Усё павінна след пакінуць…
П. Броўка.
У трох чалавек, што насілі каменне, спыталіся, што яны робяць. Першы адказаў: «Нясу гэты пракляты камень». Другі сказаў: «Зарабляю на хлеб». Трэці: «Будую храм!»
Права выбару — прывілея свабоднага і дужага чалавека, бо свабода выбару — гэта заўсёды яшчэ і адказнасць за зроблены выбар. Сапраўды, добра быць у дарозе, выбранай самім. Пры адной умове: калі выбар правільны. А калі, як вобразна сказаў Ядвігін Ш., «не тудой дарога», то тады трагедыя.
Чым кіравацца, каб выбраць дарогу правільна? I ў межах гэтага абсягу дзейнічаюць даўно акрэсленыя вечныя законы, абысці якія не можа ніхто.
Першы: не закапай свой талент, дадзены строгім гаспадаром, бо закапаць талент — збочыць з дараванай дарогі, здрадзіць ёй. А за здраду давядзецца плаціць.
Другі: пры выбары дарогі кіруйся любоўю да бліжняга, як да самога сябе.
Выключна ўсё ў жыцці Лабановіча, галоўнага героя трылогіі Коласа «На ростанях», вызначаецца адзінай мэтай, ад якой ён не адракаецца нават пад пагрозай небяспекі, — змяніць да лепшага жыццё тых, каго ён любіць, каго лічыць вартымі годнага і людскага жыцця. Менавіта гэтая мэта вызначае і выбар яго прафесіі — шлях, якім можна было паслугаваць народу і Бацькаўшчыне. Мастацкая каштоўнасць гэтага вобраза да ўсяго яшчэ і ў тым, што ён выпісаны ў эвалюцыі. Спачатку Лабановіч лічыў, што шлях народа да лепшай долі ляжыць праз асвету. Таму і стаў ён настаўнікам, цалкам прысвяціўшы сябе дзецям. Настаўніцкае крэда Лабановіча — «абуджаць крытычнырозумдзіцяці», вучыць так, каб вучні да ўсяго падыходзілі свядома, каб стараліся дазнацца прычын любой з'явы, — не страділа сваёй актуальнасці і сёння, бо гэта адзін з прынцыпаў сучаснай адукацыі.
Няма іншага шляху служэння народу ў мірны час, як сумленная праца і прафесіяналізм у той справе, якую робіш. Лабановіч усім нам дае прыклад сумленнага стаўлення да сваіх абавязкаў настаўніка. У працы выяўляюцца лепшыя яго якасці як чалавека і інтэлігента: розум, дасведчанасць, прага прафесійнага росту, любоў да дзяцей, павага і спагада, дабрыня і шчырасць. I вынік працы настаўніка відавочны: яго вучні лепш за вучняў з іншых школ вытрымалі экзамены. Здавалася б, так, як шчыраваў Лабановіч на духоўнай ніве, — норма. Але такімі, на жаль, былі не ўсе. Каб узвысіць свайго героя, Колас не раз карыстаецца прыёмам кантрасту, ствараючы Лабановічу фон з саханюкоў, панямонскіх «інтэлігентаў», якія ў сваёй працы бачылі толькі сродак існавання ці нават нажывы (Саханюк, напрыклад, за напісанне ліста браў з салдатак плату салам).
Мы пастаянна бачым Лабановіча ў яго настаўніцкіх клопатах: вось далека за поўнач рыхгуецца ён да ўрокаў; вось ён едзе ў суседнюю вёску, каб павучыцца ў больш вопытнага калегі (і пераконваецца, што ў таго вучыцца няма чаму); вось стрыжэ вашывых дзетак; вось купляе беднай сіраціне кашульку; вось збірае на лекцыю і дарослых… Любоў да народа, Радзімы, яе прыроды, нагадвае нам гэтым вобразам Якуб Колас, павінна быць дзейснаю. Мы не знойдзем на старонках трылогіі слоў, якімі Лабановіч пераконвае сваіх вучняў любіць прыроду, але мы запомнім, як настаўнік з дзеткамі саджалі дрэўцы.
Герой Коласа не статычны. Ён жыве, думае, разважае, дзейнічае, памыляецца, спатыкаецца, пакутуе, расчароўваецца і зноў устае — зноў дзейнічае! Горка ўсведамляць яму, што яго шчыраванне ніколькі не змяніла да лепшага жыццё дарагіх яму людзей. Яны як жылі ў брудзе і нястачах, так і жывуць. У родных сваіх Мікуцічах ён прапануе асушыць балота і зрабіць грэблю, але і гэты праект яго застаўся нерэалізаваным. Дзядзька Марцін доказна давёў яму, што праект сам па сабе варты ўвагі, але нерэальны, бо зямля вакол — панская, не сялян. I зноў настаўнік на раздарожжы, на ростанях, у роздуме, якім жа шляхам ісці да вызначанай мэты, ад якой ён, наперакор усім няўдачам і нягодам, не адступіўся, не адрокся. Небяспечны і рызыкоўны выбірае ён шлях — шлях рэвалюцыянера. Але і тры гады турэмнага зняволення не пераканалі яго ў няправільнасці абранага шляху, бо не вынішчылі ў ім самае галоўнае і святое пачуццё — любоў да людзей і Бацькаўшчыны, самае палкае жаданне — бачыць іх вольнымі і шчаслівымі. Моцная, незвычайная натура і адначасова зямная і рэальная.
«Намацаць галінамі сонца», адрынуць злое, вучыцца ў добрага, смела і настойліва ісці па дарозе, свядома выбранай самім, можа толькі моцная Асоба. Такой Асобай і з'яўляецца сапраўдны інтэлігент Лабановіч. Ён дае нам урок, як, жывучы зямнымі клопатамі, застацца Чалавекам і нават «намацаць галінамі сонца», сілай сваёй душы павесці за сабой іншых.
Адзін з лірычных герояў паэзіі Максіма Танка сцвярджае, што самае складанае для чалавека — «прайсці праз вернасць». Шамякінскі герой рамана «Сэрца на далоні» інтэлігент Яраш прайшоў праз вернасць выбранай дарозе і сваёй справе і дасягнуў у ёй такога прафесіяналізму, што змог нават трымаць на сваіх далонях сэрца чалавека. Гэты мастацкі вобраз, што даў назву раману I. Шамякіна, — метафарычны. У прамым сэнсе трымаць сэрцы на далонях здольны толькі прафесіяналы ўзроўню Яраша. Аднак сэрца бліжняга можа быць на далонях кожнага чалавека, чуйнага і чулага да болю і трывог іншых людзей. Трэба толькі зразумець гэты боль і паспець дапамагчы. Пакутуе Яраш, што не паспеў (хоць не яго ў тым віна) выратаваць двух хлопчыкаў, якія падарваліся на міне.
Такія, як настаўнік Лабановіч, доктар Яраш, журналіст Шыковіч, мележаўскі старшыня валвыканкома Апейка, коласаўскія героі Міхал, Антось і Ганна, носячы каменне, зарабляючы на хлеб, будуюць храм Будучыні.
Той жа, хто не сам выбраў сабе дарогу ці кіраваўся пры яе выбары толькі карыслівымі матывамі, ідучы па ёй, нясе «пракляты камень».