў, сказаў ці зрабіў ягоны сусед, але толькі зьвяртае ўвагу на тое, што робіць ён сам, каб захаваць у сваіх дзеяньнях справядлівасьць і набожнасьць. Як кажа Агатон, ня вышукваць трэба заганы іншых людзей, а ісьці сваею простаю дарогаю, не адхіляючыся ўбок.

19. Той, хто мроіць аб славе пасьля сьмерці, не бярэ пад увагу, што кажны, хто пра яго памятае, сам хутка памрэ, за ім пойдзе і той, хто прыйшоў пасьля яго, і гэтак да таго часу, пакуль не пагасьне ўся памяць, прайшоўшы пакаленьні тых, што памяталі. Але возьмем пад увагу, што тыя, хто памятаюць цябе, зьяўляюцца несьмяротнымі, і памяць нязьнішчальная. І што табе да гэтага? Я не кажу ўжо, што гэта — нішто для нябожчыка. Але, што да пахвалаў жывому, апрача хіба-што маемасных выгадаў? Дык пакінь зараз-жа турбавацца пра гэты без значэньня гасьцінец, які залежыць выключна ад людзкага погаласу.

20. Кажная рэч, якая ў сваім родзе ёсьць прыгожаю, ёсьць прыгожаю сама ў сабе: пахвала не ўваходзіць у яе складовую частку. Таму, ад пахвалы на е стаецца ані горшаю, ані лепшаю. Я маю тут на ўвазе і тое, што завецца прыгожым са звычайнага пункту гледжаньня, напрыклад, матэрыяльныя рэчы і творы мастацтва. У якой пахвале магло-б мець патрэбу сапраўды прыгожае? Ня болей, чымся права, ня болей, чымся праўда, ня болей, чымся дабразычлівасьць, чымся прыстойнасьць. Што з усяго гэтага стаецца прыгожым у выніку пахвалаў, або брыдкім, дзякуючы ганьбаваньню? Ці-ж смарагд з прычыны адсутнасьці пахвалы для яго станецца горшым? А золата? слановая косьць, пурпур, мрамар, кветка, куст?

21. Калі душы існуюць далей, дык якім спосабам паветра спрадвеку зьмяшчае іх у сабе? — І якім спосабам зямля зьмяшчае ў сабе целы нябожчыкаў на працягу доўгіх вякоў? Падобна таму, як тут целы, пасьля некаторага часу прабываньня ў зямлі, зьіначваюцца, і гэтым даюць месца для іншых целаў, дык гэтакжа і душы, што знайшлі сабе прыпынак у паветры, нейкі час астаюцца ў ранейшай хворме, а пасьля пачынаюць зьіначвацца, расьцякаюцца, вяртаючыся гэтым назад да семяное інтэлігэнцыі Цэлага, і гэткім спосабам даюць месца новым душам. Вось як можна адказаць пры дапушчэньні, што душы існуюць далей. Неабходна затрымацца ня толькі над колькасьцю пахаваных нябожчыкаў, але і над колькасьцю жывых істотаў, якія штодзенна намі і драпежнымі жывёламі зьядаюцца. У якой колькасьці яны нішчацца і як знаходзяць сваю магілу ў целе тых, каму яны былі патрэбнымі? І ўсё-ж месца для іх хапае, бо яны ператвараюцца ў кроў і прымаюць элямэнты паветра, ці агню.

Што магло-б дапамагчы распазнаньню праўды ў гэтым пытаньні? — Распадзел на тое, што ёсьць матэрыяю і тое, што ёсьць прычынаю хвормы.

22. Ня трэба кідацца з боку ў бок, але пры кажным пытаньні ўзгадняцца з справядлівасьцю і пры кажным уяўленьні захаваць здольнасьць агарненьня.

23. Кажная рэч, якая гарманізуе са мною, каторы гарманізуе з табою, Сусьвет! Нічога для мяне ня ёсьць за рана, ані за позна, што ў вадпаведным часе здараецца са мною. Кажная рэч для мяне ёсьць плодам, які прыносіць пара году, о Натура! Зь цябе ўсе рэчы, у табе ўсе рэчы, і ўсе рэчы вяртаюцца да цябе. Паэта кажа: Дарагое места Кекропоса; ці-ж не скажаш і ты, Дарагое места Зэўса?

24. Калі жадаеш займець супакой, кажа філёзаф, дык абмяжуй сваю дзейнасьць нешматлікім. Але ці не ляпей сказаць "неабходным", і тым, што раіць розум чалавека, які зьяўляецца грамадзкім вымаганьнем, і гэтак, як ён вымагае? У падобным выпадку мы займеем ня толькі супакой душы, які абумоўліваецца прыгожымі ўчынкамі, але і тым, які абумоўліваецца іхнаю нешматлікасьцю. Бо большая частка таго, што мы кажам і чынім, не зьяўляецца неабходным; і калі-б хто-небудзь абыйшоўся бяз гэтага, дык быў-бы багацейшым на супакой і бяднейшым на турботы. Затым, у кажным асобным выпадку трэба пытацца самога сябе: Ці адносіцца гэта да ліку неабходнага? І адхіляць трэба ня толькі тое, што непатрэбнымі паступкамі зьяўляецца, але і неабходныя ўяўленьні, бо за імі надыходзяць непатрэбныя паступкі.

25. Паспрабуй, наколькі табе ўдасца, жыць жыцьцём добрага чалавека, які задавальняецца часткаю, атрыманаю з Цэлага, здаволенага справядлівасьцю свае собскае дзейнасьці і дабразычлівасьцю свайго настрою.

26. Ці агарнуў ты папярэдняе? Запазнайся, тады, і з наступным. Ня турбуй самога сябе, старайся быць простым. Чыніць хто-небудзь дрэнна? Гэта самому сабе чыніць ён дрэнна. Здарылася з табою што-небудзь? Добра. Усё, што здараецца з табою, было ад пачатку суджана табе і зьвязана з табою, дзякуючы канструкцыі Цэлага. Жыцьцё ёсьць кароткім. Трэба разумна і справядліва карыстацца сучасным. Не аддавайся празьмернасьцям і ў вольных гадзінах.

27. Сусьвет ёсьць або добра ўладжаным парадкам, або хаосам. Але бяспрэчна першым. Ці можа ў табе існаваць вядомы парадак, а ўва ўсім іншым павінен быць беспарадак? І гэта, калі ўсё разьлічана, разьдзелена і знаходзіцца ў сталай узаемадзейнасьці!

28. Ёсьць характары хмурыя, характары жаноцкія, упартыя, лютыя, дзіцячыя, жывёльныя, вялыя, хвальшывыя, недарэчныя, настырлівыя, тыранскія.

29. Калі чужы сусьвету той, хто ня ведае сутнасьці яго, дык ня меней чужы і той, хто ня ведае, што адбываецца ў ім. Уцекачом ёсьць той, хто ўхіляецца з прычынаў грамадзкіх; сьляпак — хто заплюшчвае духовыя вочы; жабрак — хто патрабуе помачы іншага і ня мае ў самым сабе ўсяго карыснага для жыцьця. Хто адыходзіць і аддаляецца ад розуму агульнае натуры, нездаволены тым, што адбываецца, адступнік ад сусьвету. Бо ўсё, што адбываецца, нараджае тая самая натура, якая нарадзіла і яго. Адрынутым ад Места зьяўляецца той, хто аддзяляе сваю душу ад душы ўсіх разумных істотаў — аднае для ўсіх.

30. Адзін зьяўляецца філёзафам бяз хітону, іншы бяз кнігі, а яшчэ іншы — паўголы. У мяне няма хлеба, кажа ён, і ўсё-ж, я верны розуму. І мяне навука ня корміць, але я застаюся верны ёй.

31. Любі ня хітрае мастацтва, якое ты вывучыў, і ў ім знаходзь для сябе задавольненьне. Рэшту жыцьця пражыві, як чалавек, які ўсёю душою аддаўся на волю багоў ува ўсім, што тычыцца яго, і не жадае быць нявольнікам, ані тыранам у адносінах да каго-небудзь зь людзей.

32. Ахіні ўзрокам разумнага чалавека хоць-бы часы Вэспазіяна, і ты ўбачыш усё тое, што і цяперака: людзі жэняцца, гадуюць дзяцей, хварэюць, паміраюць, ваююць, спраўляюць сьвяты, падарожнічаюць, абрабляюць зямлю, лісьлівяць, пагарджаюць, падазраюць, плянуюць зло, жадаюць сьмерці іншым, наракаюць на сучаснае жыцьцё, кахаюць, зьбіраюць скарбы, дабіваюцца ганаровых пасадаў і трону. Што сталася зь іхным жыцьцём? Яно загінула. Перанясіся да часоў Траяна: і там тое самае. Супачыла і гэтае жыцьцё. Паглядзі гэтаксама і на іншыя пэрыяды часу ў жыцьці цэлых народаў і зьвярні ўвагу на тое, колькі людзей памерла хутка пасьля дасягненьня жаданае мэты і расклаліся на элямэнты. Часьцей за ўсё трэба вяртацца да тых, якіх ты ведаў асабіста, як людзей, якія імкнуцца да нікчэмнага і пагарджаюць справаю, якая адпавядае іхнаму ўласнаму ладу, ня былі ёй вернымі і не здавальняліся ёю. Неабходна гэтаксама памятаць, што ўвага, якую мы ўдзяляем кажнай справе, ацэньваецца паводля самое справы і павінна быць суразьмернаю ёй. Такім чынам, калі ня будзеш займацца нязначнымі справамі болей, як гэтага вымагае прыстойнасьць, дык не давядзецца табе і расчароўвацца.

33. Словы, якія калісьці былі звычайнымі, цяперака патрабуюць тлумачэньня. Тое самае і зь імёнамі некалі праслаўленых людзей, як Камільлюс, Цэзон, Волезус, Леоннатус, неўзабаве гэтакі-ж лёс чакае і Сцыпіёна, і Катона, пасьля Аўгустуса, а пасьля чарга на Гадрыяна, і Антонінуса. Усё караткавечна і хутка ператвараецца ў міт, а пасьля і зусім забываецца. І я яшчэ кажу пра людзей, якія ў свой час былі акружаны нязвычайным арэолам. А што да рэшты, дык трэба ім толькі памерці, каб шчэзнуў пра іх і ўспамін. І што гэта такое — вечная слава? — Праўдзівая турбота. Але, ці існуе што-небудзь, да чаго трэба аднесьціся паважна? — Толькі адно: праведнае думаньне, агульнакарысная дзейнасьць, слова, няздольнае да маны, і ўнутраны настрой, які з радасьцю прыймае ўсё, што адбываецца, як прадбачанае, якое выцякае з агульнага пачатку і агульнае крыніцы.

34. Аддайся дабраахвотна Клёце, і няхай яна ставіць цябе ў тыя ўмовы, у якія хоча.

35. Усё хутка мінае: і той, хто памятае, і тое, пра што памятае.

36. Заўсёды думай пра тое, што ўсё, што ўзьнікае, узьнікае з прычыны зьіначаньня, і прывучай сябе да думкі, што нічога так ня любіць натура Цэлага, як зьіначваць існуючае і тварыць новае, падобнае. Затым, што ўсё існуючае ёсьць свайго роду сем'ем таго, што зь яго выйдзе. Ты ўважаеш сем'ем толькі тое, што пасеена ў зямлю, ці ў чэрава маці — і касьцянееш у невуцтве.

37. Твой канец ужо блізкі, а ты ўсё яшчэ ня выракся ўсяго штучнага, усё яшчэ ня вольны ад хваляваньня, усё яшчэ асьцерагаешся шкоды зьнекуль, не прасякнуты дабрасхільнасьцю да ўсіх, не разумееш, што мудрасьць — выключна ў справядлівай дзейнасьці.

38. Унікні ў кіруючы пачатак людзей, у тое, што іх турбуе, да чаго яны імкнуцца і ад чаго ўхіляюцца.

39. Зло караніцца для цябе ня ў кіруючым пачатку іншых людзей і не ў ператварэньнях і зьменах твайго цела. — Дзе, тады? — У той частцы самога цябе, у якой творыцца сіла хвармаваньня апініі адносна апініі зла. Няхай гэтая сіла замоўкне, і ўсё будзе добра. Няхай гэтая сіла знойдзецца ў супакоі нават тады, калі найболей ёй блізкае, яе цела, рэжуць, паляць, калі яно гноіцца і гіне, або няхай яна разважыць, што няма ні дабра, ані зла ў тым, што аднолькава можа здарыцца як зь нядобрым, гэтак і з добрым чалавекам. Бо тое, што ў аднолькавай меры здараецца з тым, што жыве супроць натуры, як і з тым, што жыве ў сузгоднасьці з натураю, яно нясузгоднае з натураю, як і згоднае·зь ёю.

40. Ты заўсёды павінен думаць пра сусьвет, як пра адзіную істоту, з адзінаю сутнасьцю і адзінаю душою. Падумай пра тое, як усё зводзіцца да яго-ж адзінага адчуваньня, як стварае ён усё адзіным імкненьнем, як усё задзейнічае ўзьніканьню ўсяго, якая ўва ўсім сувязь і адпаведнасьць.

41. Чалавек — гэта малая душа, якая абцяжаная трупам, казаў Эпіктэтус.

42. Няма нічога дрэннага ў тым, каб пратрываць зьіначаньне, як няма нічога добрага ў існаваньні, дзякуючы зьіначаньню.

43. Час ёсьць рэчка ўзьнікаючага і імклівы струмень. Хай толькі зьявіцца што-небудзь, як ужо праносіцца міма, але праносіцца і іншае, і зноўку бачыцца першае.

44. Усё, што адбываецца, — гэтакае-ж самае, звычайнае і ведамае, як ружа вясною і вінаград увосень. Гэтакія і хвароба, і сьмерць, і паклёп, і зламыснасьць, і ўсё тое, што радуе і засмучае глупых.

45. У чарговасьці рэчаў, тыя, якія сьледуюць, зроднена падходзяць да тых, што папярэдзілі іх; бо чарговасьць гэтая ня можа быць уважанаю толькі як пералік рознаякіх рэчаў, якія адно падпарадкаваны неабходнай чарговасьці, але зьяўляюцца рацыянальнаю сувязьзю: бо як усе існуючыя рэчы гарманічна ўпарадкаваныя разам, гэтаксама і рэчы, якія прыходзяць да існаваньня, адхіляюць ня простую чарговасьць, але поўнае цудоўнае ўзаемапавязаньне.

46. Заўсёды памятай тое, што казаў Гэраклітос: Для зямлі сьмерць — стацца вадою, для вады — паветрам, для паветра — агнём, і наадварот. Трэба мець на ўвазе: чалавек, які забыў, куды вядзе шлях і пра тое, што людзі адхіляюцца ад усёпранікаючага розуму Цэлага, ад розуму, зь якім яны знаходзяцца ў бесперапынных зносінах, і што чужым здаецца ім тое, з чым яны сутыкаюцца кажны дзень, і пра тое, што ня трэба казаць і рабіць, як у сьне (бо-ж і тады нам здаецца, быццам мы кажам і дзейнічаем), і што ня трэба ўпадабляцца дзецям, гэта значыць, сьлепа трымацца за прыклад бацькоў.

47. Калі-б хто-небудзь з багоў сказаў табе, што ты памрэш заўтра, ці ў найлепшым выпадку посьлязаўтра, дык насілу ці стаў-бы ты вельмі дабівацца, каб гэта здарылася посьлязаўтра, калі ты толькі не палохлівы да нізкасьці. Бо-ж розьніца тут вельмі нязначная. Гэтаксама не ўважай вельмі важным памрэш ты пасьля шматлікіх гадоў, ці заўтра.

48. Заўсёды думай аб тым, колькі памерла лекараў, якія часта хмурылі бровы над ложам хворага; колькі астралёгаў, што ганарыліся сваімі прадказаньнямі сьмерці іншым людзям; колькі філёзафаў, што вялі дыскусыі адносна сьмерці і несьмяротнасьці; колькі герояў, што паназабівалі гэтулькі людзей, колькі тыранаў, якія карысталіся сваею ўладаю над чужым жыцьцём з гэтакаю ганарыстасьцю, быццам яны самыя былі несьмяротнымі; колькі, калі можна сказаць, памерла цэлых местаў, як Гэлікія, Пампэі, Гэркулянэюм і нязьлічаная колькасьць іншых. Дадай аднаго за другім да пералічаных усіх ведамых табе людзей. Адзін чалавек, пасьля пахаваньня іншага, сам памірае, каб і яго пахаваў нехта іншы: і ўсё гэта ў адносна кароткім часе. Наагул, трэба заўважыць, як мінаючымі і бязвартаснымі людзкія рэчы ёсьць, і тое, што было яшчэ ўчора ў зачатку, заўтра ўжо мумія або парахня. Прайдзі, затым, гэтае малое прамежжа часу ў сузгоднасьці з натураю, і закончы яго ў здавальненьні, як падае пасьпелая аліва, дабраславячы натуру, якая радзіла яе, дзякуючы дрэву, на якім яна вырасла.

49. Будзь падобны да скалы, аб якую бесперапынку разьбіваюцца хвалі, але сама яна стаіць нярухома, і навакол яе заціхаюць усхвалёваныя воды.

Я нешчасьлівы затым, што са мною здарылася гэтае і тое. — Зусім не. Наадварот, я шчасьлівы таму, што, хоць гэта і здарылася са мною, я ўсё-ж ня турбуюся, ня зломлены я сучасным, ня дрыжу перад надыходзячым. Здарыцца гэта-ж магло з кажным, але ня кажны астаўся-б непахісным. Чаму, тады, першае, большае няшчасьце, чымся другое шчасьце? Ці-ж ты назавеш няшчасьцем для чалавека тое, што не перашкаджае чалавечай натуры асягнуць свае мэты? Але, ці здаецца табе гэтакаю перашкодаю тое, што ня мінаецца з вымаганьнямі людзкае натуры? У чым-жа заключаюцца гэтыя вымаганьні? Ты ведаеш волю натуры. Ці-ж тое, што здарылася, перашкаджае табе быць справядлівым, далікатным, асьцярожным, разважным, празорлівым у меркаваньнях, праўдзівым, сьціплым, і шчырым, і мець усе іншыя якасьці, пры наяўнасьці якіх выступае асаблівасьць людзкае натуры? Не забывайся і ў далейшым пры ўсякім здарэньні, якое прыводзіць цябе да смутку, карыстацца прынцыпам: ня гэта ёсьць няшчасьцем, але зьнесьці яго годна вось гэта і будзе шчасьце.

50. Просты, але сапраўдны сродак, каб навучыцца пагарджаць сьмерць — трэба будзіць у памяці тых, хто прагна чапляўся за жыцьцё. Чым ім ляпей, чымся тым, што памерлі перадчасна? Ляжаць дзе-небудзь у магілах і Кадзікіянус, і Фабіюс, і Юліянус, і Лепідус, і ім падобныя, якія шмат каго пахавалі, а пасьля пахавалі і іх. Розьніца ў часе зусім нязначная, дый пры якіх умовах, зь якімі людзьмі і ў якім жалюгодным целе давядзецца праводзіць гэты час! Дык вось, ня лічы ўсяго гэтага важным. Азірніся назад — там непамерная бездань часу, зірні наперад — там другая бязьмежнасьць. Якое-ж значэньне мае, у параўнаньні з гэтым, розьніца паміж тым, хто пражыў тры дні, і тым, хто пражыў тры чалавечыя жыцьці?

51. Заўсёды ідзі найкарацейшым шляхам. Найкарацейшы-ж шлях — гэта шлях, які адказвае натуры: ён у тым, каб трымацца праўды ўва ўсіх рэчах і паступаваньнях. Гэтакае рашэньне вызваліць цябе ад утомленасьці, барацьбы, прытворства і пыхлівасьці.

Загрузка...