«Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына» (Янка Купала)

О, край родны, край прыгожы!

Мілы кут маіх дзядоў!

Якуб Колас.

У кнізе «Зямля пад белымі крыламі» незабыўны наш Караткевіч засведчыў легенду пра тое, як Бог дзяліў між народам! землі. I даў Бог беларусам, якія Яму вельмі спадабаліся, пушчы нямераныя, рэкі — поўныя, азёры — нялічаныя. Звяры і дзічына ў пушчах чародамі; лані бягуць — лес варушыцца. Рыбы ў рэках — касякамі; чаўны з вады выціскае. Пчолы ў борцях — мільёнамі. Сады — багатыя, грыбоў ды ягад — заваліся. Сказаў Бог, што і голаду на гэтай зямлі ніколі не будзе. Наадварот, у голад шмат багацейшыя людзі будуць да нас прыходзіць. Не ўродзіць бульба, то ўродзіць жыта ці яшчэ нешта. Яшчэ сказаў Бог, што і людзі на гэтай зямлі будуць таленавітыя, на музыку, песні, вершы — здатныя, на дойлідства — таксама; жанчыны будуць прыгожыя, дзеці — дужыя, кемлівыя…

Месца дзеяння аднаго з твораў рускага пісьменніка XIX ст. А. Пагоскага, які быўродам з Полацка. — Беларусь. А. Пагоскі пакінуў нам сваё ўсведамленне багацця, якім валодае кожны, хто жыве на гэтай чароўнай зямлі: «I такой прыгажосцю надзяліў Гасподзь старонку нашу, што, куды ні глянь, аж душы светла: лясы цяністыя, воды светлыя, пагоркі быццам золатам абсыпаныя; лугі, як паркаль дарагі, разнастайнымі кветкамі стракацяць, і амаль што з кожнага вясёлага пралеска віднеецца, быццам кавалак люстэрка, край сіняга гладкага возера. А паветра чыстае, нябёсы бязвоблачныя, а з кожным ветрыкам нясецца да цябе які-небудзь прыкметны пах: то смолка чутна з хвою густога, то дзятліна салодкая ад зялёных лясоў, то ядлоўцам ды чаромхай дыхне!..»

У кожнага чалавека ёсць свой «куточак запаветны», самы дарагі і любы сэрцу. З дзяцінства чалавек, сам таго не ўсведамляючы, чэрпае з гэтай прошчы сілы і ўсё тое, што пасля пераплавіцца ў дыямент і вызначыць яго сутнасць і яго светаўспрыманне. Нельга не пагадзіцца з В. Быкавым, што шляхідарогі роднага краю ў многім уплываюць на шлях чалавечага жыцця, асабліва калі гаворка ідзе пра жыццё паэта, пра вытокі яго душэўнай і паэтычнай сутнасці.

Для В. Быкава самым прыгожым з усіх беларускіх шляхоў з'яўляецца шлях з Мінска на Полацк. Натхнёна і паэтычна апісвае В. Быкаў гэты шлях ва ўсе поры года: «Люба ездзіць па ім улетку, калі лясы набіраюць сваю лісцёвую моц і стаяць паабапал, нібы трапічныя джунглі; люба ўвосень, у пару залатога лістападу азіраць яго страката-маляўнічую прыгажосць ці нават зімой, маразамі, калі бары абапал гасцінца апранаюць свой срабрысты ўзор і ўсё навокал замірае ва ўрачыстым маўчанні…Стужка шашы нырае ў самыя лясныя нетры, і стромкія сосны жоўтай мядзянай сцяной сціскаюць асфальтку, якая то віляе з пагорка на пагорак, то пераскоквае рэчкі, то доўга ўецца між баравых цяснін…»

А думкі Яна Баршчэўскага, акрыленыя ўспамінамі, імчаць яго да празрыстых вод Палаты, дзе грандыёзныя купалы горада; дзе хваласпевы і працяжны гул арганаў пад стракатым скляпеннем вялікага касцёла ўліваюць пабожнасць у сэрца; дзе пляц запаўняецца людам у час чуллівай працэсіі з абразом Святога Немаўляці… Там — чысціня душы, «маладой, бясхмарнай, — шчаслівай! Там, там калыска мае маладосці!.. I рэчкі там з малака і мёду… Там нашыя жаданні і думкі жывуць; туды хацеў бы ляцець я на крыл ах!..»

У кнізе Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня…» мноства лірычных і філасофскіх замалёвак, большасць з якіх прысвячаюцца роднаму краю. Лірызм, узрушанасць і эмацыянальнасць дасягаюцца ў тэксце аднатыпнымі і клічнымі сказамі, развітымі аднароднымі дапаўненнямі, паўторамі. Усё гэта ў спалучэнні з інверсіяй робіць мову рытмізаванай і спрыяе выяўленню элегічнага настрою, стану душы, у якой спявае сум, светлы смутак па дарагім і незваротным.

Ужо ў самых першых радках несмяротнай паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» гучыць думка, што Радзіма, родны кут для кожнага чалавека — прошча, крыніца з гаючай вадой, з якой можна чэрпаць успаміны і сілы для пераадолення нягод і выпрабаванняў. Лекі і спачын душы на камяністай жыццёвай дарозе чалавек знаходзіць, вярнуўшыся да сваіх вытокаў — у роднае гняздо.

Клопат пра будучыню і свой працяг у кожнага чалавека звязаны з роднай зямлёй. Мудрым быў наш прашчур Ранцэвіч, калі адмовіўся ад скрынкі золата, якім яго хацеў узнагародзіць князь Яраслаў за сваё выратаванне ад тура на ловах. Мудры загоншчык сказаў князю, што залатое багацце не вечнае, калі-небудзь прыйдзе канец яму, і папрасіў бяздоннага багацця — «зямлі на дзесятае пакаленне», як пра тое засведчана ў паданні «Бяздоннае багацце».

Любоў да Радзімы — святое пачуццё. Як даводзіў Францыск Скарына, «люди, и где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Аднак «великая ласка», любоў да Радзімы — гэта не сузіранне і захапленне яе прыгажосцю і багаццем. Любоў да Радзімы — паняцце абстрактнае, але выявы яе канкрэтныя — справы. Няма іншага шляху служэння Айчыне ў мірны час, як сумленна працаваць, служыць людзям і памнажаць багацце Радзімы. А ў часы, калі, як піша А. Куляшоў, «гора разлілося слязьмі і крывёй скрозь ад мора да мора», — падзяліць з ёю благі лес. Такім сцвярджальным пафасам прасякнуты ўсе без выключэння творы беларускай літаратуры, якія нават і пералічыць было б немагчыма. В. Быкаў у артыкуле «Паэзія дабрыні і мужнасці» пісаў, што з усіх патрыятычных твораў П. Панчанкі яго асабіста «да ўтрапёнай нематы ўражвае невялічкі верш „Герой“ з яго шырокавядомымі, такімі бязлітаснымі ў сваёй крывавай праўдзівасці радкамі»:

Злосна сказаў: «Уставай, пяхота!

Ты не на пляжы, а на вайне».

I лёг на змяіныя скруткі дроту.

I дзвесце салдацкіх запыленых ботаў

Прайшлі па яго спіне.

I далей В. Быкаў піша: «Думаецца, калі б ён пра фронт не напісаў болей нічога, дык адных гэтых радкоў хапіла, каб з такой яркай канкрэтнасцю выказаць усю пакутніцка-гераічную сутнасць мінулай вайны». У маленькім вершы П. Панчанка «з такой яркай канкрэтнасцю» здолеў паказаць, што толькі ўчынкі, а не намеры, памкненні ці самыя высакародныя пачуцці гавораць пра асобу і вызначаюць яе сутнасць. Канкрэтная сітуацыя вымагала ад сына-патрыёта менавіта ўчынку, справы ў імя маці-радзімы.

Радзіма — гэта святыня, дадзеная нам Богам, бо яна нам засталася «ад прадзедаў спакон вякоў», яе любяць, як маці, як маці, не выбіраюць і не мяняюць. У вершы «Спадчына», якім адкрываецца аднайменны зборнік, выдадзены ў 1922 г., няма характэрных для Купалы-рамантыка высокіх эпітэтаў. I гэта тлумачыцца не толькі трагічным для Радзімы часам, кал і быў напісаны верш: Беларусь была акупавана, яе зрабілі арэнай ваенных дзеянняў; адступаючы, нямецкія войскі перадавалі яе белапалякам, над ёю — «крык вароніных грамад на могілкавым кладзьбішчы». Лес нашай Бацькаўшчыны рэдка калі быў шчаслівым, аднак паэт знаходзіў у сабе сілы складаць «гімн пабедны сярод крыжоў, магіл», знаходзіў для выяўлення сваёй любові і захаплення красой роднага краю і прыгожа-квяцістыя эпітэты. У гэтым жа вершы — «стары амшалы тын», «дуб апалены». Эфект уздзеяння на нашы душы дасягаецца менавіта гэтай адсутнасцю прыгожа-квяцістага, рамантычнага, яркага, узвышанага. Быццам бы ўсе дзеля таго, каб не зацьміць галоўны вобраз — вобраз спадчыны як найвялікшага скарбу для чалавека: тое мілае, дарагое і прыгожае, што роднае.

Жыве з ім дум маіх сям 'я

I сніць з ім сны нязводныя.

Завецца спадчына мая

Ўсяго Старонкай Роднаю.

Філасофія верша, сцвярджэнне таго, што любоў да спадчыны павінна быць дзейснаю, заключана ў страфе:

I ў белы дзень, і ў чорну ноч

Я ўсцяж раблю агледзіны,

Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,

Ці трутнем ён не з 'едзены.

Гісторык, даследчык віцебскай даўніны А. П. Сапуноў пакінуў нам адказ на пытанне, якое не можа не хваляваць кожнага з нас: «Што ж у будучым чакае Беларусь і беларуса? А гэта ўжо ў значнай ступені ў нашых руках і залежыць ад нашых сумленных адносін да нашага абавязку перад дарагой Радзімай. Калі мы зможам выканаць наш абавязак добрасумленна, то будучыня наша светлая і радасная…»

Загрузка...