Кніга дванаццатая

1. Усе тыя рэчы, да якіх ты хочаш дайсьці крутою дарогаю, ты можаш займець цяперака, калі толькі будзе табою праяўлена пашана да самога сябе. Гэта значыць, што, калі ты пакінеш мінулае, прышлае аддасі прадбачаньню, а сам займешся выключна сучасным, узгадняючы яго з набожнасьцю і справядлівасьцю. З набожнасьцю, дзеля таго, каб любіць сваю долю, бо натура прытарнавала яе да цябе, а цябе да яе. З справядлівасьцю, каб вольна і бяз ухіленьня казаць праўду і паступаць заўсёды ў сузгоднасьці з правам, з пашанаю для годнасьці, і каб ня сталіся для цябе перашкодаю ані чужы заган, ані перакананьне, ані абгаворы, ані адчуваньні ахінаючага цябе цела: няхай разьбіраецца ў іх само цела, якое іх дазнае. Затым, калі ты, ужо прыблізіўшыся да, канца, пакінеш усё і будзеш шанаваць толькі свой кіруючы пачатак і боскае ў табе, будзеш баяцца не таго, што калі-небудзь жыцьцё спыніцца, а таго, што ніколі ня было пачата жыцьцё, сузгоднае з натураю, дык тады станеш чалавекам, вартым сусьвету, які цябе стварыў, перастанеш быць чужынцам у сваей бацькаўшчыне, ня будзеш дзівіцца штодзенна з таго, што адбываецца, як зь нечага нечаканага, і знаходзіцца ў залежнасьці ад таго, ці гэтага.

2. Бог бачыць кіруючы пачатак кажнага з нас, аголенага, без матэрыяльнае абалонкі, кары, нарастаў. Бо Бог мае дачыненьне толькі да таго, што ўзьнікла і перайшло ад яго ў кіруючы пачатак, і пры тым толькі сваім розумам. Калі-б ты прызвычаіў сябе паступаць падобна, дык пазбавіўся-б ад шматлікіх клопатаў. Ці-ж ня мае шмат вольнага часу той, хто не зьвяртае ўвагі на свой цялесны вобраз, а тым болей не зварочвае свае думкі на адзеньне, жыльлё, славу і ім падобныя покрывы і прыхарошваньні?

3. Ты складаешся з трох частак: цела, жыцьцёвае сілы і духу. Зь іх першыя дзьве твае патолькі, паколькі табе даводзіцца клапаціцца аб іх, і толькі трэйцяя сапраўды належыць табе. Затым, калі ты адхілішся ад самога сябе, гэта значыць, ад твайго зразуменьня, што чыняць і кажыць іншыя, ці што рабіў і казаў ты сам, усё, што непакоіць цябе, як павіннае стацца, што не залежыць ад твайго выбару, адносячыся да ахінаючага цябе цела, ці прыроджанае яму жыцьцёвае сілы, што вонкі цябе цягне за сабою наўкол аблятаючы віхор, і такім чынам, твой дух, выключаны з асяродзьдзя, зь якім спалучыла яго доля, будзе чысты і вольны наладзіць жыцьцё па-свойму, творачы справядлівае, пагаджаючася з тым, што адбываецца, і кажучы праўду; калі, кажу я, ты аддаліш ад кіруючага пачатку тое, што да яго прыліпла, ад уздыму моцных пачуцьцяў, і тое, што адносіцца да мінулага, ці прышлага, будзеш, тады, падобны да таго, што кажа Эмпэдоклес:

"Гала ўсюды аднолькім памерам сваім ганарыцца"; гэтак будзеш і ты думаць толькі пра тое жыцьцё, якім жывеш, гэта значыць, пра сучаснае аж да сьмерці, вольна ад турботаў, годна і ў сузгоднасьці са сваім гэніем (з богам, што знаходзіцца ў табе).

4. Я часта дзіўлюся, як гэта ёсьць, што кажны чалавек любіць самога сябе болей, чымся ўсіх іншых людзей і адначасна ён меней паважае сваю ўласную апінію адносна самога сябе, чымся апінію, у дадзеным выпадку, іншых людзей. Затым, калі-б зьявіўся чалавеку бог або напоўнены мудрасьцю настаўнік і загадаў яму ня думаць і не разважаць у самым сабе пра нічога, пра што ён не апавясьціў-бы голасна, дык ніхто ня вытрываў-бы і аднаго дня. Адсюль: мы значна болей паважаем усё тое, што іншыя людзі будуць думаць пра нас, чымся нашую думку пра нас самых.

5. Як можа быць, каб багі пасьля добрага ўладжаньня ўсіх рэчаў і з дабраслаўленьнем для людзкасьці, не дагледзелі аднаго, пайменна, што некаторыя людзі і вельмі добрыя людзі, каторыя, сказалі-б мы, мелі найбольшую супольнасьць з боскасьцю, і дарогаю пабожных чынаў і рэлігійных выконваньняў былі найболей цесна зьвязаны з боскасьцю і, калі яны аднойчы памерлі, ня маюць ужо ніколі болей зноў існаваць, але маюць суцэльна зьнікнуць? Калі гэтак рэч маецца ў запраўднасьці, тады будзь пэўным, што, калі-б гэта і мела быць інакш, тады багі і ўчынілі-б інакш. Бо, калі гэта было справядлівым, дык было гэтаксама і магчымым; і, калі гэта было ў сузгоднасьці з натураю, дык натура і стварыла гэтак. Але, дзеля таго, што гэтак ня ёсьць, дык і перакананым будзь, што яно і не павінна было быць гэтакім: — бо-ж і сам ты спасьцерагаеш, што гэтакім разважаньнем ты ўваходзіш у дыскусыю з боскасьцю; але падобных рэчаў мы не павінны дыскутаваць з багамі, хіба што яны зьяўляюцца найболей добрымі і найболей справядлівымі; — і, калі гэтак рэч маецца, дык яны аніякае рэчы не дазволілі — у ўладжаньні сусьвету — быць занядбанаю несправядліва або нерацыянальна.

6. Практыкуйся нават у рэчах, якія выдаюцца табе неасягальнымі. Бо нават левая рука, якая зьяўляецца болей слабейшаю за правую, мацней трымае лейцы, чымся правая, яна загартавалася ў гэтым.

7. Падумай, у якім стане знойдуцца душа і цела чалавека, калі яго запыніць сьмерць; і падумй, як кароткім жыцьцё зьяўляецца, і пра бязьмежнасьць прасторы, і вечнасьці за і перад чалавекам; падумай пра бездапаможнасьць усяго матэрыяльнага.

8. Разглядай прычынныя пачаткі рэчаў бяз усякіх наляцеласьцяў, а ў паступках — іхныя мэты. Падумай, чым ёсьць цярпеньне і прыемнасьць, што сьмерць і што слава; аб тым, што кажны зьяўляецца сам прычынаю сваіх хваляваньяў; што адзін чалавек ня можа перашкодзіць іншаму, уважаць, што ўсё заснавана на перакананьні.

9. Карыстаючыся аснаўнымі прынцыпамі, ты павінен упадабняцца панкратыстаму, а не глядыятару. Бо трэба толькі апошняму выпусьціць з рукі меч, якім ён змагаецца, а сьмерць зараз-жа надыйдзе; тады, як у першага рукі заўсёды пры сабе, і яму не патрэбна нічога іншага, як толькі ўжываць іх.

10. Неабходна разабрацца ў свомасьцях самых рэчаў, вырозьніваючы ў іх матэрыю, прычынны пачатак і мэту.

11. Якую вялікую сілу мае чалавек нічога не рабіць, апрача таго, што заслугоўвае ўзнаньне Бога, і прыняць усё, што Бог пасылае яму, у сузгоднасьці з натураю.

12. Ня трэба рабіць закідаў ані багом, бо яны ні ў чым не памыляюцца ані дабраахватна, ані наўсуперак свае волі; ані людзям, бо яны не памыляюцца наўсуперак сваей волі. Затым, нікому ня трэба рабіць закідаў.

13. Які сьмешны і дзіўны той, хто дзівіцца з чаго-небудзь, што адбываецца ў жыцьці.

14. Або існуе наканаваная неабходнасьць, або добры Провід, або бязуладная і нікому непадпарадкаваная сумяціца. Затым, калі існуе няўхвытная неабходнасьць, чаму, тады, ты супроцьставішся ёй? Але, калі існуе Провід·, каторы дазваляе зьвяртацца да сябе, тады ўчыні сябе вартым боскае помачы. Але, калі існуе некіраваная нічым зьбянтэжаньне, дык будзь здаволеным, што сярод гэтае няпэўнасьці ты ўсё яшчэ маеш у сабе кіруючую інтэлігэнцыю. І калі нават няпэўнасьць падхопіць і панясе цябе, няхай яна нясе беднае цела, беднае дыханьне і ўсё іншае; інтэлігэнцыі твае яна не забярэ ад цябе.

15. Сьвятло сьветача зыркае і ня губіць свайго бліску, пакуль ня будзе патушана. А праўда, якая знаходзіцца ў табе, і справядлівасьць, і паўстрыманасьць маюць-жа быць патушанымі перад тваею сьмерцю?

16. Калі хто-небудзь дае табе зразумець, што ён робіць памылку, дык скажы сабе: Адкуль я ведаю, што гэта памылка? Або, калі гэта і ёсьць памылка, дык ці не пакараў ён ужо сам сябе, упадобіўшыся таму, хто вырваў сабе вока?

Той, хто не жадае, каб благія людзі памыляліся, падобны да чалавека, які ня хоча, каб хвігавае дрэва давала сок у хвігах, каб малыя дзеці плакалі, конь іржаў, каб адбывалася ўсё неабходнае. Што мае рабіць гэтакі чалавек? Калі ў цябе хопіць адвагі, дык папробуй вылячыць яго.

17. Калі гэта няпрыстойна, не рабі гэтага; калі мана — не кажы.

18. Тваё імкненьне заўсёды павінна быць накіравана на тое, каб убачыць, якое само па сабе тое, што выклікае ў табе ўяву, і дасьледзіць яго, разьлічаючы ў ім пачатак прычынны і пачатак матэрыяльны, мэту і час зь ягоным абмежаваньнем.

19. Памятай, нарэшцэ, што ў самым сабе ты маеш нешта болей дасканалае і боскае, чымся тое, што выклікае заўзятасьць, ці наагул, цягне да сябе. Што цяперака запаўняе маю душу? Ці ня страх, або падазрэньне, ці жадоба, або што-небудзь іншае, падобнае да гэтага?

20. Па-першае, нічога ня трэба рабіць непрадумана і бяз мэты. Па-другое, трэба рабіць толькі ў адпаведнасьці да пастаўленае мэты, агульнага дабра і нічога іншага.

21. Яшчэ крыху і ты зьнікнеш, аднолькава, як і ўсё тое, што ты бачыш, і ўсе тыя, што жывуць цяперака. Бо ўсё падлягае зьіначаньню, ператварэньню і зьнікненьню, — каб, пасьля яго, узьнікла іншае.

22. Усё абасноўваецца на перакананьні; і яно залежыць ад цябе. Адхілі, затым, калі будзе гэта тваім замерам, перакананьне, і ты, падобна, як мораплаўнік, ахіліўшы скалы, здабудзеш супакой, роўнядзь і ціхае прыстанішча.

23. Кажная асобная дзейнасьць, якая спыняецца ў вызначаным часе, ня мае бяды ад самога спыненьня, дый той, хто быў заняты ёю, ня мае бяды ад яе спыненьня. Падобна рэч маецца і з супольнасьцю дзеяньняў — што завецца жыцьцём — калі спыніцца ў вызначаны час, не дазнаціме бяды ад самога спыненьня, ды і той, хто пакладзе канец гэтаму шэрагу, не дазнаціме бяды. Час-жа і тэрмін вызначае натура, часамі натура кажнага ў вапрычонасьці, як у старасьці, ува ўсіх-жа выпадках бяз вынятку·натура Цэлага, зьмяненьне частак якога падтрымлівае ўвесь сусьвет у адвечнай маладосьці і квітненьні. Усё карыснае Цэламу заўсёды прыгожае і ў сузгоднасьці з адпаведнасьцю часу. Затым, спыненьне жыцьця ні для кога не зьяўляецца бядою, ня будучы ганебным, калі яно не залежыць ад нашага выбару і ня ідзе супраць вымаганьняў супольнасьці; але яно зьяўляецца дабром, калі яно зьяўляецца сваечасовым для Цэлага, карыснае яму і ў сваім руху зь ім суладнае, Таму, і супрацоўнікам божым зьяўляецца той, каго Бог вядзе па сваіх шляхох, а ягонае ўласнае разуменьне — да божых мэтаў.

24. Заўсёды трэба быць гатовым адносна наступных трох прынцыпаў. Адносна сваіх дзеяньняў памятай, што ты не павінен паступаць непатрэбна, і ня інакш, чымся зрабіла-б сама справядлівасьць; але з увагі на тое, што можа прытрапіцца табе звонку, май на ўвазе, што гэта можа займець месца з прычыны або здарэньня, або ў сузгоднасьці з прадбачлівасьцю, і ты не павінен наракаць ані на здарэньне, ані на прадбачлівасьць. Па-другое, май на ўвазе рост кажнае істоты ад зародку — да адухаўленьня, і ад адухаўленьня — да растаньня з душою, і з чаго яно складаецца, і на што раскладваецца. Па-трэйцяе, ведай, што калі-б ты, нечакана быў узьняты ўгору над зямлёю, акінуў-бы паглядам чалавечыя справы і на шматзьменны ход іх, дык перапоўніўся-б ты пагардаю да іх, маючы адначасна магчымасьць сузіраць гэтулькі істотаў, што жывуць навакол, у паветры і ў этэру, і што, колькі-б разоў ты ні ўзьнімаўся гэткім чынам, ты заўсёды ўбачыў-бы адно і тое самае, аднаякае і кароткавечнае. І гэтым мы ганарымся.

25. Адкінь упэўненасьць і ты ўратаваны. І хто можа перашкодзіць табе адкінуць яе?

26. Калі ты абураешся адносна чаго-небудзь, дык ты забыўся аб тым, што ўсё робіцца ў сузгоднасьці з натураю Цэлага; ты забыўся і пра тое, што памылка іншага ня тычыцца цябе, і аб тым гэтаксама, што ўсё рабілася гэтакім спосабам, будзе рабіцца і цяперака робіцца ўсюды, і аб тым, у якім сваяцтве асобны чалавек з усім родам чалавечым, не паводля крыві і агульнага паходжаньня, але паводля духу. Ты забыў гэтаксама і аб тым, што дух кажнага ёсьць бог і ад яго паходзіць, і аб тым яшчэ, што нічога нікому не належыцца неад'емна, але і яго дзіця, і яго цела, і сама душа яго дасталіся яму з тае самае крыніцы, аб тым, што ўсё заснавана на перакананьні і, што кажны жыве толькі сучасным і толькі сучаснае можа стра ціць.

27. Заўсёды ўспамінай пра тых, якія моцна абураліся зь якое-небудзь прычыны, або перавысілі ўсіх славаю, шчасьцем, або былі абсыпаны якімі-небудзь дарункамі долі. Пасьля гэтага пастаў сабе пытаньне: Дзе ўсё гэта цяперака? — Дым, пыл і міт, або нават і ня міт. Падумай гэтаксама пра ўсё тое, чаму прыкладамі могуць быць Фабіюс Катульлінус, які жыў па-за местам; Люсіюс Люпус у сваіх садох, Сцэрцініюс у Баях; Тыбэрыюс на Капры; Вэліюс Руфус (або Руфус у Вэліі); і наагул пра захопленьне чым-небудзь, зьвязаным з разважаньнем усіх прадметаў і імкненьняў, і пра тое, наколькі болей філязафічна гэта ёсьць праяўляць на дазеным яму матэрыяле, але справядлівасьць і бескарысную паслухмянасьць багам. Ганарыстасьць-жа з атсутнасьцю гонару зьяўляецца самаю нязноснаю адменнасьцю ганарыстасьці наагул.

28. Тым, што пытаюцца: Дзе ты бачыў багоў, ці адкуль даведаўся пра іхнае існаваньне, што аж гэтак старанна шануеш іх? адказвай: Па-першае, багі даступныя і вачом, Далей, душы свае я гэтаксама ніколі ня бачыў і аднак-жа шаную яе. Тое самае і адносна багоў: дазнаючы нясупынна праявы іхнае сілы, я даведваюся з гэтага пра іхнае існаваньне, і пахіляю сваю галаву перад імі.

29. Бясьпека жыцьця ў тым, каб ведаць адносна кажнае рэчы, якая яна сама ў сабе ў сваей цэласьці, што знаходзіцца ў ёй ад пачатку матэрыяльнага і што — ад прычыннага, усёю душою аддавацца ўрэчаісьненьню справядлівага і казаць праўду. Што-ж, тады, застаецца пасьля ўсяго, як ня цешыцца жыцьцём, зьвязваючы адну добрую справу зь іншаю, не пакідаючы нават найкарацейшага прамежку?

30. Існуе адно сонечнае сьвятло, хоць і раздрабляецца сьценамі, гарамі і бязьлікім мноствам іншых прадмэтаў. Існуе адзіная агульная субстанцыя, хоць і яна раздрабляецца паміж бязьлікага мноства асобных і сваеасаблівых целаў. Існуе адзіная душа, хоць і яна распадзеленая паміж мноствам істотаў і асобных стварэньняў. Існуе адзіная інтэлігэнтная душа, хоць і здаецца распадзеленаю. Іншыя прыналежныя часткі, як жыцьцёвыя сілы і матэрыяльныя пачаткі зьяўляюцца беспачуцьцёвымі і чужымі адзін аднаму; але і іх стрымліваюць у вадзінасьці і інтэлігэнтны пачатак (прынцып), і іх уласныя самапрыцяжэньні. Але інтэлект мае свомасьці гравітацыі ў напрамку блізкага яму, ён зьбліжаецца да яго, і гэтае імкненьне да сувязі ня можа быць аддзелена ад яго.

31. Чаго ты жадаеш сабе? Доўгага жыцьця? Інакш кажучы, ты жадаеш перажываць успрыйманьні, імкнуцца, разьвівацца? А пасьля спыніць разьвіцьцё? Карыстацца моваю, разважаць, што з усяго гэтага выдаецца табе вартым жаданьня? Калі ўсё сталася абыякасным, дык перайдзі да апошняга: паслухмянасьці, розуму і Богу. Але пашана да іх не сумяшчаецца з прыкрасьцю, зьвязанаю з фактам, што сьмерць пазбавіць нас калі-небудзь усяго, успомнутага вышэй.

32. Якая маленькая частачка бязьмернага і бязьмежнага часу выдзелена кажнаму з нас? Яшчэ крышку, і яна зьнікне ў вечнасьці. А якая малая частачка ўсяе сутнасьці? Якая малая частачка сусьветнае душы? На якім маленькім шматку зямлі мы поўзаем? Падумаўшы пра ўсё гэта, нічога ня лічы паважным, апрача аднаго: дзейнічай гэтак, як прадпісвае табе твая натура, што кіруе табою, і мірыся з усім тым, што прыводзіць да быцьця агульная натура.

33. Як карыстаецца сабою кіруючы пачатак? У гэтым знаходзіцца ўсё. Але ўсё іншае, ці знаходзіцца яно ў засягу сілы твае волі або не знаходзіцца, зьяўляецца толькі бяссільным попелам і дымам.

34. Нічога гэтак ня схіляе нас да пагарды сьмерцю, як думка аб тым, што і тыя, што прыемнасьць уважалі за дабро, а цярпеньне за зло, гэтаксама пагарджалі сьмерцю.

35. Чалавеку, для якога дабром зьяўляецца тое, што сваечасовым ёсьць, для якога няма розьніцы ці даканаць большую колькасьць дзеяньняў у сузгоднасьці з заўсёды маючым рацыю розумам, ці меншую, і якому абыякасна, ці сузіраць сьвет даўжэйшы ці карацейшы час — гэтакаму чалавеку сьмерць ня страшная.

36. Чалавек, ты быў грамадзянінам гэтага вялікага Места (сусьвету). Якую гэта чыніць розьніцу для цябе, што пяць гадоў (а што тры)? Бо тое, што ёсьць выгадным для (натуральных) правоў, ёсьць адпаведным для ўсіх. Што-ж жудаснага, тады, калі ані тыран, ані не несправядлівы судзьдзя, выслаў цябе з Места, але сама натура, якая асяліла цябе ў ім? Гэта тое самае, калі-б прэтор, які паставіў актара на сцэне, пазьней звольніў яго. — "Так, але я ня выканаў пяць дзеяў". — Ты кажаш дарэчы, але ў жыцьці тры дзеі твораць цэлую драму; бо тое, што мае тварыць сабою поўную драму, залежыць ад таго, хто стаўся прычынаю паўстаньня цэлага твору, а цяперака скарачэньня яго. І ты тут ні пры чым — ані ў першым выпадку, ані ў другім. Адыйдзі, затым, здаволеным, бо той, хто звальняе цябе, гэтаксама астаецца здаволеным.

Загрузка...